ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

 

ЮРЫ ВАШКЕВІЧ. АД РЭВАЛЮЦЫІ ДА "ВЯЛІКАГА ПЕРАЛОМУ" —

САВЕТЫЗАЦЫЯ БЕЛАРУСІ Ў 1917—1928 ГГ.

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

План:

1. Панятак і перыядызацыя

2. Знішчэнне “старога свету” і фармаванне структур савецкай улады

3. Палітычныя змены

4. Мадэль эканамічнага развіцця

 

1. Панятак і перыядызацыя

Савецкая таталітарная сістэма мае шэраг адрозненняў ад усіх астатніх недэмакратычных сістэм праўлення. Таму яе нельга рэдукаваць толькі да такой асаблівасці, як манапалізацыя палітычнай улады, бо камуністычны таталітарызм звычайна вызначаўся не толькі адсутнасцю дэмакратыі.

Камуністычныя перавароты 20 ст. заўсёды адбываліся ў краінах эканамічна адсталых, якія не мелі дэмакратычных традыцый, вопыту жыцця ва ўмовах законнасці і грамадзянскай супольнасці. Звычайна гэта адбывалася ў перыяды палітычных крызісаў. Пераломныя моманты заўсёды спараджалі перманентны тэрор і зняволенне грамадзян, а новыя ўлады імкнуліся да пераўтварэння чалавека такім чынам, каб мець магчымасць зрабіць яго ў будучыні апорай таталітарнага рэжыму. Што ж тычыцца таталітарызму савецкага ўзору, дык не было дасюль у гісторыі настолькі скрайняга выпадку і так маштабна задуманай спробы ажыццяўлення абстрактнай і адарванай утопіі, якой быў камунізм. Упартая і нязменная практыка яго пабудовы ў СССР нагадвае пэўнага кшталту сацыяльнае вар'яцтва. Гэты эксперымент скончыўся поўнай паразай. Савецкі Саюз знік з палітычнай мапы, але створаны ў гэтае дзяржаве тып асобы разам з закадаванай у ім сістэмнай мадэллю застаўся, намагаючыся аднаўляць былыя ўзоры палітычнага, сацыяльнага ды эканамічнага жыцця ў новых, постсавецкіх рэаліях.

Савецкая імперыя ўяўляла сабой асаблівы тып імперыялізму, які вылучаўся ідэалагічным і ідэакратычным характарам. Яна імкнулася не толькі да заваявання іншых народаў, захопу іх тэрыторыяў і матэрыяльных рэсурсаў. Яна ставіла за мэту навярнуць іх на камуністычную “веру”, накінуць савецкі стыль жыцця.

Прынцыпы захавання савецкага ладу былі нязменнымі на ўсіх этапах яго існавання. Змяняліся толькі спосабы і метады стабілізацыі рэжыму. У першыя гады пасля захопу ўлады бальшавікі разлічвалі выключна на гвалт. У пазнейшы перыяд, які прыпадае на 1920-я і пачатак 1930-х гг., калі татальна індактрынаваная свядомасць грамадства спазнала значныя пераўтварэнні, пачалося ўзвядзенне больш вытанчаных інфармацыйных бар'ераў, што магло ствараць ілюзію дэмакратызацыі сістэмы.

Напярэдадні бальшавіцкага перавароту Ленін з запалам утапіста напісаў у сваім праграмным творы Дзяржава і рэвалюцыя, што дзяржава знікне разам са звязаным з ёй апаратам прымусу, і што гэта будзе не толькі канчатковым вынікам рэвалюцыі, але таксама і буйнамаштабным працэсам, які пачнецца пасля здабыцця ўлады. У сапраўднасці ж бальшавіцкі пераварот прывёў да беспрэцэдэнтнага ўзрастання рэпрэсіўнага кантролю дзяржавы над грамадствам.

Храналагічна можна вылучыць пяць галоўных этапаў саветызацыі. Першы прыпадае на 1917—1928 гг., для якіх характэрна разбурэнне “старога свету”, а таксама фармаванне і ўмацаванне бальшавіцкае ўлады. 1929—1938 гг. — гэта перыяд г.зв. “вялікага пералому” ці яшчэ — вялікага тэрору, палітыкі будаўніцтва “сацыялізма” ў адной краіне і развіцця таталітарнай сістэмы. 1939—1953 гг. — перыяд г.зв. спелага сталінізму і канца сталінскай эпохі. На 1954—1989 гг. прыпадае хрушчоўская “адліга”, праграма “будаўніцтва камунізма”, перыяд “развітага сацыялізма”, ці перыяд застою, і пачатак “перабудовы”. Канец інстытуцыянальнай саветызацыі настаў у 1990—1991 гг.

Трэба падкрэсліць, што пачаткі працэсу саветызацыі мелі на Беларусі свае асаблівасці, бо працякалі ва ўмовах войнаў, што вяліся на яе тэрыторыі. У 1918—1920 гг. большая частка тэрыторыі краіны знаходзілася па-за бальшавіцкім кантролем. З моманту стварэння структур савецкай улады ў снежні 1917 г. да часу яе канчатковага ўсталявання ў кастрычніку 1923 г., бальшавікі былі пры ўладзе ў Мінску цягам перыяду трохі большым за дзесяць месяцаў, з вялікімі перапынкамі, выкліканымі нямецкай акупацыяй і польска-бальшавіцкай вайной. Таму для Беларусі ў гэты час не былі характэрныя тыя глыбокія ўнутраныя пераўтварэнні, што адбываліся ў еўрапейскай частцы Расіі. Глыбінны працэс інстытуцыянальнай саветызацыі Беларусі пачаўся толькі ў другой палове 1920 гг.

Варта таксама патлумачыць абгрунтаванасць самаго тэрміну “саветызацыя” у кантэксце ўзнятае тэмы. Мы скарыстоўваем яго з мэтай адрозніць мэтаскіраваную сістэму дзейнасці ВКП (б) — КПСС ад “саветаў” як стыхійна народжанай палітычнай арганізацыі насельніцтва перыяду лютаўскай расейскай рэвалюцыі 1917 г. Лозунгамі аб перадачы ўлады саветам бальшавіцкае кіраўніцтва прыкрывала сваё імкненне да аднапартыйнай дыктатуры, бо пасля бальшавіцкага перавароту “саветы” выконвалі чыста цырыманіяльную паказную функцыю, не валодаючы аніякай рэальнай уладай, якая непадзельна знаходзілася ў руках камуністычнай партыі. Яна і вырашала пытанні г.зв. прадстаўніцтва “прадстаўнікоў працоўных мас”. Тым не менш панятак “савецкі” стаўся хадзячай назвай дзеля акрэслення ўсяго, што было звязана з Саюзам Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік і яго грамадскім ладам, хаця ў вышэйзгаданым сэнсе можна было б таксама скарыстаць тэрмін “камунізацыя”. Аднак ён мае універсальнае вымярэнне, у той час як выраз “саветызацыя” адназначна змяшчае гэты працэс на абшары савецкае дзяржавы і ў сферы яе ўплываў. Таму тэрмін “саветызацыя” мы ўжываем з агаворкай, што гэтым паняткам мы будзем карыстацца дзеля абазначэння распаўсюджання і ўмацавання камуністычнай улады, бо менавіта ВКП(б) — КПСС была ў Савецкім Саюзе ля стырна ўлады. А “саветы” былі толькі фармальнай інстытуцыянальнай абалонкай фактычнай улады партыі. Тым не менш, гэты назоў замацаваўся ў наменклатуры ў выглядзе акрэслення “савецкая ўлада”, а навязванне гэтае ўлады атрымала найменне “саветызацыі”.

Распад савецкай імперыі ў 1991 г. можна лічыць канцом пэўнай гістарычнай эпохі. А разам з канцом гэтай эпохі разбурыўся і вонкавы ахоўны слой, створаны з камуністычных міфаў-хімер. Гэтыя міфы страцілі фармальны сэнс існавання, і выявілася жудасная рэчаіснасць ва ўсіх галінах грамадскага і гаспадарчага жыцця. Падзенне савецкай імперыі пазбавіла савецкіх людзей адзінага бадай што стымулу існавання іх у савецкай дзяржаве — гонару за прыналежнасць да “вялікай” краіны, працягу былой імперскай славы падданых царскай Расеі, скораных рабоў, якія марылі пра панаванне над светам. Ва ўсіх постсавецкіх краінах на змену гэтай імперыялістычнай ідэалогіі прыйшла нацыянальна-дзяржаўная ідэя.

У Беларусі такую канцэпцыю ў маштабах усяго грамадства сфармуляваць, аднак, не ўдалося, паколькі ў БССР саветчына развівалася не побач з нацыянальнай ідэяй, а замест яе. Менавіта праз катэгорыі савецкай ідэалогіі беларус усведамляў сэнс свайго існавання ў новых умовах савецкай супольнасці, а гэта, у сваю чаргу, непазбежна аслабляла патрэбу фармавання ўнутрынацыянальных сувязей. У выніку беларускае грамадства было пазбаўлена магчымасці вызначаць і фармуляваць свае агульныя ідэалы і механізмы іх рэалізацыі. Адсюль, згодна з прынцыпам вакууму, такое выразнае імкненне да вяртання стану, што існаваў да распаду СССР. Як і раней, для большасці беларускіх грамадзян характэрна мысленне катэгорыямі прыналежнасці да Савецкага Саюза (ці яго заменніка — Расеі), уяўнага падтрымлівання грамадскіх вузаў з неіснуючай дзяржавай і супольнасцю савецкіх людзей. Панятак нацыянальных інтарэсаў і інтарэсаў беларускай дзяржавы па-ранейшаму застаецца чужым большасці жыхароў краіны, якія эмацыянальна звязаныя з былой савецкай імперыяй.

Вышэйзгаданая рэфлексія часткова адказвае на пытанне: які практычны сэнс мае даследаванне савецкасці і працэсаў саветызацыі? Апроч тэарэтычнага яно мае і сучасна практычнае значэнне, бо рэальная палітыка некаторых постсавецкіх дзяржаў, у тым ліку і Беларусі, у вялікай ступені з'яўляецца працягам савецкай палітыкі ў новых геапалітычных умовах і яе адаптацыяй да вонкавых сістэмных змен. Цяжкая палітыка-ідэалагічная спадчына Савецкага Саюза надалей захоўвае свой дэструктыўны патэнцыял у постсавецкіх дзяржавах, перашкаджаючы наладжванню эканамічнага жыцця і дэмакратызацыі.

Зразумець сутнасць гэтай палітыкі дапамагае перадусім пачатак (першая дэкада) бальшавіцкай улады, калі актыўна закладаўся падмурак і выпрацоўваліся метады дзейнасці, якія затым мелі вырашальнае значэнне для формы палітычнай мадэлі (савецкі таталітарызм) і фармавання пазнейшага аблічча ўсяго постсавецкага абшару.

2. Знішчэнне “старога свету” і фармаванне структур савецкай улады

Бальшавіцкі пераварот у Беларусі і на заходнім фронце адбыўся, па сутнасці, бяскроўна. Галоўная кватэра ў Магілёве, штаб заходняга фронту ў Мінску і структуры часовага ўраду ў беларускіх губернях не змаглі нічога супрацьпаставіць бальшавікам, на бок якіх перайшла большасць вайсковых частак. Улада апынулася ў руках ваенна-рэвалюцыйных камітэтаў. Абвешчаныя бальшавікамі лозунгі аб заключэнні міру, усеагульным надзяленні зямлёй, усеўладдзі саветаў, абяцанні лепшага жыцця пасля звяржэння “эксплуататараў” ухваляліся жыхарамі гарадоў і вёсак. Пераможцы прыйшлі да ўлады, абвяшчаючы “знішчэнне старога свету” і “разбурэнне старой дзяржаўнай машыны”. Ужо на другі дзень пасля перавароту ў Петраградзе — 26 кастрычніка 1917 г. — яны ўзялі ўладу ў Мінску, стварылі Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, часовую структуру бальшавіцкай улады на Беларусі, якая панавала на тэрыторыі, не занятай нямецкімі войскамі. Гэта азначала, што ўсю ўладу ўзяў орган, які ніхто, апрача бальшавікоў, на гэта не ўпаўнаважваў.

Пасля кастрычніка 1917 г. Беларусь знаходзілася выключна пад вайсковым упраўленнем, паколькі Заходняя вобласць і Заходні фронт былі аб'яднаныя ў супольную тэрытарыяльную адзінку, уяўляючы сабой двухзвённае цывільна-вайсковае ўтварэнне. Гэта паўплывала на сістэму органаў дзяржаўнай улады, што функцыянавалі на гэтай тэрыторыі. Тут дзейнічалі: Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту, Выканаўчы камітэт абласных саветаў і фронту, Савет камісараў вобласці і фронту.

Саветы, нягледзічы на тое, што пераварот быў учынены ад іх імя, пачалі функцыянаваць толькі на пачатку 1918 г. У сапраўднасці ж гэта быў толькі прыхаваны намер увесці аднапартыйную дыктатуру. Такім чынам, найвышэйшая ўлада засяроджвалася выключна ў руках арганізатара перавароту — партыі бальшавікоў, а дэклараваная “рэвалюцыйна-дэмакратычная дыктатура рабочых і сялян” адразу была заменена дыктатурай адной партыі. Тая ж, з увагі на сваю нешматлікасць, а таксама з прычыны адсутнасці папулярнасці і падтрымкі з боку абсалютнай большасці насельніцтва краіны, адразу ж перайшла да тэрарыстычных метадаў праўлення. Мясцовая выканаўчая ўлада была перададзена рознага роду надзвычайным органам: ваенна-рэвалюцыйным камітэтам, ВЧК, рэвалюцыйным трыбуналам, камісарам.

Згодна з марксісцка-ленінскай дактрынай бальшавікі ўважалі, што пасля здабыцця ўлады “рабочымі і сялянамі” нацыянальнасць становіцца другараднай прыкметай. Тым не менш, калі паўстала пытанне легалізацыі і ўмацавання ўлады на тэрыторыях, далучаных да савецкай Расеі, яны пайшлі нават на стварэнне часовых нацыянальных урадаў з мэтай пазбегнуць абвінавачванняў у правядзенні захопніцкай палітыкі. На палітыку Масквы ўплывалі таксама падзеі ў замежжы. Менавіта напрыканцы 1918 г. узнікла неспрыяльная для савецкай Расеі міжнародная сітуацыя, у сувязі з чым было вырашана стварыць уздоўж яе заходняй мяжы бар'ер, што складаўся з фармальна незалежных савецкіх рэспублік. Урэшце, сам факт існавання сацыялістычнай беларускай рэспублікі павінен быў спрыяць саветызацыі беларусаў. Тактыка дзейнасці бальшавікоў палягала таксама на нейтралізацыі нацыянальных рухаў, і нават часовага саюзу з імі на камуністычнай ідэалагічнай платформе, з мэтай скарыстання іх для рэалізацыі сваіх задум.

Утварэнне беларускай савецкай квазідзяржавы было, такім чынам, з'яваю, абумоўленай перадусім тактычнымі меркаваннямі, што вынікалі з тагачаснай унутранай і замежнай палітыкі Расеі, якая ў 1918—1919 гг. апынулася ў даволі складанай геапалітычнай сітуацыі.

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь (ССРБ) была абвешчана 1 студзеня 1919 г. Зроблена гэта было таемна, без удзелу самаго беларускага народа на VI Паўночна-заходняй абласной канферэнцыі Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў), згодна з дырэктывай маскоўскага ЦК. Па яўным загадзе маскоўскіх уладаў гэтая канферэнцыя была прызнаная І З'ездам камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі.

Пра тое, што бальшавікі аніяк не жадалі дзяржаўнай самастойнасці беларусаў, сведчыць адвольнае і сітуацыйнае маніпуляванне беларускай тэрыторыяй і яе шчодрая раздача сумежным дзяржавам. Восенню 1919 г. савецкая Расея гатова была аддаць Польшчы амаль усю Беларусь у замен за стрымліванне ваенных дзеянняў; у ліпені 1920 г. яна падпісала з Літвой паразуменне, паводле якога перадавала ёй Віленшчыну і Гарадзеншчыну, а падчас перамоваў у Рызе ў 1921 г. прапанавала Польшчы Міншчыну з дзяржаўнай мяжой на Бярэзіне. Паколькі ішлося пра пэўны “санітарны кардон”, бальшавікі асабліва не клапаціліся пра “нацыянальнае самастанаўленне”. Аб гэтым сведчыць рашэнне ЦК РКП(б) ад 16 студзеня 1919 г., паводле якога без узгаднення з савецкім урадам Беларусі ад яе былі аддзелены Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні. Пасля падпісання Рыжскай мірнай дамовы тэрыторыя БССР скурчылася да шасці раёнаў Мінскай губерні. У 1924 і 1926 гг. усходнія тэрыторыі былі часткова вернутыя БССР. На той час “санітарны кардон” стаўся ўжо не патрэбны. Ваенная пагроза прайшла, а ў межах новаўтворанага СССР адміністрацыйная прыналежнасць тэрыторый збольшага не мела для Масквы значэння.

Савецкая Беларусь ад пачатку была штучным утварэннем. Фармальна яна лічылася самастойнай савецкай рэспублікай, але фактычна была часткай бальшавіцкай Расеі. На яе тэрыторыі дзейнічалі рашэнні Усерасійскага цэнтральнага выканаўчага камітэта (рас. скар. ВЦИК) і Савета народных камісараў РСФСР. Усе кардынальныя пастановы, датычныя Беларусі, прымаліся ў ЦК РКП(б). Расея прымала канчатковыя рашэнні адносна палітыкі ў галіне міжнародных зносін, фінансаў і сродкаў сувязі БССР. Самастойнасць рэспублікі зводзілася да аўтаноміі ў межах вызначаных уладамі РСФСР.

Такога кшталту федэралізм сімуляваў прысутнасць прыкметаў дзяржаўнасці нацыянальных рэспублік, хаваючы сапраўдную строга цэнтралізаваную сістэму праўлення. Гэтая ж мадэль стала таксама ўзорам для стварэння СССР. У жніўні 1922 г. было вырашана прыспешыць працэс “федэралізацыі” нацыянальных акраін, каб такім чынам легалізаваць іх захоп. 30 снежня 1922 г. І З'езд саветаў СССР зацвердзіў дэкларацыю і дамову аб утварэнні СССР.

Нягледзячы на вонкавую федэратыўную форму, Савецкі Саюз фактычна быў унітарнай дзяржавай, што хавалася за фасадам фармальна нацыянальных палітычных і культурных інстытутаў саюзных рэспублік, кіраваных прадстаўнікамі нацыянальнай камуністычнай наменклатуры пад строгім кантролем Палітбюро ЦК ВКП(б) — КПСС у Маскве. У гэтым, па сутнасці, і заключалася наўмыснасць ленінскага плана “федэратыўнага ўладкавання”, маючага на мэце прыглушэнне ўплываў мясцовых нацыяналізмаў шляхам каналізавання іх у рамках квазінацыянальных дзяржаўных структур. Аўтэнтычныя ж нацыянальныя рухі жорстка падаўляліся праз бязлітасныя рэпрэсіі.

3. Палітычныя змены

Першыя гады савецкай улады сталіся перыядам усталявання палітычнай дыктатуры. Гэты працэс складаўся з некалькіх этапаў. Пачалося ад абмежаванняў выдавецкай дзейнасці, у межах якіх ліквідаваліся небальшавіцкія выданні. Знішчаліся таксама апазіцыйныя палітычныя партыі і незалежныя грамадскія інстытуты. Адначасова ўзмацняўся тэрор палітычнай паліцыі ВЧК—ГПУ.

Канцэпцыя грамадскага ладу камуністычнай дзяржавы адразу выявілася ў стаўленні да прафсаюзаў, арганізацый найшырэйшага прадстаўніцтва “працоўнага люду”, выразнікам якога тая дзяржава сябе называла. Камуністы заўсёды лічылі палітычную нейтральнасць прафсаюзаў буржуазнай канцэпцыяй. Паводле іх яны павінны былі быць складовай часткай дзяржаўнага механізму. Ужо ў першыя гады пасля захопу ўлады пачалі рабіцца захады ў кірунку элімінацыі прафсаюзаў з палітычнага жыцця краіны. Новыя ўладары разумелі, што прымусовая праца і забарона страйкаў магчымыя толькі пры ўмове нейтралізацыі актыўнасці і самастойнасці рабочых. Таму праблему незалежнасці прафсаюзаў узнялі ўжо ў студзені 1918 г. У тым жа годзе ўзнікла канцэпцыя спалучэння кіраўніцтва прафсаюзаў з органамі кіравання прамысловасцю, г.зн. фактычнага падпарадкавання прафсаюзнага руху дзяржаўнаму апарату. У БССР такое паглынанне было ажыццёўлена ў 1920 г. Гэткім чынам прафсаюзы былі пазбаўлены іх асноўнай функціі — абароны інтарэсаў працоўных.

Падпарадкаванне дзяржаве іншых грамадскіх аб'яднанняў адбылося шляхам рыгарыстычнай рэгламентацыі іх дзейнасці. Усе грамадскія арганізацыі былі абавязаны рэгістравацца ў органах НКВД, а пасля ўтварэння СССР быў уведзены асобы парадак выдачы дазволаў на іх рэгістрацыю. З 1922 г. дзяржава пачынае таксама рэгуляваць дзейнасць творчых саюзаў. Ступень гэтага кантролю ніколі не падавалася бальшавікам задавальняючай. Апроч непасрэднага скрупулёзнага нагляду за дзейнасцю афіцыйна дазволеных грамадскіх арганізацый, шырока скарыстоўвалася сетка канфідэнтаў і агентаў бяспекі. У сваім рапарце ў Маскву, датаваным 1926 г., намеснік упаўнаважанага прадстаўніка ОГПУ у БССР Іосіф Апанскі наракаў на адсутнасць магчымасці кантраляваць выпадковыя сустрэчы прадстаўніккоў творчых арганізацый рэспублікі, падчас якіх тыя “будучы між сабой моцна ідэйна з'яднанымі, разумеючы адно аднаго з паўслова”, абменьваліся звесткамі.

Да моманту ўзнікнення дыктатуры ленінскага тыпу дзяржава традыцыйна дзялілася на дзве часткі — грамадзян і структуры ўлады. Разам з перамогай бальшавікоў быў уведзены новы элемент — монапартыя, ці партыя, манапалізуючая ўладу, якая стаяла над урадам і грамадствам, адхіляючы хоць які кантроль з іх боку. Партыя бальшавікоў не была таксама партыяй у звычайным значэнні гэтага слова, гэта была свайго роду карпарацыя, якая ажыццяўляла непасрэднае праўленне ў дзяржаве. Гэты арганізацыйны тып нагадваў вайсковую субардынацыю, а сама партыя атрымала назоў “партыі новага тыпу”. З самага пачатку савецкая дзяржава была партыйнай (бальшавіцкай), а партыя de facto дзяржаўным інстытутам. Усе пастановы па пытаннях, жыццёва важных для дзяржавы, прымаліся не на дзяржаўным узроўні, а на партыйным. У першай палове 1920-х гг. у партыйных камітэтах усіх узроўняў былі створаны галіновыя аддзелы, што дублявалі дзяржаныя структуры. Мэтай іх стварэння было выкананне партыйных дырэктыў. Такім чынам, ужо на першым этапе існавання савецкай дзяржавы фактычнае злучэнне партыйных структур з дзяржаўнымі пры дамінаванні першых дало магчымасць выкарыстання органаў і дзяржаўных сродкаў з мэтай рэалізацыі партыйных заданняў. У БССР рашэнні, датычныя палітычнага, эканамічнага, грамадскага і культурнага жыцця, прымалі кіраўнічыя органы КП(б)Б — КПБ, якія фактычна выконвалі функцыю праўлення рэспублікай. З самага пачатку свайго існавання КП(б)Б — КПБ была мясцовым аддзелам РКП(б) — ВКП(б) і стаяла на антыбеларускіх пазіцыях, што заахвочвалася маскоўскім цэнтрам.

На пачатку 1920-х гг. камуністы яшчэ не былі адзінай палітычнай партыяй на Беларусі. Дзейнічалі таксама лаяльныя да бальшавікоў Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз “Бунд”, Яўрэйская камуністычная партыя “Паалей сіён” і найбольш шматлікая на той час, найбольш папулярная сярод нацыяналаў і сялян Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР). Такое становішча па вызначэнні не магло працягвацца доўга. Не толькі таму, што камуністы бачылі ў гэтых партыях сваіх патэнцыяльных канкурэнтаў. Монапартыйная сістэма была ўмовай існавання і развіцця таталітарнага ладу, паколькі толькі маючы манаполію на ўладу “партыя”-карпарацыя магла мець гарантыю непадзельнага панавання ў краіне.

Бачачы галоўнага канкурэта ў БПСР, бальшавікі ў 1921 г. арыштавалі некалькі сотняў яе найбольш актыўных дзеячоў і правялі шэраг судовых працэсаў. Прысуды і пераследы дэмаралізавалі астатніх сяброў партыі, і ў ліпені 1924 г. яе з'езд прыняў рашэнне аб самароспуску з увагі на “поўны распад партыі”. Самароспуск БПСР і іншых партый азначаў ліквідацыю на Беларусі арганізаванай апазіцыі. Сыход з палітычнай арэны БССР у палове 1920-х гг. небальшавіцкіх палітычных партый быў таксама апошнім этапам усталявання сістэмы аднапартыйнага праўлення. Гэткім чынам была выключана магчымасць легальнай кансалідацыі небальшавіцкіх палітычных сілаў. Камуністычная партыя засталася адзінай палітычнай арганізацыяй, якая ажыццяўляла ўладу ў краіне.

Аднак правадыры бальшавікоў добра разумелі, што для ўвядзення ў дзяржаве ідэалагічнай манаполіі роспуску партый недастаткова. Таму пад кантроль былі ўзятыя ўсе сродкі, якія маглі служыць мэтам прапаганды: выдавецкая дзейнасць, радыё, кінатэатры, тэатры, масавыя сходы і ўся сістэма адукацыі. Такім чынам, партыя пры дапамозе палітычных сродкаў рабіла захады па ізаляцыі краіны з мэтай выключэння магчымасці пранікнення адрозных поглядаў, што быццам бы рабілі падкоп пад “ідэалагічнае адзінства” народа і выключала магчымасць параўнання з іншымі стандартамі матэрыяльнага і духоўнага жыцця.

З мэтай увядзення кантролю за падборам кадраў у сістэме дзяржаўных органаў камуністы на пачатку 1920-х гадоў пачалі ствараць слой савецкай партыйна-дзяржаўнай наменклатуры. Менавіта ў той час былі ўведзены спісы катэгорый службовых асоб. Усе прызначэнні або звальненні ўключаных у гэтыя спісы чыноўнікаў адбываліся толькі пасля зацверджання іх кандыдатур Цэнтральным камітэтам камуністычнай партыі або пасля абавязковага ўзгаднення з арганізацыйна-кантрольным аддзелам ЦК. Адпаведна, у структуры органаў партыйнага апарату ніжэйшага ўзроўню былі створаны спецыяльныя кантрольныя аддзелы, якія між іншым займаліся падборам супрацоўнікаў на кіраўнічыя пасады. Асноўным крытэрыем прыдатнасці кандыдата была ягоная лаяльнасць да камуністычнай ўлады і ідэалогіі. У так жорстка арганізаваным грамадстве сацыяльная дынаміка асобы была абмежавана. Часта людзі здольныя не мелі магчымасці займацца дзейнасцю, якая адпавядала іх інтэлектуальнаму ўзроўню, а асобы вельмі ардынарныя маглі падымацца на вяршыні сацыяльнай іерархіі толькі таму, што былі адданыя пануючай сістэме.

Прававая база кадравай сістэмы СССР стваралася цягам 1922—1925 гг. У 1926 г. быў уведзены пералік наменклатурных пасадаў, улучна з г.зв. выбарнымі пасадамі, якія зацвярджаліся спецыяльнымі камісіямі ЦК РКП(б). У іх увайшлі 5133 пасады. Апроч цэнтральнага агульнасаюзнага, была ўведзена таксама мясцовая сістэма наменклатуры БССР, якая, канечне, была значна сціплешая за маскоўскую. У свой час яна налічвала 266 пасадаў, што належалі да наменклатуры ЦК КП(б)Б.

Сяброўства ў партыі давала палітычныя і матэрыяльныя прывілеі, таму вельмі хутка ўзнікла своеасаблівая “кліентура”, зацікаўленая ў захаванні існуючага ладу, свайго роду бальшавіцкая “арыстакратыя”, прыналежнасць да якой адкрывала шлях да ўлады. Сярод сяброў партыі не бракавала людзей ідэйных, але большасць уступала ў партыю менавіта з-за прывілеяў, якія былі абяцаныя. Месца ў партыйнай іерархіі гарантавала дадатковыя даброты ў выглядзе магчымасці займаць наменклатурныя пасады і атрымліваць высокія заробкі, добрых жыллёвых умоваў, асобых медыцынскіх паслуг, доступу да дэфіцытных тавараў. Партыйныя функцыянеры стаялі быццам бы над правам. Іх нельга было арыштаваць або судзіць без згоды партыйных органаў адпаведнага ўзроўню. Паступова гэты партыйна-наменклатурны слой пачаў служыць узорам кар'ернага росту і жыццёвага поспеху для шырокіх мас насельніцтва СССР, асабліва маладога пакалення, якое ведала толькі савецкія рэаліі. Такая практыка выпрацавала калектыўную псіхалагічную арыентацыю, сутнасць якой палягала на перакананні, што толькі валоданне ўладай дае прывілеі і дабрабыт, і што начальніку дазволена ўсё, пакуль ён гэтую ўладу мае.

4. Мадэль эканамічнага развіцця

Сутнасць палітыкі бальшавікоў у пытанні рэгулявання эканамічных працэсаў у краіне заключалася ў імкненні да аб'яднання вытворчасці ў адно цэлае і яе манапалізацыі. Лічылася, што змяншэнне лічбы гаспадарчых суб'ектаў, а таксама канцэнтрацыя кантролю эканамічнага жыцця ў адным цэнтры спросціць эканамічнае ўладкаванне і дасць магчымасць “шырокім слаям працоўных” удзельнічаць у кіраванні як паасобнымі прадпрыемствамі, так і ўсёй народнай гаспадаркай, нават нягледзячы на верагодную адсутнасць адукацыі і вопыту кіравання.

Гэтая эканамічная праграма як аксіёму прызнавала таксама тэзіс, што адмена прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці не толькі патрабуе агульнага для ўсёй краіны плана, але і робіць гэтую працэдуру дастаткова простай. Іншымі словамі, меркавалася, што нацыяналізацыя, у выніку якой прадпрыемствы пачынаюць працаваць “выключна дзеля задавальнення патрэб насельніцтва”, а не прыбытку, стварае ўмовы, у якіх адпаведнае планаванне становіцца справай тэхнікі і ўжо не звязана з інтарэсамі рэальных гаспадарчых суб'ектаў. У сапраўднасці ж усё аказалася не так проста. Негатыўныя наступствы гэтага тыпу механізму “планавага” гаспадарання хутка праявіліся ў выглядзе імкнення прадпрыемстваў да заніжэння сваіх вытворчых магчымасцей. Яны праявіліся таксама ў дыспрапарцыянальнасці цэнтралізаванага забеспячэння матэрыяльнымі рэсурсамі і скрайняй нерацыянальнасці іх выкарыстання; у абсалютным дамініраванні галіновых інтарэсаў насуперак агульнадзяржаўным. Гэта хутка развеяла ілюзію адносна погляду, што ўсталяванне “пралетарскай” улады і нацыяналізацыя сродкаў вытворчасці з'яўляецца адзінай магчымай перадумовай перамогі планавай гаспадаркі. Перспектыва канчатковага эканамічнага краху змусіла бальшавікоў да саступак і часовага аднаўлення рыначных прынцыпаў функцыянавання эканомікі пад строгім кантролем дзяржавы ў выглядзе г.зв. новай эканамічнай палітыкі (НЭП).

Першыя палітычныя і грамадска-эканамічныя змены на Беларусі мелі прыкметы “ваеннага камунізма”, які на тэрыторыі РСФСР фармаваўся як інтэгральная эканамічная сістэма. Урад савецкай Беларусі старанна капіяваў гэтую мадэль, якая патрабавала стварэння надзвычайных органаў улады (перадусім мясцовай) і прывяла да максімальнай цэнтралізацыі ўпраўлення гаспадаркай. Палітыка г.зв. ваеннага камунізму была выклікана зусім не вайной і спусташэннем, як сцвярджалі бальшавікі, а вельмі саманадзейнай і надзвычай наіўнай спробай хуткай пабудовы ў краіне камуністычнага ладу. Пра гэта сведчыць, між іншым, рэгулярная і сістэматычная барацьба камуністаў з прыватнай уласнасцю.

Марксісцка-ленінскі тэзіс аб шкодных уплывах прыватнай уласнасці і неабходнасці яе адмены не быў новы. Ён паходзіў з узніклага яшчэ ў антычныя часы ўяўлення аб тым, што чалавецтва сапсавана інстытутам прыватнай уласнасці і можа цешыцца шчасцем толькі пазбаўляючыся ад яе згубнага ўплыву. Не новым было таксама намаганне практычнай рэалізацыіі гэтай ідэі і арганізацыі супольнасці без прыватнай уласнасці. Новым быў маштаб эксперыменту, які быў праведзены ў агромістай краіне са шматмільённым насельніцтвам. Аднак гісторыя ўсіх існуючых дасюль грамадстваў сведчыць аб паўсюднай і незнішчальнай прысутнасці ў іх уласніцкіх дамаганняў, імкненні індывідуумаў мець уласнасць, марнасці добраахвотных або прымусовых намаганняў арганізацыі грамадскага ладу, які не прызнае ўласнасць. Міф аб “першабытным камунізме” быў такі ж беспадстаўны, як і ўяўленне, што схільнасць да валодання прышчапляецца грамадствам, з чаго рабілася выснова аб неабходнасці яго пераўтварэння. Імкнучыся да рэалізацыі тэорыі Маркса аб адміранні дзяржавы, бальшавіцкая мадэль, насупярэч чаканням яе прыхільнікаў, прывяла да гіпертрафіі кантрольных функцый ва ўсіх галінах гаспадаркі і разрастання сістэмы органаў, якія ёю кіравалі. Бальшавікі меркавалі, што нацыяналізацыя ўласнасці дазволіць рашучым чынам змяніць сітуацыю ў прамысловасці, павялічыць прадукцыйнасць працы і эфектыўнасць гаспадаркі. Таму адразу пасля перавароту пачаткова ставілася мэта знішчэння капіталізму і нацыяналізацыі прадпрыемстваў. У рэальнасці ж сітуацыя пагоршылася яшчэ больш. У наступныя гады ўсе намаганні былі скіраваныя на стрымліванне нарастаючага эканамічнага спада і далейшага зніжэння вытворчасці, што і спрабавалі зрабіць шляхам цэнтралізацыі кіравання прамысловасцю і мілітарызацыі працы.

Нацыяналізацыя прамысловасці, якая знаходзілася пад уладай саветаў, фармальна пачалася ўжо ў 1917 г. Быў створаны Вышэйшы савет народнай гаспадаркі (рас. скар.: ВСНХ) з шырокімі паўнамоцтвамі і падпарадкаваны ўраду. Ён мог канфіскоўваць і зачыняць кожнае прадпрыемства. Пасля нацыяналізацыі паасобных прадпрыемстваў і акцыянерных суполак у маі 1918 г., савецкі ўрад прыступіў да адзяржаўлівання цэлых галін прамысловасці. Буйную прамысловасць было вырашана нацыяналізаваць у чэрвені 1918 г. Цягам наступных шасці месяцаў была нацыяналізавана лёгкая прамысловасць, гуртовы і раздробны гандаль, банкі, кааператывы і ўсе дробныя прадпрыемствы, рамесныя майстэрні.

Па прыкладзе РСФСР на Беларусі таксама пачалася нацыяналізацыя прамысловасці. Тут адзяржаўліванне прамысловых прадпрыемстваў адбывалася вельмі нераўнамерна ў сувязі з частымі зменамі ўлады. У першыя месяцы пасля бальшавіцкага перавароту ў распараджэнне дзяржавы было перададзена толькі 1,5% прадпрыемстваў. У той час, калі савецкі ўрад РСФСР (з чэрвеня 1918 г.) праводзіў масавую нацыяналізацыю буйных прамысловых прадпрыемстваў, вялікая частка Беларусі знаходзілася пад кантролем нямецкай арміі. Пасля зыходу немцаў і перад польска-бальшавіцкай вайной (з кастрычніка 1918 г. да чэрвеня 1919 г.) было нацыяналізавана больш за сто фабрык і заводаў, што складала 19,2% тагачаснай прамысловасці Беларусі. Толькі ў 1920 г., пасля зыходу польскіх войскаў, нацыяналізацыя была завершана. Са жніўня 1919 г. да снежня 1920 г. было нацыяналізавана 74,5% вялікіх і малых прамысловых прадпрыемстваў. Вынікаў гэтай палітыкі не трэба было доўга чакаць. Панаванне адміністрацыйных метадаў, цэнтралізацыя, ігнараванне эканамічных законаў, адсутнасць досведу працы ў бальшавіцкіх кадраў, дыктат камуністычнай ідэалогіі цягам некалькіх гадоў давялі эканоміку да поўнага распаду.

Асновы планавання дзяржаўнай гаспадаркі таксама былі закладзены ў 1917 г., падчас стварэння ВСНХ. У 1921 г. у яго структуры быў створаны орган доўгатэрміновай каардынацыі эканомікі — Дзяржаўная камісія планавання (рас. скар.: Госплан). У той час ён адыграваў нязначную ролю, але пазней стаўся цэнтральным звяном гаспадарчай сістэмы СССР, бо менавіта “кіраваная гаспадарка” была адной з канчатковых мэтаў камунізму. У шырокім маштабе планаванне ўпершыню было рэалізавана ў 1926 г., калі Госплан прапанаваў першы пяцігадовы план, які быў зацверджаны на XV з'ездзе ВКП(б) у снежні 1928 г. Гэта паклала пачатак стварэнню агульнадзяржаўнай сістэмы доўгатэрміновага планавання ў Савецкім Саюзе, што ў выніку прывяло да аб'ектывізацыі суб'ектыўнай дзейнасці органаў планавання. Гэта праявілася ў характары прыманых эканамічных рашэнняў і планавых заданняў. Яны пачалі лічыцца “абгрунтаванымі” толькі з таго, што былі прынятыя партыйнымі і дзяржаўнымі органамі. Цэнтралізаваныя вытворчыя заданні ў канчатковым выніку прыраўноўваліся да аб'ектыўнай грамадскай патрэбы. Фактычна партыйны апарат браў на сябе функцыю рынка ў працэсе каардынацыі попыту і прапановы, прэтэндуючы пры гэтым на аб'ектыўнасць сваіх патрабаванняў. Напрыканцы 1920-х гг. гэтыя прэтэнзіі набылі рэальную форму эканамічнай тэорыі, якая прызнавала дзяржаўны план “эканамічным правам сацыялізма”.

У канцы 1918 г. у Расеі быў уведзены ўсеагульны абавязак прымусовай працы, а пазней ён быў распаўсюджаны на захопленыя бальшавікамі тэрыторыі. Згодна з тагачасным працоўным кодэксам, праца была абавязковай для ўсіх працаздольных грамадзян ад 16 да 50 год, а беспрацоўныя не мелі права адкінуць прапанову працаўладкавання па сваёй спецыяльнасці. Згортвалася таксама прыватнае прадпрымальніцтва ў прамысловасці і гандлі. Напрыканцы 1920 г. на дзяржаўных прадпрыемствах Беларусі працавала 80% усіх прамысловых рабочых, а ў прыватных толькі 19%.

Было павялічана падаткаабкладанне прыватнага капіталу, і пачалася канчатковая нацыяналізацыя дробнай вытворчасці і гандлю, у якіх падаткавы цяжар павысіўся да 70%. На працягу 1926—1928 гг. доля прыватнага сектара ў агульнай прамысловай вытворчасці БССР зменшылася амаль удвая. У той час як прыватныя прадпрыемствы апыналіся ў сітуацыі поўнага банкруцтва, дзяржаўным прадпрыемствам аказвалася фінансавая дапамога з бюджэту. Але нават у такіх неспрыяльных умовах удзел прыватных прадпрыемстваў у гаспадарцы рэспублікі быў істотны. У 1925—1926 гг. яны выраблялі 31,7% агульнай колькасці прамысловай прадукцыі, а іх удзел у дробнай вытворчасці складаў 69,1%.

З другой паловы 1920-х гг. дзяржава пачала актыўна рэгуляваць цэны на прадукцыю, асабліва вырабленую ў прыватным і кааператыўным сектарах гаспадаркі. Самавольнае перавышэнне ўсталяваных зверху цэнаў каралася.

Такая абсурдная эканамічная палітыка прывяла да пагаршэння забеспячэння і зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Таму ў 1928 г. была ўведзена карткавая сістэма забеспячэння, якая існавала да сярэдзіны 1930-х гг. і была адной з характэрных рысаў камуністычнага ладу.

Да 1917 г. сістэма гаспадарчых адносін на тэрыторыі Беларусі трохі адрознівалася ад пануючых у Расеі. Асабліва гэта было адчувальна ў вёсцы, дзе гаспадарка вялася іншым чынам. Большасць беларускіх зямель не зведала абшчыннага валодання зямлёй (“община”, “мир”). У гэтым сэнсе беларускія сяляне былі бліжэй да сялян еўрапейскіх, з моцна ўкарэненым у іх пачуццём уласнасці. У адрозненне ад Расеі, на Беларусі існавала развітая фальваркавая сістэма, а наяўнасць даіндустрыяльных чыннікаў і залежнасць ад маёнтка былі меншыя. У 1913 г. заможныя сяляне і землеўладальнікі, да якіх належала 11,1% гаспадарак, сабралі 49,1% збожжа і 53% бульбы. Малазямельныя сялянскія гаспадаркі, што складалі 2\3 ад агульнай колькасці гаспадарак, давалі менш за 25% збожжа і бульбы. Вялікія зямельныя валоданні на Беларусі ўяўлялі сабой арганізаваныя вытворчыя гаспадаркі, яны не перадаваліся ў арэнду сялянам, як расейскія. Таму на Беларусі ў 1917 г. значна радзей здараліся сялянскія бунты і выпадкі знішчэння і рабунку маёнткаў землеўладальнікаў, а таксама масавага самавольнага перадзелу зямлі. Варта падкрэсліць, што Беларусь не была самастойным ачагом зменаў, і рэвалюцыйныя працэсы, якія там адбываліся, не вынікалі з унутранай сітуацыі, а былі прыўнесены звонку. Беларускія сяляне занялі пазіцыю чакання ў адносінах да аграрных распараджэнняў савецкіх уладаў. Да ідэі нацыяналізацыі зямлі і стварэння “супольнай маёмасці” сяляне паставіліся дастаткова падазрона.

Галоўныя палажэнні бальшавіцкага “Дэкрэта аб зямлі” ад 27 кастрычніка 1917 г. былі развітыя ў “Асноўным законе аб сацыялізацыі зямлі”, які прадугледжваў прыярытэтнае развіццё калектыўных форм уласнасці. На Беларусі рэалізацыя савецкіх аграрных пераўтварэнняў адбывалася па меры ўсталявання савецкай улады на яе тэрыторыі пасля адыходу нямецкіх і польскіх войскаў. Гэтыя дзеянні адлюстроўвалі намаганні ўлады, скіраваныя на стварэнне суцэльнай неперсаніфікаванай дзяржаўнай або калектыўнай уласнасці, уніфікацыю ўсіх эканамічных укладаў у вёсцы шляхам арганізацыі калектыўных і дзяржаўных гаспадарак — сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў (калгасаў) і дзяржаўных сельскагаспадарчых гаспадарак (саўгасаў). У тэзісах ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, датаваных 1920 г., катэгарычна пацвярджалася адмена прыватнай уласнасці на зямлю, якая мелася стаць грамадскай уласнасцю. Ніхто не меў права яе купляць, атрымліваць у спадчыну або дараваць.

Экспрапрыяцыя землеўладальнікаў і “выкараненне” прыватнай уласнасці сялян на кантраляванай бальшавікамі частцы Беларусі, г. зн. у губернях Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай пачалася ў лістападзе-снежні 1917 г., праходзіла ў маланкавым тэмпе і была завершана ў лютым 1918 г. Усяго было канфіскавана каля трынаццаці тысяч прыватных гаспадарак. На базе былых вялікіх зямельных гаспадарак пачаў стварацца новы грамадскі сектар эканомікі. Саўгасы, калгасы і камуны карысталіся льготамі і палёгкамі пры надзяленні зямлёй, забеспячэнні насеннем, цяглавай сілай, прыладамі працы, атрымлівалі фінансавую падтрымку. Ствараючы калектыўныя гаспадаркі Саветы спадзяваліся, што дзякуючы гэтай акцыі яны атрымаюць падтрымку сярод незаможнага вясковага насельніцтва. Менавіта з гэтай мэтай вялася актыўная прапаганда за ўступленне ў камуны і кааператывы. Але жыццё не пацвердзіла гэтых надзей, дэманструючы, што класавая тэорыя не стасавалася з грамадскай псіхалогіяй вясковага насельніцтва. Нават найбяднейшыя ўпарта імкнуліся атрымаць уласны надзел зямлі, што рабіла магчымым здзяйсненне іх мараў аб самастойным гаспадаранні і павышэнні свайго сацыяльнага статусу. На пачатку 1920 г. ва ўсходняй частцы Беларусі кааператыўныя гаспадаркі ахоплівалі толькі 3% ворных земляў . Таму цягам 1920-х гадоў савецкая ўлада імкнулася да аслаблення прыватных гаспадарак і ўзмацнення пазіцый сялянская беднаты і сельскагаспадарчых камун. Рабілася гэта, між іншым, шляхам вызвалення ад падаткаў калгасаў, пры адначасным шматразовым павелічэнні падаткаабкладання жыццяздольных заможных індывідуальных гаспадарак. Такая палітыка не толькі аслабляла эканамічныя магчымасці апошніх, але і распальвала канфрантацыю сацыяльных груп, спрыяючы тым самым нівеляванню маёмаснага стану вясковага насельніцтва, а таксама ўмацаванню сацыяльнай базы бальшавікоў у вёсцы. У выніку прыватныя гаспадарчыя суб'екты паступова даводзіліся да разбурэння, што тармазіла развіццё ўсёй сельскай гаспадаркі.

Каб прымусіць сялян да арганізацыі калектыўных гаспадарак, быў уведзены кантроль паставак сельгаспрадукцыі шляхам увядзення строга рэгламентаванай манаполіі на гандаль хлебам, з адначаснай камунізацыяй вёскі. З 1 студзеня 1919 г. была ўведзена г.зв. “продразвёрстка”. Кожная адміністрацыйная адзінка павінна была аддаваць дзяржаве папярэдне вызначаную колькасць збожжа і іншай сельгаспрадукцыі, у залежнасці ад прагназаванага (!) ураджаю, падлічанага вельмі адвольным чынам. Прычым кожная вёска несла адказнасць за сваю частку паставак, і толькі пасля іх выканання сялянам даваўся дазвол на набыццё абмежаванай колькасці прамысловых тавараў. Калі сяляне пераканаліся, што дзяржава забірае сабе тое, што яны мерыліся прадаць на рынку, яны страцілі матэрыяльную зацікаўленасць. Пасяўныя плошчы рэзка зменшыліся, і большая частка адчужанай зямлі ляжала аблогай.

Савецкія ўлады прыкладалі ўсе намаганні да таго, каб падзяліць вёску на “сваіх” і “чужых”, дасягнуць яе ідэалагічнай дыферэнцыяцыі па прынцыпу заможнасці. З гэтай мэтай, між іншым, ствараліся “камбеды” (камітэты вясковай беднаты), надзвычайныя органы ў вёсцы, скіраваныя супраць заможных гаспадароў. Увядзенне ў вёсцы элементаў класавай барацьбы і нязгоды, якія раздзялялі сялянства, было магутным дэстабілізацыйным чыннікам.

Няма чаго здзіўляцца, што ў такой сітуацыі вёска пачынала бунтаваць супраць бальшавіцкай улады. Па ўсёй Беларусі пранеслася хваля стыхійных хваляванняў і ўзбурэнняў. У другой палове 1918 г. антыбальшавіцкія сялянскія паўстанні выбухнулі ў Аршанскім, Гарадоцкім і Дзісненскім уездах Віцебскай губерні, Горацкім, Клімавіцкім, Быхаўскім і Чэрыкаўскім уездах губерні Магілёўскай. У 1919 г. цэлыя абшары краіны знаходзіліся пад кантролем бунтуючых сялян, як гэта было, напрыклад, на беларускім Палессі, дзе справа даходзіла да сапраўдных баёў з “чырвонымі”. У 1920 г. узброеныя змаганні сялян з бальшавіцкімі аддзеламі адбываліся ў Слуцкім, Ігуменскім, Мінскім, Барысаўскім, Мазырскім уездах.

На Беларусі дадатковую перашкоду калектывізацыі ствараў фальварачны характар яе гаспадарак. Паводле прыкладнага перапісу 1927 г., хутары складалі ў рэспубліцы каля 20% усіх гаспадарак. Усведамляючы гэтую праблему, бальшавікі намагаліся пераадолець “ізаляцыю” значнай часткі сялян і прадухіліць “раздрабненне” двароў, якія народны камісар сельскай гаспадаркі БССР Дзмітры Прышчэпаў называў “воўчымі кутамі”. Быў створаны міф аб шматлікім і моцным класавым ворагу — “контррэвалюцыянерах”-кулаках, якіх трэба было вынішчыць. Абвяшчэнне гэтай своеасаблівай грамадзянскай вайны было патрэбнае з мэтай канчатковага апанавання вёскі і падпарадкавання яе палітыцы ўладаў. Масавы наступ пачаўся ў 1929 г., знамянуючы пачатак г.зв. вялікага пералому, які характарызаваўся масавай калектывізацыяй, усеагульным закабаленнем і рабункам сялянства, а таксама фізічным вынішчэннем найзамажнейшай і найбольш актыўнай яго часткі. Адзначым, што ў 1925—1926 гг. удзел дзяржаўнага і кааператыўнага сектараў у агульнай вытворчасці сельскай гаспадаркі Беларусі складаў толькі 2,5%. Калгасаў было ў БССР напрыканцы 1928 г. толькі 0,7% ад агульнай колькасці сялянскіх гаспадарак.

Распачатая бальшавікамі спроба маланкавага ўвядзення на руінах старога грамадства камуністычнага ладу з трэскам правалілася. Накінуты краіне “ваенны камунізм”, народжаны на грунце марксісцкіх догмаў і ілюзій, аказаўся цалкам няўдалым. Спробы ажыццяўлення ўтапічных праграм зруйнавалі прамысловасць і нанеслі шкоду сельскай гаспадарцы. Перад абліччам поўнай гаспадарчай паразы бальшавікі мусілі хутка ад іх адмовіцца. Каб стабілізаваць сітуацыю і адхіліць пагрозу магчымай страты ўлады, бальшавікі адмовіліся ад рэвалюцыйных метадаў дзеяння і зрабілі спробы ўключэння ў савецкую сістэму элементаў рынкавай гаспадаркі. Яны спадзяваліся, што дзякуючы гэтым захадам ім удасца выйсці з крызісу (які, зрэшты, яны самі і спарадзілі), з наступным працягам рэалізацыі камуністычнага праекта. Гэты працэс атрымаў назоў “новай эканамічнай палітыкі”, якая зрабіла магчымым пэўнае прыстасаванне камуністычных ідэалаў да рынкавых умоваў як найбольш адпавядаючых прагрэсу краіны. Пачатак гэтай палітыцы паклаў Х з'езд РКП(б) у сакавіку 1921 г. Не было толькі адказу на пытанне: навошта ідэалы, якія супярэчаць ідэалам прагрэсу? Канец новай эканамічнай палітыкі наступіў у 1928—1929 гг., з пераходам улад да сістэмы закупак і паставак збожжа дзяржаве метадамі адміністрацыйнага прымусу. У гэты ж перыяд пачаўся рагром прыватнага гандлю і дробнай вытворчасці, была ўзноўлена палітыка павелічэння дзяржаўнага сектара. Адбылася таксама яшчэ адна рэарганізацыя сістэмы кіравання гаспадаркай па чыста адміністрацыйных прынцыпах — падпарадкаванне дыктату плана, адначасна са зваротам да мілітарызаванай індустрыялізацыі і татальнай калектывізацыі.

Літаратура

1. Шыбека З. Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2000). Мінск, 2003.

2. Нарысы гісторыі Беларусі. Т. 2. Мінск, 1995.

3. Гісторыя Беларусі. Т. 5 (Беларусь у 1917—1945 гг.). Мінск, 2006.

4. Пайпс Р. Русская революция. Москва, 2005.

5. Верт Н. История советского государства 1900—1991. Москва, 2002.

6. Хоскинг Д. История Советского Союза 1917—1991. Москва, 1995.

7. Касцюк М. Бальшавіцкая сістэма ўлады на Беларусі. Мінск, 2000.

8. Протько Т.С. Становление советской тоталитарной системы в Беларуси (1917—1941). Минск, 2002.

9. Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. Москва, 1990.

10. Вішнеўскі А.Ф. Палітыка-прававы рэжым савецкай дзяржавы (1917—1953). Мінск, 2002.

11. Декреты советской власти. Т. 1—17. Москва, 1957—2006.

12. Чёрная книга коммунизма. Преступления, террор, репрессии. Москва, 1999.

 

 

 
Лекцыя 1

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY