ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003

 

ГЕНАДЗЬ ДРАГУН. DIY. "ЗРАБІ ГЭТА САМAСТОЙНА"

 

ГУТАРКА

Інтэлектуальнае поле
беларускай культуры

ЭСЭ

Марыя Мартысевіч. Бег,
альбо нацыя эмігрантаў

Генадзь Драгун. А...

Генадзь Драгун. DIY.
Зрабі гэта самастойна

ПАЭЗІЯ

Марыя Барадзіна.
Калодзежы

Ігар Клепікаў.
Абсалютны нуль

Віка Трэнас. Эсэ № 7

Аксана Спрынчан.
Suum cuique 1

Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба

Тацяна Вабішэвіч. Пачатак

ПРОЗА

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

Аляксандар Малама.
Касьба

Артур Грэй.
Праз калінавы мост

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

КІШЭННАЯ ЭЎРОПА

Даніла Кіш. Apatrid

Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы

Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

Эдып сваёй краіны

Юрко Іздрык.
Бацька; Калідор

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

Безадказная проза

Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць

Рэцэнзіі й водгукі

Фантомны боль. Як калеку баляць адцятыя пальцы, так і мне баляць твае, ад маіх грудзей адарваныя, вусны.

“Каторая зараз гадзіна?” Менавіта так яна й запыталася: “Каторая зараз гадзіна?” Была сярэдзіна кастрычніка, а гадзіна — бліжэй да пятай. Я адказаў, бо пытаньне было бяскрыўдным ды натуральным, але, галоўнае, мне было вельмі цікава пабачыць, што адбудзецца далей. Я быў занадта цікаўным ды самаўпэўненым.

Вось мы стаім недзе за шапікамі, так, каб нас было нябачна з вуліцы. Яна трымае маю далонь ды кажа словы — лёгкія, плыткія, ціхія. Як пялёсткі, як сон, як казка на ноч. Падае дробненькі восеньскі дождж, мне цёпла, я ўсьміхаюся. Услухваюся, стараюся ўсё запомніць, нічога не прапусьціць, але ніяк не магу знайсьці ў яе словах сэнс. Галоўнае ня сэнс, а гучаньне. Паблісквае аскепак люстэрка. “Як ты можаш ня верыць цяжарнай жанчыне?”

“Растаптаў ты, хлопец, першае сваё каханьнё...”

***

Кім была яна, першае маё каханьне? Ня ведаў тады. Ня ведаю й дасюль.

Тая, у чый школьны дзёньнік я некалькі гадоў запар у апошні дзень заняткаў замест пажаданьняў на лета запісваў розную брыдоту? Тая, на чыіх яшчэ дзіцячых грудзях так выразна праступалі праз мокрую тканіну смочкі, калі мы разам сушыліся ля вогнішча? Тая, першая, якую я запрасіў патанчыць са мною? Ці тая, што я так і не наважыўся запрасіць? Тая, якой першай хацеў прызнацца ў каханьні, а яна ўсьміхнулася ды сказала, што, можа, неяк іншым разам, бо цяпер яна крыху выпіла?

Калі я бачыў яе апошні раз? Усе яны незаўважна сыходзілі, а я не рабіў анічога, каб іх утрымаць. Калі будзе па-сапраўднаму, дык ты гэта адразу адчуеш. Як яе клікалі? Наста? Ксеня? Алена? Ірэна? Тацяна? Якія былі ў яе вочы? Шэрыя, як у большасьці беларусак? Блакітныя? Загадкава-зеленаватыя? Хітравата-цёмныя?

Калі іх было шмат, дык гэта тое самае, як нікога не было...

***

Яе пальцы прамацвалі мае кішэні — яна шукала грошы. А мне было зусім абыякава. Нават крыху сьмешна, бо грошай у кішэнях зусім не было, дый вацок я завёў гады праз тры. Вось лістка на праезд было сапраўды шкада, бо да канца месяца заставалася добрых два тыдні. Я гатовы быў памерці, але не аддаць яго, калі б хто наважыўся забіраць. Ёй не хацелася верыць, што ў мяне анічога няма, і яна працягвала свае пошукі.

Грошы — дзьве паперкі па пяць тысячаў. Тыя, з Траецкім перадмесьцем. Агулам — даляр, як на тыя часы. Грошы ляжалі ў тэчцы. Думаў купіць нейкі часопіс.

Калі яна нарэшце ўсё ж знайшла іх, дык я рады быў аддаць. Як прыз, бо, сапраўды, доўга шукала, старалася. Было дзіўна й крыху вусьцішна.

“Калі ты каму-небудзь раскажаш пра ўсё гэта, дык сем гадоў ніводная дзяўчына нават ня гляне ў твой бок...”

***

Сем гадоў — якімі доўгімі здаюцца яны, калі табе сямнаццаць. Сем гадоў — бясконцасьць. Што можа быць страшнейшым?

Што адбылося са мною за гэты час? Ня памятаю. Жыў. Нечаму вучыўся. Нешта адбывался.

Мне шчасьціла сустракаць іх адну ці две на год. Ніколі не шукаў. Проста здаралася. На прыпынку тралейбуса ў студзеньскія маразы. На лекцыі. На адной дарожцы ў басэйне. Падчас уцёкаў з разагнанага мітынгу. На суседняй паліцы ў цягніку на Віцебск. Часьцей за ўсё — у кампаніі. Заўсёды знаходзяцца чыесьці дасюль невядомыя табе знаёмыя.

Харошыя. Разумныя ды прыгожыя. Ці можа прыгожая быць не разумнай? Самастойныя. Гарманічныя. З крыху мужчынскім ладам мысьленьня ды разважлівымі поглядамі на жыцьцё. Моцныя настолькі, каб дазволіць сабе быць слабымі. Некаторыя крывіліся ад слова фэміністка, хаця, насамрэч, імі й былі.

Тыя, з кім было лёгка ды цікава. Проста ды натуральна. Ты ня мог паводзіць сябе зь імі іначай. Каму можна давяраць, на каго спадзявацца. Адчуваць павагу ды захапленьне да тых, што побач. Быць разам. Жыць разам. З кім хацелася б сустрэцца некалькі гадоў апасьля, каб парадвацца таму, як усё складваецца ў іхным жыцьці. З кім усё павінна быць добра. У добрых людзей усё мусіць быць добра.

***

Здаецца, колькі жывеш, столькі цябе непакоіць пытаньне: “Якая я на самой справе?” Глядзець на свае старыя фотаздымкі, слухаць свой голас на касэтах, не пазнаваць сябе на відэа. “Ці ёсьць хоць штосьці агульнага ў мяне, цяперашняй, з тою дзяўчынаю, што я там бачу?” Пэўна, ня шмат — можа, толькі мінулае.

Кажуць, часам атрымліваюцца няўдалыя фатаздымкі. Не, проста ў цябе ў той час быў зусім ня той настрой. Што ўнутры, нават калі ты ня хочаш у гэтым нікому прызнавацца, тое й звонку.

Штораніцы глядзецца ў люстэрка й кожны раз бачыць у ім іншую асобу. Часам я люблю яе. Часам мне прыкра бачыць гэты твар. “Якая я на самой справе?” Паглядзіся яшчэ раз. Ты ў гэты момант менавіта такая, якою сябе там бачыш.

Не падабаецца? Яшчэ раз вымый твар. Зьеж горкай чакаляды ці палову лімона, выпі кубак кавы. Схадзі пад халодны пыршніц. Апрані любімую сукенку. Ці як ты там яшчэ сябе стымулюеш? Усьміхніся, падумай пра нешта банальна прыемнае. Зазірні ў вочы фатаздымкам, што стаяць на тваім стале. Гэтыя людзі любяць цябе, ці некалі любілі. Паглядзіся яшчэ раз.

Зноў не падабаецца? Павярні люстэрка да сьцяны. Табе ніяк не дапаможаш. Можа, сёньня проста лепей не выходзіць з дому?

Дазволь сабе/сябе кахаць.

Тацяна КРЭМЕНЬ.

***

У кожнай яшчэ знаходзілася нешта сваё, непаўторнае, што прыцягвала асаблівую ўвагу. Валоданьне трыма мовамі. Месца на спаборніцтве па бальных танцах. “Багаты” тата. Такія незвычайныя, такія цудоўныя. Ім трэба адпавядаць.

Я побач ізь імі? Хто я? Я ж — зусім звычайны. Звычайны хлопец. О-па!!! І я адыходзіў у бок, пакідаючы сабе волю назіраць за імі зводдаль. Пакідаючы іншым незвычайным ды цудоўным магчымасьць шукаць ды знаходзіць тых, каго я знайшоў ужо даўно.

***

Самадастатковасьць. Гучыць добра. Самастойнасьць. Мера ўласнае поўнасьці. Здольнасьць выжываць.

Калі ты можаш выжыць бязь іншых. Яны — патрэбныя, але не неабходныя. Як людзі робяцца менш патрэбнымі для цябе самога, дык тое ж самае адбываецца й з табою для іх. Яны не падыдуць першыя, бо ты можаш бязь іх. Ім здаецца, што яны робяцца непатрэбнымі.

Самадастатковасьць. Самазамкнутасьць. Трэба будзе вучыцца ізноў жыць разам зь людзьмі. Разам, а ня побач. Вярнуцца.

Самотнасьць — гэта не адзінота. Ня тое, каб нікога побач ня было, не, ты сам выбраў гэты шлях, сам сышоў ад іх прэч. Адзінота — яна зрэдчас прабівае цябе наскрозь. Ты адчуеш, наколькі тонкай ёсьць твая скура.

Эмоцыяў... Проста не стае сумесных эмоцыяў. Су-перажываньня. Су-адчуваньня. Су-досьведу. Позіркаў. Дотыкаў. Інтанацыяў. Калі самадастатковасьці робіцца недастаткова. Нібы сьліною, пачынаеш захлынацца сваёю самасьцю.

Час вяртацца. Адамкнуць дзьверы. Раскрыць таямніцы. Паказаць слабасьці. Перастаць баяцца быць сабою. Пазнаць залюстэркавага сябе. Час спускацца з уласных вышыняў.

Потым мусіць надысьці лёгкасьць. Ты ведаеш уласныя магчымасьці, ведаеш, што й колькі каштуе ў жыцьці. Больш ня будзе страшна выбіраць. Бо ведаеш, што на што мяняеш. Бо гатовы плаціць.

***

Цікава было б усё ж паназіраць за некаторымі зь іх. Цяпер, ці крыху пазьней. Што? Дзе? Як? Пабачыць. Сустрэцца. Паразмаўляць колькі гадзінаў. Цікава, але непатрэбна.

У іх было ня так ужо й шмат магчымых выйсьцяў: замуж, за мяжу, замуж за мяжу (Хто б мяне туды ўзяў!), у палітыку, журналістыку, паэзію (Што вы бачылі ў вачах саракагадовых паэтак, калі пілі разам зь імі на кухні? Не, у паэзію ўсё ж лeпей, чым у палітыку), асьпірантуру, на першае, гарантаванае дзяржаваю працоўнае месца. Ва ўсіх нас так мала магчымасьцяў. Мы робімся альбо ня робімся тымі, кім маглі б быць.

***

Мне сьняцца сны аб Беларусі... Сьнег адбіваецца аблокамі ў небе, а на ім — цёмныя адмеціны сьлядоў. І, калі зробіцца зусім невыносна ад гэтага шалёнага мільгаценьня блакітнага й белага, аднаго вечара я сяду ў цягнік ды паеду туды, дзе чырвонае сьвятло ліхтароў адбіваецца ў хвалях каналаў. І кроплі дажджу будуць лашчыць мяне.

 

 

Генадзь Драгун. DIY. Зрабі гэта самастойна

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY