ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | ФІЛЯЗОФІЯ/ЛІТАРАТУРА

 

ВАЛЯНЦІН АКУДОВІЧ. НАЦЫЯНАЛЬНАЯ ПАРАДЫГМА:

РАКУРС КАНЦЭПТУАЛЬНАЙ ПЕРАМЕНЫ

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыі 3—4

Лекцыя 5

Лекцыі 6—7

Лекцыі 8—9

План:

1. Зачын

2. Воля да ўлады

3. Ідэя Адраджэння

4. Мова (Знак бяды)

5. Наастачу

6. Літаратура

 

1. Зачын

У сучасным інтэлектуальным дыскурсе апазнана мноства (безліч) гісторый: ад гісторыі свету (і сусвету) да гісторыі гісторыі. Усё ідзе да таго, што колькасць сфармуляваных гісторый некалі можа стацца роўнай колькасці падзей, якія сістэмна разгортваліся хоць у якой сферы дзейнасці чалавека. Але вось дзіва, ніхто, здаецца, нават не спрабаваў стварыць гісторыю эмоцый, хаця ўсё, што чалавек дзеіць, і ўсё, што з чалавекам дзеецца, мае свой эмацыйны эквівалент. Больш за тое, гісторыя чаго заўгодна, як і сама гісторыя ў сваім цэлым, завязаная і наўпрост злучаная з эмацыйным чалавека, пераважна з эмацыйнага паходзіць і ім жа канцуецца. Урэшце, чалавек імкнецца да асалоды, грошай, славы, перамог не дзеля іх саміх, а дзеля тых эмоцый, што імі спараджаюцца. І нішто ў свеце чалавека не можа быць вызначанае за вартае (вартаснае), калі яго каштоўнасць не канстытуецца эмацыйным. А вось само эмацыйнае за вартасць чамусьці не лічыцца, хаця менавіта на ім штодня трымаецца жыццё кожнага чалавека, як і чалавецтва ўвогуле.

Праўда, тут лёгка запярэчыць, заўважыўшы, што адсутнасць гісторыі эмоцый супольна кампенсуе гісторыя літаратуры, мастацтва, рэлігіі... Але гэта не зусім так, бо хаця самі эстэтычныя віды дзейнасці (творчасці) і ўнаяўліваюць эмацыйнае, аднак іхнія гісторыі — гэта ўжо гісторыі менавіта літаратуры, мастацтва, рэлігіі...

Усё гэта я кажу да таго, што неўзабаве мы эмацыйна забудземся (калі ўжо не забыліся) на тое Тэктанічнае Узрушэнне, якое цягам амаль дзесяцігоддзя (ад сярэдзіны васьмідзесятых да сярэдзіны дзевяностых) ахапіла і трымала дзень у дзень сотні мільёнаў людзей Еўразійскага кантынента (а ягонае рэха ўвесь гэты час хадуном хадзіла па ўсёй зямной кулі).

Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб уласным сэрцам пражыць гэтую эпоху “буры і націску”, калі пад напорам новай веды і новай волі да ўлады бурыліся дзяржаўныя муры і межы, іначыліся ды паўставалі не існуючыя раней краіны і ў кожнай асобна ўзятай галаве буяла свая рэвалюцыя...

Нарадзіцца варта было адно дзеля таго, каб перажыць гэтую Вялікую Эмоцыю, пасля якой ты аднойчы прачнуўся ў тым самым сваім жыцці, але ўжо зусім іншым чалавекам і ў зусім іншым свеце…

Згадваючы пра распад камуністычнай імперыі, звычайна дадаюць эпітэт “апошняя”, што, з майго гледзішча, вельмі не дакладна. Загінула якраз першая сучасная імперыя, сфармаваная ўжо на ідэалагічным канструкце. Гэта значыць, знікла не проста яшчэ адна (апошняя) імперыя, а на нашых вачах дыскрэдытавала сябе цывілізацыя, якая больш за стагоддзе прапаноўвала сябе ў якасці мадэрновага праекта ўсеагульнага светаўладкавання.

Менавіта адсюль і паходзіць той тэктанічны эмацыйны стрэс, які звычайна тлумачыцца ўсяго толькі геапалітычным і сацыяльным ператрусам...

Насамрэч крах камуністычнай цывілізацыі пазбавіў чалавецтва нечага значна большага — логацэнтрычнай ідэі прагрэсу, а значыць, і будучыні ўвогуле як вектара руху наперад.

2. Воля да ўлады

Я нарадзіўся, вырас і асталеў у татальна несвабоднай краіне сярод спадчынна несвабодных людзей. Тых некалькі гадоў канца васьмідзесятых — пачатку дзевяностых, якія досыць умоўна можна назваць парой свабоды, натуральна, было замала, каб зразумець, чым насамрэч ёсць рэальная свабода. Іх хапіла, бадай, адно на тое, каб усвядоміць увесь папярэдні досвед жыцця, як досвед несвабоды. Адсюль і хада маіх наступных разваг…

Як гэта ні дзіўна, але пафаснае меркаванне, сфармуляванае ў больш рамантычныя ад нас эпохі, што чалавек нараджаецца свабодным і таму скрозь усё сваё жыццё імкнецца да свабоды як да найвялікай каштоўнасці, усё яшчэ застаецца ва ўжытку. Хаця сёння кожны добра ведае, што ўсе тыя свабоды, якія ў сярэдзіне ХХ стагоддзя зафіксавала “Дэкларацыя правоў чалавека”, былі літаральна заваяваныя ў сацыяльных войнах і рэвалюцыях, гэта значыць навязаныя чалавецтву гвалтам, праз крыўду, кроў і прымус.

Але калі свабода — гэта найвялікая каштоўнасць для ўсіх і кожнага, то чаму яна ўсталёўваецца не праз згоду, зусім натуральную ў такім выпадку, а праз гвалт адных людзей над другімі? Ды пэўна ж таму, што сацыяльна свабода ніколі не была для чалавека абсалютнай каштоўнасцю, прынамсі, яна ніколі не была каштоўнасцю большай за несвабоду, і прыкладаў таму лічыць — не пералічыць. Падчас Рымскай імперыі свабодныя плямёны варвараў добраахвотна прасіліся да рымлян у рабы (і яшчэ не ўсіх і не заўсёды бралі), бо стан рабства забяспечваў больш высокі ўзровень дабрабыту, чым жыццё ў беспрытульнай волі. Рабы-негры поўдня Паўночнай Амерыкі самаахвярна падтрымлівалі сваіх рабаўладальнікаў у вайне з федэратамі, якія хацелі іх вызваліць ад рабства... Найбольш незадаволенымі адменай прыгоннага права ў Расейскай імперыі былі не памешчыкі, а прыгонныя. Зрэшты, рэч не ў асобных прыкладах, дзе памкненне да несвабоды кожны раз можна патлумачыць ці то гістарычнымі, ці то сацыяльна-псіхалагічнымі матывамі. Рэч у тым, што ўся зафіксаваная гісторыя чалавецтва сведчыць аб заўсёднай і таму, пэўна ж, натуральнай патрэбе сацыяльнага чалавека ў несвабодзе. І дэмакратычны лад жыцця мы сёння лічым за найлепшы з пакуль магчымых не толькі таму, што з яго чалавек мае права на свабоду, але яшчэ і таму, што тут чалавек гэтаксама мае права выбраць сабе несвабоду.

Адабраць у чалавека права на несвабоду — гэта яшчэ больш жорстка, чым адняць у яго права на свабоду, бо той, каго паклікаў геній волі, так ці інакш, але здабудзе яе ў барацьбе, перамозе альбо смерці, а няволю можна толькі атрымаць як сваё натуральнае права…

Воля — занадта цяжкая ноша, каб яе сілком узвальваць на плечы таго, хто не жадае яе несці добраахвотна.

Вось чаму канстытуцыя кожнай дэмакратычнай краіны (як і “Дэкларацыя правоў чалавека”), — гэта кансэнсус паміж правам чалавека на свабоду і правам на несвабоду. І хаця права на апошняе ўсе канстытуцыі, як і “дэкларацыя”, сарамліва ўтойваюць, але насамрэч яно заканстытуяванае ў той жа меры, як і першае. І гэтым правам на несвабоду людзі раз-пораз карыстаюцца, праўда, з рознымі для сябе, а здараецца, і ўсяго чалавецтва вынікам. Так ім скарысталіся ў 1933 годзе ў Нямеччыне, падчас апошняга рэферэндуму ў 1991 годзе ў Савецкім Саюзе, вясной таго ж года ў Беларусі, калі калоны рабочых мінскіх заводаў рушылі праз увесь горад на плошчу Незалежнасці.

Некалькі дзён запар усе найбуйнейшыя тэлекампаніі свету ў аглядах навін паказвалі сваім гледачам гэтае ўнушальнае відовішча. Паказвалі як прыклад абуджэння беларускага народа ад таталітарнага сну, як жаданне і здольнасць рэалізоўваць маладой беларускай дэмакратыяй свае правы і свабоды. Прыкладна ў такім жа ракурсе асвятлялі і аналізавалі гэтую падзею айчынныя і замежныя публіцысты, палітолагі, тэарэтыкі. Тагачасны лідэр беларускай апазіцыі Зянон Пазняк даваў шматлікія інтэрв'ю амерыканскім журналістам (ён тады быў у Амерыцы), дзе казаў, што ганарыцца беларускім народам, які гэтак магутна і цывілізавана прадэманстраваў усяму свету прагу свабоды, незалежнасці і дэмакратыі... Праўда, у беларускіх незалежных мас-медыя праз агульны хор захаплення няўзнак праслізгвала адчуванне нейкай насцярожанасці, бо было абсалютна незразумела, з чаго гэта беларускаму рабочаму аднойчы ранкам захацелася не піва, а свабоды?

Але ні тады, падчас тых падзей, ні да гэтай пары, здаецца, ніхто так і не ўсвядоміў, што ў тыя дні з розных канцоў Мінска рухалася ў адным накірунку не свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь, а ў маўклівых, бясконцых калонах рушыла тады на плошчу Незалежнасці беларуская Вандэя.

Менавіта так — на галоўную плошчу сталіцы мерным крокам рухалася беларуская Вандэя, сацыяльная правінцыя нашай краіны, якая ў 60—70-х гадах пераехала з вёсак і мястэчак і цяпер патрабавала ад ужо дэмакратызаванага (у пэўным сэнсе) Вярхоўнага Савета вяртання сабе сітуацыі несвабоды. І хаця над стотысячным натоўпам сям-там луналі бел-чырвона-белыя сцягі, і ў прамовах выступоўцаў паміж патрабаваннямі падвышэння зарплаты і зніжэння цэн чуліся палітычныя заклікі да адстаўкі ўрада (між іншым, у нейкай меры таксама прызначанага праз дэмакратычныя працэдуры), і хапала слоў пра свабоду і дэмакратыю, але насамрэч гэта быў магутны пратэст супраць перабудовы, рэформаў, блізкага развалу Савецкага Саюза, ліквідацыі сацыялізму і ўсталявання дэмакратыі, пратэст, які беларуская Вандэя тады яшчэ не магла (ці пакуль не адважвалася) адэкватна сфармуляваць. Але міне некалькі гадоў, і наша сацыяльная правінцыя сфармулюе свае патрабаванні ў адэкватных формулах, калі на выбарах прэзідэнта аддасць свае галасы не Шушкевічу, а Лукашэнку, калі на рэферэндумах прагаласуе супраць роднай мовы, нацыянальнай сімволікі, незалежнасці і нават супраць таго, каб самім свабодна выбіраць сабе мясцовую ўладу.

Але я не маю намеру, як магло падацца з папярэдняга, нагружаць метафару Вандэі негатыўнымі значэннямі (менавіта ў негатыўным значэнні аднавіў яе на Беларусі Алесь Адамовіч у пару перабудовы). Бо памкненне сацыяльнай правінцыі да несвабоды кажа не пра ўласна несвабоду, а пра тое, што каштоўнасці гэтых людзей палягаюць на нечым іншым.

Шматкроць і недвухсэнсоўна выказаны пратэст беларускай сацыяльнай правінцыі супраць шматлікіх спроб навязаць ёй паўз яе волю палітычныя, грамадскія і эканамічныя свабоды пераканаўча сведчыць, што яна выразна ўсведамляе: гэта не яе свабоды і яны не для яе, а для некага іншага, і таму ёй гэтыя свабоды для іншага не сёння, дык заўтра, але напэўна вылезуць бокам.

Не думаю, што наша сацыяльная правінцыя моцна памылялася тады і памыляецца цяпер. Бо няма ў прыродзе ніякай абстрактнай свабоды, нейкай адной свабоды для ўсіх. Кожная свабода — гэта свабода для некага. Свабода, як зубная шчотка, рэч надзвычай канкрэтная і ў кожнага свая. Крот у нары не менш свабодны за ластаўку ў небе. Проста ў іх розныя кшталты і гарызонты свабоды. І калі крата ўхапіць за карак і шпурлянуць у неба, то ён пэўна будзе мець рацыю, калі палічыць гэта за гвалт, а не за дараваную яму свабоду трохі палётаць.

Свабода слова, свабода друку для мяне як літаратара — гэта не абстракцыя, а такая ж канкрэтная прылада працы, як асадка і аркуш паперы, за якую мне мае сэнс змагацца, бо без магчымасці нязмушана выказваць свае думкі я не здолею паўнавартасна рэалізаваць сябе ў сваёй дзейнасці, а з гэтага як бы не дажыву наканаваны мне век. І таму той, хто адымае ў мяне свабоду слова, адымае ў мяне не нешта абстрактнае, а крадзе ў мяне маё, забірае ў мяне частку мяне самога. З гэтага зусім натуральна будзе, калі я крыкну яму: “Злодзей!..”

Але калі нехта забірае ў мяне мае каштоўнасці ў выглядзе свабоды друку, то адсюль зусім не вынікае, што гэтым ён абірае і ўсіх астатніх. Бо якую каштоўнасць могуць уяўляць свабода слова, свабода друку, скажам, маім бацькам, якія за ўсё сваё дарослае жыццё, бадай, не прачыталі ніводнай кніжкі, ніколі не гарталі газет (за выключэннем хіба тых выпадкаў, калі там друкаваліся тэксты іх сына з фотаздымкам), а па тэлевізары глядзелі ўсё, што заўгодна, акрамя інфармацыйных і палітычных перадач? Дык што ім да таго, ёсць там нейкая свабода слова ці яе няма, забараняюць выдаваць нейкія газеты ці не. Вось калі б па вясне забаранілі бульбу садзіць, а перад калядамі калоць парсюка — тады іншая рэч. З газет і парламента сытым не будзеш, а з бульбы ды парсюка сам пражывеш, дзяцей выгадуеш і на ўнукаў яшчэ ўспееш пацешыцца.

Адсюль іхні недавер да ўсялякіх свабод, што разумнікі ў сталіцах выдумляюць, бо не бачна з тых свабод ніякай карысці чалавеку, які жыве з мазаля. Пэўна, разумнікам з іх свабод і станецца нейкая выгода, а для паспалітага люду пры любой уладзе адна свабода: жыццё паміж хлявом і полем дарэшты стаптаць (гарадскі варыянт: паміж заводам і аўтобусным прыпынкам).

Зразумела, што стаптаць сваё жыццё паміж хлявом і полем і стаптаць яго на аркушы паперы — гэта два розныя лады жыцця, якія абапіраюцца на канцэптуальна розныя каштоўнасці. У першым выпадку на анталагічныя каштоўнасці быцця, дзе дамінуюць забеспячэнне самога сябе існаваннем, а чалавецтва — працягам твайго роду, у другім — на экзістэнцыйныя, дзе вядуць рэй праблема выбару ў рэалізацыі патэнцыялу індывідуальнага “я”.

Быццё не ведае катэгорыі свабоды (свабода ёсць выключна катэгорыяй экзістэнцыі). Таму сацыяльная правінцыя ў сваёй арыентацыі на анталагічныя каштоўнасці, якія толькі і забяспечваюць чалавека быццём, выбірае сабе несвабоду, а свабоду пакідае сацыяльнай сталіцы як месцу, дзе акумулююцца экзістэнцыйна актыўныя суб'екты.

Менавіта высілкамі экзістэнцыйна заклапочаных, якія імкнуцца да пошуку і выяўлення межаў уласнага “я”, катэгорыя свабоды і набыла тое значэнне, якое яна сёння мае, але прыгожы вобраз якога зусім не падобны на яго сутнасць. Ідэалізуючы катэгорыю свабоды, нагружаючы яе значэннем абсалютнай каштоўнасці, апантаныя праблемамі ўласнай экзістэнцыі, па-расейску кажучы, “лукавят”. Нічога асабліва прыгожага і гуманнага ў свабодзе няма, прынамсі, няма там гэтага больш, чым у несвабодзе. Шматлікія свабоды — гэта тыя ж “правы” больш моцных, больш актыўных, больш разумных, больш прагавітых выяўляць сваю ўладу над менш моцнымі, менш разумнымі, менш прагавітымі, — толькі ўжо не самачынным гвалтам, а пад абаронай канстытуцыі і дэкларацыі аб правах.

Увогуле, трэба досыць выразна ўсведамляць, што свабода — гэта ўсяго толькі адна з форм выяўлення волі да ўлады. Як толькі недзе завялася прага свабоды, то значыць там нехта ці нешта добра набрыняла ўладным патэнцыялам. Вялікая французская рэвалюцыя, якая сфармулявала знакамітую трыяду “Свабода. Равенства. Братэрства”, сваім крывавым фактам засведчыла не надыход эпохі свабоды, а пераход улады ад арыстакратыі да нацыянальнай буржуазіі. І гэта тычыцца не толькі палітычнай, але і кожнай іншай свабоды. Пакуль Гутэнберг не выдумаў друкарскі варштат, нікому нават да галавы не было казаць пра нейкую там свабоду пісьма. Але як толькі гэты варштат даў магчымасць далучыцца да вырабу слоў сотням, тысячам разумных, актыўных, прагных, то яны адразу запатрабавалі сабе свабоды, каб мець канстытуцыяй гарантаваную магчымасць рэалізаваць сваю волю да ўлады над чытачом... І ўрэшце яны яе атрымалі: у ХХ стагоддзі прэса рэальна стала чацвёртай уладай, хаця гэтая ўлада пакуль што яшчэ і застаецца юрыдычна не аформленай.

І калі на Беларусі пасля распаду СССР з розных бакоў пачалі гучаць патрабаванні тых ці іншых свабод, то гэта найперш азначала, што ў нашай сацыяльнай сталіцы выспела значная колькасць экзістэнцыйна заклапочаных асоб, якія ўжо прагнуць рэалізаваць сваю волю да ўлады праз свабоду слова, свабоду друку, свабоду палітычных і грамадзянскіх арганізацый ды ўсялякія іншыя свабоды. Шкада толькі, што гэткіх асоб пакуль замала, каб яны маглі злучыцца ў цэлыя сацыяльныя страты, якія адсунуць сацыяльную правінцыю ад сацыяльнай сталіцы на належнае ёй месца — у “Вандэю”. Бо Беларусь толькі тады рэальна стане суб'ектам гісторыі, калі сама ператворыцца ў аб'ект рэалізацыі экзістэнцыйных памкненняў тых, хто прагне свабоды Беларусі як рэалізацыі ўласнай волі да ўлады. Але, імкнучыся наяве здзейсніць гэтыя собскія памкненні, наўрад ці мае сэнс наракаць на сацыяльную правінцыю, якая затулілася ў сваю несвабоду і турбуецца адно пра тое, каб у пару забуяла бульба ды не спазніліся завезці дровы на зіму.

У сацыяльнай правінцыі і сацыяльнай сталіцы розныя меры адказнасці. Першая адказвае за быццё ў яго анталагічнай цэласнасці, а другая — толькі за ўласную экзістэнцыю, што прагне выразніцца праз розныя свабоды як найбольш эфектыўныя і цывілізаваныя формы выяўлення волі да ўлады. І сярод іх — праз нацыянальна зарыентаваныя формы (да прыкладу, праз ідэю Адраджэння, якая гэтак шырока была заманіфеставаная на Беларусі ў першай палове дзевяностых гадоў).

3. Ідэя Адраджэння

Незалежнасць Беларусі была аб'яўлена 25 жніўня 1991 года. Тую пару варта згадваць па днях і нават гадзінах, але падрабязны роспіс падзей аніяк не стасуецца з абраным тут фарматам. Мусім адно заўважыць, што апошнія два-тры гады, якія папярэднічалі з'яўленню Рэспублікі Беларусь, былі з дня ў дзень роўнавялікімі святу Незалежнасці.

Усё пачалося, як вядома, з “гарбачоўскай перабудовы”, дакладней з павальнага і нястомнага чытання “прагрэсіўных” газет і часопісаў, што паўсталі на тле задэклараванай Гарбачовым свабоды слова.

Некалькі гадоў татальнага і добраахвотнага лікбезу столькі ўсяго перайначылі ў галовах людзей, што яны пакрысе пачалі перасоўвацца з дыскусійных кухняў на вуліцы ды пляцы і тым распачалі пару “вулічнай (ці мітынговай) дэмакратыі”. Ужо ў 1989 годзе даволі часта здаралася, што ў той самы дзень і час, але ў розных месцах Мінска адразу роілася некалькі мітынгаў. Неўзабаве мітынговая эпідэмія распаўсюдзілася на абласныя цэнтры, а затым і на многія мястэчкі. Адно толькі вёска не ладзіла палітычных сходаў, аднак гэта не азначала, што вёска не мітынгавала на прызбах, лаўках, за чаркай і за сваркай.

Потым, асабліва пасля першага “Чарнобыльскага шляху”, буйным мітынгам сталі папярэднічаць шматтысячныя шэсці пад бел-чырвона-белымі сцягамі. І гэта было файна!

Краіна бурапеніла. Дакладней, бурапеніў увесь еўразійскі свет, і мы разам з ім. Антыкамуністычны шал энергетычна быў настолькі магутным, што на сваім шляху амаль вокамгненна (як для гісторыі) трушчыў і ніштожыў самыя трывалыя палітычныя збудаванні ды канструкцыі. Але досыць хутка ўвідавочнілася, што сам антыкамунізм не ёсць альтэрнатывай камунізму, што гэтую альтэрнатыву яшчэ трэба вынайсці і сфармуляваць. Тады ў пераможную апазіцыю і была закааптаваная дэмакратыя, чаго, зрэшты, і не выпадала ўнікнуць, бо ў глабальным сэнсе “краіны дэмакратыі” ўжо досыць даўно выступалі ў супраціў камуністычнаму блоку і добра прыклалі руку да заняпаду “імперыі зла”.

Таму далей усе палітычныя падзеі будуць разгортвацца амаль выключна ў формах дэмакратычнай атрыбутыкі і рыторыкі. Але і толькі. Бо сапраўдную палітычную сутву часу выявіць нешта зусім іншае. А менавіта, пад “дымавой завесай” дэмакратычных перамен на стратэгічныя пазіцыі высоўваўся нацыяналізм. І хаця ўсе тыя краіны, што наноў аб'яўлялі пра сваю незалежнасць (ад Венгрыі да Манголіі) ці прагалошвалі яе ўпершыню (як Малдова), спяшаліся наперад усяго заявіць пра свой дэмакратычны выбар, аднак насамрэч яны перадусім выбіралі для сябе нацыяналізм і менавіта на ягоным грунце будавалі свае дзяржаўныя ўтварэнні, дзе атрыбуты дэмакратыі выконвалі пераважна адно фармальныя функцыі альбо ўвогуле былі ўсяго толькі вітрынай.

А цяпер збочым ад праблем татальнага рэваншу нацыяналізму ў адзін з ягоных абсягаў, найбольш істотны для нашай гаворкі. Паперад усяго звернем увагу, што тыя дзяржавы, якія сфармаваліся на фрагментах распалага СССР, узялі сабе за аснову моўна-этнічную нацыянальную мадэль. Гэтак сталася нават там, дзе этнічна карэннае насельніцтва не пераважала (ці пераважала нязначна) у агуле насельніцтва краіны. Як і там, дзе ў значнай колькасці прысутнічалі прадстаўнікі самых розных нацыянальнасцей. У першым выпадку перадусім маецца на ўвазе Латвія і Эстонія, у другім — Казахстан.

Чаму так атрымалася, адказаць зусім не проста. Верагодна адной з прычын (хай сабе і не асноўнай) было тое, што за камуністамі тэорыяй нацыяналізму публічна было забаронена займацца, калі такім заняткам не лічыць бязлітасную прапагандысцкую крытыку нацыяналізму як такога. Таму для тых лідэраў, якія прыйшлі ў палітыку на “хвалях перабудовы”, бадай нават не да галавы было, што акрамя моўна-этнічнага ёсць яшчэ нейкія іншыя спосабы нацыянальнага ўладкавання. Пэўна, істотную ролю ў гэтым выбары адыграў і той факт, што ў першай чвэрці дваццатага стагоддзя многія з будучых савецкіх рэспублік спрабавалі стварыць свае незалежныя дзяржавы ў прасторы “этнаграфічных межаў” і цяпер механічна працягвалі раней запачаткаваную традыцыю. А да ўсяго гэтага, безумоўна, дадалося і тое, што на Еўрапейскім кантыненце гэтая мадэль дасюль застаецца найбольш пашыранай, і калі хоць дзе вядзецца гаворка пра нацыянальную дзяржаву, то амаль заўсёды на ўвазе маецца дзяржава, дзе дамінуе тытульная нацыя з усімі сваімі асноўнымі атрыбутамі (мовай, гісторыяй, традыцыяй, культурай...).

Натуральна, можна і далей расшукваць тыя падставы і прычыны, што паўплывалі на “адзінадушны” выбар, але нам тут істотна іншае, а менавіта, што Беларусь у сваім выбары таксама ўхапілася за агульную тэндэнцыю, нават не парупіўшыся пра сістэмны аналіз уласнага “моўна-этнічнага” патэнцыялу. Але асноўную гаворку на гэтую тэму мы распачнем крыху пазней, а пакуль звернем увагу на ідэю Адраджэння, якой і была падрыхтаваная практычная рэалізацыя моўна-этнаграфічнай мадэлі.

Як быццам палягае навідавоку, што ідэя нацыянальнага Адраджэння (гэтаксама і Народнага фронту) запазычаная ў “прыбалтаў”, якія раней за іншых сталі на сепаратны шлях і шмат чаго ўжо паспелі сфармуляваць да таго моманту, калі нацыянальны рух на Беларусі набыў хоць нейкую моц. І гэта сапраўды так было. Разам з тым будзем усведамляць, што як толькі палітычны акцэнт перастварэнняў перасунуўся з антыкамунізму на этнакультурную традыцыю, то ва ўмовах Беларусі ідэю Адраджэння нельга было абмінуць незалежна ад таго, існавала яна ўжо недзе, ці яе трэба было вынайсці самім беларусам. Рэч у тым, што на тую пару супольнымі намаганнямі камунізму і расейскага нацыяналізму ўсё ўласна нацыянальнае на Беларусі было вынішчана амаль ушчэнт. І таму ў сітуацыі вышэй згаданага выбару не прадбачылася іншага выйсця, акрамя як пачаць інтэнсіўнае і адначасна карпатлівае ўзнаўленне, адраджэнне, рэканструяванне наўсцяж зніклага, каб адсланіць ад сябе пустату абрысамі і пазнакамі былога...

Праўда, апошні мой выраз пра завесу з гістарычных сімулякраў патрабуе ўдакладнення, бо ён з сённяшняга досведу, а тады, здаецца, амаль усе былі поўныя веры, што былое можна наноў уцялесніць, узнавіць у статусе рэальна прысутнага, матэрыялізаваць гэтаксама, як у сучасным матэрыялізуецца будучае. І ўжо пасля таго, як усё гэта здарыцца, адбудзецца, на адноўленым падмурку майстраваць новы Беларускі Дом.

На гэтую справу, справу Адраджэння, разам падхапіліся многія і многія — і з розных бакоў. Тут былі і калектыўныя “ветэраны” нацыянальнага руху (“Майстроўня”, “Талака”, “Бабілон”...), і толькі паўсталыя аб'яднанні, рухі, партыі (“Тутэйшыя”, “Мартыралог Беларусі”, Таварыства беларускай мовы, Беларускі народны фронт, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і мноства ўсяго іншага, што ў сталіцы, што ў правінцыі). Да таго ж яшчэ напярэдадні Незалежнасці (а тым болей потым) бальшыня дзяржаўных СМІ (улучна з тэлебачаннем) з ахвотай і сімпатыяй стала ўзнаўляць раней забароненыя для публічнай агалоскі падзеі, справы і постаці з неверагодна багатай гісторыі Беларусі. Што ўжо казаць пра незалежніцкія і дэмакратычныя газеты, часопісы, кнігі, суполкі і супольнасці, якія, здаецца, толькі тым і займаліся, што без стомы гарталі старонкі мінулага, каб увідавочніць наяўнасць сапраўдных нацыянальных каштоўнасцей і сярод іх як найвялікую — саму беларускую нацыю.

Мы не шмат перабольшым, калі скажам, што ў тую пару заангажаваныя Беларуссю беларусы пераважна жылі не ў сучасным, а ў прамінулым. Постаці Вітаўта, Сапегі, Касцюшкі... зрабіліся для “свядомых” больш блізкімі і больш пазнавальнымі за постаці суседзяў па лесвічнай пляцоўцы, абрэвіятура ВКЛ сталася паролем для ўсіх “сваіх”, а вокліч “Жыве Беларусь” — агульнанацыянальным кодам, які адчыняў усе дзверы ў культуру і палітыку. З гэтай апантанасці гісторыяй мы нават трохі пераблыталі эпохі, што мела сур'ёзныя наступствы, бо ў такім кантэксце архаічная напрыканцы ХХ стагоддзя ідэя нацыянальна-этнаграфічнай дзяржавы ўспрымалася намі за цалкам рэальную для фармалізацыі ў наяўным.

Як ужо казалася, нацыянальнае рушэнне мела безліч персанальных і калектыўных суб'ектаў, але досыць хутка наперад усяго (і лічы безальтэрнатыўна) вылузнуўся Беларускі народны фронт. У палітычным лідэрстве Народнага фронту галоўная заслуга, што бясспрэчна, Зянона Пазняка. Ён, ачолеўшы нацыянальна-дэмакратычны рух, які фармаваўся літаральна на маршы, паспяхова скарыстаўся плёнам расейскай перабудовачнай публіцыстыкі, прыбалтыйскіх народных франтоў, заходняй прапаганды і дыпламатыі, інтэлектуальным наробкам і палітычнай энергіяй уласнай дэмакратычнай і ліберальна настроенай інтэлігенцыі. Зянон Пазняк гэткім адмысловым чынам выкруціў тагачасную палітычную сітуацыю на Беларусі, што кожны, хто прагнуў перамен, іншага ладу жыцця ці хаця б проста быў незадаволены тым, што мае, хоцькі-няхоцькі мусіў станавіцца пад бел-чырвона-белы сцяг. БНФ татальна завалодаў палітычнай ініцыятывай. Справа даходзіла да парадаксальнага. Над стотысячным натоўпам рабочых, якія колькі там дзён запар прыходзілі на плошчу Незалежнасці з трывогі за развал Савецкага Саюза, разгул дэмакратыі і падвышэнне цэн, луналі бел-чырвона-белыя сцягі...

Калі б слова “геній” я быў схільны дастасоўваць хоць да якога палітыка, то наважыўся б прызнаць, што ў тую пару Зянон Пазняк быў геніяльным палітыкам, бо скарыстаўся з сітуацыі значна больш, чым яна насамрэч мела ў сабе для нацыянал-дэмакратычнага руху. Але адсюль, з гэтага завышанага сітуацыйнага поспеху, вымкнулі і будучыя праблемы БНФ, бо рэальна сацыякультурная сітуацыя на Беларусі не мела таго патэнцыялу, які мог бы падтрымліваць гэты рух у заяўленым на пачатку маштабе.

Фігура Зянона Пазняка настолькі значная для той бурапеннай пары (і ці толькі для той?), што я не магу пазбавіцца ад спакусы невялікага расповеду пра ўласную эвалюцыю разумення гэтай асобы і стаўлення да яе.

У кожнага з нас, нацыянальна заангажаваных, быў свой “раман” з Пазняком. Дарэчы, шмат у каго ён цягнецца і дагэтуль. Таму я тут не выключэнне (хаця мне нават не давялося быць ягоным знаёмцам). І як у кожным рамане, у маім было ўсё: і першае захапленне, і сляпое каханне, і нянавісць, і здрада.

Упершыню я пабачыў Зянона Пазняка, калі ўскараскаўся на плечы сябра, выдатнага паэта Леаніда Дранько-Майсюка. Было тое ў 1988 годзе на Дзяды каля наўмысна зачыненай брамы на Маскоўскія могілкі. Шыхты міліцыянтаў і амапаўцаў з усіх бакоў сціскалі натоўп будучых нацыяналістаў, каб людзі падушылі самі сябе. Было па-сапраўднаму страшна і карцела як-небудзь уцячы адсюль. Ад страху ды нянавісці народ выенчваў кагадзе дадзенае Алесем Адамовічам азначэнне Беларусі: “Ван-дэ-я, Ван-дэ-я!” (Зрэдчас гучала і больш зразумелае для ўсіх беларусаў: “Фа-шыс-ты, фа-шыс-ты!..”). І тут скразняком пранеслася: “Цішэй, цішэй, Пазняк гаворыць...” Тады я і папрасіўся ў сябра залезці яму на плечы, каб пабачыць чалавека, які, толькі што вырваўшыся з міліцэйскага палону, не ўцёк дахаты, а дабрахоць вярнуўся ў самую гушчыню скрай небяспечных яму падзей...

У нейкі момант народ усё-ткі прарваў шчыльную аблогу раз'ятраных супрацівам ахоўнікаў парадку. Пакуль мы з сябрам азіраліся на волі, ушчыльную да нас прабег падлетак і паведаміў шэптам: “Ідзем на Курапаты”.

Калона недзе з дзвюх тысяч чалавек выцягнулася па прасёлку ўзбоч кальцавой дарогі, а на самой кальцавой сінхронна і роўнавяліка рухалася калона з машын, дзе былі і закратаваныя вязніцы на колах, і “вадамёты”, і аўтобусы, бітма набітыя міліцыянтамі, амапаўцамі, вайскоўцамі.

Досыць хутка кіраўніцтва карнай аперацыяй, напэўна, пераканалася, што людзі ідуць на Курапаты — і тады механізаваная калона набрала хуткасць ды знікла, каб перагарадзіць дарогу “нефармалам” (пакуль яшчэ гэтак называлі будучых “бээнэфаўцаў” і нацыяналістаў) на падыходзе да месца схарону ахвяр сталінскага тэрору... І тут Пазняк, акрамя мужнасці, прадэманстраваў і не абы-якія якасці стратэга. На першай выспе ён запыніў людзей, папрасіў сабрацца гуртам, апусціцца ўпрысядкі (каб было добра відаць выступоўцаў) і спакойна правесці мітынг.

Чырвонае сонца хілілася долу. З чыстага сіняга неба зрэдчас зляталі сняжынкі. Стаяла напятая цішыня. Свет знерухомеў, і ў гэтым нерухомым свеце на голай выспе прыселая сціжма людзей слухала Пазняка, які ўзвышаўся над усімі, як помнік самому сабе.

Мы быццам вярнуліся ў біблейную пару, падумалася мне. І гэта не Пазняк, а прарок Майсей заклікае народ Ізраіля пабрацца з мужнасцю...

Але хутка нам ужо было не да містычных аналогій, бо раптам здалёк пачуўся мерны тупат. Я азірнуўся — зверху на нас рухалася чорная сцяна (суцэльны чорны акрас карнікаў быў ад святла нізкага сонца насупраць). І тады мной апанавала відушча — у адначассе я зразумеў, што пакуль мы не раструшчым гэтую чорную сцяну ў друз і пыл, датуль не мецьме людскага жыцця.

Сцяна наблізілася ўшчыльную і пачала ссоўваць народ з выспы. Пазняк заклікаў да спакою, аднак шмат хто запанікаваў і кінуўся бегчы ў бок падлеску наўзбоч кальцавой дарогі.

Яшчэ ніхто не дабег, як з кустоўя выскачылі вайскоўцы (і калі яны паспелі туды схавацца?!) ды пачалі біць і валіць уцекачоў на падмерзлую глебу (і жанчын — на маіх вачах)...

Потым, калі супраціў уладам выявіцца сістэмна і ўцякаць ад амапаўскіх дручкоў станецца гэтаксама звыкла, як хавацца ад дажджу, той уласны страх і тое захапленне мужнасцю іншага будуць падавацца трохі наіўнымі... Але тое будзе потым, калі шмат чаго перайначыцца і ў самім часе, і ў кожным з нас.

Перамены ў маім стаўленні да Зянона Пазняка выспелі спакваля. Спачатку не на добры лад уразіла, што падчас сваіх публічных прамоў ён зашмат “акцёрстваваў”, раз-пораз карыстаючыся рытарычнымі прыёмамі, вынайдзенымі схаластамі яшчэ ў антычнай Грэцыі. (З гэтага атрымлівалася, што Пазняк казаў праўду так, быццам хлусіў, а ягоны апанент Лукашэнка, які пра рыторыку нічога не ведаў, хлусіў так, быццам казаў праўду.) Пазней пачалі засмучаць сваёй прымітыўнасцю і аднастайнасцю не вартыя палітыка нацыянальнага маштабу антыкамунізм і антырасейскасць. А яшчэ праз нейкі час сфармавалася разуменне, што узурпацыя Пазняком (праз БНФ) нацыянальнай ідэі нясе пагрозу самой нацыянальнай ідэі, аб чым сведчыла хаця б тое, што ў “народзе” ўжо неўзабаве пасля афармлення шырокага нацыянальнага руху бел-чырвона-белы сцяг, “Пагоню” і нават саму беларускую мову пачалі называць “бээнэфаўскімі”...

У майго любімага барда Віктара Шалкевіча ёсць вядомая песня “Таварыш Сапега” — там Лукашэнку ноччу трызніцца “злавешчая цень Пазняка”. Дык вось, аднойчы настаў момант, калі я з усёй вастрынёй адчуў, што “злавешчая цень Пазняка” навісла не столькі над Лукашэнкам, колькі над усёй Беларуссю, і найперш — над Беларуссю нацыянальнай.

Гэтай жорсткай метафарай я не маю намеру ні пакрыўдзіць, ні абразіць, ні, тым болей, прынізіць Зянона Пазняка і яго выключную ролю ў фармаванні сучаснага нацыянальнага дыскурса. Пэўна, з глыбокай павагі да яго (хаця і не пазбаўленай антаганізму да некаторых з тых метадаў і мэт, якіх ён упарта трымаецца па сёння) я не павінен быў карыстацца гэтай метафарай, прынамсі, публічна. І не надта хачу гэтага рабіць. Аднак я змусіў сябе, бо ў гэтым перакуленым паэтычным тропе мне выразна чуецца непадманная характарыстыка сітуацыі...

І апошняе, што да “праблемы Пазняка”. Я зусім не містык, і трансцэндэнтныя аргументы ды высновы не з майго арсенала. Але тут я гатовы схібіць перад сабой, каб заўважыць, што як гісторыя віду, так і гісторыя папуляцыі палітыкаў аднолькава дэманструюць падваенне (ці шматразовае павелічэнне) саміх сябе дзеля падвышэння запасу трывучасці на выпадак самых розных абставін. Так было і ў нашай сітуацыі. Для эпохі радыкальнага пералому на Беларусі гісторыя падрыхтавала двух конгеніяльных палітыкаў: Зянона Пазняка і Аляксандра Лукашэнку. Калі б Беларусь (як Латвія ці Эстонія) у пераважнай сваёй бальшыні выявіла схільнасць да нацыяналізму, то ўладу ў краіне ачоліў бы Зянон Пазняк. Пры іншай хадзе падзей (пры шырокім астракізме моўна-этнаграфічнай мадэлі дзяржаўнага ўладкавання) у запасе чакаў (не лішне доўга) Аляксандр Лукашэнка. Але і ў першым, і ў другім выпадку мы, у канцэптуальным плане, мелі б прыкладна адно і тое самае. Хіба толькі цяперашнія героі ўлады памяняліся б месцамі з цяперашнімі яе ахвярамі.

Згадаўшы Зянона Пазняка, ніяк не выпадае абмінуць хоць якім слоўкам ягонае alter ego — Аляксандра Лукашэнку, першага прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Неяк, калі адзін і другі былі яшчэ толькі дэпутатамі Вярхоўнага Савета і не надта варагавалі міжсобку, пры абмеркаванні нейкай канцэптуальнай праграмы, зачытанай Пазняком, Лукашэнка з трыбуны заявіў, што гэта выдатная праграма, але для яе патрэбны зусім іншы народ.

Цалкам слушна казаў будучы першы прэзідэнт Беларусі. Усе праграмы нацыянал-дэмакратаў мелі за адрасата хутчэй іншапланецян, чым паспалітых беларусаў, якія ў сваёй бальшыні не жадалі ніякіх радыкальных перамен, акрамя хіба адной — памяняць вэрхал і розрух, якія з “развалам Саюза” запанавалі ва ўсіх сферах жыцця, на тыя стабільнасць і пэўнасць, што яны зазналі раней.

Кардынальная розніца паміж Пазняком і Лукашэнкам палягала на тым, што Пазняк абяцаў беларусам тое, чаго яны ніколі пры сваім жыцці не мелі, а Лукашэнка хваліўся вярнуць ім тое, што яны ўжо мелі і што ў насталым бязладдзі выдавала на сапраўднае шчасце.

Натуральна, абачлівыя да цацанак-абяцанак беларусы ўхапіліся за сініцу і абралі Аляксандра Лукашэнку на ўладу*.


* Амаль пра тое самае кажа і Васіль Быкаў у кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”: “Беларускі народ у сваёй масе напрыканцы ХХ стагоддзя меў клопат не так з праблемай адраджэння, як з праблемай выжывання. Хоць як-небудзь, хоць з бальшавіцкім рылам, але каб не ператварыцца ў мерцвяка, што ўвогуле было рэальна. Па сутнасці ішоў працэс памірання (ва ўсіх сэнсах), і важна было клапаціцца, як затрымацца на краі пагібелі, а не дбаць пра колішнюю веліч часоў Вялікага княства Літоўскага. Народ тое адчуў інстынктыўна і таму на першых прэзідэнцкіх выбарах у масе сваёй не пайшоў за Пазняком і Беларускім народным фронтам з іх віртуальным нацыянал-дэмакратызмам, архаізацыяй і без таго не надта палагоджанай мовы, чым сталася, на думку некаторых, вяртанне да граматыкі Тарашкевіча. З часоў Тарашкевіча шмат што змянілася ў свеце, у тым ліку і ў беларускай мове, з чым прагматычнаму палітыку немагчыма было не лічыцца. Народ пайшоў за жорсткім, напірыстым, прагматычным дырэктарам саўгаса, ідэі якога былі простыя, як мычанне каровы і зразумелыя дарэшты.

Без увагі да нацыянальных прынцыпаў Лукашэнка кінуўся да Расеі, найперш каб выбіць адтуль асабістую падтрымку, а таксама хлеб, бензін, газ, без якіх немагчыма было не толькі “адраджацца”, але і перажыць зіму да вясны. Вядома ж, разумнейшыя адчувалі, што ён адбіраў у Беларусі суверэнітэт, будучыню і пазбаўляў дэмакратыі. Але што карысці з дэмакратыі, калі плакалі галодныя дзеці? Несумненна, будучы дэмакратамі, лідэры БНФ не зразумелі, што дэмакратыя — гэта не справядлівасць, а арыфметыка, што нацыянальную будучыню цяпер вырашаюць лічбы, а не ідэі, якія б разумныя яны не былі.

Пра высокія нацыянальныя ідэі мусіла дбаць нацыянальная эліта, нацыя ж дбала пра элементарную мэту — выжыць. Дужа сумніўна, што тае мэты мог дасягнуць нацыяналіст Пазняк, затое дамагчыся яе абяцаў прагматык Лукашэнка. Тое, што ягоныя метады па сутнасці дэмагагічныя, тады мала хто ведаў”.


 

4. Мова (Знак бяды)

Калі ў мяне атрымлівалася завітаць у мястэчка Свіслач, дзе я нарадзіўся і асталеў, то нябожчык бацька зазвычай сустракаў мяне словамі: “Беларус прыехаў”. Ён не казаў: “сын”, “пісьменнік”, “мянчук”, урэшце — “валацуга”. Усё астатняе не было для яго вартай увагі адметнасцю, раўнуючы з тым, што я — “беларус”.

З гэтага вітання я трохі злаваўся і часам мне карцела запытацца:

— А вы што, бацька, з неба зваліліся? Ці ж не такі вы самы беларус, як і я?

Але не пытаўся, паколькі разумеў: бацька мае рацыю. Бо з даўніх давён так павялося, што азначэнне “беларус” у нас найперш адсылае да экзістэнцыйнага выбару чалавека, яго ідэалагічнай заангажаванасці, палітычнай залежнасці, свядома абранай экзатычнай мовы і з гэтага — да адметнага спосабу мыслення і ладу жыцця, а толькі потым да нацыянальнай кадыфікацыі, якая сама з сябе ні пра што не кажа.

Быць беларусам на Беларусі — гэта выключыць сябе з нормы і паўз уласную хэнць быць для некага месіянерам новай веры, для кагосьці варожым прыблудай, а для ўсіх астатніх — ат, такім сабе блазнам. Нават сам зварот да беларускага слова на Беларусі ёсць ні чым іншым, як грамадзянскім учынкам (і яшчэ — эстэтычным актам).

Ва ўсім свеце чалавек, размаўляючы на роднай мове, проста размаўляе. У нас зусім інакш. Кожны раз, калі на людзях мы прамаўляем па-беларуску, то не проста сумовімся, а як бы ладзім грамадзянскую акцыю ці мастацкі перформанс, паколькі ўвага ўсіх, хто выпадкова апынуўся побач, адразу засяроджваецца на нечаканым дзіве. Таму зусім не выключана, што ў нейкую, магчыма і не зусім аддаленую пару, каб размаўляць па-беларуску на людзях, трэба будзе браць дазвол у гарадскіх улад з адзнакай месца і часу, як сёння патрабуецца “заяўка” на палітычны пікет ці аматарскі канцэрт на вуліцы.

Уласна, быць беларусам — гэта штодня выконваць ролю беларуса ў бясконцым спектаклі без пачатку і канца... Гэта жыць і памерці на сцэне з родным словам на вуснах. Але і па смерці твая месіянерская доля не мусіць быць перапыненай і на помніку тваё імя і прозвішча абавязкова напішуць на матчынай мове.

Зыходзячы з гэткай сітуацыі, якая панавала спрэс на пачатку дзевяностых, паўсталы з “перабудовы” нацыянал-дэмакратычны рух наперад усяго высунуў праблему мовы. Зрэшты, гэта выглядала цалкам натуральным яшчэ і таму, што першыя ідэолагі Адраджэння за аснову нацыянальнага ўладкавання абралі “моўна-этнаграфічную” канцэпцыю, згодна з якой без вырашэння праблемы мовы не вырашалася нічога ўвогуле...

Даўно ў прамінулым засталася “беларусізацыя” 20—30-х гадоў ХХ стагоддзя, калі абеларушванне сацыяльна прывілеяваных слаёў краю было актуальнай дзяржаўнай палітыкай (сацыяльны под тады яшчэ сам па сабе быў стыхійна беларускім).

Тая “беларусізацыя” скончылася жахлівымі рэпрэсіямі над усімі героямі гэтай маштабнай акцыі, але татальна вынішчыць яе плён атрымалася толькі ў 60—70-я гады, калі пад аблудай глабальнай інтэрнацыяналізацыі адбывалася сістэмная і метадычная русіфікацыя нацыянальных рэспублік.

З шалёнай інтэнсіўнасцю (маўляў, бацькі просяць) беларускамоўныя школы іначыліся на расейскую мову навучання, тое самае рабілася ў вучэльнях, тэхнікумах, ВНУ, справаводстве, тапаніміцы, газетах, масавай культуры — спрэс, за выключэннем літаратуры.

Між іншым, у тую пару рэспублікай кіраваў Пётр Машэраў. Натуральна, за сваё шчыраванне ён атрымаў ухвалу ад маскоўскіх улад (і персанальна ад Мікіты Хрушчова). Але не толькі — ад уласнага народа таксама. Першая ўхвала цалкам зразумелая, а вось усенародная любоў беларусаў да таго, хто актыўна прычыніўся да справы сістэмнага вынішчэння беларушчыны, выглядае нейкім недарэчным парадоксам. Аднак насамрэч нічога парадаксальнага тут няма, хаця абыякавае, а падчас нават і варожае стаўленне беларусаў да ўласнай мовы не перастае здзіўляць каго заўгодна.

Каб адказаць на пытанне, чаму так сталася, чаму беларусы за камуністамі, у адрозненне, скажам, ад грузінаў, не рабілі ніякіх захадаў у абарону роднага слова, мы мусім згадаць, дзе і ў які час сфармавалася ўжо ўласна беларуская мова, а менавіта пару “нічыйнага мораку” (ХVІІІ — канец ХІХ стагоддзя), калі пазбаўленая каналаў улады і кніжнай (высокай) культуры беларуская вёска самахоць напрацоўвала сабе лінгвістычны канон, з якога потым вымкне і літаратурная мова.

Але для нашай аналітыкі істотны не лінгвістычны момант, а сацыяльны. Таму найперш звернем увагу, што беларуская мова (у адрозненне ад старабеларускай) паўстала і доўгі час функцыянавала выключна як плебейская мова сацыяльнага нізу. На ёй размаўлялі адно тыя паспалітыя (вяскоўцы, жыхары апошніх ускраін мястэчак і гарадоў), што жылі з мазаля і былі цалкам адлучаныя ад хоць якіх выгод прывілеяванага жыцця больш заможных груп і класаў. З чаго кожны асобны выпадак падвышэння сацыяльнага статусу селяніна ці наёмнага працаўніка перадусім патрабаваў замены ўласнай мовы на нейкую іншую. Адсюль і быў сфармаваны сацыяльны стэрэатып беларускай мовы як таго, што ў кожным разе трэба пераадолець (адрачыся), калі ты жадаеш сабе лепшай долі. І гэты стэрэатып не быў ідэалагічным сімулякрам — ён з дня ў дзень фармаваўся зусім канкрэтнымі праявамі штодзённага жыцця...

Пасля восьмага класа бацькі выправілі мяне з мястэчка ў няблізкі свет — паступаць у тэхнічную вучэльню аж пад Маскву. Праз два тыдні я вярнуўся дахаты без студэнцкага білета, але з неблагой расейскай гаворкай (на тую пару я ўжо ад пуза быў наеты расейскай літаратурай і ў расейскамоўным асяродку мая лінгвістычная інверсія адбылася без аніякіх высілкаў з майго боку). На бацькаўшчыне я хутчэй па інерцыі, хаця і не без пэўнага форсу, нейкі час працягваў размаўляць па-расейску. Ах, з якім захапленнем і зайздрасцю глядзелі на мяне сябрукі, якой глыбокай і шчаслівай радасцю свяціліся вочы бацькоў, калі яны слухалі маё “оконье”. І толькі праз шмат гадоў, ужо ў пару “перабудовы”, неяк згадаўшы тую сітуацыю, я зразумеў: прычынай захаплення і зайздрасці былі зусім не мае лінгвістычныя здольнасці, а здавён сфармаванае ўсведамленне, што ў чалавека, які лёгка развітваецца са сваёй мовай і гэтаксама лёгка набывае іншую, ужо ж напэўна,ёсць варыянты лепшай за беларускую долі...

Дарэчы, мая маці сталася самай прывілеяванай партніхай мястэчка не толькі са сваіх прафесійных здольнасцей, але і з лінгвістычных. Паколькі ўсё мясцовае начальства было з прысланых сюды пасля вайны расейцаў (ці добра абруселых беларусаў), то яна хуценька засвоіла расейскую мову і тым самым прыгарнула да сябе найбольш заможную кліентуру.

Адным словам, для ўжо ўласна беларусаў тутэйшая мова ад самага пачатку была тым ганебным, зневажальным таўром, якое кожны мусіў вытравіць (ці хаця б старанна прыхаваць), калі жадаў падвысіць свой сацыяльны статус.

Але гэтая сітуацыя для беларускай мовы, як пакажа час, была яшчэ не з самых горшых. Горшае мову чакала наперадзе, калі ў першай палове ХХ стагоддзя беларуская нацыянальная ідэя пацярпела шэраг глабальных параз (апошнюю — у трыццатыя гады), пасля чаго яе актыўных носьбітаў пачалі татальна рэпрэсаваць і вынішчаць. (Прыкладам, да апошняга чалавека быў знішчаны ўвесь даваенны мовазнаўчы атрад рэспублікі, які працаваў над пяцітомным “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы” — у жывых застаўся толькі адзін тэхнічны работнік.) Менавіта тады беларуская мова, якая раней была толькі знакам сацыяльнага аўтсайдэрства, сталася для калектыўнай беларускай свядомасці яшчэ і знакам бяды. Бяды рэальнай, блізкай, смяротнай для кожнага публічнага адэпта роднай мовы. У самым лепшым выпадку зацятых карыстальнікаў матчынага слова чакалі занядбанасць і нішчымніца, у горшым — эміграцыя, Сібір ці Курапаты (як закатаваных там тысяч “нацдэмаў”).

А цяпер мы можам вярнуцца да “феномена” партызанскага кіраўніка “партызанскай рэспублікі”. Пётр Машэраў стаўся нацыянальным героем з розных падстаў, але яшчэ (а, можа, і перадусім) таму, што, лакалізаваўшы нацыянальнае красамоўства вузкім пісьменніцкім асяродкам, ён насамрэч загнаў у рэзервацыю не беларускую мову, а беларускую бяду, якая палягала на гэтай мове. І калі старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч паспрабаваў вызваліць мову з рэзервацыі, яго хуценька адлучылі ад ганаровай пасады. Паспаліты беларус, калі не розумам ведаў, то нутром прадчуваў, што як толькі кіраўнік беларускай дзяржавы пачне размаўляць на мове бяды, то неўзабаве ўсёй краінай гора не абярэшся.

Праўда, на пачатку 90-х з прычыны краху рэпрэсіўнай імперыі страх перад беларускай мовай як падставай жорсткіх і татальных рэпрэсій на нейкі момант змінімізаваўся, што і стварыла ўмовы для разгортвання шырокага адраджэнскага руху і нават легалізацыі беларускай мовы ў якасці адзінай дзяржаўнай. Але як неўзабаве высветлілася, гэта быў не сістэмны, а толькі сітуацыйны пералом. Бо вельмі хутка свядомыя носьбіты беларускага слова зноў зазнаюць здавён звыклыя рэпрэсіі, ганьбу, эміграцыю і сваімі драматычнымі лёсамі адновяць калектыўны страх перад беларускай мовай як мовай бяды.

Будзем карэктнымі, цяпер сітуацыя значна рознілася ад ранейшай, прынамсі, за мову ўжо не катавалі, а тым болей не расстрэльвалі на жоўтым пясочку. Аднак, за выняткам скрайнасцей, сутнасна нічога не змянілася. З аднаго боку, насцярожанае стаўленне да мовы паспалітых мас і Улады, з другога — самаахвярнае служэнне роднаму слову тых, хто сэрцам адгукнуўся на яго змораны покліч. Дарэчы, апошнія зазвычай свята вераць, што як толькі адэпты беларушчыны атрымаюць уладу, то матчына мова вельмі хутка запануе на абшарах нашага краю. Але калі думаць не сэрцам, а галавой (як яно быццам і належыць), то давядзецца прызнаць, што такога, бадай, ніколі не будзе. І зрэпрэсаваная генетычным страхам калектыўная памяць тут ужо не асноўная з прычын.

Дзеля абгрунтавання гэтай маркотнай тэзы давайце звернемся да тыпалагічна блізкай нам па многіх параметрах Ірландыі. Вось ужо болей як дзевяноста гадоў ля ўлады там знаходзяцца радыкальныя нацыяналісты, а ірландская мова за гэты час у краіне не толькі не запанавала, а наадварот — вымарнела ў нішто. І прычыны таму навідавоку: функцыянальныя магчымасці нацыянальнай мовы, раўнуючы з ангельскай, былі непараўнальна зніжаныя ўжо ў пару вызвольных перамог ірландцаў, і таму ў справе штодзённага жыццяладу яна не вытрымала канкурэнцыі са сваёй магутнай суседкай-заваёўніцай...

Калі мова сістэмна зніжае ўзровень дабрабыту масавага шарагоўца, у гэтай мовы няма перспектывы, прынамсі, гарантаванай.

На праблемнае пытанне: мова ці каўбаса, — звычайны шараговец цалкам слушна адказвае — каўбаса. Бо мова створаная дзеля жыцця, а не наадварот. І калі нейкая мова не паляпшае жыццё чалавека, то навошта яму такая мова? І ўсе самыя палымяныя і пераканаўчыя аргументы рамантыкаў ад нацыяналізму будуць заставацца для паспалітага чалавека пустой балбатнёй, калі з мовы нельга жыць — і жыць добра.

Сітуацыю з паўсюдным адраджэннем беларускай мовы ўскладняе той факт, што сёння чалавецтва на злом галавы кінулася ў глабалізацыю, якая канцэптуальна мяняе ролі і значэнні нацыянальных моў у камунікатыўным алгарытме сучаснага жыцця — натуральна, не на іхнюю карысць. Тут даволі праблем і для моў-лідэраў, а што тады казаць пра мовы-аўтсайдэры, асабліва пра тыя, у якіх сацыяльная функцыянальнасць непапраўна заніжаная адносна іх унутраных патрэб дзеля самагенерацыі.

На гэтым кароткі экскурс у сітуацыю беларускай мовы можна было б і запыніць, каб не муляла яшчэ адна, фармальна быццам лакальная праблема, але якая даўно перарасла свой натуральны вымер, і цяпер як нейкая пачвара знутры выгрызае і без таго здрабнелае данельга цела беларускай мовы... Я маю на ўвазе зацятае супрацьстаянне двух граматык: “тарашкевіцы” і “наркомаўкі”, ці, інакш, — “класічнай” і “нармальнай”.

У 1918 годзе Браніслаў Тарашкевіч у “Беларускай граматыцы для школ” упершыню сфармуляваў правапісныя нормы літаратурнай беларускай мовы. Натуральна, персанальны граматычны канон, хай сабе змайстраваны безумоўна таленавітым філолагам, шмат у каго выклікаў шэраг пытанняў і пярэчанняў, тым болей, што Тарашкевіч у сваіх падыходах пераважна абапіраўся на маўленне віленска-ашмянскага рэгіёна. Таму калі ў 20-я гады пачалася татальная “беларусізацыя” ўсяго беларускага абшару, то зусім заканамерна паўстала пытанне аб рэформе правапісу. Дарэчы, і сам аўтар граматыкі не адмаўляў гэтай патрэбы. У прадмове да пашыранага і перапрацаванага выдання 1929 года ён пісаў, што “сам цяпер бачыць дужа выразна цэлую чараду яшчэ спрэчных пытанняў (у аканні, у правапісе чужаземных слоў і інш.), бачыць патрэбу і магчымасць спрашчэння правапісу, але не бярэцца праводзіць якія-колечы паважнейшыя змены такім індывідуальна-партызанскім спосабам, накідаючы свой праект праз школьны падручнік. Гэта павяло б толькі да шкоднага хаосу... Бо тутака паспех, запраўды, можа быць людзям на смех. Горш за тое: непавязаныя, паасобныя змены “на лепшае” могуць заграмаздзіць і загарадзіць дарогу да запраўды добрай рэформы”.

У 1926 годзе на міжнароднай канферэнцыі ў Мінску (з удзелам самога Макса Фасмера) быў зацверджаны новы правапіс.

Дарэчы, падчас папярэдніх абмеркаванняў і падрыхтоўкі канферэнцыі Якуб Колас і Язэп Лёсік, сярод іншага, прапанавалі скасаваць мяккі знак паміж зычнымі ва ўсіх пазіцыях. Супраць гэтага актыўна выступілі Янка Купала і Вацлаў Ластоўскі.

Прыняты варыянт правапісу мала каго задаволіў, і ягоная дапрацоўка цягнулася да 1930 года, калі быў падрыхтаваны наступны праект, які, па сутнасці, і лёг у аснову “сумна знакамітай” правапіснай рэформы 1933 года. Нядобрая слава гэтай падзеі наўпрост звязаная з палітычным гвалтам над “нацдэмамі”, які ў тую пару ўжо ўвабраўся ў сілу і паўплываў на некаторыя пазіцыі рэформы, заклаўшы ў правапіс тэндэнцыі да русіфікацыі беларускай мовы. З гэтага надалей палітычная складовая рэформы сталася дамінуючай у выбары варыянта правапісу як у вольнай ад бальшавікоў Заходняй Беларусі, так і пазней у паваеннай эміграцыі. Тут падыход быў гранічна просты: абы не як у бальшавікоў, — і з гэткім падыходам мусілі змірыцца і тыя, што раней самахоць падтрымлівалі прапанову Коласа ды Лёсіка, і тыя, што да нямецкай акупацыі (якая для многіх скончылася эміграцыяй) паспелі прызвычаіцца да “бальшавіцкай” рэформы і нават зацаніць яе мэтазгоднасць у канцэптуальным плане. Ускосна гэтую “канцэптуальную мэтазгоднасць” падтрымаў і Янка Купала: “Стары правапіс, у якім не мала было засмечанасці, нацдэмаўскай “самабытнай” архаічнасці, трымаў беларускую мову ў палоне правінцыяналізму, у рамках нацыяналістычнай абмежаванасці”. Паперадзе было ўжытае азначэнне “ўскосна”, хаця цытаваны тэкст наўпрост адмаўляе старому правапісу ў хоць якіх вартасцях, але не забудземся, што Янка Купала ствараў свой допіс пад ідэалагічным прымусам, за што выразна сведчыць зневажальная лексіка. Аднак жа ніхто не замінаў Янку Купалу ў ганьбаванні “нацдэмаўшчыны” зрабіць акцэнт на чым заўгодна іншым, а не на засмечанасці, “самабытнай” архаічнасці ды правінцыяналізме.

На мой погляд, правапісная рэформа 1933 года, за выняткам палітычна абумоўленых дурноццяў (часткова скасаваных у 1957 годзе з ініцыятывы Якуба Коласа), і нават нягледзячы на закладзеную ў ёй тэндэнцыю да русіфікацыі, плённа мадэрнізавала беларускую мову, надала ёй дынамізму, так неабходнага ў пару індустрыялізацыі ды урбанізацыі, і годна падрыхтавала яе да “выбуху камунікацый”. Зразумела, не абышлося і без не малых страт. Асабіста мне найбольш шкада пэўнай метафізічнасці, нейкай цьмянай трансцэндэнтнасці, якія захоўваў у беларускай мове правапіс Тарашкевіча і тым самым абяцаў іх будучае разгортванне ў актуальных рэфлексіях. Але ж галоўная задача літаратурнай мовы быць прыстасаванай да жыцця, а не да рэфлексавання над жыццём. І такой яна сталася праз рэформу. І ўжо на гэтай мове была створаная вялікая беларуская літаратура... Дарэчы, ці не з засмечанасці, “самабытнайархаічнасці ды правінцыялізму “тарашкевіцы” паходзіць той, асабіста для мяне вельмі дзіўны факт, што ні ў Заходняй Беларусі за палякамі, ні на пасляваеннай эміграцыі як у літаратуры, так і ў мысленні нічога асабліва вартага, за асобнымі выняткамі, не было здзейснена. І гэта пры тым, што нашыя эмігранты ўжо не мелі над сабой ні рэпрэсій, ні цэнзуры, і да таго ж многія з іх знаходзіліся ў цэнтрах сусветных эстэтычных ды інтэлектуальных інавацый, гэта значыць наўпрост маглі пераймацца дынамікай мастацкага і мысліўнага рухаў. Аднак нічога падобнага не адбылося — у сваёй абсалютна пераважнай бальшыні тэксты эмігрантаў так і засталіся ў палоне глыбока перыферыйнай беларускай местачковасці, да таго ж заніжанай архаікай адраджэнскай ідэалогіі як абавязковага атрыбута што літаратурнага, што філасофскага твора.

Ужо ж напэўна, прычыны ўдзірванелай правінцыйнасці творчага сегмента беларускай эміграцыі палягаюць не толькі ў абсягу праблемы “тарашкевіцы”, але мы гэтую надзвычай цікавую тэму пакінем для адмысловага тэкста, а тут вернемся ў дзевяностыя гады ХХ стагоддзя, калі на хвалі антыкамунізму паўстала ідэя звароту да рэпрэсаванага бальшавікамі (рэформа 1933 года) правапісу.

Як на тую пару, дык нічога нахабнага ў гэткай прапанове не было, бо то быў час “перабудовы”, калі ўсё зробленае за камуністамі бралася пад радыкальны сумнеў, адмаўлялася і перайначвалася, каб вярнуцца да “сітуацыі каранёў”, яшчэ не скалечаных бальшавіцкай ідэалогіяй. І хаця адэпты “тарашкевіцы” апелявалі да зусім не надуманых фанетычных страт мовы з прычыны скасавання напіснога мяккага знака паміж зычнымі (і шэрага іншых страт ды скажэнняў), але насамрэч контррэфармацыя ў правапісе спадсподу рухалася (як у выпадку з Заходняй Беларуссю пад Польшчай ці паваеннай эміграцыяй) палітычным выбарам, гэта значыць — абы не як за бальшавікамі.

Тыпалагічна падобныя моўныя праблемы былі паўсталі і ў шэрагу многіх дзяржаў, створаных на подзе распушчанага СССР, але там яны пазнікалі разам “з пенай на хвалях перабудовы”, а ў Беларусі засталіся. І перараслі з філалагічных у палітычныя.

Гэтак сталася найперш таму, што з “перабудовы” ў айчынную палітыку патрапіла ладная сціжма энергічных філолагаў, падмацаваная літаратарамі, журналістамі і проста гуманітарыямі, для якіх лінгвістычныя праблемы выявіліся таксама не чужымі. Але ў адрозненне ад іншых краін, дзе падобнага тыпу палітыкі хутка выпетрыліся з палітычнага жыцця, у нас яны (верагодна, з прычыны задоўжанай папулярнасці “моўна-этнаграфічнай” ідэалагемы) затрымаліся на ладны кавалак часу. Адсюль мовазнаўчыя праблемы як натуральна актуальныя для палітыкаў-філолагаў праз апазіцыйныя СМІ, суполкі і супольнасці перараслі ў палітычныя. І хаця для бальшыні шараговых валанцёраў апазіцыі і з унармаванай беларускай мовай хапала праблем, яны мусілі засвойваць “тарашкевіцу”, каб забяспечыць сябе радыкальнай апазіцыйнасцю. Больш за тое, у пару пад'ёму нацыянал-дэмакратычнага руху, завабленыя паноўнай модай на адраджэнне чаго заўгодна, да “тарашкевіцы” пачалі хіліцца і шэраг дзяржаўных выданняў (“Бярозка”, “Мастацтва”, “Культура”...). Здавалася, яшчэ трохі — і “тарашкевіца” пераможа “наркомаўку” ды запануе спрэс.

Не запанавала — бо была спароджаная не патрэбамі мовы, а пэўнай палітычнай сітуацыяй. І як толькі сітуацыя перамянілася, палітыкі-філолагі са сваімі філалагічнымі праблемамі апынуліся на самым ускрайку грамадскага жыцця. Праўда, нельга сказаць, што там жа апынулася і ”тарашкевіца”. За немалы час актуальнага дамінавання апазіцыйнасці праз яе на беларушчыну навярнулася некалькі генерацый маладых людзей, якія ў горадзе іншай роднай мовы, акрамя як арганізаванай правапісам Тарашкевіча, ужо не ведалі (найперш — не чулі). Для іх гэткая беларуская мова адзіна правільная, тым болей, што ідэолагі адраджэння не ленаваліся раз-пораз падкрэсліваць ейную “ісцінную сапраўднасць”, нагадваючы пра рэпрэсаваную сутву “наркомаўкі”, яе зрусіфікаванасць, засаветызаванасць і да т.п.

Мне няцяжка зразумець пазіцыю заангажаваных “тарашкевіцай” філолагаў як філолагаў (і нават часткова пагадзіцца з ёй у дыскурсе ўласна філалогіі), але я не магу зразумець палітыкаў-філолагаў, якія надзвычай вострую і складаную, сапраўды палітычную праблему беларускай мовы як вялікага цэлага раздрабнілі, ускладнілі ды заблыталі сваімі філалагічнымі капрызамі і прыхамацямі.

У сітуацыі, калі мовай апанавала амаль безнадзейная крыза і калі адзіным рацыянальным крокам была апеляцыя да грамадства на той беларускай мове, якую яно хоць трохі ведала з школьных падручнікаў, кніг Караткевіча і Быкава, праграм радыё і тэлебачання, дадаткова ўскладняць праблему мовы яе канцэптуальнай контррэформай, хоць трохі ўцямнай адно філалагічна адукаванаму чалавеку — да гэтага хіба толькі зацяты вораг беларушчыны мог дадумацца.

Адчайная спроба ўнармавання ў шырокай грамадскай свядомасці “тарашкевіцы” паставіла крыж на пашырэнні беларускай мовы праз апазіцыйныя нацыянал-дэмакратычныя выданні (у дзяржаўных выданнях “тарашкевіцу” даволі хутка заблакавалі) і, у адваротны бок, на філалагічным тыпе палітыка ды палітыкі...

5. Наастачу

Мая дачка, вучаніца Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, дзе ад пачатку нелегальна запанавала “тарашкевіца”, гэтым летам (2003 год) са студэнтамі педуніверсітэта ездзіла ў фальклорную экспедыцыю. А калі вярнулася, то з сарамлівым посмехам зазначыла:

— Ведаеш, тата, у вёсках нашу беларускую мову ніхто не разумее.

— Натуральна, — буркатнуў я. — Нашыя філолагі сваёй мовай загубілі палітыку, а сваёй палітыкай — мову.

Тэза залішне эмацыйная і таму не надта справядлівая. Сляпое памкненне да прасоўвання “тарашкевіцы” ў “народныя масы” бясспрэчна пагоршыла і ўскладніла агульную сітуацыю з беларускай мовай, хаця прычына самой сітуацыі, зразумела, паходзіць не з канфлікту “нармальнага” і “класічнага” правапісаў. Але пра саму гэтую прычыну ўжо даволі казалася вышэй.

Літаратура:

1. Фрыдрых Ніцшэ. Так казаў Заратустра. Мінск: Мастацкая літаратура, 1994.

2. Вобраз — 90. Мінск: Мастацкая літаратура, 1990.

3. Беларуская думка ХХ стагоддзя. Варшава, 1998.

4. Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня. Санкт-Петербург: Невский простор, 2003.

 

 

Лекцыі 6—7

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY