|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
КАЦЯРЫНА ІГНАТОВІЧ. СУЧАСНЫ ПСІХААНАЛІЗ |
Лекцыя 1
|
ГІСТОРЫЯ ПАЎСТАВАННЯ ПАДЗЕІ
План: 1. Сучаснае стаўленне да феномена псіхааналізу 2. Вытокі псіхааналізу 3. Дыскрэдытацыя Эга (Я суб'екта) ў некласічнай філасофіі 4. Псіхааналітычная тэхніка 5. Панятак Падсвядомага (Яно) 6. Псіхічная інстанцыя Я (Эга)
1. Сучаснае стаўленне да феномена псіхааналізу “Я” больш не з'яўляецца гаспадаром ва ўласнай хаце.
Зігмунд Фрэйд. Псіхааналітычныя штудыі ды бязмежна вольныя інтэрпрэтацыі тэорыі Фрэйда ў розных палітычных і соцыякультурных дыскурсах, якія прэтэндуюць на фармаванне актуальнага погляду на сучасны свет, сустракаюцца сёння паўсюль. І амаль паўсюль гэта суцэльная прафанацыя: тры-чатыры фрэйдаўскія тэрміны (прыкладам, “фалас”, “кастрацыя”, “калектыўнае Супер-Эга”…), адсылка да архетыпу кшталту Апакаліпсіса, падмацаванага імем Юнга, аб якім сёння хіба глухі нічога не чуў, і гатовы артыкул на тэму “11.09” (тэракты ў ЗША). Такая прафанацыя ні ў якім разе не спрыяе адэкватнаму ўспрыманню псіхааналітычнае тэорыі, і больш за тое, выклікае да яе нічым не матываванае пагардлівае стаўленне. Да таго ж, кожны, хто хоць аднойчы зазірнуў у “Тлумачэнне сноў”, лічыць сабе знаўцам псіхааналізу і гатовы быць крытыкам Фрэйда. (“Зрэшты, старому Фрэйду не хапала ў жыцці сэкса, вось ён і распавёў усяму свету аб Эдыпавам комплексе”). Дзіўным чынам склалася так, што іншыя тэорыі, якія сфармаваліся амаль у той жа самы час (канец 19 — першая палова 20 стст.), як то лінгвістыка, структурная антрапалогія, фенаменалогія ды інш., засталіся ў асадах навуковага дыскурсу, па-за той сцэнай, дзе правіць баль “грамадская думка”. А вось псіхааналіз, верагодна, з-за свайго шакуючага зместу, адразу апынуўся ў цэнтры ўсеагульнае ўвагі і ў прафанным сэнсе застаецца там да гэтай пары. Таму мне хацелася б у межах гэтага кароткага курса паразважаць над наступнымі пытаннямі: навошта сёння нам патрэбны псіхааналіз, дзе цяпер ягонае месца ў асадах псіхалогіі ды філасофіі, і што стаіць за прымітыўным сэксізмам, да якога была зведзеная ўся гэтая тэорыя, а таксама разабрацца з некаторымі версіямі сучаснага постфрэйдзістскага псіхааналізу на прыкладзе такой загадкавай фігуры, як Ж.Лакан. 2. Вытокі псіхааналізу Калі ў 1895 г. З.Фрэйд разам са сваім калегай, доктарам Ё.Брэерам, прапанаваў метад гіпнозу для лячэння нервова хворых, ён і сам не ведаў, якія нечаканыя наступствы гэта будзе мець для развіцця псіхалогіі і, што больш неверагодна, філасофіі. На той час, канец 19-га стагоддзя, псіхалогія была яшчэ даволі маладой навукай, яна толькі шукала сабе месца пад сонцам, і таму не магла не карыстацца прынцыпамі ды метадамі больш аўтарытэтных галінаў веды, як то біялогіі, фізіялогіі, хіміі, гэта значыцца, што ўсе праяўленні псіхічнага жыцця чалавека тады інтэрпрэтаваліся згодна пазітывісцкай парадыгмы. Сімптомы цяжкіх захворванняў псіхікі (нервовы цік, параліч, альбо істэрычныя паводзіны) ставіліся ў залежнасць ад парушэнняў нервовай сістэмы, аднак звычайныя лекі, і нават тэрапія электрычным токам не дапамагалі, і таму даволі часта да такіх пацыентаў ставіліся як да сімулянтаў. Душа, падсвядомае, неўтаймаваныя жаданні — ўсё гэта лічылася не вартым увагі навукоўцаў і аддавалася на водкуп тэалогіі, літаратуры ды спірытуалізму. І вось, упершыню, быў вынайдзены метад, які дазволіў растлумачыць саматычныя (то бок цялесныя) парушэнні, як сімптомы, дэтэрмінаваныя вельмі моцнымі афектамі, сфармаванымі праз пэўныя псіхічныя працэсы, якія без сумневу можна было назваць падсвядомымі. Зразумела, аб падсвядомым казалася шмат і да адкрыцця Фрэйда, але збольшага ў плашчыні філасофскага, метафізічнага дыскурсу. Фіхтэ і Шэлінг былі ўпэўненыя ў існаванні ўсеабдымнай падсвядомай дзейнасці, якой падпарадкаванае існаванне як унутранага так і знешняга свету чалавека. Падобныя падыходы, але больш песімістычнага складу, развіваў і Шапенгаўэр. Маецца на ўвазе ягоная “сусветная воля” — ірацыянальны, жорсткі першапачатак, які складаецца з неўтаймаваных жарсцяў і падпарадкоўвае сабе ўсю чалавечую дзейнасць — з чаго і ўзнікае ўяўленне, як покрыва Майі, што захінае ад нас ісціну волі жыцця. Потым працяг гэтых ідэй можна знайсці ў Ніцшэ (воля да ўлады). “Падсвядомае — гэта неабходная перадумова дзеля самакшталтавання.” (“Так казаў Заратустра”). Праўда, калі ў Шопенгаўэра падсвядомае мела анталагічны характар (уласцівы быццю як сусвету), то ў Ніцшэ, як і ў Фрэйда, яно ўжо звязваецца непасрэдна з індывідуальным чалавечым быццём. Зрэшты, тут магчымыя прыклады і з гісторыі старажытна-індыйскай і антычнай думкі, і з філасофіі Новага часу і рамантызму, калі праблема суадносін паміж рацыянальным і пачуццёвым складнікамі чалавечай душы не давала спакою мыслярам. Некаторыя факты сведчаць, што Фрэйд цікавіўся праблемай падсвядомага ў яе філасофскай інтэрпрэтацый, наведваў якія-кольвек семінары і курсы, аднак афіцыяльна ён заўсёды ад гэтага адмаўляўся, бо яго першаснай мэтай было зацвердзіць статус псіхааналізу, як сур'ёзнай навуковай дысцыпліны, якая можа выпрацаваць свае ўласныя метады. Такім чынам, калі мы вернемся да вынікаў даследаванняў Фрэйда і доктара Брэера, то можам адзначыць, што яны ўпершыню зрабілі падсвядомае непасрэдным аб'ектам эксперыменту. Для прыкладу згадаем выпадак, на які спасылаецца сам Фрэйд у першай з сваіх 5 лекцый “Аб псіхааналізе”. А менавіта, нервова хворую дзяўчыну, у якой былі парушаныя функцыі зроку, маўлення, паралізаваныя абедзве канечнасці, і якая, да таго ж, мела агіду да ежы. Усе жыццёва важныя органы (сэрца, ныркі і г. д.) былі ў яе ў норме, і таму давялося канстатаваць істэрыю. З гісторыі хваробы было вядома, што дзяўчына захварэла адразу пасля смерці свайго бацькі, якога доўгі час даглядала, і калі яе ўводзілі ў гіпнатычны стан, то яна патроху ўспамінала розныя сітуацыі менавіта з таго перыяду, перажывала іх зноўку, і пасля тыя ці іншыя сімптомы знікалі. Напрыклад, пад гіпнозам яна згадала выпадак, калі бацька пытаўся ў яе, якая цяпер гадзіна, а яна з-за слёз не магла бачыць гадзінніка, як ні напружвала свой зрок… Калі ж дзяўчына ачнулася пасля гіпнозу, то зноў пачала бачыць. Іншым разам дзяўчынай быў перажыты выпадак, калі пасля бяссоннай ночы ёй прытрызнілася вялікая чорная змяя, што паўзла да хворага бацькі, а яна не магла паварушыць ні рукой, ні нагой — пасля гіпнозу параліч знік, як яго і не было. З сукупнасці падобных захворванняў метад іх лячэння быў названы катартычным (ад грэц. катарсіс — ачышчэнне). Да таго ж, з гэтага была выведзена не толькі залежнасць фізічнага стану ад псіхалагічна цяжкай сітуацыі (альбо траўмы), але і наяўнасць падсвядомых пластоў псіхікі. І тады Фрэйд зрабіў выснову: пацыенты самі стрымліваюць тое моцнае ўзрушэнне, якое сталася прычынай іх хваробы, і не даюць яму прарвацца вонкі праз нейкі афект ці дзеянне. Гэта мог быць страх, як у вышэй згаданым прыкладзе, але часцей за ўсё хаваліся жаданні, не сумяшчальныя з этычнымі, маральнымі, эстэтычнымі нормамі паводзінаў пацыента. Толькі прыхаваныя, яны не знікалі самі па сабе, а выдаляліся ў падсвядомае, адкуль і пасылалі сімптомы (сваіх скажоных намеснікаў), якія асацыятыўна былі звязаныя з выдаленым афектам, аднак жа выяўляліся больш прымальнымі для функцыявання вонкавага Я. 3. Дыскрэдытацыя Эга (Я суб'екта) ў некласічнай філасофіі Далей варта успомніць, якое значэнне да той пары надавалася Свядомаму ў класічнай філасофіі, бо якая іншая навука тады была больш паважанай, чым тагачасная філасофія, што трымалася на знакамітым выказванні Дэкарта Соgito ergo sum? З тэзы Дэкарта было досыць лёгка разгарнуць увесь універсум і патлумачыць яго, бо чалавек з усім сваім неверагодна складаным сусветам заставаўся па-за гэтай, лагічна досыць простай сістэмай, цэнтр якой стварала абстрактнае метафізічнае Я (дух). Затым згадаем Ніцшэ і Маркса. Калі першы дамінуючай сілай свету лічыў волю да ўлады, стыхійны элемент, які лепіць суб'екта ў залежнасці ад абставін, то другі, пераступіўшы праз класічную метафізіку, звярнуўся да канкрэтнага сацыяльнага жыцця і вылучыў эканамічныя ўмовы, як дэтэрмінуючыя яго. Таварна-грашовыя адносіны зліквідавалі першасныя патрэбы чалавека, акрэслілі яго наяўнасць мерай спажывання, у межах якога знаходзілі сябе і эксплуатуемы і эксплуататар. У гэтым сэнсе адкрыццё Фрэйда было сугучным свайму часу, і хаця ён сам адмаўляў падабенства сваёй тэорыі ды ніцшэанскай ды меў мэтаю толькі вывесці псіхалёгію на належны навуковы ўзровень, паследствы ягоных ідэй мы можам параўнаць з тымі, што чалавецтва займела пасля Ніцшэ і Маркса... Нездарма М.Фуко пісаў пра Фрэйда ды Маркса як пра заснавальнікаў дыскурсіўнасці, гэта значыць, не проста як пра аўтараў незвычайных ідэй, распачынальнікаў дыскусіі на тую ці іншую тэму, якая доўжыцца гадамі ў навуковых і аматарскіх колах, а як аб тых, што ў падваліны новага некласічнага тыпу мыслення заклалі нагэтулькі шматсэнсоўныя тэрміны (Падсвядомае, Адчужанне, Менавая вартасць і г.д.), што яны ў кожным новым кантэксце, новым дыскурсе выяўляюць наступныя перспектывы той ці іншай праблемы. 4. Псіхааналітычная тэхніка Адну з асноўных сваіх тэзаў — усе сімптомы маюць пэўны сэнс, Фрэйд абгрунтоўваў наступным чынам: 1) сімптом з'яўляецца адлюстраваннем, паўтарэннем нейкай ранейшай, вельмі значнай падзеі (звязаны з ёй адносінамі аналогіі, процілегласці, памежнасці і інш.) і 2) сімптом лучыць з ёй нейкая глыбокай мэта ці намер. А з гэтага вынікае, што сэнс сімптому можна прасачыць у абодвух напрамках — “адкуль” (ад якіх перажыванняў ён зыходзіць) і “куды” (якім мэтам служыць). Паспрабуем праілюстраваць гэтую тэзу наступным прыкладам. Адна 30-гадовая пані некалькі раз на дзень выбягала з свайго пакою, прыпынялася ў гасцёўні каля заплямленага стала, клікала пакаёўку, давала ёй якое-небудзь нязначнае даручэнне, або ўвогуле нічога не казала, і зноў хавалася ў пакоі. Псіхалагічны аналіз сітуацыі выглядае наступным чынам: 1) яна ўзнаўляла сцэну першай шлюбнай ночы — пляма на стале; 2) іграла ролю свайго мужа, апраўдваючы яго за пляму — няма чаго саромецца перад дзеўкай. А ўсё разам гэта паказвала на навязлівыя спробы выправіць прыкрую сітуацыю, якая здарылася некалі з паняй… З цягам часу Фрэйд вырашыў адмовіцца ад гіпнозу, бо па-першае, не кожнага пацыента можна было загіпнатызаваць, а, па-другое, у сітуацыі гіпнозу доктар не мог атрымаць поўнага ўяўлення аб прыродзе псіхалагічнай траўмы і кантраляваць працэс супраціўлення з боку Я. “Хаця гіпноз значна аблегчыў нам працу, аднак яго станоўчыя вынікі доўга не трымаліся і праз нейкі час знікалі. Да таго ж, каб лепей разумець дынаміку праблемы, я вырашыў не ссоўваць супраціў пацыента на задні план, а працаваць з ім у адкрытую.” З гэтага першае правіла псіхааналізу Фрэйд сфармуляваў наступным чынам: падчас сеанса пацыент мусіць шчыра і адкрыта казаць ўсё, што прыходзіць яму да галавы, не зважаючы на значнасць сваіх думак, іх заганнасць і непрыстойнасць. Прыкладна такім жа метадам карыстаўся і К.Г.Юнг, які і назваў яго метадам вольных асацыяцый. Сутнасць яго была ў тым, каб па ланцужку выказаных думак рухацца па паверхні свядомасці пацыента, аднаўляючы ў яго памяці ўсе траўмы ў зваротнай храналогіі. У гэтым працэсе было істотна, каб пацыент самастойна пераадолеў супраціў з боку уласнага Я. Часцей за ўсё, менавіта з гэтага супраціву, выказаныя думкі мелі вельмі мала падабенства з выдаленым афектам... Аднак жа Фрэйд быў ўпэўнены, што ўсе думкі, і выпадковыя, паходзяць з аднае псіхічнай крыніцы і таму нейкім чынам стасуюцца з утоенай у падсвядомым псіхалагічнай траўмай. Аналогію падобных стасункаў Фрэйд знаходзіць у сутнасці дасціпных выразаў і вострых жартаў. Тут гэтаксама непрыстойны, брутальны змест хаваецца як быццам за звычайнымі словамі, але гэтыя звычайныя словы выдаюць яго напоўніцу. А цяпер мы зафіксуем два найбольш важныя фактары ўтварэння неўрозаў: моцныя афекты (траўмы) ды супрацьстаянне псіхічных сіл (выдаленне/супраціўленне) — і, як вынік гэтых працэсаў, — сімптомы. Зрэшты, кожны раз, як мы маем справу з падсвядомым (ці то гэта нашы сны, ці то мастацкая творчасць), мы апынаемся ў дыскурсе тых самых працэсаў, што фармуюць і неўрозы. Метад адсочвання вольных асацыяцый не быў адзіным сродкам псіхааналізу, акрамя яго Фрэйд прапанаваў выкарыстоўваць (як матэрыял) памылковыя і выпадковыя дзеянні, а таксама тлумачэнне сноў. Усе гэтыя шляхі, на яго думку, вялі да падсвядомага, гэта былі слабыя месцы абароны Я пацыента, праз якія псіхічная энергія выдаленых жаданняў, паяднаўшыся з асацыятыўнымі ўяўленнямі, выходзіць на паверхню свядомага. Фрэйд лічыў, што большасць нашых агаворак і памылковых дзеянняў не ёсць чымсьці выпадковым, а мае латэнтныя сэнс і значэнне. Менавіта аўтаматычныя дзеянні, сфармаваныя практыкай — а не свядомай увагай — (як ігра добрага піяніста ці праца кваліфікаванага рабочага) даюць найлепшы плён. Фрэйд звяртае ўвагу не на тое, пры якіх умовах робіцца памылка, а чаму чалавек зрабіў менавіта гэтую памылку, абмовіўся так, а не іначай. Вось некаторыя з ягоных прыкладаў. Аднойчы старшыня палаты дэпутатаў распачаў паседжанне наступнымі словамі: “Спадарства, я аб'яўляю паседжанне завершаным”. Адна пані расказвала сяброўцы аб парадах доктара свайму мужу: “Калі муж спытаўся ў доктара, якой дыеты яму прытрымлівацца, дык доктар адказаў, што ніякая дыета яму непатрэбная і ён можа есці і піць усе, што я хачу.” На гэтых даволі празрыстых прыкладах мы выразна бачым тое, што Фрэйд меў на ўвазе пад латэнтным сэнсам памылковых выказванняў і дзеянняў. Калі старшыня палаты дэпутатаў агаварыўся вышэй згаданым чынам, то гэта азначае, што ён наперад не чакаў нічога добрага ад будучага паседжання. У выпадку з пані доктар як бы памылкова, але насамрэч аб'ектыўна сфармуляваў характар яе стасункаў з мужам. Што да тлумачэння сноў, дык гэты метад сам Фрэйд называў via Regia (шлях да каралеўскага палаца, то бок да падсвядомага), бо менавіта тут мы маем такія псіхічныя факты, якія нельга спісаць на выпадковасць ці стомленасць. Вядома, снам адвеку спрабавалі надаць пэўны сэнс, аднак ніколі навукоўцы не ставіліся сур'ёзна да гэтай справы, тым болей ніхто з іх нават не спрабаваў зрабіць сны часткай навуковай тэорыі, доказам існавання псіхічнай рэальнасці. Фрэйд першым пачаў сцвярджаць, што калі нешта, чаму не можа быць дадзена фізіялагічнае тлумачэнне, уздзейнічае на нашу свядомасць, кіруе словамі і ўчынкамі, праяўляецца як у хваробе, так і ў дзіўных вобразах, якія бачыць штоноч кожны нармальны чалавек, дык яно ня можа ня быць рэальным, ужо хаця б з сваёй дзейснай сутнасці. Падзеі сну не адпавядаюць звыклым для нас законам логікі, але тым не менш, іх можна прааналізаваць і растлумачыць. Фрэйд правёў непасрэдную паралель паміж сімптомаўтварэннем і малазразумелымі вобразамі сноў. Тое, што мы бачым уначы, ёсць наяўным зместам сну, які трэба адрозніваць ад схаваных, латэнтных думак, якія існуюць толькі ў падсвядомым. Працэс трансфармацыі зместу падсвядомага ў наяўны змест сну адбываецца ў выніку барацьбы псіхічных сіл, як і пры ўтварэнні сімптомаў: супраціўленне з боку інстанцыі Я не дазваляе выдаленым імпульсам падсвядомага пранікнуць у вобласць свядомага. Падчас сну псіхічная абарона аслабленая, але не зусім нейтралізавана, і таму нам дадзена ўбачыць азначальнікі таго азначанага, што хаваецца ў глыбіні нашай псіхікі, аднак толькі ў выглядзе зблытаных фрагментаў, як гэта бывае, калі распадаецца дзіцячы цягнік. У кожным сне, лічыць Фрэйд, вядзецца аб нашых жаданнях, якія па тых ці іншых прычынах не змаглі здзейсніцца. Так, Фрэйд сцвярджае, што кожны раз ува сне ідзецца аб выкананні патаемных жаданняў, аднак з-за таго, што падсвядомае крочыць шляхамі для нас нязвыклымі, мы не заўсёды можам растлумачыць свае сны. 5. Панятак Падсвядомага (Яно) Але што нас цікавіць тут у першую чаргу, дык гэта тыя спосабы, згодна з якімі арганізавана “работа падсвядомага”, і тыя законы (аб чым казалася раней), з ласкі якіх фрагменты падсвядомага трапляюць у нашы сны. Аднак спачатку, на падставе ужо выказанага, паспрабуем высветліць, што ж разумее Фрэйд пад падсвядомым? Па-першае, мы павінны яшчэ раз адзначыць, што падсвядомае гэта чыста псіхалагічны канструкт, а не біялагічны, і таму шукаць для яго нейкі анатамічны локус не выпадае. Падсвядомае складаюць нашы нерэалізаваныя інстынктыўныя жаданні (найперш сэксуальныя і агрэсіўныя), якія ўяўляюць сабой пэўную колькасць вольна вандруючай энергіі. Ліючаяся энергія памкненняў, што вандруе па сетцы ўяўленняў, звязаных асацыятыўнымі ланцужкамі, дзеля таго каб выбрацца на паверхню свядомага, і ёсць сутнасцю падсвядомага. Фрэйд адзначыў два найбольш важных тыпы такога руху энергіі: — змяшчэнне (Verschiebung) — калі энергетычны імпульс рушыць з аднаго ўяўлення на іншае, ці на яго частку (успомнім тую энергічную жанчыну, якая сцвярджала, што яе муж можа есці і піць усё, што яна захоча); — згушчэнне (Verdichtung) — калі аб'ядноўваюцца два ці больш кампаненты ўяўлення, якія маюць адзін энергетычны зарад ( чалавеку сніцца нехта, хто мае рысы двух-трох знаёмых асобаў). Акрамя таго, падсвядомае, як глыбінная, адгароджаная ад знадворкавага свету сфера не мае патрэбы ў тым, каб прыстасоўвацца да знешняй рэальнасці. Звыклыя для нас паняткі часу, прычыннасці, логікі, што дапамагаюць нам арыентавацца ў жыцці, тут не дзейнічаюць. Інстынктыўныя жаданні не ведаюць нічога іншага, акрамя прынцыпу задавальнення. У псіхічнай рэальнасці ўспаміны аб рэальным і мроі не адрозніваюцца, рэальнае і ўяўнае знаходзяцца ў адной плашчыні. Да таго ж адсутнасць фармальна-лагічных падстаў прыводзіць да такіх парадоксаў (на ясны розум), як тоеснасць процілегласцяў, немагчымасць адмаўлення (бо “не” — гэта толькі катэгорыя нашага мыслення, дзе мы яго сустрэнем у прыродзе?), або перашыхтаванне прычыны і наступства. Напрыклад, згодна з тлумачэннем сімволікі сноў, уваход, пагружэнне ў ваду азначае тое ж, што і выхад з яе (часцей за ўсе — нараджэнне). Выдаленыя абстрактныя паняткі ды іншая сімволіка, якімі мы карыстаемся ў паўсядзённым жыцці, у падсвядомым кожны раз паўстаюць у вобразе нейкай канкрэтнай рэчы (слова ці яго корань звязваецца са сваім асноўным, прамым значэннем, а не з ўскосным.) Напрыклад, парушэнне шлюбнай вернасці замяняецца нейкім іншым разрывам (скажам, пераломам нагі). Калі чалавека турбуе пагашэнне пазыкі, то не дзіва, што яму можа прысніцца, як ён тушыць пажар. Гэты механізм замены называецца візуалізацыяй. Падсвядомае ёсць не толькі сховішчам выдаленых індывідуальных комплексаў і траўм (нейкім індывідуальным, дагістарычным, не-наратывізаваным месцам), але й філагенетычным, адкуль да нас прыходзяць звычкі і вобразы, якім мы ніколі не вучыліся. Больш падрабязна аб гэтым феномене, так званым калектыўным падсвядомым, кажа К.Г.Юнг. Ён даследаваў свой уласны досвед, вялікі клінічны матэрыял (сны і фантазіі пацыентаў), літаратурныя і мастацкія творы еўрапейскіх і ўсходніх народаў, міфалогію, містыку, эзатэрыку дзеля таго, каб знайсці і параўнаць вобразы і матывы — архетыпы, якія былі агульныя для ўсяго чалавецтва. Фрэйд падыходзіць да праблемы архаічнай спадчыны з іншага боку. У першую чаргу для яго цікавы не змест, а формы выяўлення. Нашае падсвядомае валодае той мовай, на якую мы ўжо даўно забыліся — вобразнай і сімвалічнай, у той час як для нас нават у паўсядзённым ужытку больш звыклыя абстрактныя паняткі, фармулёўкі і словы, пра першасны сэнс якіх мы цяпер не маем аніякага ўяўлення. Такім чынам, мы зноў вяртаемся да суадносін паміж падсвядомым і мовай, якая была і заставалася адзіным полем для праяўлення падсвядомага (і яго даследавання). 6. Псіхічная інстанцыя Я (Эга) Да тэхнікі аналізу мы яшчэ вернемся, а цяпер паспрабуем разабрацца з тым, што гэта за псіхічная інстанцыя Я (інстанцыя нашай свядомасці) і як яна суадносіцца з падсвядомым. Тое, што называецца падсвядомым, і тое, што называецца Я, адносіцца да псіхічнага апарата (так ужо прызвычаіліся называць усю сукупнасць праяў псіхічнай дзейнасці). Як ужо казалася, гэты феномен выяўляецца толькі ў дэскрыптыўным сэнсе (як, прыкладам, воля, інтарэс і г.д.). Пры нараджэнні чалавека псіхічны апарат існуе толькі ў вельмі прымітыўнай стане, дзейнічае ў асноўным у форме рэфлексаў, вызначаецца перманентнай зменай напружання і разняволенасці і да таго ж кіруецца адным толькі прынцыпам — прынцыпам задавальнення, мэта якога — пазбегнуць незадавальнення і даць выхад энергіі. З цягам развіцця арганізма гэтыя простыя працэсы змяняюцца больш складанымі (дзеля прыстасавання да знешняй (матэрыяльнай) і ўнутранай (псіхічнай) рэальнасці), выпрацоўваюцца здольнасці ўтрымліваць, адтэрміноўваць выхад энергіі. Так, ва ўлонні маці немаўлятка свае нешматлікія жаданні есці, спаць ды адчуваць побач надзейную цеплыню, задавальняе імгненна. Пасля нараджэння ўтвараецца разрыў паміж узнікненнем жадання і яго задавальненнем. Замест таго гамагеннага камфорту, што адчувала дзіця раней, цяпер вакол яго няўтульны свет, які вымагае наладжваць з ім складаную сістэму ўзаемаадносінаў. З гэтага пакрысе свядомае і падсвядомае разасабляюцца. Імпульсіўная, рэфлексіўная частка ўсе больш і больш хаваецца ў глыбіні псіхічнага, вымушаная падпарадкавацца рэгулятыўнай частцы, што фармуецца на паверхні псіхікі і атрымлівае назву — свядомасці альбо Я. Такім чынам, Я пасярэднічае паміж патрабаваннямі падсвядомага (альбо, як гэта яшчэ называе Фрэйд — Яно) і знешняй рэальнасцю. Сістэма свядомага ахоплівае адно тыя дадзеныя аб навакольным свеце (і цялесныя адчуванні), на якія ў гэты момант скіравана ўвага. Гэта значыць, што зместы свядомага ліючыяся, зменлівыя. Каб выжыць, індывід змушаны ўвесь час звяртаць сваю ўвагу на ўсё новыя адчуванні-перажыванні, выдаляючы папярэднія. Гэты працэс Фрэйд параўноўвае з “чароўным блакнотам”, дзе паверх васкавой плашчыні знаходзіцца празрыстая пластыкавая плёнка, на якой малююць спецыяльным сцілом. Калі зняць плёнку, то напісанае знікне. Аднак прыгледзеўшыся больш уважліва да васковой плашчыні, мы ўбачым выціснутыя на ёй літары. Падставіўшы замест пластыка — Я, а замест воску — Яно, мы атрымаем уяўленне аб тым, як фармуюцца зместы падсвядомага. У адрозненне ад глыбіннай, псіхічнай рэальнасці, сфармаванай хаатычнымі асацыяцыямі падсвядомага, Я вызначаецца структураванай сістэмай памяці, здольнасцю адрозніваць рэальнае і ўяўнае, знешняе і ўнутранае (так званыя інтэлектуальныя здольнасці). Я служыць рэальнасці і цэнзуе ўсе ўяўленні падсвядомага, што імкнуцца прарвацца ў свядомасць. Але адначасна гэтая інстанцыя забяспечвае (па магчымасці) інстынктыўныя жаданні, дзеля абароны свядомасці ад залішне вялікай псіхічнай незрэалізаванасці падсвядомага. З дапамогай вербальных сімвалаў і фантазійных вобразаў імклівая энергія жаданняў звязваецца альбо сублімуецца. Тое ж самае і сімптомы — яны кампраміс паміж інстынктыўнымі жаданнямі і абарончымі механізмамі Я. Аднак, калі мы сцвярджаем, што выдаленне і супраціўленне — гэта функцыі Я, што цэнзураванне непатрэбных думак адбываецца згодна з патрэбамі рэальнасці, якому слугуе Я, то як мы можам не заўважаць усіх гэтых працэсаў? Бо усё, што адбываецца ў плашчыні свядомага, павінна быць нам вядома. Падумайце над гэтым пытаннем. Літаратура 1. Фрейд З. О психоанализе. Введение в психоанализ; Лекции. —М.: ООО “АСТ”; 2001. 2. Фрейд З. Психопатология обыденной жизни. —Мн: “Попурри”, 1997. 3. Фрейд З. Остроумие и его отношение к бессознательному. —Мн.: “Попурри”, 1999. 4. Freud S. Abriß der Psychoanalyse. —Frankfurt am Main, Fischer Verlag, 1972.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||