|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
ТАЦЬЦЯНА ЧЫЖОВА. УВОДЗІНЫ Ў "ПАЛІТЫЧНАЕ" |
|
Плян: 1. Уступ 2. “Палітычнае” ў філязофскай традыцыі антычнасьці 3. Трансфармацыя панятку “палітычнага” ў новаэўрапейскай філязофіі 4. Палітычнае як самастойны прадмет філязофскай рэфлексіі 5. Постмадэрнізм: татальнасьць палітычнага 6. Падсумаваньне
1. Уступ Разьвіцьцё навукі зь неабходнасьцю мае наўвеце бесьперапыннае пераасэнсаваньне яе падвалінаў, звароту да тых паняткаў і канцэпцыяў, на якіх яна базуецца. Апошняе абумоўлена пэрыядычнай зьменай сьветапогляду, калі тое, што яшчэ ў чора падавалася ў якасьці аксіёмы, трывалага фундамэнту, на якім засноўваецца чалавечая веда, заўтра можа быць пастаўленае пад сумнеў, а пасьля і ўвогуле абвергнутае. Усё гэта, несумнеўна, можна сказаць і пра палітычную веду, якая непасрэдна зьвязаная з рэальнымі сацыяльнымі практыкамі, з самім жыцьцём, і таму яе зьмест заўжды абумоўлены канкрэтнымі сацыякультурнымі і палітычнымі кантэкстамі, характэрнымі для тае або іншае эпохі, таго або іншага тыпу грамадзтва. Варта зацеміць, што ў сыстэме палітычнай веды мы вылучаем палітычную філязофію. Апошнюю трэба вызначыць як такое пазнаньне, якое ёсьць духоўна-практычным дачыненьнем з рэчаіснасьцю, пры гэтым яно мае наўвеце зьмяненьне і суб'екта пазнаньня, і тых, каму адрасаваны прадукт пазнаньня. У цэнтры ўвагі названай дысцыпліны — не канкрэтныя формы ці праявы палітычнай дзейнасьці, а прырода сьвету палітычнага, палітычнага жыцьця ўвогуле. Філязофія пакліканая тут выкрыць прыхаваны прынцып усяго сьвету палітычнага. Ключавым пытаньнем для разуменьня спэцыфікі палітычнае філязофіі ў такім разе становіцца пытаньне пра тое, які менавіта тып сэнсаў, што арыентуюць дзеяньні, канстытуюе прадметы ў якасьці палітычных? Спасярод аўтараў, якія зьвярталіся да праблемы палітычнага як такога, варта назваць у першую чаргу Г.Арэнт: “Human Condition” (“Умова чалавека”) , “Vita activa”, К.Шміта: “Панятак палітычнага”, а таксама Э.Фольрата, Т.Маера, У.Эка. У сваёй лекцыі я паспрабую прасачыць дынаміку “палітычнага” ў трансфармацыі заходняга філязофскага дыскурса, пачынаючы ад зараджэньня філязофска-палітычнае думкі ў грэцкай антычнасьці і да філязофіі постмадэрнізму. У гісторыі філязофска-палітычнай думкі мы вылучым чатыры падставовыя этапы: антычнасьць, рэпрэзэнтаваную фігурамі Плятона і Арыстотэля; новаэўрапейскую эпоху, якая ахоплівае пэрыяд ад Адраджэньня да мадэрну; у асобную падтэму вылучаецца неклясычны этап разьвіцьця філязофска-палітычнай думкі, прадстаўлены аўтарамі, якія непасрэдна займаліся распрацоўкай панятку палітычнага; сацыяльна-палітычны дыскурс філязофіі постмадэрнізму. 2. “Палітычнае” ў філязофскай традыцыі антычнасьці Дасьледаваньне панятку палітычнага можна знайсьці ўжо ў вытокаў палітычнае навукі — у філязофіі антычнасьці. Палітыка ўспрымалася тут як зборны панятак, як “усё палітычнае”. Таму вывучэньне “палітычнага” было накіраванае на пошук сутнасьці, адзінай ідэі, што аб'яднала б шматстайнасьць эмпірычнага мноства. Як вядома, у антычнай мэнтальнасьці было закладзенае разуменьне філязофіі як “веды пра цэлае”, “любоў да сугучча частак, якія зьліваюцца ў дзівосную гармонію, веда пра вышэйшыя прычыны ўсяго”. Усё гэта адлюстравалася ўва ўяўленьні пра горад-рэспубліку як гарызонт усіх маральных каштоўнасьцяў і адзіна магчымую форму супольнага жыцьця. У поглядах Плятона найбольш адэкватна выявілася антычнае ўяўленьне пра палітыку як сынтэтычную дзейнасьць, якая аб'ядноўвае ў сабе ўпраўленчае, выхавальнае, адукацыйнае кіраваньне. Падпарадкаваньне чалавечае супольнасьці адной мэце — найвышэйшаму дабру — разумеецца Плятонам у шырокім сэньсе; яно аднолькава ахоплівае і палітычнае, і сацыяльнае жыцьцё, адрозьненьне між якімі тут так мала ўсьведамляецца, таму дзяржава, па сутнасьці, разглядаецца як сыстэма сацыяльных стасункаў. Палітыка ў яго “Рэспубліцы” становіцца ўсеабдымным і самадастатковым пачаткам сацыяльнага жыцьця і не атрымоўвае пры гэтым асаблівай спэцыфікацыі. У філязофска-палітычнай традыцыі, якая ўзыходзіць да Арыстотэля, разрозьненьне “палітычнага” і “непалітычнага” атрымоўвае прынцыповае значэньне. Сфэра “непалітычная”, або, кажучы ў яго ж тэрміналёгіі, “натуральны стан”, — гэта жыцьцё прыватнае, родавае, заснаванае на няволі, няроўнасьці. Прыватнае і публічнае фактычна разрозьніваліся ў грэцкіх панятках “ойкас” і “поліс”. “Ойкас” — дагляданьне гаспадаркі, у якую людзі ў сілу неабходнасьці аб'ядноўваліся для самазабесьпячэньня і падтрыманьня жыцьця. Поліс, такім чынам, зьяўляўся вольным сьветам негаспадарчага камунікаваньня, суразмоўя ў горадзе-дзяржаве. Станаўленьне полісу, практыкі якога задалі тон грэцкаму разуменьню палітычнага, мела наступствам тое, што кожны (вольны грамадзянін) акрамя свайго прыватнага жыцьця атрымоўваў штосьці кшталту другога жыцьця. Кожны грамадзянін належаў да двух парадкаў існаваньня, і яго жыцьцё характэрным чынам строга падзялялася на тое, што ён называў сваім уласным (idion), і тое, што заставалася агульным (koinon). Сфэра хатняе гаспадаркі мела тую рысу, што супольнае жыцьцё ў ёй дыктавалася пераважна першаснымі чалавечымі патрэбамі і жыцьцёвай неабходнасьцю. У той жа час прастора полісу была сфэраю свабоды. Поліс адрозьніваўся ад хатняе гаспадаркі тым, што ў ім жылі толькі роўныя, тады як парадак гаспадаркі абапіраўся на няроўнасьць. Свабоднае жыцьцё азначала адсутнасьць загадна-падпарадкавальных стасункаў, аднолькава як і мела наўвеце свабоду ад ціску неабходнасьці. Быцьцё свабодным выключала як панаваньне, так і паднявольнасьць. Унутры сфэры хатняе гаспадаркі, такім чынам, увогуле не магло быць свабоды, нават для главы сям'і, які толькі таму лічыўся вольным, што мог пакінуць гаспадарку і падацца ў палітычную прастору, дзе апынаўся ў асяродку роўных сабе. Гэтая роўнасьць сама сабой мела наўвеце існаваньне “няроўных”, тым больш што гэтыя “няроўныя” заўжды складалі большасьць насельніцтва ў гарадах-дзяржавах. Паколькі між гэтымі дзьвюма сфэрамі (поліс і ойкас) існавала сувязь, меркавалася, што задавальненьне першасных жыцьцёвых патрэбаў унутры хатняе гаспадаркі стварае ўмовы для свабоды ў полісе. Мэтай поліснае дзяржавы Арыстотэль называў “добрае жыцьцё”, якое ёсьць жыцьцём свабодных і роўных, і толькі яно зьяўляецца жыцьцём палітычным. Дзяржава як палітычная супольнасьць існавала ня ў выглядзе, не на падставе і ня дзеля сыстэмы гаспадараньня, абароны ад вонкавых ворагаў, і нават ня як гарант правоў грамадзянаў: “…усё вышэйпамянёнае, — лічыў Арыстотэль, — ствараецца дзеля гэтай мэты; сама ж дзяржава ўяўляе сабой камунікаваньне гарадоў і сёлаў дзеля дасягненьня абсалютна самадастатковага існаваньня, якое праяўляецца… у шчасьлівым і цудоўным жыцьці”. Добрае жыцьцё, як называў Арыстотэль жыцьцё ў полісе, уяўляла сабой ня столькі дабрабыт, або было бесклапотнейшым ці высакароднейшым, чым звычайнае жыцьцё, колькі было іншага рангу і якасьці. Яно было добрым у той ступені, у якой у яго атрымоўвалася падняцца па-над жыцьцёвымі патрэбамі, пазбавіцца ад працы і работы, пазьбегнуць паняволеньня біялёгіяй жыцьцёвага працэсу. Грэцкая думка яскрава выразіла гэтыя разрозьненьні, што палягалі ў падвалінах яе палітычнае сьвядомасьці. Ніводнай дзейнасьці, што мае на мэце адно жыцьцезабесьпячэньне і падтрыманьне жыцьцёвага працэсу, не было дазволена зьяўляцца ў палітычнай прасторы. Калі падагульніць вышэйсказанае, то можна адзначыць, што пад палітычным у грэцкай філязофіі разумелася ўсё тое, што не палягае ў сфэры прыватнага, родавага жыцьця, але мае дачыненьне да сфэры дзяржаўнай. Свабодным грамадзянінам (polités), паўнавартаснай асобай мог называцца адно той, хто меў дачыненьне да палітычнага жыцьця. “…Грамадзяне ня могуць весьці жыцьцё, якое вядуць рамесьнікі або гандляры (такое жыцьцё невысакароднае і несумяшчальнае з цнотай); грамадзяне… ня могуць быць земляробамі, бо яны маюць патрэбу ў вольным часе і для разьвіцьця цноты, і для палітычнай дзейнасьці”. З усіх відаў дзейнасьці толькі дзьве лічыліся ўласна палітычнымі, а менавіта дзеяньне (pranesis) і маўленьне. Быць палітычным, жыць у полісе азначала, што ўсе справы наладжваюцца з дапамогай словаў, праз перакананьне, а не прымусам або гвалтам. Прымушаць іншых сілай, загадваць, замест таго, каб пераконваць, лічылася чымсьці, кшталту дапалітычнага спосабу міжчалавечых дачыненьняў, звыклых у жыцьці па-за полісам, у сямейных стасунках, стасунках гаспадара і раба, а таксама ў барбарскіх дзяржавах Азіі, дэспатычную форму кіраваньня якіх часьцяком параўноўвалі з арганізацыяй хатняе гаспадаркі і сям'і. Арыстотэлеўскае вызначэньне чалавека як “істоты палітычнае” абапіралася, такім чынам, на досьвед, які складаўся якраз пазанатуральнай сфэрай чалавечае супольнасьці і стаяў у супрацьлегласьці да яе. Другое вызначэньне чалавека Арыстотэлем як жывой істоты, якая мае логас, конча праясьняе першае. На думку Г.Арэнт, тое, “што ўсе навокал уважаюць за славутае арыстотэлеўскае вызначэньне чалавека, ёсьць насамрэч артыкуляваным і канцэптуальна акрэсьленым паўтарэньнем звыклага ў полісе меркаваньня пра істоту чалавека, наколькі ён жыційствуе ў полісе і наколькі палітычны; і таму неграмадзяне полісу — рабы і барбары — заставаліся… бяз логаса…”. Гэткім чынам, палітычнае жыцьцё ставалася магчымым адно на падставе іншай, “вышэйшай”, маральна-камунікатыўнай прыроды чалавека, адно ў тых людзей, якія валодаюць такой прыродай (то бок у вольных элінаў). З такім разуменьнем прыроды палітычнага блізка зьвязаная трактоўка панятку ўлады ў антычнай філязофска-палітычнай думцы. Панятак улады традыцыйна вылучаюць у якасьці цэнтральнага для палітычнай філязофіі. Празь яго часьцяком даюць вызначэньне палітыцы, палітычнага як такога. Аднак гэты панятак можна інтэрпрэтаваць ня толькі як зьяву з сфэры палітычнага. Пад уладаю сёньня разумеюць любыя стасункі, дзе мае месца загад і падпарадкаваньне. Лічыцца, што любое грамадзтва хавае ў сабе праяўленьні ўлады (апошнюю, на думку сучасных этнолягаў, можна знайсьці нават у супольнасьцях жывёлаў). Калі экстрапаляваць такое разуменьне ўлады на старажытнагрэцкае грамадзтва, то ў такім выпадку ўладарнымі трэба лічыць як стасункі правіцеля і грамадзянаў, так і раба і гаспадара, мужа і жонкі, бацькі і дзяцей. На чым жа тады будзе палягаць іх палітычны характар? Рэч у тым, што старажытныя грэкі разрозьнівалі панаваньне / падпарадкаваньне і ўласна палітычную ўладу. Досьвед грэцкага полісу сьведчыць пра тое, што існаваньне ўлады палітычнай у такім выпадку будзе магчымае адно ў сфэры палітычнага; толькі вольны грамадзянін меў права ўдзелу ў палітычных справах дзяржавы. Ён мог адначасова быць гаспадаром сваіх рабоў, айцом сямейства, дзе стасункі складваліся менавіта па прынцыпе панаваньня і падпарадкаваньня, але толькі ў палітычных дачыненьнях, дзе ўсе былі роўныя і свабодныя, мелі месца стасункі ўлады. Гэта ўлада-ўплыў, улада-перакананьне (Macht), якую Арэнт супрацьпастаўляла ўладзе-гвалту (Gewalt). Плятон у звароце да праблемы ўлады задаецца пытаньнем: “На якіх падставах адныя павінны правіць, а іншыя падпарадкоўвацца ў вялікіх дзяржавах і малых сем'ях?”. Ён клясыфікуе падваліны ўлады і яе віды, сёмы від абвяшчаецца ім самым “шчасьлівым і ўгодным багам”: пад ім Плятон разумее займаньне тае або іншае ўладнае пасады “па жэрабю”. Дэмакратычны і безасабовы спосаб фармаваньня органаў улады, на яго думку, выключае барацьбу за яе і стварае ўмовы для поўнай палітычнай роўнасьці. Згодна Арыстотэлю, уладарны пачатак і пачатак падпарадкаваньня наяўны “ўва ўсім, што складаецца зь некалькіх частак... і пры гэтым ёсьць адзіным цэлым”. Уладараньне й падпарадкаваньне, згодна Арыстотэлю, ня толькі неабходныя, але й “карысныя, і наўпрост ад нараджэньня нейкія істоты адрозьніваюцца [у тым сэньсе, што адныя зь іх нібыта прызначаныя] да падпарадкаваньня, іншыя — да ўладараньня”, пры тым “існуе мноства адменаў уладароў і падначаленых, аднак, чым вышэй стаяць падначаленыя, тым больш дасканалая сама ўлада над імі”. Ён вылучае ўладу-панаваньне (як улада душы над целам) і палітычную, якую параўноўвае з уладаю розуму над “нашымі памкне нь нямі”. Як вядома, цялесная праца ў старажытнагрэцкім грамадзтве лічылася ніжэйшым з усіх заняткаў, справай нявольнікаў, рабоў, якіх можна назваць “целам” антычнага полісу. Згодна слова ў Арыстотэля, існуе ўлада гаспадара: “…пад гэтай уладай мы разумеем такую ўладу, якая праяўляецца стасоўна работаў першай неабходнасьці”; але існуе таксама і такая ўлада, празь якую чалавек “уладарыць над людзьмі сабе падобнымі і вольнымі”. Гэтую ўладу ён называе ўладаю дзяржаўнай, то бок палітычнай. Падводзячы вынік вышэйсказанаму, можна адзначыць наступнае: палітычнае ў антычнасьці зьяўлялася прыкметай свабоды дзеяньняў, учынкаў і тым самым супрацьпастаўлялася непалітычнаму — усяму таму, што тычыцца сфэры прыватнага, як несвабоднаму, неабходнаму. Мажлівасьць палітычнага жыцьця існавала адно ў полісе і толькі для грамадзянаў полісу. Такім чынам, дзяржаўнае і палітычнае ў антычнасьці былі непарыўна зьвязаныя між сабой. Палітычнай лічылася толькі такая ўлада, якая праводзілася свабоднымі грамадзянамі ў дачыненьні да сабе роўных. Гэта ўлада заснаваная на перакананьні словам; а ўлада-падпарадкаваньне, заснаваная на гвалце, знаходзілася па-за сфэрай уладных стасункаў, то бок па-за сфэрай палітычнага, у сфэры прыватнага, “прыроднага” жыцьця. Варта адзначыць , што палітычнае ў антычнай (старажытнагрэцкай) традыцыі цалкам атаясамлівалася зь дзяржаўным, пра што сьведчыць сама назва гораду -дзяржавы — поліс. Палітычным называлася ўсё, што належыць да сфэры публічнага, супрацьпастаўленай усяму прыватнаму, прызначанаму для задавальненьня ніжэйшых, натуральных патрэбаў, інтэрпрэтаванаму як сфэра неабходнасьці, несвабоды. Палітычнае жыцьцё, такім чынам, стаецца тут магчымым адно на аснове “вышэйшай”, маральна-камунікатыўнай прыроды чалавека, толькі ў тых людзей, якія маюць такую прыроду. Гэтая “вышэйшая” прырода ўсталёўвае ў якасьці асновы супольнага жыцьця абавязкавасьць. Натуральны факт няроўнасьці і несвабоды здымаецца сьцьверджаньнем роўнасьці і свабоды як абавязковага, прызнаванага такім усімі разумнымі істотамі. Т акім чынам, д ля антычнай традыцыі характэрна канстытуяваць прадметы ў якасьці палітычных тады, калі яны апынаюцца ў мадальнасьці абавязкавасьці, пра што сьведчыць уласьцівае грэцкай філязофіі непарыўнае паяднаньне палітычнага і этычнага пачаткаў. 3. Трансфармацыя панятку “палітычнага” ў новаэўрапейскай філязофіі Працэс разьвядзеньня палітычнага і этычнага пачынаецца з эпохі Адраджэньня. Пераломным у гэтым сэньсе варта назваць філязофска-палітычную канцэпцыю Макіявэлі, які імкнуўся адасобіць рэальную палітычную дзейнасьць ад любых мэтафізычных, маральных, рэлігійных асноваў. Ува “Ўладары” ён акцэнтуе ўвагу на палітычным як майстэрстве дасягненьня дзяржаўных мэтаў. У яго трактоўцы панятак палітычнага зьвязваецца перадусім з барацьбой за ўладу і з характарам ажыцьцяўленьня ўлады. Тут палітыка прадстаўленая як сума сродкаў, неабходных дзеля таго, каб прыйсьці да ўлады і ўтрымацца каля яе, каб даць уладзе правільны кірунак, паколькі, як гаворыць Макіявэлі, “лёгка набыць уладу, але ўтрымаць яе цяжка”. Апалёгія гвалту як сродку ўтрыманьня палітычнай улады атрымоўвае ў Макіявэлі адкрыты характар. Улада, інтэрпрэтаваная ім як права на гвалт, істотна адрозьніваецца ад разуменьня палітычнай улады ў старажытнагрэцкім полісе. Такую трансфармацыю можна патлумачыць зьмяненьнем разуменьня прыроды чалавека ў эпоху гуманізму. Цяпер у гэты панятак улучаюцца ня толькі роўныя і вольныя грамадзяне, але і ўсе людзі наогул, зь іх жарсьцямі, пажадамі, падпарадкаваньне якіх можа грунтавацца ня толькі на сіле перакананьня, але й гвалце. Такім чынам, палітычнае выходзіць за межы замкнёнай, лякалізаванай прасторы камунікаваньня паміж грамадзянамі полісу і пачынае распаўсюджвацца на ўсё больш шырокія пласты грамадзтва. Адбываецца своеасаблівы пераход ад разуменьня палітычнага як узаемадзеяньня паміж роўнымі суб'ектамі да палітычнага як узьдзеяньня суб'екта палітыкі на падпарадкаваныя яму аб'екты, што і абумоўлівала права “ўладара” на выкарыстаньне гвалту. Падставовай асаблівасьцю ў станаўленьні новаэўрапейскага грамадзтва сталася зьяўленьне сфэры сацыяльнага, якое немагчыма праінтэрпрэтаваць у катэгорыях грэцкай палітычнай філязофіі, дзе існавала дыхатамія “прыроднага” і палітычнага. У Новую эпоху пачалі гаварыць пра “сацыяльнасьць” як найістотнейшую характарыстыку чалавека, што вылучае яго з жывёльнага, прыроднага сьвету. Тады як Плятон і Арыстотэль не ўважалі гэтую характарыстыку за спэцыфічна чалавечую, а наадварот, лічылі яе чымсьці агульным у жыцьці чалавека і жывёлаў. Гэтая асаблівасьць новаэўрапейскага разуменьня чалавека і абумовіла той факт, што грамадзкае і палітычнае не разрозьніваюцца тут так, як у антычнасьці. Сацыяльнае ёсьць сфэрай хатняй гаспадаркі, то бок арэнай, дзе перасьледуецца прыватны эканамічны інтарэс, які паступова займае месца інтарэсу публічнага (палітычнага). Палітычнае цяпер адыходзіць на апошні плян: палітыка ператвараецца адно толькі ў сродак, набор інструмэнтаў (законаў, дзяржаўных інстытутаў), якія абавязаныя гарантаваць унутраны парадак і зьнешнюю бясьпеку грамадзтва, паглынутага вытворчасьцю, гандлем, рознага кшталту капіталаўкладаньнямі з мэтай атрыманьня прыбытку. Мэханістычны сьветапогляд адбіўся на разуменьні прыроды чалавека як вечнай і нязьменнай, а законы грамадзтва, у сваю чаргу, атрымалі статус вечных і абсалютных — такіх самых, як законы мэханікі. Гэта, у сваю чаргу, стварала ўпэўненасьць у тым, што веданьне гэтых законаў дазволіць разлічваць на зьмяненьне грамадзтва, дзяржавы, прывядзеньне іх у адпаведнасьць з прадвызначаным ладам. У такім упарадкаваным, наладжаным, як гадзіньнік, сьвеце палітычнаму пакідалася даволі сьціплае месца. Палітыка фактычна рэдукавалася да “добрага кіраваньня”, наканаваньнем палітыка сталася роля майстра гадзіньнікаў, які ў выпадку збою ў рабоце мэханізмаў мог іх наладзіць. Варта дадаць, што менавіта ў гэты час канчаткова замацавалася ўяўленьне пра дзяржаву (абсяг несвабоды), як пра тое, што знаходзіцца ў супрацьстаяньні грамадзянскай супольнасьці (сфэры свабоднай самарэалізацыі асобы). Палітычнае, такім чынам, атрымала нэгатыўную афарбоўку, бо пачало асацыявацца выключна з абмежаваньнямі ці забаронамі. Разуменьне палітычнага як усяго, што тычыцца сфэры кіраваньня, атрымала свой працяг у эпоху мадэрну. У прыватнасьці, пашыраную трактоўку палітыкі як любой дзейнасьці “па самастойным кіраваньні”, можна знайсьці ў М.Вэбэра: “Гавораць пра валютную палітыку банкаў, пра дысконтную палітыку Імпэрскага банку, пра палітыку прафсаюзу падчас забастоўкі; можна гаварыць пра школьную палітыку гарадзкой або сельскай грамады, пра палітыку кіраваньня карпарацыяй, нарэшце, нават пра палітыку разумнай жонкі, якая імкнецца кіраваць сваім мужам”. Аднак Вэбэр дае і больш вузкае вызначэньне палітыкі як “кіраваньне палітычным саюзам, то бок дзяржавай”. Апошняя вызначаецца ім не пры дапамозе вылучэньня ў асобную сфэру якой-колечы дзейнасьці як выключнай прэрагатывы дзяржавы, а пры дапамозе ўжыванага ёю сродку — фізычнага гвалту. Не сама ўлада, але выкарыстаныя ёю сродкі прымусу, легітымны гвалт становяцца цяпер крытэрам палітычнага. У вэбэраўскай інтэрпрэтацыі палітыка набывае большую аўтаномнасьць у дачыненьні да сацыяльнага цэлага, чым як тое было ў Новы час — то бок пашыраецца да самадастатковай сфэры дзейнасьці. У гэтым можна ўгледзець вяртаньне палітычнаму таго статусу, які яно мела ў старажытнагрэцкім полісе. Але пры гэтым ня варта забывацца на цэлы шэраг новых і істотных адрозьненьняў у інтэрпрэтацыях палітычнага Вэбэрам. Некаторыя зь іх былі ўказаныя вышэй: пашырэньне панятку палітыкі да любой кіраўніцкай дзейнасьці (мэнэджмэнту) увогуле; вылучэньне ў якасьці крытэру палітычнага права на выкарыстаньне гвалту, што ў тэрміналёгіі Арыстотэля азначала б атаясамленьне палітычнай улады і ўлады-панаваньня. Наступным крокам у бок ад плятонава-арыстотэлеўскай трактоўкі палітычнага (то бок як сфэры камунікаваньня) зьяўляецца разуменьне палітычных працэсаў як вобласці вытворчасьці. Вэбэр сьцьвярджае, што гэтыя працэсы адбываюцца “абсалютна паралельна разьвіцьцю капіталістычнага прадпрыемства”. Такім чынам, можна гаварыць, што палітыка ў эпоху мадэрну пачынае вылучацца ў самастойную сфэру, але пры гэтым толькі ў якасьці аднаго зь відаў вытворчасьці, дзе існуе свой набор тэхнік, інструмэнтаў, пэўны “падзел працы”. Канцэпцыя М.Вэбэра прадвызначыла інструмэнтальную парадыгму разуменьня палітычнага, якая захавалася і надалей, калі канчаткова склалася ўяўленьне пра палітыку як сфэру вытворчасьці (законаў, інстытутаў улады — усяго, што гарантуе грамадзкі парадак), неабходную, жыцьцёва важную функцыю грамадзтва, якая пры гэтым зьяўляецца дастаткова аўтаномнай сфэрай як адзін з родаў прафэсійнай дзейнасьці. Крытэрам палітычнага стаецца ўсё, што тычыцца дзяржаўных інстытутаў, выкарыстаньня ўлады як рэгулятара грамадзкіх працэсаў. Такое вытлумачэньне палітычнага зьявілася наступствам інструмэнталісцкай устаноўкі ў разуменьні палітыкі, у выніку чаго быў страчаны інтарэс дасьледнікаў да фэномэна палітычнага як такога. Апошняе лічылася апрыёрна наяўным паўсюль, дзе справа вядзецца пра дзяржаву, партыі, клясы, спосабы разьмеркаваньня ўлады. Усё гэта адбілася на далейшым станаўленьні палітычнай навукі (зьяўленьне паліталёгіі), што занялася аналізам зьместу канкрэтнай палітычнай дзейнасьці, структурай дзяржаўнага ладу, то бок функцыянальным аспэктам палітыкі, не задаючыся пры гэтым пытаньнем пра палітычнае як такое. 4 . Палітычнае як самастойны прадмет філязофскай рэфлексіі Упершыню ў гісторыі філязофскай думкі да палітычнага як самастойнага фэномэна зьвярнуўся Карл Шміт (“Панятак палітычнага”, 1932). Ён палічыў, што вызначыць панятак палітычнага можна толькі праз выяўленьне спэцыфічна палітычных катэгорыяў, бо “палітычнае павінна заключацца ўва ўласных апошніх разрозьненьнях”, і таму ў якасьці падставовага крытэру прапанаваў катэгорыі “сябра” і “ворага”. Палітычнае, згодна Шміту, “можа браць сваю сілу ў самых розных вобласьцях чалавечага жыцьця”, паколькі любая супрацьлегласьць: этычная, эканамічная, маральная або рэлігійная можа ператварацца ў палітычную, калі яна дастаткова моцная для таго, каб эфэктыўна падзяляць людзей на групы “сяброў” і “ворагаў”. Пры гэтым палітычнае знаходзіцца не ў самой барацьбе супрацьлеглых бакоў, а “ў заданьні правільна разрозьніваць сябра і ворага”. Палітычнае не азначае тут якой-колечы прадметнай вобласьці, але толькі “ступень інтэнсіўнасьці асацыяцыі альбо дысацыяцыі людзей”. Любое канкрэтнае супрацьстаяньне зьяўляецца, згодна Шміту, настолькі палітычным, наколькі яно набліжаецца да свайго апошняга пункту — разрозьненьня паводле прынцыпу “сябар — вораг”, гэта значыць, што палітычнае можа мець розныя ступені праяўленьня. Найбольш палітычнай у гэтым сэньсе варта назваць дзяржаву, якая ў трактоўцы Шміта зьяўляецца “падставовым адзінствам”, бо менавіта ёй належыць прэрагатыва распазнаньня сябра і ворага. Дзяржава патрабуе ад сваіх грамадзянаў перадаць ёй безумоўнае права на такое распазнаньне і мае паўнамоцтва адкрыта распараджацца жыцьцём людзей, то бок выкарыстоўваць гвалт. Канцэпцыя Шміта пра палітычнае як ступень інтэнсіўнасьці асацыяцыі/дысацыяцыі дазваляе ўбачыць, якім чынам адносіны, вонкава не стасоўныя з палітычнымі, здольныя перайсьці ў іх (рэлігійныя праблемы ў сярэднявеччы, эканамічныя — у Новы час). Тым самым яна стварае перадумовы для разуменьня межаў палітычнага як рухомых, дынамічных, непрадвызначаных загадзя. Але ў той жа час, калі ў якасьці крытэру палітычнага канстытуяваць стасункі па схеме “сябар — вораг”, тады любая пазыцыя становіцца палітычнай. Там, дзе нішто не застрахаванае ад пераўтварэньня ў палітычнае, у рэшце рэшт не застаецца анічога, што было б па сваёй сутнасьці не палітычным. Наступная складанасьць палягае на тым , што калі палітычнае разумець адно як ступень інтэнсіўнасьці супярэчнасьцяў і канфліктаў, то ў такім выпадку яно набывае характар факту, адносна якога не магчыма выказаць якое-колечы меркаваньне. Зусім па-іншаму выглядае тлумачэньне палітычнага ў Г.Арэнт, якая раскрывае гэты панятак, арыентуючыся на грэцкі поліс. У сваёй кнізе “Ўмова чалавечага” (“Human Condition”) Арэнт вылучае ў якасьці такой умовы ў першую чаргу само жыцьцё, якому адпавядае такая фундамэнтальная актыўнасьць, як праца (labor). Апошняе зьяўляецца дзейнасьцю зь бясконцым паўтарэньнем, падпарадкаванай прыроднай неабходнасьці, якая прадукуе прадметы спажываньня і задавальняе вітальныя патрэбы. Праца, згодна Арэнт, паядноўвае чалавека з жывёлай, яна ананімная, зьяўляецца выключна прыватнай дзейнасьцю, бо не патрабуе прысутнасьці іншых людзей. Другой істотнай “умовай чалавека” ёсьць наяўнасьць сьвету. Ёй адпавядае такая чалавечая дзейнасьць, як работа (work). Работа, у адрозьненьне ад працы, стварае рэчы ня “марныя”, якія выходзяць за рамкі індывідуальнага існаваньня і дзякуючы гэтаму дазваляюць індывіду прыйсьці ў сьвет, пачаць дзейнічаць. На рэшце, трэцяя ўмова чалавека, вылучаная Арэнт, гэта мноства, плюральнасьць. Яго сэнс у тым, што “людзі, а не Чалавек, жывуць на зямлі”. Гэтай умове адпавядае ўласна палітычная актыўнасьць — дзеяньне (action). Толькі дзеяньне, згодна Арэнт, сапраўды свабоднае, паколькі адбываецца паміж людзьмі без сувязі з рэчамі зь іх абумоўліваючай уладай: “Дзеяньне — адзіная актыўнасьць, якая адбываецца наўпрост паміж людзьмі без пасрэдніцтва рэчаў альбо матэрыі”. Такім чынам падкрэсьліваецца, што толькі праз дзеяньне (action) рэалізуецца ўнікальнасьць і ўнівэрсальнасьць кожнае чалавечае істоты. Толькі дзеяньне, паколькі яно мае чыста камунікатыўны зьмест, ёсьць публічным. У дзеяньнях індывіды ўтвараюць публічны сьвет, то бок палітычную сфэру. Палітычны сьвет, такім чынам, выяўляецца прасторай свабоды — гэта ня сьвет гвалту (апошні, згодна Арэнт, разбурае палітычную сфэру), але дзеяньне на падставе перакананьня. Палітыка канстытуюе тут публічную прастору для свабоднага дзеяньня. Ідэя свабоды, як яе разумее Арэнт, сягае сваімі каранямі ў паўсядзённую практыку грэцкага полісу і рымскай рэспублікі і прадугледжвае непасрэдны ўдзел у публічных справах, у вырашэньні палітычных задачаў. Палітычнае ёсьць “прасторай зьяўленьня” чалавечай дзейнасьці. Слова “палітычны” мае на ўвазе магчымасьць прадстаўляцца адно аднаму; быць у грамадзкасьці — азначае быць у прасторы “зьяўленьня палітычнага”. Цэнтральным паняткам у канцэпцыі палітычнага Арэнт зьяўляецца ўлада, якая ёсьць тым, “што не дае палітычнаму целу распасьціся”. Улада — гэта зусім не гвалтоўная рэглямэнтацыя чалавечых паводзінаў, не навязваньне сваёй волі іншым акторам палітычнага ўзаемадзеяньня, яна адпавядае чалавечай здольнасьці “проста дзейнічаць, але дзейнічаць у згодзе”. Палітычная ўлада разбураецца ў дэманстрацыях гвалту. Апошні Арэнт вызначае як здольнасьць да ізаляванага і вонкавага панаваньня датычна прасторы палітычнай свабоды. “Улада ёсьць тым, што кліча да існаваньня і ўвогуле ўтрымоўвае ў быцьці публічную сфэру, патэнцыйную прастору зьяўленьня спасярод тых, хто дзейнічае і прамаўляе”. Усю эўрапейскую гісторыю Арэнт інтэрпрэтуе як “заняпад палітычнага”. Гэты заняпад праявіўся ў ссоўваньні акцэнтаў з чалавечай актыўнасьці як дзеяньня, праяўленьня сябе ў публічнай сфэры, на “працу”, якая ў антычнасьці залічвалася да непалітычнага, несвабоднага існаваньня. Асабліва выразна заняпад палітычнага выявіўся ў эпоху Новага часу, калі праца, па словах Арэнт, была абвешчаная галоўным элемэнтам чалавечай жыцьцядзейнасьці, а дачыненьні вытворчасьці, перанесеныя ў тым ліку і ў палітыку, занялі цэнтральнае месца ў соцыюме. Адсюль улада як уплыў ператварылася ўва ўладу як падпарадкаваньне, як панаваньне і як гвалтоўнае ўзьдзеяньне. Замест уласна палітычнага дзеяньня і яго “прасторы зьяўленьня” цяпер у цэнтры ўвагі апынуліся праблемы “вытворчасьці”, інстытуцыяналізацыі палітычнае прасторы. Канцэпцыя палітычнага Г.Арэнт дазволіла пераасэнсаваць традыцыйныя ўяўленьні пра сутнасьць улады, палітыкі і дзяржавы. У вызначэньні палітычнага, то бок сфэры свабоды слова і дзеяньня, галоўны акцэнт ставіцца на камунікатыўную прыроду палітычнага. Гэта азначае, што палітычнае можа праяўляцца толькі там, дзе прысутнічае камунікаваньне паміж роўнымі. Прычым роўнасьць, як і свабода, зьяўляецца ў гэтым выпадку не натуральнай, дадзенай ад нараджэньня ўласьцівасьцю індывідуумаў, а наадварот, узьнікае толькі там, дзе існуе палітычнае камунікаваньне, то бок на падставе ўзаемнай згоды і дамоўленасьці. Калі ў ранейшых тэорыях палітычныя стасункі трактаваліся менавіта як суб'ект-аб'ектныя (у т.л. і ў К.Шміта), то ў канцэпцыі Арэнт была зададзеная суб'ект-суб'ектная парадыгма ў апісаньні палітычнага. 5. Постмадэрнізм: татальнасьць палітычнага Пры адсутнасьці ў філязофіі постмадэрнізму нейкай адзінай сыстэмы поглядаў, якую можна было б вылучыць як самастойную палітычную тэорыю, яго прадстаўнікі аб'явілі сваю дзейнасьць “філязофскай палітыкай” і ў якасьці галоўных паставілі задачы выкрыцьця таталізуючай мовы ўлады, легітымацыі разнастайнасьці і дэцэнтраваньня стасункаў, што выявілася ў “палітыцы ўсьлізгваньня ад улады” Льётара, ды іншыя задачы. Філёзафы-постмадэрністы, вядома, ня ставілі пытаньне пра палітычнае як такое, бо змагаліся з любымі ўнівэрсалісцкімі мэтанарацыямі, з эсэнцыялізмам ува ўсіх яго праявах. Тым ня менш яны даволі часта зьвярталіся да праблемы ўлады і палітыкі. Аналіз улады не атаясамліваецца тут з тэорыяй дзяржавы, традыцыйным аналізам яе інстытуцыяў. Постмадэрністы імкнуцца выявіць зусім іншую сфэру існаваньня ўлады ў грамадзтве, не вытлумачальную ў традыцыйных тэрмінах палітычнага і эканамічнага аналізу. Улада ў Фуко носіць нелякалізаваны, дыфузны характар: “Улада паўсюль; не таму, што яна ўсё ахоплівае, але таму, што яна адусюль выпраменьваецца”. Палітызацыя сучаснага інтэлектуала заключаецца, такім чынам, у тым, што палітызавалася “сама веда не ў сваіх агульных, а канкрэтных, пэрыфэрыйных формах ісьціннасьці”. Таму інтэлектуал аказваецца больш ня ў стане ўберагчы сябе ад заангажаванасьці — але не ў палітычнае дзеяньне, а ў палітычны зьмест самой веды, якую ён вырабляе. Менавіта таму веда больш ня ёсьць сацыяльна і палітычна нэйтральнай. Можна зрабіць выснову, што мэта інтэлектуала палягае на тым, каб змагацца супраць улады, прычым адначасова на двух узроўнях: зя яе вонкавымі формамі (гвалт, рэпрэсіі, закон); і з унутранымі, то бок такімі формамі ўлады, якія з самага пачатку іманэнтныя ведзе, створанай/вытворанай інтэлектуалам. Складанасьць пастаўленай перад філёзафамі задачы заключаецца ў тым, што ўлада сама па сабе робіць праблематычнай пазыцыю інтэлектуала, які вядзе пазнаньне-барацьбу супраць улады: “…энкратычная мова ўсюдыісная, …яна выглядае як “прыродная” і таму няўлоўная”. 6. Падсумаваньне Да нядаўняга часу палітычная навука і палітычная філязофія не зьвярталіся да фэномэна палітычнага як такога. З таго факту, што інтарэс да палітычнага пачаў праяўляцца ў ХХ стагодзьдзі, можна зрабіць выснову пра насьпелую ў палітычнай думцы патрэбу самавызначэньня, а таксама пра паўсталую перад грамадзтвам праблему вызначэньня межаў палітыкі і яе пераасэнсаваньня. Зыходзячы з вынікаў праведзенага аналізу, можна зрабіць выснову аб рухомасьці межаў палітычнага, яго дынамізьме, які можа быць прадстаўлены як у колькасным, так і ў якасным вымярэньнях. Першае выяўляецца ў пашырэньні сфэры палітычнага ў грамадзкім жыцьці, у яго выхадзе за асады ўсяго, што тычыцца дзяржавы і яе інстытутаў. У другім вымярэньні дынаміка палітычнага выражаная ў разнастайных уяўленьнях пра гэты фэномэн, характэрных для розных гістарычных тыпаў філязафаваньня. У антычнай традыцыі палітычнае зьвязвалася з сфэрай публічнага існаваньня чалавека ў грамадзтве, а таксама зь яго маральна-камунікатыўнай прыродай. Палітычнае разглядалася ў нарматыўным ключы як вобласьць абавязковага стасоўна іншых формаў быцьця чалавека ў сьвеце. У эпоху станаўленьня новай Эўропы палітычнае страціла нарматыўную канатацыю, перастала быць аксіялягічна нагружаным. Адбылося ссоўваньне акцэнту з палітычнага ўвогуле на канкрэтную дзейнасьць, зьвязаную з мэханічным упарадкаваньнем грамадзкіх працэсаў. Палітычнае як такое зьнікае з праблемнага поля філязофіі гэтага пэрыяду, становіцца вытворным ад панятку палітыка. Такі падыход да палітычнага варта кваліфікаваць як клясычны; на ім сёньня базуецца фактычна ўся палітычная навука. Разам з тым у ХХ стагодзьдзі адбываецца зварот да палітычнага як да самастойнага фэномэна. Гэтаму прысьвечаныя канцэпцыі Г.Арэнт і К.Шміта. Калі для Шміта палітычнае выражаецца ў ступені інтэнсіўнасьці асацыяваньня або дысацыяваньня, наступствам чаго палітычнымі могуць стаць любыя стасункі, што характарызуюцца канфліктным супрацьстаяньнем бакоў, то для Г.Арэнт уласьцівы іншы, нарматыўны падыход да інтэрпрэтацыі гэтага фэномэна. Яго яна апісвае як “прастору зьяўленьня”, сфэру публічнага дзеяньня, умову чалавечай свабоды. Пры гэтым падкрэсьліваецца патэнцыйны характар палітычнага, магчымасьць праяўленьня яго паўсюль, дзе адбываецца камунікацыя, суб'екты якой прызнаюць адно аднаго ў якасьці роўных. У філязофскім дыскурсе постмадэрнізму адбываецца трансфармацыя разуменьня палітычнага, зь якім асацыюецца крытычнае асэнсаваньне тых або іншых зьяваў. Цяпер любыя рэчы і прадметы могуць быць прадстаўленыя ў якасьці палітычных, калі толькі апынуцца ў полі ўвагі крытычнай рэфлексіі.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||