ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА

 

АНДРЭЙ РАСІНСКІ. ВІЗУАЛЬНЫЯ МЭДЫІ:

МАНТАЖ АТРАКЦЫЁНАЎ І СТРАТЭГІІ ДАКУМЭНТАЛЬНАСЬЦІ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 7

Лекцыя 8

Лекцыя 9

Лекцыя 10

Лекцыя 11

Лекцыя 12

ЛЕКЦЫЯ 4. КАМУНІКАЦЫЯ Й МАНТАЖ АТРАКЦЫЁНАЎ

Атракцыёны. Частка 2.

Плян:

I. Віды атракцыёнаў

II. Агульныя рысы атракцыёнаў:

1. Кантакт з іншымі рэчаіснасьцямі
2. Адлюстраваньне псыхікі
3. Унікальнасьць, адноснасьць і злучанасьць з кантэкстам
4. Самакаштоўнасьць, бязмэтнасьць
5. Па той бок дабра і зла, па той бок праўды і маны

III. Як скарыстаць атракцыён?

IV. Камунікацыйная этыка

 

Віды атракцыёнаў:

Аляксандар Ліпкоў, які клясыфікаваў атракцыёны, налічвае іх ажно чатырнаццаць відаў:

1. атракцыён-нечаканасьць;

2. атракцыён-рэкорд;

3. атракцыён-пекната;

4. атракцыён-пачварства;

5. атракцыён-дзівоса;

6. атракцыён-казус;

7. атракцыён-цуд;

8. атракцыён-тайна;

9. атракцыён-забарона;

10. атракцыён-скандал;

11. атракцыён-рызыка;

12. атракцыён-сьмерць;

13. атракцыён-жорсткасьць;

14. атракцыён-катастрофа.

Атракцыён-нечаканасьць заснаваны на непадрыхтаванасьці ўспрымальніка да таго, сьведкам ці ўдзельнікам чаго ён зьнянацку становіцца. Так, сярод фантанаў Пецяргофу ёсьць некалькі жартоўных фантанаў, замаскаваных пад альтанку. Дастаткова госьцю ўладкавацца ва ўтульным месьцейку, як на яго абрынаецца вадзяны душ. Атракцыёнам-нечаканасьцю зьяўляецца й фатаграфія Эйнштэйна, зробленая Артурам Сасам. Знакаміты навуковец раптам высунуў язык — і гэты здымак абышоў увесь сьвет. Як атракцыёны-нечаканасьці будуюцца й камічныя гэгі Мака Сэнэта, Чарлі Чапліна й Гаральда Лойда.

Атракцыён-рэкорд — гэта атракцыён “самае-самае”. Гэта нешта самае высокае, самае нізкае, самае багатае, самае тоўстае, самае хуткае. Кніга рэкордаў Гінэса — гэта своеасаблівая калекцыя атракцыёнаў-рэкордаў. У журналістыцы атракцыёны-рэкорды граюць надзвычай значную ролю — і мы да гэтага яшчэ вернемся.

Самымі-самымі ёсьць таксама атракцыён-пекната й атракцыён-пачварства. Хараство, пекната, але й супрацьлеглае ім — пачварства, брыдота — прыцягваюць увагу, прымушаюць нас скіраваць позірк на іхныя праявы. Конкурсы прыгажосьці пераўтвараюцца ў відовішчныя шоў, якія заўжды зьбіраюць вялікія аўдыторыі й выклікаюць скандалы. Дарэчы, ёсьць ня толькі конкурсы пекнаты, але й конкурсы пачварства. Так, у бразільскім гарадку Пропрыя ў 1987 годзе адбываўся конкурс на найлепшага Квазімода.

Рэкляма надзвычай эфэктыўна выкарыстоўвае атракцыён-прыгажосьць: касмэтыку, бялізну, аўтамабілі рэклямуюць пекныя прыгажуні. (Заўважым, што такія “каноны” прыгажосьці, штучна створаныя праз фатаграфію і з дапамогай кампутарных тэхнік апрацоўкі фатаграфіяў, часам выклікаюць у звычайных жанчын комплексы.)

Але прыцягнуць нашую ўвагу, спыніць позірк здольная ня толькі прыгажосьць, але й пачварства. Так, амэрыканская фірма “Хэтэвэй” на рэкляме мужчынскіх кашуляў рызыкнула разьмясьціць не звычайнага прыгажуна зь белазубай усьмешкай, але змрочнага суб'екта зь пірацкай павязкаю на воку. У выніку такога “разбойнага” закліку фірма павялічыла таваразварот у два з паловаю разы.

Ёсьць тэлевізійны ролік, дзе цукеркі “Аэраволны” рэклямуе абуджаны менавіта для гэтых мэтаў Франкенштэйн: ён хрыпіць, рухаецца, каб задушыць доктара, але абмяжоўваецца ледзянцамі, бо якраз іх бракавала яму для паўнавартаснага жыцьця. Зубную пасту прапануе вампір, вобраз якога скрадзены з клясычнага нямога фільму жахаў “Насфэрату”, а дапытлівая ахвяра ўсё цікавіцца, якая паста дазваляе захаваць зубы такімі моцнымі й белымі.

Вампірычная тэматыка з садыстычнымі элемэнтамі прысутнічае й у рэкляме дэзадаранту “Axe”. Згодна з новай трактоўкай візгатлівая дзявуля аддае перавагу Дракуле, а зусім не вызваляльніку Супэрмэну — і гэта ўсё дзякуючы дэзадаранту, якім карыстаецца крывасмок.

Аснову атракцыёну-дзівосы стварае які-небудзь рарытэт, якая-небудзь анамалія, незвычайная рэч, створаная альбо чалавекам, альбо самой прыродай: барадатыя жанчыны, аграмадныя бульбіны, двухгаловыя цяляты, морква ў выглядзе чалавека і іншыя мутанты з кунсткамэры. Але таксама: партрэт знакамітага пісьменьніка на зернейку рысу, цягнік, таўшчынёй з чалавечы волас, розныя тупіковыя ці бескарысьлівыя тэхнічныя вынаходніцтвы, кшталту сямейнай кепкі для мужа й жонкі, самалёта з дрыготкімі крыламі альбо псэўдамэханічнага чалавека, які грае ў шахматы і размаўляе, прыведзены ў дзеяньне схаваным асыстэнтам.

Дзівосамі зьяўляюцца шматлікія цацкі: мэханічныя карціны з рухомымі фігуркамі, пазалочаныя сьпеўныя птушкі і робаты-зьвяры. Вялікую колькасьць такіх дзівосаў-робатаў выпускае Японія. Папулярнасьцю карыстаюцца мэханічныя хатнія сабачкі й коцікі, якія есьці ня просяць, але да ласкі чуйныя. Такійскую біржу аднойчы адкрываў маленькі гаваркі робат-дзівоса. Атракцыёнам-дзівосаю ў свой час сталіся тамагочы — хатнія кампутаровыя жывёлкі, за якімі трэба сачыць і якіх трэба сымбалічна карміць.

У дзівосы пераўтвараюцца й старыя тэхнічныя вынаходніцтвы, якія калісьці былі моднымі й найнавейшымі, а сёньня ўжо рарытэты: грамафоны, фанографы, першыя аўтамабілі й ровары.

Атракцыёны-казусы — гэта тыя ж дзівосы, але ўжо ня ў якасьці матэрыяльных рэчаў, а праяўленыя ў чалавечых паводзінах. Гэта нейкі недарэчны анэкдот, які можа быць і сур'ёзным.

Вялікая колькасьць казусаў адбываецца ў тэатры: то глядач, нешта пераблытаўшы, вылезе на сцэну, то актор забудзе тэкст, а астатнія абыграюць гэта як рэжысэрскую вынаходку. Энтані Хопкінс, які праславіўся ў кіно роляй Ганібала Лектара, граў у тэатры і любіў прыкладацца да бутэлькі. Аднойчы яму надакучыла другасная роля, і ён падчас спэктакля пачаў чытаць тэкст галоўнага пэрсанажа — Гамлета.

Казусам зьяўляюцца выпадкі — зусім не такія ўжо й рэдкія, — калі чалавек мусіць даказваць у розных інстанцыях, што ён жывы, бо яго памылкова залічылі ў памерлыя — і цяпер патрабуюць адпаведнай даведкі. На біялягічным факультэце МДУ аднойчы было зробленае жартаўлівае пасьведчаньне з подпісам і пячаткамі катэдры заалёгіі пазванковых, што прад'яўнік дакумэнту не зьяўляецца вярблюдам. (Пасьведчаньне дэманстравалася некаторым найбольш тупым чыноўнікам.)

Ёсьць казусы і ў палітычным тэатры. Так, вайсковы канфлікт паміж Індыяй і Пакістанам пасьля набыцьця імі незалежнасьці распачаўся настолькі імкліва, што кіраўніком абедзьвюх варагоўных арміяў некаторы час была адна й тая ж асоба — ангельскі генэрал Акінлек.

Але палітычныя казусы звычайна не выглядаюць такімі забаўнымі. Дыпляматам добра вядомы тэрмін “казус бэлі”, гэта значыць такі казус, які можа стацца нагодаю для абвяшчэньня вайны. Забойства ў Сараева эрц-герцага Фэрдынанда, што запусьціла спружыну першай сусьветнай вайны, было менавіта такім казусам.

Калі ж вярнуцца да значна больш мірнага й бясьпечнага кіно, то Ліпкоў лічыць, што эфэкт Куляшова, калі твар Мазжухіна, змантажаваны з рознымі кадрамі, дае розныя эмоцыі, — таксама зьяўляецца казусам, адмыслова пастаўленым і экспэрымэнтальным.

Атракцыён-цуд — гэта тое, чаго быць ня можа, але ўсё ж такі існуе. Гэта нешта недаступнае, неверагоднае, незразумелае, што агаломшвае парушэньнем прыродных законаў. Ня можа ўваскрэснуць памерлы, бачыць сьляпы, хадзіць паралітык, гарэць лёд, плаваць сякера, спыніцца сонца. Атракцыёны-цуды якраз і дэманструюць такую неверагоднасьць.

Для рэлігіі цуды найзвычайнейшыя атракцыёны. Пра ўваскрасеньне памерлых распавядаецца ў Дабравесьцях. Вылячэньне паралітыкаў і цяжка хворых адбываецца каля цудатворных абразоў, калі верыць паведамленьням, і сёньня.

Сьвятому Францыску Асіскаму паданьне прыпісвае ня толькі такі вядомы рэлігійны атракцыён, як стыгматы, але й казаньне птушкам слова Божага — і тыя, як кажа паданьне, разумелі, а Францыск разумеў іх; распавядаюць таксама, што Францыск выступаў аднойчы ў царкве аголеным — але гэта ўжо атракцыён іншага гатунку.

Атракцыёны — несур'ёзныя цуды — дэманструюць у цырку, і гледачы з задавальненьнем успрымаюць гэтую несур'ёзнасьць: расьпілаваньне жанчыны, глытаньне агню і іншыя магічныя штукі ілюзіяністаў. Дарэчы, царква даволі раўніва ставіцца, калі хтосьці зазірае на ейную тэрыторыю цудаў: так, ілюзіяніст Дэйвід Коперфілд неаднойчы ўжо атрымліваў праклёны.

Але цудамі карыстаюцца ня толькі царква й цырк, але й палітыка. У выпадку з настаўнікам кінаказачніка Мяльеса Рабэр-Удэнам гэта яшчэ быў адмысловы цыркавы выступ. Так, у ХІХ стагодзьдзі французы аніяк не маглі перамагчы алжырцаў, бо супраціў натхнялі мясцовыя сьвятары. Рабэр-Удэн прыехаў у Алжыр і прадэманстраваў мясцоваму насельніцтву свае фокусы: аўтарытэт сьвятароў быў падарваны дазваньня, а мацнейшымі цудатворцамі былі прызнаныя акупанты.

Бар Кохба, які ў 132 годзе ўзначаліў паўстаньне іудзеяў супраць Рымскай імпэрыі, набываў прыхільнікаў яшчэ й тым, што вывяргаў з рота полымя. Сёньня гэта вядомы цыркавы трук.

У Паўночнай Карэі дасюль падкрэсьліваюцца цудатворныя асаблівасьці правадыра: Кім Ір Сэна, а потым і Кім Чэн Іра. Дзякуючы іхнай прысутнасьці ў якім-небудзь месцы быццам адразу вырашаюцца ўсе праблемы й нават зьмяняецца ў лепшы бок прырода. Таксама гавораць, быццам бы Кім Ір Сэн мог адначасова быць у некалькіх месцах. Для таталітарнай улады характэрны настойлівы зварот да цуду, але гэты цуд падаецца ў псэўдарацыянальнай абгортцы.

На атракцыён-цуд падобны атракцыён-тайна, але калі цуд наўмысна невытлумачальны, звышрэальны, то тайна пазнавальная, яна прадугледжвае невядомасьць, загадку, якую неабходна вытлумачыць і разгадаць.

Газэты, часопісы, тэлевізія поўняцца тайнамі: тайна іншаплянэтных талерак, тайна Атлянтыды, тайна сьнежнага чалавека, тайны прадказальнікаў і празорцаў — асабліва ўзгадваецца Настрадамус, тайна Бэрмудзкага трохкутніку (сёньня гэтая тайна крыху падзабытая), тайна Лох-Нэскай пачвары. Побач зь імі — тайны эгіпэцкіх пірамідаў, тайны Трэцяга Райху, тайна сьмерці Мэрылін Манро, тайна забойства Кенэдзі.

Тайна агортвае дзейнасьць адмысловых службаў, і хаця звычайна за заслонай сакрэтнасьці хаваюцца нецікавыя афіцыйна-брудныя дробязі, аўра тайны ўжо сама па сабе зьяўляецца атракцыёнам.

Тайна як магчымы кантакт з іншасьвецьцем, з замагільным ці чужынскім розумам, зь неверагоднымі старадаўнімі зьявамі няхай і падпадае пад навуковы (і псэўданавуковы вышук), але, калі абвяшчаецца пра разгадку, гэта выклікае незадавальненьне аўдыторыі. Так, калі Атэнская акадэмія навук палічыла даказаным, што Атлянтыда была насамрэч выспай Сантарын, якая загінула ад вывяржэньня вулькана, то пачалі гучаць пытаньні: “А навошта нам такая зразумелая Атлянтыда?”

Атракцыён-тайна мусіць працягвацца.

Да атракцыёну-тайны блізкі й атракцыён-забарона. Атракцыён-забарона зьвязаны з парушэньнем прынятых у грамадзтве нормаў, з выхадам за іхныя межы.

І забарона прыцягвае.

У Францыі доўга не маглі ўкараніць бульбу — сяляне адмаўляліся яе вырошчваць. Тады аграном Антуан Парманцье скарыстаў хітрую забарону. Бульбянішча было ўзятае пад ахову каралеўскімі жаўнерамі, але толькі днём. Уначы цікаўныя сяляне апантана кралі бульбу, каб высадзіць на сваіх гародах. Новая гаспадарчая культура хутка распаўсюдзілася.

Ня мне вам казаць, наколькі прыцягвае ўвагу аўдыторыі забарона; а адзін зь лепшых прыкладаў рэклямы: забараніць той ці іншы твор, тую ці іншую інфармацыю — забароненае імгненна раскупляецца, раскрадаецца й распаўсюджваецца.

Побач з забаронаю ідзе атракцыён-скандал. Скандал пабытовы, скандал рэлігійны (блюзьнерствы зь сьвятыняў), скандал палітычны, скандал мастацкі — прэса й тэлевізія перанасычаныя скандаламі. Скандал, выпадковы ці наўмысна падроблены з карысьлівымі мэтамі, ён заўжды выклікае грамадзкую цікавасьць.

Адзін з карыфэяў дадаізму Марсэль Дзюшан усчыніў скандал сваім творам “Фантан”. (Пра яго мы ўжо казалі ў папярэдняй лекцыі.) Твор гэты (копія ашчадна зьберагаецца ў музэі, арыгінал не захаваўся) — звычайны пісуар, выстаўлены ў мастацкай галерэі. Так наўмыснае парушэньне межаў справакавала скандал, а першынства ў гэтым скандале забясьпечыла ранг у гісторыі сучаснага мастацтва.

Скандальным бывае выкарыстаньне ў творах нецэнзурнай лексыкі (Маякоўскі), брутальнай эротыкі (Адам Глёбус). Рускія футурысты на пачатку ХХ стагодзьдзя наўмысна правакавалі скандал: маніфэст “Аплявуха грамадзкаму густу”, група мастакоў “Асьліны хвост” (быццам бы творы маляваў асёл сваім хвастом).

Каб скінуць высокага чыноўніка — гэта быў расейскі пракурор Скуратаў (можа, ён праявіў празьмерную дапытлівасьць), — у суседняй з намі краіне наладзілі скандал з дэманстрацыяй па тэлевізіі відэастужкі з інтымнымі прыгодамі пракурора-недарэкі ў абдымках дзьвюх жанчынаў лёгкіх паводзінаў. У выніку скандалу (у эфіры потым яшчэ бралі інтэрвію ў прастытутак, якія абслугоўвалі юрыста), пракурор сваю пасаду згубіў.

Атракцыён-рызыка, атракцыён-жорсткасьць, атракцыён-сьмерць і атракцыён-катастрофа маюць справу са сфэраю сьмерці, гвалту й злучанымі зь імі катастрофамі.

Атракцыён-рызыка працуе з памежнай сытуацыяй, дзе выяўляе сябе небясьпека пройгрышу, страты, згубы надзеяў на перамогу. Паветраныя гімнасты, дрэсіроўшчыкі небясьпечных жывёлаў, матагоншчыкі, тарэадоры — усе яны дэманструюць атракцыён-рызыку.

На тэлеканале “Плянэта жывёлаў” ёсьць перадача, дзе распавядаецца пра ўсялякіх драпежных і атрутных жывёлаў — не ў апошнюю чаргу посьпех гэтай перадачы ствараецца атракцыёнам-рызыкай, бо вандроўнік-вядоўца сам сутыкаецца зь небясьпечнымі жывёламі, распавядае пра жывёлаў, дакранаецца да іх.

У якасьці атракцыёну-рызыкі выступае азартная гульня, дзе гулец ставіць на кон усю сваю маёмасьць, усе свае апошнія грошы — і вынікі гэтай гульні невядомыя.

Але найвышэйшая стаўка ў гульні — гэта жыцьцё. І тут атракцыён-рызыка пераходзіць у атракцыён-сьмерць і атракцыён-жорсткасьць.

Атракцыён-сьмерць увідавочнівае для нас апошнюю мяжу — сьмерць, а атракцыён-жорсткасьць робіць акцэнт на гвалце, на выпрабаваньні сілаў чалавека па-за межамі духоўна й фізычна выноснага.

Публічныя катаваньні, плахі, спаленьні ерэтыкоў, гладыятарскія баі — менавіта такія атракцыёны. Цікава, што гладыятараў нават кармілі адмысловай ежай, каб кроў выцякала зь іхных ранаў марудней — і шматлікія гледачы маглі напоўніцу адчуць асалоду ад чужой агоніі ў відовішчных атракцыёнах жорсткасьці й сьмерці.

Нескладана зацеміць, што гэтыя атракцыёны ў нашыя часы ня толькі ня зьніклі, а набылі масавае распаўсюджаньне: кожны з вас здольны прыгадаць дзясяткі, сотні й тысячы ўбачаных атракцыёнаў жорсткасьці й сьмерці — дастаткова ўключыць тэлевізар альбо адкрыць газэту. Але заўважу, што сьмерць і жорсткасьці — гэтыя найбольш адыёзныя атракцыёны — могуць служыць дабру й абароне ад гвалту: дастаткова прыгадаць знакамітую “Адэскую лесьвіцу” з фільму “Браняносец “Пацёмкін”. Карціны Інгмара Бэргмана “Шэпты і крыкі”, “Маўчаньне” перанасычаныя жорсткасьцю, але праз гэты атракцыён ставяцца складаныя філязофскія пытаньні. Рэжысэр Антанэн Арто, каб узварушыць таўстаскурага гледача, прапаноўваў адмысловы тэатар жорсткасьці і параўноўваў неабходнае ўзьдзеяньне з узрушальным і шокавым паморкам.

Паморак — гэта ўжо хутчэй атракцыён іншага гатунку — атракцыён-катастрофа. Калі атракцыён-сьмерць і атракцыён-жорсткасьць у нейкай ступені абмежаваныя, да таго ж вельмі часта выкліканыя злой чалавечай воляй, то атракцыён-катастрофа — гэта непадкантрольная прыродная альбо тэхнагенная зьява надзвычайнай магутнасьці з ахвярамі, якія маюць масавы характар. Землятрусы, вывяржэньні вулканаў, ураганы, паводкі — гэта ўсё прыродныя катастрофы і, адпаведна, атракцыёны. Не адстаюць ад прыродных катастрофаў катастрофы тэхнагенныя: аварыя на хімічным заводзе, перакулены ў прорву аўтобус, згарэлы цягнік, Чарнобыльская катастрофа. На расейскім тэлеканале ТВ-6 нават была адмысловая перадача “Катастрофы тыдня”. Яна ўся будавалася на атракцыёнах-катастрофах.

Здаецца, што ўсе гэтыя шматстайныя атракцыёны не паддаюцца аналізу і ня маюць аніякіх агульных рысаў. Але агульныя рысы ў атракцыёнаў усё ж такі ёсьць.

1. Кантакт з іншымі рэчаіснасьцямі — гэта першая вызначальная рыса атракцыёну.

Як заўважае сацыёляг Шуц, н аша паўсядзённасьць сфармаваная: працоўнай дзейнасьцю, напружаным стаўленьнем да жыцьця, адчуваньнем часу — і здольнасьцю рабіць прагнозы, нашай упэўненасьцю ў існаваньні сьвету. Таксама мы ўпэўненыя , што ўбачанае адным чалавекам здольныя ўбачыць і астатнія (узаемазамяняльнасьць пунктаў гледжаньня) і што паўсядзённасьць ставіцца “аднолькава” як да нас, так і да іншых людзей (ад зьменаў нашых месцаў характарыстыкі сьвету ня зьменяцца).

Кожная чалавечая дзейнасьць адбываецца ў пэўных межах: вось гэта завод, гэта побыт, гэта шпацыр па вуліцы, гэта навуковы экспэрымэнт, а гэта кулінарная кніга з рэцэптамі-прадпісаньнямі. Дзейнасьці аддзяляюцца адна ад адной, у кожнай прасторы свае значэньні (так, навуковец у лябараторыі ня будзе паводзіцца гэтак жа сама, як адпачывальнік на пляжы альбо Дзед Мароз у навагоднія сьвяты), але ёсьць апошнія, т.зв. лімітныя сфэры значэньняў. Гэта: 1) вар'яцтва — хвароба, 2) злачынствы й 3) цуд. Адпаведна, існуюць і экспэрты ў гэтых лімітных сфэрах: лекар (навуковец), міліцыянт і сьвятар. Заўважым таксама, што сэкс і сьмерць таксама трапляюць на памежжа.

Чалавек дзейнічае згодна правілам пэўнай сфэры, а калі правілы пачынаюць парушацца, ён асэнсоўвае новыя ўмовы як новую сфэру, а скрайнімі, лімітнымі значэньнямі выступаюць тут хваробы, сьмерць, крымінальныя ўчынкі ці рэлігійная вера.

Навуковец Гарфінкель правёў адмысловыя экспэрымэнты. Гутаручы з людзьмі, ён раптам пачынаў рабіць нешта нечаканае, напрыклад, набліжаць твар да чалавека. Суразмоўнік адчуваў шок і рэзкі дыскамфорт і супакойваўся толькі тады, калі асэнсоўваў такія няправільныя паводзіны ў адпаведнасьці з той ці іншай лімітнай сфэрай: “А, гэты дасьледчык вар'ят; ды ён жа крымінальнік; можа, ён закахаўся, ці што…” Нетлумачальнасьць — рэч невыносная, але калі сфэра акрэсьленая, чалавек ведае, як паводзіцца. Ён зьвяртаецца да экспэртаў — лекараў (няхай забяруць гэтага вар'ята-навукоўца), міліцыянтаў (няхай арыштуюць маньяка), сьвятароў.

Такім чынам, праз экспэртаў чалавек кантактуе зь лімітнымі сфэрамі, з залімітнымі рэчаіснасьцямі.

Але ці сапраўды чалавек жадае кантактавацца з іншымі — атракцыённымі — рэчаіснасьцямі, ці не забарыкадоўваецца ён ад іх? У значнай ступені чалавечая псыхіка працуе на “халастым ходзе”: чалавек бачыць тое, што хоча ўбачыць.

І гэта другая, парадаксальная рыса атракцыёнаў.

2. Атракцыён — гэта ня столькі й ня толькі кантакт з іншымі рэчаіснасьцямі, колькі люстэрка нас саміх, нашай псыхікі, нашых жаданьняў, нашай невынішчальнай патрэбы ў іншым.

Культуроляг Юрый Лотман піша пра пошукі гэтага іншага. Спачатку людзі разьмяшчаюць іншае ў далёкіх і невядомых краінах: “на мяжы сьвету жывуць людзі з сабачымі галовамі”; потым прыходзіць чарга космасу і глыбіняў уласнай псыхікі. Чалавек, як Эдып, упарта шукае свайго Сфінкса, але гэты Сфінкс насамрэч заўжды зь ім.

Як люстэрка нашай душы атракцыён тоесны ў розныя часы, мяняюцца толькі дэталі. Вось бульварная нямецкая газэта XVI стагодзьдзя паведамляе, што ў Вільні нарадзілася сьвіньня-вырадак. Вазьміце сучасныя газэты — адзін да аднаго, толькі замест Вільні фігуруюць экзатычныя Тайлянд і Бірма.

Колькі год таму беларускія газэты шмат пісалі пра пацукоў у менскім мэтро — быццам бы аграмадных і страшных. Распачаліся гэтыя показкі з газэтаў расейскіх — вялізных пацукоў, маўляў, бачылі ў Маскве, “ёсьць адмысловыя брыгады для вынішчэньня грызуноў”. І кожны запэўніваў, што пачвары паразводзіліся менавіта ў ягоным горадзе. Але ў гэтым няма анічога дзіўнага. На паверхню атракцыёну ўздымаюцца глыбінныя людзкія комплексы й старажытныя страхі.

Што такое мэтро? Гэта падземнае збудаваньне — і сымбалічная краіна памерлых, а ў кожным Аідзе павінны быць свае пачвары — найлепей пасуюць для гэтага аграмадныя пацукі.

Псыхааналітык Карл Густаў Юнг пісаў пра “іншаплянэтныя талеркі” — знакаміты й вядомы атракцыён ХХ стагодзьдзя — не як пра іншаплянэтныя зьявы, а як пра вонкавыя праекцыі псыхікі чалавека, напалоханага атамнай зброяй.

Атракцыён, як люстэрка нашай душы, быццам бы быў — і яго быццам бы не было. Гэта, як у фальклёры, ёсьць толькі ўскоснае сьведчаньне, хтосьці заўжды нешта распавядае. Але выразная адсутнасьць пэўнага сьведчаньня ці сьведкі ў ліміце робіць немагчымым ці заблытаным спраўджаньне таго, пра што распавядаецца.

3. Трэцяя рыса атракцыёну — гэта ягоная ўнікальнасьць. Самы вялікі, самы маленькі, самы рызыкоўны — гэта ўсё элемэнты атракцыёнаў. Але менавіта дзякуючы ўнікальнасьці атракцыён адносны й залежыць ад кантэксту. Тое, што сёньня было рэкордам, навіною, незвычайнасьцю, заўтра такім ня будзе.

Так, на пачатку ХХ стагодзьдзя атракцыёнам быў аўтамабіль на вуліцы, а жывога каня ў горадзе за атракцыён аніхто не лічыў. Сёньня аўтамабілем анікога ня зьдзівіш, а вось конь на асфальце — гэта атракцыён.

4. Атракцыён — самакаштоўны, ён ня мае аніякай мэты. Ён самадастатковы, як і гульня. Навошта рабіць партрэт паэта на зернейку рысу? Якая практычная карысьць ад цягніка таўшчынёй з чалавечы волас? І ці ёсьць мэта ў тым, каб зьесьці ровар і самалёт?

Атракцыён гуляе зь бязмэтнасьцю, забаўляецца самадастатковасьцю, любы атракцыён нясе ў сабе парасткі гульні й мастацтва, бо і гульня, і мастацтва выяўляюць схільнасьць да самадастатковасьці, бязмэтнасьці, аўтаноміі. Але з гэтай самакаштоўнасьці й бязмэтнасьці атракцыёну вынікае яшчэ адна ягоная рыса.

5. Атракцыён знаходзіцца па той бок дабра і зла, па той бок праўды і маны. Яго можна выкарыстоўваць як дзеля дабра, так і дзеля зла.

Так, у карціне “Апакаліпсіс сёньня” — урывак зь якога мы ўжо глядзелі — атракцыён гелікоптэрнай атакі пад музыку Вагнэра выкарыстоўваўся рэжысэрам для выкрыцьця гвалту. А вось падчас вайны ў Чачэніі расейскія вайскоўцы дзеля большага псыхалягічнага эфэкту сваіх бамбаваньняў уключалі на гелікоптэрах песьню Высоцкага “Паляваньне на ваўкоў” (потым гэта зьмянілася на легкадумныя сьпевы пра куртатыя спаднічкі). Атракцыён можа служыць выкрыцьцю зла, а можа злом выкарыстоўвацца — як у выпадку з правакацыяй ці тэрарызмам.

Падсумоўваючы рысы атракцыёнаў, можна сказаць, што атракцыён зьяўляецца пры набліжэньні да іншых рэчаіснасьцяў, у выпадку ўнікальнасьці сытуацыі.

Як убачыць, стварыць і скарыстаць атракцыёны?

1. Журналіст адразу абірае сабе “лімітную” сфэру й адтуль вядзе рэпартаж.

а) Так робіць журналіст, які распавядае пра крымінальныя падзеі, журналіст-дасьледнік НЛА, журналіст, які палюе на невядомых і загадкавых жывёлаў.

Але акрамя гэтых лімітных сфэраў ёсьць моманты, калі ўсё грамадзтва легальна й цалкам трапляе ў гэтыя лімітныя сфэры. Гэта стан пераходу — вядомы здаўна як карнавал; рэшткі ягоныя захаваліся ў сьвятах. Рэпартаж з карнавалу, сьвята — гэта рэпартаж зь лімітнай сфэры, у якую пэрыядычна трапляе грамадзтва. Дарэчы, найцікавейшым будзе рэпартаж, калі дзіўнае і бурлівае сьвята адбываецца “дзесьці там” — яно лімітнае для нас. Калі ў сьвята трапляем мы самі, гэта варыянт нормы, тут для атракцыёну патрабуюцца дадатковыя эфэкты.

б ) Рэпартаж зь лімітнай сфэры можа быць парушэньнем забароны, скандалам. Звычайна скандальнымі зьяўляюцца сфэры сэксу, сьмерці — на тле агульнай моўкнасьці й крывадушнасьці. Менавіта падобныя забароны парушаў славуты амэрыканскі комік Леньні, пра якога Боб Фос зрабіў фільм. Лары Флінт, заснавальнік порначасопіса “Хастлер”, вызначыўся шчыраваньнем на ніве сэксуальнай інфармацыі. Дарэчы, Мілаш Форман, чэскі рэжысэр, таксама прысьвяціў яму кінакарціну.

в) Журналіст можа вясьці сябе як выведнік, які трапляе на варожую тэрыторыю. Адтуль ён трансьлюе ўсё тое, пра што даведаўся. Тут таксама не абыходзіцца без скандалу, выкрыцьця, парушэньня забароны.

Так, амэрыканскія журналісты дасьледавалі згоду самых звычайных людзей быць забойцамі. Яны давалі адпаведныя абвесткі ў газэтах — не адразу абвестка пра забойства, а намёк на складанасьць і жорсткасьць. Пакрысе адбіраліся ахвотнікі. І нарэшце, пасьля размоваў, засталіся людзі, адабраныя зь ліку звычайных абываталяў, якія пагадзіліся быць забойцамі!

Нямецкі журналіст падчас вайны ва Віетнаме прыкідваўся вайсковым навукоўцам, які быццам пакутуе ад таго, што вырабляе напалм, — і прыходзіў да сьвятароў. Сьвятары ўхвалілі забойствы й выраб сьмяротнай зброі…

Ангельскі журналіст прыкінуўся саўдаўскім шэйхам — і трапіў у ангельскую каралеўскую сям'ю. Дзякуючы гэтаму, ён распавёў пра скандальнае стаўленьне каралеўскай сваячкі да самой каралевы.

2. Як убачыць атракцыёны? Шукаць праатракцыёны. Пошук праатракцыёнаў — пошук катастрофаў, выпадкаў, нечаканасьцяў, дзівосаў, у тым ліку ў прыродзе, — і іхны паказ, тлумачэньне, уключэньне ў паведамленьне.

Праатракцыён — гэта атракцыён у прыродзе, грамадзтве, які яшчэ ня ўключаны ў камунікацыю; вы яго ўключаеце, апрацоўваеце — і праз гэтае ён робіцца атракцыёнам.

3. Далучыцца да тайны, стварыць аўру тайны яшчэ адзін прынцып стварэньня й скарыстаньня атракцыёну.

Часткова гэта нагадвае рэпартаж зь лімітнай сфэры: тайна возера Лох-Нэс, тайна НЛА, тайна забойства Кенэдзі й г.д. Дзейнасьць адмысловых службаў агорнутая тайнай, інфармацыя пра іх — гэта таксама выкарыстаньне атракцыёну тайны.

Але атракцыён можа быць і тайнай створанай. Мы з вамі ўжо разглядалі мэханізм саспенсу, напружанага чаканьня: прытрымліваньне інфармацыі. Заданьне адліку часу да драматургічнай катастрофы ў нейкай ступені ёсьць стварэньне аўры тайны. Глядач ці чытач мусіць чакаць разьвязкі, каб убачыць разгадку й мець тлумачэньне.

4. Выкарыстаньне рэкорду — гэта самая распаўсюджаная эксплёатацыя атракцыёну.

Рэкорд павінен “прадавацца” і арганізавацца па пэўных правілах:

а ) Вы запрашаеце на перадачу “зорку” альбо распавядаеце пра яе. Гэта можа быць зорка шоў-бізнэсу, тэатру, кіно. Гэта можа быць зорка-прыгажуня ці зорка-”пачварніца”, але любая зорка — гэта атракцыён.

Дзяржаўны дзяяч таксама зьяўляецца варыянтам “зоркі” — гэта таксама рэкардсмэн у палітычнай сфэры — праўда, атракцыйнасьць ягоная, як правіла, меншая. Надзвычай эксплёатацыйнае выкарыстаньне (і стварэньне!) палітычнае зорнасьці — гэта зварот да цуду, тайны, аўтарытэту, пра што пісаў яшчэ Дастаеўскі.

б) Паказаць рэкорд ці стварыць рэкорд — гэта таксама атракцыён. Натуральнымі тут зьяўляюцца барацьба й спаборніцтвы. Барацьба, канфлікт на экране, які пераўтвараецца ў рэкорд — гэта атракцыён.

Я хацеў бы прыгадаць фільм “Бяз твару” Джона Ву, дзе бойка паміж героем і антаганістам арганізаваная ў каскадны рэкорд атракцыёнаў.

Але гэта пастановачнае кіно; сапраўдныя рэкорды ў нашай рэчаіснасьці — гэта відовішчныя атракцыёны.

Спорт, камандныя гульні выступаюць атракцыёнамі. Гульня, як і атракцыён: 1) бязмэтная; 2) гэта аддзеленая лімітная сфэра, гэта адначасова насамрэч і ненасамрэч; 3) у гульні заўжды прысутнічае нечаканасьць, мы ня ведаем, чым яна скончыцца.

Рэкорды, гульні, якія прадстаўляюцца на экране ці ў газэце, могуць быць проста трансьляваныя ці наўмысна створаныя на нашых вачох. Так, трансьлююцца футбол, тэніс, бокс — гэта існуе й па-за межамі тэлевізійных студыяў, а вось гульня “О, шчасьліўчык” створаная менавіта на тэлевізіі. Тут ёсьць рэкорд — “мільён” рублёў ці даляраў, якія імкнецца здабыць гулец, ёсьць правілы гульні, ёсьць павышэньне ставак.

5. Стварэньне калекцыі — гэта нестандартны, але надзвычай моцны прыклад выяўленьня атракцыёну.

У калекцыі мусіць прысутнічаць нейкі эксцэнтрызм, нейкая дзіўнасьць, але калекцыя сама па сабе звычайна атракцыён.

Так, Міхаіл Ром праз калекцыю пераўтварае ў атракцыён культуру Трэцяга Райху і выкрывае ў сваім фільме “Звычайны фашызм” мілітарную, антычалавечую сутнасьць фашызму.

6. Нарэшце, для стварэньня й выяўленьня атракцыёну вы можаце задаць ракурс, позірк зь лімітнай, нечаканай зоны.

Так, 8 сакавіка паведамленьне пра жаночае сьвята атракцыёнам ня будзе, але яно пераўтворыцца ў атракцыён, калі вы возьмеце ракурс: “8 сакавіка ў жаночай калёніі”. Расейскі канал АРТ аднойчы паказаў рэпартаж з чачэнскай вайны, быццам, атракцыён звычайны, але насамрэч надзвычай эфэктыўны, імпэрыялістычны: быў паказаны ваяр-мурын, які казаў пра вайсковы абавязак і пра тое, як ён змагаецца з ворагамі. Гэта атракцыён — і атракцыён даволі пэўнай скіраванасьці: “Калі нат мурыны змагаюцца з гэтымі бандытамі…”

Усе варыянты атракцыёнаў добра бачныя ў навінах. Вось навіны канала НТБ.

Першым паведамленьнем ідзе рэпартаж пра забойства чыноўніка — атракцыён-сьмерць, атракцыён-жорсткасьць, рэпартаж зь лімітнай сфэры.

Далей надзвычай эфэктыўна выкарыстоўваюцца “зоркі” — дачка Ельцына Тацяна, поп-зорка Мадона, — нават калі гутарка ідзе пра надзвычай нудныя фінансавыя справы.

Гісторыя пра барацьбу зь “піратамі” пераўтвараецца ў атракцыён дзякуючы мэтаду рэкорду — аграмадная гара пірацкіх дыскаў, калекцыі, розныя людзі разважаюць пра “пірацтва” — і ракурсу — гару дыскаў давіць машына.

Калядныя сьпевы коцікаў і сабачак — гэта таксама атракцыён: коцікі і сабачкі звычайна калядных песенек не сьпяваюць. Тут атракцыён атрымліваецца дзякуючы ракурсу й калекцыі.

Якія правілы бясьпекі падчас працы з атракцыёнамі?

1. Калі вы жадаеце быць глыбокімі, калі вы паважаеце гледача, то трэба блякаваць “халастую хаду”, псыхічныя штампы атракцыйнага ўзьдзеяньня: гэта выкарыстоўваецца толькі на першым этапе, як манок, а потым ідзе самастойны, грунтоўны і рацыянальны аналіз. Гэта вы ўжо бачылі на прыкладзе навіны пра відэапіратаў — атракцыйная гара дыскаў не пераўтварылася ў самадастатковасьць, потым ішоў аналіз прычынаў і крыніцаў пірацтва.

Міхаіл Ром зьдзекваўся з штампаў бульварнай журналістыкі, якая ня ўбачыла фашызм і ягонай сутнасьці — вось калекцыя, што паказвалі ў тыя часы: атракцыйныя штампы й ніякага аналізу. Сам Ром дае нам прыклад глыбокага пранікненьня ў сутнасьць.

2. Далей сапраўдны атракцыён будзе й без гледача — проста таму, што ён ня можа не адбыцца.

Гэтым вы пазбаўляецеся ад правакацыі, калі журналіст пераўтвараецца ў небясьпечнага правакатара падзеяў, як, напрыклад, у тым выпадку, калі чалавек запрасіў на сваё самаспаленьне журналістаў і — толькі праз тое, што яны прыйшлі, — забіў сябе на іхных вачох.

3. Атракцыён сапраўдны ня толькі тым коштам, які мы гатовыя за яго заплаціць, але і той адказнасьцю, якую мы бярэм на сябе. Але гэта ўжо тычыцца этыкі журналіста, а таксама той этыкі, якой вызначаецца дакумэнтальнасьць: чым ёсьць дакумэнтальнасьць і чым яна ня ёсьць. Але гэта тэма нашай наступнай лекцыі.

Літаратура

1. Эйзенштейн С. Избранные сочинения: В 6 т. — М., 1964. Т. 2.

2. Эйзенштейн С.М. Психологические вопросы искусства. —М., 2002.

3. Ромм М. Беседы о кино. — М., 1964.

4. Липков А.И. Проблемы художественного воздействия: принцип аттракциона. — М., 1990.

5. Ионин Л.Г. Социология культуры. — М., 1996.

6. Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура Средневековья и Ренессанса. — М., 1965.

7. Garfinkel H. Studies in Ethnomethodology. — New Jersey: Englewood-Cliff, 1967.

 

 

Візуальныя мэдыі

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY