|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003
МАРЫЯ МАРТЫСЕВІЧ. БЕГ, АЛЬБО НАЦЫЯ ЭМІГРАНТАЎ |
|
ГУТАРКА Інтэлектуальнае поле ЭСЭ Марыя Мартысевіч. Бег, Генадзь Драгун. DIY. ПАЭЗІЯ Аксана Спрынчан. Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба ПРОЗА К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў Артур Грэй. Сьцяпан Панаеў. КІШЭННАЯ ЭЎРОПА Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя? Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы |
эсэ У гэтым тэксьце ня мелася быць нічога пра эміграцыю ў звычайным сэнсе гэтага слова. Аднак мне стала няёмка скарыстоўваць панятак з такімі магутнымі канатацыямі на свае псэўдафілязофскія патрэбы. Таму спачатку колькі словаў аб маім стаўленьні што да прадмета. Вядома ж, няма нічога страшнага ў эміграцыі — жыцьцядайнай зьяве, дзякуючы якой паўсталі шмат якія народы. Да таго ж, так усё перамяшалася на плянэце, што чыстай нацыяй засталіся хіба што пінгвіны. Эміграцыя сталася зьявай настолькі звычайнай, што лепш уважаць яе за жабрацкую торбу, якой ня варта заракацца. І тым ня менш, калі я чую слова эміграцыя, мне адразу робіцца няўтульна й золка. Я згадваю “Бег” Булгакава. П'еса ці, хутчэй, фільм навучылі мяне, што разьвітаньне з радзімай — гэта заўсёды трагедыя, альтэрнатывай якой можа быць толькі сьмерць. Эміграцыя — гэта марское падарожжа тварам да кармы. Слова эмігрант з самага раньняга дзяцінства й дагэтуль выклікае ў мяне адную й тую ж асацыяцыю: чалавек у лёгкім шэрым палітоне на халодным восеньскім ветры. Ён падобны да Хлудава, калі той стаіць сьпінай да гледача на беразе праліву Басфор. Усё, больш я ня маю права нічога пісаць пра эміграцыю. Бо нельга пісаць пра тое, пра што ня маеш ніякага ўяўленьня. Я ніколі не была ў Амэрыцы, таму нічога не магу расказаць пра яе. Я магу апавесьці хіба што пра Мэрыку. 1 а за першым морам мэрыка з плюшам а за іншым морам мэрыка зь цёрнам… Ю.Андруховіч Пра Мэрыку, калі я была маленькаю, мне часта апавядаў дзядуля. Некаторыя яго аднавяскоўцы, унукі вызваленых ад прыгону сялянаў Імпэрыі, засталіся безьзямельнымі: ім не перапала ані шнура ад маленькага бацькоўскага поля. Сядзець на шыі ў братоў не выпадала. “Мэрыка… Мэрыка…”, — гаманілі на вуліцах міжсобку малодшыя браты, зьбіралі торбы й на некалькі гадоў зьяжджалі ў Мэрыку, на заробкі. Шмат хто з палешукоў выбіраўся тады на Захад па грошы. Аднак польская Лодзь, на фабрыках якой таксама працавалі землякі майго дзядулі, альбо нямецкія прамысловыя гарады, былі чымсьці асязальным — прынамсі, туды хадзілі цягнікі. Мэрыка была для ўсіх краем таямнічым, нязнаным — ведалі толькі тое, што яна недзе за морам. Дзецям Мэрыка падавалася выраем — птушыным раем. Раем, зь якога вяртаюцца. Бацькі й браты вярталіся. Часам нечакана, грамадкамі па два-тры чалавекі. Прывозілі незнаёмыя пахі, лісты ад тых, хто яшчэ застаўся, і вядома ж, грошы, зь якімі ўжо льга было наладзіць добрую гаспадарку. У хатах вяртанцаў зьбіраліся суседзі: мужчыны частаваліся мэрыканскім тытунём, жанчыны мацалі нетутэйшую, крамную вопратку. Да ночы слухалі аповеды пра жыцьцё за морам. Можа, таму я не магу й ніколі не змагу напісаць пра эміграцыю. Маё дзяцінства было пазбаўленае ілжэпатрыятычнага патасу. Бацькам не было калі выхоўваць ува мне й браце патрыётаў: яны працавалі (ды й цяпер працуюць) у турызме. Большую частку жыцьця яны, а пасьля й мы зь імі, шмат езьдзілі ўва ўсе бакі Эўропы, аднак заўсёды вярталіся. Бацькоўская праца й дзядулевы аповеды далі мне вельмі простае разуменьне таго, што такое радзіма: гэта месца, куды ты заўсёды вяртаесься, нават з Мэрыкі. Сёньня з маіх аднагодкаў, што едуць на заробкі ў Амэрыку, там застаецца кожны чацьверты. Кожны чацьверты — гэта не статыстыка, а мая ацэнка зьявы. Я нічога ня ведаю аб прычынах такіх учынкаў, бо магу адно мацаць вопратку тых, хто вярнуўся. Аднак нешта падказвае мне, што прычына не зусім у людзёх. Майму дзядулю не было й дзесяці гадоў, калі вяртацца з Мэрыкі перасталі. Амаль ні ў кога зь вёскі майго дзядулі не атрымалася пасьля адшукаць сваякоў, хаця ў 70—80-х гадох такія спробы рабіліся. Мусіць, тыя, хто застаўся, спрычыніліся да няспыннага этнагенэзу амэрыканскай нацыі, напладзіўшы незьлічоных майклаў дугласаў. Нашчадкі тых, хто застаўся, даўно пазбавілі свае прозьвішчы грувасткіх канчаткаў -евіч і -овіч. Вось жа, гістрорыю эміграцыі ХХ стагодзьдзя для мяне складаюць некалькі тэкстаў: яна пачынаецца дзедавымі напаўмітамі-напаўуспамінамі, працягваецца надрыўна-трагічнымі “Белай гвардыяй” і “Бегам” Міхаіла Булгакава й завяршаецца рэклямкамі ў менскім мэтро: “Праца ў ЗША — у нас таньней”; “Эміграцыя ў любую краіну Захаду: хутка, надзейна”. 2 Марцiн Гайдэгер, вялiкi знаўца праблемаў быцьця, прасторы й часу, некалi пiсаў: “Цяпер пад пагрозай знаходзiцца самаўкарэненасьць сучаснага чалавека”. Але бяда прыйшла не адтуль, скуль яе чакаў Гайдэгер, i была яна больш татальнай, чым прагноз. Неўкарэненасьць аслабла — аслабла й неўпрыкмет зьнiкла тое, ува што можна ўкарэньвацца — раптам невядома куды падзелася сама прастора... Калі б мяне папрасілі параўнаць маю краіну зь якой-небудзь кнігай, я б згадала два тэксты. Першы — гэта “Паэтыка” Арыстотэля, як апісвае яе Ўмбэрта Эка ў “Імені ружы”. Зь першай часткай, вядомай усім і некаторымі нават чытанай, і другой, невядомай нікому і зьедзенай сьляпым Хорхэ. Другі тэкст — раман Ядзьвігіна Ш. “Золата”. Мне чамусьці падаецца, што сапраўдная будучыня маёй краіны была зашыфраваная ў ім. У недапісанай яго частцы. Некаторыя героі раману, як і дзядулевы аднавяскоўцы, паехалі на заробкі ў Мэрыку. Да канца напісанай часткі ніхто так і не вярнуўся на радзіму, і канцэпт золата ніякім чынам ня быў раскрыты. Мне падаецца, героі раману мусілі вярнуцца дадому ў недапісанай частцы і, магчыма, нават прывезьці золата. Гэтыя тэксты лучыць іх двухкампанэнтавасьць: існая першая частка й няісная, напаўмітычная другая. Такім тэкстам і ёсьць Беларусь у маім уяўленьні. Праўда, варта дадаць вось што: першая частка яшчэ й раскудлачаная на шматкі й раскіданая на руінах нашых кляштараў і замкаў. Так, Беларусь — недапісаны тэкст. Гэта краіна, якой больш няма. Яна была калісьці. Гэта была краіна, у якую вярнуўся Францішак Скарына. Краіна, у якую дзядулевыя суседзі вярталіся з Мэрыкі. Зрэшты, яны былі апошнімі, хто вярнуўся, бо той Беларусі, у якую яны вярталіся, ужо няма. Яе няма досыць доўгі час, аднак невядома, калі менавіта яна зьнікла. Адны датуюць зьнікненьне годам скону Вялікага Княства Літоўскага, іншыя — зьяўленьнем першых магіл на Курапатах, нехта кажа, што Беларусь існавала адно ў пракаветныя часы балта-крывіцкага адзінства. Відавочна адно: Беларусі няма, таму перад тым, як “думаць Беларусь” (© У.Мацкевіч), неабходна яе прыдумаць. Беларусь, як некалі зямля абяцаная для габрэяў, існуе толькі ў сьвядомасьці народу: у далёкім мінулым альбо марах пра шчасную прышласьць. Таму няма нічога дзіўнага, што вакол нас шмат людзей з атрафаванай сьвядомасьцю. Гэта не прычына адсутнасьці Беларусі, а наступства гэтага. Звычайны й натуральны для любога жывога арганізму інстынкт самазахаваньня. Вельмі натуральнае памкненьне, скажу я вам. Манкурцтва — таксама выйсьце, і не найгоршае, калі ты нарадзіўся ў краіне, якой няма. Манкурт, прынамсі, шчасьлівы, ён, як тыя авечкі пастуха Сант'яга з раману Каэльё, непакоіцца толькі пра ваду й ежу. Зрэшты, такіх людзей менш, чым падаецца на першы погляд — ня больш за палову тых, хто нарадзіўся тут. Беларусі няма, ёсьць толькі няўклюдная пост-Беларусь, якая ніяк не асацыюецца з краінаю, куды можна вярнуцца. Пост-беларусы альбо зьбіраюць валізы й ўцякаюць, робячыся эмігрантамі de facto, альбо прыдумляюць сабе Беларусь і думаюць яе, сумуюць за ёй ня менш, чым першыя пасяленцы (А)Мэрыкі сумавалі па гарыстых абшарах Шатляндыі ды балотах Ірляндыі. А часта — і першае, і другое адначасова. Каб прыдумаць сваю Беларусь, неабавязкова стаяць нагамі на глебе пост-Беларусі, якая дасталася нам у спадчыну. Усе гэтыя палі, лясы, балоты, лугі — і чым там яшчэ захапляюцца нашыя клясыкі й графаманы — у рэчаіснасьці яшчэ менш рэальныя, чым на старонках кнігаў і вэб-сайтаў, таму прыдумаць і думаць сваю Беларусь можна ў любой кропцы зямной сфэры. Гэта пацьвярджае, напрыклад, шырокая геаграфія беларускамоўнага сеціва. Ды ня толькі сеціва, але й беларускай культуры як такой. “Не хачу чужога хлеба, радасьцяў чужых,” — прасьпяваў калісьці Сокалаў-Воюш — і спакайнютка зьехаў. Славамір Адамовіч, мусіць, занудзіўшыся без скандалаў, папрасіў палітычнага прытулку ў Нарвэгіі, і цяпер дасылае ў “Нашу ніву” зь лягера ўцекачоў няхай слабыя, але ўсё-ткі беларускія вершы. Васіль Быкаў за апошнія некалькі год зьмяніў шэраг краінаў жыхарства, аднак ад гэтага не перастаў быць Беларусам (тэкст пісаўся вясною 2003 года). Сьвятлана Алексіевіч… Хаця Сьвятлана Алексіевіч, для мяне, — акурат з той атары, што памкнулася на Захад па поклічы страўніка. Зрэшты, мяне больш цікавяць тыя, хто застаўся тут, а не апынуўся там. Эмігрантам можна быць, нават не пакідаючы родных мясьцінаў. Думаючы сваю, няісную Беларусь, чалавек робіцца ўцекачом у сябе, экзыстэнцыйным эмігрантам. Ён стаіць у полі на золкім ветры, у крамнай, але вельмі зношанай вопратцы не па надвор'і. Ён падобны да Хлудава, калі той сьніць павешанага веставога Крапіліна. Такі вось стан унутранай эміграцыі ёсьць у маёй пост-беларускай краіне адзіным магчымым спосабам існаваньня чалавека, які меў няшчасьце запытацца ў сябе пра сэнс свайго жыцьця. 3 прыдумай сабе свой сьвет… На досьвітку Новага Часу Томас Мор і Тамаза Кампанэла прапанавалі эўрапейскаму грамадзтву свае праекты цывілізацый будучыні. У ХХ стагодзьдзі тузін пісьменьнікаў папярэджваў аб тым, што будзе, калі мы пабудуем “цудоўны новы сьвет”, апеты клясыкамі жанру ўтопіі. У час зьдзяйсьненьня ўтопіяў, у час, калі ўсе ўтопіі зьдзейсьніліся, зрабіўшыся антыўтопіямі, у наш час, натуральнае памкненьне асобы — пабудаваць уласную анты-антыўтопію, уласны сьвет, дакладней, маленькі сьвецік, у які можна вярнуцца, выканаўшы ўсе абавязкі, навязаныя табе навакольлем, вярнуцца, як дадому, скінуўшы заплечнік з сьпіны на кілім, з бразгатам шпурнуўшы ключы на столік у вітальні. У краіне пост-Беларусь я — эмігрантка, якая пры першай-лепшай нагодзе ўцякае ад рэчаіснасьці. Мая Беларусь падобная да пульхнай тэчкі, у якую я складаю старонкі расьцярушанага тэксту: фатаздымкі, уражаньні ад вандровак, гутарак і чытаньня. Гэта маленькія й вялікія фрагмэнты сапраўднай Беларусі сярод шэрага пост-беларускага месіва, што атачае нас. Гэта кавалачкі краявідаў, некалькі старых вуліцаў у некалькіх старых гарадох, некалькі старых будынкаў на гэтых вуліцах, ладная колькасьць тэкстаў, шмат-шмат цудоўных (старых і маладых) людзей навокал, а таксама жытні хлеб і кампот зь мёдам. Усё гэта разам і складае маю Беларусь: тую, у якую хочаца вярнуцца. Я нічога не магу зьмяніць у сваёй краіне, таму я не імкнуся нічога зьмяняць. Я прыдумала й думаю сваю Беларусь, і ўсё маё жыцьцё — эміграцыя: апісаны Міхаілам Булгакавым прусачыны бег і заўсёдныя думкі пра вяртаньне на прыдуманую радзіму. Упершыню такія думкі прыйшлі мне да галавы паўтары гады таму. Улетку 2001-га пост-Беларусь, упершыню пасьля 1994 году выбірала прэзыдэнта. Я адчула, што не магу застацца ўбаку ад віру жыцьця, і пайшла працаваць у грамадзкае назіраньне. Увечары 9 верасьня 2001 году дзьве кабеціны на маіх вачох падкінулі на стол для падліку галасоў стос бюлетэняў. Я вельмі яскрава ўявіла сабе, як тысячы кабецін на тысячах участках краіны падкідваюць сотні тысячаў бюлетэняў на тысячы сталоў для падліку галасоў. Вось тады я й зразумела, што краіны, у якой я жыву, не існуе. Што я магу быць тут толькі незалежным (ад яе) назіральнікам, што законы, паводле якіх мне прапануюць жыць, прыдумала ня я, і з тым самым посьпехам я магу паўпываць на заканчэньне фільму, які паказваюць па тэлевізары. Спрабаваць зьмяніць існыя правілы — тое самае, што біцца галавою аб бэтонную сьцяну: гэта ні на што не паўплывае, аднак за такое цябе абавязкова выдаляць з выбарчага ўчастку. Гэтае пачуцьцё сваёй суцэльнай нязначнасьці ў краіне пост-Беларусь дапамагло мне зразумець тых маіх знаёмых, што засталіся там. Шмат хто зь іх зьехаў у краіну, дзе ад яго можа залежыць хоць нешта (напрыклад, будучыня ядравай фізыкі ў Нямеччыне). Я й сама пасьля тых выбараў зьехала на некалькі дзён за мяжу. Звычайныя дзеяньні — набыцьцё зваротнага квітка, пошук гатэлю й проста плянаваньне экскурсійнага маршруту — вярнулі ўпэўненасьць у сабе акурат настолькі, каб ня ўпасьці ў працяглую дэпрэсію. Яшчэ напрацягу тыдня пасьля выбараў мы шмат пілі. Не прыдумляючы нагоды, зьбіраліся разам і жлукцілі. Я ўзгадваю тыя некалькі дзён, калі чую песьню “Келіх кола” гурта “Стары Ольса”: гой гой сядзем у кола ды вясёла выпівайма размаўляйма пра ўсё забудзем хай нам добра будзе Сам застольны кант вельмі старажытны, толькі вось трэці радок паўстаў нядаўна, у адаптацыі да сучаснай беларускай мовы (ці толькі мовы?) Зьмітра Сасноўскага. Ёсьць тут нешта ад эпікурэйства. Зрэшты, я не настойваю, бо ня надта знаёмая зь філязофіяй Эпікура. Я ўвогуле ня надта знаёмая зь філязофіяй. 4 …у квартэры іхнай цёпла й утульна, асабліва цудоўныя крэмавыя фіранкі на ўсіх вокнах, дзякуючы ім пачуваесься адарваным ад навакольнага сьвету… А ў ім, гэтым сьвеце, пагадзецеся самі, шмат бруду, крыві й няма сэнсу. Раней ці пазьней чалавек тут пераконваецца ў сваёй нязмозе зьмяніць навакольны сьвет. Такі сабе сындром жыхара спальнага раёну. Скажам, жывяце вы ў пакоі, вокны якога выходзяць на шэрую бэтонную сьцяну, і ў вас няма магчымасьці зьмяніць гэты краявід. Самы лёгкі шлях — зьехаць у блаславёныя Богам і Адамам Глёбусам Карлавы Вары, аднак учынак чалавека, моцнага духам — “прымусіць сябе жыць у Лагойску”. Ёсьць некалькі магчымых выйсьцяў. Першае — палюбіць бэтонную сьцяну, пераканаць сябе, што яна прыўкрасная. Другое — не глядзець на яе, затуліўшы вакно фіранкаю. Мне падаецца, што гэтымі двума шляхамі разьвіваецца актуальная, то бок запатрабаваная беларуская (ня блытаць з пост-беларускай) культура. Вось, для прыкладу, два паралельныя сусьветы, у якія з прыемнасьцю занураюцца некаторыя мае сучасьнікі: Культавы беларускі рок-гурт NRM і іншыя беларускія рок-гурты рознай ступені культавасьці й беларускасьці, даючы канцэрты ў сталіцы ці любым іншым беларускім горадзе, змушаныя выступаць у змрочных саўковых інтэр'ерах разнастайных ДК, бо іншых умяшчальных пляцовак, калі не лічыць лядовых палацаў, у Беларусі проста няма. Аднак ад безгустоўнага да стылёвага адзін крок. Варта толькі эстэтызаваць гэтую творчую прастору, як “брэжнеўскае ракако” глядзельнай залі пачынае падабацца, шэра-зялёныя кулісы зь белымі ціпа рушнікамі на іх пачынаюць выглядаць на сапраўднае рэтра, панк-вэрсія песьні “Радзіма мая дарагая” гучыць постмадэрнова, а хлопчыкі з падтанцоўкі, апранутыя пад стылягаў і ў чырвоных гальштуках, выклікаюць настальгію па газіроўцы з аўтамату ды марозіву за 20 капеек, якіх ты ніколі не каштаваў. Такія думкі прыходзяць мне ў галаву, калі я слухаю апошні альбом NRM'у “Дом культуры” з Опэрным тэатрам (© Ёсіф Лангбард) на вокладцы. Шляхам фіранкі ідзе гурт “Стары Ольса”. На абрыдлую рэчаіснасьць можна не зважаць, можна шчыльна завесіць яе ваўчынымі скурамі, захутацца ад яе ў “строй гараджаніна XV стагодзьдзя”, адгарадзіцца ад яе грыфам лютні й граць — прычым файна граць! — старадаўнюю музыку. Можна сьмела называць яе а) сярэднявечнай, б) беларускай — і ўсе павераць твайму слову шляхціца, што слухаюць сваё: казкі існуюць, каб у іх верылі. Трэці магчымы шлях, які мне найбольш даспадобы, — забіць на існую рэальнасьць, зьехаць у куточак, дзе выродлівыя сучасныя спаруды ня муляюць вока і, не зважаючы ні на што, апрацоўваць свой сад. Аднак у нашай краіне гэта шлях рамантыкаў з трывалымі нэрвамі й вялікімі грашыма. Шараговаму ўнутранаму эмігранту застаецца каханьне да бэтоннай сьцяны альбо крэмавыя фіранкі. Я абрала другое, хіба што ў маім пакоі фіранкі жоўтыя. Цяпер я лёгка засынаю пры сьвятле гэтай шыльды. Яна напаўняе пакой шэра-сінім сяйвом, і ён робіцца падобным да вітрыны крамы, калі ў ёй вымыкнулі асьвятленье, і толькі тавары падсьвечваюцца нябачнымі ліхтарыкамі. Цяпер я рассоўваю фіранкі, калі цямнее, а зранку зноўку насоўваю іх на вокны. Калісьці я прымушала сябе палюбіць дэстройныя краявіды гарадоў маёй краіны: шэры бэтон, голкі арматуры, бугрысты асфальт пад нагамі, кінутыя будоўлі… Калі мне й маім сябрам было па 15—16 гадоў, мы апантана “гулялі па трамвайных рэйках”, і “падарожнай зоркаю была нам жоўтая талерка сьветлафору”. Вольна працытаваная тут Янка Дзягілева была адным зь ідэолягаў нашага юнацтва. (Зрэшты, была. Цяпер мы амаль не сустракаемся: хто сьпіўся, хто зрабіўся філёзафам…) Калі нам удасца, мы ня вернемся да ночы ў клетку, — сьпявала Янка, абвяшчаючы сваёй тэрыторыяй “трубы на пачатку кальцавой дарогі”, а “чорны дым з трубы заводу” сваім “цёплым ветрам”. Замілаваньне такімі краявідамі скончылася для яе чорнай дэпрэсіяй і скокам з моста ў Енісей. Янка марна шукала свабоды па-за сваёй клеткай, у сьвеце, дзе “шмат бруду, крыві й няма сэнсу”. Мой пакой — гэта мой сьвет, мая тэрыторыя, краіна прыбыцьця ў маёй эміграцыйнай карце. Толькі тут я сапраўды свабодная. сакавік 2003 г.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2009 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||