ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | ЧАСАПІС "ПАМІЖ", № 3-2003

 

ТОМАШ БЭРНХАРД. ГЭТА КАМЭДЫЯ? ГЭТА ТРАГЕДЫЯ?

 

ГУТАРКА

Інтэлектуальнае поле
беларускай культуры

ЭСЭ

Марыя Мартысевіч. Бег,
альбо нацыя эмігрантаў

Генадзь Драгун. А...

Генадзь Драгун. DIY.
Зрабі гэта самастойна

ПАЭЗІЯ

Марыя Барадзіна.
Калодзежы

Ігар Клепікаў.
Абсалютны нуль

Віка Трэнас. Эсэ № 7

Аксана Спрынчан.
Suum cuique 1

Зьміцер Плян. адрэзалі. рызман жывога неба

Тацяна Вабішэвіч. Пачатак

ПРОЗА

К.Т. Rijsdaalder. Манэта ў
два з паловаю гульдэны

Аляксандар Малама.
Касьба

Артур Грэй.
Праз калінавы мост

Сьцяпан Панаеў.
Спроба партрэту

КІШЭННАЯ ЭЎРОПА

Даніла Кіш. Apatrid

Даніла Кіш. Варыяцыі на тэму Сярэдняй Эўропы

Станіслаў Бараньчак. Вакно й люстра

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

Эдып сваёй краіны

Юрко Іздрык.
Бацька; Калідор

Юрко Іздрык. "Дзённыя" рэфлексіі ў сутоньні

Тарас Прахаська. Два безадказныя рэпартажы

Безадказная проза

Лешак Калакоўскі. Чатыры байкі пра ідэнтычнасьць

Рэцэнзіі й водгукі

Пасьля таго, як я ўжо колькі тыдняў ня быў у тэатры, учора ўвечары я раптоўна вырашыў пайсьці туды. Аднак за дзьве гадзіны да пачатку паказу я, седзячы ў пакоі за сваёй навуковаю працаю, напісаньне якой значыла б, што я скончу-такі мэдыцынскі факультэт — хутчэй каб пазбавіць ад болю маю перанапружаную галаву, чым дагадзіць маім бацькам — дык вось тады я завагаўся: ці не адмовіцца мне ўвогуле ад пэрспэктывы правесьці цэлы вечар у тэатры.

Ужо каля васьмі ці дзесяці тыдняў я ня быў у тэатры, — казаў я сабе, — і добра ведаю, чаму. Бо я зьневажаю тэатар, бо я адчуваю нянавісьць да актораў, бо тэатар — гэта суцэльная ганебная непрыстойнасьць, непрыстойная брыдота. І вось я раптоўна зноўку павінен ісьці туды? Глядзець гэтую ганебную гульню? Што ж гэта значыць?

Ты добра ведаеш, што тэатар — гэта выключнае сьвінства, і ты напішаш урэшце той артыкул, што існуе пакуль што толькі ў тваёй галаве, артыкул, які раз і назаўсёды зьмяшае тэатар з брудам.

Чым ёсьць тэатар, чым ёсьць акторы, інтэнданты, аўтары ўсіх гэтых сцэнічных твораў — чым ёсьць усе яны?

Усё болей і болей апаноўвала мяне думка пра тэатар. Паталёгіі займалі мяне ўсё менш. І ўрэшце, зьняможаны няўдалымі спробамі працаваць над паталёгіямі, я быў адолены тэатрам. Адолены! Адолены!

Я апрануўся й выйшаў на двор.

Шлях да тэатру займаў ня больш за паўгадзіны. Цягам гэтых трыццаці хвілінаў я канчаткова ўпэўніўся ў тым, што я не магу ісьці туды, што наведваньне тэатру з гэтае пары ды назаўсёды для мяне забароненае.

Вось калі ты напішаш задуманае эсэ, тады й прыйдзе час, калі табе зноў будзе дазволена пайсьці ў тэатар і на ўласныя вочы ўбачыць, што трактат твой сапраўды адпавядае рэчаіснасьці.

Мне было даволі няёмка, аднак толькі з тае нагоды, што я ў сваёй нястрыманасьці дайшоў ажно да набыцьця квітка, — я купіў яго, а не атрымаў у падарунак — а таксама таму, што два дні катаваў сябе думкаю пра паход у тэатар, я прадчуваў, што ўбачу гэтую дзею. Я ўбачу ўсіх гэтых актораў, а зь імі й нікчэмнага, сьмярдзючага рэжысэра (спадара Т.Х.!) і гэтак далей. Але болей за ўсё я пакутаваў ад таго, што пераапрануўся ў тэатар. Ты пераапрануўся дзеля тэатру — (з агідаю) думалася мне.

Трактат пра тэатар, аднойчы я напішу яго, гэты трактат пра тэатар! Заўсёды добра апісваеш тое, што ненавідзіш з усяе сілы. У пяцёх, магчыма ў сямі частках, пад назваю “Тэатар” — Тэатар? У хуткім часе маё дасьледаваньне будзе скончанае. (Як толькі напішаш, ты адразу спаліш яго, бо бязглузда друкаваць такое. Ты прачытаеш і адразу спаліш напісанае. Выдаць гэты трактат — гэта ж сьмешна, марны занятак!) Першая частка АКТОРЫ, другая — АКТОРЫ Ў АКТОРАХ, трэцяя — АКТОРЫ Ў АКТОРАХ АКТОРАЎ і г.д... чацьвёртая — Эксцэсы на сцэне і г.д... апошняя — АЛЕ ШТО ГЭТА — ТЭАТАР?

Паглыбіўшыся ў такія думкі, я дайшоў да гарадзкога саду.

Я сеў на лаўку непадалёк ад малочнае крамы, хаця ў гэтую пару году сесьці на лаўку ў гарадзкім садзе магло быць амаль што сьмяротна небясьпечна, ды моцна напружыўшыся, з надзвычайнай сканцэнтраванасьцю і задавальненьнем назіраў, хто й як заходзіць у тэатар.

Мяне вельмі цешыць тое, што я не заходжу туды.

Аднак ты павінен зайсьці, і, памятаючы пра свае мізэрныя заробкі, паспрабаваць прадаць квіток. Ідзі туды, — казаў я сабе, — і ў гэты ж час атрымоўваў вялікую асалоду, расьціраючы квіток паміж вялікім і ўказальным пальцамі правае рукі — расьціраючы сам тэатар.

Спачатку, — думаў я, — да тэатру крочыць вялікі натоўп, які паступова мяншае, і нарэшце няма нікога, хто б заходзіў туды.

Дзея ўжо пачалася, — зазначыў я, — падняўся ды крочыў убок старога цэнтру горада. Мяне калаціла ад холаду ды голаду, мне прыйшло да галавы, што я ўжо каля тыдню ўвогуле ні з кім не размаўляў, і якраз у гэты час да мяне нехта зьвярнуўся: гэта быў мужчына, я пачуў, як ён запытаўся ў мяне, колькі зараз часу, і пачуў, як я адгукнуўся у адказ: “Восем гадзінаў.” “Зараз ужо восем гадзінаў,” — сказаў я, — “дзея ў тэатры ўжо пачалася.”

Зараз я абярнуўся ды ўбачыў мужчыну.

Ён быў даволі высокі й хударлявы.

Акрамя яго ў садзе больш нікога няма, падумаў я.

І ў той жа момант прамільгнула думка, што мне ж няма чаго губляць.

Аднак выказаць услых гэты сказ — “Мне няма чаго губляць!” — гучна выказаць яго здаецца мне бессэнсоўным, і я маўчу, хаця маю вялікае жаданьне прамовіць гэты сказ.

Мужчына сказаў, што ён згубіў гадзіньнік.

“З тае пары, як я згубіў свой гадзіньнік, я вымушаны час ад часу звяртацца да людзей.”

Ён усьміхнуўся.

“Калі б я не згубіў гадзіньнік, я б не зьвярнуўся да Вас,” — сказаў ён, — “я б наагул да нікога б не звяртаўся.”

Ён сказаў, што для яго надзвычай цікавым быў сам факт, што пасьля таго, як я адказаў яму, што цяпер восем гадзінаў, ён ужо ведае, што цяпер восем гадзінаў, і што сёньня ён ужо адзінаццаць гадзінаў запар — “безь перапынку,” — сказаў ён, — гуляецца з адною адзінаю думкай: “Ня час ад часу, але ўвесь час, і як мне падаецца,” — дадаў ён, — “я зацыклены, нібы замкнёны ў кола. Вар'яцтва, што скажаце?”

Я ўбачыў, што на ім былі жаночыя паўбоцікі, а ён заўважыў, што мне стала вядома, што на ім жаночыя паўбоцікі.

“Так,” — сказаў ён, — “зараз вы можаце ўявіць сабе.”

Каб адцягнуць ягонаю ды сваю ўвагу ад гэтае часткі ягонай вопраткі, я хутка прамовіў: “Ведаеце, я намагаўся сёньня пайсьці ў тэатар, аднак акурат перад пачаткам спэктаклю я адмовіўся ад гэтае думкі і, вось, не пайшоў туды.”

“Я часта наведваў гэты тэатар,” — сказаў ён і назваўся, аднак я адразу ж забыўся на ягонае імя, бо я ніколі ня памятаю імёнаў, а ён дадаў: “І аднойчы гэта было ў апошні раз, як кожны чалавек у сваім жыцьці апошнім разам ідзе ў тэатар. Аднак гэта ня варта сьмеху, так, усё мы робім аднойчы ў апошні раз, ня сьмейцеся!”

“Але,” — запытаў ён, — “што сёньня граюць? Не, не!” — раптоўна адмовіўшыся, — “Не кажыце, не кажыце мне, што граюць сёння...”

“Кожны дзень я прыходжу сюды, у гарадзкі сад,” — растлумачыў мне ён, — “ад пачатку сэзону я заўсёды прыходжу а гэтай гадзіне ў сад, каб адсюль, вось з гэтага кутку ля малочнае крамы наглядаць за тымі, хто прыходзіць у тэатар. Дзіўныя людзі, не?”

“Вядома, нядрэнна было б ведаць, што граюць сёньня,” — працягваў ён. — “Аднак не кажыце мне, што граюць сёньня. Для мяне было б надзвычай цікава аднойчы не даведацца, што ж там ідзе сёньня. Гэта камэдыя? Ці гэта трагедыя?” — запытаўся ён і адразу ж выгукнуў, — “Не, не, не! Не кажыце мне таго! Не кажыце! Не кажыце!”

Яму каля пяцьдзесяці, а мо й болей — пяцьдзясят пяць, —падумалася мне.

Ён прапанаваў прайсьціся ў бок Парляманту.

“Пойдзем, пройдземся да Парляманту ды назад. Заўсёды, як пачынаецца дзея ў тэатры, тут надзіва ціха. Я люблю гэты тэатар...”

Ён хутка пайшоў наперад, я ж пры кожным позірку на яго ледзь стрымліваўся, бо адная думка, што ён апрануты ў жаночыя паўбоцікі, выклікала ў мяне агіду.

ВІКТАР-ПАЎДУРАК

Зімовая казка

Учора ўначы, ідучы празь лес, я раптоўна напаткаў бязногага — Віктара-паўдурка, як яго звычайна клічуць. А той гадзіне я сьпяшаўся вельмі, бо хаця ж лянота й застаецца маім улюбёным станам, я працую доктарам і гэта вымушае... І вось учора адзін, дарэчы, здаровы чалавек, які жыў з аднаго боку лесу ў Трайху, выклікаў мяне, каб я адведаў ягонага сваяка, што жыў з другога боку лесу ў Фёдынгу. Той скардзіўся на нейкі боль у галаве (тая яшчэ хвароба — сымптомы яе знойдзеш амаль у кожным падручніку па мэдыцыне, аднак з чаго яна ўзьнікае — таго ніхто ня ведае). Карацей, якраз пасярод лесу, калі вось сьпяшаюся я да пацыента, апрануты ў свае найлепшыя сьнегаступы, мне на шляху трапляецца, і да таго ж вельмі пужае мяне гэтым сваім раптоўным зьяўленьнем, Віктар-паўдурак.

“Віктар-паўдурак” — менавіта так назваўся той, на каго я ледзь не наляцеў і каго дагэтуль ніводнага разу яшчэ ня бачыў.

“Гэта мне лякаматывам адрэзала ногі,” — выгукнуў ён якраз у той момант, калі я заўважыў, што Паўдурак сапраўды бязногі. Уражаньне было такое, нібы няшчасны выпадак зь небаракам здарыўся толькі што. Але кагадзе я ўцяміў, што празь лес цягнікі ня ходзяць, і рэльсаў тут ніколі не было, да таго ж я ня чуў ніякага чалавечага крыку. “Ну канечне,” — нібы ў адказ на мае думкі сказаў чалавек, што ляжаў у сьнезе, — “ужо восем гадоў, як гэта здарылася!”

Ён ляжаў якраз пасярод лясной сьцежкі, бо абедзьве ягоныя нагі, ягоныя драўляныя нагі, ляжалі побач зламаныя: “Мабыць таму, што я намагаўся бегчы хутчэй, чым звычайна,” — патлумачыў ён.

“На момант я забыўся, што замест уласных у мяне драўляныя ногі, мне падалося, што зараз я зноў пабягу, як раней.” Ён вельмі ўзрадаваўся, што ўрэшце нехта зьявіўся ў гэтым лесе, і так вось атрымалася, што гэтым чалавекам быў я. Мае крокі, мой голас, асабліва ў гэтай цемры, надзвычай усьцешылі паўдурка.

“Калі б Вы не прыйшлі,” — зьвярнуўся да мяне ён, — “я б памёр тут немінучай жудаснай сьмерцю. Вы ж, пэўна, ведаеце, найжахлівейшая сьмерць, калі скалееш ад холаду.”

А калі ж ён даведаўся, што я доктар, то для гэтага чалавека, імя якога, дарэчы, а ня той няшчасны выпадак зь ім, і не яго цяперашні стан, перадусім цікавіла мяне (толькі ўявіце сабе — Паўдурак!), дык вось для яго больш радаснай навіны нельга было б прыдумаць. Сказаў бы я, прыкладам, што я сьлесар альбо водаправодчык, альбо будаўнік, вядома ж, ягоная радасьць была б значна слабейшаю.

Калі ж я спытаўся, як патрапіў ён у гэты небясьпечны нават для шмат здаравейшага чалавека гушчар, ды яшчэ паміж адзінаццацьцю й дванаццацьцю гадзінамі ночы, ён адказаў, што дзесьці з гадзіну таму ў Трайху, гэта значыцца з таго боку лесу, ён пайшоў у заклад зь мясцовым млынаром, пра якога, дарэчы, дагэтуль толькі хіба штосьці чуў, але самога ніколі ня бачыў. Млынар спрачаўся на васямсот шылінгаў (а гэта кошт найлепшай пары скураных ботаў ад найлепшага ў нашай мясьціне шаўца, пра якую, дарэчы, Паўдурак ужо дзесяць гадоў як марыць), што Паўдурак, калі ён у адзінаццаць выправіцца з Трайху, ніяк ня здолее да дванаццаці пасьпець у Фёдынг. А такой гадзіне ён на сваіх драўляных ніколі не патрапіць туды праз гушчар, тым больш узімку, тым больш у такую зіму, як сёлета, тым больш у такую халодную ноч.

Паўдурак і сам ня верыў, што патрапіць у Фёдынг да дванаццаці, аднак ня выкарастаць такі добры шанец (“Вар'ят, ну што тут скажаш!”) ніяк ня мог, і таму пабег акурат у адзінаццаць з Трайху, чыста як той дурань.

Між іншым млынар сам прадказаў яму тую жахлівую сьмерць ад холаду (“Аднак жа ж меў рацыю!”). Ясна, цяпер Паўдурак ужо ні за што ня выйграе заклад, аднак, дзякуючы мне, ён выжыве й ня зьмерзне да сьмерці. Да таго ж, яму пашанцавала быць выратаваным з такога жудаснага становішча (якое, зазначыў ён, як і ўсё на сьвеце мае свой сьмешны бок), лекарам, “прадстаўніком Яе Вялікасьці Мэдыцыны”, самым што ні на ёсьць сапраўдным доктарам. Я нахіліўся да яго, абцерушыў збольшага сьнег і, яшчэ вобмацкам, запэўніўся, што ягоныя драўляныя ногі й сапраўды пасярэдзіне былі зламаныя. Не губляючы шмат часу на роздум, бо мне трэба было сьпяшацца да пацыента, я ўзваліў Віктара-паўдурка на плечы. Было б шмат лягчэй, калі б я нёс яго бяз гэтых абламаных кавёлаў, аднак мы ня здолелі адчапіць іх, бо рамяні прымерзьлі да скуры. Дрэва моцна прымерзьла да сьцёгнаў, такі боль цяжка было ўтрываць, асабліва ў стане перапуду ад хуткай сьмерці. Аднак калі чалавек ужо прызвычаіўся да пастаяннага болю, (як гэта звычайна бывае, калі замест уласных ног зь мяса, костак і крыві маеш штучныя), так і Віктар-паўдурак ня енчыў зусім, не стагнаў, не крычаў ад болю, увогуле не казаў ні слова.

Якраз наадварот, ён быў вельмі шчасьлівы з таго, што выратаваўся, і толькі абхапіў мяне ззаду тымі камлякамі, што засталіся ад ягоных ног, і так я, двойчы, тройчы, а мо й у дзесяць разоў абцяжараны, ірвануўся зь лесу наперад да Фёдынгу. Паўдурку было ўжо не да таго, ці пасьпее ён да дванаццаці патрапіць у Фёдынг ды сустрэцца з млынаром, які, дарэчы, згодна з дамовай, аб'ехаў лес на сваім вазку й чакаў яго там, на месцы. Няшчасны нават не асьмельваўся ні аб чым такім думаць, я ж, кінуўшы позірк на свой гадзіньнік і адзначыўшы, што цяпер палова на дванаццатаю, падумаў, што мы з Паўдуркам маем шанец патрапіць у Фёдынг а дванаццатай, і я, узгадаўшы, што мяне там чакае яшчэ й пацыент, пабег хутчэй ды хутчэй празь лес з Паўдуркам на закарках. Ён жа, як і ўсе бязногія, быў даволі тлустым і пульхным, да таго ж рэшты ягоных драўляных ног штохвіліны віскліва скрыгаталі, а ён зь перапуду ад такой маёй хуткасьці ня мог вымавіць і слова. Толькі калі мы ўжо выбеглі зь лесу, ён, убачыўшы ліхтары здалек, запытаўся: “Ці гэта Фёдынг?” На што я адказаў: “Так, так, гэта Фёдынг!” Тады толькі Віктар-паўдурак запытаўся, ці мінула ўжо дванаццатая гадзіна, на што я кінуў, ледзь дыхаючы: “Не, не, яшчэ не мінула!”

Вось так сьпяшаўся я, амаль трацячы прытомнасьць, і тут Паўдурак узгадаў, што яны з млынаром дамаўляліся сустрэцца ня проста ў Фёдынгу, а ля ўваходу ў царкву.

“Ля ўваходу ў царкву? Ну й для мяне гэта таксама зручна,” — пагадзіўся я, — “бо якраз побач жыве мой пацыент.”

Калі мы ўжо набліжаліся да плошчы перад царквою, я пасьпеў сказаць яму, што дванаццатая гадзіна яшчэ не прабіла.

І з апошняе моцы я кінуўся да ўваходу ў царкву, дзе нас і сапраўды чакаў млынар — вялікі, чорны мужык, і мне падумалася: нарэшце тут ты й скінеш свой цяжар, гэтага Віктара-Паўдурка, але трэба было так зрабіць гэта, каб той не адчуў болю.

І як толькі я выпрастаўся ды адчуў палёгку, прабіла акурат дванаццаць. Але Паўдурак ужо ляжаў перад млынаром, ды, упэўнены ў сваім праве, цягнуў руку па грошы.

Моцна ўражаны пабачаным, млынар урэшце змушаны быў выцягнуць з кішэні вялікі чорны кашалёк, аднак толькі пасьля таго, як я назваўся ды павітаўся зь ім. Тады толькі, больш з-за страху, менш ад таго, што ён пагаджаўся з тым, што прайграў свой заклад, адлічыў Віктару-паўдурку восем стошылінгавых паперак.

“Калі ўжо пайшлі ў заклад, дык няма што казаць цяпер,” — прамовіў ён, хаця, вядома, ня мог нават уявіць, што дурню магло так пашчасьціць: знайсьці ў лесе некага, хто згадзіўся б на сваёй сьпіне давезьці яго да Фёдынгу.

“Ды я б і грошыка за яго жыцьцё ня даў,” — сказаў млынар. — “Гэта ж зусім вар'яцтва — у такі заклад пайсьці. Я яго ў труне ўжо бачыў. Калі б ня доктар... Так, усё гэтыя дактары! Заўсёды яны лезуць не ў свае справы!” Пасьля гэтых слоў ён зьнік, як яго й не было.

А я зноўку ўзваліў Паўдурка сабе на плечы ды пайшоў разам зь ім да свайго хворага. Пасьля таго я заплаціў у бліжэйшым гатэлі за ложак для яго на рэшту гэтай ночы.

Мы дамовіліся больш ня мець ніякіх справаў адзін да аднаго. Дзіўна, але разьвітваючыся, Паўдурак палічыў патрэбным выказаць мне сваю шчырую ўдзячнасьць.

Аднак за што? Мяне турбавала гэтае пытаньне на зваротным шляху дамоў, нават тады, калі я ўжо быў вырашыў выкінуць з галавы тую сустрэчу. За што? Бо хаця ён і атрымаў васямсот шылінгаў, гэта значыць пару найлепшых юфтавых ботаў ад нашага найлепшага шаўца, аднак жа ж страціў свае драўляныя ногі, якія каштавалі яму дзьве з паловаю тысячы.

Што ж гэта за чалавек, думалася мне, калі я ішоў празь лес. Думкі пра яго проста апаноўвалі мяне: думаў — сам звар'яцею.

Хто такі быў Віктар-Паўдурак? Альбо вар'ят на самой справе, альбо...

Пераклад зь нямецкай Кацярыны ІГНАТОВІЧ.

 

 

Томаш Бэрнхард. Гэта камэдыя? Гэта трагедыя?

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY