|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА
АНТАНІНА ХАТЭНКА. СТЫЛІСТЫКА ЖУРНАЛІСЦКІХ ЖАНРАЎ |
|
Лекцыя 1 |
ЛЕКЦЫЯ 1. АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ЎЖЫВАНЬНЯ СТЫЛЯЎ У ЖУРНАЛІСТЫЦЫ. ГІСТАРЫЧНЫЯ ПАЧАТКІ СТЫЛІСТЫКІ Плян: 1. Уступ. Стыль і жанр у мастацкай літаратуры й журналістыцы 2. Пажанравае дапасаваньне стыляў у журналістыцы 3. Кароткае аналізаваньне стану моўнай культуры журналістаў 4. Журналістыка як літаратурная творчасьць і сродак узьдзеяньня на грамадзкую сьвядомасьць 5. Трохі з гісторыі стылістыкі. Навука рыторыка Старажытнай Грэцыі й Рыму 6. Вытокі беларускай стылістыкі. Уплыў фальклёру й прыгожага пісьменства на разьвіцьцё стыляў 7. Праца на разьвіцьцё стылістыкі нацыянальных духоўных дзеячоў і асьветнікаў
1. Уступ. Стыль і жанр у мастацкай літаратуры й журналістыцы Перадусім варта акрэсьліць, што стыль у мастацкай літаратуры, як паказвае практыка, існуе, выпрацоўваецца не суадносна з жанрамі, але, хутчэй, залежна ад выбару самога пісьменьніка, якія стылі ён гатовы ўжываць дзеля адлюстраваньня аб'ектыўнай рэчаіснасьці. Прыкладам, ніхто ня вызначыць, якім стылем належыць пісаць раман, а якім — апавяданьне ці эсэ. Тут набывае сілу моўная культура аўтара й ягоная здольнасьць скарыстоўваць стылёвае багацьце мовы дзеля рэлізацыі ідэі й паказу падзеяў, а таксама дзеля выяўленьня характарыстычных адметнасьцяў дзейных асоб твору: можа стацца гэтак, што ўсе наяўныя ў мове стылі знойдуць ужытак у адным мастацкім палатне. Ды яшчэ не забудзьма ўлічыць прысутнасьць індывідуальнага аўтарскага стылю, калі працуе насамрэч Майстар. Што ж тычыцца працы журналіста, які найчасьцей зьвяртаецца да паслуг публіцыстыкі як віду літаратурнай дзейнасьці, то асобна вылучанага стылю, ужыванага ў журналістыцы, таксама не існуе. Затое абсалютна дакладна можна цьвердзіць, што, пішучы фэльетон альбо ляканічную зацемку на азначаныя тэмы, журналіст скарыстае мажлівасьці адрозных адзін ад другога стыляў, мала дзе дазваляючы сабе іх спалучэньне. І гэтак чыніцца адпаведна з унутранымі законамі тае самае публіцыстыкі, з глебы якое "ўзрастаюць" памянёныя жанры. 2. Пажанравае дапасаваньне стыляў у журналістыцы Мы паставілі на мэце, прааналізаваўшы найбольш прыкметныя стылёвыя ўласьцівасьці што да пэўных жанраў журналістыкі, выпрацаваць нейкую своеасаблівую мадэль журналісцкае стылістыкі. Па праўдзе, дык гэта ёсьць дастаткова рызыкоўнаю спробай, паколькі бальшыня лінгвістаў-дасьледнікаў адносяць да журналістыкі найперш інфармацыйныя й публіцыстычныя жанры (хіба што апошнім часам далучаецца гутаркова-прастамоўны, пашыраны на FM -станцыях і ў шоў-гульнёвых праграмах тэлебачаньня). Але да сымбіёзу прастамоўя (ажно да смачнай жаргоннасьці), альбо слэнгу мы яшчэ вернемся больш дэталёва. Цяпер жа актуальна прасачыць, наколькі журналістыка адчувальная да часавых перамен і якія рэзэрвы мае скарыстоўваць у абставінах інфармацыйнай глябалізацыі ў сьвеце й выродліва-сацыялістычнага разьмеркаваньня інфармацыі ў Беларусі, што выдае на інфармацыйны голад. Выйсьці па-за межы амаль дагматычнае суадноснасьці жанраў і стыляў, мала падатлівай да зьмен, ды яшчэ й дапусьціць меркаваньне пра насьпеласьць некаторага стылёвага зьмяшаньня й пашырэньня панятку відаў літаратуры, зусім ня лёгка. Хоць менавіта такі роздум, магчыма, выявіў бы й зафіксаваў адбываныя адметныя зьявы ў плыні жывое сучаснае журналістыкі, што дынамічна й даволі зьменліва рухаецца ў кірунку разбурэньня мовазнаўчых канонаў, здабываючы волю на самыя нечаканыя стылёвыя павароткі. Дык дзеля чаго мы намерыліся праводзіць гэткую, умоўна кажучы, "прыстасаванасьць" стыляў да жанраў, гэткае мадэляваньне стылёвай сытуацыі ў галіне журналістыкі, калі жыцьцё ці не штодня вынаходзіць новыя формы падаваньня інфармацыі й узбагачае гэтакім чынам арсэнал моўных сродкаў — а значыць і фармуе зусім нязвычныя сыстэмы стыляў з унутранымі законамі ўзаемадапаўненьня й узаемаўплыву? Пэўне ж, найперш гэткая патрэба паўстала з тае прычыны, што рэсурсы нацыянальнай мовы як гнуткага інструмэнту камунікацый надзвычай мала паслугуюць журналісту, выхаванаму ў іншамоўнай плыні й гатоваму скарыстоўваць зусім не беларускія лексычныя адзінкі й сынтаксычныя канструкцыі дзеля выказваньня думкі й збудовы матэрыялу. А менавіта гэтак пакуль пачуваецца бальшыня журналістаў нашай краіны й з гэткіх высілкаў ствараецца ці ня ўсялякі журналісцкі прадукт. І толькі "пажанравае дапасаваньне" стыляў, хоць гэта й падаецца трохі штучным, дазволіць больш маштабна ўбачыць, ШТО рэальна адбываецца са стылямі ў беларускай журналістыцы цяпер, у часе няспынных пераўтварэньняў і трансфармацый. Бо ведама ж, гэткага яскравага падзелу стыляў, як яшчэ ў сярэдзіне XX стагодзьдзя (мастацкі, афіцыйна-спраўны, публіцыстычны, царкоўна-рэлігійны, навуковы, гутарковы), у наш дынамічны час не назіраецца. Да характырыстыкі кожнага зь пералічаных стыляў мы яшчэ маем вярнуцца — перадусім у кантэксьце спалучанасьці іх у жывой журналісцкай практыцы й яркай адметнасьці некаторых стылёвых рыс залежна ад ужываньня адносна пэўна абранага жанру. А цяпер падаецца істотным адцеміць, што журналістыка, якая пераважна працуе ў публіцыстычным кірунку, мусіць улічваць некаторыя моўныя патрабаваньні, аднолькавыя для ўсіх стыляў і бальшыні жанраў. Майстар, які тонка адчувае слова й надае яму належную грамадзкую важкасьць, вінен скарыстоўваць агульназначныя лексычныя адзінкі гэтак гарманічна, каб тэрміны, формулы, схемы й філязофскія высновы не загрувашчвалі й не ўскладнялі тэкст, а з падмогай памянёных ужо агульнаўжывальных азнак рабіліся даступнымі, зразумелымі, не адчужаліся ад успрымача інфармацыі. Менавіта з гэткага падыходу аўтар, што мае распавесьці пра глыбока-навуковае дасьледаваньне ці архіўны, бюракратычны дакумэнт як прадмет публічнага зацікаўленьня, удала вынайдзе спосаб зьвесьці ў адным творы стандартна-звыклае й адметна-спэцыфічнае, дасягнуўшы тае арганічнае камунікатыўнасьці, калі шэраговы чытач (слухач, глядач) прымае за свой клопат навуковую праблему, адцягнена-філязофскія разважаньні ці якія-небудзь законатворчыя парлямэнцкія вышукі. Прыкладам, расказаць пра Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 году можна сухой юрыдычнай мовай з падаваньнем шматлікіх цытат, але мала зразумела й мала даходліва, адасоблена ад жыцьця сучаснага чалавека, які наўрад ці возьме на веру, што той гістарычны дакумэнт мае хоць мала-мальскае значэньне непасрэдна для яго. Зусім жа іншая справа, калі артыкулы Статуту простай, людзкай, як кажуць, мовай пераказаць, дастасаваўшы іх да сёньняшняе Канстытуцыі й правоў грамадзяніна Рэспублікі Беларусь й падмацаваўшы зьвесткамі пра лёс і грамадзкую дзейнасьць ягонага складальніка Льва Сапегі, рупнасьць якога пра народ і край засьведчана красамоўна й на вякі. Вось тут якраз і паўстае пытаньне стылю й жанру ў іхнай адпаведнасьці адно другому й журналісцкай задуме. А далей немінуча выяўляецца здольнасьць аўтара выслаўляцца, скарыстоўваючы ўвесь арсэнал моўных сродкаў і далікатна адбіраючы зь яго адно тое, што знаходзіцца ў ладзе й згодзе з абранымі стылем і жанрам. 3. Кароткае аналізаваньне стану моўнай культуры журналістаў Сынтэз моўна-выяўленчых сродкаў, спалучэньне рознасьцяў ёсьць сёньня ці не асноўным прынцыпам, паводле якога жыве журналістыка, зьбіраючы ў адно ўсялякія, і нават супраціўныя, стылёвыя якасьці, каб найпаўней раскрыць сутнасьць зьяваў і дамагчыся рэакцыі спажыўца — дазволіць яму наўпрост удзельнічаць у складаным працэсе фармаваньня грамадзкае думкі, якая ўжо далей, бясспрэчна, мусіць уплываць на жыцьцё асобы й краіны. І ўсё ж мы неадступна набліжаемся да таго, каб займець нейкую унівэрсальную схему суадносін стыляў і жанраў, нязважна пры гэтым на жанравую разнастайнасьць і дастаткова свабодную стылёвую "палітыку" сучасных журналістаў. Гэта непазьбежна давядзецца рабіць ужо таму, што шмат хто з журналістаў папросту зьвялі літаратурную працу да ўзроўню статыстыкі, пераліку фактаў, шэра, аднастайна, штампавана, адчужана й не эстэтычна падаючы інфармацыю на спажыў чалавеку-робату. Між тым, і навіны можна й належыць насычаць унутранай энэргіяй, жывой чалавечай эмоцыяй, не зыходзячы да ацэначных крытэраў альбо пачуцьцёваё экспрэсіі. Рэзэрвы ж стылістыкі як навукі нявычарпаны ў гэтым сэнсе й напалову: у нас, як вядома, больш прызвычаены кіравацца ўласным густам, чым засвойваць добрыя манеры маўленьня й пісаньня, неагалошана прынятыя за этычны закон у цывілізаваным сьвеце. А таму колькі не прышывай сябе да Эўропы рознымі палітычнымі мэтадамі, непазьбежна прыдзецца вяртацца да асноваў: навучацца зладоўваць сувязі ў грамадзтве ўзважана, вытанчана й мудра... Досьведу нашых папярэднікаў у гэтай сфэры назапашана дастаткова, каб і нам не выглядаць небаракамі, ня здатнымі па-свойму зладна й складна думаць і гаварыць. Каб зьвяртацца да нашых людзей, мусова пазбаўленых магчымасьці атрымліваць інфармацыю на добрай літаратурнай мове, зразумела й даступна, дакладна й ляканічна, далікатна й праўдзіва. Калі хочаце, годна выконваць місію апраўданьня за ўчыненыя з моваю рэпрэсіі й адраджаць, узнаўляць існае збудаваньне маўленчых і пісьмовых тэкстаў. 4. Журналістыка як літаратурная творчасьць і сродак узьдзеяньня на грамадзкую сьвядомасьць Надыходзіць той час, што як ні хавайся ад сябе саміх, а немінуча паўстае праблема пераасэнсаваньня некаторых істотных паняткаў: этыкі й эстэтыкі журналістыкі; авалоданьня асноватворчымі лінгвістычнымі ведамі й прыёмамі літаратурнай творчасьці. Бо колькі б ні спрачаліся тэарэтыкі наконт прыналежнасьці журналістыкі да мастацтва, але ва ўмовах усясьветнага інфармацыйнага выбуху кожны прафэсіянал мае вышукваць розныя сродкі ўзьдзеяньня на чалавечую сьвядомасьць. Прынамсі, у тым разе, калі ён усур'ёз абірае ролю сустваральніка грамадзкага жыцьця, а не бяздумнага выканаўцы нечыіх заданьняў ці абыякавага назіральніка адбыванага ў краіне й у сьвеце. Якраз-такі да журналіста-творцы, памкнёнага арыгінальна, непаўторна, своеасабліва сатвараць матэрыялы ў разьліку на тое, што нехта — патэнцыйны ўспрымач — на іх адгукнецца й гэтакім чынам улучыцца ў рух гуманізацыі адносін у грамадзе й прыродзе, мы намерваемся дайсьці, маючы што-нішто падказаць і дарадзіць адносна карыстаньня слова як выяўленчае адзінкі. Дайце веры, значнасьць мовы — найстаражытнага камунікатыўнага сродку — яшчэ не пазнана дарэшты: мажліва бясконца канструяваць і адкрываць таемную моц і красу, каб мовіць непадробна азначальна й дасканала. Тут і зьяўляецца на падмогу стыль, якім трэба налаўчыцца ўзбройвацца беспамылкова й вельмі абярожна, бо ж ён не даруе некарэктнага абыходжаньня. Відочна, што пераважная частка журналісцкае працы ня ёсьць чыстай творчасьцю, бо функцыянальна, сацыяльна, эстэтычна тэксты інфармацыйна-публіцыстычнага характару не прымыкаюць да літаратуры як мастацтва й не скіраваны на глыбокае філязофскае дасьледаваньне аб'ектыўнасьці, адрозна ад прыгожага пісьменства. Аднак жа некаторыя элемэнты літаратурнай творчасьці тут прысутнічаюць, і без адчуваньня слова, без скарыстаньня таго альбо іншага стылю журналісту ніяк немагчыма. Асабліва ж вострая патрэба стылёвай абазнанасьці выяўляецца цяпер, калі апэратыўнасьць перадаваньня інфармацыі ад носьбіта да карыстальніка нашмат апярэджвае зрухі грамадзкай сьвядомасьці. Гэтакім чынам, усе паведамленьні мусяць быць настолькі яркімі й нават відовішчнымі, каб не сасьпелы яшчэ да прыйманьня іх чалавек усё-ткі злавіў хаця б вібрацыйныя хвалі, калі ўжо не ўразумеў сэнсу. Падаецца, тут журналістыка балянсуе на мяжы з драматургіяй і рэжысурай. І незалежна ад жанру, ва ўлоньні якога ствараецца мікрап'еса, у ёй героі ня толькі дзейнічаюць у дадзены момант, але й праз іхныя ўчынкі адкрываецца рэтраспэктыва й прагназуецца пэрспэктыва. Наша журналістыка, падобна, надзвычай марудна сасьпявае да гэтакіх перамен і няўклюдна трымаецца там, дзе новыя грамадзкія варункі патрабуюць ад рэпартора драматургічна мысьліць і бачыць полісэмію падзеяў і паводзін дзейных асоб. Гэтак, лёгіка й псыхалёгія журналісцка-творчага працэсу, як бачна, абсалютна набліжана да літаратурнай: неаспрэчна маюць вынаходзіцца прыёмы як найлепшага афармленьня зьвестак альбо разваг, гэтак жа не абысьці пытаньня архітэктонікі матэрыялу й вобразнай яго акрасы. Прычым, гэта тычыцца й навінных нізак, раз яны таксама набываюць у прэсе, на радыё ці тэлебачаньні форму цэльнага твору — з унутранымі зьместавымі й храналягічнымі повязямі. Састарэлыя цьверджаньні, што кроніка ёсьць толькі голым фактам, даўно ня спраўджваюцца: як і ў прадаўнія часы, калі продкі занатоўвалі падзеі ад рукі, сёньня кожная зьява апісваецца красамоўна, бо яна знаходзіцца ў злучнасьці, паяднаньні з усімі складнікамі быцьця. Такім чынам, выходзіць, што журналістычныя творы розьняцца ад літаратурных хіба што наканаванасьцю на часовы ўжытак. Дык гэта не азначае, што пазнавальна-выхаваўчы фактар у журналістыкі таксама паніжаны да надзённае часовасьці: почасту таленавіты рэпартаж, нарыс альбо невялічкая нататка не саступаюць па магуце ўзьдзеяньня на людзкія душы паэме альбо спэктаклю. Тут рыхтык і схаваны фэномэн масмэдый. Таму ці варта супрацьпастаўляць журналістыку й літаратуру, калі выдае на тое, што куды мудрэй па-літаратурнаму, не рамесна-аднолькава, але адметна рабіць журналісцкія тэксты — як узоры творчасьці. З улікам таго, канечне, што публіцыстыка, ува ўсёй сукупнасьці жанраў, да яе належных, ёсьць формай пазнаньня й адлюстраваньня рэчаіснасьці, а мастацкая літаратура — формай эстэтычнага асваеньня сьвету, чалавека, і ў выніку іхнага кантактаваньня, узаемапранікненьня спасьцігаецца глыбінная сутнасьць рэчаў. Але ж дзеля рэалізацыі гэткіх дасьледчых намераў трэба ўведаць нарэшце, чым ёсьць тыя адрозныя адзін ад аднаго стылі й як іх заклікаць на служэньне журналістыцы. 5. Трохі з гісторыі стылістыкі. Навука рыторыка Старажытнай Грэцыі й Рыму Стылістыка, вывучаючы выяўленчыя сродкі літаратурнай мовы й умельства іх выкарыстаньня, бярэ пачатак у антычнай рыторыцы — навуцы аб прамоўніцкім майстэрстве. Аднак у старажытным сьвеце высокаму роўню разьвіцьця прамоўніцтва спрыяла адна вельмі значная акалічнасьць — дэмакратычны лад жыцьця. Згадайма: пэрыяд найбольшага ў гісторыі росквіту прамаўленчага майстэрства супадае з панаваньнем дэмакратычных пачаткаў, эканамічным і палітычным уздымам такіх дзяржаваў, як Старажытная Грэцыя й Рым. Менавіта ж у Атэнах здатнасьць да публічных прыгожых прамаўленьняў сталася адной з прыкмет усталяванасьці грамадзкага жыцьця. Адпаведна са славутымі законамі Салона, кожны грамадзянін мусіў сам бараніць уласныя інтарэсы на судовым працэсе. Вядома ж, ня ўсе былі адораны гэткім талентам, а таму зьявіліся лагографы — складальнікі судовых прамоваў. З іхнага асяродку, дарэчы, выйшаў і вядомы грамадзкі дзяяч Старажытнай Грэцыі Дэмасфэн. Частыя выступленьні на судовых паседжаньнях, рытарычных спаборніцтвах, а таксама палемікі ў Народным сходзе з выкладаньнем аратарамі сваіх палітычных праграм выклікалі пільную патрэбу адмысловых заняткаў дзеля авалоданьня прамоўніцкім майстэрствам. Гэтак сталі засноўвацца школы маўленчага мастацтва. На жаль, творы першых тэарэтыкаў красамоўства Грогія, Ісакрата і Трасімаха не захаваліся. У Старажытным Рыме разьвіцьцё прамоўніцтва як асобнае мастацкае й навуковае зьявы доўжылася роўна датуль, пакуль на зьмену рэспубліцы не прыйшла імпэрыя, якая, з трапнага азначэньня рымскага гісторыка Тацыта, "утаймавала красамоўства, як і ўсё іншае". Тут, несумненна, адразу спамінаецца Цыцэрон, які сілай свайго таленту змагаўся за дэмакратыю. І непрыхавана праглядаюцца гістарычныя аналёгіі: калі ў грамадзтве няма волевыяўленьня асобы, людзьмі апаноўвае каструбаватасьць, грувасткасьць, няўклюднасьць мысьленьня й маўленьня. Вось да якое меры паяднаны міжсобку катэгорыі грамадзкія й асабовыя, свабода краіны й раскутасьць чалавечае думкі. Найбольш значнымі помнікамі антычнай тэорыі мовы й стылю ёсьць Арыстотэлевы "Паэтыка" й "Рыторыка" — глыбокае дасьледаваньне тэорыі й практыкі паэтычнага й прамоўніцкага майстэрства. Напісаная ў 335 годзе да нашай эры, "Рыторыка" й цяпер вызначаецца крытычнай вастрынёй і дакладнасьцю: усе зьявы тонка дасьледаваны, праглядаецца дыфэрэнцыяцыя й асэнсаваньне іх сувязі зь сьветаглядам і грамадзянскай пазыцыяй аратара. Асабліва адметным падаецца той факт, што Арыстотэль ужо тады бачыў аграмаднае значэньне ў вывучэньні псыхалягічных якасьцяў аўдыторыі й эмацыйных зрухаў. Разумеючы ўнівэрсальны характар рыторыкі, як і дыялектыкі, старажытны грэцкі вучоны даводзіў: "абедзьве яны датычацца такіх прадметаў, знаёмства зь якімі можа некаторым чынам лічыцца агульным здабыткам усіх і кожнага". "Недастаткова ведаць толькі, ШТО трэба сказаць, але належыць таксама сказаць гэта, ЯК трэба; гэта вельмі спрыяе таму, каб мова зрабіла пэўнае ўражаньне" — разважаў Арыстотэль, зыходзячы з таго, што рыторыка, зьяўляючыся галіной дыялектыкі й "той навукі аб норавах, якую справядліва называюць палітыкай", карыстаецца ня толькі доказамі, але й сродкамі эмацыйнага ўзьдзеяньня. Прытым, што вобразныя сродкі, на ягоную думку, усё ж выконваюць дапаможную ролю, ёсьць "аксэсуарамі" ў прамоўніцтве. Ідучы ў некаторых пытаньнях усьлед за сваім настаўнікам Платонам, Арыстотэль разьмяжоўвае стылі вуснага красамоўства й паэтычна-мастацкага твору, асаблівасьці мовы прамоўніцкага выступленьня й мовы навуковай, аргумэнтаванай. Рыторыка заўсёды скіравана на ўзбуджэньне той альбо іншай думкі, а таму варта рупіцца пра стыль не як пра нешта, што ўтрымлівае ісьціну, а папросту як пра сродак перакананьня слухача. А дзеля гэткага выніку, несумнеўна, трэба ўлічваць гэткія рысы прамоўніцтва й пісьменства, як рытм, паяднанасьць стылю са зьместам, наяўнасьць эпітэтаў, мэтафар, іншых вобразна-выяўленчых адзінак мовы. Ня згубленая ў колазвароце вякоў ад антычнага часу, рыторыка як аснова ўзьнікненьня стылістыкі на пэўны пэрыяд у гісторыі змоўкла, ператварыўшыся ў нямы звод дагматычных правіл прамоўніцкага майстэрства. І толькі ў эпоху станаўленьня й разьвіцьця прэсы, а потым і гэткіх патрэбных насёньня сродкаў масавае інфармацыі, як радыё, тэлебачаньне, а пасьля Інтэрнэт, узнавіўся інтарэс да клясычнай спадчыны старажытных грэкаў і рымлян — мастацтва карыстаньня слова. Дасьледчыкі апошняга часу разглядаюць рыторыку як навуку аб сродках перакананьня й мэтадах узьдзеяньня на масавую аўдыторыю з улікам ёйных сацыяльна-псыхалягічных асаблівасьцяў. Як пацьверджаньне гэтае тэзы зноў паўстае яскравае азначэньне Арыстотэля: "Стыль будзе мець пэўную якасьць, калі ён поўны пачуцьця, калі ён адлюстроўвае характар і калі ён адпавядае сапраўднаму стану рэчаў… Слухачы заўсёды спачуваюць прамоўцу, які гаворыць з пачуцьцём, нават калі ён не гаворыць нічога грунтоўнага; такім вось парадкам некаторыя прамоўцы з дапамогаю толькі тлуму спрабуюць зрабіць моцнае ўражаньне…" Прамінулыя стагодзьдзі, да жалю, не аспрэчылі й апошняй высновы грэка-мысьляра, а таму сёньня на журналіста ўскладаецца падвойная роля: трэба ня толькі таленавіта апавесьціць, але й змусіць чалавека да супастаўленьня фактаў, да роздуму й аналізу. Бо толькі гэтакім чынам журналістыка рэальна зможа проціпаставіць нязбыўнаму ў вякох прывабнаму тлуму не такую падчас кідкую й зманлівую праўду. А гэта якраз і ёсьць адзінаю падставаю захаваньня традыцыйнай функцыі журналіста ў грамадзтве ў эру інфармацыйных тэхналёгій, калі, здавалася б, слова ператвараецца ў бязважкасьць, засьцячы вочы, як пер'е, разьляцелае па ўсім сьвеце… 6. Вытокі беларускай стылістыкі. Уплыў фальклёру й прыгожага пісьменства на разьвіцьцё стыляў Карані ліцьвінскае стылістыкі, называнае цяпер беларускаю, вядома ж, даюць слову магуту жыць, дыхаць і красаваць з прадаўніх глыбіняў, калі яшчэ безыменны аўтар народ складаў незьлічонае мноства непадробных шэдэўраў, ведаць ня ведаючы пра жанры й стылі, але падсьвядома беспамылкова выстройваючы ў творах эпічных і лірычных тыя славутыя выяўленчыя моўныя сродкі, за конт якіх кожная нацыянальная літаратура ёсьць непараўнальнаю ні зь якаю іншаю. Што ж да рыторыкі, дык, нават ня згадваючы златавуста XII стагодзьдзя Кірылу Тураўскага, слыннага ў тагачасным сьвеце прамоўцу, маю пэўнасьць абвесьціць, што ўсялякі вясковы апавядач быў выдатным знаўцам законаў рыторыкі, ніколі, канечне ж, не чытаўшы аніякіх тэарэтычных досьледаў. І гэтая акалічнасьць ёсьць важкім аргумэнтам на карысьць таго, што ў самой прыродзе чалавечай закладзены нейкія патаемныя мэханізмы красамоўства. Толькі адны гэта ў сабе культывуюць як найлепшую асабовую праяву, іншыя ж не зважаюць на духоўную патрэбу прыгожа гаварыць, і паступова патэнцыйныя здольнасьці хаваюцца, заглухаюць, як бясплоднае зельле ў гародзе. Зважма: усе паданьні, легенды маюць адну форму перадаваньня думкі, а казкі — ужо іншую, баляды — адрозную ад казак і паданьняў. І гэтак — бясконца, па ўсёй неабсяжнай прасторы народнай творчасьці. Народ вынаходзіць абсалютна адпаведныя ў кожным разе прыёмы, каб выказаць і пераказаць нешта рэальна-адбыванае альбо мэтафізычнае зразумела й кранальна. Літаратурная мова, дарэчы, і дасюль адчувае нястачу ў перадаваньні паняткаў абстрактных, філязофскіх, мэтафізычных: неяк у гэтай плыні лягчэй мысьліцца ці не бальшыні нашых творцаў, навукоўцаў і журналістаў па-расейску. Відаць, працяглыя ідэалягічныя забароны на ўсё нематэрыяльнае справакавалі надзвычайную сытуацыю: найбагатшы жывы матэрыял (лексыка, своеасаблівыя моўныя канструкцыі, непаўторная повязь словаў) нібыта зьнік, схаваўся ў скляпеньні падсьведамасьці, падаўшы знакі існаваньня хіба толькі напрыканцы мінулага веку, калі сталі зьяўляцца філязофскія й міталягічныя канцэпцыі сьветаўладаваньня ў беларускай мове (Ігар Бабкоў, Валянцін Акудовіч, Сяргей Санько ды іншыя). Калі павяртацца да журналістыкі й ейных пачаткаў, дык аніяк не абмінеш старажытных кронік, палемічных лістоў, а далей — Кастуся Каліноўскага з палымяна-заклікальнай "Мужыцкай праўдай", якая ёсьць поўным узорам газэты, зладаванай з улікам усіх канонаў стварэньня й дзеяньня ідэалягічнай зброі. Нездарма ж аўтар навучаўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце й наведваў рэвалюцыйны гурток. Публіцыстычнасьць, трэба сказаць, высокага кшталту: да пачатку XX стагодзьдзя, да адраджэнцкіх 20-х, гэткае не было традыцыйным. 7. Праца на разьвіцьцё стылістыкі нацыянальных духоўных дзеячоў і асьветнікаў Аднак жа напачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было — Бог. Гэтая біблейская формула сьветасатварэньня на мікраўзроўні станаўленьня нацыянальнага пісьменства ёсьць абсалютным адлюстраваньнем сапраўднасьці рэчаў. Эўфрасіньня Полацкая, перапісваючы сьвятыя кнігі для народу, выштукоўвала, майстравала стыль, дапасоўвала сказанае адмыслова-складана, зашыфравана да разуменьня й ўспрыманьня ў штодзённым жыцьці. І гэта мела плён, бо пачынаў рэчаісна функцыянаваць стыль, блізкі да ладу думаньня людзей гэтай зямлі. Верыць хто альбо не, але кожная мова ўтвараецца з касьмічнага прынцыпу супаданьня энэргетычных вібрацый пэўнай тэрыторыі й гукаў: у Італіі горна-адкрытая, высокая, бунтоўная мэлёдыка мовы, у нас — як бары й балоты, ціхая, напеўная, задумная. Гэтак магчыма "расчытаць", раскадаваць характар кожнае зямлі, мовы, этнасу. Але адслонімся ад катэгорый касмалягічных. Постаці гісторыі ўсё-ткі больш уматэрыялізаваныя, нягледзячы на тое, як далёка ў часе мы, сучасьнікі, ад іх апынуліся. У залатым веку ВКЛ, у пару Адраджэньня, Францішак Скарына, па сутнасьці, вершыў справу, распачатую Эўфрасіньняй, перакладаючы біблейскія кнігі — збор рэлігійных правіл і канонаў, крыніцу ведаў "людем простым посполитым к пожитку и ко розмножению добрых обычаев". Гэтакім чынам доктар Скарына паклаў пачатак функцыянальнай стылістыкі. Абагачэньню літаратурнай мовы, якая, да гонару, мае моцу абслугоўваць усе сфэры інтэлектуальнай дзейнасьці, прысьвяцілі свае жыцьці й скарынавы пасьлядоўнікі — Сымон Будны й Васіль Цяпінскі. Непараўнальнае значэньне для разьвіцьця беларускай (дый расейскай!) стылістыкі маюць першыя граматыкі Лаўрэнція Зізанія й Мялеція Сматрыцкага. Нездарма ж М. Ламаносаў , кіраваўся граматыкай Мялеція Сматрыцкага, па якой навучаўся сам, пры стварэньні свае "Расейскае граматыкі", і назваў падручнік нашага земляка "вратами учености". Дарэчы, меркаваньне пра існаваньне трох стыляў — высокага, сярэдняга й нізкага — задоўга да тэорыі Ламаносава выказвалася яшчэ ў працах антычных і сярэднявечных аўтараў. Але не падмацаванае жывой маўленчай практыкай, яно выдавала на схематычную абстракцыю. У Расеі ж — напэўна, зноў жа за конт манархічнага дзяржаўнага ладу — рэальна ўжываліся ўсе тры стылі маўленьня, і высокі пры гэтым заставаўся ў карыстаньні толькі арыстакратыі. Тут вам не Старажытная Грэцыя, дзе з прынцыпаў дэмакратыі кожны меў права на асабістую абарону й мог навучацца майстэрству прамаўленьня. Міхаіл Ламаносаў прыкмячае таксама іншы стылёвы падзел у расейскай мове — на прастамоўе й прамоўніцтва, што, відавочна, і дагэтуль мала перамянілася: хіба прамоўніцкае ўмельства цягам сацыялістычнага "росквіту" страціла свае сутнасныя якасьці й набыло адценьне дэмагогіі, а прастамоўе заўважна "павузела" да нецэнзуршчыны, зь якой змаганьне вядзецца адвеку, але вынікі, хутчэй, адваротныя чаканым. Зрэшты, тут мы, як тое ні скрушна, маем вялікае падабенства — з прычыны адсутнасьці ўсё тае ж дэмакратыі, страчанае й здабытае сьветам шматкроць, пакуль складалася са зьбядненьня розных культур адна савецкая нацыя. Што да прадмета нашае гаворкі — стылістыкі й беларуска-расейскіх стасункаў у моўнай сфэры, то Вісарыён Бялінскі аднолькава праўдзіва адносна абедзьвюх моваў — балцка-славянскай нашай і шмат у чым цюркска-славянскай расейскай — акцэнтаваў увагу на сынтаксысе як адметным элемэнце стылістыкі, якую лічыў заканамерным працягам граматыкі. І менавіта вызначэньне іншамоўным крытыкам Бялінскім сынтаксысу й вобразна-выяўленчых адзінак мовы як спэцыфічнай сыстэмы, адрознай ад фанэтычнай, лексычнай ці граматычнай, аказалася для беларускае, нашае, мовы, пэўне, больш важкім, чым для самое расейскае. Бо моўная экспансія з боку Расеі, што доўжыцца ня першае стагодзьдзе й не ўтаймоўваецца да сёньня, амаль ні дашчэнту вынішчыла ў нашай мове якраз найярчэйшую праяву адрознасьці нацыянальнага мысьленьня й маўленьня — сынтаксыс. Пакуль жа неадольнай праблемай ёсьць узнаўленьне, адраджэньне ў літаратурнай (а затым — і ў гутарковай) мове адпачатных мажлівасьцяў сынтаксысу — гнуткага, арганічнага для беларусаў збудаваньня фраз і сказаў, стварэньня жывой і натуральнай для нашай мовы маўленчай ці пісьмовай плыні. Бо засвоіць наўмысьля, з палітычнай мэты, сьцертыя з памяці словы й напрактыкавацца фанэтыцы, як выяўляецца, куды прасьцей, чым канструяваць гаворку ў традыцыі гэтага народу, мусова пазбаўленага вольна распараджацца мовай — прыродным, Божым дарам. Літаратура 1. В.Стральцоў. Публіцыстыка. Жанры. Майстэрства. Мн., Выд-ва БДУ, 1977. 2. М.Я.Цікоцкі. Стылістыка беларускай мовы. Мн., "Універсітэцкае", 1995. 3. Ян Пятроўскі. Лепшыя думкі чалавека. Флярыда, ЗША, 1995. 4. Современная журналистика. Киев, Цэнтр свободной прессы, 1999. 5. Головин П.Н. Основы культуры речи, 2-е изд. М., 1990 . 6. Янкоўскі Ф.М. Само слова гаворыць. Мн., 1986.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||