|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
АНДРЭЙ РАСІНСКІ. КІЧ, МАЛІМОНЬНЕ, СЬМЕЦЬЦЕ І ФІЛЬМЫ ПРЫГОНУ |
|
Лекцыя 12 |
ЛЕКЦЫЯ 2. СЬМЕЦЬЦЕ І ФІЛЬМЫ ПРЫГОНУ І. Досьвед сьмецьця 1. Майстэрства клясычнага трэшу a. Студыя "Трома" b. Імпэт нізавых жанраў (С.Рэймі, С.Гордан, Б.Юзна, Р.Корман, У.Касл, Дж.Франка) 2. Трэш ад непрафэсійнасьці (Эд Вуд) 3. Правілы трэшу ІІ. Выйсьце з трэшу (Пітэр Джэксан) ІІІ. Эксплюатацыйнае кіно (фільмы прыгону) IV. Сьмецьце і фільмы прыгону па-беларуску 1. Клясычны трэш "Навінак" 2. Нізавы жанр і разгубленасьць (В.Дудзін, В.Нікіфараў) 3. Фэномэн трэш-афіцыёзу a. Ля вытокаў ("Прастытутка"). Барацьба сьмецьця й нацыянал-асьветніцтва b. Забаўляльнае кіно (Ю.Цьвяткоў) і папса c. Пад аховай ідэалёгіі ? Выкрыцьцё ворагаў (Ю.Азаронак) ? Кепскі кіч 4. Тайна афіцыйнай беларускай культуры (сьмецьце ў цэнтры)
І. Досьвед сьмецьця Мы з вамі ўваходзім на тэрыторыю, якая цяжка паддаецца якім-небудзь правілам. Зона сьмецьця й эксплюатацыйнага кіно — бессыстэмная, а дакладней, пазасыстэмная, падкрэсьлена пазасыстэмная. Яна ўнікае любых правілаў і клясыфікацыяў. Але паспрабуем гэтыя правілы адшукаць. Калі кіч і малімоньне скіраваныя на статус, норму, прэстыж — "уладна-прыгожы" ці эксцэнтрычна-групавы, калі кіч і малімоньне імкнуцца захаваць пэўную рэфэрэнтнасьць датычна эстэтычных, этычных ці грамадзкіх каштоўнасьцяў, то сьмецьце — гэта зона інстынктаў, хуліганскага шуму і самадастатковых атракцыёнаў, якія не зьбіраюцца анічым прыкрывацца. Калі малімоньне і кіч чэрпалі натхненьне ў "высокім" мастацтве — няхай, часам, і экзатычным, то для трэшу няма анічога найлепшага за масавае й бульварнае. Нізавыя жанры — жахі, эротыка — як стымулятары "аголеных" эмоцыяў ёсьць крыніцамі натхненьня для сьмецьця й эксплюатацыйнага кіно. Правілы трэшу падсумуем пазьней, а цяпер пазнаёмцеся зь ім бліжэй. 1. Майстэрства клясычнага трэшу Клясычны трэш (дазволім сабе такое азначэньне) — гэта прадукцыя-сьмецьце, што па-майстэрску зроблена ці прынамсі годна расфасавана. a. Студыя "Трома" Знакамітую трэш-студыю "Трома" арганізавалі ў 1974 г. два студэнты: Лойд Каўфман і Майкл Герц. Прынцыпы "Тромы" — нізкі бюджэт, кроў і сэкс у залімітных дозах. Але самае галоўнае — нахабнае адкіданьне творчых (і цэнзурных) межаў: любая лухта, якая прыйдзе ў галаву, можа быць экранізаваная. Імпэт, энэргетыка і наўмысна-арганізаванае панк-разьдзяўбайства. Маніфэст "Тромы" — экранізацыя шэксьпіраўскіх "Рамэо і Джульеты", якія пад кіраўніцтвам Каўфмана пераўтварыліся ў "Трамэо і Джульету", маладых людзей з самымі дзікунскімі звычкамі. (Карціна ў Беларусі забароненая Дзяржрэгістрам — яе панкушнасьць можаце ацаніць самі.) Няня Джульеты — лесьбіянка, тата — псыхапат; у фільме адсякаюцца пальцы, расьсякаюцца галовы і зьяўляюцца ў сьненьнях зубастыя чэлесы. А Джульета, выпіўшы зёлкі, набывае морду каровы, зробленую сама найпаганейшым грымам. Паглядзеце гэтую адмысловую сцэнку. "Брутальную” трагедыю Каўфман завершыў хэпі-эндам: Трамэа і Джульета бяруць шлюб і заводзяць дзетак. І як высвятляецца, героі — родныя брат і сястра (!)… Зьвярніце асаблівую ўвагу на акторскую гульню — дакладней, на яе адсутнасьць. Гэта характэрныя рысы "Тромы"; для сьмецьця яны — узорныя. "Таксычны мсьціўца" — яшчэ адзін брэнд "Тромы" (зроблена ўжо некалькі выпускаў). У выніку купаньня ў таксычных адкідах недарэка стаўся героем-мутантам Тромавілю... Паглядзеце сцэнку пераўтварэньня: ідыятычная гульня, касьцюмчык зь "Лебядзінага возера", брыдкасьці ў памыйніцы. Крыніца натхненьня — масавае, таварнае, "тэлекрама на канапе". Акторскія жэсты й эмоцыі — адтуль жа. Толькі рэклямаваны тавар для штодзённага ўжытку — таксычныя адкіды. Зьвярніце ўвагу і на інтанацыю: карціна ня ёсьць пародыяй — гэта трэш, які захапляецца штампамі, любіць іх і ў любові да іх даходзіць да прадуманага маразму. А ў чацьвёртай сэрыі "Таксычнага мсьціўцы" немаўляты-тэрарысты захопліваюць групу падлеткаў-даўнаў… Але "Трома" ставіла ня толькі фільмы Каўфмана і Герца: яна давала дарогу новым аўтарам, паказвала спэцыфічныя архіўныя фільмы. "Маньячныя мэдсёстры знаходзяць экстаз" — карціна Лёна Дэ Браяна. У фільме сэксапільныя мэдсёстры (карацюсенькія халацікі, падвязкі, аўтаматы) ловяць пацыентаў і робяць ім садзюшныя апэрацыі (лесьбійскія сцэны дадаюцца камплектам). "Маньячных мэдсёстраў" называлі другой часткай "Крывасмочных пачвараў" (там у гіньёльным тэатры дрэсіравалі цнатлівак). У трэшавых фільмаў красамоўна-прэтенцыйныя назвы: "Нашэсьце памідораў-забойцаў" (некалькі частак), "Цёлкі ў касаваротках у горадзе зомбі", "Нацысты-сэрфінгісты мусяць памерці". У тромаўскіх "Нацыстах-сэрфінгістах..." састарэлая й помсьлівая амэрыканка з наганам перасьледуе на матацыкле нацыстаў-сэрфінгістаў і давіць катэрам сэрфінгіста Адольфа. А ў "Канібал-м'юзыкле" Трэя Паркера таварышы паядаюць сэрцы пад вясёлыя песьні. Цікава, што ў расейскай сэрыі "Другое кіно" фільмы студыі "Трома" ідуць як "андэграўнд" і "арт-гаўз". b. Імпэт нізавых жанраў Калі сьмецьце студыі "Трома" даводзіць штампы да стану “самазабойства” і, як вынік, такія карціны могуць разьлічваць толькі на даволі вузкую аўдыторыю, то трэш, які скіраваны на масавую аўдыторыю, абыходзіцца з штампамі абачліва: ён іх выкарыстоўвае, але не зьнішчае (хаця абачлівасьці на пачатку кар'еры можа й ня быць). Культавая стужка Сэма Рэймі "Злобныя мерцьвякі" — нахабна-легкадумная, зомбі-рагатлівая. Штампы яна спляжыла... і адразу ж стварыла новыя. Паводле інтанацыі, тэмы, імпэту, фільм — трэш. Адсечаная рука, каханка-зомбі без галавы; мясьнікоўскія падрабязнасьці трупаў звычайна не праходзяць як кіч і малімоньне, а калі й праходзяць, то не пад рогат. Урачысты Г.Ф.Лаўкрафт стаўся хуліганскім трэшам у рукох Ст’юарта Гордана. У "Рэаніматары" паводле апавяданьня змрочнага й даволі сур'ёзнага пісьменьніка галава трупа заляцаецца да аголенай прыгажуні (!), вантробы вылазяць зь нябожчыкаў, а грудзі расьпілоўваюцца пілой. Прадусэр "Рэаніматара" Браян Юзна сам праславіўся энэргічнымі трэшкамі. Так "Вяртаньне Рэаніматара" Юзны завяршаецца бойкай ажыўленага пацука й адкусанага чэлеса (пацук перамагае). У самім фільме набожны канібал палюе за грудзямі мэдсястрычкі, а журналістка-зомбі робіць мінэт дырэктару турмы (таксама, у мінулым, трупу). Надзвычай паказальнае сьмецьце — "Фаўст: каханьне праклятага". Юзнаўскі "Фаўст" амаль ня мае анічога агульнага з слыннаю клясыкай, затое ў ім падазрона шмат ад "Бэтмэна", забытых коміксаў і іншых твораў маскульту. А што да крыві й сэксу, то некананічна-трэшавыя дозы ізноў шакавалі беларускую Экспэртную камісію. Сёньня ізноў адкрылі караля трэшу 50-ых Уільяма Касла. Ставяцца высокабюджэтныя паўторы ягоных фільмаў: "13 прывідаў", "Дом начных прывідаў". Паглядзіце ўрывак з арыгінальнай карціны Касла "13 прывідаў" 1960 г. Гульня, сцэнар, рэжысура — наіўна-разьдзяўбайскія. Але чым вабіць публіку Касл? Прывідамі — і атракцыёнамі з прывідамі. Тагачасным гледачам выдаваліся адмысловыя акуляры, і яны маглі альбо бачыць прывідаў на экране, альбо ня бачыць. Доктар у кампаніі з шкілетам тлумачыць нам, калі гэтыя акуляры надзяваць, а калі здымаць (кранальная паводле сваёй трэшавасьці сцэнка). Каралём трэшу называлі і называюць Роджэра Кормэна. Кормэну зараз восемдзесят, у 1960-я ён зьняў 45 фільмаў як рэжысэр і 30 як прадусэр. Хаця стужкі Кормана почасту вылучаюцца высокай візуальнай культурай, у яго здымаліся зоркі (Корман праславіўся здольнасьцю здымаць стаханаўскімі тэмпамі) і з звышнізкім бюджэтам (рысы, найважнейшыя для вытворчасьці сьмецьця). Так, стужку "Тэрор" — з Барысам Карлафам і Джэкам Нікалсанам — Кормэн зьняў за тры дні. Але найболей трэшу ў карцінах, спрадусаваных Кормэнам апошнім часам. Вось непрыкметная стужка "Брама пекла" (2000) пра нядобры дом зь юрліваю дэманіцай. Карціна згубілася б у горах сьмецьця, калі б не імя Кормана. Джо Дантэ, выхаванец Роджэра Кормэна, казаў пра тры складнікі ягоных рэцэптаў: страх, напружанае чаканьне; аголеная дзяўчына; крыху сацыяльнае крытыкі. Гэта формула масавага кіно, але трэш якраз і вырастае з кіно масавага. Калі Роджэр Кормэн добра вядомы — увайшоў у энцыкляпэдыі, ягоныя фільмы паказваюць нат на беларускіх каналах, то другі трэшмэйкер, Джэс Франка, у нас амаль невядомы. Джэс Франка — звышбуйная зорка трэш-кіно. У год ён мог зьняць да дзесяці фільмаў — і працягвае выпускаць кіно сёньня. А ў Сеціве колькасьць фанацкіх сайтаў, прысьвечаных Джэсу Франка, болей, чым сайтаў, прысьвечаных Стывэну Сьпілбэргу. Джэс Франка (Хэсус Франка Манэра) нарадзіўся ў Гішпаніі ў 1930 г. Сталы канфлікт з цэнзурай (эротыка, блюзьнерствы) прымусіў рэжысэра здымаць партызанскімі мэтадамі: у розных краінах, пад шматлікімі псэўданімамі — і рабіць мноства вэрсіяў аднаго фільму. Міністэрства культуры Гішпаніі лічыла, што рэжысэр ганьбіць сваю краіну. Калі аднойчы рэжысэр Орсан Ўэлз выказаў жаданьне папрацаваць з Франка і запрасіць яго ў другі склад свайго фільму, чыноўнікі паказалі амэрыканцу "самую гнюсную" карціну Франка, каб адбіць ахвоту ад супрацоўніцтва. Пасьля гэтага Орсан Ўэлз заявіў, што будзе працаваць толькі з Франка. У сьпісе самых забароненых рэжысэраў Франка займаў другое месца — адразу пасьля Бунюэля. Найтыповейшым трэшам Джэса Франка лічыцца карціна "Графіня з голымі грудзямі" (1973). У фільме аголеная і нямая вампірыха швэндаецца па навакольлі і высмоктвае жыцьцёвыя сокі з жанчын і мужчынаў. У "традыцыйнай" вэрсіі вампірыха п'е "з гарла", у эратычнай — прыпадае да геніталіяў. Назвы многіх карцінаў Франка гавораць самі за сябе: "Вампірас Лесбас", "Садаманія", "Эратычныя рытуалы Франкенштайна", "Цнатлівіца сярод жывых мерцьвякоў". Але трэшавыя назвы не адмяняюць лірычнай задумлівасьці і арт-гаўзнай культуры кадру ("Вампірас Лесбас”) — нягледзячы на вялікую канцэнтрацыю аголеных целаў і ідыёцкі сюжэт. Паглядзеце ўрывак з "Цнатлівіцы", гэта большае сьмецьце, але й яно не пазбаўленае нейкай мэлянхалічнасьці. 2. Трэш ад непрафэсійнасьці Клясычны трэш удала выкарыстоўвае штампы нізавых (масавых) жанраў ці даводзіць іх да гурманскіх "тромаўскіх" канвульсіяў. Але большая частка трэшу — ад непрафэсійнасьці. Стваральнікі проста не валодаюць жанрам. Па-за канкурэнцыяй тут Эд Вуд-малодшы, прызнаны "найгоршым рэжысэрам усіх часоў і народаў". Гэты энтузіяст кінэматографу здымаў шалёныя фільмы пра трансвэстытаў, якіх "падсьцерагае цмок", "далакопаў з далёкага космасу" ці нявесту, якая ў шлюбную ноч высьвятляе, што яна калісьці была важаком зграі гарылаў. "Глен альбо Гленду" (травэсты-споведзь) залічылі ў авангард трэшу, а фільм "Плян 9 з далёкага космасу" (пра вышэйзгаданых далакопаў) названы найгоршым фільмам за усю гісторыю кіно. Галівудзкі казачнік Цім Бёртан у фільме "Эд Вуд" стварыў кананізаваную біяграфію энэргічнага трэш-графамана. Можаце паглядзець на эд-вудаўскія мэтады працы — у выкананьні Джоні Дэпа. На жаль, ніводны фільм Эда Вуда ў Беларусь не патрапіў, але можна ўбачыць падобныя да вудаўскай манеры фільмы. Так, "Дом мёртвых" Увэ Боля зь нядаўняга часу прэтэндуе на статус найгоршага (рэйтынг сайту imdb.com). Вось выкапаны невядома адкуль фільм вучня Ст’юарта Гордана Дэні Дрэйвэна "Ложак сьмерці" — пра ложак-забойцу: сюжэт, ідыёцкая гульня, кадры — трэшавыя. Мяжа паміж непрафэсійнасьцю і "мастацкім" трэшам хісткая. Увогуле, ацэньваць сьмецьцевае кіно складана. Так, рэжысэр Бруна Матэі мае культавы статус. "Апраметная жывых мерцьвякоў" Матэі цэніцца фанатамі хорараў, хаця музыка ў фільме крадзеная, сюжэт другасны, грым недароблены і ні з пушчы, ні з поля падмантажаваныя для мэтражу відавыя сцэнкі прыроды. Стужка "Забароненае відэа" — паказальная трэшка Бруна Матэі. Сюжэт фільму амаль даслоўна пазычаны з трылеру "8 мм" пра парнажахі, але "дакручаны" садамазахісцкімі сцэнкамі. У галоўнай гераіні злобны карлік з порнаіндустрыі скрадае дачку. Маці мусіць замовіць нож-фільм у рэжысэркі-вычварэнкі. Вырачаныя вочы, зубы, дрыготкія белыя пальцы — яскравыя пазнакі адмоўных герояў, роўна як аголеныя целы, шнары й крыкі — цэтлікі "страшных" эпізодаў. Параўнайце сцэну-"замову" ў "8 мм" і ў стужцы Матэі і вы адчуеце, чым трэш адрозьніваецца ад мэйнстрыму маскульту. Гэта адрозьненьне вобразу ад фэтыша. Я маю на ўвазе сама звычайны фэтыш. На канале "Дыскавэры" паказвалі выбранае відэа фэтышыстаў: жанчыны надуваюць і лопаюць шарыкі, абліваюцца чакалядай і сочывам, апранаюць боты з абцасамі і г. д. Фэтышыста гэта чапляе, гэта сэксуальны стымул менавіта для яго, гэта прыватны — празьмерны для яго — фэтыш. Для любога іншага чалавека фэтышысцкая выява на экране становіцца "чужой", празьмернай і спустошанай. Гэта прыватны, чужы фэтыш. У ліміце трэш набліжаецца да прыватнага фэтыша. Трэш-карціну "Зомбі-4: Пасьля сьмерці" здымалі за грошы і ў дэкарацыях папярэдніх жахавак. Замест грыму "зомбі" начапілі брудныя хламіды. А ў якасьці героя быў запрошаны актор Чак Пэйтан, больш вядомы як зорка гей-порна Джэф Страйкер (у фільме яго загрызаюць). Такая халтура ў вытворчасьці ў спалучэньні з наўмыснымі прынадамі — характэрная рыса трэшу. 3. Правілы трэшу Калі коратка падсумаваць правілы трэшу, то яны будуць наступныя:
ІІ. Выйсьце з трэшу (Пітэр Джэксан) Паколькі трэш пазасыстэмны і грае не паводле правілаў, менавіта ён становіцца сёньня інкубатарам новых формаў і выхавальнікам новых творцаў. Найлепшы прыклад — Пітэр Джэксан. Ягоны фільм "Благі густ" здымаўся як трэш і ёсьць трэшам. Іншаплянэтнікі з аграмаднымі галовамі-маскамі атакуюць Зямлю. Зямляне змагаюцца зь імі бэнзапіламі, дубальтоўкамі й г.д. З галавы вывальваюцца мазгі, каб потым быць сабранымі зноў, героі п'юць іншаплянэтныя ваніты і ня могуць адарвацца; актораў забіваюць "па восемдзесят разоў" (як яны самі прызнаваліся); фільм здымаецца ў выходныя — зь сябрамі, за свае грошы. Навідавоку трэш, які гуляе з масавай культурай і ад яе адштурхоўваецца. Дарэчы, Джэксан прызнаваўся і ў любові да студыі "Трома". А карціна "Жывая мярцьвячына" становіцца залімітным трэшам (праўда, з ужо адчувальным бюджэтам). Сьвятар з прыёмамі кунг-фу — супраць жывых мерцьвякоў, матуліны вушы ў супе, эсэсавец-вэтэрынар, газонакасілка для навязьлівых гасьцей-трупаў, і кроў, кроў да калена — з шчасьлівым каханьнем і пацалункам у фінале. Выйсьце з трэшу — у авангард (фабрыка Эндзі Ўорхала) ці ў шырокія масы. Так, трэш-кароль Роджэр Кормэн выхаваў Копалу, Багдановіча, Скарсэзэ, Нікалсана, Джонатана Дэмі, Джо Дантэ, Дэніса Хопэра і многіх, многіх яшчэ. ІІІ. Эксплюатацыйнае кіно (фільмы прыгону) З трэшам цесна зьвязаныя фільмы прыгону (эксплюатацыйнае кіно). Фільмы прыгону / эксплюатацыйныя фільмы [Рызыкну даць такі пераклад ангельскаму тэрміну] (анг. exploitation films) — фільмы, звычайна абыякавыя да мастацкай якасьці, але звышзацікаўленыя сэнсацыйнымі тэмамі. У залежнасьці ад атракцыйных тэмаў можна вылучыць наступныя фільмы прыгону. Сэкс-прыгон (анг. sexploitation) — атракцыён сэксу ("За межамі даліны лялек" Рас Мэйера; фільмы Джэса Франка). Гэта сама пашыраны варыянт эксплюатацыйнага кіно. Сярод фільмаў ёсьць і лесьбіпрыгон (анг. dyxploitation) ("Вампірас-Лесбас"), манашкапрыгон (анг. nunsploitaition): гераіні — заклапочаныя манашкі ("Любоўнае пасланьне партугальскай манахіні" Джэса Франка). Элемэнты манашкапрыгону выкарыстаныя ў фільме "Д'яблы" Кена Расэла, хаця гэта не эксплюатацыйнае кіно. Сярод фільмаў сэкс-прыгону — і паджанр жанчыны-ў-турме (WIP — women in prison): "99 жанчын" Джэса Франка. І як асобны турэмна-сэкс-прыгонны паджанр… нацыпрыгон (naziplotoition), кшталту "Ільза — ваўчыца СС" Дона Эдмандса; "Салон Кіці" Тынта Браса рухаецца ў гэтым жа кірунку. Шок-прыгон (анг. shock exploitation films / shock films) — фільмы гвалту, парушэньня табу, імітацыя нож-фільмаў ("Апраметная канібалаў" Руджэра Дэадата, "Кінапроба" Такашы Мііке, "Апошні дом зьлева" Ўэса Крэйвэна). Шакумэнтальны фільм (анг. shockumentary) — дакумэнтальны фільм на шокавую тэму ("Абліччы сьмерці", "Сабачае жыцьцё", "Азія, што шакуе"). І як адмысловая амэрыканская разынка — афрапрыгон (анг. blaxploitation), фільмы пра чарнаскурых афраамэрыканцаў і для афраамэрыканцаў ("Шахта" Горда Паркса, "Вампір у Бруклне" Эдзі Мэрфі). Хаця трэш грунтуецца на "пазаграмадзкіх" атракцыёнах і дэманструе "няўмельства", ня кожны трэш — эксплюатацыйнае кіно і ня кожнае эксплюатацыйнае кіно — трэш. Так, фільмы "Кінапроба" Такашы Мііке, "Каралеўская бітва" Кінджы Фукасаку, "Тры экстрымы" (трох азіяцкіх рэжысэраў) — гэта эксплюатацыйнае кіно, але ня трэш, бо завялікі бюджэт для трэшу. З другога боку, які-небудзь “адстойны” "Забіць дэмана" — гэта трэш, які не дацягвае да шок-прыгону й сэкс-прыгону. Але, як бачна на прыкладзе Джэса Франка, трэш і фільмы прыгону — адно. IV. Сьмецьце і фільмы прыгону па-беларуску Як ня дзіўна, беларускае кіно на сьмецьце багатае, нат звышбагатае. 1. Клясычны трэш "Навінак" Навінкаўскі "Случай з пацаном", іхняя газэта, альтэрнатыўная агучка "Анастасіі Слуцкай" — гэта клясычны тромаўскі трэш. Ён займае менавіта такую нішу, як і студыя "Трома", ён падкрэсьлена анархісцкі, бясправільны і пазаструктурны. Кампанію "Навінкам" складаюць "Саша і Сірожа", два мілыя калдыры-забаўляльнікі, якія вымушаныя былі эміграваць ва Ўкраіну. "Навінкі" з "Сашам і Сірожам" — прыклады клясычнага і заходняга трэшу ў Беларусі. 2. Нізавы жанр і разгубленасьць (В.Дудзін, В.Нікіфараў) Выбітныя трэшавыя творы былі створаныя ў час перабудовы, калі мастакі актыўна зьвярнуліся да нізавых жанраў. Але досьведу гэтых жанраў мастакам бракавала. Сярод тагачасных дыямэнтаў — непераўзыдзены трэш-шэдэўр кінарэжысэра Віталя Дудзіна "Д’ябал" ("Бес"). Д’ябал у шафе з голымі бабамі грае ці то на баяне, ці то на гітары; дзяўчынка (амаль праз увесь фільм аголеная) атручвае ўласную бабулю; бабка (сэксапільны грудасты труп у выкананьні Маі Булгакавай) апавядае, як ёй хораша было з Лаўрэнціем Берыем. Шкілеты ў саванах ідуць праз горад, і — самая выбітная сцэнка — душа (з воблаю ў руках) стаіць над сваім целам, а мэдсястрычка-гістэрычка ломіцца ў апэрацыйную… Не такі бадзёры, але таксама вельмі годны прыклад трэшу — "Рэйнджар з атамнай зоны" Вячаслава Нікіфарава. Расейскія аматары трэшу, калі верыць іхнім спавешчаньням праз Інтэрнэт, нават наладжвалі прагляд гэтага фільму ў кампаніі з трэшкамі Цібара Такача. Грудастыя прастытуткі чарнобыльскай зоны, недарэчныя эратычныя сцэны, безгустоўная страляніна — усё гэта расквеціць любую кінамакулятуру. Але Нікіфараў — аўтар клясычных экранізацыяў "Дуброўскага", "Бацькоў і дзяцей". Ён і не зьбіраўся здымаць сьмецьце. Проста так атрымалася — празь недасьведчанасьць і разгубленасьць у нізавых жанрах. 3. Фэномэн трэш-афіцыёзу Але сама багаты ўраджай трэшу створаны ў межах афіцыйнага мастацтва. Проста кіно не магло доўгі час быць у Беларусі недзяржаўным і незалежным. Але як трэш — неабходная зона культура, то гэтая зона засьведчыла сябе ў афіцыйных апавяданьнях. a. Ля вытокаў ("Прастытутка"). Барацьба сьмецьця й нацыянал-асьветніцтваМожна казаць, што ля вытокаў беларускага кіно ўвогуле ляжаў трэш — узорны сэкс-прыгонніцкі фільм. На ролю першага фільму — разам зь "Лясной быльлю" Тарыча — у 1926 г. прэтэндавала й камэрцыйна-забаўляльная "Прастытутка". Набор зьместавых элемэнтаў гэтага рарытэтнага фільму не пакідае сумневу ў трэшавасьці тагачаснай кінапрадукцыі. "Забітыя жыцьцём" жарсьці, табліцы вэнэрычных захворваньняў, прытоны… А выпадковым рэжысэрам стаў дасюль не вядомы актор Восіп Фрэліх. Стваральнікі карціны проста зьбіраліся зарабіць грошы для "нармальнае" кінавытворчасьці — і зарабілі. З таго часу й ідзе барацьба паміж сьмецьцем і нацыянал-асьветніцтвам. b. Забаўляльнае кіно (Ю.Цьвяткоў) і папсаЛінію "Прастытуткі" працягнуў Юры Цьвяткоў, нядаўні кіраўнік Дзяржрэгістру. Але карціны, калісьці зробленыя ім, напоены радасьцю й непасрэднасьцю наіўнага трэшу. Чаго вартая камэдыя "Гэтая вясёлая плянэта"! Іншаплянэтнікі трапляюць на сустрэчу Новага году: недарэчныя касьцюмы, замілаваньне й ап’янела-лёгкая бутафорыя пераплюнуць любых "Клоўнаў-забойцаў з далёкага космасу". "Гэта вясёлая плянэта" фармальна належала расіянам, а вось "Ясь і Яніна" — гэта цалкам беларускі прадукт. Харавыя сьпевы пад кіраўніцтвам міліцыянта, жарты ў стылістыцы "Ну, пачакай!" — і "Песьняры", у зьнямозе па Яніне… і Ясю. Цьвяткоў даказаў: трэш — гэта ня толькі тромаўскія кроў, мяса і язык на бак, але й беларуская цнатлівасьць у квадраце, музычныя дрындушкі за кадрам і кола ад ровару ў якасьці іншаплянэтнага прычындала. Сёньняшняя афіцыёзная папса таксама ідзе шляхам трэшу (Паліна Смолава — гэта ня кіч, гэта маргінальнасьць, што пацьвярджаюць поўнае безгалосьсе і сталыя апошнія месцы). c. Пад аховай ідэалёгііАле афіцыёз прадукуе сьмецьце ня толькі як забаву для нізоў, але і ў сур'ёзным рэжыме ідэалягічнай барацьбы. Найяскравей гэта бачна ў "выкрывальніцкіх" вершах Купалы, якія вымушана былі створаныя паводле правілаў трэшу. Некаторым ягоным радкам пазайздросьцілі б любыя трэш-сцэнарысты: "Мне мамку зарэзалі немцы, сястрычку спалілі жыўём. Дык хай жа кроў чорная льецца, іх псіная кроў ручаём…" — гэта зь вершу "Хлопчык і лётчык на вайне". І ў савецкага Купалы не адзін такі хлудны верш. 1930-я насычаныя "тапельцамі" ў Вісьле, "бандай трацкісцкай", якую "асіна адкіне", штучным шчасьцем — ажно пільны крытык з наганам Лукаш Бэндэ заўважыў, што тагачасныя Купалавы творы не адпавядаюць таленту: неахайныя, нядбайныя, зь няправільнай рыфмай — без душы. Яны пад эпоху — трэшавыя. Трэш-нянавісьць ліецца зь фільмаў Юр’я Азаронка: "Нянавісьць: дзеці хлусьні", "Тайныя спружыны палітыкі", "Кансьпіралёгія". А прыдумкі пра масона-Дыснэя ў "Духоўнай вайне" з расповедамі пра сатанізм — структурна і стылістычна адпавядаюць параноям трэшавых хорараў. Але трэш-афіцыёзам можа быць і кепскі кіч. Кепскі кіч — гэта такі кіч, які не задавальняе нават вярхоў. Ён настолькі бяздарны й благі, што нягледзячы на ідэалягічную правільнасьць яго не паказваюць і не афішуюць. Узорна-кепскім кічам зьяўляецца фільм "Вам заданьне" Ю.Бяржыцкага паводле Мікалая Чаргінца. Чаргінец — сам трэшавы аўтар: чаго вартая адна "Тайна авальнага пакою" зь нястрыманымі сэкс-сцэнкамі, але тут рэжысэр давёў да ручкі нават пісьменьніка. Няма аніводнага штампу беларускага вайсковага кіно, які ня быў бы даведзены ў гэтым фільме да абсалютнага, глыбіннага і сумленнага маразму. Нават сцэна спаленьня жыўцом людзей — якая мусіла быць сур’ёзнай! — зьнятая так, што здольная выклікаць зайздрасьць камэдыёграфаў. Людзі сагнаныя ў хату: выцьцё і лямант. Раптам ні з пушчы ні з поля з радаснымі (!) тварамі плякатных герояў яны выбіваюць дзьверы і разьбягаюцца. Бравурная вайсковая статыстыка (самае ачалавечанае ў фільме), мэляман-нацыст, раптам забіты кепскім панам (сцэнка яшчэ тая), — і над усім гэтым энкавэдыст зь нявестаю, сьветлы вобраз якога настолькі ідыятычна-шчасьлівы і правільны, што можа быць толькі мараю сёньняшняй улады. Мара атрымалася сапсаванай. 4. Тайна афіцыйнай беларускай культуры (сьмецьце ў цэнтры) Ці ня з трэшу пачыналася новая беларуская культура? Таго трэшу, які знаходзіць сваё месца наўзбоч ад "высокаакадэмічных" суседніх культураў, які наўмысна прыкідваецца "дурным як варона" ці апранае кажух Мацея Бурачка і песьціць на галаве каўтун? Паглядзеце на "Пасьля кірмашу" Цьвяткова паводле Купалаўскае "Паўлінкі". Дурацкія скокі, лёгкае камікаваньне, этнаграфічная бутафорыя выстаўленыя рэжысэрам з замілаваньнем і неабавязковасьцю ахайнага й чысьценькага кінасьмецьця. Дык ці ня ёсьць кіна-“Паўлінка” Цьвяткова сапраўдныай "Паўлінкай", як "Трамэа і Джульета" — сапраўдным Шэксьпірам? Трэш люляецца ў калысцы кожнай культуры. Беларуская ня толькі не вынятак, але пацьвярджэньне. Літаратура: 1. Все белорусские фильмы. Т. 1—2. Минск, 1996—2000. 2. Гісторыя кінамастацтва Беларусі. У 4 т. Т. 1—4. Мінск, 2001—2004. 3. Комм Д. Eurohorror: латинская школа // Искусство кино. Москва, 2001. №5. http://www.kinoart.ru/main.html 4. Максим Жбанков, Андрэй Расiнcкi. Бесконфликтные танцы в лифте. 5. Максим Жбанков, Андрэй Расінскі. Резня бензопилой на первом национальном. Трэш-культура ў беларускім кантэксьце. 07.08.2004. http://www.nmnby.org/pub/020804/trash.html 6. Расінскі А. Трэш: залатыя часы // Наша ніва. 2005. №17. 7. CULT Cinema. http://www.cult-cinema.ru/ 8. Exploitation Movies. http://2blowhards.com 9. Exploitation films. http://thefreedictionary.com
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||