ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

 

ГАННА КІСЛІЦЫНА. НОВАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ СІТУАЦЫЯ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

НОВАЯ ЛІТАРАТУРНАЯ СІТУАЦЫЯ: ГЕНДЭРНЫ ФАКТАР

 

План:

1. 90-я: змена культурнай парадыгмы

2. Культура і незалежны друк

3. Ідэнтыфікацыя як праблема новай літаратуры

4. Паняцце “НЛС”

 

1. Змена культурнай парадыгмы

Падпісанне Белавежскага пагаднення ў снежні 1991 года стала эпахальнай падзеяй у гісторыі Беларусі, якая набыла нарэшце статус самастойнай дзяржавы. І хоць сам факт распаду такой буйной адзінкі як СССР не можа быць ацэнены адназначна, зразумела, што ў лёсе нацыянальнай культуры, і, ў прыватнасці, беларускай літаратуры, ён стаўся падзеяй, ад якой пачынаецца новы посттаталітарны перыяд яе гісторыі.

Гэты час сапраўды быў пераломным. Грамадска-палітычныя зрухі, якія адчуваліся ўжо з сярэдзіны васьмідзесятых, закранулі літаральна ўсе сферы жыцця, у адначассе разгайдаўшы падмурак, на якім трымаўся матэрыяльны і духоўны свет беларуса. Многія дзеячы культуры, у тым ліку і пісьменнікі, ўспрынялі гэтыя змены трагічна. Руйнаванне савецкага палітычнага канону яны атаясамлівалі са згубай культуры. З канца 80-х і да гэтага часу на старонках перыядычнага друку, літаратурных часопісах і тыднёвікаў не спыняюцца галашэнні пра гібель культуры, дзе побач з настальгічнай ідэалізацыяй савецкай мінуўшчыны, робяцца закіды, слушныя і не вельмі, ў бок культурнага жыцця ўжо самастойнай Беларусі.

Сапраўды, першыя гады перабудовы асацыіруюцца з амаль літаральным разбурэннем культурных арганізацый і ўстаноў: прыходзяць у заняпадак будынкі тэатраў і музеяў і патрабуюць неаднакладнай рэканструкцыі, зачыняюцца кінатэатры і вясковыя бібліятэкі, ад вільгаці гінуць каштоўнейшыя фонды Нацыянальнай бібліятэкі, ад пажару церпіць будынак Дзяржаўнага Мастацкага музея. Рэзка падаюць наклады літаратурна-мастацкіх і навуковых выданняў. Пісьменнікі апынаюцца ва ўмовах, трапна акрэсленай імі як “самапас”, калі выданне новай кнігі цалкам залежыць ад арганізатарскіх здольнасцяў аўтара, вымушанага займацца менеджментам і рэкламай уласнай літаратурнай прадукцыі.

Між тым, менавіта ў сярэдзіне 80-х рэзка павялічваецца інтэнсіўнасць культурнага жыцця краіны. У гэтыя гады ствараюцца нефармальныя арганізацыі моладзі “Майстроўня”, “Талака”, Паходня”, “Світанак”, якія змагаліся за адраджэнне нацыянальных традыцый, захаванне гістарычных помнікаў, павышэнне статуса беларускай мовы. У 1987 г. праводзіцца Першы вальны сойм беларускіх суполак, у 1988 г. — устаноўчы сход гісторыка-асветнага таварыства “Мартыралог Беларусі”, у 1989 г. — Другі вальны сойм беларускіх суполак. У гэтым жа 1989 г. было ўтворана Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. 26 студзеня 1990 г. Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў Закон аб мовах, у адпаведнасці з якім за беларускай мовай замацоўваецца статус дзяржаўнай.

Нягледзячы на тое, што шэраг міністэрстваў (адукацыі, культуры, інфармацыі і друку) ў гэты час страчваюць сваю былую значнасць у якасці арганізатараў літаратурна-мастацкага працэсу і фактычна не маюць сродкаў на падтрыманне культурных ініцыятыў, жыццё не спыняецца: ствараюцца грамадска-культурныя аб'яднанні прадстаўнікоў рэлігійных і нацыянальных меншасцяў (“Поліссе”, “Саюз палякаў”, Беларускі фонд Рэрыхаў, Татарская абшчына і інш.), якія выступаюць фундатарамі навукова-практычных канферэнцый і фестываляў, з'яўляюцца новыя тэатры і тэатральныя студыі (тэатр-лабараторыя “Вольная сцэна”, тэатр Рыда Таліпава, “Маладзёжны тэатр”, “Зніч”, “Дзе-Я?”), адчыняюцца новыя мастацкія галерэі (“Шостая лінія”, “NOVA”, “Медэя”, ЖыльБел, “Вільня”), дзе праходзяць шматстайныя выставы — ад канцэптуальна элітарнага праекта “In-formation” да выставы эратычнага фота. Канцэртныя залі і цэлыя стадыёны становяцца месцам правядзення буйных музычных праектаў, ўдзел у якіх бяруць замежныя і айчынныя рок-гурты, а сама рок-культура не толькі выходзіць з падполля, але і набывае нацыянальную адметнасць, стаўшыся прыкметнейшай з'явай тагачаснага жыцця. Культура відавочна камерцыялізуецца, спрабуючы выжыць без падтрымкі дзяржавы.

2. Культура і незалежны друк

Стылёвая шматстайнасць, якая стала акрэслівацца пасля 1990 года на самых розных узроўнях культуры, спарадзіла неабходнасць не толькі ў новых механізмах яе арганізацыі, але і ў стварэнні новых сродка ў інфармацыі. Гэта выявілася ў з'яўленні шматлікіх газет і часопісаў, у тым ліку, і літаратурна-культуралагічнага напрамку. Большасць з іх мела не больш аднаго-двух выпускаў. Па-сутнасці, да канца тысячагоддзя змаглі праіснаваць толькі тыя выданні, якія фінансаваліся за кошт дзяржаўнага бюджэту — “Крыніца”, “Культура”, “Роднае слова”. Выключэнне стварае хіба што адноўленая ў 1991 годзе “Наша Ніва”, якая паступова змяніла свой імідж, скараціўшы аб'ём літаратурных матэрыялаў на карысць тэкстаў грамадска-палітычнай тэматыкі.

Між тым і многія з тых газет і часопісаў, што з'явіліся вынікам прыватных ініцыятыў і існавалі за кошт падтрымкі разнастайных недзяржаўных фондаў, здолелі не толькі пратрымацца дастаткова працяглы тэрмін, але і стаць сапраўднымі культурнымі асяродкамі, дзе выспявалі новыя літаратурна-мастацкія канцэпцыі. Аднак ідэйна-стылявая разнастайнасць новай пісьмовай культуры, якая напоўніцу выявілася толькі на мяжы тысячагоддзяў, парадзіла і адмоўную з'яву — рэдакцыйна-выдавецкі сепаратызм, які знайшоў сваё ўвасабленне ў паняцці “архіпелаг Беларусь”. Справа ў тым, што ў канцы дзевяностых з'явіліся новыя выданні, асобныя з якіх фінансаваліся за кошт адных і тых жа недзяржаўных фондаў, што прывяло да даволі жорсткай міжрэдакцыйнай барацьбы за замежныя гранты. Вынікам яе стаў не толькі раскол паміж тымі, хто займаўся рэалізацыяй ідэі недзяржаўнага друку, але і больш акрэсленае прафіліраванне часопісаў.

Найбольш прыкметна гэтыя змены заўважныя на прыкладзе літаратурна-філасофскага сшытка “ЗНО”, які з 1993 па 1997 год выдаваўся як штомесячны дадатак да газеты “Культура”. На старонках сшытка друкаваліся даследаванні па літаратуразнаўству і культуралогіі, матэрыялы навукова-практычных канферэнцый, літаратурныя маніфесты, пераклады і ўласна мастацкія творы як ультраавангарднага, так і традыцыйнага напрамку. Пасля гвалтоўнага закрыцця “ЗНО” сябры рэдакцыйнай рады стварылі некалькі самастойных праектаў, найбольш значнымі з якіх, акрамя раней заманіфеставанага “Бум-Бам-Літу”, з'яўляюцца часопісы “Фрагменты” (выходзіць з 1996 г.) і “ARCHE” (выходзіць з 1998 г.). Калі першы прэзентаваў сябе як “часопіс па філасофіі ды сацыяльных навуках”, то другі абяцаўся стаць “народным часопісам — для ўсіх тых, хто хоча жыць па-свойму і гаварыць па-свойму; бо культура гэта любоў да свайго ладу жыцця” (1, с.5). Па-сутнасці, і той, і другі сталі літаратурна-філасофска-культуралагічнымі выданнямі, пры тым, што ў “Фрагментах” перавага аддавалася філасофіі, а ў “ARCHE” — літаратуры і творам грамадска-палітычным тэматыкі. У 1998 г. разам з Цэнтрам Еўрапейскага супрацоўніцтва “Фрагменты” ствараюць выдавецкі праект (“Бібліятэка “Фрагменты”), дзякуючы якому пабачылі свет кнігі, якія заклалі падмурак сучаснага беларускага інтэлектуалізму. Выданнем кніг, пераважна эмігранскай літаратуры, займаецца і “АRCHE”.

Пераўтварэнне палітычнай і эканамічнай сістэм пасля 1991 года зрабіла магчымым раздзяржаўленне многіх грамадскіх інстытутаў, у тым ліку і вышэйшай школы. З'яўленне недзяржаўных вузаў і ўстаноў блізкіх ім па статусе (Інстытут сучасных ведаў, Еўрапейскі Гуманітарны Інстытут, Беларускі калегіум і інш.), якія займелі магчымасць запрашаць выкладчыкаў з лепшых айчынных і замежных універсітэтаў, паўплывала на агульны ўзровень адукацыі, спрыяючы павышэнню сацыяльных і інтэлектуальных прэтэнзій насельніцтва. Па-сутнасці, кожная новаствораная недзяржаўная навучальная ўстанова ўжо ў хуткім часе займела свой друкаваны орган, большасць з якіх, аднак, была рускамоўнымі. Тут варта адзначыць англійска-рускамоўны філасофска-культурулагічны часопіс Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта “Топас” (выдаецца з 1998 года) і літаратурна-культуралагічны часопіс “Паміж”, заснаваны ў 2002 г. студэнтамі Беларускага калегіума. Нягледзячы на параўнальна невялікія наклады, часопісы сталі адметнай з'явай ў развіцці беларускай інтэлектуальнай думкі. Асаблівай адзнакі патрабуе выдадзеная “Беларускім Калегіумам”, “Анталогія сучаснага беларускага мыслення” (2003), у якую ўвайшло больш трох дзесяткаў тэкстаў па філасофіі, культуралогіі і літаратуразнаўству, якія прысвечаны, пераважна, Новай Культурнай Сітуацыі.

Неабходна адзначыць з'яўленне вялікай колькасці выданняў, прысвечаных гендэрнай праблематыцы — ад двумоўнага часопіса беларускіх гееў “Форум Лямбда” да міжнароднага альманаха “Иной взгляд”. З'яўленне жаночага інстытута “ЭНВІЛА”, стварэнне цэнтра гендэрных даследванняў (МЦГД), арганізацыя жаночых грамадскіх аб'яднанняў (“Глабальнае партнёрства”, “Касыяпея”, “Жаночы адказ” і інш.), садзейнічала выбудове новых палітычных і сацыяльных структур і дэіерхаізацыі ўнутры ўжо існуючых грамадскіх інстытутаў. Усталяванню ідэй гендэрнай стратыфікацыі спрыяла пашырэнню ў культуры “тэрыторыі прыватнага”, што выявілася, да прыкладу, ў феномене “новай беларускай жаночай літаратуры”, якая, як з'ява, акрэслілася на старонках часопіса “ARCHE” у канцы дзевяностых. (Больш разгорнутае паняцце “гендэр” будзе дадзена ў наступнай лекцыі).

3. Ідэнтыфікацыя як праблема новай літаратуры

Адной з істотнейшых прыкметаў таго, што перамены, якія адбываліся з нацыянальнай культурай, насілі татальны характар, з'яўляецца змена ролі мастацкай літаратуры ў жыцці грамадства. Беларуская культура перастала быць літаратурацэнтрычнай, а пісьменнікі зніклі не толькі з дзяржаўных інстытутаў улады (Вярхоўнага савета, Палаты прадстаўнікоў і г.д.), але і, па вялікаму рахунку, з цэнтру ўвагі грамадскасці. Яны перасталі ўспрымацца як стваральнікі альтэрнатыўнага светагляду, аддаўшы гэтае права палітыкам і журналістам, і абмежавалі сваю дзейнасць стварэннем мастацкіх тэкстаў, не прэтэндуючых на ісціну ў якой бы то ні было інстанцыі. Толькі асобныя з пісьменнікаў старэйшага пакалення здолелі пераадолець той духоўны крызіс, што быў выкліканы перманентнай зменай мастацкага канону савецкай эпохі і змаглі годна ўвайсці ў Новую Літаратурную Сітуацыю, абагаціўшы нацыянальнае пісьменства новымі тэмамі, новымі мастацкімі прыёмамі, і больш глыбокім поглядам на жыццё.

“Пярэдадзень ХХІ ст. выключна важны для разумення ўзаемаадносін мастака і часу, творцы і жыцця, — слушна заўважае С.А.Андраюк, — Думаецца, гэтыя гады — якраз гады ўплыву выключнага, змен самых кардынальных: для народа, для краіны, для чалавека. Праўда, у сваёй хуткаплыннасці, хутказменлівасці яны не мелі магчымасці фармаваць асобу, уздзейнічаючы на яе хутчэй разбуральна, прыгнятальна. Гэта былі гады праверкі чалавечай устойлівасці, пэўнасці асобы, вернасці самому сабе, сваёй існасці” (2, с.11).

Сапраўды, пакаленне, якое адчула на сабе ўвесь трагізм таталітарызму, прайшло праз ліхалецце вайны і адчула горыч пасляваенных расчараванняў, у гэтыя вірлівыя, напоўненыя няпэўненасцю і скрухай гады, аказалася ў нечым больш трывалым, чым моладзь. У апошнім дзесяцігоддзі дваццатага стагоддзя актыўна працягваюць пісаць В.Адамчык, Я.Брыль, В.Быкаў, якія застаюцца вернымі тым высокім грамадскім ідэалам, якія і паклікалі іх у літаратуру. Варта адзначыць, што менавіта пісьменнікі старэйшага пакалення (В.Быкаў, А.Адамовіч) былі ініцыятарамі стварэння Беларускага ПЭН-цэнтру (1989), творчага аб'яднання, якое змагло стаць дзейснай альтэрнатывай Саюзу Пісьменнікаў Беларусі.

Як раз літаратары, якія мелі за плячыма горкі вопыт існавання ва ўмовах палітычнай, сацыяльнай і эмацыйнай заціснутасці, пачалі запаўняць гістарычныя лакуны, якіх было багата ў савецкай літаратуры — не толькі пашыраючы тэматычны дыяпазон сваіх твораў, але і спрыяючы вяртанню ў літаратуру імёнаў пісьменнікаў-эмігрантаў ці тых, хто быў рэпрэсаваны ў складаныя трыццатыя.

У тым стане няўстойлівасці, разбалансаванасці ўсіх жыццёвых форм, у якім апынуліся беларусы пад час перабудовы, момант — хоць бы і адноснага — завяршэння ідэнтыфікацыі ўяўляўся надзвычай важным. Цэласнае самавызначэнне павінна было стаць не толькі знакам таго, што новыя “каардынаты быцця” нарэшце ўсталяваліся, але замацаваць пераадоленне комплекса “неіснуючай нацыі”. Таму тэма самаідэнтыфікацыі становіцца скразной тэмай дзевяностых, хоць само слова “ідэнтыфікацыя” найбольш часта гучыць у гэтыя гады ў сяброў суполкі “ТВЛ” (“Спроба ідэнтыфікацыі” — назва верша А.Аркуша, які з'яўляецца стваральнікам і ідэолагам таварыства). З таго, як істотна адрозніваюцца рэпрезентатыўныя творы ўдзельнікаў розных літаратурных груповак можна зразумець, наколькі імкліва развівалася Новая Літаратурная Сітуацыя.

Раптоўнае з'яўленне вялікай колькасці “праграмных” твораў і мастацкіх маніфестаў, якое з пачатку дзевяностых становіцца адной са знакавых прыкметаў літаратурнага працэсу, трэба расцэньваць як прамое сведчанне таго, што адбываецца глыбінны працэс пераідэнтыфікацыі асобы, якая апынулася ў новых варунках існавання. Прагу “быць ідэнтыфікаваным” сацыёлагі вытлумачваюць як жаданне аднавіць цэласны і ўпарадкаваны вобраз свету, няхай сабе і адрозны ад таго, што быў сфармаваны папярэднім культурным канонам.

Па-сутнасці, вобраз свету і чалавека ў ім, які прадставіла пакаленне “Тутэйшых”, мала чым адрозніваўся ад тых мадэляў, што ўжо былі ўсталяваныя класічнай беларускай літаратурай, пераважна літаратурай пачатку ХХ стагоддзя. Аднак мадэль, прыдатная для Беларускага адраджэння нашаніўскага перыяду, аказалася пазачаснай абстракцыяй для літаратурных рэаліяў 90-х. Ужо тады крытык і ідэолаг таварыства “Тутэйшыя” указваў на гэта ў сваім артыкуле- маніфесце “Новая Культурная Сітуацыя” (1992): “Беларуская постсавецкая — “адраджэнская” — культура таксама не прысвойваецца, бо яе ўнутраны знак — мінус — застаўся ранейшы... Можна шукаць і знаходзіць у спадчыне, нацыянальным характары, у сабе самыя розныя праявы самабытнасці, але з іх толькі сцвярджальныя становяцца культурай — самасцвярджэннем нацыі” (4, с.232). На думку крытыка: “Нацыянальнае адраджэнне не стане дамінантай культуры, а культура — грамадскай з'явай, пакуль яно аднамернае, як смерць.

Жыццё тчэцца з тысяч рознакаляровых нітак...

Толькі ў пашыраным светапоглядзе знаходзіцца месца сцвярджальнаму знаку, які адразу разрастаецца ў дамінанту. Усялякае адмаўленне адыходзіць на перыферыю.

Кожны здзяйсняе свой жыццёвы праект.

Жыццёвыя праекты кантактуюць у жыццёвых сітуацыях. Іх тло — краявід” (4, с.233—234).

Аднак, нягледзячы на разуменне ўсёй слабасці “пазіцыі адмаўлення” негатыўны пафас не знікае з маніфестаў нават наступнага літпакалення перабудовы — тэвээлаўцаў. Найбольш цэласна і пераканальна сфармуляваў адносіныгенерацыі “вольных літаратараў” да культурнай спадчыны папярэднікаў Юры Гумянюк. У прадмове-маніфесце да сваёй кнігі “Твар Тутанхамона” (1994) ён піша:

“Файна будаваць уласны светапогляд паводле прынцыпаў “Маральнага кодэксу прыхільніка постмадэрнізму”. Перакручаная савецкая свядомасць дазваляе ўзрасціць жаданы плён. Асабліва, калі ўлічваць безгустоўнасць апалагетаў афіцыйнага нібыта беларускага мастацтва. Дзіўныя асобы. Яны штосілы выталупляюць свае “неўміручыя шэдэўры”, але іх аніхто сур'ёзна не ўспрыймае. Не бярэ за чыстую манету. З дапамогай сродкаў масавай інфармацыі адбываецца прафанацыя нацыянальных каштоўнасцяў. Фокус-покус. Ажыўленне бутафорскага цела... Ён прываблівае нацыянальна заклапочаных асобаў. Аднак гэта банальны візіянізм. Прыпаркі мёртваму ідалу” (5, с.5).

Аднак, у маніфесце не толькі высмейваюцца аднастайнасць і лядашчасць монастылістычнай культуры савецкай эпохі, але і выказваецца цалкам постмадэрністычнае пажаданне пакінуць “аскепкі спрафанаваных культурных сімвалаў і эталонаў”, спалучыўшы іх з “элементамі старажытнага і найноўшага мастацтва”, з'яднаць “ідалаў азгураўскай мадыфікацыі” з “тварам Тутанхамона, галавой Неферціці”. Відавочна, што ідэя ўзбагачэння беларускай культуры “карцінамі касмапалітычнага характару” (выраз Ю.Гуменюка), здаецца пакаленню “ТВЛ” больш прывабнай, чымсьці пошукі нацыянальнай ідэнтычнасці.

Найбольш радыкальна падыйшлі да праблемы нацыяналь-культурнай ідэнтычнасці бумбамлітаўцы. У 1995 годзе яны ствараюць мастацкую канцэпцыю афрыканізма, якая апрадмецілася ў металёвым “тазіку”, што стаўся першым рэальным фетышам беларускай літаратуры. Нацыянальнае ў іх творчасці канчаткова рэдукуецца, а сама творчасць губляе не толькі пазнавальныя, камунікатыўныя функцыі, але і хоць якую іншую матывацыю, акрамя самапрэзентацыі яе стваральнікаў. У прадмове да кнігі “Тазік беларускі” ідэолаг групоўкі, філосаф В.Акудовіч сцвярджае: “Гук, аформлены ў слове ды нагружаны сэнсам і значэннем рэха, — гэта і ёсць тое, што раней называлася літаратурай. Аднак у пару татальнай змарнеласці і страты ўсялякіх жыццядайных сэнсаў застаецца актуальным толькі рытмічна арганізаваны гук, што спрабуе прарвацца скрозь шумы фізічнага і тэхналагічнага светаў, каб засведчыць рэхам — чалавек чалавеку яшчэ нечым ёсць” (6, с.9).

Па-сутнасці, за дзесяцігоддзе Новай Літаратурнай Сітуацыі (далей НЛС) страта ідэнтычнасці, абумоўленая перманентнасцю парадыгмальных зменаў пачатку 90-х, паступова перарасла ў “крызіс ідэнтычнасці”, які сёння разглядаюць ўжо як сацыёкультурны фенамен постмадэрнізму. Між тым, нацыянальны — “ідэнтыфікацыйны” — нігілізм бумбамлітаўцаў, у якім, насамрэч, больш культурнай гульні, чым перакананняў, ўжо ў хуткім часе быў перасягнуты маніфестам “Нігіля” (2000): “Нічога і нікога не існуе. Існаванне не проста страціла сэнс, але рашчынілася ў актыўна небытуючым, і не ёсць болей ніяк” (7, с.5). Адмаўленне “нігілістаў” (аўтарам тэкста, падпісанага “Безназоўнае” з'яўляецца М.Баярын) выклікае ўжо не мінулае, а сучаснасць, якая страчвае сваю рэальнасць, падмяняючыся дзейнасцю сродкаў масавай інфармацыі. Беларускі “нігілізм” звернуты не супраць света і чалавека, а супраць Сімуляцыі, якая, дзякуючы развіццю новых тэхналогій стала ўспрымацца як нешта тоеснае — прынамсі не менш значнае — жыццю. Увядзенне тэхнічных катэгорый мыслення ў культуру і жыццё грамадства змяніла не толькі лад мастацкага думкі, паступова ператвараючы чалавека ў разумную машыну, здольную адно толькі кантамінаваць чужыя цытаты, але і “развяло” ў розныя бакі “цела” і “душу”, па-сутнасці, выцесніўшы апошнюю не толькі з мастацкага лексікона, але і пазбавіўшыся ад яе як ад філасофскага паняцця. Маніфест “Нігіля” (у часопісе артыкул мае назву “Смеццекаханнесмерць”) стаўся першым постмадэрністычным маніфестам беларускай літаратуры.

Аднак тыя ці іншыя постмадэрністычныя коды знаходзяць сваё ўвасаблення не толькі ў пісьменнікаў навейшай генерацыі, але і ў тых, каго прынята называць традыцыяналістамі. Дастаткова згадаць артыкул С.Дубаўца “Версія культуры” у часопісе “Партызан” (2004), каб зразумець — постмадэрновы дыскурс стаў абсалютна роўнапраўным сярод іншых дыскурсаў нацыянальнай культуры. “Культура — гэта версія. Балота і неба, Стоўнхэндж і калійная соль, тапінамбур і фінік, інкі і дакі, белсацрэалізм і панк, трансвестыты і япі — усё існае мае сваю версію. Незлічоныя культуры-версіі ўключаюць у сябе структуру і тэмпературу, лад і быт, традыцыю і ідэалогію, эмоцыі і рацыі, у тым ліку і само жыццё. Гэта ўсё — толькі часткі розных культураў-версіяў. Кожны чалавек і кожны народ маюць сваю версію ці нават некалькі версіяў, што могуць спалучацца, а могуць і канфліктаваць між сабою. Да прыкладу, беларусы маюць некалькі версіяў сябе — некалькі культураў рознага ўзроўню развітасці і гармоніі” (8, с.27).

З апошняй заўвагай цяжка не пагадзіцца, бо, сапраўды, ніхто не адмяняў парадыгмаў мінулага, яны існуюць, утвараючы складанае вязьмо сэнсаў, стаўшыся надзейнай канструкцыяй, дзякуючы якой існуе сённяшняя культура, нікуды не знікшая, насуперак постмадэрновым дэкларацыям. Яе моц, як і меркаваў некалі С.Дубавец у артыкуле “Новая Культурная Сітуацыя”, толькі павялічылася ў выніку дэкананізацыі мінулага і прагрэсуючага развіцця стылявой шматстайнасці.

4. Новая культурная сітуацыя

Такім чынам, Новая Культурная Сітуацыя не толькі выявілася значным па аб'ёме корпусам мастацкіх практык, не толькі набыла тэарэтычнае абагульненне (тут варта згадаць грунтоўнае даследаванне В.Акудовіча “Уводзіны ў Новую літаратурную сітуацыю. Лекцыі для Беларускага Калегіума”. Фрагменты, № 3—4, 1999 і Фрагменты, № 3—4, 2000) і кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў “Выпрабаванне развоем” А.Аркуша (2002)), але і аказала ўплыў на іншыя, існуючыя паралельна, светаглядныя культуры. Калі лічыць, што “крытэрыям поспеху тэорыі, канцэпцыі, школы ці парадыгмы з'яўляецца тэарэтычны поспех і практычны ўплыў” (Л.Г.Іонін) (3,С.24), то можна лічыць, што змена культурнай парадыгмы адбылася. Вынікам змены ў літаратуры стала трывалае ўсталяванне Новай Літаратурнай Сітуацыі, галоўнымі прыкметамі якой выявіліся:

— дэіерхаізацыя;

— дэкананізацыя;

— дэверсіфікацыя;

— інтэлектуалізацыя;

— неўпарадкаванасць;

— негатыўнасць;

— стратыфікацыя;

— сінкрэтызм;

— эзатэрычнасць.

 

Літаратура

1. ARCHE. 1998. № 1.

2. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. У чатырох тамах. Т. 4., К. 2.

3. Ионин Л.Г. Социология культуры. М., 1998.

4. Дубавец С. Практыкаванні. Мн., 1992.

5. Гумянюк Ю. Твар Тутанхамона. Полацк, 1994.

6. Тазік беларускі. Мн., 1998.

7. NIHIL, 2000, № 1.

8. Partisan, 2004, № 2.

 

 

 
Новая літаратурная сітуацыя

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY