|
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ
ЮРЫ ВАШКЕВІЧ. ТРЫ ТАТАЛІТАРЫЗМЫ |
Лекцыя 1 |
План: 1. Панятак і дэфініцыі таталітарызму 2. Інтэрпрэтацыі і тыпалогія таталітарызмаў
1. Панятак і дэфініцыі таталітарызму Паняцце “таталітарызм” і тэарытычныя канструкцыі таталітарызму, актыўна распрацоўваныя на Захадзе з 1940-х гг., знаходзіліся ў Савецкім Саюзе пад забаронай і практычна былі недаступныя даследчыкам. Савецкія энцыклапедычныя крыніцы да паловы 1970-х гг. нават не змяшчалі артыкулу “таталітарызм”. Ён быў улучаны толькі ў Вялікую савецкую энцыклапедыю 1977 году выдання, дзе разглядаўся як адна з форм аўтарытарнай улады, “што характарызуецца поўным кантролем дзяржавы над усімі сферамі жыцця грамадства”, ды як адна з варыяцый да фашысцкага рэжыму. У Беларускую энцыклапедыю адпаведны артыкул, аўтарам якога з'яўляецца Я.Бабосаў, увайшоў толькі ў 2002 г. Там таталітарызм вызначаецца як “...сацыяльна-палітычная сістэма, у якой ажыццяўляецца поўнае падпарадкаванне грамадства, яго палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і духоўнага жыцця ўладзе панавальнай эліты”. Далей у артыкуле таталітарызм звязваецца з фашызмам. У сувязі ж з камунізмам таталітарызм коратка згадваецца толькі ў самым канцы, калі гаворыцца, што тэрмін “таталітарызм” “скарыстоўваўся для крытыкі камуністычнай сацыяльна-палітычнай сістэмы”. Дэфініцыі таталітарызму адрозніваюцца між сабой, часам даволі істотна. Гэта адбываецца таму, што сама канцэпцыя таталітарызму дасюль не мае адназначнага навуковага тлумачэння. Першую ў сучаснай паліталогіі спробу вычарпальна вызначыць таталітарныя рэжымы зрабіў Карл Фрыдрых (1901—1984), які прапанаваў лічыць таталітарным такое грамадства, якому ўласцівыя ніжэй пералічаныя рысы: — існаванне афіцыйнай ідэалогіі, якая ахоплівае ўсе аспекты чалавечага быцця і, прынамсі, пасіўна ўхваляецца грамадствам. Гэтая ідэалогія скіравана на дасягненне ўяўнага дасканалага стану чалавечай супольнасці і змяшчае патрабаванні ўтапічна-міфычнага характару, заснаваныя на катэгарычным непрыняцці “старога” грамадства ды імкненні заваяваць свет дзеля збудовы новага ладу; — дзейнасць толькі адной масавай палітычнай партыі, зарганізаванай паводле іерархічнага і алігархічнага прынцыпу, якая або стаіць над бюракратычным дзяржаўным апаратам, або цалкам пераплецена з ім; — наяўнасць сістэмы тэрарыстычнага паліцыйнага кантролю, скіраванага супраць ворагаў рэжыму і адвольна выбраных груп насельніцтва; — тэхналагічна абумоўлены і амаль што ўсёабдымны кантроль з боку партыі ўсіх сродкаў камунікацый; — ажыццяўленне поўнага партыйнага кантролю над усімі ўзброенымі сіламі; — цэнтралізаваны кантроль і кіраванне ўсёй эканомікай з боку партыі або падпарадкаваных ёй органаў. Вышэйпералічаны набор чыннікаў, названы Фрыдрыхам таталітарным сіндромам, мог, паводле яго меркавання, узнікнуць толькі ў асяроддзі, якому ўласцівыя такія рысы, як дэмакратыя, хрысціянізацыя, развітая тэхналогія ды індустрыялізацыя. Таму ён з'яўляецца спецыфічным тыпам грамадства, характэрным для ХХ стагоддзя. Аўтар разважаў наступным чынам. У гісторыі існавалі розныя формы аўтакратыі: неабмежаваная ўлада правадыроў у першабытным грамадстве, усходнія дэспатыі, тыраніі ў старажытнагрэчаскіх дзяржавах і гарадах-дзяржавах Італіі эпохі Адраджэння, абсалютныя манархіі ў сярэднявеччы і Еўропе новага часу, у тым ліку ў царскай Расеі. Але гэтак жа ў гістарычным сэнсе існуе толькі частковае падабенства таталітарных дыктатур ХХ ст. і вышэйзгаданых старых аўтакратый. Апошнія зусім не імкнуліся цалкам завалодаць чалавекам, а задавальняліся аддаленнем яго ад адных сфер дзейнасці і звыш-эксплуатацыяй у іншых. Сутва ж таталітарызму заключаецца ў татальным кантролі за паўсядзённым жыццём людзей, іх учынкамі і нават складам думак, хаця абсалютны кантроль за гэтымі сферамі жыцця ўсталяваць немагчыма. Гаворка вядзецца найперш пра намаганні рэжыму перарабіць, ператварыць сваіх грамадзян пад акрэсленую ідэалогію. З гэтага гледзішча тэакратычныя формы ўлады мінуласці не могуць быць прылічаны да таталітарных рэжымаў. Усе шэсць вышэйпералічаных прыкмет таталітарызму разам адсутнічалі ў традыцыйных аўтакратычных рэжымах. Яны маглі там выяўляцца толькі паасобку і ў іншым выглядзе. Наяўнасць афіцыйнай ідэалогіі К.Фрыдрых безумоўна лічыць найважнейшай уласцівасцю, якая вылучае таталітарную форму арганізацыі грамадства. Не выпадкова яна пастаўлена на першае месца. Аднак, уважае аўтар, сапраўды новая рыса таталітарных рэжымаў ХХ ст. заключаецца ў арганізацыі і метадах ажыццяўлення кантролю за грамадствам з дапамогай дасягненняў сучаснай навукі і тэхнікі. Прыхільнікам іншай канцэпцыі быў Леанард Шапіра. У кнізе Таталітарызм (1972) ён вылучае пяць асноўных “контураў” таталітарызму: наяўнасць правадыра; падпарадкаванне законнага парадку ягонай палітычнай волі; кантроль за асабістай мараллю; пастаянная мабілізацыя грамадзян на выкананне вызначаных задач; легітымізацыя ўлады праз масавую падтрымку ці яе імітацыю. Над феноменам таталітарызму разважаў таксама вядомы французскі філосаф, палітолаг і сацыёлаг Раймон Арон. На яго думку, пяццю асноўнымі прыкметамі гэтай сістэмы з'яўляюцца: манапольнае права нейкай адной партыі на палітычную дзейнасць; наяўнасць у гэтай партыі ідэалогіі, якой нададзены статус адзінага аўтарытэту і афіцыйнай дзяржаўнай ісціны; выключнае права дзяржавы на сілавое ўздзеянне і на сродкі пераконвання праз кіраванне ўсімі сродкамі масавай інфармацыі; падпарадкаванне дзяржаве ўсіх відаў эканамічнай і прафесійнай дзейнасці; паліцэйскі, а таксама ідэалагічны тэрор адносна палітычных і ідэалагічных “парушэнняў” грамадзян. Усе гэтыя прыкметы Р.Арон прапануе разглядаць у сукупнасці, бо гэтая з'ява атрымлівае закончаны выгляд толькі тады, калі вышэйпералічаныя рысы аб'яднаны і цалкам выяўлены. Вялікую папулярнасць набыла тэорыя эмігранткі з гітлераўскай Германіі, філосафа і палітолага Ханны Арэндт. Яна зважыла на беспрэцэдэнтнасць формы ідэалогіі і тэрору, дзе зыходным элементам з'яўляецца наяўнасць г.зв. аб'ектыўных ворагаў — напрыклад, эксплуататарскіх класаў ці габрэяў, якія падлягаюць знішчэнню на падставе “законаў” гісторыі альбо прыроды — не за ўчыненныя дзеянні, а толькі з прычыны свайго існавання. Арэндт азначала таталітарныя сістэмы як легальна крымінальныя, раз тое, што дагэтуль лічылася злачынствам, было ўведзена ў ранг дзейных агульных прынцыпаў. Такім чынам, усе былі вінаваты і, адначасна, у грамадстве не было злачынцаў. Гэтыя рэжымы імкнуліся ўсё чалавецтва ўцягнуць у злачынства, што мусіла дапамагаць стабілізацыі сістэмы. Нават тыя, хто не забіваў, адчувалі сябе вінаватымі — з тае прычыны, што трапілі ў пастку самападману. Бо часта гэта была адзіная магчымасць выжыць. Асаблівы погляд на паходжанне сістэмаўтваральных элементаў таталітарызму выказаў пісьменнік Джордж Оруэл, які бачыў таталітарызм як спробу скарэння людзей знутры, праз кантраляванне іх думак і пачуццяў. Паводле Оруэла, трэба разумець, што кантроль думкі мае ў гэтым выпадку дваісты характар — негатыўны і пазітыўны. Справа ў тым, што забараняецца не толькі падзяляць, а тым больш выказваць пэўныя меркаванні, але й накідаць пэўны спосаб мыслення і такім чынам звучаць асобу да ідэалогіі дзеля кіравання яе эмацыйным жыццём і паводзінамі. Польскі філосаф Лешак Колакоўскі адной з характэрных рыс таталітарызму лічыць “татальную хлусню”. Да прыкладу, часам позняга перыяду сталінізму не толькі ўсё было зафальшавана, але “была сцерта мяжа між тым, што “правільнае”, і тым, што “праўдзівае”. Як кіраўнікі, так і насельніцтва, паўтараючы ўвесь час адны й тыя ж абсурдныя рэчы, самі пачыналі ў іх верыць, або напаўверыць. Майкл Кэрціс паспрабаваў зрабіць абагульнены пералік асноўных характарыстык таталітарызму, што сустракаюцца ў адпаведнай літаратуры. Да іх ён прылічыў: 1) афіцыйную і адзіную ідэалогію ці сукупнасць поглядаў, якія грамадства забавязваецца вызнаваць і якія паўстаюць падмуркам стварэння новага тыпу палітычнага і сацыяльнага парадку і новага чалавека; 2) іерархічна збудаваную аднапартыйную сістэму, або рэжым, створаны на аснове нейкага руху, у якім цалкам адсутнічае паняцце плюралізму; 3) манаполію кантролю ўсіх сфер жыцця грамадства, а таксама прыватнага жыцця людзей і іх думак, сродкаў масавай інфармацыі, сістэм адукацыі і культуры; 4) выкарыстанне тэрору, канцлагераў і палітычнай паліцыі для стварэння атмасферы поўнай падпарадкаванасці і пастаянна навіслай пагрозы асобе; 5) падпарадкаванне цэнтральнай уладзе ўсіх асабістых і грамадскіх інтарэсаў, якія маглі б спрыяць развіццю сапраўднай натуры асобы; акцэнтаванне адзінства ды інтэграцыі, калі апазіцыя, іншадумства разглядаюцца як злачынствы; 6) знішчэнне усіх законных абмежаванняў у дзеяннях улады, адсутнасць асэнсаваных свабодных выбараў і права грамадзян на выезд за мяжу ці нават перамяшчэнне ўнутры краіны; 7) абсалютны партыйны кантроль над узброенымі сіламі; 8) цэнтралізаваную планавую эканоміку; 9) выключнасць уладара-дыктатара, асоба якога часам можа вызначаць і прыроду палітычнага рэжыму. Абсалютная большасць даследчыкаў уважае, што таталітарызм — гэта з'ява, якая розніцца ад усіх іншых недэмакратычных сістэм праўлення, і яго нельга атаясамліваць толькі з манапалізацыяй палітычнай улады, бо гэта не звычайная адсутнасць дэмакратыі. Нельга атаясамліваць таталітарызм з аўтарытарызмам. Аўтарытарныя рэжымы або існавалі ў такіх гістарычных перыядах, калі яшчэ не было тэхнічных сродкаў, патрэбных для ажыццяўлення татальнага кантролю, што рабіла немагчымым кантраляванне ўсіх галін жыцця грамадства, або існуюць тады, калі ім не ўдалося яшчэ накінуць на грамадства ўсеахопную ўладу. Адрозна ад таталітарызму, аўтарытарны парадак можа дапускаць свабоду слова (калі тая не пагражае непасрэдна яго існаванню), прыватную ўласнасць і вольны рынак. Адначасова, праўда, аўтарытарызм пазбаўляе грамадзян палітычнай свабоды, выціскае іх з палітычнага жыцця, саштурхвае ў пасіўнасць і канфармізм. За таталітарызмам дзяржава ператвараецца ў рэгулятара або заменніка ўсіх сацыяльных узаемін, улучаючы нават інтымныя. Аўтарытарызм жа можа дапускаць абмежаваны плюралізм, пэўную грамадскую аўтаномію ўнутры сістэмы. Калі таталітарная сістэма практыкуе ўсеахопную ідэалогію, аўтарытарная абмяжоўваецца прапагандысцкімі штампамі, якія фармуюць належныя атмасферу і настроі. Таталітарная сістэма абапіраецца на перманентную палітычную мабілізацыю, стымуляваную масавую “ініцыятыву” і маніпуляваны масавы рух — зазвычай у форме жорстка іерархізаванай партыі. Яна патрабуе актыўнай дэманстрацыі грамадзянамі іх адданасці партыі і дзяржаве. Аўтарытарная ж сістэма задавальняецца апатыяй людзей, адсутнасцю адкрытага змагання, супрацівам з боку падданых і зазвычай не пераследуе за палітычныя погляды тых, хто не з'яўляецца актыўным супраціўнікам рэжыму. У аўтарытарным грамадстве або адсутнічаюць апазіцыйныя партыі і рухі, або яны маюць вельмі малы ўплыў на грамадства. Падсумоўваючы, можна сказаць, што тэрмінам “таталітарызм” вызначаюцца такія спосабы панавання ў ХХ ст., якія адрозніваюцца ад тыпу дэмакратычнай канстытуцыйнай дзяржавы, аўтарытарнай дзяржавы і ўсіх папярэдніх форм аўтакратыі. Пад таталітарызмам разумеюць татальны кантроль дзяржавы над усімі важнымі ў грамадзтве галінамі жыцця, улучна й з думкамі грамадзян. Таталітарная дзяржава накідае на грамадства адзіную ідэалагічную сістэму. Асобы, якія адкрыта не падзяляюць дзяржаўнай ідэалогіі, падпадаюць пад рэпрэсіі. Свабода аб'яднанняў, абмену ідэямі, атрымання і распаўсюду інфармацыі зліквідоўваецца. Мэта таталітарызму прадугледжвае ўсталяванне наўпроставай або ўскоснай улады над усімі эканамічнымі рэсурсамі краіны. Уласнасць, якая з самой сваёй прыроды вызначае межы панавання дзяржаўнай улады, або скасоўваецца, або ператвараецца ў гаспадарства для паслуг кіроўнай партыі. Пададзеныя вышэй разважанні і высновы дазваляюць сфармуляваць больш агульнае вызначэнне таталітарызму як замкнёнай сістэмы скарэння грамадства праз татальнае задушэнне несанкцыянаванай зверху ініцыятывы асобы, якую апрацоўваюць пад паноўную ідэалогію, калі ніводная з галін грамадскага жыцця не застаецца па-за кантролем улады монапартыі, што практыкуе ўсеабдымную індактрынацыю і гвалт. 2. Інтэрпрэтацыі і тыпалогія таталітарызмаў Камунізм і фашызм — розныя ідэалогіі, але ў сваіх структурах, інстытутах і метадах праўлення яны шмат чым падобныя. Існуюць скрайнія інтэрпрэтацыі, з якіх вынікае, што яны або цалкам аднатыпныя, або розныя. Абедзве нельга прызнаць слушнымі. Бо, апроч ідэалагічных, назіраецца нямала іншых разыходжанняў паміж рэжымамі камуністычнага і фашысцкага тыпу. Разам з тым гэтыя ідэалогіі дастаткова блізкія, каб аднесці іх да адной і той жа класіфікацыйнай катэгорыі, якая нічога супольнага ня мае не толькі ад дэмакратычных канстытуцыйных сістэм, але і ад больш ранніх відаў дэмакратыі. Таму камунізм, фашызм і нацыянал-сацыялізм — як найважнейшыя палітычныя з'явы ХХ ст. — трэба разглядаць разам. Бо яны параднёныя між сабой тыпалагічна і дастаткова падобныя з палітычнага пункту гледжання. Да таго ж, і звязаны гістарычна, раз паўсталі ў прамысловую эру як рэакцыя на з'яўленне шматмільённай, пазбаўленай каранёў, грамады рабочых і дэкласаваных элементаў. Істотную ролю адыгралі таксама дэстабілізацыйныя наступствы першай Усясветнай вайны. Другая Усясветная вайна, спароджаная барацьбой гітлераўскай Германіі і камуністычнага Савецкага Саюзу, неўпрыкмет сцерла памяць пра тое, што змагаліся, папраўдзе, дзве падобныя палітычныя сістэмы. Якраз яны й ператварылі дзяржаву ў найвышэйшы орган калектыўнага дзеяння, з ужываннем жорсткага тэрору і ўчыненнем беспрэцэдэнтных масавых забойстваў, з афіцыйным прапаведаннем нянавісці — класавай, нацыянальнай і расавай. Але калі сістэмы былі падобнымі, дык як вытлумачыць іх нязмірную варожасць адна да адной? Гэта было абумоўлена як унутрыпалітычнымі, так і знешнепалітычнымі абставінамі. У барацьбе за ўплыў на шырокія масы рабочых, дэкласаваных элементаў і дробных гаспадароў, г.зн. за сваю асноўную сацыяльную базу, фашысты і нацыянал-сацыялісты сутыкнуліся з галоўнымі супернікамі на гэтым шляху — камуністамі. Усё тое, што ўтрымлівае фашысцкая крытыка карумпаванага парламентарызму або капіталістычнай эксплуатацыі, можна было знайсці ўжо ў вучэнні Леніна. Фашысты таму й былі найвялікшымі ворагамі камуністаў, што зайшлі на не “сваё” поле. Супярэчнасці між іх былі выкліканы не антаганізмам прынцыпаў, не розненнем метадаў і задач, а суперніцтвам за сімпатыі мас, барацьбой за здабыццё максімальнага ліку прыхільнікаў, галасоў выбаршчыкаў. Вось характэрнае выказванне Гітлера, якое добра гэта ілюструе: “З самага пачатку сваёй палітычнай дзейнасці я ўзяў за правіла не праяўляць дабразычлівасці да буржуазіі. Палітычная пазіцыя гэтага класу ўтрымлівае прыкметы маладушнасці (...) Я імкнуўся, наадварот, абудзіць энтузіязм усясветнага рабочага класу да маіх ідэй. Таму першыя гады маёй барацьбы былі засяроджаны на гэтай мэце — адваяваць рабочы клас на бок нацыянал-сацыялізму. І вось як я гэта рабіў: 1. Я трымаўся прыкладу марксісцкіх партый, размалёўваючы плакаты ў колкі для вока чырвоны колер; 2. Я выкарыстоўваў прапагандысцкія аўтамашыны, літаральна скрозь абклееныя плакатамі вогненна-чырвонага колеру, з замацаванымі на іх чырвонымі сцягамі... (...) Разумна скарыстоўваючы ўсе пералічаныя метады, мне ўдалося заваяваць падтрымку вялікай колькасці лепшых элементаў рабочага класу...”. Камунізм, фашызм і нацыянал-сацыялізм былі падобнымі ідэямі і рухамі, і менавіта таму канкурэнтнымі, нязмірнымі. Яны заставаліся ў стане ўзаемнага змагання таму, што мерыліся здабыць прыхільнікаў у тым жа самым асяроддзі, тымі ж самымі метадамі дзеля падобных, хаця й дактрынальна адрозных, мэт. Між “паўсацыялізмам нямецкіх фашыстаў і паўфашызмам расейскіх камуністаў — пісаў у 1934 г. прадстаўнік правага крыла французскай палітычнай думкі П'ер Дрыё ла Рашэль — існуе такая ж глухая “сямейная” няпрыязь, якая існавала між імперыялізмам Раманавых і імперыялізмам Гагенцолернаў і Габсбургаў. З абодвух бакоў — адна і тая ж глыбока нацыянальная база і, звыш таго, адно і тое ж імкненне ашчаслівіць чалавецтва”. Да таго ж, Гітлер абвяшчаў Савецкі Саюз галоўным аб'ектам сваёй тэрытарыяльнай экспансіі, а менавіта СССР з'яўляўся тым часам апірышчам міжнароднага камуністычнага руху ў свеце. Гэта й прадвызначыла вызнанне гітлерызмам антыкамунізму. Тут дарэчы будзе прыгадаць, што фашызм і яго пазнейшая, скрайняя, праява — нацызм часта разглядаюцца як наўпроставая супрацьлегласць камунізму. Такая інтэрпрэтацыя асабліва папулярная сярод заходніх сацыялістаў і лібералаў, а для камуністычных гісторыкаў яна папросту была абавязковай. Для іх сам факт супастаўлення савецкага камунізму з фашызмам быў раўназначны дапушчэнню магчымай роднасці гэтых ідэалогій, бо фашызм, у іх уяўленні, з вызначэння ёсць супрацьлегласцю сацыялізму і камунізму. Характэрна, што ў Савецкім Саюзе сам тэрмін “нацыянал-сацыялізм” ужываўся вельмі рэдка і зазвычай паглынаўся абагульняльным тэрмінам “фашызм”. У сярэдзіне 1930-х гг. Камуністычны Інтэрнацыянал сфармуляваў такую марксісцкую інтэрпрэтацыю фашызму, што яна ўлучыла яго ў катэгорыю ідэалагічных буржуазных плыняў. Такім чынам, у рамках схемы “рэвалюцыя — контррэвалюцыя” камунізм і фашызм разглядалі адно аднаго ў якасці антыподаў. Ставіўся знак роўнасці між камунізмам і антыфашызмам. Дзякуючы антыфашызму, камуністы маглі дэманстраваць прыналежнасць да дэмакратычнага лагеру, ані трохі не адмаўляючыся, па сутнасці, ад сваіх сапраўдных поглядаў. І тым жа часам, дэманізуючы камунізм, робячы з яго асноўнага ворага, фашысты і нацысты самі адштурхоўвалі яго да полюсу дэмакратыі. Між тым, як згадвалася вышэй, у гэтых дактрынах, у іх сацыяльнай і дзяржаўнай практыцы было вельмі шмат агульнага. З усімі адрозненнямі гэтых рэжымаў, да іх найбольш агульных рыс можна аднесці: тоеснасць функцый, ускладаных на апарат улады; усталяванне манапольнай улады; наяўнасць агульнай мэты — знішчэнне грамадзянскай супольнасці і яе плюралістычна арыентаванай культуры. Адным з першых, хто выявіў сутнаснае падабенства сталінізму і нацызму, быў Франц Боркенаў — былы нямецкі камуніст, які эміграваў яшчэ да другой Усясветнай вайны ў Англію і выдаў там кнігу “Таталітарны вораг”. Боркенаў убачыў гэта падабенства як падабенства сістэм, што фармуюцца адным правадыром, адной партыяй і не церпяць канкурэнцыі. На ягоную думку, нацызм — гэта нішто іншае як разнавіднасць бальшавізму з пэўнымі адхіленнямі; бальшавізм жа можна азначыць як вышэйшую форму “чырвонага” фашызму. Фашысцкія тэндэнцыі, як вядома, выявіліся ў камуністычнай Расеі раней, чым бальшавіцкія ў нацысцкай Германіі, аднак і бальшавізм, і нацызм — узорныя прыклады таталітарнай рэвалюцыі. “Не павінна быць ніякіх ілюзій, — пісаў Боркенаў — якія шырока распаўсюджваюцца нацысцкай прапагандай, што нацызм — гэта альтэрнатыва марксізму, а трыумф нацызму будзе азначаць перамогу над камунізмам. Дэзынфармацыі ўсясветнай грамадскай думкі шмат чым спрыялі самі камуністы і нацысты, жорстка звінавачваючы адно аднаго як незмірных антыподаў”. Паміж іншага, Германія пасля прыходу Гітлера да ўлады вельмі хутка рухалася да сацыяльнага рэжыму марксісцкага тыпу, да эканомікі, якая рабілася ўсё больш калектывісцкай. “Канешне, — прызнаваў ён — гэтыя два тыпы таталітарных рэжымаў адрозныя з паходжання, яны вызнаюць супрацьлеглыя ідэалогіі. І, як ні дзіўна, гэта роднасныя рэжымы”. Больш за тое: Боркенаў нават сцвярджаў, што бальшавізм з самага пачатку з'яўляецца нічым іншым як разнавіднасцю фашызму. Таму зусім невыпадкова ўсе таталітарныя рухі капіявалі расейскі рэжым, часам да дробных дэталяў. У бальшавізму і нацызму, як азначаў памянёны аўтар, супадалі й канцэпцыі лідэрства — ажыццяўленне кіроўнай ролі. Ленін апярэдзіў Гітлера, рэалізаваўшы ў тэорыі і на практыцы канцэпцыю партыі і масавага руху, збудаваных на прынцыпе поўнага вертыкальнага падпарадкавання. Вядучы авангард у нацыстаў — бяскласавы, таму што ён складаецца з дэкласаваных элементаў. Бальшавіцкі ж авангард бяскласавы з вызначэння, г.зн. адпаведна з марксісцкай тэорыяй, бо ён мусіць складацца з прафесійных рэвалюцыянераў. Параўноўваючы бальшавіцкую Расею і нацысцкую Германію, Боркенаў прыходзіў да высновы, што Расея была больш таталітарнай за Германію. Прычыну гэтага ён бачыў у тым, што Ленін і бальшавіцкая партыя былі нацэлены на барацьбу за грунтоўна прапрацаваныя ідэалы, а Гітлер узначаліў жменьку палітычных авантурыстаў, аб'ядноўваючы іх вакол вельмі цьмяных і дастаткова недарэчных лозунгаў. “Расея з'яўляецца ўзорнай таталітарнай краінай, а камунізм — гэта самая чыстая і самая лагічная форма таталітарызму” — заключаў ён. Прыгадаем: пра роднаснасць камунізму і фашызму прыкладна тым жа часам пісаў таксама Карл Попер, даводзячы: “...фашызм часткова вырас з духоўнага і палітычнага зруйнавання марксізму”.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм, 2004—2010 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||