ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА

 

АНТАНІНА ХАТЭНКА. СТЫЛІСТЫКА ЖУРНАЛІСЦКІХ ЖАНРАЎ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

ЛЕКЦЫЯ 3. АДРОЗНАСЬЦІ ЖАНРАЎ І СТЫЛЯЎ.

АДМЕТНАСЬЦІ ПРАЦЫ ДРУКАВАНЫХ І ЭЛЕКТРОННЫХ МЭДЫЙ

Плян:

1. Інфармацыйныя, аналітычныя й публіцыстычныя жанры

2. Мэдыі ў варунках інфармацыйнага выбуху

3. Друкаваныя й электронныя СМІ як формы камунікацыі й кіраваньня ў грамадзтве

4. Навінныя выпускі як найбольш апэратыўны спосаб інфармаваньня

5. Асноўныя прынцыпы вылучэньня й фармаваньня стыляў у гісторыі грамадзтва

 

1. Інфармацыйныя, аналітычныя й публіцыстычныя жанры

Наш час безумоўна пацьвярджае: насычанасьць газэтна-часопісных старонак, тэле- й радыёпраграм, а таксама Інтэрнэт-сайтаў пераважна й перадусім падзейнымі зьвесткамі выводзіць інфармацыйныя жанры на дамінантнае месца ў журналістыцы ўсяго сьвету. Патлумачана й абгрунтавана гэта цэлым шэрагам аб'ектыўных і суб'ектыўных фактараў, працэсаў, характэрных для нашага грамадзтва й ўсяго чалавецтва.

Найперш гэтак адбываецца таму, што хуткае дынамічнае разьвіцьцё інфармацыйна-перанасычанага грамадзтва вымагае, адпаведна, і найбольш хуткага, апэратыўнага й поўнага забесьпячэньня чытача (слухача, гледача) надзённымі зьвесткамі. З прычыны даволі суровай канкурэнцыі друкаваных і электронных мэдый зьяўляюцца новыя ўмовы й патрабаваньні да формы падаваньня інфармацыі. Адыгрывае пэўную ролю й той фактар, што грамадзкая сьвядомасьць у канцы XX стагодзьдзя гэтаксама падпала пад вельмі значныя зьмяненьні, якія, да жалю, немагчыма назваць пазытыўнымі. З дакладнага азначэньня Томаса Мана, "дзьве ўсясьветныя вайны выпесьцілі барбарства й сквапнасьць і моцна панізілі агульны інтэлектуальны й маральны ровень…"

Масавая культура спараджае масавага спажыўца — распаўсюджаны сацыялягічны тэзыс шасьцідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя цяпер яскрава пацьвярджаецца ў штодзённасьці. Гэта відочна бачна й на ўзроўні пабытовым — ува ўзаемінах людзей на вуліцы, у транспарце, нават у сям'і. А ў нашай краіне ўсё абвастраецца на глебе адрачэньня ад нацыянальных каранёў, а таксама ідэалягічнага перасьледу журналістаў за праўдзівую інфармацыю.

Гэтакім чынам, перад інфармацыйнымі жанрамі, якія толькі канстатуюць факт, не дасьледуючы прычын падзеі, не намагаючыся выпрацоўваць канцэпцыю грамадзкіх зьяваў, адступаюцца і аналітыка, і мастацка-публіцыстычная плынь творчасьці. Калі 10—15 адсоткаў аналітычнасьці прысутнічае ў нумары часопіса ці масавай газэты, — дык гэта ўжо раскоша.

Беручы верх над усімі астатнімі жанрамі, выцясьняючы іх з журналісцкай практыкі назусім, альбо змушаючы да якасных зьмяненьняў, гэткія традыцыйна-інфармацыйныя жанры, як нататка, інтэрвію, рэпартаж, настала запаланілі газэтныя палосы й тэле- радыёэтэр.

За сацыялістычнымі часамі да інфармацыйных жанраў адносілі й справаздачу, але зь цягам часу яна істотна відазьмянілася й набыла, хай сабе й ня надта заўважныя, прыкметы аналітыкі, ня страчваючы, вядома ж, паведамляльнага характару. Цяпер, калі не даецца адкрытых распарад ЦК альбо абкамаў партыі, як правільна зрабіць справаздачу пра нейкую палітычную акцыю, стала магчыма супастаўляць некаторыя элемэнты й факты з аналізаваньнем хады памянёнае падзеі. Хіба сэлектарная нарада прэзыдэнта, якая спачатку трансьлюецца цалкам, а затым паўтараецца ў якасьці справаздачы, не выдае на інфармацыйна-аналітычны матэрыял — з камэнтаром на карысьць дзяржавы альбо апазыцыйных структур?

Бясспрэчна, дзяржаўныя й апазыцыйныя СМІ ўсё роўна выконваюць заказ і дагаджаюць, гэтак скажам, гаспадару, аддаючы праўдзе столькі месца, колькі магчыма ў адпаведнасьці з ідэалягічнымі канонамі. Дык журналістыкі, па сутнасьці, не бывае ў прыродзе незаангажаванай, і гэта ёсьць у гісторыі нязьменным. Наўрад ці былі прадаўна летапісцы й храністы, якія занатоўвалі б абсалютную ісьціну — кожны ж выказваў інтарэсы свае супольнасьці, свайго валадара.

Насамрэч сёньня масавая палітычная газэта ці папулярная праграма гэткага ж кірунку ёсьць псэўдаінтэлектуальнымі прадуктамі, што праглынаюцца мімаходзь, почасту без усялякае ацэнкі якасьці атрыманага "харчу" й без пачуваньня насычэньня.

Усясьветная інфармацыйная прастора, без сумневу, напоўнена да краёў, а колькі чалавек можа зь яе ўзяць сабе на духовае пасталеньне й пабагачэньне — застаецца турботаю журналістаў, якія альбо ствараюць, альбо разбураюць. Гэты ж выбар кожны робіць сам, бо працуючы ва ўсялякім жанры, магчыма вышукваць магчымасьці будаваць грамадзкія адносіны ці руйнаваць іх. І стыль, моўна-выяўленчыя сродкі, скарыстаныя журналістам, дастаткова сур'ёзна ўплываюць на ўспрыманьне — ці голай інфармацыі, ці аналітычных разваг.

З гэтага правіла, на першы погляд, нібыта выпадае праца інфармацыйных агенцый, якая больш нагадвае рэдактарска-арганізацыйную: тут зьбіраюцца й выдаюцца на спажыў грамадзтву зьвесткі, мала прыдатныя для аўтарскай інтэпрэтацыі. Зрэшты, і гэта ня ёсьць канчатковым прысудам.

Навіны ж таксама бываюць эмацыйна-ўзрушальнымі (бо гэтак нам перадаюць), альбо безаблічна, бясколерна абвешчанымі.

Здараецца, што нават дазавана-аб'ектыўныя навіны ў пэўным аздабленьні ўзьдзейнічаюць на псыхіку чалавека гэтак, як ня могуць разьлічваць і чакаць разьмеркавальнікі найкаштоўнае рэчы ў сьвеце — інфармацыі. Усё зноў-такі ці ня цалкам залежыць ад прафэсіяналізму й духоўнага, чалавецкага статусу журналіста, адказнасьць якога ў цывілізаваным сьвеце прыроўніваецца ў наш час да адказнасьці доктара й настаўніка: усе ж яны разам маюць наўпростае дачыненьне да самых тонкіх сфэр чалавечага быцьця й сьведамленьня.

Справаздача, якая аказалася на сумежжы інфармацыйных і аналітычных жанраў, мала цяпер вядома. Можа быць, блізка да яе паўстае камэнтар, які ёсьць паведамляльным, і ў нейкай ступені аналітычным: ацэньвае ж аўтар адбыванае, робіць пэўныя высновы. Што ж датычыць аналітычных жанраў, адметнай асаблівасьцю якіх ёсьць ужо ня так самое паведамленьне, адрозна ад інфармацыйных, але абавязковая наяўнасьць аналізу фактаў, сытуацый, жыцьцёвых назіраньняў, уласна-аўтарскага роздуму, высноваў і абагульненьняў, дык да іх трэба аднесьці ня надта папулярную цяпер карэспандэнцыю, артыкул, рэцэнзію, агляд, а таксама звыклыя, здавалася б, агляды друку. Сюды ж прымыкае, у некаторай ступені, заўважна пашыраная апошнім часам зацемка, месца якой, дарэчы, таксама акрэсьлена якраз на сумежжы з мастацка-публіцыстычнымі жанрамі.

Быццам паасобку ад усяго пералічанага знаходзіцца мастацка-пуліцыстычны жанр. Асабліва згадваючы, што журналістыка даволі асьцярожна ставіцца да мастацкіх праяваў у тэкстах: маўляў, усялякая залішняя вобразнасьць замінае ўспрыманьню матэрыялу й занадта расквечвае думку. І ўсё ж гэтак рухаўся працэс фармаваньня й разьмежаваньня журналісцкіх жанраў, што мастацкія адметнасьці здолелі прыжыцца ў нарысе й фэльетоне, добра-такі іх падсілкоўваючы й выводзячы на іншыя, параўнальна з інфармацыйнымі й аналітычнымі жанрамі, абсягі бытаваньня, поруч зь літаратурнымі ўзорамі.

Маючы за аснову аналізаваньне, і нарыс, і фэльетон спалучаюць у літаратурнай тканцы эмоцыю, вобраз і нават цэлую сыстэму моўных адзінак, якія ператвараюць, надараецца, добры публіцыстычны твор у бэлетрыстыку. Якраз гэтай неад'емнай асаблівасьцю й абумоўлена іхная спэцыфіка, за конт яе дасягаецца еднасьць сэнсорнага пачатку й рацыянальнага, лягічнага абгрунтаваньня й вобразу.

Асобна вылучаецца ў мастацка-публіцыстычным рэчышчы эсэ (з франц. проба, спроба) — у вольнай форме зроблены твор навукова-гістарычнага, філязофскага, публіцыстычнага характару. Прычым, да эсэ не выстаўляецца патрабаваньняў датычна формы, а таму сыстэмнасьць і аргумэнтаванасьць тут ня ёсьць абавязковымі. Наадварот, эсэістыцы ўласьцівы вобразнасьць, афарыстычнасць, суб'ектыўнасьць, індывідуальная інтанацыя й памкненьне да самааналізу, да самавыяўленьня. Згадайма "Загадку Багдановіча" М.Стральцова, "Зямля пад белымі крыламі" Ул.Караткевіча, "Як агонь, як вада" А.Лойкі.

З разгляданае намі структуры жанраў зусім не вынікае, што нехта мае на мэце ўніфікацыю формы журналісцкага творчага працэсу, альбо дамагаецца поўнае залежнасьці аўтараў ад вызначанага жанру ды яшчэ й "прывязкі" да названых груп. Зразумела, што кожная форма валодае сваімі перавагамі й прывілеямі, сваёй танальнасьцю, і гэта азначае, што ўсе яны па-рознаму ўплываюць на пачуцьці й розумы людзей. У гэтым і схавана патэнцыйная магута усялякага творцы — ува ўмельстве трымацца абранага жанру, як шляху, і напоўніцу скарыстоўваць усе прыймальныя рысы іншых жанраў, каб складаць літаратурнае палатно займальна й даходліва, калі хочаце, — павучальна.

А раз ніводзін чалавек ня бачыць сьвет аднолькава з іншым і кожны акцэнтуе ўвагу на нечым, адрозным ад успрыманьня іншымі, працэс журналісцкага пазнаньня рэчаіснасьці ёсьць рознабаковым і рознапраяўным. Дзеля ж узьнікненьня разнастайных карцін тае самае, адбіванае ў матэрыялах, рэчаіснасьці маецца да паслуг творцаў незьлічоная колькасьць моўных адзінак, якія ўсяляк магчыма выстройваць і канструяваць, каб стылёва-непаўторна гаварыць да слухача (чытача, гледача), спадзеючыся на эфэкт свае працы.

Інфармацыя ж выконвае ў грамадзтве — адвеку й, напэўна, нязбыўна — ня толькі камунікатыўную функцыю, але й вельмі адказную місію кіраваньня. Журналістыка паўстае ўладай тады, калі насамрэч дзейсна фармуе грамадзкую думку адносна пэўнае праблемы ці зьявы. А для гэтага яна, журналістыка, мае скарыстоўваць немалы арсэнал зброі, найперш — слова.

Яскрава паказвае сутнасьць інфармацыі як тавару, які належыць правільна вытварыць і правільна збываць дзеля дасягненьня адпаведнага выніку, самое слова "газэта". Зь яе, дарэчы, усё й распачалося — з газэты. У XVI стагодзьдзі ў Вэнэцыі было заснавана бюро па зборы інфармацыі пра палітычныя падзеі, цэны, прыплыцьцё й адплыцьцё караблёў?

Ніхто тады не меркаваў, раздаючы лісткі з паведамленьнямі на вуліцах, што яны фармуюць грамадзкую думку й гэткім чынам кіруюць суайчыньнікамі — папросту прадавалі тавар за срэбную манэту (газэту). А сталася ў гісторыі гэтак, што газэта (і ўсе іншыя мэдыі) насамрэч уладараць намі нават болей, чым мы здатны зразумець. Для гэтага й вынаходзяцца бясконца й нястомна ўсё новыя й новыя формы ўплыву на сьвядомасьць. І пытаньне стылю тут зусім не выдае на другараднае.

2. Мэдыі ў варунках інфармацыйнага выбуху

Ува ўмовах інфармацыйнага выбуху, што набывае ўсё большую магуту й пагражае стацца няўпраўным і непрадказальным, журналістыка ня ёсьць адзінаю галіной, якая забясьпечвае няспынны рух інфармацыі. Камунікатыўныя каналы, па якіх рухаецца інфармацыя ад крыніцы да спажыўца, нашмат шырэйшыя, чым з прыродных сваіх мажлівасьцяў можа ахапіць журналістыка — з улікам усіх ейных праяваў у разнастайных формах, відах і жанрах.

Сацыяльныя задачы, паўсталыя перад грамадзтвам напрыканцы другога тысячагодзьдзя, патрэбы, спароджаныя навукова-тэхнічным прагрэсам, вымагаюць зьяўленьня абсалютна новых камунікатыўных арганізацый і ўстановаў, узброеных сучаснымі сродкамі захоўваньня, кансэрвацыі й апэратыўнага перадаваньня спэцыфічнай інфармацыі. Пэўне ж, таму не зусім правільна кібэрнэтычны панятак інфармацыі пераносіць на творчы працэс. Усё-ткі інфармацыйны выбух як зьява датычыць ня толькі й ня столькі журналістыкі, як усяе разгалінаванае сыстэмы абмену інфармацыяй па цэлым сьвеце.

У выніку таго самага інфармацыйнага выбуху, у полі прыцягальнага ўплыву якога аказалася чалавецтва, усё зрушылася са сваіх звыклых месцаў, сталі валадарыць іншыя рытмы жыцьця й мысьленьня, нібыта эвалюцыйны працэс жывых сыстэм ледзь ня страціў свае спрадвек азначанае ролі. Зьмяніліся, адпаведна, і нормы, уяўленьні пра якасьць, колькасьць і характар журналісцкае працы. Верагодна, усё адбываецца менавіта гэтак, выбухова, з тае прычыны, што журналістыцы нашага часу ўдалося настолькі разумна авалодаць мэханізмамі кіраваньня ў грамадзтве, як ніколі дагэтуль. Але й гэтага факту недастаткова, каб вытлумачыць і абгрунтаваць інфармацыйны выбух.

Зрэшты, нас болей цікавіць суадноснасьць гэтакіх зьяваў, як дынаміка разьвіцьця журналістыкі й пашырэньне грамадзкай сьвядомасьці. Бо вядома ж: гэтыя два фактары найбольш здатныя выклікаць зьмены ў грамадзтве. Адметна, што, паводле дадзеных ЮНЭСКО, мэдыі ва ўсім сьвеце разьвіваюцца значна хутчэй, чым павялічваецца насельніцтва плянэты, а маса інфармацыі ўзрастае ў геамэтрычнай прагрэсіі. Пры тым, што каналы масавых камунікацый ёсьць далёка не раўназначнымі й не адэкватнымі па сваіх магчымасьцях фіксаваць выбух сацыяльнай, культурнай, эканамічнай і палітычнай інфармацыі.

3. Друкаваныя й электронныя СМІ як формы камунікацыі й кіраваньня ў грамадзтве

Прадметам нашае гаворкі зьяўляецца не адно газэта як носьбіт інфармацыі, але таксама й іншыя — найперш электронныя — мэдыі. Самае павярхоўнае супастаўленьне спэцыфікі газэты з радыё й тэлебачаньнем паказвае, што магчымасьці, умовы й спосабы адлюстраваньня, а падчас і трансфармаваньня факту й думкі ў іх прыкметна адрозныя.

І найбольш тут выйграе радыё — з прычыны лёгкага доступу спажыўца да інфармацыі й маштабнага яе распаўсюду, а таксама шырокага выбару хваляў — на розны густ і патрэбы. Нават найпапулярнае тэлебачаньне ў гэтых абставінах саступае: не сягае гэткага ўсёрэгіённага пашырэньня.

На чалавека сёньня абрыньваецца гэтакі паток радыёзьвестак, што газэта аніяк не адужае пасьпець адначасна й апэратыўна даць хаця б малую часьціну дазнанага з гэтак званай кропкі. І ўжо ніяк не апярэдзіць слову друкаванаму прамоўленага. Інфармацыйнае поле нашае краіны, праўду сказаць, дык і засьмечана ўсялякай вэрбальнай непатрэбшчынай. Зрэшты, куды меней матэрыялаў уласна-беларускага паходжаньня (і па мове, і па зьместавым напаўненьні), чым расейскіх. Мабыць, дарэчы, гэта й лепей, чым вытваралася б сваё, мала праўдзівае факталягічна й нізкага мастацкага роўню.

Але вернемся да жанраў, да якіх нам належыць прыстасаваць гэткую непадатлівую катэгорыю, як стыль. Як ні круці, але нават у інфармацыйным жанры, які, здавалася б, ёсьць толькі называльным, паведамляльным, асоба аўтара зь ягоным правам гэтак альбо інакш карыстаючы рэсурсы мовы, перадаць зьвестку, застаецца ва ўсіх мэдыях асноўнаю. Бо ён, аўтар, мусіць пасьлядоўна даводзіць думку, сьцьвярджаць пэўны пункт гледжаньня за конт сілы ўласнае лёгікі й майстэрства збудоўваць тэкст. Факты ж — у бальшыні выпадкаў — дапаможны матэрыял, які правяраецца практыкай жыцьця.

4. Навінныя выпускі як найбольш апэратыўны спосаб інфармаваньня

Навіны. Кожнаму зразумела, што інфармацыйнасьць базуецца на дакладнасьці й пачынаецца з апэратыўнасьці. Калі для падрыхтоўкі праблемнага артыкулу магчыма назапашваць матэрыял цягам доўгага часу, бо ніякай праблемы без сур'ёзнага, удумлівага дасьледаваньня не разьвяжаш, то выпуск навін патрабуе найперш і галоўным чынам апэратыўнасьці.

Канечне, наўмысьля дэталёва й мэтанакіравана вывучаць нейкую падзею будзе нехта іншы й пазьней — калі новы жыцьцёвы факт стане прадуктам спажываньня. А ў пэўны момант аўдыторыя павінна атрымаць навіну як мага блізка да часу яе адбываньня, каб яна не згубіла вастрыні й закранула пачуцьці ўспрымача. Аднак жа, не праверыўшы праўдзівасьці падзеі, не ўдакладніўшы месца дзеяньня, прозьвішчаў, лічбаў і назваў, журналіст ня мае права на падаваньне паведамленьняў — наколькі б актуальнымі яны ні выглядалі.

Апэратыўнасьць як неад'емная рыса навін прадугледжвае абавязковасьць пошуку журналістам фактаў, тэрміновую апрацоўку іх і — на апошнім этапе — запуск у камунікатыўны канал. І ў гэтай неадпрэчнай працы, што складаецца з трох пасьлядоўных этапаў, газэтчыкі й радыё- тэлежурналісты маюць роўныя магчымасьці. Астатняе ж абумоўлена спэцыфікай перадаваньня інфармацыі, тэхнічнай прыродай друкаваных і электронных СМІ.

Без сумневу, за той час, пакуль газэта выдрукуецца, сынхронна, непасрэдна зь месца падзеі радыё й тэлебачаньне распавядуць пра падзею, карыстаючы, да таго ж, і мажлівасьць вар'іраваць час выхаду ў этэр. Патугі газэты канкураваць у гэтакіх варунках выглядалі б недарэчна. І, на першы погляд, калёнка навін на газэтнай паласе, пасьля таго, як яны шматразова й пераканаўча прапанаваны ў гукавой форме й з экрану, падаецца непатрэбнай. Ды тут паўстае пытаньне індывідуальна-адрознага ўспрыманьня інфармацыі некаторымі людзьмі: ёсьць і тыя, каму трэба ўгледзецца, учытацца, пабыць з паведамленьнем сам на сам — газэта падмацоўвае й паглыбляе ўражаньне; дазнанае не праглынаецца, але абдумваецца.

Гэтакім чынам, за спажыўцом рэальна захоўваецца ўсеагульны прынцып выбіраньня характару й крыніцы інфармаваньня. Дый яшчэ з улікам індывідуальнай здольнасьці да засвойваньня, сфармаванай у залежнасьці ад умоваў жыцьця, выхаваньня, тыпу вышэйшай нэрвовай дзейнасьці. Спалучэньне матэрыяльнага й ідэальнага, аб'ектыўнага й суб'ектыўнага ў спажываньні інфармацыі нараджае сацыяльна-псыхалягічны фэномэн чытацкага інтарэсу — інтэграваны адбітак жаданасьці, неабходнасьці й магчымасьці.

Да таго ж, уплыў на абраньне пэўнай формы спажыванай інфармацыі аказваюць прыродная цікаўнасьць чалавека, шырыня ягонага сьветагляду й адукацыя, а таксама род заняткаў. Навіны асьветніцкага пляну, заснаваныя на сэнсацыі, яркім лёсавым эпізодзе, знаходзяць водгук масавы, а прафэсійна акрэсьленыя вылучыць для сябе спэцыяліст у галіне, датычна якой нешта паведамляецца — дзеля перайманьня добрага вопыту, ці, наадварот, перасьцярогі ад нечага адмоўнага.

Інфармацыя — катэгорыя сацыяльная. А таму навіны могуць быць як агульнаплянавымі, актуальнымі для ўсяго грамадзтва, гэтак і грамадзка-групавымі, з ухілам прафэсійна-галіновым. Гэткая дыфэрэнцыяцыя й паслугуе стварэньню рознагаліновых, так бы мовіць, газэт і радыё- тэлеканалаў, на якіх пануе пэўная стылістыка, найбольш прыймальная азначанай аўдыторыяй.

Журналіст-майстар не выхоплівае выпадковых фактаў і ня штучна лепіць іх у навіны, а бярэ найбольш тыповы, характэрны для рэчаіснасьці краіны факт з мноства іншых, маючы на ўвазе ягоную грамадзкую значнасьць і патэнцыйную моц уплыву на дзень сёньняшні й пэрспэктыву. Якраз гэтак выяўляецца тая акалічнасьць, што для службы інфармацыі надзвычай важнаю ёсьць актуальнасьць прадмета паведамленьня. Працуючы з артыкулам, дарэчы, трэба ўжо супастаўляць цэлы шэраг фактаў у іхнай узаемасувязі — дзеля выяўленьня пэўных заканамернасьцяў.

Робіцца відочным, што апэратыўнасьць, дакладнасьць, ляканічнасьць інфармацыйных паведамленьняў, іх сацыяльная дыфэрэнцыяцыя, а таксама безупыннасьць інфармацыйнага працэсу ёсьць найбольш характэрнымі рысамі навін — жанру, які ў самай сьціслай, даходлівай і экспрэсіўна-вобразнай форме адлюстроўвае рэаліі жыцьця, прыводзячы (ці намагаючыся прывесьці) суб'ектыўную чыннасьць людзей да адпаведнасьці з патрабаваньнямі аб'ектыўных законаў грамадзтва й прагрэсіўнымі тэндэнцыямі.

Нам істотна зважыць на тое, што газэтныя навіны адрозьніваюцца ад радыё- й тэлевізійных па збудове: надрукаваны тэкст можа быць трохі даўжэйшым, і ў ім дапушчальна скарыстоўваць складаныя сказы, бо ж для газэтнай інфармацыі характэрны лёгіка-разумовы спосаб асьвятленьня фактаў, падзеяў і зьяваў, які дае аптымальныя магчымасьці фармаваньня ў сьвядомасьці кожнага індывіда ўласнай пазнавальнай мадэлі навакольнай рэчаіснасьці.

Электронныя мэдыі, наадварот, перадусім разьлічаны на агульна-масавае спажываньне, і гукавое выкананьне вымагае асаблівай сьцісласьці, ужываньня простых, ня ўскладненых мноствам прыслоўяў, дзеепрыслоўяў, фраз, бо аб'ём успрыманьня на слых у чалавека досыць абмежаваны, а ўзнавіць пачутую інфармацыю, як перачытаць у газэце, немагчыма.

Журналістыка скіравана да розуму ўспрымача, але ўмее й павінна закранаць і пачуцьці, а навін, якія ўзрушваюць і змушаюць да суўдзелу ў адбываным (хай сабе й на іншым краі сьвету), цяпер не ахапіць і не пераказаць: на Зямлі ўсё ўзбунтавана. Памыліўся, як бачна, Артур Кларк, калі спрагназаваў у кнізе "Рысы будучыні", што да 2100 году адбудзецца ўсяго трынаццаць сэнсацыйных адкрыцьцяў чалавецтва.

Зрэшты, і тысячу сэнсацыяў перадасьць, суперажываючы й пераўзнаўляючы, журналіст-прафэсіянал. Мы штодня чакаем паведамленьняў пра нешта новае, бо жыцьцё — рэч неспасьцігальна зьменлівая. А журналіст прыкмячае сэнсацыю ў будзённых праявах, пераасэнсоўвае, насычае сваёй энэргіяй, "апранае" ў строі вобразаў і, не парушаючы праўдзівасьці падзеяў, адкрывае сьвету шырокія абсягі жыцьця ў кароткай навіне, што канцэнтруе ў сабе і радасьць, і сум, і любоў, і варожасьць — ці ня ўсю гаму чалавечых адчуваньняў.

Нататка. Наступнай пасьля навіны паўстае інфармацыйная нататка — ці ня самы распаўсюджаны з апэратыўных і максымальна насычаных фактамі інфармацыйных жанраў, што адказвае на пытаньні "Што? Дзе? Як?". Менавіта нататка, дарэчы, патрабуе надзвычай рупнай працы й адказнасьці журналіста літаральна за кожнае слова, лічбу й нават знак прыпынку, бо яна ёсьць першаклеткай усяго інфармацыйнага мэханізму й асновай усіх інфармацыйных жанраў.

Згадайма: колькі напружаных нататкавых радкоў абвесьцілі сьвету пра кастрычніцкі пераварот, першы палёт у космас, пра Чарнобыльскую катастрофу й тысячы розных падзей з гісторыі чалавецтва. Потым ужо зьявяцца інтэрвію, рэпартажы, спэцыяльныя камэнтары й артыкулы, у якіх прааналізуюць, дасьледуюць, высьвятляць, ухваляць альбо раскрытыкуюць, каб вызнаць праўду й карані. Але напачатку пракрычыць нататка, і ад яе пачынаецца ўзаемапераход жанраў. Нездарма ж цяпер прынята лічыць яе ўласна навіной — эмацыйна-вобразна й дакладна-коратка выказаным фактам.

Ува ўмовах практычна імгненнага распаўсюду інфармацыі адзіная, своечасова зробленая навінная нататка здольна зьмяніць лёсы вайны й замірэньня, жыцьця й сьмерці. Вось якое найважнае месца займае ў сьвеце слова. "Падрабязнасьць — гэта Бог" — выснаваў Вальтэр. Хто ўсьвядоміў гэтую ісьціну, годна ўвойдзе ў журналістыку, якая з часавасьці складае кронікі вечнасьці.

Каб часавае, прамінальнае працавала на разьвіцьцё, майстар, узброены гэтакім дзейсным сродкам, як слова, вінен добра ўяўляць структуру навінных тэкстаў і стыль іх напісаньня — гэты закон неадменны. І, згодна зь ім, нататка-навіна будуецца з прынцыпу "піраміды": самая важкая інфармацыя паведамляецца ў першым абзацы (лідзе), а далей падаюцца падрабязнасьці — ад істотнай да другарадных, дадатковых.

Аптымальна ляканічны (ня болей за адзін-два радкі) загаловак усялякае інфармацыйнае нататкі на пачатку мае дзейнік і абавязкова ўтрымлівае дзеяслоў. Нататка, як і кожная навіна, мусіць таксама пачынацца зь дзейніка й ні ў якім разе ня з простай мовы. Даўжыня першае фразы — тры-пяць радкоў, якія ня толькі канстатуюць, але й тлумачаць сутнасьць адбытага. У лідзе сэнсава значным выступае энэргічны ёмкі дзеяслоў (дасягнулі, надышоў, зьдзейсьнілася). Зазвычай уся нататка ўлучае ня больш за 20 радкоў. Найлепшая рэпатэрская школа — інфармацыйная агенцыя — звучае да яшчэ ашчаднейшай кампактнасьці тэксту, а ў газэце практыкуецца й трохі большы памер.

Прыблізна з другога абзацу нататка прадугледжвае цытату, паколькі спасылка на кампэтэнтную, спраўную асобу выклікае ў чытача (слухача, гледача) асаблівую ўвагу. Азначым: інфармацыя з прэс-канфэрэнцыі са слова "паведаміла" (пэўнае выданьне) распачынацца ня можа, нават калі пытаньне да выступоўцы фармуляваў аўтар нататкі. У тым разе, калі журналісту ўдалося выпытаць нешта цікавае для рэдакцыі ў кулюарах, існаю ёсьць пазнака "паведаміў нашаму журналісту". Агульнае ж фармуляваньне кшталту "як нам стала вядома" ёсьць парушэньнем прафэсійнай этыкі й да ўжываньня забаронена.

Інфармацыйная агенцыя, з улікам ейнае спэцыфікі, падае паведамленьні праз паўгадзіны пасьля падзеі (канфэрэнцыі, сустрэчы), гэтак жа апэратыўна працуюць электронныя СМІ, а газэта дапускае навінны выпуск назаўтра пасьля адбыванага. Акрамя таго, варта нагадаць шмат разоў паўторанае й гэтак жа часта парушанае журналістамі правіла: усе дадзеныя, найперш — надыктаваныя па тэлефоне, двойчы правяраюцца, па літарах; назвы фірм і кампаній указваюцца на мове арыгіналу, абрэвіятуры расшыфроўваюцца.

Заўсёды трэба асьцерагацца дэзінфармацыі, якая почасту наўмысьля правакуецца некаторымі інфарматарамі, каб затым нейкая ўстанова магла распачаць супраць рэдакцыі судовае разьбіральніцтва. А таму лепей памятаць: толькі эксклюзіўны матэрыял забясьпечвае перамогу ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе розных мэдый — сьвежыя навіны, нават і з найдалёкага краю сьвету, цяпер могуць здабыць ці ня ўсе выданьні.

Што да зьместу інфармацыйнай нататкі, то на першым пляне знаходзіцца, неаспрэчна, кранікальная нататка, пра якую мы ўжо маем уяўленьне. У журналісцкай практыцы яшчэ сустракаюцца нататкі-прапановы (колькі сказаў прагматычнага тэксту), нататкі-падзякі — напісаныя ў адвольнай форме красамоўныя сьведчаньні стану грамадзкай маралі, і крытычныя нататкі, якія падлягаюць дасканалай праверцы. Зразумела, у выпадку публікаваньня непацьверджанага факту крытыкі рэдакцыя робіць аспрэчаньне й прабачаецца.

5. Асноўныя прынцыпы вылучэньня й фармаваньня стыляў у гісторыі грамадзтва

Мы яшчэ не закранулі гэткага важкага моманту, як гістарычнае фармаваньне й вылучэньне стыляў. Заўважана, што ў розныя часы выпрацоўваюцца розныя падыходы да стыляў, ці папросту манеры маўленьня. Дый у розных жыцьцёвых абставінах мы карыстаемся адметнымі стылямі дзеля камфортнага кантактаваньня.

І гэтак, адпаведна з сацыяльным прынцыпам, вылучаецца размоўна-побытавы стыль, які цалкам залежыць ад носьбітаў мовы. Таму гараджане размаўляюць інакш, чым вяскоўцы, сяляне іначай, як арыстакраты, і люмпэн, несумнеўна, адрозьніваецца па мове ад інтэлігента. Усе гэтыя сацыяльныя групы, зразумела, у пэўных варунках падладоўваюцца адна пад другую ў маўленьні дзеля патрэбных ім стасункаў.

Жанравы прынцып падзелу стыляў прадугледжвае ўзгодненасьць стылю з жанрам. І гэта цалкам пацьвярджаюць усе нашы заняткі й сэмінары. Сюды ж дадаецца й катэгорыя часу ці эпохі. Да прыкладу, клясыцызм патрабаваў аднае стылістыкі, а рэалістычная літаратура — ужо інакшай. І тое яскрава адлюстраваў савецкі пэрыяд жыцьця й тварэньня.

Эмацыйна-экспрэсіўны прынцып — самы прадаўні. Тут зноў прыгадваюцца антычныя "Рыторыкі", а таксама Міхайло Ламаносаў зь ягоным разьмеркаваньнем стыляў на высокі, сярэдні й нізкі. І ўсё-ткі той факт, што ў гэтым разе ўлічваецца эмацыйна-экспрэсіўная афарбоўка тэксту, хутчэй, сьведчыць пра характар напісаньня альбо маўленьня, а не пра стыль.

Згодна з функцыянальным прынцыпам, вядомы й дастаткова пашыраны абыходкавы-побытавы (камунікатыўны); абыходкава-спраўны; афіцыйна-дакумэнтальны й навуковы (паведамляльны) стылі. І адрозьніць іх даволі проста, бо мы карыстаемся гэтымі стылямі ці не штодня, на ўзроўні падсьведамасьці выбіраючы той ці іншы ў пэўны момант і ў пэўных стасунках. Хіба трэба азначыць, што сюды ж дапасоўваецца размоўна-функцыянальны прынцып (з вуснай і пісьмовай формамі мовы) і кніжна-функцыянальны, які ўвасабляецца ў афіцыйна-спраўным, навуковым, публіцыстычным і мастацкім стылях, нам ужо добра знаёмых.

Напрыканцы пагодзімся на тым, што ва ўсёй багатай разнастайнасьці жанраў і стыляў ёсьць магута маўленьня й перакананьня, калі майстар слова задумляецца й жыцьцёва навучаецца карыстаць слоўныя й стылёвыя скарбы ашчадна, пры гэтым не зьбядняючы красы мовы й не плыткуючы глыбіні думкі.

Літаратура

1. Лепешаў І.Я. Асновы культуры мовы і стылістыкі. Мн., 1989.

2. Сцяцко П.У. Праблемы нормы, культуры мовы. Гродна, 1998.

3. М.Я.Цікоцкі. Стылістыка беларускай мовы. Мн., "Універсітэцкае", 1995.

4. Ян Пятроўскі. Лепшыя думкі чалавека. Флярыда, ЗША, 1995.

 

 

Стылістыка журналісцкіх жанраў

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY