|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА
ПАВАЛ БАРКОЎСКІ. КАНЦЭПТ АЎТАРА ДЫ ЧЫТАЧА Ў |
Лекцыя 1 |
ЛЕКЦЫЯ 1 План: 1. Класічнае паняцце аўтара і смерць аўтара. 2. Крызіс гуманізму, смерць Бога і канец метафізікі. 3. Структура супраць аўтара. Паняцце дыскурса.
1. Фiласофскі дыягназ сучаснасцi Наўрад цi знойдзецца зараз хаця б якi чалавек, так цi iнакш дасведчаны ў сучаснай iнтэлектуальнай сiтуацыi, каму б не патрапляўся на вочы вядомы выраз “смерць аўтара”. Калi на Захадзе тэма смерці аўтара была модная напрыканцы “рэвольтных 60-х” мiнулага стагоддзя, дык у нашым беларускім дыскурсе яна актуалізавалася куды пазней разам са з'яўленнем на мясцовай сцэне iншых культурных рэалiй, дэкарацый ды герояў. Паколькі гэткая iнтэлектуальная правакацыя не магла застацца без адказу, дык спробы адказаў спарадзiлі цэлую хвалю абмеркаванняў у застылым, здаецца спрадвечна, беларускім лiтаратуразнаўстве. Для мясцовага дыскурса гаворка магла iсцi адно пра тое, як жа надалей сябе паводзiць, знаходзячыся на ростанях новых культурных акалiчнасцей, з'яў ды трансфармацый? Старая лiтаратура, выхаваная на народнiцкiх iдэалах апiсання сялянскага быту канца ХIХ ст. ды сацрэалiстычным паказе жыцця “людзей на балоце”, ужо болей не ў стане была лексiчна забяспечваць гэтыя новыя запатрабаваннi. Таму, калi дэкларуецца сiтуацыя большай свабоды маўлення цаною пазбаўлення аўтара ад “мандата” на ўласныя творы ды на мову, даводзiцца шукаць новыя моўныя рэзервы для таго, каб надаць форму новым паўсталым досведам, а не проста урбанiзаваць сялянскую гаворку праз калькавыя перайманні. Безумоўна, што гэта не адзiная выснова, якую можна зрабiць з паўсталай сiтуацыi. Нездарма ж ёй быў прысвечаны другi нумар часопiса “Фрагмэнты” за 1997 г., які канцэптуальна прэзентаваў паўсталую ў беларускай iнтэлектуальнай прасторы новую сітуацыю. Нашая ж асноўная задача палягае тут у тым, каб прынцыпова давесцi да мясцовай самасвядомасцi фiласофскія каранi згаданага зруху ў дагэтуль збольшага кансерватыўным лiтаратуразнаўстве. Велiчнасць злому, што адбыўся, застанецца не да канца асэнсаванай, калi не будзе прасочаная да вытокаў. Класiчная спроба даць адказ на тое, чым з'яўляецца аўтар i якiм чынам ён звязаны з напiсаным iм творам, была зробленая яшчэ ў Арыстоцелевай “Паэтыцы”, хаця яна i прыкладалася да распаўсюджанай тады формы літаратурнага пiсання — трагедыi. Так, згодна фiлосафу, аўтар павiнен быў сачыць за кампазiцыйным адзiнствам i завершанасцю твора ўздоўж пуцявiны iнтрыгi, дзе яго задачай было дакладнае адлюстраванне інтрыгі ад самага яе пачатку — праз кульмiнацыю — i да канца. Задача палягала таксама і ў прыўнясеннi законаважных выпадковасцей у тэкст (як той deus ex machina), выпадковасцей, што дапамагаюць разгортванню дзеi, i ў выпiсваннi лёсу персанажа(ў), як таго/тых, хто дае магчымасць гледачу/чытачу праз спачуванне персанажам прыйсцi да катарсiсу. У такой сваёй ролі аўтар сапраўды стаецца “бацькам” твора ды ягоных герояў, адказным не толькi за ўжыванне асобных слоў ды моўных выразаў, але i за фарміраванне сюжэта, яго часавае разгортванне ды “жыццёвасць” персанажаў. Па сутнасцi, гэта абумовiла пазнейшую канцэпцыю творчага генiя, калi лiтаратурная альбо iншая крэатыўная дзейнасць выводзiлася з дакладнага ўжывання аўтарам свайго прыроднага таленту з мэтай ператварыць вонкавыя факты i свае перажываннi ў лiтаратурную або якую iншую мастацкую матэрыю. З iншага боку, чытач меў права-перавагу патрабаваць ад аўтара выканання ім яго класiчных функцый, што дазваляла б яму лёгка сачыць за кампазіцыяй твора, пiльна ўглядацца ў аўтарскую задуму ды шчыра спачуваць персанажам. Класiчная эстэтыка, такiм чынам, была бадай чымсьці цалкам прыроджана-генератыўным, што да аўтара, і была рэцэптыўнай, што да чытача. Адзiн быў народжаны ствараць свой твор, знаходзячыся пад суровым наглядам уласнага генiя, другi — спажываць, згодна сваёй большай цi меншай здольнасцi да разумення чужога таленту. Кола замыкаецца ў гранiчна прамыслова-індустрыяльнай мадэлi: вытворца — спажывец, дзе апошнi мае спажываць тое, што яму прапануюць. Радыкальная змена пункту гледжання на прынцыповую сувязь аўтара i чытача адбылася пасля публікацыі дзвюх аснатворных прац-манiфестаў “Смерцi аўтара” Р.Барта i “Чым ёсць аўтар?” М.Фуко i iх шырокага абмеркавання ў колах французскiх iнтэлектуалаў, да якiх хутка далучылiся прадстаўнiкi iншых культур. Галоўная тэза абодвух твораў — замяшчэнне патрыярхальнай фiгуры аўтара паняццем функцыi спараджэння тэксту, а рыгiдных лiтаратурных жанраў — паняццем дыскурса. Першае мела на ўвазе тое, што аўтар болей ужо не з'яўляецца генiем у класiчным разуменнi гэтага слова, не ёсць асобай непрадказальнай i харызматычнай, а папросту выконвае функцыю аўтарства, г.зн. пэўным чынам, згодна ўжо ўсталяваным правiлам кампазiцыi, а таксама тыпiзацыi персанажаў, стварае тэксты гэтаксама, як дзіця складае нейкі прадмет з дзiцячага канструктара Lego. А таму памiрае не сам аўтар: маецца на ўвазе не тое, што творы цяпер пiшуць мерцвякi ды нябожчыкi, што было б хутчэй данiнай гатычнай вобразнасцi, але анiякiм не дыягназам сучаснасцi. Паводле новай візіі, аўтар проста знiкае ў якасцi суб'екта, якi цалкам адказны за спараджанае. Пад пытаннем застаецца не толькi спецыфiчная фiгура аўтара, але больш магутная i нязломная з часоў Асветнiцтва постаць Суб'екта. Разам з тым страчвае сваю самавiдавочнасць і паняцце жанру, бо дакладныя межы розных лiтаратурных жанраў зараз робяцца размытымi. Таму нiколi ўжо нельга з апошняй упэўненасцю сцвярджаць пра новы твор: эсэ гэта, раман цi аповед. У гэтай сiтуацыi павiнна дапамагчы паняцце дыскурса, паколькi ў iм выражаная iдэя адносна розных спосабаў прамаўлення, адрозных спосабаў выкладу матэрыялу ды спецыфiчнасцi моўных сродкаў i стылiстыкi. У розных тыпаў дыскурсаў могуць быць заснавальнiкi, але нi ў якiм разе не аўтары, бо нiводны чалавек цалкам не вызначае iх спецыфiчнасцi. Апошняя паступова фарміруецца з цягам часу. Iстотная рознiца тут палягае ў тым, што ў жанравых межах нiбыта аўтар сам вырашае: працаваць яму альбо не (пiсаць раман ці верш), тады як датычна дыскурса можна казаць, што той або iншы твор далучаецца да пэўнага тыпу дыскурсіўнасцi, але не ўваходзіць туды цалкам (так, можна свядома намагацца пiсаць у стылiстыцы “Так мовiў Заратуштра” i ставiць падобныя ж акцэнты, — прыкладам таму ёсць П.Каэльё, — але выпадаць у зусiм iншы дыскурс, чым у Нiцшэ). Такiм чынам, паняцце “смерцi аўтара”, як з пункту гледжання замяшчэння суб'екта на яго функцыю, гэтак i з пункту гледжання замяшчэння жанраў дыскурсамi, даводзiла iстотна новую сiтуацыю, якая склалася ў заходнееўрапейскай культуры пачатку i сярэдзiны мiнулага стагоддзя. Гэта сiтуацыя прынцыповага крызісу гуманiзму, што адбывалася праз дыскрэдытацыю паняцця суб'екта на фоне лінгвістычнага павароту, г.зн. прызнання iстотнай аўтаномii мовы ў дачыненнi да яе носьбiтаў. Агульны крызіс гуманiзму, пачатак якога можна прымеркаваць да канца ХIХ ст., калi эксплуатацыя звязкi суб'ект-аб'ект прыродазнаўчымi навукамi ды пазiтывiсцкiмi фiлосафамi прывяла да адмаўлення самой гэтай звязкі. Суб'ект, як той, хто ляжыць у аснове i стварае непахiсную ўмову спазнання, насамрэч не здольны выконваць гэтую функцыю. З заняпадам iншых гарантаў аб'ектыўнасцi — Бога, Iсцiны, Субстанцыi i г.д. — канцэпцыя гуманiзму, што падстаўляе чалавека ў якасцi падмурка пад iснае, насамрэч прапануе сурагат падмурка. Сучасны iтальянскi мысляр Дж.Вацiма ў сваёй кнiзе “Канец мадэрна” пераканаўча даводзiць, што падобны крызіс гуманiзму шчыльна звязаны з дзвюма галоўнымi тэмамi сучаснасцi — смерцю Бога ды канцом метафiзікi. Вядомы ад Ф.Нiцшэ выраз “смерць Бога” не толькi вонкава падобны да вышэйзгаданага канцэпту “смерцi аўтара”, але i стаецца цяжарным гэтай iдэяй як уласным законаважным працягам. Смерць Бога мае на ўвазе не спыненне рэлiгiйных пачуццяў гэтак званага цывiлiзаванага свету, i не замяшчэнне монатэiзму нейкiм новым паганствам альбо iншым культам: гэта ёсць смерць асновы асноў, крынiцы крынiц, меры мер — гэта покрыш iерархiй. Бог, такiм чынам, ужо болей не з'яўляецца тым Абсалютам, адносна якога можа быць збудаваная iерархiя каштоўнасцей меншай альбо большай вартасцi. Ён страчвае сваю несумніўную вартасць у якасцi крынiцы адлiку. У пазнавальным ды нарматыўным плане Бог больш не iснуе па-за межамi хрысцiянства як асабiстай веры (практычна ўжо не скаардынаванай з розумам). А ў сiтуацыi знiкнення вышэйшага звяна з ланцуга апошнi цалкам распадаецца, i таму час смерцi Бога стаецца часам нiгiлiзму, калi ўсё адно, няма нiчога выключнага, што б нельга было змяніць на нешта iншае — усе каштоўнасцi на продаж, настае час сусветнага кiрмашу. Суб'ект, якi жадае стаць на месца Бога i сабой падтрымлiваць “нябесную iерархiю”, стаецца узурпатарам, што не здатны трымаць чужы скiпетр — яго iмперыя развальваецца па частках. Смерць суб'екта i разам з ёй смерць аўтара як iнстанцый улады — законаважны вынiк “эпохi змен”, што рушыць стары Парадак. Тым не менш, крызіс гуманiзму не быў бы настолькi асноватворным, калі б гаворка iшла адно пра покрыш старой iерархii каштоўнасцей, бо на яе месца заўжды можа прыйсцi нейкая новая: кароль памёр, няхай жыве кароль! Сiстэмны крызіс зазнаў iншы найважнейшы складнiк кансервацыi сiтуацыi — метафiзіка як iдэя унiверсальна значнага апiсання сталых, нязменных ды сутнасных структур быцця. Але пасля покрышу Бога ды Iсцiны падобны погляд страчвае глебу i ўжо мусiць даказваць сваю ўласную значнасць і прыдатнасць да вытлумачэння свету перад шэрагам адно вонкава звязаных тэорый ды тлумачэнняў, што не прэтэндуюць на адзiнства перспектывы i не ўтвараюць адзінай сiстэмы. У лiтаратуразнаўстве час канца метафiзікi адзначаецца прыгняценнем i крызісам вялiкiх традыцыйных жанраў, менавіта рамана, навелы, апавядання, якія прэтэндавалi на сiстэмны паказ пэўнай уяўнай рэальнасцi, будавалiся згодна iерархiчнаму плану кампазiцыi, паслядоўнаму раскрыццю персанажаў i г.д. Гэта час “новага рамана”, эксперыментаў з формай ды зместам, гэта вынiшчэнне персанiфiкаваных герояў, гэта час парушэння класiчных законаў кампазiцыi i злому жанравых меж. Але сiтуацыя, якая склалася на мяжы стагоддзяў i якая вызначалася агульным крызісам гуманiзму, смерцю Бога i канцом метафiзікi, не зазнала б выхаду з пэўнай нiгiлiстычнай iнерцыi мыслення, каб не спроба рэваншу з боку сiстэмы. А так званы лiнгвiстычны паварот, нягледзячы на вельмi значны iнтэлектуальны плён, можна разглядаць як падобны рэванш ды адначасова калапс сiстэмы. Традыцыйна пад гэтым паняццем маецца на ўвазе перагляд таго, чым з'яўляецца мова, перагляд, які меў месца ў першай палове ХХ стагоддзя. Гэты перагляд сцвердзiў прынцыповую самастойнасць мовы як сiстэмы аўтаномнай датычна ўздзеяння чалавечае суб'ектыўнасцi i ўзняў вырашэнне шэрага моўных праблем на цалкам iншы ўзровень, што стаўся базавым для залежных ад мовы чалавечых практык. Дзве асноўныя плынi згаданага руху знiтаваны вакол моўнай аналiтыкi Венскага гуртка (найбольш вядомы прадстаўнiк якога — Л.Вiтгенштэйн), з аднаго боку, i структуралiзму (пачатак якога вядуць ад выдання “Курса генеральнай лiнгвiстыкi” Ф. дэ Сасюра) — з iншага. Калi першыя былi найбольш накiраваныя на пошукi празрыстай ды ўнутрана несупярэчлiвай мадэлi мовы, дык прадстаўнiкi апошняга намагалiся прапанаваць сталы нарыс мовы як завершанай сiстэмы ўладкаваных памiж сабой элементаў, якiя цалкам апiсваюць яе стан. Хаця абодва напрамкi цiкавыя, мы засяродзiмся збольшага на структуралiзме, паколькi менавiта ў межах апошняга прагучаў iнтэлектуальны выклiк “смерць аўтара”, i менавiта ён патаемна ўтрымлiвае ў сабе спробу рэваншу сiстэмы. Асноўныя дзве тэзы Сасюра — гэта тэза адносна рэферэнтнай структуры знака ды прэзентацыя мовы як апазіцыi “азначальнага-азначанага”. Нягледзячы на вонкавую цяжкасць для ўспрымання, гэта досыць празрыстыя рэчы. Так, рэферэнтная структура знака адсылае да таго факта, што ў мове знакi атрымлiваюць сваё значэнне не аднекуль звонку, але праз дакладнае супастаўленне i суаднясенне памiж сабой (гэтак лiтары алфавіта маюць сэнс толькi ў межах алфавіта як сiстэмы: Б ёсць Б, толькі пакуль Б ёсць мiж А i В; Б ёсць зычны толькі таму, што А ёсць галосны). У такiм разе мова стаецца ўнутрысiстэмнай справай дыферэнцыяцыi ды ў/падпарадкавання. З iншага боку, сама вонкавая форма альбо гучанне асобных элементаў мовы, што складае зборнае паняцце “азначанага” (як тое, што ўтрымлiвае след знака), суадносяцца не з рэальнымi рэчамi i з'явамi, iснымi ў свеце, але з iдэальнай вобласцю значэнняў, якiя людзi прымяркоўваюць да асобных слоў ды выразаў — гэтак званае “азначальнае” (як тое, што пакiдае па сабе знак — значэнне). Таму, да прыкладу, слова “цмок”, так, як яно напiсанае i агучанае ў беларускай мове, каардынуецца са значэннем яго ў казачным пераважна ўжытку, а таксама з магчымасцю ўжываць яго ў якасцi абразы. Пра рэальнае iснаванне цмокаў у Белавежскай пушчы альбо Нарачы гаворка тут зусiм не iдзе. Адсюль вынікае, што моўная аўтаномiя грунтуецца на вызначэннi мовы як сiстэмы ўзаемаўпарадкаваных элементаў, значэннi якiх i форма суадносяцца памiж сабой унутры самой сiстэмы i, бадай нi разу, не зазнаюць знешняга цiску. Падобная логiка ўжывалася структуралiстамi не толькi ў дачыненнi да мовы, але i да шэрага культурных i сацыяльных феноменаў, ад моды да рэлiгii. Магчымасць для гэтага стварала само паняцце структуры, якое спачатку сустракаецца ў нямецкага фiлосафа ды тэолага, блiзкага да рамантызму, Ф.Шляермахера ў значэннi сiстэмы стасункаў паміж элементамі, з якіх кожны — як ён выказваецца — набывае ў ласнае значэнне праз непасрэднае адрозненне ад усіх іншых элементаў. Гэта, на думку фiлосафа, вызначае розныя культурнiцкiя, эканамiчныя, юрыдычныя, а таксама моўныя парадкi: карацей, усе дыскурсіўныя рэгулярнасці, якія садзейнічаюць мiжчалавечай камунікацыі. Безумоўна, што з дапамогай паняцця структуры можна апiсаць i культуру (у апазіцыі да прыроды), i эканомiку (апазіцыя капiтал — банкруцтва), i закон (у апазіцыі да яго парушэння). Інакш кажучы, усе вiды чалавечае дзейнасцi, дзе можна ўбачыць бiнарныя (двухэлементныя) цi шматэлементныя апазіцыi. Тым не менш, гэты дасканалы, на першы погляд, падыход мае сваю слабiну, якая пакiдае месца для дыскусiй. Iншы пункт гледжання на праблему засноўваецца на дэкларацыi абмежаванасцi структуралiсцкай стратэгii. Так, на думку сучаснага французскага фiлосафа-герменеўта П.Рыкёра, структуралiзм мае рацыю тады: 1) калі ён мае справу з ужо ўтворанай, застылай, замкнёнай на сабе сукупнасцю, г.зн. сiстэмай па вызначэнню; 2) калі можа ўсталяваць пералік элементаў і структурных адзінак, г.зн. правесцi працу дыферэнцыяцыi; 3) можа прывесці гэтыя элементы да адносін апазіцыі, пераважна бінарнай; 4) знайсці алгебру або камбінаторыку гэтых элементаў і апазіцыйных пар, каб быць здольным рабiць прагноз розных станаў сiстэмы паводле зададзеных параметраў. Апошняе, насамрэч, амаль цалкам нерэальна, бо, па-першае, абмяжуе структуралiста наборам ужо неактуальных сiстэм (напрыклад, мёртвай мовы егiпецкiх iероглiфаў), якiмi больш нiхто не карыстаецца, а па-другое, прапануе вынайсцi унiверсальны алгарытм, паводле якога будуць паводзiць сябе асобныя элементы. Наколькi цяжка залгарытмiзаваць моўную сiстэму, сведчыць прыклад камп'ютэрных праграм-перакладчыкаў, што сiстэматызаваныя адно часткова, таму амаль цалкам бясплённыя ў плане камбiнацыi шматзначных слоў, вызначэннi граматычных звязак i ў пытаннях стылю. Структуралiзм з самага пачатку вызнае прыярытэт сінхранii, г.зн. адначасовага стану сiстэмы ў яе завершаным выглядзе, над дыяхранiяй, г.зн. чаргаваннем розных станаў сiстэмы, якiя дазваляюць ёй эвалюцыянаваць. Вядомы расійскi лiтаратуразнавец i фiлосаф ХХ ст. М.М.Бахцiн у працы “Марксiзм i фiласофiя мовы” меў падставы адрознiваць два супярэчлiвыя падыходы да вызначэння мовы: “абстрактны аб'ектывiзм” Ф. дэ Сасюра i “iндывiдуалiсцкi суб'ектывiзм” В. фон Гумбальта ды Г.Штайнталя. Калi першы падыход бярэ мову як сталую рэч, што перадаецца ад пакалення да пакалення ў нязменным выглядзе і якую ў застыласцi яе формаў кожны чалавек заспявае гатовай да ўжывання, дык другi падыход разглядае маўленне як бесперапынную творчасць у межах iндывiдуальных актаў прамовы. Хаця пазнейшы структуралiзм пачаў надаваць большую ўвагу дыяхранii паслядоўных станаў, аднак жаданне бачыць у мове застылую сiстэму, што можа быць непасрэдна ўлучаная ў слоўнiкi ды граматыкi i канчаткова прааналiзаваная, пярэчыла прызнанню якога б то нi было ўздзеяння чалавека на мову на карысць эвалюцыi сiстэмы самой з сябе. Але прыняўшы да ўвагi той факт, што структуралiсцкая тэорыя не ў стане канчаткова патлумачыць, зыходзячы з унутранай логiкi сістэмы, магчымасць яе пераходу з аднога стану ў iншы, працiўнiкi гэтага падыходу апелююць да неабходнасцi сумеснага дзеяння сiнтэтычнай функцыi знака па прадукаванню новых значэнняў з iндывiдуальнай дзейнасцю выбару ды камбiнавання элементаў, а таксама працэсам пераносу значэнняў (метафарай) у межах апошняй. Вышэйзгаданы П.Рыкёр гэтак адрознiвае замкнёную на сабе сiстэму ад дыскурса, якi атаясамлівае мову як дзейсную прамову: 1) дыскурс мае спосабам свайго існавання акт, ён уяўляе сабой актуальнае здарэнне, у той час як сiстэма замкнулася ад гісторыі ва ўласнай саматоеснасці; 2) дыскурс грунтуецца на вольным выбары адных значэнняў на карысць іншых, што прынцыпова супрацьстаіць прымусоваму характару сiстэмы; 3) гэты выбар прадукуе зусім новыя камбінацыі: выказванне яшчэ не выказаных фраз і іх разуменне, што супярэчыць дасканалай завершанасці сiстэмы; 4) толькі ў дыскурсе мова рэалізуе сваю здольнасць суаднясення ідэальнасці сэнсу з рэальнасцю рэчаў: гэта момант трансцэндзіравання знака; 5) і, нарэшце, здарэнне, выбар, навацыя, суадносіны маюць на ўвазе спосаб вызначэння суб'екта дыскурса — акт камунікацыі. Калi зноў звярнуцца да канцэптаў аўтара i чытача, дык атрымлiваецца, што лiнгвiстычныя дыскусii непасрэдна паўплывалi на пераасэнсаванне ролi ды функцый, якiя выконвае аўтар ды чытач тэксту. Так, да прыкладу, знакамiты французскi фiлосаф Ж.Дэрыда схільны сцвярджаць, што ні аўтар, таму што ён піша, ні прамоўца, таму што ён кажа, не “супрысутныя”, як несупрысутныя адзін аднаму аўтар ды чытач. А iншы француз М.Фуко наогул успрымае чалавечы суб'ект як маладую, а менавіта, рамантычную, знаходку, якая мае знікнуць гэтаксама, як і ўзнікла. Таму аўтару ў такiх умовах застаецца роля павiтухi (як калiсьці казаў Сакрат наконт ролi фiласофii), якая дапамагае нарадзiцца цалкам ад яе адрознаму i вольнаму дзiцяцi — тэксту. Затое чытач стаецца тут у ролi клапатлiвай мацi, якая наглядае за кволым дзiцём, лашчыць ды выхоўвае яго да паўнавартаснага тэксту — адно чытач вызначае i адказны за тое, каб тэкст быў прачытаны як гэткi i быў гэтаксама зразумелы. З iншага боку, калi браць пад увагу аргументы на карысць таго, што выбар, камбiнацыя ды навiна застаюцца прынцыпова не завершанымi, дык аўтарская роля пашыраецца да iх пачатковага вызначэння ды ўлучэння ў тэкст. Праўда, часткова альбо цалкам гэтую ролю можа выконваць i чытач. Лiтаратура 1. Фуко М. Чым ёсць аўтар? // Фрагмэнты. 1997. № 1—2. 2. Баркоўскi П. Phoenix, або камэнтары да эсэ Р.Барта “La mort de l'auteur” // Фрагмэнты. 1997. № 1—2. 3. Барт Р. Смерть автора // Барт Р. Избранные работы: Семиотика. Поэтика. —М.: Искусство, 1994. 4. Гадамер Г.-Г. Семиотика и герменевтика // Гадамер Г.-Г. Актуальность прекрасного. —М.: Искусство, 1991. 5. Субботин М.М. Теория и практика нелинейного письма // Вопросы философии. 1993. № 3. 6. Frank M. Was ist Neostrukturalismus? —Frankfurt/M: Suhrkamp Verlag, 1984. 7. Frank, Manfred. The Subject and the text: Essays on literary theory and philosophy / Edited, with an introduction by Andrew Bowie. —Cambridge: Cambr. Univ. Press, 1997. 8. Vattimo, Gianni. Das Ende der Moderne / Ubersetzt u. hrsg. aus d.ital. von Rafael Capurro. —Tubingen: Philipp Reclam jun., 1990.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||