ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА

 

АНТАНІНА ХАТЭНКА. СТЫЛІСТЫКА ЖУРНАЛІСЦКІХ ЖАНРАЎ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

ЛЕКЦЫЯ 2. НАЦЫЯНАЛЬНЫ АДРАДЖЭНСКІ РУХ І КУЛЬТУРА МОВЫ

Плян:

1. Адраджэньне 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя й разьвіцьцё стылістычнай навукі

2. Фактары формы й зьместу ў журналісцкім матэрыяле: дасьведчанасьць і пераўстваральніцкі талент журналіста

3. Узаемаповязь журналісцкае этыкі, псыхалёгіі й прафэсійнага майстэрства

4. Праблема духоўнай свабоды журналіста й культура мовы

5. Структура жанраў і разнастайнасьць стыляў. Фэномэн публіцыстыкі

 

1. Адраджэньне 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя й разьвіцьцё стылістычнай навукі

У аналізаваньні стану нацыянальнае мовы й стыляў, ёй уласьцівых, мы ўшчыльную падступіліся да трагедыі, перажытай моваю й ейнымі носьбітамі, калі чыніліся жорсткія рэпрэсіі, скасоўваліся ўсялякія, спрадвек усталяваныя маўленчыя нормы на ўгоду ідэалягічнай фанабэрыі й псэўдаміту пра адзіную мову саветаў. Аднак зусім не пэрспэктыўна жальбаваць па этнічна-характэрным мяккім знаку ці "эўрапеізаваных" рысах мовы — яны ж усё роўна невынішчальна аб'ектыўна існуюць, бо адпаведна зладаваны артыкуляцыйны апарат беларуса. Вядома ж: прадугледжанага звыш ніякімі ўказамі не забароніш.

З гледзішча цяперашняга моўнага становішча выглядае, што лепей за крыўду спрацоўвае іншае пачуцьцё — годнасьць. А таму досьвед пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня (і тых зь іх, што пакутавалі й гінулі, як ні жудасна, за мову) на дадзены момант ці не найлепшая падмога ў справе спасьціжэньня сябе як нацыі праз чысьціню й захаванасьць, узбагачанасьць і пераменлівасьць мовы.

"Мова — жывая істота — пісаў Кузьма Чорны. — Яна жыве, а не існуе. Адным словам можна вельмі шмат выказаць альбо тым жа самым словам нічога не сказаць. І гэта нават можа быць ад таго, як гэта слова выгаварыць. …А паколькі народная мова не маналітная, не аднолькавая для розных пластоў насельніцтва, паколькі яна разьвіваецца, зьменьваецца ў залежнасьці ад часу, то трэба глядзець, каторы стыль народнай мовы можа быць на месцы тут, а не там, і наадварот. Іначай кажучы, трэба ведаць, як карыстацца мовай".

Чым не інструкцыя па далікатным абыходжаньні з мовай як з жывым адчувальным арганізмам?! Псыхалягічна-тонка й даткліва Чорны выходзіць у сваіх высновах да набалелае праблемы — выштурхваньня з ужытку беларусаў іхнае мовы й накіданьня мовы чужое. Прынамсі, менавіта пра гэта ён турбуецца ў артыкуле "Небеларуская мова ў беларускай літаратуры", зважаючы, што беражлівыя адносіны да свае мовы як да гістарычнае й культурнае каштоўнасьці ёсьць адначасна й супрацівам усялякім чужынскім моўным наплывам. А гэта азначае, што абавязковай умовай гарманічнага існаваньня мовы ёсьць стаўленьне да яе носьбітаў, карыстальнікаў. Асабліва ж — творцаў (ці тое пісьменьнік, ці журналіст, ці навуковец).

Патрабаваньне мэтазгоднага й мэтанакіраванага выкарыстаньня моўных сродкаў ў адпаведнасьці з жанрам, зьместам, экспрэсіўнай афарбоўкай твору было ці не асноўным у клопаце Кузьмы Чорнага пра статус нацыянальнае мовы ў грамадзтве, літаратуры й дзяржаве. Таму ён нястомна цьвердзіў, што стыль і зьмест твору знаходзяцца ў цеснай узаемасувязі й мусяць складаць адзіную цэласьць — інакш распадаецца нават ідэя, замысьленая аўтарам. Бо насамрэч мала-мальская зьмена ў канструкцыі фразы ці ў інтанацыі выклікаюць адпаведную рэакцыю — зьмяняюцца сэнсавыя й эмацыйныя адценьні.

Вывучэньнем гэтых сэнсавых і эмацыйных адценьняў і навучаньнем правільна надаваць іх твору — незалежна ад памеру, аднак спрычынна да жанру й мэты выказваньня — мы й зоймемся, беручы да ўвагі досьвед папярэднікаў і ня грэбуючы дасьледаваньнем памылак, якіх трэба запазьбегнуць. Дзеля выніку належыць толькі спасьцігнуць сутнасьць старадаўняе мудрасьці: усё ў сьвеце ужо здаралася, але ўсё зьмяняецца. Якраз талент спалучэньня гэтых супярэчнасьцяў, напэўна, ёсьць асновай усялякага разьвіцьця, эвалюцыйнага руху.

2. Фактары формы й зьместу ў журналісцкім матэрыяле: дасьведчанасьць і пераўстваральніцкі талент журналіста

Памятаеце: журналісту як выканаўцу — у пэўнай ступені — роляў палітычнай і літаратурнай раманіст Чорны пакінуў настаўленьне: "Пісьменнасьць моўная трэба каб вымагалася ад журналіста гэтак, як вымагаецца пісьменнасьць палітычная. Вывучэньне мовы — гэта, кажуць, задача лінгвістаў, а пісьменьніку трэба ставіць праблемы, "адбіваць сучаснасьць". Але мала хто думае, што для гэтага патрэбна нейкая, калі льга так сказаць, рэчаіснасьць, нейкі матэрыял. Усякі ж ведае, што з дрэннага матэрыялу нават кашаля не спляцеш, ня тое, што якога-небудзь твору". Трэба асобна адзначыць: заўважанае клясыкам датычыцца ня толькі мовы мастацкай літаратуры, але й мовы навукі, друку, афіцыйна-спраўных зносін.

А журналістыка як унівэральная сыстэма асьвятленьня грамадзкага жыцьця, што адначасна выконвае й прапагандысцкія, ідэалягічныя функцыі, спаўняючы місію папулярызатара навуковых, эканамічных, палітычных і культурніцкіх дасягненьняў, уцягвае ў кола ўласнага ўплыву абсалютна ўсе сфэры бытаваньня й працы чалавека. Таму разгляд жанравай разнастайнасьці й некаторае, спэцыфічнае, "прывязкі" стыляў да іх, а таксама працэсу зьмен у мэдыйнай галіне ёсьць на дадзены момант абавязковым і ў нейкай ступені паратункавым ад пагражальнай страты стылёвай адзначанасьці радыё, тэлебачаньня, друку ды іншых відаў журналісцкай дзейнасьці.

Выходзіць гэтак, што актуальныя праблемы беларускай стылістыкі магчыма пасьпяхова разьвязаць супольнымі намаганьнямі ня толькі адмыслоўцаў у гэтай галіне, але й шырокага кола грамадзкасьці, улучаючы сюды найперш журналістаў і літаратараў. Якая ж вага будзе аддадзена ўжываньню моўных адзінак народна-гутарковага паходжаньня, а якая — кніжна-тэрміналягічнай, навуковай лексыцы, маюць вызначыць сам час і шматаблічны калектыўны аўтар — журналіст.

Бясспрэчна, што з тае плыні народна-сакавітай мовы, якую адстойвалі адраджэнцы пачатку мінулага стагодзьдзя, мы ўжо даўно выкуліліся. Гэтаму "паспрыялі" і палітычныя, і сацыяльныя акалічнасьці, і фактар глябалізацыі культур у Эўропе, і суб'ектыўныя моманты, калі шмат хто спакушаўся гаварыць і пісаць на больш папулярнай мове рускай, часткова зьбядняючы роднае, айчыннае, пацьвярджаючы ягоную саслабласьць і неканкурэнтназдольнасьць. І сёньня мы ўсе разам, нешта згубіўшы, нешта прыдбаўшы, маем тое, што маем. Новыя здабыткі, дасягнутыя й запраграмаваныя, таксама.

Мэдыі ў сучасным сьвеце набылі такое аграмаднае значэньне й валодаюць гэтакай сілай уплыву на грамадзтва, што менавіта пасярод інфармацыйнага акіяну месьціцца, напэўна, тая цэнтральная зона, у якой няспынна адбываюцца істотныя моўныя працэсы, выпрацоўваецца й дасканаліцца літаратурная мова. І ўжо зусім не мастацкая літаратура, якая засталася выспай захаваньня традыцый пісьменства, але журналістыка паслугуе вызначэньню моўнай нормы й высьвятленьню ступені ўжывальнасьці характэрных для яе адзінак. Газэта, радыё, тэлебачаньне, інтэрнэт-выданьне, лекцыі й прамовы спараджаюць новыя стылёвыя адметнасьці.

Ці ня гэткія зьявы прадбачыў колісь Міхась Стральцоў, канстатуючы: "Пісьменьнікі часта кідаюцца ў скрайнасьць — яны баяцца "газэтчыны", "публіцыстыкі", і там, дзе пра нешта можна сказаць адным словам-паняткам, ужываюць трыццаць словаў…Ня думаю, каб мяне можна было зразумець так, нібыта я клічу да бясколернай, штампаванай мовы. Наадварот! Я хачу сказаць толькі, што ў нас яшчэ слаба разьвіты тыя стылі прозы, існаваньне якіх немагчыма бязь лексыкі, што перадае адцягненыя паняцьці (філязофскай, палітычнай, вытворчай)".

Усё ў грамадзтве й мове ад таго часу прыкметна зьмянілася, але па-ранейшаму недастаткова яшчэ скарыстоўваецца моўнае багацьце, а падчас і наўмысна журналісты пазьбягаюць ужываньня вобразна-выяўленчых сродкаў, пахіляючыся да залішне ляканічных клішэ, якія, падаецца, назаўжды ўсталяваны й устыляваны ў іхных матэрыялах. Складаецца гэтакі своеасаблівы трафарэт. І некаторыя цешацца, нібыта гэтым і пазнавальны аўтар. Насамрэч якраз-такі гэтак ён і губіць слова, заганяючы яго ў пастку аднастайнасьці й бясколернасьці, і пазбаўляе чытача (слухача, гледача) мажлівасьці ўбачыць і адчуць падзею ва ўсіх адценьнях і разуменьнях яе адбываньня.

Так, журналісту даводзіцца цягам усяго прафэсійнага жыцьця вынаходзіць новыя тэхнікі й падыходы дзеля апісаньня зьяваў, якія паўтараюцца ў часе й прасторы з пэўнай цыклічнасьцю, якія мала чым розьняцца па зьмесьце й форме калі не штодня, то штогод. Да прыкладу, грамада жыве ў рытме будняў і сьвят, сягненьняў і няўдач — і ўсю гэтую жывую плынь зьнешне аднастайных, падобных адна да другой падзеяў трэба высьвеціць журналісцкім талентам гэтак, каб склаўся цэльны малюнак, яркі, прыцягальны й запамінальны. Бо журналіст ідзе ўсьлед за жыцьцём і па-свойму лепіць ягоны вобраз для сучасьнікаў. Здараецца, дарэчы, што гэты вобраз ўражвае яшчэ й нашчадкаў. Галоўнае — каб ён атрымаўся праўдзівым…

Пераканаўча, прафэсійна-пісьменна й нават захапляльна пераказаць сутнасьць рэчаў, якіх журналіст можа дасканала й ня ведаць, ёсьць доказам высокага майстэрства. Існуе гэткае выслоўе: "Журналісту ня трэба ўведваць што-небудзь добра, яму хопіць арыентавацца ва ўсім патроху". Гэтая формула выдае на дакладнае азначэньне сутнасьці журналісцкае працы, але яна ня ўтрымлівае маленькае дэталі: такое дапушчальна й прыймальна, калі журналіст валодае здольнасьцю пераняць манеру, стыль гаворкі суразмоўцы й вынайсьці характэрную для сфэры ягонае дзейнасьці мову, каб распавесьці недасьведчаным людзям дазнанае і папулярна, і максымальна блізка да тае самае сфэры. Толькі тады яму, журналісту, павераць і яго зразумеюць.

Культура, эканоміка, палітыка, біялёгія ці сельская гаспадарка — усялякая галіна чалавечага бытаваньня й стварэньня мусіць быць пазнанай журналістам да тае ступені, каб ён ня толькі беспамылкова мог апэляваць тэрмінамі й паняткамі, але й умудрыўся пераказаць сутнасьць падзеі ці зьявы і адпаведна з прынцыпамі праўдзівасьці й дакладнасьці, і зразумела кожнаму неабазнанаму ў пэўных пытаньнях. Вось тут і змыкаюцца навукова-тэрміналягічны стыль з гутаркова-народным. Істотна, каб ніводзін зь іх ня ўзяў над іншым улады. Згарманізаваць тэкст, стварыць яго гэтак, каб ён адолеў рэгуляваць адносіны ў грамадзтве, — гэткае прызначэньне журналістыкі. Непарушная лягічнасьць думкі й эмацыйны выклад яе з мэтай узрушэньня пачуцьцяў і раскатурхваньня почасту соннага розуму сучасьніка, ужываньне знаёмых моўных зрашчэньняў (чорнае золата, зялёная вуліца, шэксьпіраўская трагедыя й г.д.), яснасьць і дакладнасьць высноваў, пазьбяганьне залішняй квяцістасьці, але імкненьне сказаць сакавіта й збудуваць матэрыял з унутруным сюжэтам, дынамізмам разьвіцьця — ці не асноўныя, але далёка ня ўсе характарыстычныя адметнасьці журналістыкі пачатку трэйцяга тысячагодзьдзя.

А гэтае трывожнае, супярэчлівае тысячагодзьдзе вымагае ад кожнага, хто піша ці гаворыць да публікі, адказу на нямое, павіслае ў прасторы пытаньне: "Што чалавек хоча ведаць?". Каб давесьці сваю праўду, уведаўшы жаданьні таго абстрактнага чалавека, амэрыканскі журналіст найчасьцей падмацуе яе аргумэнтаваным пацьверджаньнем экспэрта, а эўрапейскі — рызыкне сам разважаць, доказна сьцьвярджаць і расстаўляць акцэнты.

Наш, айчынны, прафэсіянал у журналістыцы не пагрэбуе ні тым, ні іншым, бо яму трэба падвойная моц перакананьня, каб разьлічваць хаця б на малую долю чытацкага даверу пасьля таго абвалу псэўдаінфармацыі, пад якім суайчыньнік выжываў цягам савецкага часу й які не супыніўся да сёньня. А таму пярэчыць агульнапрынятым догмам, не разьдзімаючы штучна зьвестак, але падаючы толькі факты з прынцыпу "хадзяка чэша", як вызначылі чэхі, — што, хто, дзе, як, калі, чаму — ёсьць найлепшым і наймудрэйшым шляхам.

Бо не змаганьне за папулярнасьць прыносіць дывідэнды, але здатнасьць на кплівае людзкое "Ну, і…" адказаць дакладна й падрабязна, праўдзіва й дасьведчана. Імпульс жывога чалавечага жыцьця, гісторыі узаемінаў і расстаньняў, драмы й посьпехі — усё патрабуе журналісцкага ўніклівага погляду й усё чакае далікатнага абыходжаньня. А з гэтага вынікае, што моўная культура, талент згарманізаваць, скласьці ў цэласьць форму й зьмест і чалавецкасьць, тонкасьць псыхалягічнага адчуваньня субяседніка ці сытуацыі — усе гэтыя якасьці разам толькі й могуць забясьпечыць журналісту магчымасьць працаваць на карысьць грамадзтву, а значыць па-майстэрску.

3. Узаемаповязь журналісцкае этыкі, псыхалёгіі й прафэсійнага майстэрства

І гэтак, вызначальным у працы журналіста быў, ёсьць і застанецца Ягоная Вялікасьць Сэнс, і ўжо ўсьлед за спасьцігнутым сэнсам паўстае праблема ўвасабленьня яго ў нейкую найдаходлівую, найэстэтычную форму.

Менавіта з прычыны дастаткова лёгкага й неразважнага стаўленьня шмат каго з журналістаў да мовы як сродку й глебы пераўстварэньня рэальнага сьвету й узьдзеяньня на яго, пытаньняў у штодзённай практыцы ўзьнікае бязьмежна шмат. І першым зь іх бачыцца навучаньне правільнаму й чуйнаму карыстаньню стыляў у жывой журналісцкай практыцы — выключна ва ўсіх мэдыях і датычна ўсіх жанраў.

Таму варта распачаць нашу пазнавальную хаду "па жанравых прыступках", спрабуючы дасягнуць таго драматургічнага й рэжысэрскага ўмельства, калі журналісцкі матэрыял успрымаецца як мініспэктакаль, насычаны духам жыцьця й здольны выклікаць натуральнае суперажываньне. Мабыць, гэтакім чынам — далучэньнем да рэалій краіны, да працы па зладаваньні, структурызаваньні й максымальным выяўленьні грамадзтва як дадзенай цэласьці — журналістыка выправіць дапушчаныя за савецкім часам хібы й верне людзкі давер да сябе.

Згадзецеся ж, уплыў журналіста на палітыку, эканоміку, культуру дзяржавы й мысьленьне грамады ёсьць непараўнальным ні з чым іншым у ідэале, аднак зусім не зьдзяйсьняецца цяпер, у постсацыялістычных варунках — ніхто ніяк не рэагуе на высновы, зробленыя нейкім выданьнем на дакор альбо на ўхвалу пэўнай асобе ці ўстанове. І гэта выклікае паніку ў асяродку журналістаў: ня стала дзеля чаго працаваць, на які вынік разьлічваць.

Але ж каб уплываць — а значыць выступаць (і ў значнай ступені) дойлідам сучаснага табе грамадзтва, мала пазнаваць уласьцівыя яму праявы й тэкстава-вытанчана пра іх паведамляць. Належыць відушча бачыць: самую зьяву й арганічнасьць повязяў яе ў часе й прасторы, маштабнасьць і пэрспэктыву, карані й глыбінна-схаваныя працэсы адбыванага. Творцам гэткае бачаньне Богам дадзена. І зазвычай таленавіты журналіст насамрэч падае інфармацыю ў ейнай шырыні й шматрысавасьці, чынячы пры гэтым аналізаваньне й сягаючы абагульненьняў. А таму немінуча ягоныя думкі неўпрыкмет адбіваюцца ў сьвядомасьці грамадзян і спакваля фармуюць новыя погляды.

А ўсё-ткі журналістыка — дынамічны й супярэчлівы працэс, і нават на індывідуальным узроўні складана вызначыць, наколькі супадае глыбіня мысьленьня, шырокае ўсьведамленьне існасьці жыцьця й форма выказваньня ў пэўнага творцы. Тым больш гэткае патрабаваньне немагчыма аднолькава адносіць да працы на радыё, тэлебачаньні альбо ў прэсе. Бо тое, што добра ўспрымаецца ў вэрбальнай вэрсіі, можа аказацца зусім нецікавым і недастаткова відовішчным на экране. Філязофскае аналітычнае эсэ, да прыкладу, зьмешчанае ў газэце, ніяк прагучыць на радыё, а добры, зьмястоўны радыёдыялёг ня ёсьць чытэльным.

Менавіта з гэтае прычыны варта й патрэбна разглядаць майстэрства журналіста (у нашым выпадку — ягонае ўменьне карыстацца ўсімі моўнымі рэсурсамі й багацьцем стылёвых адрознасьцяў) зыходна з таго, для якога сродку масавай інфармацыі ён працуе. Хаця майстэрства — рэч шматплянавая, шматкампанэнтная, і ўлучае ў сябе ня толькі прафэсійныя якасьці, але й маральна-грамадзянскія, псыхалягічныя, адукацыйныя, літаратурныя, а таксама почасту й зьнешнія дадзеныя, грамадзтва падсьведама чакае ад журналіста абсалютнае здатнасьці Быць усюды й пра Ўсё распавесьці дакладна, яўляючы зь сябе Ісьціну, зьбіраючы ў Адзінкавасьць усе таленты бачыць, ацэньваць і пераказваць.

У журналістыцы, акрамя таго, не абысьціся бяз гэткай азначальнай рысы, як прафэсіяналізм і схільнасьць да нутраных зьменаў усяго творчага калектыву, паколькі ўсялякая рэдакцыя ў працы выступае цэльным арганізмам — ансамблем салістаў пад кіраўніцтвам дырыжора, чуйным да ўсялякіх зрухаў у жыцьці прыроды й грамадзтва.

4. Праблема духоўнай свабоды журналіста й культура мовы

Якія ж тэндэнцыі творчага руху прыкметны ў нашай журналістыцы й якія шляхі дасканаленьня літаратурнага майстэрства адкрываюцца цяпер, калі поўна розных мажлівасьцяў і верагоднасьцяў праявы таленту (праўда, зь непазьбежнасьцю пераадоленьня супраціву — нутраному й дзяржаўнаму цэнзарам)? Пасьля таго, як на долю СМІ прыпала перажыць непаўторнае ў вякох пераўзнаўленьне падчас бурных працэсаў нацыянальнага адраджэньня 90-х, настаў творчы й эканамічны, ідэалягічны крызыс, зь якога не ўдаецца выбрацца, які зацягвае ўсё глыбей.

І гэта найбольш відочна праглядаецца ў аналёгіі прынцыпаў мысьленьня й аналізаваньня рэчаіснасьці ў выданьнях, адрозных з палітычных пазыцый: і адны, і другія адлюстроўваюць падзеі максымальна аднабока, заангажавана. Ніводзін з друкаваных альбо электронных СМІ гэтак і не знайшоў насёньня мужнасьці на люстраваньне аб'ектыўнасьці гэткай, якою яна ў краіне ёсьць, не шукаючы вінаватых, але ведучы самога чалавека да роздуму й спробы нешта зьмяніць — паўстаць паўнавартасным і паўнапраўным будаўніком свайго жыцьця. А якраз гэтая місія ёсьць найпершаю й найгалоўнаю ад часоў зьяўленьня журналістыкі —як творчае й грамадзкае сфэры — і назаўжды, ува ўсе вякі й пры ўсялякім чыне дзяржаўнага зладаваньня.

Свабоднае прэсы, гэтакім чынам, у нас няма. Найбольш назіраецца абмежаванасьць, дагматызм і моўнае бескультур'е. Адзінае, што яшчэ не пасьпела прыжыцца ў Беларусі й не завалодала грамадзтвам, а значыць і грамадзкім мысьленьнем, дык прэтэнзіі новых алігархаў на ўтрыманьне ўласных сродкаў інфармацыі й фармаваньне гэтакім чынам пэўных поглядаў, угрунтаваных адно на прыбытках і канкурэнцыі за чым большую нажыву. Заходнім краінам гэта вядома даўно, бо неаспрэчным ёсьць быцьцёвы факт: хто плаціць, той і замаўляе музыку.

Між тым, наша грамадзтва, як і ўсясьветнае, мае вострую патрэбу інтымнай, шчырай, чалавецкай гаворкі на друкаваных старонках альбо ў этэры пра набалелае, невырашальнае, турботнае, на што захварэлы пералом тысячагодзьдзяў. Аднак ні духоўна, ні інтэлектуальна самастойнай сілай, мозгам нацыі, праўдзівай крыніцай інфармацыі для ўлад і людзтва масмэдыі нашае краіны не выступаюць у гэты найцяжкі час выбару — паміж незалежнасьцю й падляганьнем пад імпэрскі захоп.

Менавіта з прычыны залежнасьці, падпарадкаванасьці выданьняў і журналістаў пэўным палітычным рухам да аднастайнасьці павузела жанравая палітра: нікчэмна мала сустракаецца рэцэнзій, нарысаў, аглядаў — мастацтвазнаўчых, літаратурных, публіцыстычных ці тэатральных. Блізка не вядзецца гаворкі — асабліва аналітычнай, абгрунтаванай — на праблемы культурніцкія, не абмяркоўваецца гэтакі масавы фэномэн, як тэлебачаньне, хаця якраз тут палягае пачатак агульнанацыяльнай моўнай драмы. Ці ж такая сытуацыя не адбіваецца на фармаваньні эстэтычных (дый этычных таксама) густаў шматмільённай аўдыторыі?!

Значная перавага рускамоўных выданьняў і электронных мэдыяў над нацыянальнымі дарэшты вынішчае й бяз гэтага саслаблыя парасткі сьведамленьня беларусамі сваёй прыналежнасьці да гісторыі й культуры краіны. І адкуль у гэтакім разе чакаць моўнае эстэтыкі й этыкі ці досьведу ў пытаньнях разьвіцьця нацыі ад журналістаў?! На сьвядомасьць народу абрыньваецца зьбедненая, пазбаўленая ўсялякіх вобразна-выяўленчых афарбовак, стылёва, лексычна, арфаэпічна абрушаная й зьведзеная да роўню "рабочай", але не жывой, не чалавечай, ня чуйнай, мова.

А ва ўсе эпохі й ува ўсялякіх абставінах СМІ мусяць выконваць шматаспэктную функцыю — інфармаваць, аналізаваць, адукоўваць, падмагаць кіраваць дзяржавай, забаўляць і прыносіць асалоду. Рэалізоўвацца ўсё гэта можа толькі праз думку, слова, адлюстраваньне, на што мае права й талент і што стварае журналіст. Таму ні ад кога болей, як ад журналіста, не залежыць справа паляпшэньня й пацікаўленьня масмэдый. Бо праз сэрца журналіста праходзяць усе крывяносныя сасуды грамадзтва, і дзеля паздараўленьня краіны журналісцкае сэрца мусіць быць адчувальным да праяваў жыцьця ў ёй.

Здавалася б, але пры чым тут пытаньні стыляў, жанраў і маўленчае культуры, калі палітыка й ідэалёгія знаходзяцца паасобку ад гэткіх паняткаў й ніяк не стасуюцца зь імі? Аднак так выглядае толькі звонку. Насамрэч ува ўмовах залежнасьці ад уладных установаў прэса (і электронныя мэдыі таксама) найперш занішчаюць, даводзяць да занядбаньня індывідуальнасьць, і тады квітнее шэры, аднастайны стыль, сыходзіць да паніжэньня й разбураецца ледзь недашчэнту эстэтычная функцыя слова, запаноўвае агульшчына, шэрая й аднастайная. Што ў гэтакіх варунках рабіць журналісту, каб ягонае слова пачулі й прынялі? Ды, зрэшты, дзе ўзяць тыя моўныя й жанравыя мэханізмы, якія разьняволяць стыль і дазволяць напоўніцу дыхаць слову, калі менавіта яно, слова, і ёсьць першым, хто патрапляе пад перасьлед і забарону? Мне бачыцца, што варта вышукваць з усіх моўных рэзэрваў тыя прыёмы й канструкцыі, якія цягам стагодзьдзяў зьбераглі сваю недатыкальнасьць, а таму іх абмінула заідэалягізаванасьць.

Ня маю тут мажлівасьці ўсё пералічыць, але падам найперш за добры й прыймальны прыклад стыль, набліжаны да народна-апавядальнага, які лёгка пачуваецца ў жанры нарысу, артыкулу дый рэпартажу й мае свае, адметныя выразы, выслоўі, азначэньні й вобразныя адзінкі. Павяртаньне да каранёў, да тае літаратурнае й гутарковае спадчыны, што можа сілкаваць, жывіць сёньня саслаблую мову, адсланёную ад носьбіта й пазначаную ў лёсе народу як недасканалая, непаважная, бачыцца адзіным выйсьцем і паратункам ад свавольства чыноўнікаў, якія зацята праполваюць палеткі маўленьня й мысьленьня, пазбаўляючы чалавека найпершага здабытку цывілізацыі — маўленьня.

Журналісты на гэтай дарозе апынаюцца паперадзе ўсяе грамады з наканаваньня, а таму ня маюць права хавацца за ўсялякага кшталту клішэ й трафарэты, навыдумляныя ў бюракратычных кабінэтах, а прызваны самім часам несьці ў народ мову прыгожую, складную, жывую й яркую — дзеля аднаўленьня ейнае спрадвечнае місіі камунікаваньня й пазнаньня рэчаіснасьці.

5. Структура жанраў і разнастайнасьць стыляў. Фэномэн публіцыстыкі

Зь якога боку ні падыходзь да журналістыкі як творчага працэсу, аніяк не абмінеш праблемы падзелу жанраў, у якіх працуюць, гэтак скажам, летапісцы сучаснасьці, на пэўныя групы, ці віды. Хай сабе насёньня гэта й выглядае дастаткова ўмоўным — з улікам надзвычайнай дынамікі й шматпраяўнасьці асабовага й грамадзкага жыцьця, — усё ж гэтакі прынцып разгляду журналісцкага пазнаньня й адлюстраваньня рэчаіснасьці найбольш выдае на адпаведны ва ўмовах разьвіцьця, пашырэньня й нават некаторага трансфармаваньня жанраў. Пры тым, што стыль, які выбірае журналіст дзеля рэалізаваньня ідэі й паказу рэаліяў, гэтак альбо інакш сутыкаецца з пытаньнем жанру, і мы пра гэта ўжо даволі падрабязна гаварылі.

І гэтак, з паказальнай дамінантай у наш час журналісцкіх матэрыялаў інфармацыйна-канстатавальнага характару й ледзьве ня поўнай адсутнасьцю аналітыкі ўстойліва й непарушна трымаецца сваіх пазыцый публіцыстыка — усёпранікальны й аб'ёмны спосаб дасьледаваньня рэчаў і зьяваў, адметная форма пазнаньня й адлюстраваньня быцьця, якая спалучае ў сабе лягічны й вобразны, рацыянальны й эмацыйны пачаткі, выяўляючыся як своеасаблівы сацыяльны фэномэн.

Публіцыстычнасьць як неад'емная якасьць усялякага добрага твору — ці то інфармацыйнага, ці аналітычнага кірунку, ці нават сатырычнага — дае найбольшы выніковы эфэкт узьдзеяньня на асобу й грамадзтва. Нездарма ж неаспрэчным застаецца меркаваньне, што публіцыстыка пачынаецца там, дзе ёсьць думка. І гэта азначае, што насамрэч без публіцыстыкі тканка аніводнага матэрыялу ня будзе напоўнена той жыцьцядайнай энэргіяй, якая дазваляе журналісту ўзнаўляць факты ў іхнай нутраной дынаміцы, у канкрэтыцы рэчаісных праяваў з мэтай умяшаньня ў грамадзкія й сацыяльныя працэсы.

Раз прэса як усялякая жывая рухомая й зьменлівая сыстэма не паўстае ні ў якім часе й ні ў якім грамадзтве аднойчы й назаўжды складзенай, дасьледаванай і структурызаванай, мы маем насёньня адну толькі мажлівасьць убачыць вызначальныя ейныя прыкметы й уласьцівасьці: у параўнаўчым аспэкце з часам савецкім, у люстэрку сацыяльных і палітычных зьмен апошніх дзесяцігодзьдзяў.

Менавіта гэты мэтад падможа нам прасачыць ня надта адкрытыя хады сучаснай журналістыкі ад жанравай разнастайнасьці да спэцыфікі прыстасаваньня пэўнага літаратурнага віду й мноства творчых прыёмаў да "патрэбнага" жанру. А гэта вымагае ўліку асноўных уласьцівасьцяў жанравых форм і характэрных рысаў, што іх аб'ядноўваюць. Дзеля аб'яднаньня тых самых журналісцкіх жанраў у групы.

Але што ж адметнае мы бярэм да ўвагі, каб зьдзейсьніць адначасна разьмежаваньне й спалучэньне жанраў, а далей разглядаць іх паасобку, маючы на мэце вынаходжаньне адпаведнага ім стылю? Чым варта кіравацца, каб ня зблытацца ў падабенстве й адрозьненьнях, за конт якіх журналістыка выступае даволі тонкім інструмэнтам аналізаваньня стану грамадзкай думкі й уплыву на ейнае фармаваньне?

Калі параўнаць цэлыя ячэйкі аднатыпных жанравых публікацый, абагульняючы практычныя здабыткі, то яскрава акрэсьліваюцца некаторыя асаблівасьці.

1. Жанры адрозьніваюцца па мадыфікацыях прадмету, характары аб'екту адлюстраваньня. Да прыкладу, у нататцы фіксуецца канкрэтны жыцьцёвы факт; інтэрвію ёсьць літаратурным пераказам гутаркі з чалавекам, думкі, развагі, сьветагляд якога цікавыя грамадзтву. Аднак жа і нататку, і інтэрвію аб'ядноўвае тая акалічнасьць, што аўтар абодвух тэкстаў падае факты з падмогай пераважна інфармацыйна-канстатавальнага спосабу. Для стварэньня рэпартажу адзінкавага факту ці нават сумы фактаў мала, пакуль яны знаходзяцца ў статыцы, паколькі тут мусяць раскрывацца дзеяньні, факты ў дынамічным разьвіцьці. А рэцэнзія — зважым! — мае справу не з падзеямі, адбыванымі ў пэўных абставінах і ў пэўны час, а з адлюстраванай рэчаіснасьцю.

2. Жанры адпачатку маюць нейкае дакладнае прызначэньне. Карыстаючы адны зь іх, магчыма канцэптуальна паказаць стан і праблематыку чалавека ці грамадзтва; з дапамогай іншых — раскрываецца-распрацоўваецца тэма — у лякальным пляне (карэспандэнцыя), альбо ў агульным (артыкул).

3. Жанрам уласьцівы розны маштаб высноваў і абагульненьняў. Карэспандэнцыя не выходзіць за межы геаграфічнага раёну, зь якога браліся факты; у артыкуле ж, наадварот, шырока, усеахопна разглядаюцца пытаньні, датычныя пададзеных падзеяў.

4. Розьняцца жанры й па характары ўжываных моўна-стылёвых сродкаў, эмацыйна-вобразнай насычанасьці. Найперш з гэтае прыкметы вызначаецца група мастацка-публіцыстычных жанраў.

Істотна, каб дзеля характарыстыкі жанраў улічваліся ўсе ўласьцівыя ім рысы. Прыкладам, зацемка (замалёўка) можа быць падрыхтавана журналістам дастаткова эмацыйна й вобразна, каб яе прыняць за нарыс і аднесьці да мастацка-публіцыстычнага жанру. Але ж трэба зважыць на прадмет журналісцкага дасьледаваньня й на прызначэньне тае самае зацемкі. Маючы зусім іншыя задачы, чым нарыс, які распрацоўвае канцэпцыю асобы ці жыцьцёвай зьявы, зацемка дае ў вобразна-эмацыйнай форме інфармацыю пра нейкую сытуацыю альбо эпізод.

Якраз у гэтакім разе адбываецца ў нейкай ступені сынтэз стылёвых прыёмаў. Аднак жанравыя адметнасьці прасочваюцца лёгка. Бо пры ўсім падабенстве журналісцкага падыходу да аб'ёму высноваў і абагульненьняў у праблемным нарысе й артыкуле, крытычнай карэспандэнцыі й фэльетоне моўна-стылёвыя сродкі ў кожным выпадку будуць скарыстаны інакшыя. І менавіта празь іх адбудзецца разьмежаваньне жанраў.

Аднак важна зразумець ня толькі прынцып адасабленьня жанраў, зыходзячы з рознасьці пералічаных адметнасьцяў, але й убачыць агульныя рысы, што злучаюць іх у відавыя групы. Інтэграцыя жанравых форм спрыяе дакладнаму акрэсьліваньню глыбіннай сутнасьці апісваных зьяваў. А гэта, паміж іншага, уплывае на спосабы публіцыстычнага афармленьня наяўнага фактычнага матэрыялу, на суадноснасьць аўтарскай думкі й фактаў, на характар выяўленчых сродкаў. Гэтакім чынам забясьпечваецца адзінства формы й зьместу.

Зыходзячы з наяўнасьці асноўных прыкмет жанравых форм і характэрных аб'яднальных рыс, намі пералічаных, маем сёньня мажлівасьць разьмеркаваць жанры, у якіх працуе журналістыка, па групах. Гэта, відочна, ня ёсьць схемай, аднойчы й назаўжды збудаванай, але менавіта гэткі прынцып аналізаваньня жанраў як інструмэнту дасьледаваньня аб'ектыўнасьці падмагае ўбачыць журналістыку ў разьвіцьці, у дынаміцы жанравага пабагачэньня й відазьмяненьня.

Літаратура

1. Стральцоў Б.В. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Выдавецтва БДУ імя Леніна, 1977.

2. Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.

3. Янкоўскі Ф.М. Сучасная беларуская мова. Мн., 1984.

4. Каўрус А. Мова народа, мова пісьменніка. Мн., 1989.

 

 

Стылістыка журналісцкіх жанраў

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY