|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 4, 2004—2005
СЬВЯТЛАНА ДЛАТОЎСКАЯ. ПРА ДАМЫ І ЦЯГНІКІ |
|
Сьвятлана Длатоўская. Пра дамы і цягнікі Зьміцер Дзядзенка. За нашу і вашу чарку і скварку Андрусь Белавокі. Кастусь Маныч-Гудзіла. Шарль Бадлер. Парады маладым літаратарам Мішэль Уэльбэк. Застацца жывым Тацяна Мазгова. А.Х. Курс выжываньня для маладога літаратара Аляшандар Радрыгеш. Гутарка перакладніцы Яўген Буры. Два тэксты. Тры канцэпцыі Жан-Поль Сартр. РЭЦЭНЗІІ Й ВОДГУКІ Сьцяпан Панаеў. Мяне ёсьць [крыху] Рыгор Скабічэўскі. Все искренней притворство |
*** ...Старасьвецкі цагляны дамок, дзе атабарыліся рупліўцы аптымальнага спосабу прамываньня юначых галоваў, далей — недарэчна шырокі прагал з бруднаватым летнім піўбарам, яшчэ дом — і, паўз растыражаваныя на паштоўках вежы, мітусьлівая вулка выплёскваецца на прывакзальную плошчу. Лацьвей ісьці сквэрам, вітацца з убранзавелым нябожчыкам Галынскім, які так бязьлітасна абышоўся з сваёй затурканай жонкай ды хваравітай дачушкай, папсаваўшы дзіцяці на доўгае школьнае жыцьцё шчырую радасьць сыходу на вакацыі раптоўным таямнічым сконам. Утульнасьць па-менску... Пазьбягаю, усяляк імкнуся абмінаць гэтае няпэўнае, з неакрэсьленымі сэнсамі мейсца. Можа, і сёньня не спыняцца, не далучацца да купкі гэткіх самых разгубленых бацькоў з выкінутымі на вуліцу падлеткамі-ліцэістамі, стомленымі неабходнасьцю на кожным кроку даводзіць цынічна-абыякавым прыхадням сваю наяўнасьць у сваёй краіне, сваім горадзе, у гэтым сьвеце, а шыбаваць зь дзіцём проста да чыгуначных плятформаў, сядаць у імклівы транзытны цягнік і... *** ...Ды вось толькі атрутнае менскае сонца шкодзіць маёй галаве, тахкае ў скронях рыпучым старэчым галаском: дзеванька мая, я ж табе кажу, дом наш тут і стаяў, трэцім быў па Міхайлаўскай. Трохкватэрны, з цаглянай прыбудовай — крамай сэльтэрскіх водаў. Уся Лібава-Роменская нашым пітвом частавалася. Стары Зьмітро шчэ пры сваёй маці будаваўся. Усё было разам — і даходныя кватэры, і нятлумны, але прыбытковы гандаль, і свая гаспода. Потым сям'я пабольшала, твае адсяліліся за чыгунку. Валодзя толькі-толькі падлогу ў новай сядзібе наслаў. Як пайшла навала... Д'яблава лічба — 24 чэрвеня. Не бамбілі, шчэ ніводнай бомбы ня скінулі, хоць самалётаў — аж чорна было. Людзі йшлі ды йшлі — нават на пашыраным удвая дзедавым клопатам мосьце — затор за заторам. Страшныя людзі, агаломшаныя. Быццам бы й свае, а такія чужыя. Здавалася, лепей гуртам сабрацца, бо па навасёлках поначы вусьцішна, небясьпечна. Кругаля, праз рэйкі, папераносілі транты: коўдры, бялізну, адзеньне. Нюта парасторкала па схованках свае пярсьцёнкі, фарсуха наша... У двары — міліцэйская кантора. Перад эвакуацыяй там сьпехам палілі паперы. А сьпёка, вецер — сапраўдны сухавей. Як тое полымя не ўпільнавалі... Увобмільг ад нашага котлішча нічога не засталося. Выскачылі адно ў лёгкіх сукеначках. ...У кожнай з кватэраў было фартэпіяна, ды шчэ фісгармонь — мы вечарыны ладзілі. Ёсевы акварэлі — партрэты нашых дзяўчат і мамы — так шкада, так шкада... Якая кампэнсацыя — дралі кіпці, ці ім да цывільных справа была.... Потым столькі ўсяго ўблыталася, пераніцавалася — лепш было й не кранаць. Бач, і досюль тут нічога путнага няма — прытулак алкашоў... А тут была мая школа — дзе зараз гараддзел адукацыі. Якраз да вайны сёмы год адвучылася. Паступала потым у педагагічны. Як у тым кіно, так і сказалі: “Вы ўсё добра ведаеце, але ж, самі разумееце, вучыць іншых ня будзеце, нехта павінен клізмы ставіць...” А я артапэдычную паліклініку ў Менску стала арганізоўваць, паўстагодзьдзя іх косткамі зламанымі займалася. Сухенькая, дрогкая сьмяшынка, бы драбок цынамону да печанай антонаўкі, суняла спазм сківіцаў, сьцятых ці то воцатам успамінаў-мрояў, ці то бітумным смуродам атрутнага менскага лета. *** Людзтва будуе-вы-бу-бу-бу-доўвае Дамы, дамкі, дамочкі. Дом ураду, Дом творчасьці, дамы-фартэцыі, дамы-кнігі, а ў кнігах — кавярні “Дом”. Дом-апора, дом-апорыя... ...Які ўжо год веснавымі прымаразкамі пад халодныя бляшаныя стрэхі твайго-майго дому, дзе ніяк не акубліцца наша жыцьцё, хаваюцца птушкі й гінуць. Пэўна, у выраі прызвычаіліся — гнездаваньне бяскрылых дзьвюногіх — прытульна й уежна. Колькі іх, небаракаў, падманулася ўжо. Калі шчэ з-пад гэтых стрэх павее цяплом... Можа, павучыцца ў Валодзі — гаспадарлівага домаўласьніка й шчасьлівага сужэнца пекнаты ўвасабленьня — Алены? Шчэ напярэдадні карычневай акупацыі меў у Менску тры дамы. Бацькаў, самы большы, што абуджаў успаміны пра нязьдзейсьненае й страчанае, першымі днямі абвешчанай вялікай бойні згарэў. Пайшлі дымам турботы, клопаты, ды зь імі й штодзённае пакутлівае чаканьне: прыйдуць, ня прыйдуць... Тыя, што не былі запрошаныя, усмакталі ў свой драпежніцкі вір гаманкую, мітусьлівую кабета-дзявочую порасьць радзіны, якой Валодзя апекаваўся. Тых, што ўжо тут гаспадарылі, ён даўно не цікавіў у якасьці гарматнага мяса. Дзіўным чынам усеагульнае шаленства абярнулася доўгачаканым спакоем і магчымасьцю пажыць нарэшце для сябе, побач з ніспасланай лёсам жанчынай-марай... ...Этапавалі Валодзю адразу па вызваленьні. Яна адчувала ненатуральнасьць становішча: прыйдзе дзень, і, пасьля нявольніцкай працы, вернуцца гаспадаровы сёстры, дзеці, унукі, за імі — старыя звычкі. А так не хацелася губляць новую — пачувацца ўладаркай ціхай сядзібы, што з правінцыйным нахабствам чаплялася за жыцьцё сярод яблыняў і белага бэзу, аслоненая шчыльным прыцьвілым плотам, уздоўж якога бессаромна буялі вогкія канваліі на ўскрайку згвалчанай сталіцы. Усё вырашыў просты, хцівы разьлік: данос, суд, адвакату — дом, яна — за адваката, стары Пушчанскі — на Калыму. (Як не скарыстаць нагоду: аскепак бомбы, скінутай вызвольнікамі, ледзьве ня зьнёс паўдаху, а мужык выскаляецца — нямецкія асы траплялі дакладна па цягніках...) У сеціва разьлікаў ублытаўся рак — году не працягнула. Усе дзесяць гадоў сын хвацкага менскага купчыны ня мог даць веры, што яго зазноба-раскоша, вытанчаная, дасьціпная Алена Сьцяпанаўна, хаўрусьніца ў гульнях па зьбіваньні спанталыку ўсіх і кожнага трапным выразам то з Гётэ, то зь Міцкевіча, то выкананьнем сяго-таго з рэпэртуару Забэйды, а то й летувіскай лаянкай, была банальнай штатнай асьведамляльніцай ГПУ. Дом за жыцьцё. Будуйма, раптам спатрэбіцца. Ведаеш, я бачыла таго адваката. Скасабочаны, лінявы дзядок усё спрабаваў сыпнуць мне ў прыпол зьдзічэлага, кашлатага агрэсту. Было так сорамна: бацька ўпарта паварочваўся да яго сьпінай. *** Варанок падкаціў а чацьвертай раніцы, ды спазьніўся. Выдалася ж ночка... Вікцін розум крывеліўся, але сэрца было пэўным — яна павінна прыняць гэта як апошні дарунак, як адзіна магчымы шанец проста застацца ў гэтых абсягах і зьберагчы дзяцей. З Валодзем, нашмат старэйшым бліскучым менскім кавалерам, звыклым да карагоду лісьлівых, захопленых вочак, у маладзенькай набожнай вілянчанкі неяк адпачатку ня зладзілася. Шчэ гэтыя шэпты-ўшчуваньні: “Маладзічка, з тваёй прыгажосьцю ды радаводам...” Не пасьпела выпялегаваць малечу, расклыгталася пралетарская кавадня. Аскепкі чорна-белай рэчаіснасьці зьбіраліся ў каляровыя сонечныя выявы адно ў мурох касьцёлу. Каб ня Снарскі... Калі ён быў побач, здавалася, любадаць Боская пераліваецца цераз край і ніколі тое ня скончыцца... Ксёндз? У ксяндзоў бываюць браты-інжынэры. І не абы-якія — галоўныя. Да таго ж камуністыя. Мае Вова ды Лана ўжо ў школе давучваліся. Такія здольныя. Ды ня бацькава — айчымава захапленьне. Як ён іх падахвочваў, плянаваў, за што брацца надалей. На адным з партсходаў далі знак, ня час спалучаць неспалучальнае... Чыгуначны абходнік сьведчыў — занадта блізка да рэек ішоў уздоўж насыпу. Ніколі не хадзіў тым кірункам, ды поначы... Дарма турбаваліся лычкастыя — справаздачу атрымаў толькі Вышні. Я засталася ўдавой камуніста. Нават працу, бо страціла кармільца, прапанавалі. У Доме ўраду. Ня верыш? Мыла падлогу за чарвяковымі... *** Спарадзіўшы да сябе падобнага, перапоўненыя гонарам і чаканьнем цуду ад свайго працягу, шчасьлівыя сутворцы шчыра зычаць бездапаможнаму чалавечычу валодаць ды ўладарыць у сьвеце — паўсюль Валодзі, Уладзі... Малодшаму Вову было гадоў дзевятнаццаць. Такі прыгожы, пяшчотнатвары юнак з попельнымі, хвалістымі, дагледжанымі валасамі саступіў мейсца на лаўцы вагону Валодзю старэйшаму — абсалютна лысаму, без пазногцяў (згубіў у ГУЛАГу), зь бялютка-белай, дбайна выстрыжанай “капытком” бародкай. Стары й на падыходзе да сотні трымаўся па-юначы лёгка, годна, але адстаронена. Каб не падтрымліваць адвечных хваробна-дачных размоваў з пэнсіянэрамі-суседзямі, нашмат маладзейшымі, але такімі па-бабску квахтлівымі, ды даць магчымасьць свайму цёзку, цёзку свайго сына стаць у перапоўненай электрычцы на дзьве нагі, пасадзіў на калені праўнучку, цёзку сваёй дачкі. Раптоўны моцны штуршок пераблытаў кірункі руху, зьвіў чужыя й родныя целы, мэталічнае пакарабачанае дзермацьцё ў адзіны набрынялы крывёю камяк, у якім нават бездапаможнае варушэньне выклікала нясьцерпны боль у тых, хто яшчэ нешта адчуваў. “Цішэй, малая, навошта ж так сьпяшацца”,— адгукаецца бы зь нябёсаў пругкае маладое цела, выкараскваючыся з-пад якога дзяўчо развэдзгвае па ліпкай скуры нейкія драпучыя аскепкі. Віскат, грукат, хлапок, белае сьвятло скрозь ружовае мярэсьціва, сьвежае гаркавае паветра перабівае задушлівы, густы, блявотны смурод. Што ж так цягнуць за руку, бы зламаную ляльку... Бы труп? Закідваюць на плячо. Апошнімі высілкамі — выдых у потную мужчынскую шыю — дзякуй... “Дзіцё жывое! Цярпі, дзіцё”. ...Дзядулька, то ж трэба, касьцяк проста рассыпаўся, а матор амаль суткі шчэ працаваў. Мо ня варта было Вікці й казаць, але ж як утоішся на трох квадратных мэтрах гэтулькі часу? Паўстагодзьдзя поразь, процьма крыўдаў... Цяпер будуць побач. Яго варта было б на Кальварыю, да маці, да бабкі. Месца там — на ўсіх нас хопіць, а бач ты — “не дазволена”. Да бацькі на Злату Горку ўжо ніхто ня трапіць. Ці ўзбуяюць савецкія штукі на яго костках... А хлапца некуды перавезьлі... ...Няма Валодзі. Я бачыла — варушыў пальцамі ног, даўгімі, бяскроўнымі — вытыркаліся з-пад прасьціны, яму лекары наказалі — і перастаў. Я чула — стагнаў, клікаў некага — і аціх. Прыйшлі санітары і вынесьлі — твар прыкрыты... — Цішэй, здаецца нешта спрабуе сказаць. Ты чуеш мяне, дзеванька, ты мяне бачыш? *** Ну, нарэшце! Вось жа ён, пададзены на талерачцы, фарс-кулдыяш... Загразлае кола гісторыі зрабіла чарговы безвыніковы абарот: толькі і застаецца, што пакінуць у спадчыну дзіцяці (Матка Боска, сёмаму менскаму калену), якое спазнала ўжо горыч туляньня па кутах свайго першага сьвядома абранага дому — ecole-partisan XXI,— загнечаную дзедзіну, пустое мейсца... Ды не пустое. Там прыторкнуўся наступны цягнік. Бела-плястыкавы, учырвоназораны піўбар “Цягн і Ко” бесклапотна паляпвае сінімі парасонамі, па-жабрацку непрытульна грувасьцячыся на падыходзе да мірготных шкляных паралелепіпедаў і пірамідаў стартавай пляцоўкі, адкуль — яшчэ крыху — зьнясе з гэтага места ўсіх, хто шчэ здольны нешта адчуваць. О, баўдзеліна! Няўжо мроя мае шанец хоць калі ўнаявіцца: вокны ў вокны з рэзыдэнцыяй навытару (руціна (Ласт.)), бы адамавым лістком прыкрытай словамі “абараняецца дзяржавай”, паўстаюць муры сквітаванай, загнанай у сутарэньні той самай дзяржавай у пару цяжкога чужапаснага (гельмінты (Ласт.)) абсемяненьня інстытуцыі... Пакуль тармазім. Вядома, рэальнасьці як унівэрсальнага, сашчэпленага нейкай канцэптуальнай ідэяй, ужо няма, а зьмена ўнівэрсалісцкага тыпу сьветабачаньня на тып сьветабачаньня дыскурсіўны зафіксавана постмадэрнам. Але ж патрэба ў элемэнтарным даху над галавой у эпоху стрэлаў і выбухаў камунікацыяў, у мейсцы для правядзеньня публічных лекцыяў і дыскусіяў, інтэлектуальнага й культурніцкага дыялёгу, пАРТызанскіх кантактаў і простых стасункаў людзей зь мяса, крыві й костак у горадзе Сонца, дзе ўсё зьнікае, але й наноў зьяўляецца, пакуль актуальная. Хай цягнік сабе рушыць, на зруйнаваным трэба будаваць, мацаваць і вялічыць дыскурс чаканьня. А ці прымуць намроеныя муры супэрмэнаў СупэрМенску будзе бачна пасьля сустрэчы. Сустрэчы Свабоды.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||