ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА

 

ВОЛЬГА ДАШУК. ГІСТОРЫЯ АМЕРЫКАНСКІХ МЕДЫЙ І ЖУРНАЛІСТЫКІ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 7

ЛЕКЦЫЯ 6. ГІСТОРЫЯ ТЭЛЕБАЧАННЯ

План:

1. Узнікненне тэлебачання.

2. Эдвард Мэраў і Уолтэр Кронкайт.

3. Кабельнае тэлебачанне і вынаходніцтва відэамагнітафона.

4. Прыватная ўласнасць на медыя.

 

1. Узнікненне тэлебачання

Тэлебачанне прайшло перыяд усталявання і ўдасканалення, а таксама інтэгравалася ў амерыканскае грамадства значна хутчэй, чым радыё. Новым медыя не трэба было выпрацоўваць структуру кантролю з боку ўрада. Фінансавая аснова тэлебачання была яснай з самага пачатку. Публіка была ўжо прывучана да рэкламы. Тэлебачанне абяцала стаць яшчэ больш эфектыўным сродкам для продажаў. Не было праблем і з прыцягненнем рэкламадаўцаў. Аўдыторыя ведала і захаплялася рухомай карцінкай. Таму чакалася, што новае вынаходніцтва не сустрэне асаблівых перашкод.

Эксперыменты з тэлебачаннем пачаліся ў Францыі ў пачатку 1900-х гг. У 1937 г. у Злучаных Штатах дзейнічала ўжо 17 эксперыментальных тэлевізійных станцый. Узнікненню амерыканскага тэлебачання, як і радыё, паспрыяў Давід Сарнаў. У 1929 г. ён пазнаёміўся з Уладзімірам Зварыкіным і наняў яго на працу, пры гэтым даў яму магчымасць працаваць у сваіх лабараторыях.

У 1939 г. падчас сусветнай выставы ў Нью-Йорку канцэрн RCA (“Radio Corporation of America”), прэзідэнтам якога з 1930 г. быў Сарнаў, прадставіў публіцы тэлекамеру і тэлепрыёмнік.

У 1940 г. больш-менш рэгулярна вяшчалі 23 тэлестанцыі, якія, паўтараючы сітуацыю з радыё 20 гадоў таму, паказвалі перавыбары прэзідэнта Рузвельта.

У 1941 г. FCC зацвердзіла праект хатняга тэлебачання. У гэты час ужо існавала каля 5.000 прыватных тэлепрыёмнікаў (галоўным чынам, у Нью-Йорку і яго наваколлі). Некалькі малых станцый вялі рэгулярнае вяшчанне — дзве ці тры гадзіны на дзень.

Другая сусветная вайна ўнесла карэктывы ў развіццё новай прамысловасці. Серыйную вытворчасць тэлевізараў прыйшлося адкласці. Заводы кампаніі RCA былі пераарыентаваны на выпуск ваеннай прадукцыі. Сам Сарнаў у гады вайны служыў пры штабе генерала Эйзенхаўэра, дзе атрымаў званне брыгаднага генерала.

Аднак пасля заканчэння вайны развіццё тэлевізійнай тэхналогіі хутка пайшло наперад. Вайна канчаткова скасавала дэпрэсію ў грамадстве. Наогул, калі не браць пад увагу нязначныя рэгрэсіі, краіна ўступіла ў перыяд працяглага эканамічнага ўздыму, які не перапыняўся дзесяцігоддзі. Пакупніцкая здольнасць сярэдняй сям'і ўзрасла.

Вельмі хутка наяўнасць у сям'і тэлепрыёмніка стала вызначаць сацыяльны статус. У першыя гады існавання тэлебачання сям'я, якая не магла дазволіць сабе набыць новае прыстасаванне, вымушана была эканоміць на самым неабходным, каб усё ж такі набыць прыёмнік. “План лёгкай выплаты” (крэдыт), які зараз стаў характэрнай рысай амерыканскай эканомікі, ужо тады выкарыстоўваўся не вельмі заможнымі амерыканцамі для набыцця жаданых тэлевізараў. Імкненне выглядаць салідна прымушала некаторыя сем'і набываць тэлевізійную антэну і ўсталёўваць яе так, каб кідалася ў вочы, задоўга да таго, як у доме з'яўляўся тэлевізар. Гісторыі такога кшталту былі распаўсюджаны ў канцы 1940-х гг. Час Вялікай Дэпрэсіі, калі людзі на апошнія грошы куплялі радыёпрыёмнік для суцяшэння, для атрымання псіхалагічнага камфорту, быў забыты.

У пачатку 1946 г. на рынку нарэшце з'явіўся 10-цалёвы тэлевізар 630  TS коштам у 375 долараў. Краіна кінулася купляць навінку. У 1950 г. у ЗША налічвалася ўжо больш за 7 мільёнаў тэлевізараў, палову з якіх выпусціла RCA. Пачаўся сапраўдны бум, у выніку якога ў 1952 г. тэлевізары мелі ўжо 47% амерыканскіх сем'яў. RCA была падрыхтавана да гэтага: у 1953 г. NBC пачала рэгулярнае тэлевяшчанне, здымаючы тэлеперадачы па матывах сваіх жа радыёпраграм. Развітая інфраструктура з 238 станцый дазволіла NBC стаць першым нацыянальным каналам.

Давід Сарнаў узяўся і за каляровае тэлебачанне. У стварэнне яго ён інвесціраваў 130 мільёнаў долараў. Адразу публіка не вельмі захапілася навінкай. З-за вялізных укладанняў у распрацоўку і вытворчасць каляровых тэлевізараў прыбыткі кампаніі RCA ўпалі на чвэрць. Сарнаў не збіраўся здаваць пазіцыі. Прарыў адбыўся, калі Уолт Дысней вырашыў размясціць сваю праграму “Цудоўны свет Дыснея” на NBC, якая магла трансліраваць яе ў колеры. У выніку ў 1963 г. вытворчасць каляровых тэлевізараў стала сапраўднай індустрыяй. Доля RCA ў ёй склала 70%.

Давід Сарнаў выйшаў на пенсію ў 1969 г., хутка пасля таго, як камеры RCA перадалі на Зямлю выяву астранаўта Ніла Армстронга на паверхні Месяца. Гэта быў сапраўдны трыумф кампаніі.

Аднак нават на пенсіі Сарнаў працягваў ставіць перад RCA новыя задачы. Пабачыць іх увасобленымі яму не ўдалося — ён памёр у снежні 1971 г. А RCA яшчэ доўга была лідэрам сусветнай электронікі. У 1977 г. кампанія прадставіла першы “думаючы тэлевізар”, які аўтаматычна рэгуляваў настройку колеру, а таксама адзін з першых хатніх відэамагнітафонаў. У 1979 г. кампанія зрабіла стомільённую тэлевізійную трубку, а ў сярэдзіне 1980-х гг. — тэлевізар з стэрэагукам. У 1986 г. RCA была прададзена бацькоўскаму прадпрыемству — “General electric”, якое, у сваю чаргу, прадала яе ў канцы 1987 г. “Thompson Comsumer Eletronics” — аднаму з сусветных лідэраў у вытворчасці бытавой электронікі, які зараз працуе над сістэмай лічбавага тэлебачання высокай дакладнасці. Развіццё гэтай тэхналогіі Сарнаў прагназаваў яшчэ 30 год назад.

Мы ўсё ж крышку забеглі наперад. Вернемся зноў у 1950-я гг.

Першы камерцыйны каляровы паказ адбыўся ў 1951 г., як і першае вяшчанне “ад берага да берага” (было паказана адкрыццё прэзідэнтам Гары Трумэнам Японскай канферэнцыі па пытаннях міру, што праходзіла ў Сан-Францыска). У тым жа годзе сенатар-дэмакрат Эстэс Кефаўвер (Тэнэсі) выкарыстаў магчымасці тэлебачання, каб паведаміць пра ход свайго расследавання арганізаванага злачынства. На працягу тыдняў уладальнікі тэлепрыёмнікаў запрашалі суседзяў і разам глядзелі, як злачынцы адказваюць перад камерай на пытанні. Кефаўвер стаў адным з першых палітыкаў, які меў уласную выгаду ад папулярызацыі сваёй асобы праз ТБ. Раней ён быў невядомы, прадстаўляў малы штат. Такі ўдалы ход даў яму магчымасць быць намінаваным у якасці кандыдата ад дэмакратаў на пасаду віцэ-прэзідэнта ў 1956 г.

Тэлебачанне, наогул, рэвалюцыянізавала прэзідэнцкую палітыку: мільёны гледачоў змаглі зблізу пабачыць твар прэтэндэнта і ацаніць ягоную асобу. У 1960 г. былі паказаны дэбаты паміж двума кандыдатамі — Рычардам Ніксанам і Джонам Кэнэдзі. Буйны план Кэнэдзі прынёс яму перавагу. Выява Ніксана стварала ўражанне, быццам кандыдату ў прэзідэнты трэба пагаліцца. Мяркуюць, што апошняй кропляй на карысць Кэнэдзі з'явіўся менавіта тэлевізійны паказ, які падкрэсліў знешнюю беззаганнасць прэтэндэнта.

Першыя тэлевізары выкарыстоўвалі вакуумныя трубкі і мелі адносна малыя экраны. У тыповага дамашняга тэлевізара 1950 г. экран быў не намнога большы, чым палова кніжнай старонкі. Такі тэлепрыёмнік каштаваў каля 300 долараў (на цяперашнія грошы гэта раўнялася б прыкладна 1.000 долараў). Тэлевізары з “вялікім экранам” (памерам з цэлую кніжную старонку) былі рэдкасцю і каштавалі, як палова кошту новага аўтамабіля. Падчас наступнага дзесяцігоддзя памер экрана, колькасць каляровых тэлевізараў і надзейнасць тэлепрыёмнікаў прагрэсіравалі вельмі хутка.

У 1960 г. колькасць тэлевізійных станцый узрасла да 500, 87% амерыканскіх дамоў мелі тэлепрыёмнікі.

Пасля 1975 г. рынак ЗША захапілі японцы, з'явілася якасная тэлевізійная тэхніка па нізкім кошце.

У 1990 г. у ЗША было больш за тысячу камерцыйных і 300 грамадскіх тэлестанцый. Практычна кожны амерыканец (98%) меў тэлевізар. Зараз ТБ мае найбольшую аўдыторыю з усіх сродкаў масавай інфармацыі.

Мы ўжо гаварылі, што, як толькі ТБ з'явілася, большасць станцый выкарысталі базу 3—4 былых радыёстанцый і ператварыліся ў тэлерадыёкампаніі (выключэнне — “Mutual Broadcasting System”). Многія вядучыя выпускаў навін (напрыклад, Уолтэр Кронкайт, мы пра яго пагаворым пазней) прыйшлі на ТБ, маючы шматгадовы вопыт працы ў якасці радыёжурналіста.

Калі з'явілася магчымасць не толькі слухаць, але і бачыць каментатара, асобы, зоркі ТБ-бізнесу сталі надзвычай папулярнымі і ўплывовымі людзьмі. Калі ў 1981 г. Уолтэр Кронкайт выйшаў на пенсію з CBS “Evening News”, ён быў чалавекам, якому давярала ўся Амерыка.

Колькасць тэлевізараў у ЗША

Год

Колькасць амерыканскіх сем'яў, млн

Сем'і, якія мелі тэлевізары, млн

Сем'і, якія мелі каляровыя тэлевізары, млн/працэнты

Працэнт насельніцтва, якое мела тэлевізары

1946

37,9

0,008

0,02

1950

43,5

3,9

9,0

1955

47,8

37,4

78,0

1960

52,6

45,8

0,3

0,07

87,0

1965

57,5

52,7

2,8

5,0

93,0

1970

62,9

58,5

20,9

36,0

95,0

1975

71,1

68,5

46,9

68,0

97,0

1980

80,8

76,3

63,4

83,0

98,0

1981

82,4

79,9

66,6

83,0

98,0

1982

83,5

81,5

71,4

88,0

98,0

1983

83,9

83,3

73,9

89,0

98,0

1984

85,4

83,8

75,8

90,0

98,0

1985

85,8

84,9

77,7

92,0

98,0

2. Эдвард Мэраў і Уолтэр Кронкайт

Эдвард Мэраў (Edward Murrow) вызначыў будучыя стандарты навін і “дакументальнага” вяшчання. Калі ён памёр (красавік 1965 г.), журналіст Эрык Севарэйд напісаў пра яго: “Эдвард Мэраў быў зоркай. Мы будзем жыць у яго водбліску доўгі час…”

Мэраў быў увасабленнем адказнага журналіста. Крытыкі пішуць пра яго пастаянны пошук ісціны, яго любоў да англійскай мовы, яго пашану да амерыканскай культурнай спадчыны.

У 1948 г. Мэраў прыйшоў на тэлебачанне. 18 лістапада 1951 г. ён змог прадэманстраваць аўдыторыі і свой стыль, і сваю індывідуальнасць. Першы выпуск яго шоу “Пабач гэта зараз” (“See it now”) паказваў Мэраў, які сядзеў перад двума маніторамі. На адным была выява маста Голдэн Гэйт і неба над Сан-Францыска. На другім — Бруклінскі мост і выява Нью-Йорка. На працягу 30 хвілін камеры таксама дэманстравалі Мэраў у Нью-Йорку. У праграме выкарыстоўвалася таксама тэлефонная размова Мэраў з Ховардам Смітам у Парыжы, запісаная загадзя.

Так Мэраў і Фрэд Фрэндлі, яго прадзюсер на радыё і тэлебачанні на працягу 10 год, трансфармавалі радыё-шоу “Пачуй гэта зараз” (“Hear it now”) для новага сродку камунікацыі. Гэта быў час “жывога” эфіру. Надзвычай старанна падрыхтаваныя праграмы Мэраў, яго сумленнасць, глыбокі пераканаўчы голас, высакародныя манеры зрабілі яго аўтарытэтам для нацыі.

Праграма “Пабач гэта зараз” не мела, аднак, доўгага жыцця. У 1952 г. Мэраў паехаў у Карэю. Шоу “Нараджэнне Хрыстова ў Карэі”, якое ён зрабіў па выніках свайго падарожжа, упершыню працягвалася не 30 хвілін, а гадзіну. Гэта быў першы тэлевізійны рэпартаж з месца баёў, і гаварылася ў ім пра марнасць і тупіковасць карэйскай вайны.

Ціск на СВS распачаўся, калі Мэраў і Фрэндлі падрыхтавалі гісторыю пра маладога афіцэра запасу Міла Радулавіча, якога кваліфікавалі як “небяспечнага”, “ненадзейнага” афіцэра, бо яго бацька і сястра чыталі “падрыўныя” газеты.

Востры характар мелі і папярэднія праграмы Мэраў. У СВS з'явіліся праблемы — рэкламадаўцы сталі байкаціраваць праграму “Пабач гэта зараз”.

Нарэшце, здымачная група наведала мясцовасць Радулавічаў. Паказалі, што газета, якую чытаў бацька афіцэра, была выданнем на сербскай мове. Гэта газета падтрымлівала Маршала Ціта. Напрыканцы праграмы Мэраў прамовіў: “Што б ні здаралася ў адносінах паміж асобай і дзяржавай, мы самі з гэтым разбярэмся. Не трэба абвінавачваць Маленкова, Мао Цзэдуна ці нават нашых саюзнікаў. Нам здаецца — мне і Фрэду Фрэндлі,— што гэта прадмет, па якім можна спрачацца бясконца…”

Пасля з лейтэнанта Радулавіча знялі падазрэнне ў ненадзейнасці.

У тым жа 1953 г. Мэраў распачаў серыю сваіх знакамітых інтэрв'ю “Person to Person”. Агіда, якую Мэраў выказваў датычна некаторых бакоў шоу-бізнесу на тэлебачанні, спарадзіла складанасці ў адносінах паміж ім і прэзідэнтам СВS Фрэнкам Стэнтанам. Гэта праграма пра існавала да 26 чэрвеня 1959 г. Мэраў быў вядомы сваім нефармальным стылем. За гады існавання перадачы “Person to Person” у ёй удзельнічала 500 гасцей. Праграма заўсёды займала “верхняе” месца ў рэйтынгу.

Выпуск “See it now” ад 9 сакавіка 1954 г. быў адным з самых рэзкіх у гісторыі амерыканскага тэлебачання. Мэраў абурала пазіцыя сенатара Джозэфа Мак-Карці: ледзь не ўсе амерыканцы абвінавачваліся ў “падрыўной дзейнасці”. У гэтай перадачы Мэраў сказаў: “Мы абвяшчаем сябе — такія мы і ёсць — абаронцамі свабоды за мяжой. Што засталося ад гэтага? Мы не можам абараняць свабоду за мяжой, калі не маем яе дома. Дзеянні старшага сенатара з Вісконсіна напужалі і ўстрывожылі нашых саюзнікаў за мяжой і задаволілі нашых ворагаў. Хто вінаваты ў гэтым? На самай справе, не ён. Ён не стварыў атмасферу страху, ён толькі выкарыстаў яе, і даволі паспяхова. Касій меў рацыю: “Прычына, дарагі Брут, не ў размяшчэнні зорак, а ў нас саміх…” Добрай ночы. Жадаю ўдачы”.

Мэраў імкнуўся растлумачыць публіцы розніцу паміж нелаяльнасцю і разыходжаннем у поглядах.

У ліпені 1958 г. выхад “See it now” быў спынены кіраўніцтвам СВS. Мэраў працягваў працаваць над начнымі выпускамі навін на радыё. Двойчы на тыдзень ён з'яўляўся і на тэлеэкране. У 1960 г. ён падрыхтаваў праграму (у рамках шоу “CBS reports”) “Ураджай сораму”, якая паказвала ўмовы жыцця рабочых-імігрантаў. Пасля 1961 г. ён канчаткова расчараваўся ў тэлебачанні з прычыны яго камерцыйнай прыроды. Мэраў узначаліў інфармацыйнае агенцтва US. У 1963 г. хвароба вымусіла яго выйсці на пенсію.

Дзейнасці Эдварда Мэраў даваліся розныя, нават супрацьлеглыя, ацэнкі. Ворагі характарызавалі яго як “апошняга майстра інсінуацый, паклёпу і беспадстаўных абвінавачанняў”. Але, відаць, найбольш пахвальныя словы былі выказаныя ў адрас Мэраў супрацоўнікам NBC, тэлекампаніі-канкурэнта. Ён падзякаваў Мэраў за тое, што ён прапаноўвае “выбар, мэту і прыклад”.

У 1960-я гг. найбольш яркай асобай сярод журналістаў СВS робіцца Уолтэр Кронкайт (Walter Cronkite). У сярэдзіне 1970-х гг. ім будзе захапляцца ўся Амерыка. Ён распавядае пра прэзідэнцкія выбары, вайну ў В'етнаме, расавыя канфлікты, забойствы, “Уотэргейт” і робіць праграмы на іншыя тэмы.

У 1950 г. Кронкайт прыйшоў на СВS. Спачатку планавалася, што Кронкайт будзе весці рэпартажы з Карэі. Але ён стаў вядомы як рэпарцёр СВS у Вашынгтоне. За Кронкайтам замацавалася рэпутацыя чалавека, адданага “жорсткім навінам”. Кронкайт быў таксама і зоркай многіх дакументальных шоу СВS, такіх, як “Сведка гісторыі”, “Дваццатае стагоддзе”, “СВS паведамляе”.

Калі амерыканцы пачалі ваенныя дзеянні ў В'етнаме, Кронкайт, як і большасць журналістаў, асабліва не задумваўся над сэнсам таго, што адбывалая ў В'етнаме. У 1965 г. ён нават быў на борце самалёта, які бамбіў джунглі над Данангам. Але пазнейшыя яго рэпартажы выяўляюць крытычную пазіцыю да вайны ў В'етнаме.

У 1968 г., аглядаючы наступленне амерыканскіх войскаў, Кронкайт так закончыў свой каментар: “...сказаць, што мы дайшлі да мёртвай кропкі, здаецца найбольш рэалістычным …адзіны рацыянальны выхад ...павінны весці перамовы, і не як пераможцы”. У наступныя гады рэпартажы СВS рабіліся ўсё больш крытычнымі ў дачыненні да палітыкі амерыканскага ўрада.

Белы дом і Рычард Ніксан лічылі СВS сваім галоўным ворагам. Кронкайту належалі лепшыя рэпартажы, прысвечаныя “уотэргейцкаму” скандалу. Быў вядомы Кронкайт і як рэпарцёр па праблемах космасу.

3. Кабельнае тэлебачанне і вынаходніцтва відэамагнітафона

Мяркуюць, што выкарыстанне кабелю для перадачы тэлесігналу адбылося ў 1950 г. у Лансфардзе, Пенсільванія. Роберт Тарлтан, якому належала крама радыё- і тэлезапчастак, атрымліваў шмат скаргаў наконт прыёму. Людзі прыносілі тэлевізары і скардзіліся, што з імі нешта не ў парадку. Тарлтан зразумеў, у чым сутнасць праблемы: горад размяшчаўся ў 65 мілях ад Філадэльфіі, за гарой, што перабівала сігнал.

Тарлтан вырашыў паставіць вялікую антэну і за штомесячную плату забяспечваў падключэнне да яе кожнага дома. Свой новы бізнес ён назваў “Panther Valley Television Company”.

Ідэя пачала развівацца. Хутка CATV (“Community Antenna Television System”) размясціла свае аддзяленні ва ўсіх частках краіны. Галоўным чынам, гэта былі маленькія фірмы ў аддаленых пасёлках, дзе жылі дзве сотні гледачоў.

З цягам часу ў ідэі з'яўляліся новыя і новыя паслядоўнікі. У тэлестанцый гэта пачало выклікаць пратэст. Яны разглядалі кабельныя сістэмы як паразітаў, якія нічога не плацяць за распаўсюджванне сігналу, а прыбытак маюць.

Урэшце, былі выпрацаваны правілы, што можна і што нельга перадаваць па кабельных сетках.

Да 1980-х гг. колькасць гарадоў, гарадкоў і іншых тэрыторый, ахопленых кабельным тэлебачаннем, рэзка ўзрасла. Некаторыя з кабельных сістэм ператварыліся ў велізарныя карпарацыі. У пачатку 1980-х гг. было больш чым 4.000 кабельных сістэм, каля 20% амерыканскіх сем'яў прымалі ТV-сігнал такім шляхам. У 1987 г. — ужо 45%.

Кабельнае тэлебачанне не надта адрозніваецца ад “паветранага”, але дае магчымасць значна шырэйшага выбару. За штомесячную плату можна скласці набор ТВ-каналаў, які, як правіла, уключае “звычайныя“ плюс спецыяльныя каналы: надвор'е, спорт, рэлігійныя праграмы і г.д. За дадатковую плату можа быць дададзены кінаканал.

Між тым тэлебачанне хутка развівалася, а карпарацыя AMPEX у Нью-Йорку распрацоўвала прыстасаванне, якому суджана было моцна паўплываць як на тэлебачанне, так і на кінапрамысловасць. У 1952 г. Чарльз Джынберг разам з яшчэ пяццю інжынерамі AMPEX спрабаваў запісаць тэлевізійную праграму на магнітную стужку. Выкарыстанне магнітнай стужкі ў якасці сродку для запісу аўдыёпраграм было ўжо шырока распаўсюджана, таму сама ідэя не з'яўлялася занадта рэвалюцыйнай. Існавала тэхналогія, якая ўжывалася для запісу тэлевізійных праграм, але працэс гэты быў цяжкі, недасканалы, запіс атрымліваўся няякасны.

Пасля шматлікіх дапрацовак канструкцыя атрымала назву VTR (Video Tape Recorder). Гэта быў апарат памерам з валізку, у якім выкарыстоўваліся дзве ратацыйныя галоўкі. Запіс ішоў на стужку 2 цалі шырынёй. Па сённяшніх стандартах бабіны былі занадта вялікія — 12 цалей у дыяметры.

Практычная карысць вынаходніцтва была ацэнена імгненна. Першай ужыла новую тэхналогію CBS. Канал перадаў шоу “Дуглас Эдвард і навіны” ў запісе 30 лістапада 1956 г.

Відэамагнітафон хутка стаў неад'емнай часткай тэлепрактыкі, але публіцы ён быў яшчэ невядомы. Затое тэлестудыям ён дапамагаў вырашаць шэраг праблем. Памылкі, недарэчнасці пры здымках маглі быць папраўлены, нейкія перадачы можна было ставіць у расклад у зручны час. Стужка падлягала рэдагаванню, можна было скараціць час перадачы.

Відэамагнітафоны пачалі ўжываць і адукацыйныя ўстановы. Запанавала думка, што відэамагнітафон рэвалюцыйным чынам зменіць сістэму адукацыі.

У 1970-х гг. памер VTR зменшыўся, вывучалася магчымасць замены бабін на што-небудзь іншае. Некаторыя вынаходнікі імкнуліся зрабіць так, каб можна было размясціць стужку ўнутры касеты, а касету проста ўставіць у магнітафон і націснуць кнопку.

З вынаходніцтвам касеты пачаўся бум на відэамагнітафоны. Запісвалі, што толькі можна. Рэцэпты прыгатавання ежы, п'есы Шэкспіра, спартыўныя матчы, старыя фільмы. Але зрабіць відэамагнітафон масавым адразу не ўдалося. Перашкодай стаўся тэхналагічны канфуз. Выпускаліся магнітафоны розных тыпаў, і іх сістэмы не супадалі. Сітуацыя нагадвала эфірны хаос першых год існавання радыё.

Калі частка бізнесменаў страціла мільёны, тады, нарэшце, з'явіліся адзіныя стандарты. І відэамагнітафон стаў масавым прадуктам.

Год

Колькасць прададзеных відэамагнітафонаў, тыс.

Колькасць сем'яў, тыс.

Колькасць ВМ на сям'ю

Працэнт сем'яў — уладальнікаў ВМ

1977

200

74,100

0,002

1978

459

76,000

0,006

0,8

1979

507

77,300

0,006

1,4

1980

763

90,776

0,009

2,3

1981

1,361

82,400

0,1

3,3

1982

2,300

83,527

0,2

5,3

1983

4,091

83,918

0,4

9,3

1984

7,016

85,407

0,8

17,3

1985

11,853

86,689

0,13

30,3

1986

13,174

88,458

0,14

44,3

4. Прыватная ўласнасць на медыя

У ЗША прыватная ўласнасць на медыя — звычайная рэч. Многія амерыканцы былі б супраць дзяржаўнай уласнасці таму, што гэта стварыла б пагрозу свабодзе слова, прывяло б да ўмяшальніцтва ў “рынак ідэй” і мела б вынікам аднабаковую камунікацыю — ад урада да грамадзян. Калі ўрад кантралюе выпуск навін, у людзей малы шанц даведацца, чым займаецца кіраўніцтва краіны, і паўплываць на яго паводзіны.

Толькі адзін прыклад таго, што рэальна адбываецца, калі СМІ належаць толькі дзяржаве. Усім вядома, як савецкі ўрад адрэагаваў на чарнобыльскі выбух і як гэта падзея асвятлялася ў саюзных сродках інфармацыі.

У 1987 г. у савецкім часопісе “Журналист” карэспандэнт сварылася на заходнія, у прыватнасці, амерыканскія медыя, абвінавачваючы іх у нагнятанні істэрыі, распальванні нязначнай праблемы. Крытыкавала яна і загалоўкі амерыканскіх выданняў: “Тысячы ахвяр”, “Брацкія магілы загінулых”, “Вымерлы Кіеў”, “Уся зямля Украіны атручана”. Амерыканцы, у сваю чаргу, адрэагавалі на крытыку.

“Вашынгтон пост”: “Савецкія сродкі масавай інфармацыі абвінавачваюць Захад у тым, што ён стварыў з інцыдэнту “прапагандысцкае воблака” з мэтай атруціць міжнародную атмасферу.

Тэлерадыёкарпарацыя ABC:Саветы ніколі не прызнаюць памылак… Калі б іх не крытыкаваў Захад, яны непазбежна пераходзяць у наступ”.

Для ўзмацнення праведнага гневу расійскай журналісткі амерыканцы далі падставу: у адным з амерыканскіх часопісаў быў надрукаваны артыкул: “Ці не хапілі мы праз край у чарнобыльскім пытанні?”. Журналістка дае такі каментар гэтаму артыкулу: “Дзеля сенсацыі амерыканскія журналісты гатовыя забыцца пра прынцыпы прафесіі і інтарэсы суайчыннікаў. Пасля некаторыя з іх выразілі гатоўнасць пакаяцца. Лепш позна? Лепш адразу працаваць сумленна; не спатрэбіліся б тады запозненыя прызнанні”.

Прыведзены каментар — добрая ілюстрацыя таго, што ўяўляе з сябе дзяржаўная ўласнасць на сродкі масавай камунікацыі ў дзеянні.

Амерыканцы адзначаюць, што такая сітуацыя ў Савецкім Саюзе назіралася да Гарбачова. “Падчас яго прэзідэнцтва ўрад дазволіў палітычную крытыку, тады зноў абмежаваў яе на пачатку 1991 года. Гэта незалежныя замежныя медыя, якія мабілізавалі дэмакратычныя сілы, перамаглі Жнівеньскі дзяржаўны пераварот”.

Прыватная ўласнасць на сродкі масавай інфармацыі дае магчымасць для пастаяннай крытыкі ўрада. А таму недзяржаўныя медыя нідзе ў посткамуністычнах краінах не любілі і працягваюць не любіць.

ХРАНАЛОГІЯ

Гісторыя электронных сродкаў масавай інфармацыі ў ЗША

1876

Аляксандр Грэхем Бел дэманструе тэлефон і стымулюе бачанне эры вяшчання, у тым ліку і тэлефона.

1884

Вынаходніцтва дыска Ніпкава асноўвае тэхніку развёрткі адлюстравання — крок да перадачы вобразаў.

1894

Кінетаскоп Томаса Эдысана натхняе на інтэнсіўныя эксперыменты з рухомымі карцінкамі.

1895

Гільельма Марконі дасылае паведамленні па бяздротавым тэлеграфе ў бацькоўскім маёнтку.

Браты Люм'ер пачынаюць эпоху кінематографа.

1897

Марконі адкрывае сваю кампанію ў Англіі.

1899

Марконі наведвае ЗША, перадае па бяздротавым тэлеграфе спаборніцтва на Кубак Амерыкі, адкрывае сваю кампанію ў Амерыцы, дэманструе перавагі новага сродку камунікацыі для арміі і флоту.

1901

Рэджынальд Фэсэндэн эксперыментуе з перадачай голасу, дасягае першага поспеху.

1904

Джон Амброз Флемінг у Англіі вывучае радыёхвалі.

1906

Лі дэ Форэст вынаходзіць электронную лямпу.

У вечар перад Нараджэннем Хрыстовым Фэсэндэн перадае па радыё чалавечы голас, таксама гучыць музыка.

1907

Радыётэлефонная кампанія Лі дэ Форэста пачынае вяшчанне ў Нью-Йорку.

Тэрмін “тэлебачанне” ўжыты ў “Scientific American”.

1908

Дэ Форэст вяшчае з Эйфелевай вежы.

1910

Дэ Форэст перадае оперу з Энрыка Каруза са сцэны “Метраполітэн”.

1912

Давід Сарнаў прымае радыёграму пра гібель “Тытаніка”.

Эксперыменты з перадачай вобразаў з выкарыстаннем дыска Ніпкава.

Новы закон патрабуе атрымання ліцэнзій на вяшчанне.

1913

AT&T пачынае набываць патэнты Лі дэ Форэста.

1915

Вяшчанне AT&T дасягае Сан-Францыска, выкарыстоўваецца вакуумны ўзмацняльнік.

1916

Дэ Форэст перадае музыку і вынікі выбараў у Нью-Йорку.

Давід Сарнаў прадстаўляе кіраўніцтву “American Marconi” ідэю “музычнай скрынкі”.

1917

Пасля абвяшчэння Злучанымі Штатамі вайны Германіі радыёабсталяванне — камерцыйнае і аматарскае — апячатваецца ці канфіскуецца флотам.

Барацьба за патэнты на вяшчанне па загаду ўрада прыпыняецца на час вайны.

1918

Флот кантралюе радыёвяшчанне ў ЗША.

Адмова Кангрэса распараджацца вяшчаннем стымулюе прыватную ўласнасць.

1919

“Radio Corporation of America” набывае кантрольны пакет акцый “American Marconi”.

Развіваецца аматарскае вяшчанне.

1920

Уладзімір Зварыкін праводзіць эксперыменты з тэлебачаннем.

AT&T робіцца партнёрам RCA.

Аматарскія станцыі вяшчаюць у многіх частках Амерыкі.

“Westinghouse” спрабуе асвоіць міжнародную сферу бяздротавага тэлеграфа.

Станцыя WestinghouseKDKA перадае вынікі прэзідэнцкіх выбараў.

1921

Westinghousе” і United Fruit робяцца партнёрамі RCA, заключаюць пакт аб агульных ліцэнзіях.

1922

На працягу года выдадзена больш чым 500 ліцэнзій на радыёвяшчанне.

Першая канферэнцыя ў Вашынгтоне, прысвечаная праблемам радыёвяшчання.

AT&T пачынае эру рэкламы на радыё.

1923

Федэральная гандлёвая камісія пачынае даследаванне радыёманаполіі.

Зварыкін дэманструе частковую электронную тэлевізійную сістэму.

1924

Прамова прэзідэнта Куліджа, якая перадаецца 26 злучанымі станцыямі, вяшчанне “з берага да берага”.

1925

Узнікненне 35 адукацыйных станцый.

1926

GE, “Westinghouse” i RCA арганізуюць “National Broadcasting Company” (NBC).

1927

Герберт Хувер з'яўляецца ў эксперыментальнай тэлеперадачы для AT&T.

Стварэнне “Columbian Photograph Broadcasting System” (пазней — CBS).

Філ Фарнсварт прэтэндуе на патэнт на электроннае тэлебачанне, атрымае яго праз тры гады.

“Радыёакт” 1927 года. Створана Федэральная радыёкамісія.

У кіно з'яўляецца гук.

1928

GE прадстаўляе “Веснік каралевы”, першую тэлевізійную драму.

1929

“Paramount” набывае 49% CBS.

RCA купляе “Victor Talking Machine Company”.

Бум на Уол-стрыт, фінансавая катастрофа.

1930

Эканамічны крызіс уводзіць радыё ў вадэвільную эру.

Пачатак рэйтынга Крослі, пабудаванага на тэлефонных званках.

Давід Сарнаў робіцца прэзідэнтам RCA.

1931

Узрастанне ролі і колькасці рэкламы на радыё.

1932

NBC цалкам належыць RCA.

NBC пачынае вяшчанне з тэлестанцыі на Эмпайер Стэйт Білдынг.

1933

Армстронг дэманструе FM супрацоўнікам RCA.

1934

Прапанова зарэзерваваць 25% каналаў для адукацыі (Біль Вагнера — Хэтфільда) адхіляецца.

Прыняты “Камунікацыйны Акт”.

1935

З'яўляецца аўдыёметр як сродак для падліку, ён робіцца асновай рэйтынга Нільсена.

Армстронг дэманструе FM для прэсы.

1936

RCA ўкладвае $ 1.000.000 на развіццё тэлетэхналогіі.

Кабель Нью-Йорк — Філадэльфія гатовы для выкарыстання.

1937

NBC перадае сімфонію, дырыжор — Тасканіні.

Мабільны блок NBC працуе ў Нью-Йорку.

1938

Мэраў паведамляе па CBS пра далучэнне Аўстрыі.

Праграма навін пачынае ўключаць інфармацыю пра падзеі з усяго свету.

Калтэнборн паведамляе пра Мюнхенскі крызіс.

Орсан Уэлс ставіць радыёдраму “Вайна сусветаў”.

CBS купляе “Columbia Records”.

1939

Армстронг адкрывае FM-станцыю ў Элпіне, Нью-Джэрсі.

RCA дэманструе тэлебачанне на Сусветным Кірмашы ў Нью-Йорку.

Тэлебачанне мае абмежаваную камерцыйную аснову.

Пачынаецца вытворчасць радараў.

1940

FCC вырашае, што тэлебачанне павінна мець FM-гук.

З'езд дэмакратаў і рэспубліканцаў у тэлепраграме.

Выбары першы раз на тэлеэкране.

Мэраў паведамляе па CBS пра бамбардзіроўку Лондана.

1941

Тэлебачанне атрымлівае камерцыйную аснову.

1942

Вытворчасць тэлепрыёмнікаў прыпыняецца.

Скарачаецца тэлевізійнае вяшчанне.

Фарміруецца Упраўленне ваеннай інфармацыі.

Утвараецца Радыёслужба Ваенных Сіл.

1943

Амерыканскі Вярхоўны Суд патрабуе ад NBC прадаць адну з яе тэлесетак.

Нобель купляе “Blue Network”, якая атрымлівае новую назву — American Broadcasting Company”.

Дротавыя прыстасаванні для запісу выкарыстоўваюцца на Італьянскім фронце.

1944

Спонсарскія эксперыменты з камерцыйным тэлебачаннем.

1945

Захоп нямецкіх прыстасаванняў для запісу.

FCC перамяшчае FM “вышэй” у радыёспектры.

Узнаўленне вытворчасці прыёмнікаў.

1946

Стэнтан робіцца прэзідэнтам CBS.

Мэраў, новы віцэ-прэзідэнт CBS, пачынае серыю дакументальных праграм.

Адкрыццё паседжання Рады Бяспекі Аб'яднаных Нацый трансліруецца па TV.

CBS і NBC дэманструюць каляровае тэлебачанне.

1947

Адкрыццё Кангрэса трансліруецца ўпершыню.

FCC адхіляе хадайніцтва CBS аб каляровым вяшчанні.

1948

Упершыню членам FCC робіцца жанчына (Фрыда Хэнак).

З'яўляюцца першыя відэамагнітафоны.

Філадэльфія абвяшчаецца месцам з'езда з-за ўзнікнення там кабельнай сістэмы.

Трумэн плануе перадвыбарчае турнэ замест тэлевяшчання.

FCC “замарожвае” выдачу ліцэнзій на тэлевяшчанне.

Уздым негрыцянскіх радыёстанцый.

1949

Упершыню па ТБ паказваецца інаўгурацыя.

З'яўляецца “I Can Hear It Now” альбом.

1950

З'яўленне Пола Дропера ў шоу “Toast of the Town” (“Твар горада”) выклікае пратэст.

Мэраў пачынае серыю “Hear It Now”.

1951

У Злучаных Штатах рэзка падае наведванне кінатэатраў.

Хваля закрыцця кінатэатраў.

Вядуцца перамовы наконт аб'яднання ABC Paramount Theater”.

NBC пачынае серыю Today”.

CBS пачынае серыю Мэраў-Фрэндлі “Пабач гэта зараз” (“See it now”).

1952

FCC рэзервуе тэлевізійныя каналы для адукацыі.

Папраўкі да “Communication Act”.

FCC скасоўвае “замарожванне” выдачы ліцэнзій.

1953

Зліццё ABC i Paramount”.

У Х'юстане пачынаецца вяшчанне некамерцыйнага тэлебачання.

Сенатар Джозэф Мак-Карці кіруе “чысткамі” і пасадамі на “Голасе Амерыкі” і FCC.

1954

See it now” з сенатарам Мак-Карці і яго адказ.

Узрастанне цэнзуры ў серыях-анталогіях.

Кантракт “Disney” i “Warner Brothers” на вытворчасць для ABC-TV.

Радыёслужба Ваенных Сіл пачынае тэлевізійнае вяшчанне.

1955

Камерцыйнае тэлебачанне Брытаніі і Японіі пашырае рынкі для сваіх тэлефільмаў.

Роберт Сарнаў робіцца прэзідэнтам NBC.

1956

“Шайен” выклікае лавіну тэлевізійных вестэрнаў.

Выпуск сотняў ігравых фільмаў, зробленых да 1948 г., выклікае заняпад мясцовага тэлебачання.

1957

Інаўгурацыя ўпершыню запісваецца на відэа.

Мікіта Хрушчоў у “Твары нацыі” на CBS.

Джон Дэрфер роб іцца старшынёй FCC.

1958

CBS заканчвае “Пабач гэта зараз”.

Роберт Кінтнэр робіцца прэзідэнтам NBC.

1959

“Кухонныя дэбаты” Ніксана і Хрушчова ў Маскве.

Турнэ Хрушчова па Злучаных Штатах шырока асвятляецца тэлебачаннем.

Джэймс Эбру робіцца прэзідэнтам CBS-TV.

The Untouchablesпачынаюць эпоху гвалту ў тэлефільмах.

Сустрэча Хрушчова і Кастра на тратуары Гарлема паказваецца па ТБ.

Рычард Ніксан і Джон Кэнэдзі сустракаюцца ў “Вялікіх дэбатах”.

1961

Эйзенхаўэр у тэлевізійным развітальным слове папярэджвае аб небяспецы ваенна-прамысловага комплексу.

Эдвард Мэраў узначальвае USIA.

Кэнэдзі дазваляе здымаць на стужку і для тэлебачання прэзідэнцкія прэс-канферэнцыі без купюр.

ABC-TV уводзіць 40-секундны перапынак для рэкламы, іншыя каналы пераймаюць прыклад.

1962

Некамерцыйнае тэлебачанне набывае нью-йоркскі 13-ы канал.

NBC-TV трансліруе “The Tunnel”.

1963

“У мяне ёсць мара” — прамова Марціна Лютэра Кінга, галоўная сакавіцкая праграма ў Вашынгтоне.

Тэлекарпарацыі пачынаюць вяшчанне паўгадзінных вячэрніх праграм навін.

Забойства і пахаванне прэзідэнта Кэнэдзі, на гэтай падзеі і на Лі Харві Освальдзе канцэнтруецца ўвага гледачоў за чатырохдзённую тэлетрансляцыю.

1964

Фрэд Фрэндлі робіцца прэзідэнтам CBS News”.

1965

ТБ больш шырока асвятляе вайну ў В'етнаме.

Тэлебачанне робіцца каляровым.

CBS займае цэнтр новага небаскроба.

1966

Фрэндлі не пагаджаецца з рашэннем CBS прыпыніць трансляцыю слуханняў у Сенаце па вайне ў В'етнаме.

FCC бярэ пад сваю юрысдыкцыю кабельнае тэлебачанне.

Шпіёны і войны дамінуюць у тэлефільмах.

Азіяцкае турнэ прэзідэнта Джонсана шырока асвятляецца ТБ.

1967

Антываенныя маршы і дэманстрацыі ўсё часцей паказваюцца на тэлеэкране.

Выпадковае выкарыстанне фільма навін з Паўночнага В'етнама.

Фарміруецца Карпарацыя грамадскага вяшчання.

1968

Паказ часткі фільма Фелікса Грына “У Паўночным В'етнаме”, крытыка фільма кангрэсменамі.

Марцін Лютэр Кінг абвяшчае “Марш Беднякоў” — антываенны пратэст.

Прэзідэнт Джонсан паведамляе па тэлебачанні, што здымае сваю кандыдатуру на перавыбарах.

Rowan & Martin's Laugh-inпапулярызуе калейдаскапічны камедыйны стыль.

Трансляцыя па тэлебачанні пахавання Марціна Лютэра Кінга, забітага снайперам.

CBS-TV паказвае “Голад у Амерыцы”, што выклікае вялікі водгук аўдыторыі.

Дэманстрацыя па ТБ пахавання сенатара Роберта Кэнэдзі, забітага пасля перамогі на выбарах.

Рэкордныя сумы выдаткоўваюца на тэлевізійныя кампаніі Ніксана-Хамфры, але многія выбаршчыкі не прымаюць удзелу ў галасаванні.

Часовае змяншэнне сцэн гвалту ў тэлефільмах.

1969

CBS скасоўвае Smothers Brothers Comedy Hourпасля частых канфліктаў з цэнзурай.

Палёт Apollo, тэлетрансляцыя высадкі на Месяц.

Дын Бэч робіцца старшынёй FCC.

Дэбют “Вуліцы Сезам”.

Прэзідэнт Ніксан робіць заклік (па ТБ) да “большасці, якая маўчыць”.

1970

Роберт Сарнаў робіцца старшынёй праўлення RCA.

Уайтхэд робіцца саветнікам Белага дома па “тэлекамунікацыйнай палітыцы”.

50-я гадавіна KDKA з дня дэбюту, пяцідзесяцігоддзе эры вяшчання.

1971

Робіцца эфектыўнай забарона ў электронных сродках камунікацыі цыгарэтнай рэкламы.

Новая хваля пратэстаў супраць в'етнамскай вайны.

Праграма “Продаж Пентагона” на CBS.

“The Great American Dream Machine” на грамадскім тэлебачанні.

Прэзідэнт Ніксан абвяшчае, што плануе візіты ў Маскву і Пекін.

1972

Трансляцыя візітаў Ніксана ў Пекін, Маскву, Варшаву.

“Уотэргейт”.

Кісінджэр паведамляе нацыі, што мір “дасягальны”.

Нечаканая перамога Ніксана над Мак-Гавернам.

Заняпад часопіса “Life” прыпісваецца тэлебачанню.

1973

Відавочныя ўлікі паскараюць тэлевізійнае расследаванне “Уотэргейта” Камітэтам Сената.

“Уотэргейцкія” слуханні надаюць грамадскаму тэлебачанню неверагодны рэйтынг.

Адкрываецца існаванне стужкі Белага дома.

1974

ТБ асвятляе візіт Ніксана на Усход і ў Маскву.

1975

Увесь свет назірае эвакуацыю Злучаных Штатаў з Камбоджы і Паўднёвага В'етнама.

1976

Алімпійскія гульні па ABC-TV.

Амерыканскае ТБ дэманструе ўсяму свету марсіянскі пейзаж.

1977

Новыя тэхналогіі пагражаюць будучаму камерцыйнага тэлебачання.

 

 

Гісторыя амерыканскіх медый і журналістыкі

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY