ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

Сяргей САНЬКО. УВОДЗІНЫ Ў СЭМІЯЛЁГІЮ КУЛЬТУРЫ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 3. Знакі

Плян:
1. Агульны панятак знаку. Тры сэміялягічныя парадыгмы ў тэорыі знаку
2. Тэорыя знаку ў сэміялёгіі Ф. дэ Сасюра

1. Агульны панятак знаку. Тры сэміялягічныя парадыгмы ў тэорыі знаку

Знак — гэта нешта, што можа быць у пэўных абставінах замяшчальнікам нечага іншага. Знак патрабуе для свайго функцыянаваньня нейкага незнакавага матэрыяльнага носьбіта [Лосев А.Ф. Знак. Символ. Миф: Труды по языкознанию. М., 1982. С. 36.]. Матэрыяльнасьць такога носьбіта зьяўляецца неабходнай умовай, бо знак павінен афіцыяваць органы пачуцьцяў. Прычым, носьбіты могуць афіцыяваць усе чалавечыя органы пачуцьцяў. Знак — рэч прынцыпова сыстэмная. Каб быць знакам, ён мусіць выразна адрозьнівацца ад аднародных зь ім аб'ектаў. Істотная й сацыяльная прырода такіх аб'ектаў. Знак можа быць знакам, калі ён у гэтай якасьці распазнаецца таксама й іншымі карыстальнікамі знакаў.

Трэба зацеміць, што, нягледзячы на інтуітыўную зразумеласьць панятку “знак”, знак уяўляе надзвычай складаны фэномэн. Нездарма стваральнікі сэміялёгіі/сэміётыкі, і Ч.С.Пёрс, і Ф.дэ Сасюр, так і не прапанавалі менш-больш завершанай тэорыі знаку. Пёрс апублікаваў тысячы старонак артыкулаў і ў кожным зноў і зноў зьвяртаўся да аналізу знакавага фэномэну, мадыфікуючы, удакладняючы вызначэньні знаку й прапаноўваючы ўсё больш разгорнутыя й тонкія клясыфікацыі знакаў. Але асобнай абагульняльнай манаграфіі па тэорыі знакаў ён так і не апублікаваў. Сасюр наагул сам не апублікаваў ніводнай працы па стваранай ім сэміялёгіі, увесь час знаходзячыся ў пошуку больш дакладных фармулёвак і распрацоўваючы адмысловы, вельмі складаны тэрміналягічны апарат. “Курс агульнай лінгвістыкі”, які зыніцыяваў разьвіцьцё кантынэнтальнай сэміялёгіі, — гэта кампіляцыя некалькіх студэнцкіх запісаў яго лекцый, да таго ж, апрацаваных згодна з уласным разуменьнем выдаўцоў ды інтэрпрэтатараў. “Сапраўдны” Сасюр стаў вымалёўвацца толькі пасьля 1954 г., калі Робэр Гадэль апублікаваў “Нявыдадзеныя зацемкі Ф.дэ Сасюра”. Аднак, відаць, сыстэматычная пераацэнка спадчыны гэтага выбітнага навукоўца — справа будучыні.

Найперш з гэтай “цьмянасьцю” галоўнага панятку сэміялёгіі зьвязана й адзначаная раней няпэўнасьць у вызначэньні спэцыфікі сэміялёгіі як навукі й яе прадмету. Будзем мець гэта на ўвеце. Далейшы выклад прадэманструе разнастайнасьць у разуменьні знаку сучаснымі сэміёлягамі. Натуральна, што ахапіць у невялікім аглядзе ўвесь спэктар падыходаў папросту немагчыма. Таму я абмяжуюся некалькімі, на мой пагляд, прынцыповымі парадыгмамі, бо іншыя падыходы можна разглядаць як варыяцыі гэтых падставовых парадыгмаў.

У трактоўцы знакаў можна вылучыць тры асноўныя сэміялягічныя парадыгмы:

1) знак у сэміялёгіі Ф.дэ Сасюра;

2) знак у сэміётыцы Ч.С.Пёрса;

3) знак (сымбаль) у сымбалялёгіі П.Фларэнскага (А.Ф.Лосева).

Але раз усе тры парадыгмы адрозьніваюцца ступеньню ўлучэньня ў тэорыю такога панятку, як рэфэрэнт, прычым, з нарастаньнем ролі рэфэрэнту, то пачаць разгляд тэорый знаку мэтазгодна з сэміялёгіі Сасюра — як тэорыі з нулявым рэфэрэнтам.

2. Тэорыя знакуў сэміялёгіі Ф.дэ Сасюра

Сасюр увёў некалькі істотных для яго тэорыі дыстынкцый: 1) адрознасьць мовы-сыстэмы (langue) або таго, што пазьней сталі пераважна называць кодам, каб адысьціся ад чыста лінгвістычнай тэрміналёгіі на карысьць тэрміналёгіі ўласна эміялягічнай, і мовы-гутаркі або гутарковай дзейнасьці (parole), што ў сэміялягічных тэрмінах сталі называць паведамленьнем; 2) адрознасьць так званай сынхраніі й дыяхраніі, прычым, прадметам лінгвістыкі зьяўляецца толькі сынхронны стан мовы-сыстэмы; 3) пастуляваньне білятаральнасьці (двухбаковасьці) моўнага (сэміятычнага) знаку [Lechte J. Fifty key contemporary thinkers: From structuralism to postmodernity. London—New York, 1994. P. 148—153; Соссюр Ф. Заметки по общей лингвистике. М., 1990; Эко У. Отсутствующая структура. Введение в семиологию. СПб., 1998. С. 48—61.]. Цяпер нас будзе найперш цікавіць гэтая трэцяя адрознасьць.

Сасюр вылучае ў знаку два ўзаемазьвязаныя бакі: 1) азначальнік (signifier) — форма, якую набывае знак; 2) азначáнае (signified) — канцэпт, які рэпрэзэнтуе азначальнік. Дынамічныя суадносіны азначальніка й азначáнага й канстытуююць знак. Прынятая Сасюрам дыхатамія мае даволі працяглую гісторыю. Упершыню два бакі знаку вылучылі стоікі. Так, яны адрозьнілі sēmaînon “азначальнік або тое, што разумеецца”, sēmainòmenon “азначанае або тое, што ўспрымаецца”, а іх узаемадачыненьне ўтварае sēmeîon “знак”. Падабенства з тэорыяй Сасюра амаль поўнае. Пазьней гэтую дыхатамію прыняў св. Аўгустын, адно замяніўшы грэцкія тэрміны на лацінскія. У яго азначальнік — гэта signans, азначанае — signatum, а ўласна знак — signum [Булыгина Т.В., Крылов С.А. Означаемое // Лингвистический энциклопедический словарь. М., 1990. С. 343.].

Знак, паводле Сасюра, падобны да аднаго аркушу паперы, які мае два бакі. “… лінгвістычны знак аб’ядноўвае ня рэч і імя, але панятак і акустычны вобраз” [Соссюр Ф. Труды по языкознанию. М., 1977. С. 99.]. Як бачна, паводле Сасюра, знак аб’ядноўвае два чыста псыхічных фэномэны. Вось чаму ён мог сьцьвярджаць, уводзячы панятак сэміялёгіі, што гэтая навука магла  быць часткай агульнай псыхалёгіі. Усталяваньне сэмасыялягічных узаемадачыненьняў азначальніка й азначáнага складае сутнасьць працэсу сыгніфікацыі (азначваньня). На вядомай дыяграме ўзаемадачыненьні двух бакоў знаку выяўляюцца з дапамогаю супрацьнакіраваных стрэлак.

Заўважу, што Сасюр зьмяшчае азначанае на сваёй дыяграме над азначальнікам. Аднак пасьлядоўнікі яго сэміялёгіі Жак Лакан і Ралан Барт абарочваюць гэтыя дачыненьні й зьмяшчаюць азначальнік над азначаным, як бы падкрэсьліваючы пяршэнства азначальніка. У гэтым можна бачыць пэўны сымптом, які можа паказваць на пераход ад клясычнага сасюрыянскага структуралізму да постструктуралізму й знаходзіць свой працяг у постмадэрнісцкіх аўтараў — напрыклад, у Бадрыяра. Але пра гэта яшчэ будзе сказана ў сваім месцы.

Трэба адзначыць, што ўзаемасувязь азначальніка й азначанага ў агульным выпадку ня мае характару адна-адназначнага ўзаемадачыненьня. Аднаму азначальніку можа адпавядаць некалькі азначаных (напрыклад, азначальніку (слову) “адчынена” адпавядаюць азначаныя “працуе (пра краму)” або тое, што скрыня адчынена, бо адкінута ейнае вечка й г.д.). Гэтаксама аднаму азначанаму можа адпавядаць некалькі азначальнікаў (напрыклад, рыска ці стрэлка на адным з бакоў скрынкі можа азначаць “адчыняць з гэтага боку” або заклік “заходзьце!” ў адказ на званок у дзьверы, што, апроч іншага, азначае “дзьверы адчынены”; ува ўсіх прыкладах па-рознаму азначаецца канцэпт “адчыняць”). У гэтых выпадках, паводле вызначэньня знаку, маем справу з рознымі знакамі.

Апошнім часам пазначылася тэндэнцыя крыху адысьціся ад сасюраўскай інтэрпрэтацыі азначальніка як акустычнага вобразу на карысьць разуменьня яго як матэрыяльнай формы знаку, г.зн. таго, што можа ўспрымацца зрокам, слыхам, праз дотык, пах або смак. У гэтым ёсьць, безумоўна, свая рацыя, бо неяк няслушна казаць пра акустычны вобраз або пра тое, што ўспрымаецца (стоікі), ігнаруючы сам працэс успрыманьня. Прынамсі, такая інтэрпрэтацыя набліжае сасюраўскую тэорыю знаку да рэальнага камунікатыўнага акту, дзе задзейнічаны не абстрактныя носьбіты мовы, як, па сутнасьці, меркавалася ў тэорыі Сасюра, а канкрэтныя жывыя людзі, кожны са сваім пэрцэптыўным досьведам. У іншым выпадку тэорыя Сасюра ніяк не вытлумачала б гульні, накшталт “сапсаванага тэлефону”, а таксама шматлікіх выпадкаў камунікатыўнага непаразуменьня. А любая тэорыя мае быць здатнай вытлумачыць ня толькі функцыянаваньне свайго прадмету “ў норме”, але таксама й любыя адхіленьні ад нормы.

Адзначу, што, разглядаючы канстытуэнты знаку, Сасюр нібы забывае часам пра тое, што знак у ягонай тэорыі — гэта не ізаляваны аб'ект, а элемэнт знакавай сыстэмы — мовы (langue). Для яго гэта было самой па сабе зразумелым, бо ён ад самага пачатку сьцьвердзіў, што прадметам лінгвістыкі можа быць толькі мова-сыстэма, безадносна яе актуалізацыі ў рэальнай камунікацыі. Аднак тое, што ў асадах лінгвістыкі сапраўды не выклікае пытаньняў, пры вывучэньні знакавых сыстэм іншых тыпаў (напрыклад, жывапісу, кінафільму, тэлевізійнай перадачы й да г.пад.) можа выглядаць не нагэтулькі відочным. Таму У. Эка карэгуе сасюраўскае вызначэньне знаку, уводзячы ў гэтае вызначэньне панятак коду. Паводле У. Эка, код — гэта тое, дзякуючы чаму пэўны азначальнік уваходзіць у сэмасыялягічныя дачыненьні з азначаным [Эко У. Отсутствующая структура. Введение в семиологию. СПб., 1998. С. 52, 54.]. Код накладае істотныя абмежаваньні на адвольнасьць спалучальнасьці азначальніка з азначаным, гэта, па сутнасьці, пэўная сыстэма правілаў асацыяцыі азначальнікаў з азначанымі (парадыгматычны плян), а таксама правілаў спалучальнасьці знакаў адны з аднымі (сынтагматычны плян). Г.зн., што камуніканты павінны ўмець ня толькі надаваць знакам слушныя значэньні, але й умець інтэрпрэтаваць сынтагматычныя ланцугі знакаў (словазлучэньні, сказы, дыскурсы, тэксты). І тут без уліку камунікатыўнай сытуацыі, насуперак Сасюру, ужо не абысьціся. Таму што адрасат атрымлівае ад адрасанта паведамленьне ў выглядзе комплексу азначальнікаў, якія выклікаюць у яго пэўныя акустычныя вобразы, і толькі дастасаваўшы да іх пэўны код, які мусіць быць мала адрозным ад коду адрасанта, ён зможа надаць знакам належнае значэньне й, праз гэта самае, зразумець атрыманае паведамленьне. Так што карэкцыя Сасюра У. Эка здаецца вельмі слушнай.

Калі прыгадаць пададзеную раней дыяграму Сасюра, то карэктыва, якую ўнеслі ў яе Ж.Лакан і Р.Барт, таксама выглядае слушнай. За тым выняткам, што яны толькі яе й бралі пад увагу. Насамрэч слушныя абедзьве дыяграмы, бо яны адлюстроўваюць два бакі адзінага камунікатыўнага акту: 1) адпраўка паведамленьня адрасантам, кадаваньне ім сэнсу, які ён хоча перадаць (дыяграма Сасюра); 2) атрыманьне паведамленьня адрасатам, дэкадаваньне таго сэнсу, які яму намерваўся перадаць адрасант (дыяграма Лакана-Барта). Калі ж браць пад увагу толькі дыяграму Лакана-Барта, то зьнікае адрасант, аўтар паведамленьня, а адсюль — і постмадэрнісцкія канстатацыі “сьмерці аўтара” [Барт Р. Сьмерць аўтара // Фрагмэнты. 1997. № 1—2. С. 4—10; Фуко М. Чым ёсьць аўтар // Тамсама. С. 11—30.]. Варта адзначыць, што ў чарнавых зацемках пачатку 1900-х гадоў, выдадзеных значна пазьней за ягоны “Курс агульнай лінгвістыкі” (толькі ў 1960 г.), Сасюр фармулюе тэзыс, які цалкам супадае з абмеркаваным толькі што. Ён піша: “Азначваць (signifier) — гэта ня толькі надаваць знаку паняцьце, але таксама й падбіраць знак для паняцьця” [Соссюр Ф. де. Заметки по общей лингвистике. М., 1990. С. 152.]. Увесь мэханізм паказаны на дыяграме, прапанаванай Ю.М.Лотманам [Лотман Ю.М. Внутри мыслящих миров. Человек — текст — семиосфера — история. М., 1996. С. 12.]:

Камунікатыўна-мадэльнае ўяўленьне канцэпцыі “сьмерці аўтара” дае зусім іншая дыяграма:

 

Праілюструю гэтую дыяграму, абапіраючыся на вядомы тэкст Р.Барта “Сьмерць аўтара” [Барт Р. Сьмерць аўтара // Фрагмэнты. 1997. № 1—2. С. 4—10.]. Заўважу мімаходзь, што Барт ладную частку сваіх твораў прысьвячаў выкрыцьцю міталёгій ды ідэалёгій. Але й выкрывальнікаў таксама выкрываюць. Ён і сам ставіў пытаньне пра “сэміялёгію сэміёлягаў”. Можна цяпер паставіць пытаньне й пра міталёгію мітоляга. Праналізуем бартаўскі тэкст.

Найперш Барт усталёўвае дачыненьне код — скрыптар. Ён піша, спасылаючыся на Малярмэ: “У Францыі Малярмэ, верагодна, першы пабачыў і прадбачыў на ўсю поўніцу неабходнасьць падстаноўкі мовы на месца таго, хто лічыўся яе ўладальнікам; дзеля яго, як і дзеля нас, менавіта мова (а ня аўтар) прамаўляе. Пісаць, такім чынам, — гэта ісьці праз папярэднюю дэпэрсаналізаванасьць (якое аніколі ня трэба блытаць з палегчанай аб’ектыўнасьцю рэалістычнага раманіста) — ісьці да таго пункту, дзе ўжо ня “я”, а ўласна мова дзеіць, “прамаўляе”: уся паэтыка Малярмэ складаецца зь ліквідацыі аўтара на карысьць “пісьма” (а гэта, як мы пабачым, рыхтуе месца й для чытача)” [Тамсама. С. 5—6.]. У гэтым ініцыяльным урыўку ўжо ўведзены ўсе асноўныя элемэнты разгляданай дыяграмы. Папярэднічае ўсяму Код (мова). Роля Скрыптара, зрэшты, чыста пасіўная — трансьляваць Код у Пісьмо. Пры гэтым робяцца наступныя субстытуцыі: месца Аўтара займае Скрыптар, месца Твору займае Пісьмо. Адзіны, хто, нарэшце, паводле Барта, займае сваё належнае месца, — гэта Чытач.

Што такое Код? Гэта, паводле Барта, гатовы Слоўнік, Рэпэртуар гатовых форм і некалі існых кшталтаў Пісьма. Скрыптар — ня Аўтар. Ён ня вольны дадаць да гэтага Рэпэртуару нешта ад сябе й, гэтым самым, засьведчыць сваё аўтарства. “І калі б ён захацеў сябе выразіць, — піша Барт, — ён мусіў бы ведаць, што нутраныя пачуцьці, якія ён намерваецца “перакласьці”, ёсьць нічым іншым, як ужо гатовым слоўнікам, у якім словы ня могуць анічога патлумачыць, не зьвярнуўшыся перад гэтым да іншых слоў, і гэтак да бясконцасьці… Скрыптар, што прыйшоў пасьля Аўтара, ня мае ў сабе ягоных жарсьцяў, настрояў, пачуцьцяў ды ўражаньняў — адно гэты велізарны слоўнік, зь якога й паходзіць сучаснае пісьмо, што ня ведае супынку: жыцьцё толькі імітуе кнігу, але й сама кніга ёсьць адно тканінай знакаў, забытых паўтарэньняў, аддаленых у бясконцасьць” [Тамсама. С. 8.]. Тут яўна эксплюатуецца ўлюбёная тэма сучасных сэміёлягаў — пастуляваны яшчэ Ч.С.Пёрсам так званы “безгранічны сэміёзыс” (unlimited semiosis). Ён, паміж іншага, знаходзіцца і ў асяродку канцэпцыі У. Эка, але без такіх рэвалюцыйных наступстваў, як у Барта і дэканструктывістаў.

Такім чынам, роля Скрыптара — гэта бясконцая камбінаторыка й рэкамбінаторыка элемэнтаў таго, што некалі было. Скрыптар — Вялікі Камбінатар. Пісьмо, якое заступае месца Твору, — гэта кожны раз нанова складзены цытатнік.

Скрыптар ніколі не папярэднічае тэксту, наадварот “сучасны скрыптар… нараджаецца разам з сваім тэкстам і ані ў якім разе ня можа разглядацца як нешта, што папярэднічае яму ці знаходзіццца па-за ім. Скрыптар ніколі не бывае суб’ектам, у дачыненьні да якога кніга была б прэдыкатам, у яго няма іншага часу, акрамя часу прамаўленьня, усялякі тэкст заўсёды пішацца тут і цяпер… Сучасны скрыптар, пахаваўшы Аўтара, ужо ня можа больш меркаваць усьлед за паэтычнымі меркаваньнямі ягоных папярэднікаў, што ягоная рука не пасьпявае за думкай і пачуцьцямі, і, прымаючы гэта за неабходнасьць, ён мусіць бясконца “апрацоўваць” форму. Наадварот, ягоная рука, адасобленая цяпер ад якога-кольвечы голасу, трымаецца чыстага гэсту красьленьня (а не выражэньня), а-крэсьліваючы поле без паходжаньня, альбо поле, адзіным паходжаньнем якога ёсьць мова, а яна ўжо не перастае ставіць пад сумнеў ідэю паходжаньня як такую” [Тамсама. С. 7—8.].

Аднак тэма “паходжаньня” пісьма ўсё ж паўстае, толькі дачыненьне зноў пераварочваецца. Зрэшты, цалкам згодна зь пераварочваньнем сасюраўскай дыяграмы. Барт пачынае свой тэкст з пасажу пра кастрата, пераапранутага ў жаночую вопратку, у навэле Бальзака “Саразін”. Заканчвае свой тэкст ён таксама з адсылкі да гэтай навэлы, пішучы: “Вернемся да фразы Бальзака. Ніхто (аніякая “асоба”) яе не прамаўляе: ейнае паходжаньне, ейнае агучваньне ляжыць не ў пісьме, а ў чытаньні”. Ці можа гэта зьдзівіць? Наўрад ці. Калі азначальнік папярэднічае азначанаму, то гэта чыстая сытуацыя дэкадаваньня нейкага паведамленьня. Паводле Сасюра, азначваць — гэта, у тым ліку, і надаваць знаку паняцьце. Але адпраўшчыка паведамленьня няма. Скрыптар гэткім не зьяўляецца. Паводле вызначэньня, ён толькі трансьлятар. Таму на авансцэну высоўваецца постаць Чытача. “Такім чынам выяўляе сябе цэласная істота пісьма: тэкст зроблены з размаітых відаў пісьма, ён вынікае з розных культур, што сутыкаюцца ў ім у дыялёгу, пародыі, спрэчцы. Але ёсьць і месца, у якім гэтая размаітасьць злучаецца, — і гэтым месцам ёсьць ня Аўтар, як лічылася дагэтуль, а чытач. Чытач — гэта тая прастора, у якую ўпісваюцца ўсе без выключэньня цытаты і віды пісьма: адзінства тэксту не ў ягоным паходжаньні, а ў ягоным прызначэньні, і гэтае прызначэньне не зьвязана з асобай: чытач ёсьць чалавекам без гісторыі, безь біяграфіі, без псыхалёгіі; ён ёсьць адно некім, хто зьбірае ў адзінае поле ўсе рэчы, што вызначаюць напісанае”. Чытач, такім чынам, аказваецца безыменным генэратарам тэкстаў у тым Кодзе, які прапісваецца (тут ня скажаш ужо — прагаворваецца) праз Скрыптара. Але заадно выяўляецца й тое, чыё месца заступае Чытач. Гэта месца Крытыка. Задачай Крытыка было — знайсьці Аўтара альбо ягоныя гіпастазі ў тэксьце (надаць тэксту Аўтара): грамадзтва, гісторыю, душу й да г. пад. З паўстаньнем Чытача больш няма каму шукаць Аўтара. І апошняя выснова Барта: “нараджэньне чытача мусіць аплочвацца сьмерцю Аўтара”.

Свой голас на карысьць сьмерці Аўтара падаў і маскоўскі сэміёляг Вяч. Ус. Іваноў у вельмі вядомай працы “Няцот і цот” [Иванов Вяч. Вс. Избранные труды по семиотике и истории культуры. Т. І. М., 1998. С. 379—602.]. Толькі ў дадзеным выпадку дэкляруецца ня сьмерць аўтара літаратурнага твору, а сьмерць аўтара твору навуковага. Каб праілюстраваць кагерэнтнасьць пазыцый Іванова й Барта, падам некалькі паказальных (паралельных) вытрымак з названай працы. Так, у разьдзеле “Памяць культуры” Іваноў піша: “Асноўная цяжкасьць засваеньня назапашанай папярэднімі пакаленьнямі інфармацыі палягае ў тым, што дагэтуль яна захоўваецца й перадаецца ня ў выглядзе адзінай сыстэмы ведаў…, а ў якасьці сумы тэкстаў розных аўтараў. Навуковая інфармацыя ў бібліятэках захоўваецца ў выглядзе мноства паведамленьняў, што належаць пэўным аўтарам. Унутры кожнага такога паведамленьня ўтрымліваецца зазвычай значная колькасьць паўтораў (у цытатах або ў пераказе) папярэдніх паведамленьняў. …У некаторых гуманітарных навуках і ў сачыненьнях па гісторыі філязофіі паведамленьні аб папярэдніх паведамленьнях складаюць істотную частку ўсяго навуковага тэксту… Ужо гэтым абумоўліваецца значная колькасьць паўтораў, што робіць ладную долю навуковых тэкстаў залішняй. Паўторы нельга лічыць апраўданымі нават і з гледзішча перашкодаўстойлівасьці паведамленьняў пры іх перадаваньні ў часе…” [Тамсама. С. 564.] І далей: “А раз кожнае навуковае паведамленьне … з ладнага абапіраецца на вынікі ўсіх папярэдніх, то сам панятак аўтарства ў дачыненьні да навуковых сачыненьняў у пэўнай ступені праблематычны. Пакуль яшчэ далёкі ад зьдзяйсьненьня такі банк дадзеных, пры параўнаньні зь якім паводле пэўнага алгарытму можна было б вырашыць, ці ўтрымлівае дадзенае новаапублікаванае паведамленьне новую інфармацыю…” [Тамсама. С. 565—566.]

Ну, і ўсё ў гэтым разьдзеле ў такім ключы. І дзіўная рэч: пстструктуралізм (пост­мадэрнізм) Р. Барта сходзіцца з нэаасьветным пазытывізмам Вяч. Ус. Іванова. Хаця… для тэарэтыкаў эпохі постмадэрну (= інфармацыйнага грамадзтва) такое супадзеньне, хутчэй, заканамернае. Крытычны пункт тут — усё тая ж “сьмерць аўтара”. Ды каб жа ж гэтыя хаўтуры па Аўтары былі на карысьць некага больш жывога, сапраўднага. Нічога падобнага. І Чытач, і Скрыптар, і Адмысловец (у Іванова) — гэта толькі пэўныя грамадзкія функцыі. У Іванова, як і ў Барта, паведамленьне каштоўнае ня з гледзішча ягонага паходжаньня (адрасанта), а з гледзішча спажываньня яго. Адмысловец — такі ж рэтрансьлятар, як і Скрыптар. Толькі ролю Пісьма тут выконвае гэтакая паважная дама — База Дадзеных (нават прозьвішча ў яе расейскае!). Так што, перафразуючы выснову Барта, можна сказаць, што сьмерць Аўтара азначае сьмерць Чалавека. Далей пачынаецца эпоха чалавека-функцый і чалавека-начыньняў — кібаргаў. Але й нэаасьветны пазытывізм Іванова, як бачна, угрунтаваны ў перагорнутай дагары дыяграме Сасюра. Сасюр не нясе за гэта адказнасьці — ён сваіх папярэдніх пошукаў не публікаваў, а таму, мабыць, і прыпісваць яму аўтарства не зусім слушна. Ды ў яго цяпер не перапытаеш. Аднак з разабранага сюжэту сучаснай сэміялёгіі высноўваецца, што сэміялёгія можа быць бяздушнай і бесчалавечнай і нават антычалавечнай. І як не прыгадаць тут аднае таямнічае мэтафары заснавальніка сэміётыкі Ч.С.Пёрса, што чалавек — гэта знак, г.зн. нешта, што ў самім сабе ня мае аніякай значнасьці.

Вось што сэміёлягі зрабілі з рамантычнай гайдэгераўскай тэзай пра мову як дом ісьціны быцьця.

Да такіх далёкасяжных вынікаў вядзе, здавалася б, бяскрыўднае пераварочваньне дачыненьняў азначальніка й азначанага. Але чаму такое пераварочваньне й яго гіпастазаваньне наагул аказваюцца магчымымі? Галоўная прычына, на мой погляд, крыецца ў адным вельмі моцным пастуляце сасюрыянскай сэміялёгіі — пастуляце безрэфэрэнтнасьці сэміятычнага знаку.

Пытаньне пра дачыненьні знаку з так званай экстразнакавай рэальнасьцю, г.зн. з элемэнтамі навакольнага сьвету — адно зь вельмі спрэчных і заблытаных пытаньняў у сасюрыянскай тэорыі знаку. Савецкая лінгвістыка вырашала гэтае пытаньне амаль адназначна ў асадах “тэорыі адлюстраваньня”: знак выражае паняцьце й адлюстроўвае аб'ектыўную рэальнасьць. Што да сасюраўскай сэміялёгіі, то тут ня ўсё так проста. Гаворка вядзецца пра рэфэрэнцыю й рэфэрэнт знаку.

Рэфэрэнт (анг. refer “суадносіць, спасылацца”, лац. referens “які адносіцца, супастаўляецца”) — “аб’ект пазамоўнай рэчаіснасьці, які мае на ўвеце той, хто гаворыць, прамаўляючы дадзены моўны адрэзак; прадмет рэфэрэнцыі” [Булыгина Т.В., Крылов С.А. Референт // Лингвистический энци­кло­педический словарь. М., 1990. С. 410—411.]. Упершыню паняткі рэфэрэнту й рэфэрэнцыі ўвялі ва ўжытак Ч.К.Огдэн і А.А.Рычардз у 1923 годзе дзеля таго, каб падкрэсьліць ускосны характар стасункаў рэфэрэнту й знаку (імя), апасродкаваны паняткам праз рэфэрэнцыю. Гэтыя стасункі ўтвараюць так званы “трохкутнік” Огдэна-Рычардза.

Ускосны характар стасункаў рэфэрэнту й знаку паказаны на дыяграме перарывістай рысай. Яна азначае, што, да прыкладу, слова “дрэва” ніяк не абумоўлена прыроднымі якасьцямі якога-кольвечы дрэва, бо тое ж дрэва ў нейкай іншай мове будзе ўжо названа як, напрыклад, Baum (нямецкае) або tree (ангельскае) і г.д. Адзіна рэлевантнай тут лічыцца толькі рэфэрэнцыя, або, са слоў Стэфана Ульмана, “інфармацыя, якую імя паведамляе слухачу” [Цыт. паводле: Эко У. Отсутствующая структура. Введение в семиологию. СПб., 1998. С. 49.]. Яе могуць разумець як панятак, як мэнтальнае ўяўленьне, як умовы спажываньня знаку й г.д. Таксама лічыцца, што сувязь, якая ўсталёўваецца між знакам і рэфэрэнцыяй беспасярэдняя, узаемная й абарачальная [Тамсама.] — адрозна ад умоўнага характару сувязі знаку й рэчы. Таму, маўляў, у сэміялёгіі рэлевантны толькі левы бок разгляданага трохкутніка [Эко У. Отсутствующая структура. Введение в семиологию. СПб., 1998. С. 51.].

Такім чынам, традыцыйна лічыцца, што сасюраўская тэорыя “выносіць рэфэрэнт за дужкі”. У. Эка фармулюе гэта ў катэгарычнай форме: “… дыскусіі аб рэфэрэнце не зьяўляюцца прадметам сэміялёгіі” [Тамсама. С. 50.]. Выказваньні Сасюра пераважна пацьвярджаюць гэта, бо, на ягоную думку, знакі набываюць значэньне толькі ў якасьці элемэнтаў фармальнай, абагуленай і абстрактнай сыстэмы, якая пры тым ёсьць сыстэмай функцыйных адрозьненьняў і апазыцый. Значэньні могуць быць толькі структурна-рэляцыйнымі й дыфэрэнцыйнымі, а не рэфэрэнцыйнымі [Chandler D. Semiotics for Beginners. http://www.aber.ac.uk/media/Documents/S4B/semiotic.html]. Менавіта гэтую пазыцыю падзяляе бальшыня сэміёлягаў.

Аднак, хутчэй за ўсё, сам Сасюр быў не нагэтулькі катэгарычным, як бальшыня яго інтэрпрэтатараў і пасьлядоўцаў. У чарнавіковых зацемах ягоная пазыцыя выглядае на больш рэалістычную. Ён добра разумеў, што існуюць пэўныя клясы моўных знакаў, аднесенасьць якіх да сваіх рэфэрэнтаў ня можа быць пастаўлена пад сумнеў. Гэта геаграфічныя назовы, імёны ўласныя й назоўныя. Так, ён пісаў: “Як толькі гутарка заходзіць пра мову, тут жа ж зьяўляюцца слова і сэнс (або знак і сэнс), як быццам бы ў іх уся сутнасьць, але, апроч гэтага, заўсёды падаюцца такія прыклады слоў, як дрэва, камень, карова <тыя [імёны], якія даваў Адам)>, г.зн. прапануецца самае рэчавае, што ёсьць у сэміялёгіі: падаюцца выпадкі, калі яна (як вынік выпадковасьці выбару аб’ектаў найменаваньня) зьяўляецца папросту анамастыконам. Інакш кажучы, і ў гэтым палягае асаблівасьць анамастыкону ў складзе сэміялёгіі ў цэлым, падаюцца выпадкі, калі ў псыхічнай асацыяцыі, якая ўтварае сэму, без сумневу, прысутнічае трэці элемэнт — усьведамленьне таго, што сэма суадносіцца зь нейкай дастаткова вызначанай існасьцю вонкавага парадку…; таму такая сэма не падпарадкоўваецца агульным законам утварэньня знаку” [Соссюр Ф. де. Заметки по общей лингвистике. М., 1990. С. 149.]. І далей: “… [Раз устойлівае й нязьменнае паняцьце — рэч, відаць, нерэальная,] адзіны шанец для [лінгвіста знайсьці ўстойлівасьць даюць геаграфічныя сэмы й імёны ўлас­ныя]…” [Тамсама. С. 149—150.]. І яшчэ больш пэўна: “Калі б мова выкарыстоўвалася толькі для найменаваньня знадбеняў, розныя яе чэлі не былі б зьвязаны паміжсобку, яны існавалі б паасобку, як і самыя знадбені. Зрэшты, элемэнты мовы прызначаны таксама й для абазначэньня матэрыяльных, бачных знадбеняў. Напрыклад, хлеб, глыга” [Тамсама. С. 186.].

Відочна, што пазыцыя Сасюра неадназначная й супярэчлівая. Ён прызнае ў сэміялёгіі наяўнасьць такой клясы знакаў, якія “не падпарадкоўваюцца агульным законам утварэньня знаку”. Тады паўстае пытаньне: а па якіх жа законах утвараюцца такія знакі, калі не па законах сэміялёгіі? Прыналежнасьць таго ж анамастыкону сэміялёгіі Сасюр пад пытаньне ня ставіць. Лёгіка падказвае: каб сэміялёгія магла па-ранейшаму прэтэндаваць на ролю агульнай тэорыі знакавых сыстэм, яна павінна апісваць любыя тыпы знакаў, а ня толькі тыя, што для яе былі пастуляваны як знакі parexcellence. Але тады рэфэрэнт не павінен “заключацца ў дужкі”. Як жа тады аб’яднаць у асадах аднастайнага апісаньня знакі, якія маюць рэфэрэнты, і знакі, якія гэткіх ня маюць. Як прыклад апошніх У. Эка зазвычай падае слова “адзінарог”, якое “адсылае да неіснуючай фантастычнай жывёліны, што ніколькі не замінае таму, хто чуе гэтае слова, выдатна разумець, пра што ідзе гаворка” [Эко У. Отсутствующая структура. Введение в семиологию. СПб., 1998. С. 50.]. Гэта слова, якое мае рэфэрэнцыю, але ня мае, на думку Эка, рэфэрэнту. Іншы прыклад Эка — знакі з адным рэфэрэнтам, але рознымі значэньнямі. Гэткія Зарніца й Вечарніца, зь меркаваньня старажытных людзей, — розныя зоркі, а насамрэч — гэта адна й тая самая плянэта Венэра [Тамсама.]. Гэткія, на думку Эка, выразы, накшталт “мой айчым” і “бацька майго зводнага брата”. Апошні прыклад абсалютна няўдалы, бо выразы адрозьніваюцца тут найперш сваімі канататыўнымі значэньнямі й, да таго ж, маюць розны аб’ём: у майго айчыма не абавязкова павінен быць сын. Так што гэтыя выразы папросту несупастаўляльныя, і можна казаць, што наагул мы маем тут справу з рознымі рэфэрэнтамі.

А вось першыя два прыклады (адзінарог і Венэра) якраз і цікавыя тым, што дазваляюць зусім іначай паставіць пытаньне пра рэфэрэнт — прынамсі, моўнага знаку. Рэфэрэнт, і так менавіта ён часта разумеецца ў лінгвістыцы й лёгіцы, — гэта ня нейкі рэчаісны знадбень або зьява, а тое, што прымаецца камунікантамі за рэальна існае. Гэткімі былі, напрыклад, антычныя багі, наагул такі кшталт рэфэрэнцыі ў любой міталёгіі й рэлігіі. Тады кляса безрэфэрэнтных знакаў ладна абвужаецца. Наадварот, зь пераходам да дыскурсаў і тэкстаў сфэра рэфээрнтнасьці значна пашыраецца. Я ня буду дэталёва гэта разглядаць, бо мая інтэнцыя зусім іншая — падкрэсьліць, што агульная сэміялёгія павінна аднолькава пасьпяхова апісваць і знакі з рэфэрэнтамі, і знакі бяз гэткіх. А для гэтага яна мусіць быць рэфэрэнцыйна незалежнай. Ня ў тым толькі сэнсе, што пытаньне пра рэфэрэнт мае “брацца ў дужкі”, але таксама і ў тым, што нерэфэрэнтнасьць знаку не павінна ў ёй пастулявацца. Бо могуць быць больш “драматычныя” сытуацыі, чым апісаныя Эка, а менавіта: 1) калі знак некалі меў рэфэрэнт, а потым стаў безрэфэрнтным (як прыклад — любое састарэлае слова, архаізм); 2) калі знак, які ня меў рэфэрэнту, з часам яго набывае (напрыклад, “чорная дзірка” ў выпадку яе экспэрымэнтальнага адкрыцьця набудзе рэфэрэнт); 3) калі знак, які меў адзін рэфэрэнт, з часам набывае зусім іншы (тыповы прыклад — мэтафара). Адным словам, сасюрыянская сэміялёгія — гэта сэміялёгія з прэсупазыцыямі, г.зн. з пэўнымі экстрасэміялягічнымі прыпушчэньнямі.

 

 

Лекцыя 3


ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY