logo English version English




ПАРТНЭРЫ

Беларуская Асацыяцыя Журналістаў

Belintellectuals

Гіт-парад Тузін Гітоў. Слухай ды выбірай!

НАШ БАНЭР

Банэр БК

НАДВОР'Е

Официальный сайт Белорусского Гидрометеорологического центра

Валянцін АКУДОВІЧ. УВОДЗІНЫ Ў МЕТАФІЗІКУ АДСУТНАСЦІ

Лекцыя 1. “Старыя грэкі” і Парменід

План:

1. Зачын

2. Да гісторыі праблемы

3. Парменід

4. Наастачу

1. Зачын

Распачынаючы гэтую працу, найперш неабходна патлумачыць, што я прэзентую зусім не тую “метафізіку адсутнасці”, якую мы ведаем з багатага суплёту інтэлектуальных ініцыятываў найноўшага часу, выяўленых перадусім у дыскурсах постструктуралізму ды постмадэрну. Бо хаця менавіта яны, разгарнуўшы татальны перарахунак класічнай метафізікі, і вылучылі гэтую ініцыятыву ў апрычоны стан, але я ёй скарыстаюся дзеля пазначэння ўсяго метанаратыву метафізікі ў той яго праекцыі, якая скіраваная менавіта на праблему адсутнасці ўлучна з яе сітуацыйнымі кантэкстамі. І ўжо толькі ў астачы і пераважна інструментальна буду карыстацца сучасным дыскурсам “метафізікі адсутнасці”, які маркіраваны такімі паняткамі як “пусты знак”, “сімулякр”, “мнимая” велічыня, “негатыўная дыялектыка” і г.д і да т.п.

Як вядома, слова “метафізіка” (грэц. metaphysika — пасля фізікі) набыло значэнне універсальнага тэрміну для ўсяго адцягненага мыслення дзякуючы александрыйскаму бібліятэкару Андроніку Радоскаму. Менавіта гэтым паняткам ён падагульніў тэксты (“кнігі” — так тады называліся завершаныя тэксты) Арыстоцеля, якія ён упарадкаваў пасля працаў па “фізіцы”. Да метафізікі Радоскі залічыў усё, што сам Арыстоцель называў “першай філасофіяй” (хаця ў александрыйскага рупліўцы яна і апынулася апошняй). У адрозненне ад “другой філасофіі”, якая даследуе феномены прыроды ды сацыяльнасці і заглыбляецца ў сутнасці матэрыяльнага свету, “першая” рэфлексуе над тым, што ёсць звыш прыроды, узбоч наяўна прысутнага ці хоць нейкім чынам зафіксаванага як сапраўднае. Інакш кажучы, над тым, чаго рэальна няма, што ў падступным чалавеку свеце ніяк інакш не схопліваецца, акрамя як праз інтэлектуальныя фікцыі, вызначаныя спосабам развагі (лагічнымі спекуляцыямі) ці праз вольныя (паэтычныя) уяўленні. Гэта значыць, “Метафізіка” не толькі з прыхамаці Радоскага апынулася пасля ўсяго, што ёсць, але яна і з уласнай функцыянальнай логікі звернутая на тое, чаго няма, прынамсі ў бытным, што, па сутнасці, найбліжэй суседзіць з Нішто (паміж метафізікай і Нішто мы не знойдзем нічога апроч слова).

Яшчэ да з’яўлення канцэпту “метафізіка” антычнае мысленне, якое, развітваючыся з міфалагічным бачаннем свету, пачынала (праз адцягненае рэфлексаванне) пошукі сэнсаў, адэкватных контурам гэтай новай (дэміфілагізаванай) рэальнасці, сутыкнулася з праблемай Нішто і адгукнулася на яе ў розныя спосабы. Таму мы найперш і паспрабуем “закаталагізаваць” гэтыя ініцыятывы, асобна запыніўшыся на філасофіі Парменіда, з якога, па вялікім рахунку, усё і пачалося…У тым сэнсе, што Парменід першым (ды магутна!) задзіночыў у жорстка дэтэрмінаваны звяз праблемы Быцця і Нішто. З гэтага ён і будзе ў нас выконваць ролю “пталамееўскага сонца”, адносна якога мы зафіксуем інтэлектуальныя траекторыі ўсіх астатніх суб’ектаў антычнай метафізікі адсутнасці.

2. Да гісторыі праблемы

Звяртаючыся да вытокаў антычнай філасофіі, Арыстоцель у сваёй “Метафізіцы” (у звязку з наробкам Фалеса) пісаў: “Сярод усіх, хто першы заахвоціўся філасофіяй, большасць лічыць пачаткам […] тое, з чаго складваюцца ўсе рэчы, з чаго першага яны ўзнікаюць і ўва што ў рэшце рэшт сыходзяць, пры гэтым асноўнае заўсёды застаецца, толькі змяняюцца яго ўласцівасці, гэта яны прызнаюць элементам і пачаткам рэчаў. І таму яны мяркуюць, што нічога не ўзнікае і не гіне (курсіў мой — В.А.), бо як падобная асноўная прырода заўсёды застаецца”. Інакш кажучы, на тую пару філосафы не бачылі месца Нішто ў падзеі быцця. Яны перадусім былі затурбаваныя першапачаткам усяго, з чаго вынікаў і на чым палягаў гэты свет — тут, як вядома, дамінавалі наступныя версіі: вада, агонь, зямля, паветра ды іх спалучэнні. Хаця ўжо Анаксімандр, вучань Фалеса, адмовіўся ад універсалізацыі матэрыяльных стыхіяў і звязаў выток сутнага з “архэ”, субстанцыяй, якая палягае ў падвалінах быцця. Гэтую субстанцыю ён назваў апейрон і ахарактарызаваў яе як тое, што “не ведае старасці”, ёсць “бессмяротным і не падлягае ніштажэнню”. Тут мімаходзь заўважым, што ў праекцыі на філасафему адзінага, непарушнага і спрэс статычнага быцця Парменіда, апейрон Анаксімандра апазіцыянуе сябе як вечна рухомую і надзвычай дынамічную субстанцыю.

Хаця наступнымі антычнымі мыслярамі апейрон не быў прыняты за падставовую сутву быцця, але сама ідэя таго, што ўсё ў гэтым свеце нечым сашчэпленае ў Адно (цэлае), зробіцца аксіёмай для бальшыні “старых грэкаў”. Пытанне заставалася толькі ў змесце і фармаце гэтага Аднаго, а яшчэ ў яго стасунках з бясконцай і рухомай множнасцю, якой было бітма набіткаванае гэтае Адно. Бо нават Геракліт, для якога быццё ўяўлялася бясконцым вэрхалам з’яўленняў, перастварэнняў ды знікненняў, калі здумляўся над фундаментальнымі характарыстыкамі свету, дык заўважаў: “Гэты космас, адзіны з усяго разам, не створаны нікім з багоў і нікім з людзей, ён заўсёды быў, ёсць і будзе вечна жывым агнём, у пэўную меру палаючым і ў пэўную меру згасаючым”. І яшчэ: “Пазнака мудрасці — пагадзіцца … што ўсё адзіна”.

Сярод тых, хто “рыхтаваў глебу” для Парменідавай канцэпцыі Аднаго, не прамінем і Ксенафана. Бог Ксенафана, які ахоплівае ўсё ў ягоным адзінстве, падобны да шара. (Таксама і ў Парменіда, хаця ўжо не ў якасці канцэпту, а толькі метафары быцця: “Так як яно — апошняя скрань, дык яно заканцаванае // Адразу з усіх бакоў, як цела круглага шара”). Гэты бог аднародны, нязменны, непарушны, татальны і вечны. Але ў плане суадносінаў поглядаў Ксенафана і Парменіда для нас больш істотна тое, што бог Ксенафана, які сабой ахоплівае ўсё бытнае, ёсць мысліўнай субстанцыяй. Гэтым Ксенафан як бы прадказвае адзін з базавых канцэптаў філасофіі Парменіда (а пасля і ўсёй еўрапейскай філасофіі) — “тое ж самае мысліць і быць”.

Далей, і храналагічна, і гнасеалагічна, мы павінныя былі б падступіцца ўласна да Парменіда, але паколькі, пра што ўжо казалася, яму вылучанае асобнае месца, дык мы яго пакуль прамінем. А разам з ім і яго знакамітага вучня Зянона, філасафаванне якога цалкам наследуе анталагічную парадыгму Настаўніка, з чым Зянон і сам пагаджаўся. Гэтую сітуацыю выразна ілюструе Платон у дыялогу “Пармэнідэс” (пераклад на беларускую мову Яна Пятроўскага):

“— Я бачу, Пармэнідэс,— сказаў Сакратас, — што Зэнон хоча быць у адзінасьці з табою ня толькі ў сяброўстве, але нават другім табою ў сваёй творчасьці […]

— Так, Сакратас, — сказаў Зэнон. — Але нягледзячы на тое, што ты, як тое спартанскае шчанё, што вынюхвае сьлед, з дасканаласьцю вышукваеш і высьледжваеш зьмест у прачытаным, усё ж высьлізнулася табе ў ім тое, што мой твор не мае прэтэнзіі да таго, пра што ты кажаш, як і зусім ня мае на мэце асланіць перад сьветам гэтую вялікую задуму”.

З больш-менш пэўна вядомага, першым сярод антычных філосафаў, хто выразна і канцэптуальна засведчыў наяўнасць Нішто, быў “атаміст” (адэпт ідэі, згодна якой свет створаны з атамаў) Леўкіп. Паводле Арыстоцеля, гэты філосаф лічыў, што “небыццё існуе ніяк не менш, чым быццё”. (У версіі Сімплікея гэтая тэза Леўкіпа гучала трохі інакш: “Небыццё існуе ніяк не менш, чым быццё”). Зыходзячы з філасофіі яшчэ аднаго, і ці не самага знанага сярод “атамістаў”, філосафа Дэмакрыта, для быцця наяўнасць Нішто была прынцыпова неабходнай. Праўда, “атамісты” як перакананыя матэрыялісты феномен нішто найперш звязвалі з пустатой, якая шчыльна ахоплівае ўсе атамы паасобку і тым самым з’яўляецца падставай магчымасці іх пераруху, як і руху ўвогуле. З філасофіі “атамістаў” вылучым яшчэ і той факт, што яны быццё, аснову якога складаюць атамы, і небыццё, якое цалкам таясаміцца з пустатой, ніяк не злучалі ў адно цэлае. Быццё і небыццё самазавершаныя кожнае само ў сабе і з гэтага не маюць аніякіх каналаў пранікнення адно ў адно. Магчыма, менавіта такое стаўленне да быцця і нябыту пазней дасць падставу Анаксагору выказаць сваю нязгоду з тым, што хоць нешта можа ўзнікнуць з небыцця альбо зніштожыцца ў небыцці. Зрэшты, у “ідэалістычнай” перспектыве пра гэта яшчэ ў папярэднія часы казаў Парменід: “І якая патрэба // З нічога змусіць яго (быццё — В.А.) паўстаць — раней ці пазней?”.

Далей хіба толькі мімаходзь заўважым, што Сакрата, аднаго з самых яркіх герояў антычнай філасофіі, праблема Нішто ніяк не кранула. Зрэшты, гэта выглядае цалкам зразумелым, бо яго цікавіла не віхура (альбо айсберг) быцця, а ўсяго толькі чарацінка (Паскаль пра чалавека) на вятрыску бытнага.

Калі не лічыць дыялога “Парменід”, з якога амаль немагчыма разнесці на два бакі візію аўтара і яго загалоўнага героя, дык Платон таксама не лішне надаваў увагі гэтай праблематыцы. Тут найперш прыгадваецца фрагмент з дыялога “Сафіст”, дзе нехта Чужаніца крытыкуе Парменіда за тое, што той адмаўляе існаванне Нішто. Чужаніца пагаджаецца з Парменідам, што нябыт ні памысліць, ні назваць немагчыма. Аднак пры гэтым Нішто існуе, аб чым сведчаць нашыя памылковыя ўяўленні (што і казаць — нечаканы, хаця і залішне легкаважны, аргумент). Да прыкладу, кентаўра няма ў прыродзе, але пры гэтым ён існуе ў сваёй неіснуючасці. З чаго і атрымліваецца, што неіснуючае мае сабе месца (і ролю) у агульным кантэксце быцця. Праўда, Нішто не з’яўляецца самастойным, тым болей апазіцыйным дыскурсам быццю. Яно ёсць толькі адной з яго праяваў, і хаця выступае адносна быцця як “іншае”, але не супярэчыць яму.

Арыстоцель праблеме Нішто надае, здаецца, больш увагі, чым ягоны настаўнік. Хаця гэтая праблема для Арыстоцеля была ўжо прадвырашанай асноўным, як ён яго разумеў, законам усяго быцця: “Разам існаваць і не існаваць нельга”. Не цяжка заўважыць, што гэты асноўны закон “пазычаны” ў Парменіда. Таму Арыстоцель цалкам пагаджаецца з апошнім, калі той кажа: ”Можна мысліць і прамаўляць, што толькі быццё ёсць. А нябыт не існуе”. Але пры гэтым Арыстоцель не прымае Парменідаву татальнасць у адмаўленні Нішто. Ён заўважае, што паколькі Нішто намі мысліцца, дык яно і ёсць, толькі не ў тым значэнні, у якім ёсць быццё. “Не-сутнае ёсць, аднак не ў непасрэдным сэнсе, а ў тым, што яно ёсць не-сутнае”. Праінтэрпрэтуем Арыстоцеля наступным чынам: у сутным (у сутве быцця) Нішто не можа быць, яно знаходзіць сабе месца адно каля сутнага — яно не ёсць, а толькі пры-сутнічае. Відавочна, што ў сваім стаўленні да Нішто Арыстоцель шмат у чым наследаваў Платона, які не адхіляў Нішто ўвогуле, але лічыў яго ўсяго толькі “іншым” стасоўна ўласна быцця. Так і Арыстоцель, адмаўляючы Нішто ў сутнаснасці, прымае ягоную “дысцыплінарную”рэальнасць, скажам, у катэгарыяльных значэннях (ня-існы, ніхто, нідзе, няма і да т.п.). Інакш кажучы, Нішто не ўлучанае ў фундаментальныя падваліны быцця, яно, па сутнасці, адно аперацыйная прылада, якая дазваляе фіксаваць адмаўленне хоць чаго як у фізічным, так і ў метафізічным дыскурсе.

3. Парменід

Візія расійскай, а затым і савецкай гісторыі філасофіі знаходзіла месца Парменіду адно на другім-трэцім плане, засланяючы яго не толькі постацямі Сакрата, Платона ды Арыстоцеля, але Дэмакрыта і Геракліта, якога асабліва дыялектычны матэрыялізм моцна шанаваў як стыхійнага дыялектыка. Але, бадай, не выпадкова багіня праўдзівасці і меры, якая сочыць, каб сонца ды зоры не перасягнулі сваіх межаў, кажа ў паэме “Аб прыродзе” пра філасофію Парменіда: “Ды не апярэдзіць цябе ніякое здумленне смяротных”. Ці не таму Ніцшэ, які, як вядома, не баяўся ні Бога, ні д’ябла, усім сваім філасофскім нутром сцінаўся перад неверагоднай, “быццам вылітай з лёду”, эўрыстыкай Парменіда: “Але тое ж самае імгненне […] асвятліла яго высверкам ісціны, і ён знайшоў прынцып, ключ да тайніцы сусвету; ён знайшоў яго абок усялякай чалавечай аблуды; абапіраючыся на магутную і страшную руку таўталагічнай ісціны ён крочыць цяпер праз быццё і сыходзіць у бездань простых рэчаў” (“Пра філосафаў”. Эсэ “Парменід”).

Зрэшты, насцярожанае стаўленне да “жахлівых абстракцый” (Ніцшэ) гэтага філосафа нельга вытлумачыць толькі спецыфікай расійскага, а затым і расійска-савецкага мыслення, не лішне схільнага звяртаць увагу на універсаліі, калі яны ніяк не падтрымліваюцца відочнай эмпірыкай свету. Бо нават чалавек Захаду, выхаваны на інтэлектуальных спекуляцыях стасоўна абстрактных канструктаў, не вельмі ўяўляў, што рабіць з той анталагічнай праграмай быцця, якую за пяць стагоддзяў да нашай эры вымудрыў Парменід, і якая па сёння вярэдзіць нейкай вар’яцкай праўдай (мо таму, што прамоўленая багіняй праўдзівасці?).

Нават у параўнанні з “ідэалістычным” шаленствам Платона (суплёт эйдасаў, што тая гронка паветраных балончыкаў, блукае недзе ў далёкіх нябёсах), праект быцця Парменіда, якое не мае ні руху, ні часу, ні прасторы, а заўсёды ды ўсюды ёсць адно і тое самае (Адно), апынуўся залішне радыкальным у сваёй самаабсалютызацыі, каб адрэфлексаваўшы, яго яшчэ некуды можна было працягваць ці прытарноўваць да чаго-кольвек іншага. Карацей кажучы, ён настолькі лагічна дасканалы і універсальна завершаны, прынамсі, ва ўласнай парадыгме, што хаця ў яго лёгка ўвайсці, але адтуль нічога нельга вынесці.

Для нашай гісторыі (гісторыі метафізікі адсутнасці) не патрэбен увесь філасофскі наробак Парменіда, а толькі яго, кажучы мовай Гегеля, антытэзіс: Нішто — няма, і няма па азначэнні. Але калі мы пакінем гэты імператыў у фармаце яго голай канстатацыі (ёсць адно Ёсць, а ніякага Няма — няма), дык застанемся толькі са звычайным труізмам. Між тым як прамоўленае Парменідам залішне істотнае для ўсёй праблематыкі быцця, а для нашай апрычонай задачы проста такі фундаментальнае, каб пакідаць яго ў фармаце выслоўя, хай сабе і надзвычай сэнсавага. Таму нам нічога не застаецца, акрамя як паспрабаваць хаця б збольшага акрэсліць базавую тэзу Парменіда (прыхапіўшы трохі і яе кантэксту), якая адмаўляе сваёй антытэзе ў хоць якой слушнасці.

Парменід нарадзіўся і жыў у Элеі (сёння поўдзень Італіі) прыкладна 500 год да н.э. Вядомыя дзве ягоныя працы: філасофская паэма “Аб прыродзе” (Ян Пятроўскі перакладае “Аб Натуры”), якая захавалася толькі часткова, і празаічны твор “Ахілес”, ад якога нічога не засталося.

Сутнасць эўрыстыкі, якая і арганізоўвае ўвесь дыскурс філасофіі Парменіда, досыць выразна кампілюецца з радкоў першай часткі паэмы, якая называецца “Шлях ісціны”. Тут перадусім вядзецца пра ўразуменне фундаментальных сутнасцяў быцця (хаця множны лік стасоўна быцця Парменіда зусім не пасуе):

“На гэтым шляху застаецца

Толькі тое, што Ёсць. На гэтым шляху перад намі

Шмат прыкметаў у яго: яно ненароджанае, несмяротнае,

Цэльнае, адзінароднае, нерухомае, самазавершанае,

Не было і не будзе, але ёсць, але цяпер, але разам,

Задзіночанае, адзінае.

Які ты яму адшукаеш пачатак?

Як і скуль яму ўзнікнуць? З Нябытнага Бытным

Я не дазволю яго ні сказаць, ні падумаць: ні слова

Няма, ні думкі аб тым, што не ёсць. І якая патрэба

З нічога змусіць яго паўстаць — раней ці пазней?

Не: або толькі быць, або толькі не быць яму наканавана”.

***

“Няма нічога ні болей, ні меней — цэласнасць

Не змушаная нічым. Усё адзіным выканана Бытным,

Усё злучанае, што ёсць, Бытным да Бытнага прымкнутае ўсутыч,

Так у межах вялікіх скутаў існуе непарушна

Тое, чаму няма ні канца, ні пачатку…”

Каб залішне не доўжыць цытаванне, бадай, сюды яшчэ далучым толькі наступныя радкі:

“Як жа Бытнаму ў будучым стацца? Як у мінулым пачацца?

Тое, што было, — не ёсць; не ёсць і тое, што ў прышласці.

Вось і згасла Нараджэнне, і зрабілася нячутнай Пагібель”.

Інакш (мовай прозы) кажучы, тое анталагічнае Быццё, якое трымае і ўпарадкоўвае ўсё існае, геаметрычна можна параўнаць з глабальным шарам, хаця галоўнае ў ім зусім не форма, а завершанасць і аднароднасць. Быццё паводле Парменіда было заўсёды, яно ніколі не пачыналася і ў сабе не мае свайго канчатку (мяжы). Да таго ж яно не ведае ні руху, ні часу, ды і прасторава нічым не можа быць пазначанае, бо вышэй згаданы шар патрапіў у паэму, як ужо казалася, толькі ў якасці метафары.

Безумоўна, найбольш выразнай характарыстыкай парменідавага быцця ёсць ягоная абсалютная статычнасць і гэткая ж абсалютная заканцаванасць на самім сабе. Таму, у сутнасным плане, пра яго можна сказаць адно тое, што яно Ёсць. І нічога (нічагусенькі) яшчэ.

Быццё гэта Ёсць. Цяжка сабе ўявіць больш лаканічную і адначасна нагэтулькі завершана поўную формулу падзеі быцця. Уласна, усяго толькі адно слова — Ёсць…

З гэтага зусім натуральна выглядае, што Парменід апантана адпрэчвае існаванне Нішто хоць у якіх праявах. Ужо ва ўступе да паэмы ён гранічна радыкалізуе праблему: “Ёсць” і “Не-быць” (у адным кантыніуме — В.А.) — немагчыма!”. Далей — болей: “Ёсць толькі “Быць”, а нішто — не ёсць”. “Бо нічым нельга запэўніць, што Не-бытнае можа быць”.

У анталагічнай канцэпцыі быцця Парменіда сапраўды няма месца Нішто (нідзе, ні з якога боку і ні ў якім чыне). Але якраз таму ён (першы і як ніхто пасля бадай аж да Гайдэгера) гэтак ярка высветліў усю праблематычнасць праблемы Нішто. Перадусім заўважым, што фармальна выглядае, быццам Нішто для Парменіда не ёсць самадастатковай праблемай. Яно выступае як бы ў якасці метадалагічнага прыёму (ад супраціўнага), з дапамогай якога філосаф спрабуе давесці “экспертнай супольнасці”, што быццё гэта татальнае Ёсць, заканцаванае ў Адно, і менавіта таму ніякае не-быццё тут па азначэнні немагчымае. Але тая палкасць, якая і праз тысячагоддзі адчуваецца ў словах філосафа, калі ён звяртаецца да праблемы Нішто, падказвае, прабачце за трывілізацыю, што не ўсё так проста. Бадай, я не шмат памылюся, калі заўважу: Нішто для філосафа было дэперсаналізаваным апанентам, і ці не апакаліптычнага вымеру, бо калі б яно галосна і пераканаўча абнаявілася, дык умомант занігілявала анталагічную візію Парменіда да астачы. Але паколькі гэты грозны апанент зацята маўчаў, дык Парменід дзеля жывой палемікі падмяніў яго сваім малодшым сучаснікам Гераклітам, які ўсіх запэўніваў, што быццё ёсць толькі станаўленнем (быцця) і арганізаванае гэтае станаўленне якраз бясконцымі пераходамі няма ў ёсць ды наадварот. Пра гэта піша і Ніцшэ (хаця зусім не маючы на ўвазе Нішто як дэперсаналізаванага апанента): “На шляху ён (Парменід — В.А.) сустракаецца з Гераклітам — злашчасная сустрэча! Для яго, для якога ўсё трымалася на жорсткім падзеле быцця і небыцця, гульня антымоніяў Геракліта якраз цяпер мусіла быць глыбока ненавіснай; такое разуменне як: “мы існуем і ў той жа час не існуем”, “быццё і небыццё, па сутнасці, адначасна і тое ж самае і не тое ж самае”, разуменне, паводле якога зноў рабілася замглёным і неразборлівым усё, што ён зрабіў ясным і разгадаў — гэта раз’юшвала яго”.

І далей Ніцшэ ў сваёй інтэрпрэтацыі, надзвычай вольнай, але не менш эмацыйнай, чым у аўтара, пераказвае наступны фрагмент паэмы Парменіда:

“Быць таму, каб сказаць і памысліць Бытнае. Паколькі

Ёсць толькі “Быць”, а нішто — не ёсць: падумай аб гэтым!

Бо я забараняю табе першы шлях пошуку,

Але забараняю і той, па якому блукаюць няздары,

Людзі з дзвюма галовамі, у чыім сэрцы бездапаможнасць кіруе

Абы-чым занятым розумам. Глухія яны і сляпыя,

Мітусяцца, агаломшаныя, нездатнае племя да роздуму,

Тыя, каму быць і не быць — адное і тое і разам з тым

Не адно і тое: заўсёды маюць спосаб адступіцца”.

Базавая тэза Геракіта “Адзінае ёсць многае” для Парменіда не проста абсурдная, а глыбока шызафрэнічная, якую здольныя вымудрыць толькі “двухгаловыя” блытанікі. Дарэчы, таму выклікаюць здзіўленне (і недавер) апошнія словы Парменіда ў аднайменным дыялогу Платона:

“ПАРМЭНІДЭС: Няхай тады да сказанага дадасца яшчэ і тое, што выдаецца, як рэчаіснасць, што існуе адно ці не існуе, адно і іншае адносна саміх сябе як і адно да другога, усе яны, у кожным дачыненні, ёсць і ня ёсць, выдаюцца і не выдаюцца”.

Тут з нейкай уласнай прыхамаці, якая да таго ж канцэптуальна пярэчыць сэнсу ўсяго дыялога, Платон пакладае на вусны Парменіда словы, якія мусіў быў казаць Геракліт, калі б ён удзельнічаў у гэтым сумоўі. Зрэшты, даследчыкі даўно заўважылі, што фіналы некаторых дыялогаў Платона дзіўна пярэчаць іх асноўнай частцы. Між іншым, пра гэта кажа і перакладчык дыялогаў Платона на беларускую мову Ян Пятроўскі (асноўную частку жыцця месціўся ў ЗША).

Мы будзем яшчэ звяртацца да гэтага дыялогу, а пакуль паслухаем Яна Пятроўскага, які коратка фармулюе ягоны сэнс наступным чынам:

“Ён (Парменід — В.А.) чыніць выснаў, што калі наагул сьвет рэальны існуе […], тады мусіць быць… І тут выступаюць тры элейскія гіпатэзы:

Першая гіпатэза: Існуе толькі Адно; бо калі болей, чым адно, тады адзінасць будзе распадзеленая “нечым іншым, што ня ёсць”.

Другая гіпатэза: Гэтае Адно зьяўляецца вечным і нязьменным. Бо гаварыць пра зьменнасць або зьнішчэньне ў сьвеце — гэта раўназначна таму, што казаць, што рэчаіснасьць у пэўным часе “ня ёсць тым, чым была”; зноў жа, казаць, што “тое, што ёсьць” — “ня ёсьць” — зьяўляецца супярэчнасьцю і немагчымасьцю.

Трэйцьця гіпатэза: Адно знаходзіцца ў стане супачынку. Гэта выяўляецца зь ягонага сьцверджаньня, што “усё ёсьць напоўненае тым, чым яно ёсьць”. Калі яму немагчыма прызнаць супыненьня або недахопу аднароднасьці і калі “тое што ня ёсць, ня ёсьць”, тады немагчыма давесьці неабходнасьці руху ў прасторы”.

У дыялогу “Парменід”, дзе акрамя загалоўнага героя бяруць удзел такія слынныя філосафы, як Зенон, Сакрат (малады) і Арыстоцель (яшчэ маладзейшы), Платон бліскуча разгортвае ўнутраную логіку разваг Парменіда, якія ў паэме пераважна выкладзеныя ўжо ў выніковай, рытарычна абагульненай (і публіцыстычна завостранай) форме. Звернем увагу хаця б на адзін, памерам зусім лакальны, але сутнасна надзвычай ёмісты фрагмент, бо ў ім, як у кантыніуме, задзіночаныя падставовыя пачаткі праблемы Нішто.

“ПАРМЭНІДЭС: Але тое, што не існуе, не мае ніякіх характэрных для сябе рысак або якіх-небудзь суадносінаў?

АРЫСТОТЭЛЕС: Як гэта?

ПАРМЭНІДЭС: Бо не існуе для яго ані імя, ані слова, ані веды пра яго, ані пачуцьцёвае ўспрыймо яго, як і думка адносна яго.

АРЫСТОТЭЛЕС: Ясна, што не.

ПАРМЭНІДЭС: Тады немагчыма назваць яго, і нічога з таго, што існуе, ня можа пачуцьцямі ўспрыняць яго”.

Да гэтага фрагмента тут дадамо толькі выніковыя рэплікі Парменіда і Арыстоцеля, якія прагучалі напрыканцы дыялога.

 “ПАРМЭНІДЭС: Тады ці ня можам мы падсумаваць усе нашыя выказванні і праўдзіва сказаць: калі Адно не ёсць, дык нічога не існуе?

АРЫСТОТЭЛЕС: З найбольшай пэўнасцю”.

У эўрыстыцы Парменіда ёсць яшчэ адзін надзвычай істотны момант, які наўпрост быццам і не тычыцца праблемы Нішто, але які насамрэч мае для яе прынцыповае значэнне. Таму на “развітанне” з Парменідам мы не можам не згадаць абарваны з усіх бакоў і пазбаўлены кантэкста радок паэмы, які гучыць наступным чынам: “…мысліць і быць — ці не адно гэта тое самае?..” (У іншым перакладзе тут не пытанне, а цверджанне: “…Бо мысліць — тое самае, што быць…”). У гэтых словах Парменід упершыню сфармуляваў ці не асноўную праблему еўрапейскай метафізікі, для якой пытанне тоеснасці быцця і мыслення заставалася стратэгічным праз усе эпохі, але якое так і “правісла” не вырашаным, прынамсі, пераканаўча. (Я ўжо не кажу пра розныя ўскосныя праявы гэтай эўрыстыкі Парменіда, да прыкладу, згадаем хаця б славутае дэкартаўскае “Cogito ergo sum”, ці гайдэгераўскае: “мова — Дом быцця” і г.д.).

У анталагічным дыскурсе, дзе быццё па азначэнні тоесніцца з мысленнем, можна, і нават лёгка, пагадзіцца (прынамсі, узяўшы пад увагу ўдакладненні Платона ды Арыстоцеля), што Парменід развязаў, зыходзячы з фармальнай логікі (А=А), праблему Нішто, лагічна давёўшы ягоную немагчымасць, паколькі можа існаваць альбо адно анталагічнае Ёсць, альбо адно анталагічнае Няма. Аднак Парменід, хоць і тоесніць быццё з мысленнем, але разам з тым непарушнасць і цэласнасць быцця разгортвае на ўвесь акрэс бытнага. Гэта значыць упісвае ў яго ўвогуле ўсё, што ёсць. Да таго ж рашуча адмаўляе нават магчымасць хоць якой іншай пазіцыі (палеміка з Гераклітам).

Але калі насамрэч усё інакш, калі анталагічнае быццё ёсць толькі (і толькі) у мысленні і адно дзеля мыслення, а значыць, і не мае ніякіх каналаў лучвы з дыскурсам “другой філасофіі”, які ўпарадкаваны і трымаецца прычынамі ды падставамі, пазбаўленымі хоць якой агульнасці з тым, што мы метафізічна называем Быццём (ну, скажам, законамі тэрмадынамікі ці чым там яшчэ)? Што тады? Зразумела, гэты сумнеў не ў нашыя часы паўстаў. Болей за тое, яшчэ ў пару сярэднявечча “наміналісты” (Бергнгар, Расцелін, Абеляр) даводзілі, што ўсе універсаліі (натуральна, і Быццё, і Адзінае таксама) увогуле з’яўляюцца суцэльнай аблудай, паколькі нічога такога ў рэальным рэальна не існуе. Маўляў, ёсць толькі адзінкавае, сінгулярнае.

Адказ на ўласнае запытанне: “Што тады?”, што калі з логікі вынікае не анталогія, а ўсяго толькі метафізічная аблуда пад назвай “анталогія быцця” (паводле Канта — трансцэндэнтальная ілюзія), мы будзем шукаць у наступных лекцыях, а пакуль звернем яшчэ трохі ўвагі на прамоўленае Парменідам.

Можна толькі пашкадаваць, што ад другой часткі (“Шлях меркаванняў”) паэмы ацалела вельмі мала, каб мы маглі пэўна меркаваць, як аўтар спалучае “першую філасофію” з “другой” у праекцыі на сваю прынцыповую пазіцыю: усё толькі ёсць. “Другі свет” Парменіда, наяўны, бачны, вобраз якога фармуецца меркаваннямі паспалітага чалавека, поўніцца рухамі і зменамі, выяўленымі праз розныя апазіцыі (ноч — дзень, мужчына — жанчына). Але па сутнасці Парменід адмаўляў гэтаму свету звычаёвых меркаванняў у ісціннасці, што пазней вельмі выразна праілюструе Платон у сваёй прытчы “Пячора”. Бо паводле Парменіда дынамічны “другі свет” магчымы толькі таму, што яго арганізоўвае і трымае “першы” (свет ісціны), які ўяўляе з сябе абсалютную статычнасць і непарушнасць. Прынамсі, менавіта гэтак мы адважымся праінтэрпрэтаваць сукупны сэнс ацалелых фрагментаў паэмы.

Наступныя словы Парменіда, бадай, можна лічыць яго анталагічным запаветам:

“Уваж тое, што не побач, але што на ўвеце неадчэпна,—

Бо розуму не рассекчы лучву Бытнага з Бытным,

Ні раскідаўшы яго да астачы ў хоць якім парадку,

Ні разам знітаваўшы”.

4. Наастачу

“Старыя грэкі” выявілі нечаканую салідарнасць, усім сваім філасофскім хаўрусам падтрымаўшы, калі можна так сказаць, анталагічны “монатэізм”. Гэта выглядае досыць нечаканым для людзей, ментальныя ўстаноўкі якіх усё яшчэ заставалаіся пад магутным уплывам міфалагічнага “політэізму”. Бо добра вядома, што хаця пантэон грэцкіх багоў і цэнтраваўся Зеўсам, але па сутнасці роля і вага апошняга былі не большымі, чым у спікера сучаснага парламента. А значыць, быццё арганізоўвалася (і прэзентавалася) не кімсьці з багоў паасобку, а багатым суплётам рознавымерных сакральных сілаў, якія няспынна канкуравалі паміж сабой за “метафізічны” ўплыў на тадышні грэцкі электарат. Таму перарух, які прарабіла антычнае філасафаванне ад міфалагічнага “політэізму” да анталагічнага “монатэізму”, мне бачыцца адной з самых буйных інтэлектуальных рэвалюцый у гісторыі еўрапейскага мыслення і, шырэй, — ментальнасці.

Праўда, салідарна пагадзіўшыся, што ўсё быццё ёсць Адно, антычныя філосафы не злагодзіліся наконт фармату і сутвы гэтага Аднаго. Паўсталае рознагалоссе ў найбольш канцэнтраваных і радыкальна разлучаных станах ілюструюць Анаксімандр (Геракліт), якія апейрон (быццё) нагружалі магутнай ды няспыннай дынамікай, і Парменід, заканцаваўшы яго ў абсалютную статыку.

Але нас гэтым разам інтэлектуальная рэвалюцыя “старых грэкаў” цікавіць не столькі веліччу здзейсненага, колькі тым, што асыпаўшы на друз міфалагічнае мысленне, яны высветлілі актуальнасць праблемы Нішто.

Таму наастачу першай лекцыі пералічым у вынятках інтэгральныя вынікі рэфлексавання антычных філосафаў з нагоды гэтай праблемы:

Фалес, Анаксімандр: нічога не ўзнікае і не гіне;

Геракліт: быццё і небыццё па сутнасці адначасна і тое ж самае і не тое ж самае;

 — Парменід: ёсць толькі Ёсць, а ніякага Няма — няма;

Леўкіп, Дэмакрыт: небыццё існуе не менш, чым быццё;

Анаксагор: як нешта можа паўстаць з небыцця ці зніштожыцца ў небыццё?!;

Платон: нішто — гэта “іншае” адносна быцця, але не супрацьстаіць яму;

Арыстоцель: не-сутнае ёсць, аднак не ў непасрэдным сэнсе, а ў тым, што яно ёсць не-сутнае.

А завершыць гэтую лекцыю я хацеў бы ўжо цытаваным выказваннем Парменіда пра быццё:

“…ні слова

Няма, ні думкі аб тым, што не ёсць. І якая патрэба

З нічога змусіць яго паўстаць — раней ці пазней?

Не: або толькі быць, або толькі не быць яму наканавана”.

Безумоўна, гэта адсюль паходзіць самае вусцішнае запытанне стасоўна быцця, якое хоць калі прамаўляў чалавек: чаму ёсць нешта, а не нішто? (Лейбніц).

backward Зьмест
ЗЬМЕСТ

Лекцыя 1. “Старыя грэкі” і
Парменід

Лекцыя 2. “Забыццё быцця” і Марцін Гайдэгер

Лекцыя 3. Быццё і Нішто паводле Сартра

 

ПОШУК