ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ЖУРНАЛІСТЫКА

 

СЯРГЕЙ ПУЛЬША. ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДАВАННЕ

 

Лекцыя 1 (уводзіны)

Лекцыя 2

Лекцыя 3

План:

1. Метад журналісцкага расследавання — асноўныя адметнасці

2. Крыніцы інфармацыі:

а) Пошук інфармацыі. Адкрытыя крыніцы інфармацыі. Праца з дакументамі, асноўныя паняцці дакумента;
б) Інтэрв'ю падчас правядзення расследавання;
в) Закрытыя крыніцы інфармацыі. Інфармацыя “не для друку”. Небяспека атрымання “закрытай інфармацыі”;
г) Праверка інфармацыі.

 

“Журналісцкае расследаванне — гэта матэрыял, заснаваны, як правіла, на ўласнай працы і ініцыятыве. Гэта матэрыял на важную тэму, якую некаторыя асобы ці арганізацыі жадалі б пакінуць у таямніцы. Тры асноўных элемента: журналіст праводзіць расследаванне, якое не праводзіў нехта іншы; тэма матэрыялу дастаткова важная для чытача альбо тэлегледача; нехта спрабуе схаваць закранутыя ў расследаванні факты ад грамадскасці”.
Роберт Грын, рэдактар газеты “Ньюсдэй”.

Журналісцкае расследаванне вынікае з аднаго з азначэнняў навін увогуле: “Навіны — гэта тое, што нехта не жадае даць надрукаваць”. Але, калі ёсць людзі, якія імкнуцца не дапусціць расследавання, абавязкова будуць і тыя, хто жадае, каб інфармацыя патрапіла ў прэсу. Для іх заўсёды застанецца дэвізам фраза з братоў Стругацкіх: “Іх зброя — тайна. Значыць, нашая зброя — галоснасць”. Галоўнае — знайсці тых людзей, якія маюць неабходную інфармацыю, і яшчэ больш важна знайсці пацвярджэнне інфармацыі, якую хаваюць. Прычым пацверджанне інфармацыі значна важней за простае атрыманне інфармацыі.

Скуль бяруцца тэмы для журналісцкага расследавання? Стуль жа, скуль і тэмы для звычайных матэрыялаў. Але асаблівасць расследавання ў тым, каб здолець паглядзець глыбей, а не спыніць свой погляд толькі на звычайных фактах. Прыкладам — “бяз'ядзерная” Беларусь на мапах “Green Peace” пазначана як уладальнік ядзерных рэактараў малой магутнасці. Можна проста паглядзець на мапу, а можна запытацца: “Ці ёсць на Беларусі атамныя станцыі?”. Як ні дзіўна — яны былі, ёсць і дагэтуль уяўляюць пэўную небяспеку для сталіцы Беларусі.

Такім чынам, расследаванне пачынаецца з ідэі матэрыялу, пэўных папярэдніх фактаў і вызначэння патэнцыйных крыніцаў інфармацыі. Першымі такімі крыніцамі, звычайна, становяцца так званыя “адкрытыя крыніцы інфармацыі”. Менавіта яны ўтрымліваюць інфармацыю, якая ёсць папярэднім матэрыялам для працягу расследавання.

Расследаванне павінна пачынацца з падрыхтоўкі, г.зн. росшуку ўсяго таго, што тычыцца абранай вамі тэмы. У тэме неабходна разабрацца хаця б для таго, каб ведаць, якія пытанні задаваць, каб атрымаць сапраўдную інфармацыю, а не “ваду”. Без папярэдняга вывучэння пытання амаль немагчымае і якаснае інтэрв'ю — а з інтэрв'ю ў працэсе расследавання абавязкова прыйдзецца сутыкнуцца.

Слова “дакумент” у ягоным вузкім разуменні павінна страціць для журналіста ўсялякі сэнс. Бо дакумент для журналіста — гэта ўсё, што ўтрымлівае інфармацыю ці нясе яе. Я яшчэ не сустракаў цыгарэтаў без надпісу “Міністэрства аховы здароўя папярэджвае…”, але адсутнасць такога надпісу можа быць нагодай для неблагога расследавання і стаць прычынай буйных непрыемнасцяў для тытунёвай кампаніі.

Газетныя артыкулы, справаздачы афіцыйных устаноў, інтэрв'ю, энцыклапедыі, падручнікі і нават інтэрнэт-інфармацыя — гэта адкрытыя крыніцы інфармацыі.

Сучаснае грамадства камп'ютэрызуецца хуткімі тэмпамі, і з дапамогаю пошукавых сістэм можна знайсці практычна ўсё. Калі я цікавіўся праблемамі Чарнобыльскай АЭС, інтэрнэтаўскі пошукавік “Рамблер” за паўтары гадзіны “наваліў” мне столькі інфармацыі, што я даведаўся пра праблемы ЧАЭС вельмі шмат. Ён знайшоў мне нават афіцыйны сайт Чарнобыльскай станцыі (дакладней — горада атамшчыкаў, Славуціча — www.slavutich.kiev.ua), а таксама безліч “зялёных” сайтаў па той жа праблеме.

Адзінае, што трэба ведаць: інтэрнэт — гэта вялікая сметніца з каласальнай колькасцю інфармацыі, якую, тым не менш, цяжка праверыць. Таму з гэтай крыніцай трэба працаваць вельмі асцярожна.

І лепш, канешне, працаваць з надзейнымі архівамі ды базамі дадзеных. Вядома, што архіў публікацый беларускіх газет з добрым пошукавікам ёсць на сайце IREX (www.irex.by). А ў 1997 годзе для атрымання патрэбнай інфармацыі мне прыйшлося перагледзець падшыўкі чатырох рэспубліканскіх газет за 5 гадоў! Але ж у гэтым была і свая карысць — часам, шукаючы інфармацыю па адной тэме, натыкаешся на тэмы для іншых расследаванняў. Чытайце калег-журналістаў — яны таксама крыніца інфармацыі!

Інтэрв'ю ў ходзе расследавання

“Самыя небяспечныя з рэпарцёраў — тыя, якія паводзяць сябе па-сяброўску, усміхаюцца і на словах падтрымліваюць вас. Такія пастараюцца з'есці вас пры першай жа магчымасці”.
Эд Коч, мэр Нью-Йорка.

Журналіст, які бярэцца за расследаванне, павінен быць адказным і нахабным адначасова. Нахабнасць — званіць у любы час нават тым, хто заведама нічога не скажа (“а раптам?”) і хто знаходзіцца на дастаткова высокіх пасадах. Не трэба гэтага баяцца па дзвюх прычынах:

1. Чыноўнікі існуюць для журналістаў, а не журналісты для чыноўнікаў.

2. Нічога горшага, чым “А не пайшлі б вы…”, вам усё роўна не скажуць, і скажуць гэта толькі ў найгоршым выпадку. Але ў любым выпадку вам патрэбная ўпартасць, пэўная злосць, якая будзе вам толькі дапамагаць: “А, вы мне нічога не кажаце? Але я ўсё роўна знайду тое, што мне трэба!” Гэта можна назваць і інакш — пачуццём прафесійнага гонару.

Інтэрв'ю — гэта перадусім уменне ў наўпростай гутарцы атрымліваць больш інфармацыі, чым з дакументаў альбо па тэлефоне. А гэта, у сваю чаргу, азначае ўменне задаваць пытанні.

Першая задача любога інтэрв'ю падчас расследавання — атрыманне інфармацыі. Але трэба ведаць, якая інфармацыя вам патрэбна. Таму папярэдняя падрыхтоўка — абавязковая частка інтэрв'ю. Без яе вам проста можа не хапіць часу, каб высветліць, што суразмоўца ведае. Папярэдняя падрыхтоўка якраз і дапаможа вам вызначыць, якая менавіта інфармацыя вам патрэбна, і ці валодае такой інфармацыяй ваш суразмоўца.

Варта паклапаціцца і пра месца, дзе будзе праходзіць размова. Практыка паказвае, што найлепшымі месцамі з'яўляецца альбо офіс, альбо дом суразмоўцы. Суразмоўца павінен адчуваць сябе спакойна і ўтульна і тады будзе размаўляць з вамі найбольш адкрыта.

Не напалохайце чалавека ні тады, калі спрабуецце дамовіцца наконт інтэрв'ю, ні тады, калі пачынаеце браць інтэрв'ю. Не трэба адразу лезці па дыктафон альбо нататнік — некаторы тып асоб занадта нервова рэагуе на раптоўна высунуты дыктафон. Спачатку лепш задаць пару-тройку пытанняў безадносна тэмы (можна проста ацаніць інтэр'ер пакоя), паглядзець на рэакцыю суразмоўцы і толькі потым пацікавіцца: “Вы нічога не маеце супраць дыктафона?”. А ўключыўшы “машынку”, пастарацца проста забыць пра яе да канца інтэрв'ю і не чапаць прыбор, тым самым звяртаючы ўвагу суразмоўцы на тое, што размова запісваецца. Дыктафон павінен быць надзейны і адрэгуляваны да інтэрв'ю, элементы сілкавання — правераныя, лепш новыя. Лепш, калі дыктафон будзе мець сігналізатар таго, што стужка заканчваецца.

Калі суразмоўца адчувае сябе няўтульна і няўпэўненна — трэба пераканаць яго сказаць хаця б некалькі слоў. Пасля гэтага суразмоўца, можа быць, зразумее, што журналісты — гэта такія ж людзі, як і ён сам. Звычайна гэтая практыка спрацоўвае — калі кліент хоць крышачку настроены размаўляць.

Простыя пытанні — найлепшыя. “Хто?”, “дзе?”, “як?”, “чаму?” — гэтыя пытанні назаўсёды застануцца практыкай журналіста, бо дазваляюць аднавіць дакладную паслядоўнасць падзей. Не трэба даваць суразмоўцы гатовых варыянтаў адказу, якія ўтрымліваюцца ў пытанні. Пацвердзіць інфармацыю ці атрымаць новую прыйшлі вы, а не ён, і распавядаць павінен ён. Да таго ж — вы будзеце мець магчымасць спаслацца на ягоныя словы, а не на свае.

Сцеражыцеся няяўных абвяржэнняў, калі на пытанне, якое патрабуе адказу “так” ці “не”, суразмоўца кажа: “Вы не маеце ўяўлення пра тое, што гаворыце”. Гэта, відавочна, не адказ. У такой сітуацыі трэба ўдакладніць, аб чым вы не маеце паняцця: часам гэта вельмі карысна. І ва ўдакладненні шукайце факты, а не рэагуйце на эмоцыі і меркаванні суразмоўцы.

Са сказанага вынікае і наступны пункт — не бойцеся выглядаць дурнем. Патрабуйце тлумачэнняў тэрмінаў — у рэшце рэшт вы спецыяліст у сваёй галіне, а не ў галіне суразмоўцы. І часцяком людзі проста рады паказаць сваю дасведчанасць і адукаванасць у той галіне, дзе яны працуюць.

Абавязкова патрабуйце тлумачэнняў эўфемізмаў. Пасля аварыі на амерыканскай атамнай станцыі на Тры Майл Айленд у 1979 годзе ядзерная прамысловасць вынайшла шмат метадаў супакоіць грамадскасць паведамленнямі аб тым, што “прайшоў анамальны працэс, які прывёў да ўцечкі энергіі, за гэтым адбылося хуткае акісленне, якое суправаджалася рэзідэнтным распаўсюджваннем плутонію”. На самай справе гэта азначала, што адбылася аварыя, якая прывяла да выбуху і пажару, за якімі пайшоў выкід плутонію.

Уважліва слухайце. Асабліва, калі часам здараецца сітуацыя “несправакаваных абвяржэнняў” — напрыклад, калі вам трэба мець каментарый па адной праблеме, а суразмоўца пачынае абвяргаць тое, аб чым вы ў яго нават не запытваліся. Гэта перш за ўсё тычыцца той сітуацыі, калі людзям ёсць што хаваць ад прэсы. Лепш за ўсё ў гэтым выпадку скарыстаць вельмі стары прыём — зрабіць выгляд, што вы ведаеце больш, чым на самай справе, і, у прыватнасці, — у дачыненні да таго, пра што ідзе гаворка. Звычайна ў такой сітуацыі ўсплывае вельмі цікавая інфармацыя.

Два прыёмы, якія могуць дапамагчы атрымаць інфармацыю — вытрымка паўзы і “падначванне”. Калі адказ на пытанне быццам бы атрыманы, не трэба спяшацца задаваць наступнае пытанне. Зрабіце выгляд, што чакаеце чагосьці большага і памаўчыце. Прырода ўвогуле не церпіць пустэчы, а чалавечая прырода не церпіць маўчання падчас інтэрв'ю. Амаль заўсёды суразмоўца пачынае расказваць яшчэ што-небудзь, што можа быць карысным. А можа і не быць, але тут нічога не зробіш.

“Падначванне” — гэта згадванне ў размове нейкіх другасных фактаў, якія сталі вядомыя ў ходзе расследавання. Суразмоўца ў гэтым выпадку будзе сачыць за сваімі словамі і не дасць нейкай ілжывай інфармацыі з-за небяспекі быць выкрытым. Ён не ведае, што вядома журналісту, і таму будзе больш адказна ставіцца да сваіх слоў.

Да таго ж выкладзеныя вамі факты могуць яго зацікавіць, і ён паспрабуе даць каментарый альбо намаляваць больш агульны “партрэт” сітуацыі. Гэта звычайна вельмі карысна, асабліва калі агульнай інфармацыі па тэме расследавання нестае.

Звяртайце ўвагу на тое, што суразмоўца імкнецца падкрэсліць. Як правіла, гэта робіцца на завяршаючай стадыі адказу на пытанне. У выпадку майго расследавання па беларускіх АЭС В.Ермашкевіч адказ на амаль кожнае пытанне заканчваў словамі: “Гэта (пахаванае ядзернае паліва і канструкцыі беларускай атамнай станцыі) не ўяўляе ніякай небяспекі, але ад гэтага лепш было б пазбавіцца”. Выглядала яго сцвярджэнне менавіта так, што Ермашкевіч сам у гэта не верыць, але не хоча нікога палохаць і імкнецца ўпэніць мяне ў поўнай бяспецы. Ні ў якім разе не трэба паддавацца на такія псіхалагічныя прыёмы!

Будзьце ўважлівым суразмоўцам і вывучайце паводзіны людзей. Мінімальныя веды па невербальнай камунікацыі вам заўсёды спатрэбяцца. Напрыклад, яны дапамогуць вам прыпыніць размову і перавесці яе ў больш мяккае рэчышча, калі вы адчуеце, што суразмоўца можа сарвацца. Аб тым, што суразмоўца імкнецца нешта схаваць (таму што вы ўжо наблізіліся да атрымання цікавых звестак), можна даведацца па так званых “позах псіхалагічнай абароны”, якія пачынае прымаць суразмоўца. Па пэўных прыкметах можна даведацца, калі суразмоўца хлусіць, нервуецца альбо хоча скончыць размову. Даведацца пра апошняе і своечасова сысці зусім не кепска. Зразумела, што гэта варта рабіць, калі патрэбная інфармацыя ўжо атрымана.

Карыстаючыся таксама ведамі пра асаблівасці невербальных паводзін, — назіраючы за тым, як суразмоўца сядзіць, расказвае, прыпальвае цыгарэту, п'е каву — можна выпрацаваць стыль размовы і схіліць суразмоўцу да шчырасці і сімпатыі. Прычым у гэтым выпадку суразмоўца можа нават не разумець, што ў адносінах да яго ўжытыя дастаткова простыя псіхалагічныя прыёмы.

Абавязкова ўдакладняйце імёны і пасады. Калі суразмоўца мае складанае прозвішча, можна папрасіць яго напісаць сваё імя і прозвішча самому і лепш друкаванымі літарамі. Гэтага ніколі не трэба саромецца — мы ж спакойна занатоўваем імёны і тэлефоны сяброў. Калі ў яго есць візітоўка — гэта самы лепшы варыянт: там будзе не толькі прозвішча, але і пасада з тэлефонамі.

Часам бывае вельмі складана атрымаць інфармацыю ад нейкіх людзей. Не таму, што яны адмаўляюцца размаўляць — у некаторых проста фізічна нестае часу на размовы з як быццам староннімі асобамі. Зразумела, што ў патрэбных вам людзей ёсць свае справы, і “злавіць” іх цяжка. Таму не трэба асабліва разлічваць на фразу “Ён Вам ператэлефануе”. Лепш ператэлефанаваць самому хвілін за 15—20 да замоўленага часу. Хаця б дзеля таго, каб пра вас не забыліся. І рабіць гэта трэба досыць настойліва.

“Не для друку”

“Не для друку” — адна з натуральных пастак журналісцкага расследавання. Вельмі кепска, калі людзі не пагаджаюцца гаварыць адкрыта. Пачынаюць узнікаць падазрэнні нават у сумленнасці такога чалавека.

Гэта сапраўды пастка, у якую лёгка трапіць. Каб гэтага не адбылося, трэба найперш задаць сабе тры пытанні, якія, можа быць, выратуюць вас ад марнай працы і не спіхнуць на шлях ілжывай інфармацыі.

Першае пытанне — “Навошта?”. Навошта чалавек агучвае тое, што стопрацэнтна зацікавіць журналіста, але пры гэтым спрабуе застацца “за кулісамі”. Чаму ён спрабуе застаццца невядомым? Якія мэты ён ставіць перад сабою, даючы вам нейкія звесткі? Ці будзе гэтая інфармацыя сапраўды чыстай і сумленнай? Ці варта яму давяраць, ці не лягчэй будзе знайсці чалавека, які больш надзейны і не палохаецца? Часам гэта бывае больш проста, а галоўнае — значна больш надзейна і больш карысна.

Другое пытанне: “А мне гэта трэба?”. Зразумела, большая інфармаванасць яшчэ нікому не шкодзіла. Але часам, хаваючыся за рэмаркай “не для друку”, людзі выдаюць такое, што можа прывесці вас да вельмі блізкіх стасункаў з Крымінальным кодэксам. Ці варта слухаць тое, што немагчыма праверыць, што ніколі не пройдзе ў друк?

І толькі атрымаўшы станоўчы адказ на два вышэйсфармуляваныя пытанні, можна задавацца трэцім пытаннем, практычны адказ на якое будзе патрабаваць вельмі шмат працы, нерваў і здароўя: “Як я магу праверыць гэтыя звесткі?” Тым больш гэта складана зрабіць у сітуацыі, калі той чалавек, ад якога вы атрымалі гэтыя звесткі, адмаўляецца іх пацвердзіць. Ды пры гэтым яшчэ няма ніякіх гарантый, што пацвердзіць іх здолее нехта іншы.

Знайсці пацвярджэнні атрыманым звесткам — гэта вялікая разумовая праца, бо вам неабходна будзе знайсці доказы і пацвярджальныя дакументы.

Перш за ўсё, немагчыма прадказаць, з якімі крыніцамі інфармацыі дзеля пошуку доказаў і дакументаў давядзецца працаваць, з кім размаўляць і чым карыстацца. Відэаролікамі? Прэсай? Афіцыйнай інфармацыяй? Сведчаннямі відавочцаў? Калі сведчаннямі — з кім размаўляць і ці пагодзяцца яны размаўляць з журналістамі? Калі афіцыйнымі дакументамі — у каго, як і што атрымаць і ці пагодзяцца прадставіць вам дакументы ў нашым закрытым грамадстве?

Часцей за ўсё адбываецца і так, што пасля гутаркі (інтэрв'ю) пытанняў узнікае значна больш, чым было да яе. Гэта хутчэй заблытвае, чым праясняе сітуацыю. А парадаксальнасць сітуацыі ў тым, што, часцей за ўсё, тую ж інфармацыю МОЖНА атрымаць ад больш мужнага чалавека, які скажа тое ж самае, але — для друку, ды яшчэ дапаможа з дакументамі, якія могуць пацвердзіць яго словы.

Праверка інфармацыі

Згодна з амерыканскім стандартам, павінна быць не менш як дзве незалежныя крыніцы, якія гэтую інфармацыю пацвердзілі. За такім пацвярджэннем можна звярнуцца да дакументаў ці да экспертаў. Але пацвярджэнне інфармацыі абавязковае. І пажадана, каб інфармацыю пацвердзіла канкрэтная асоба, на якую можна было б спасылацца, а не міфічная “аналітычная група Z”. Бо ў выпадку судовага разбіральніцтва адказваць будзеце вы разам са сведкамі. “Аналітычная група Z” у якасці сведкі не пойдзе.

Практычныя заняткі: Пошук інфармацыі ў дачыненні да радыёлакацыйнай станцыі (аб'ект “Волга”) блізу Баранавічаў. Верыфікацыя гэтай інфармацыі.

 

 

Журналісцкае расследаванне

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY