|
ПАРТНЭРЫ



НАШ БАНЭР

НАДВОР'Е
 |
Галоўная >>> Лекцыі >>> Найноўшая гісторыя
Таццяна ВАРОНІЧ. САЦЫЯЛЬНЫ І ПАЛІТЫЧНЫ СТАТУС БЕЛАРУСКАЙ ЖАНЧЫНЫ
У новай і найноўшай гісторыі
План:
1. Жанчына ў грамадска-палітычным жыцці
2. Жанчына ў вытворчай сферы
3. Гендэрныя аспекты адукацыі
“Усе людзі — сёстры”. Чаму гэта фраза здаецца нам незвычайнай, у той час як “усе людзі — браты” гучыць звычайна? Ці магла гісторыя чалавецтва скласціся так, каб фразы памяняліся месцамі? Іншымі словамі, гэта вынік цывілізацыйнага выбару альбо прыроднага прадвызначэння? Чаму заробак жанчын, пры наяўнасці законаў аб роўнай аплаце за роўную працу, складае — як у нас, так і паўсюдна — каля 70% заробку мужчын? Чаму жаночае жыццё і мужчынскае жыццё — у сэнсе таго, што ад іх чакае грамадства — такія розныя? Такіх пытанняў шмат, а некаторыя з іх не маюць адназначнага адказу.
Паспрабуем разгледзець некаторыя з іх на прыкладзе становішча беларускай гараджанкі ў кантэксце ўсеагульнай гісторыі жанчын Беларусі новага і найноўшага часу.
1. Жанчына ў грамадска-палітычным жыцці
На мяжы XIX—XX стст. жанчына пачынае адыгрываць усё больш значную ролю ў гарадскім грамадскім жыцці. Яна займае актыўную грамадскую пазіцыю. Найбольш яскравы прыклад — удзел у выбарах у гарадскую думу. Жанчыны, якія валодалі неабходным маёмасным цэнзам, мелі права ўдзельнічаць у выбарах праз сваіх прадстаўнікоў. У 1894 г. у Віцебску выбаршчыкі — упаўнаважаныя жанчын — склалі 27,7%, а ў 1898 г. — ужо 36,2%.
Жанчына дабіваецца права сяброўства ў рознага роду грамадскіх арганізацыях, якія актыўна ў гэты час узнікаюць у гарадах Беларусі. Яна атрымоўвае магчымасць кіравання і распараджэння фінансамі гэтых аб’яднанняў. Так, у статуце Віцебскага Заручэўскага яўрэйскага таварыства беспрацэнтнай пазыкі, зацверджанага ў 1908 г., было асобна адзначана, што жанчыны могуць быць сябрамі таварыства і абірацца ў камітэт.
Першая ў Беларусі жаночая арганізацыя — Таварыства абароны жанчын — узнікла ў Мінску ў 1901 г. па ініцыятыве прадстаўніка “вышэйшага свету” графа К.Чапскага. Яна знаходзілася пад уплывам ліберальнай апазіцыі і аб’ядноўвала ў асноўным жонак чыноўнікаў і прадпрымальнікаў. Пры Таварыстве бясплатна працавала юрыдычная кансультацыя, бюро па арганізацыі лекцый, у тым ліку па астраноміі, гісторыі, літаратуры. Для гараджанак розных саслоўяў чытаўся курс жаночай гігіены. Таварыства арганізоўвала нядзельныя школы і дзённыя яслі для дзяцей рабочых.
Беларускія гараджанкі актыўна падтрымалі спартыўны рух, які шырока разгарнуўся ў гарадах на мяжы XIX—XX стст. Найбольш папулярным стаў веласіпед, на якім ездзілі ўсе, каму фізічны і фінансавы стан дазваляў гэта. На веласіпедах можна было ўбачыць і маладзенькіх дзяўчынак 16—18 гадоў, і сур’ёзных замужніх дам. Сярод першых аўтамабілістаў гарадоў было таксама шмат жанчын.
Шырокае распаўсюджанне ў асяроддзі гараджанак атрымалі заняткі рознымі відамі мастацтва. Вельмі папулярным было захапленне фатаграфіяй. Гараджанкі з вялікай цікаўнасцю наведвалі шматлікія і самыя разнастайныя публічныя лекцыі, чытанні, што збіралі вялікую аўдыторыю.
Упершыню жанчыны ўсведамілі сябе самастойнай палітычнай сілай, здольнай да актыўных палітычных дзеянняў, у лютым 1917 г. У аснову выступлення на палітычнай арэне ляглі фактары эмацыянальнага характару: стомленасць ад вайны і чэргаў за хлебам, імкненне да стабільнасці і ўпэўненасці ў будучым для сябе і сваіх дзяцей. Адным з вынікаў Лютаўскай рэвалюцыі стала атрыманне жанчынамі выбарчага права. Як правіла, жанчыны не мелі ўстойлівых палітычных перакананняў. Гэтым у большай ступені здолелі скарыстацца бальшавікі. У партыі ўсведамілі, што на выбарах “голас кожнай работніцы, кожнай кухаркі, прачкі, пасудніцы будзе роўны голасу капіталіста, прафесара, чыноўніка”. У 20-я гады жанчыны складалі больш за палову працоўнага насельніцтва Беларусі, і таму праца сярод “адсталага элемента” стала важнай часткай партыйнай палітыкі. Бальшавікі ўлічылі гэта ў сваёй агітацыі, сталі прыцягваць жанчын да работы ў саветах, што садзейнічала росту папулярнасці партыі сярод жанчын шэрагу буйных гарадоў і адыграла пэўную ролю ў прыходзе бальшавікоў да ўлады.
Марксісцкія тэарэтыкі лічылі, што эмансіпацыя жанчын і сапраўднае раўнапраўе могуць быць дасягнуты толькі праз знішчэнне класавай няроўнасці, а пасля — вызваленне іх ад цяжару сям’і і хатняй гаспадаркі і ўцягненне ў вытворчасць і грамадскае жыццё. Яны цвердзілі, што рэвалюцыя дала жанчыне палітычную роўнасць з мужчынам, зрабіла жанчыну паўнапраўным чальцом грамадства. Ідэю роўнасці ўвасаблялі ў сваіх творах савецкія майстры агітацыйнага мастацтва, якія паказвалі работніцу поруч з сімвалічнай фігурай каваля, “кующего счастия ключи”, ставілі яе ў адзін шэраг з мужчынамі.
Заканадаўства бальшавікоў у жаночым пытанні, прынятае пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, было накіравана на ўраўненне працоўных жанчын у правах з мужчынамі ў грамадска-палітычнай, сацыяльна-эканамічнай, культурнай сферах, а таксама сямейна-шлюбных адносінах і стала для свайго часу даволі перадавым.
Бальшавісцкая партыя ставіла перад жанчынамі мэту палітычнай актыўнасці, удзелу ў культурнай рэвалюцыі, авалодання пісьменнасцю. Папулярная фраза Леніна “Каждая кухарка должна научиться управлять государством!” становіцца лозунгам. Заклік “Раскрепощенная женщина — строй социализм!” канкрэтызуе і паказвае на ролю жанчыны ў вытворчасці, у кааперацыі, у выбарах, у барацьбе супраць сусветнай буржуазіі. Жаночая тэма ўключае такія важныя праблемы як знішчэнне прастытуцыі, авалоданне прафесійнымі навыкамі.
Кіраўніцтва ўсведамляла, што ад прыняцця заканадаўчых норм да іх практычнай рэалізацыі доўгі шлях. Лічылася, што ў працэсе пабудовы сацыялістычнага грамадства жанчына павінна вызваліцца сама з дапамогай дзяржавы і пад кіраўніцтвам партыі. Гэта мэта ўскладалася на жаночыя аддзелы пры партыйных камітэтах. Для гэтага ў 1918—1920 гг. па ўказанні ЦК РКП(б) пры ўсіх ЦК нацыянальных кампартый, абласных і павятовых партыйных камітэтах былі створаны жаночыя аддзелы, якія праіснавалі да 1929 г. Даволі часта яны праводзілі сваю палітыку, якая адрознівалася ад партыйнай, і гэта лічыцца адной з прычын іх скасавання. Дзейнасць жанаддзела пры ЦК КП(б)Б пачалася ў 1920 г., пасля вызвалення тэрыторыі рэспублікі ад польскай акупацыі. У Віцебскай і Гомельскай губерніях, якія ўваходзілі на той момант у склад РСФСР, работа сярод жанчын пачала праводзіцца на два гады раней.
Эканоміка Беларусі ў пачатку 20-х гг. мела аграрны характар. Большасць насельніцтва (звыш 85%) пражывала ў сельскай мясцовасці. У прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, а значную частку работніц складалі былыя жыхаркі вёскі. Псіхалогія жанчын і мужчын характыразавалася традыцыяналізмам і кансерватыўнасцю, з чым і прыйшлося сутыкнуцца бальшавікам.
Для большасці жанчын на працягу стагоддзяў адзінай магчымасцю самарэалізацыі была сфера сямейнага жыцця, у якой мацярынства і выхававанне займалі адно з галоўных месцаў. Такую норму жыцця як дадзенае ўспрымалі як мужчыны, так і жанчыны. І гэтыя стэрэатыпы аказаліся невынішчальнымі і пасля 1917 г., калі бальшавікі ў адпаведнасці з марксісцкай тэорыяй паспрабавалі максімальна далучыць жанчыну да грамадскага жыцця. Жанчыны-актывісткі Віцебскай губерніі ў 1923 г. скардзіліся, што “даволі часта ў грамадскай рабоце не знойдзеш сяброў сярод таварышаў мужчын. Ты, маўляў, баба, і няма чаго табе вырашаць дзелавыя пытанні. Часта чуеш ад сваіх таварышаў: “Я б ніколі не дазволіў сваёй жонцы працаваць у партыі”. Партыйцы таксама былі незадаволеныя тым, што іх жонкі сыходзілі надоўга ад дзяцей і няма было каму падаграваць і падаваць вячэру. А ў паведамленнях мясцовай газеты “Чырвоная работніца” распавядалася аб вельмі моцна засмучоным мужы сялянкі Марыі Грышаноўскай, абранай у савет сялянскіх дэпутатаў: “Галоўнае, не зразумела яму: ці смяюцца з яго, ці пашану выказваюць”. Але справа была не толькі ў мужчынах. Калі казаць аб адносінах гараджанак да бальшавікоў і мерапрыемстваў савецкай улады, то ў работніц многіх прадпрыемстваў у пачатку — сярэдзіне 1920-х гг. яно было абыякавым, а то і апазіцыйным. Самі жанчыны, якія актыўна займаліся грамадскай працай, адзначалі, што многія жанчыны “моцна трымаюцца за свае відэльцы і не цікавяцца новым жыццём”, “жывуць выключна сваімі кухоннымі інтарэсамі”. А работніцы віцебскай фабрыкі “Дзвіна” цікавіліся ці то жартам, ці то ўсур’ёз, па якім тарыфным акладзе ім аплоцяць сядзенне на сходзе ў халодным памяшканні і выслухоўванне паведамлення аб работніцах Германіі, якія галадаюць, калі дома сваё галоднае парасё...
Абсалютную апалітычнасць дэманстравалі і работніцы акулярнай фабрыкі, якія разбегліся з перавыбараў дэлегатак на дэлегацкі сход. Яны заявілі, што пасля працы ім не да выбараў, а адна нават бравіравала, што лепш пойдзе на вяселле танчыць, чым будзе на сходзе.
Адна частка жанчын, прычым значная, цікавілася выключна сваім прыватным жыццём і не жадала ніякай грамадскай работы. Другая, магчыма, і жадала б праявіць сябе на грамадскім полі дзейнасці, але была непісьменнай, альбо малапісьменай, першая трапляла пад скарачэнне ва ўмовах НЭПа, была звязана хатняй працай і наглядам за дзецьмі. У 1923 г. у Віцебску нават са 115 жанчын-камуністак больш за 60 былі пасіўнымі. Ніяк не выяўлялі сябе і жонкі мужчын-камуністаў. Губкамітэт канстатаваў, што на шостым годзе рэвалюцыі ў Віцебску ёсць прадпрыемствы, дзе 50% работніц непісьменныя. А непісьменную работніцу да савецкай, прафсаюзнай, партыйнай працы не далучыш.
Дакументы сведчаць, што найвялікшую актыўнасць у горадзе выяўлялі маладыя жанчыны 20—28 гадоў. Большай часткай менавіта яны былі сябрамі жанаддзелаў, партыі і камсамола і г.д.
Асноўнай формай палітычнай сацыялізацыі жанчын, выхавання іх у рэчышчы камуністычнай ідэалогіі былі дэлегацкія сходы работніц, жонак рабочых, сялянак. У гарадах у дэлегацкія сходы залучаліся галоўным чынам работніцы, а ў вёсцы — бяднячкі. Калі ў горадзе ў сярэдзіне 20-х гг. сярод дэлегатак пераважалі замужнія жанчыны (54%), то ў сельскай мясцовасці — маладыя дзяўчыны (53%). Гэты факт можна растлумачыць большым кансерватызмам сельскага насельніцтва. Наведвальнасць сходаў па БССР у 20-я гг. у сярэднім складала не больш за 50—60%. З ненаведвальнасцю спрабавалі змагацца рознымі сродкамі, аж да накладання штрафных санкцый, аднак гэта не вырашала праблемы. Справа ў тым, што сходы праводзіліся бессістэмна. Выступоўцы часта былі непадрыхтаванымі. Дэлегаткам чыталіся паведамленні аб міжнародным становішчы, у той час як яны імкнуліся абмеркаваць свае праблемы. Энтузіязм дэлегатак вельмі хутка праходзіў, таму што яны не бачылі магчымасцей для вырашэння практычных пытанняў.
Тым не менш, дэлегацкія сходы адыгралі значную ролю ў палітычнай сацыялізацыі жанчын. На дэлегацкіх сходах дыскутаваліся некаторыя аспекты дзяржаўнай палітыкі па жаночых пытаннях. Наўрад ці, канечне, меркаванне жанчын магло сур’ёзна паўплываць на выпрацоўку адпаведных пастаноў. Аднак, несумнена, удзел у сходах даваў актывісткам некаторую магчымасць атрымаць веды па знешняй і ўнутранай палітыцы дзяржаў, усведаміць свае правы ў сям’і і грамадстве, адчуць самакаштоўнасць сваёй асобы.
Самым жа істотным было вылучэнне дэлегатак на практычную работу ў саветы, прафсаюзы і г.д. Напрыклад, у секцыях акруговых горсаветаў у 1926 г. працавала 225 практыкантак. У асноўным яны былі прымацаваны да секцый аховы здароўя, камунальнай, рабоча-сялянскай інспекцыі і секцыі народнай адукацыі. Стаўленне да практыкантак у арганізацыях часта было абыякавым. Кіраўніцтва не ўваходзіла ў курс справы, не дапамагала ім асвоіцца. Аднак пры жаданні практыканткі маглі дасягнуць пэўных поспехаў. Існавалі і адваротныя прыклады. Калі дэлегатак абіралі без іх згоды, яны свядома ігнаравалі работу. Так ці інакш, інстытут практыканцтва пашыраў магчымасці жанчын трапіць у лік упраўленцаў ніжэйшага і сярэдняга звяна.
На працягу 20-х гг. назіраўся рост колькасці жанчын-выбаршчыц падчас выбараў у гарадскія саветы. Выявілася таксама тэндэнцыя да выраўнівання выбарчай актыўнасці мужчын і жанчын. Так, падчас выбарчай кампаніі гарадскіх саветаў у 1927 г. працэнт актыўнасці жанчын склаў 46,9% да агульнай колькасці выбаршчыц. На вёсцы становішча было горшым. У выбарах у сельскія саветы прынялі ўдзел толькі 26% выбаршчыц. Сяляне не жадалі абіраць жанчын куды б ні было па некалькіх прычынах. Па-першае, яны лічылі, што жанчына не здольная выконваць функцыі кіравання, па-другое, засцерагаліся, што грамадская праца адцягне яе ад хатняй справы і ад сям’і.
На фоне значных поспехаў у далучэнні жанчын да працы ў органах савецкай улады, прадстаўніцтва іх у партыйным кіраўніцтве, якое мела рэальную ўладу, заставалася ў 20-я г. вельмі нізкім. Толькі дзве жанчыны ўваходзілі ў склад ЦБ КП(б)Б. С 1 верасня 1920 г. да канца лютага 1921 г. — І.А.Лебедзева, заг. жанаддзела ЦБ, з 1 сакавіка па 3 чэрвеня 1921 г. — А.Е.Кажура, сакратар Мазырскага павятовага камітэта КП(б)Б.
Павелічэнне колькасці жанчын у савецкіх органах стварала знешні эфект дэмакратызацыі, падкрэслівала легітымнасць улады. Гэта аднак адбывалася адначасова з узмацненнем аўтарытарных тэндэнцый у грамадска-палітычным жыцці. А тое, што некаторыя жанчыны займалі кіруючыя пасады, не было сродкам рэалізацыі групавых інтарэсаў і было накіравана на падтрымку палітычнай сістэмы.
Мабыць, грамадская актыўнасць жанчын была б вышэй, калі б формы ці метады работы, якія выкарыстоўвалі жанаддзелы, партыйныя ячэйкі, былі больш разнастайнымі, набліжанымі да патрэб жанчын. Заідэалагізаваныя і запалітызаваныя сходы, паседжанні, дэманстрацыі, лекцыі аб міжнародным становішчы, гадавінах Кастрычніцкай рэвалюцыі, партыйныя справаздачы былі незразумелымі, нуднымі, аднастайнымі. Жанчыны ў першыя гады савецкай улады маглі, несумненна, далучыцца да грамадскага жыцця краіны, праўда, кантраляванага бальшавікамі. Але для большай часткі жанчын гарадоў новыя палітычныя і дзяржаўныя ідэі, планы, лозунгі былі ў пэўнай ступені ўсё ж чужыя. Значную ролю адыгрывалала тут і стаўленне сям’і да грамадска-палітычнай дзейнасці жанчыны. У 20-я гг. чальцы сям’і, звычайна бацька і муж, спрабавалі нярэдка ўтрымаць жанчыну ад наведвання курсаў, сходаў ці ўдзелу ў кружках. Такія паводзіны лічыліся “непрыстойнымі”, бо прыстойная жанчына можа належыць толькі аднаму мужчыну. Сапраўдная сутнасць канфлікту палягала ў разбурэнні традыцыйнага сацыяльнага парадку, які пачалі мяняць як сам новы лад жыцця, так і новыя функцыі, якія новае сацыяльнае ўладкаванне пачало паступова ўскладаць на жанчын.
З усталяваннем савецкай улады дзяржава ўзяла на сябе ініцыятыву, а фактычна манапалізавала права вызначаць мэты жаночага руху. Бальшавікі былі перакананыя, што сацыяльная рэвалюцыя вырашыць праблемы дыскрымінацыі жанчын і што жаночая эмансіпацыя магчыма толькі пры сацыялізме. Паколькі афіцыйная марксісцкая ідэалогія не прызнавала наяўнасці ў жанчын спецыфічных інтарэсаў, якія б адрозніваліся ад агульнакласавых, праз усю гісторыю савецкага грамадства праходзіць адмаўленне самастойнага статуса жаночых праблем. Гэта прывяло да таго, што мужчынская частка грамадства прысвоіла сябе права прадстаўляць інтарэсы жанчын, падпарадкавала жаночы рух вырашэнню глабальных сацыяльных мэт у мужчынскім разуменні — датычна ці то самой рэвалюцыі, ці то індустрыялізацыі і калектывізацыі, абароннай магутнасці краіны, ці то барацьбы з ворагамі народа і г.д. Сёння відавочна, што практыка вырашэння жаночага пытання ў Беларусі, як і ў СССР, з’явілася адной з самых вялікіх гістарычных містыфікацый. Само ж савецкае грамадства, у якім інтарэсы жанчын аказаліся падпарадкаванымі класавым мэтам, стала выразным прыкладам маскулінай культуры.
Прыкметай перадавой савецкай жанчыны 30-х гадоў абвяшчалася яе прыналежнасць да партыі, камсамола: лепшыя стаханаўкі і ўдарніцы заклікаюцца ў рады УКП(б).
Савецкая канцэпцыя раўнапраўя зыходзіля з таго, што “новая жанчына” павінна авалодаць усімі тымі прафесіямі і навыкамі, што і мужчына. Для жанчын арганізоўваліся спартыўныя секцыі; літаратура і кінематограф прапагандавалі вобразы моцных, упэўненых і жыццярадасных камсамолак-спартсменак; праводзіліся кампаніі па прызыву жанчын на працу ў міліцыю. У 1928 г. была прынята пастанова Сакратарыятам ЦК КПБ “Па пытанню падрыхтоўкі працоўных жанчын да абароны краіны”, якая вызначала накірункі работы па так званай “ваенізацыі жанчын”. У п. 3 гаварылася пра неабходнасць падрыхтоўкі жанчын да разведвальнай дзейнасці ў арміі, а ў п. 6 адзначалася неабходнасць ваеннай падрыхтоўкаі сялянак. З канца 20-х гг. і амаль да 1941 г. маладыя жанчыны вучыліся асновам вайсковай справы і прымалі ўдзел у спаборніцтвах “варашылаўскі стралок”. Яны, як і мужчыны, павінны былі быць заўсёды гатовы “к труду и обороне социалистической родины”.
У 1929 г. у 70% выпадкаў разводаў сярод моладзі Ленінграда ініцыятарам выступаў мужчына. Часта матывацыяй было тое, што “жонцы не трэба займацца грамадскай працай”, ці “жонка павінна быць менш развітай, чым муж, і тады ўсё будзе добра”. Фармаванне вобразу жанчыны сведчыла пра змяшэнне традыцыйных разуменняў і ідэй пра роўнасць. Савецкая жанчына з’яўлялася, у залежнасці ад кантэксту і патрэб моманту, у розных ролях. З аднаго боку, у 1920-я гг. прапагандавалася асвета, працаўладкаванне жанчын. У 1930-х гг. лозунгі пра падтрымку мацярынства і сям’і суіснавалі з заклікамі засвойваць новыя прафесіі, у тым ліку і такія, што лічыліся “мужчынскімі”. У 1930-х гг. моц набірае вобраз жанчыны-маці ў спалучэнні з жанчынай-актывісткай. Пікам уяўлення жанчыны ў вобразе моцнай і незалежнай асобы стаў 1941 г. Але з кожным годам вайны (і асабліва па яе заканчэнні) традыцыйная рэпрэзентацыя жанчыны, перш за ўсё як маці і захавальніцы сям’і, узмацнілася.
Пасля заканчэння вайны зноў з’явіліся плакаты са знакамітымі словамі Сталіна аб выключнасці савецкіх жанчын. Гэтыя словы пацвярджаліся вобразамі дэпутатак Вярхоўнага і мясцовага саветаў, суддзяў, Герояў Сацыялістычнай працы. Кола мірных жаночых прафесій пашыраецца за кошт выхавальніц дзіцячых садоў, настаўніц, урачоў. І ў сельскай гаспадарцы, і ў прамысловасці па-ранейшаму прэстыжная і ганаровая жанчына-працаўніца.
Савецкая ідэалогія сфармулявала і такія ўяўленні пра роль і функцыі жанчыны ў грамадстве, якія адназначна дыктавалі адпаведныя нормы паводзін, вымагалі адпаведнага спосабу мыслення і знешняга выгляду. Які ідэал жанчыны хацела бачыць савецкая ўлада? Гэта жанчына 30—40 гадоў, з простай сялянскай альбо рабочай сям’і, замужам за механікам шостага разраду, перадавіка вытворчасці. Адначасова яна “Маці-гераіня” і Герой Сацыялістычнай працы, пераможца сацыялістычных спаборніцтваў, кандыдат у дэлегаты чарговага з’езду КПСС, член Камітэта савецкіх жанчын, які змагаецца за роўныя правы жанчын ва ўсім свеце.
Дзеля такой самарэалізацыі жанчыны ў Савецкім Саюзе з 1970-х гг. стартуе своеасаблівы “конкурс прыгажосці” з вытворчым ухілам “А ну-ка, девушки!”. Асноўнае пасланне гэтага конкурса — прыгожай жанчыну робіць праца. Маладыя тэлефаністкі, прадаўшчыцы, медсёстры, швачкі, кантралёркі, кухаркі, сцюардэсы выяўлялі сваю эрудыцыю і прафесіяналізм, паказвалі ўменне гатаваць ежу, майстраваць, кіраваць аўтобусам ці трактарам, праводзіць урокі і экскурсіі і танцаваць — штосьці накшталт народных танцаў. Дзяўчыны змагаліся за званне найлепшай у сваёй прафесіі. У эфіры абіралі, калі карыстацца сучаснай тэрміналогіяй, “міс хімпрам”, “міс мінсувязі”. То быў заклік да прафесійных дасягненняў, на какетнічанне ў дзяўчат не было часу. Яны маглі прывабіць, выклікаць зацікаўленасць мужчыны вынікамі сваёй працы і высокай маральнасцю.
Разам з тым як сацыяльная група жанчыны былі па-ранейшаму ізаляваныя і ад палітыкі, і ад прыняцця рашэнняў. Удзел жанчын у палітычным жыцці вызначаўся іх лаяльнасцю да сістэмы. На выбарах у Вярхоўны Савет рэспублікі за імі рэзервіравалася 30% месцаў. А ў 1985 г. іх колькасць у Вярхоўным і мясцовых саветах аказвалася яшчэ вышэй — у ВС БССР яны складалі 37%, а ў мясцовых — нават 50%. Гэта давала магчымасць заявіць аб дасягненнях сацыялізму ў вырашэнні пытання роўных магчымасцяў для жанчын. Аднак, вядома, што Вярхоўнаму Савету адводзілася роля фіксатара ўжо гатовых рашэнняў. Як толькі пасля распаду СССР сістэма рэзэрвіравання месцаў была ліквідавана, прадстаўніцтва жанчын у парламенце ўпала да 3%. То бок жанчыны як сацыяльная група, як і раней, застаюцца фактычна ізаліраваныя і ад палітыкі, і ад працэсу прыняцця рашэнняў.
Пытанне, што рабіць жанчыне ў палітыцы, настолькі ж дзіўнае і недарэчнае, наколькі і актуальнае для Беларусі. Дзіўнае і недарэчнае, таму што дэмакратычныя грамадствы ўжо даўно не задаюць сабе такіх пытанняў. Жанчыны ў такіх грамадствах валодаюць роўнымі грамадзянскімі правамі, а таму могуць і павінны быць прадстаўлены ў органах улады.
А актуальнае яно для Беларусі таму, што 61,1% мужчын у краіне лічаць, што жанчын у парламенце “досыць дастаткова”, а 4,7% мяркуюць, што іх нават “болей, чым трэба”. Інакш кажучы, большасць беларускіх мужчын упэўнена ў тым, што 10,3% жанчын у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь другога склікання — лічба, якая не патрабуе далейшага павелічэння прадстаўніцтва жанчын у вышэйшым заканадаўчым органе. Пры гэтым 32% мужчын тлумачыць такое становішча тым, што “прызначэнне жанчын у іншым”, а 23,7% лічаць, што для ўдзелу ў палітычным жыцці жанчыны занадта занятыя на працы і дома. Меркаванне, што сярод палітыкаў-дзяржаўных дзеячаў жанчын мала таму, што іх туды не пускаюць мужчыны, падзяляе ўсяго 17,6% мужчын. Такія вынікі дало агульнанацыянальнае сацыялагічнае апытанне, праведзенае лабараторыяй “Новак” у 2002 г. у межах праекта Праграмы развіцця ААН “Садзейнічанне пашырэнню грамадскага ўплыву жанчын у Рэспубліцы Беларусь”.
2. Жанчына ў вытворчай сферы
Наколькі неабходным было гараджанцы на мяжы XIX—XX ст. займацца прафесійнай дзейнасцю? Гэты было яе добраахвотнае рашэнне ці жорсткая неабходнасць?
Для дзяўчат, жанчын з незабяспечаных сем’яў гэта быў, безумоўна, вымушаны крок, гэта было рашэннем пытання простага фізічнага выжывання. Тут значным эканамічным цяжарам станавіліся дзеці. Ад нежаданых дзяцей імкнуліся пазбавіцца. Немаўлят альбо пакідалі ў грамадскіх месцах, дзе іх мог хто-небудзь хутка заўважыць, альбо забівалі.
Жанчыны з забяспечаных сем’яў займаліся прафесійнай дзейнасцю па сваім уласным жаданні. Як правіла, гэта быў свядомы выбар. Прафесія давала жанчыне магчымасць самарэалізавацца, выкарыстаць свой патэнцыял. Прафесійная дзейнасць стала вынікам эмансіпацыі гарадской жанчыны, яе адукаванасці.
На мяжы стагоддзяў жанчыны складалі калі 30% самастойнага насельніцтва гарадоў. У якіх жа сферах была занятая беларуская гараджанка? Самай шматлікай была група жанчын, занятых у сферы паслуг. Перш за ўсё, гэта прыслуга — некваліфікаваная і найменш абароненая частка гарадскога жаночага насельніцтва. У гэтай сферы было занята звыш 40% самастойных гараджанак. У прыслугу наймаліся дзяўчыны, жанчыны, якія прыехалі ў горад, як правіла, з сельскай мясцовасці. Непісьменныя, бяспраўныя, яны вельмі часта траплялі ў даволі жорсткія жыццёвыя сітуацыі.
Больш высокую сацыяльную ступень у гарадскім грамадстве займалі занятыя ў вытворчай і гандлёвай сферах — звыш 33% самадзейных жанчын. У рамеснай вытворчасці жаночая праца пераважала ў кравецкім і ткацка-цырульным цахах. У пачатку XX ст. удзельная вага жанчын на буйных прадпрыемствах Віцебска, напрыклад, складала 23%.
Актыўна ішло развіццё прадпрымальніцкай дзейнасці жанчын. Так, у Віцебску ў 1893 г. у 28 цахах налічвалася 1337 рамесных майстэрні — 14% з іх узначальвалі жанчыны. Яны роўна з мужчынамі праходзілі навучанне, сдавалі іспыты і атрымоўвалі званне майстрыхі таго ці іншага рамяства. Нярэдка пасля смерці мужоў жанчыны ўзначальвалі майстэрні, якія па свайму саставу і спецыфіцы вытворчасці былі выключна мужчынскімі. У Віцебску і Мінску было шмат адносна буйных прадпрыемстваў, якія ўзначальвалі жанчыны.
Даволі шырока гарадскія бізнесвумен былі прадстаўлены ў сферы медыцыны і адукацыі. Цікава, што ў інтэлектуальнай сферы дзейнасці было занята 3,4% самадзейных мужчын і 4,2% мужчын. Як бачым, розніца невялікая.
Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, Першай сусветнай вайны, краіна, якая панесла вялікія страты, мела патрэбу ў рабочых руках для аднаўлення гаспадаркі і пабудовы новага грамадства.
У 1930-я гг. эмансіпацыя жанчын была абвешчана дасягнутай, а жаночае пытанне — вырашаным. Рэальнасць, між тым, была іншай. Роўнасць жанчын з мужчынамі зводзілася да іх масавага ўцягнення ў вытворчасць. Пры гэтым паказчык колькасці жанчын у складзе рабочых і служачых у Беларусі (40%) быў нават вышэй, чым у сярэднім па СССР. Мэтай урада было максімальна павялічыць колькасць рабочага класа, які разглядаўся як яго галоўная апора. Аднак сотні тысяч мужчын знаходзіліся ў кадравай арміі, міліцыі, у велічэзным апараце камітэта дзяржбяспекі, былі рэпрэсаваны. Новыя будоўлі патрабавалі танных рук. Агітацыя жанчын за сацыялізм змяняецца заклікамі ісці на фабрыкі і заводы, быць ударніцамі, авалодваць тэхнікай і новымі спецыяльнасцямі, і тым самым даказваць роўныя магчымасці з мужчынамі ва ўсіх сферах жыцця. Так прыйшла чарга жанчын: дзесяткі тысяч дзяўчын прыехалі на прамысловыя будоўлі з вёсак.
У 30-я гг. жанчына становіцца гераіняй жыцця і мастацтва. Імёны ткачых, першых трактарыстак, стаханавак, гераічных лётчыц не сыходзяць са сторонак газет і часопісаў, краіна спявае песні аб праслаўленых “дзяўчынах-прыгажунях” з клапатлівымі і гаспадарчымі рукамі, пра іх складаюцца паэмы, здымаюцца фільмы. “Такіх жанчын не было і не магло быць у старыя часы”, сцвярджае Сталін. Яго словы выражаюць галоўную ідэю жаночага вобраза 30-гг. Жанчына выступае актыўнай і магутнай сацыяльнай сілай. Яна не толькі заклікае “будаваць сацыялізм”, яна яго будуе, прымая ўдзел у вырашэнні найважнейшых праблем пяцігодкі.
Аднак на плечы жанчын ускладаліся самыя цяжкія работы. Жанчына асвоіла спецыяльнасці будаўніка, токара, фрэзероўшчыка, машыніста лакаматыва. Яна прыйшла ў шкодную для здароўя ліцейную вытворчасць, паліграфічную прамысловасць. Афіцыйная прапаганда падавала гэта як “імкненне жанчын быць карыснымі сацыялістычнай Радзіме”. У перадваенныя дзесяцігоддзі неаднаразова праводзіліся масавыя кампаніі па прыцягненні жанчын у новыя прафесіі, напрыклад, “жанчына на трактар”, на будаўніцтва Днепрагэса, на асваенне Далёкага Усходу.
Разам з тым, выхад жанчын на рынак працы ў значнай ступені вырашаў праблему іх эканамічнай незалежнасці, без чаго немагчыма было дасягненне раўнапраўя. Паколькі структурныя змяненні праходзілі паступова, вобраз адукаванай і кваліфікаванай жанчыны не адразу стаў цалкам прымальны, і палітыка прасоўванння жанчын сустракала супраціўленне мужчын-начальнікаў на месцах.
Ідэалогія эпохі заахвочвала самаахвяраванне і знявагу да асабістага дзеля грамадскіх інтарэсаў. Асабістае пераходзіла ў сферу перажыткаў капіталізму, якія пры камунізме адамруць. У літаратурных дакументах таго часу можна знайсці шмат сведчанняў; прэса і літаратура сацыялістычнага рэалізму ўслаўлялі перш за ўсё жанчыну-працаўніцу. У цэлым жа, патрабаванні, якія заходняе грамадства звычайна прад’яўляе да жанчын падчас вайны, калі жанчыны пачынаюць выконваць “мужчынскую працу” і праца на карысць радзімы выходзіць на першае месца перад усімі астатнімі сацыяльнымі і асабістымі абавязкамі, у СССР прад’яўляліся да савецкіх жанчын на працягу ўсяго праўлення Сталіна.
Многія жанчыны шчыра верылі ва ўсе заклікі партыі. І з сярэдзіны 30-х гг. каля трэці усіх работніц Беларусі прымалі ўдзел у стаханаўскім руху, які стаў формай сацыялістычнага спаборніцтва на вытворчасці. Імёны гераінь гучалі на ўсю краіну: ім і іх сучасніцам немагчыма было разабрацца, што сацыялістычнае спаборніцтва пераследавала мэту інтэнсіфіцыраваць працу, зрабіць рэкорд нормай, а па сутнасці — узмацніць эксплуатацыю больш таннай жаночай працы.
Савецкая ўлада дэкларавала роўную аплату жаночай і мужчынскай працы, але нават афіцыйная даваенная савецкая статыстыка сведчыць, што ў жанчын яна была ніжэй. У 1926 г. месячны заробак рабочых мужчын складаў 59р. 92к., а жанчын — толькі 28р. 93к. Больш за тое, з канца 20—х гг. гэты разрыў нават павялічыўся.
У гісторыі зафіксаваны спробы беларускіх жанчын пратэставаць супраць цяжкіх умоў жыцця і побыту: у 1930 г. забаставала частка работніц мінскай швейнай фабрыкі “Кастрычнік”. Аднак хутка выступленні жанчын у абарону сваіх правоў спыніліся — пачыналася эпоха рэпрэсій. Становішча вясковай жанчыны было яшчэ горшым. Фактычна яна стала прыгоннай у дзяржаве (толькі ў 1960—я гг. калгаснікам сталі выдаваць пашпарты), аўтарытэт якой для яе ўвасабляў мужчына — старшыня калгаса. Цяжкімі былі ў лёсе беларускай жанчыны 1920—30-я гг.: цяжкая праца, нізкі ўзровень жыцця, палітычныя рэпрэсіі. Аб колькасці жанчын, рэпрэсаваных за гады тэрора, сведчаць дадзеныя аб рэабілітаваных гараджанках Беларусі. Сярод іх толькі па Мінску і Мінскай вобласці прыкладна 11% складалі жанчыны.
Новыя выпрабаванні былі звязаны з падзеямі Другой сусветнай вайны. Наступствы вайны балюча адазваліся на ўкладзе жыцця жанчын. Гібель мужоў парушыла сямейныя сувязі. Многія засталіся ўдовамі. У сувязі з парушэннямі прапорцый мужчынскага і жаночага насельніцтва цяжка было занава наладзіць сямейнае жыццё, паўторна выйсці замуж. Жыццё ўгатавала ім вельмі цяжкі лёс: адным выхоўваць застаўшыхся без бацькоў дзяцей, у цяжкіх умовах пасляваеннай разрухі ставіць іх на ногі. І ў той жа час жанчыны актыўна ўключаліся ў аднаўленне народнай гаспадаркі.
У 1950 г. яны склалі 45% рабочых і служачых Беларусі. Усе наступныя гады адбываўся пастянны рост іх колькасці ў складзе занятых у народнай гаспадарцы, дасягнуўшы ў 1985 г. 53%.
Як правіла, жанчыны атрымоўвалі пасады, якія не прываблівалі мужчын (з-за адсутнасці перспектыў кар’ернага росту, малааплочваемыя). Сегрэгацыя жанчын у грамадскай вытворчасці выяўлялася шляхам афармлення менш прэстыжных сфер “жаночых спецыяльнасцей”, ці “жаночых работ”, як унутры “мужчынкіх прафесій”, так і не ў сувязі з імі. Разрыў у аплаце між мужчынскай і жаночай працай існаваў за кошт “развядзення” мужчын і жанчын па гэтых сферах. Высокі ўзровень фемінізацыі прафесіі быў выразным індыкатарам яе нізкага сацыяльнага прэстыжу. Штогод узрастала колькасць жанчын, занятых разумовай працай. Найбольш высокая колькасць жанчын назіралася ў прафесіях, якія патрабавалі, перш за ўсё, выканаўчых звычак, а не пастаяннага творчага роста: сакратары, справаводкі, машыністкі, касіры, лічыльнікі і г.д. Па дадзеным перапісу 1989 г., па гэтых спецыяльнасцях у Беларусі працавала кожная трынаццатая жанчына, занятая пераважна разумовай працай. Больш прэстыжнымі ў гэтай сферы былі прафесія бібліятэкара, школьнага настаўніка, урача, эканаміста, бухгалтара.
Пытанне аб умовах працы жанчын набывала ўсё большую актуальнасць. Да 1985 г. у Беларусі 94% жанчын працавалі па-за межамі дома поўны рабочы дзень. Практычна ўсе краіны свету ратыфікавалі Канвенцыю №4 Міжнароднай арганізацыі працы, якая забараніла прыцягваць жанчын, незалежна ад узросту, да працы ў начны час як на дзяржаўных, так і на прыватных прадпрыемствах. Аднак хаця БССР прымала ўдзел у МАП з 1954 г., яе урад, як і урад СССР, адмовіўся ратыфікаваць і гэту, і другую, не менш важную канвенцыю МАП 1981 г. “Бяспека працы, гігіена і вытворчае асяроддзе”, спаслаўшыся на тое, што ў савецкай краіне аховай працы займаюцца прафсаюзы, а не дзяржава. І хаця Савет Міністраў і УЦСПС перыядычна прымалі пастановы, якімі прадугледжвалася недапушчэнне жанчын на шкодную вытворчасць і павышэнне механізацыі іх працы, зацвярджаліся спісы прафесій і прац, на якіх забаранялася выкарыстанне іх працы, кіраўнікамі міністэрстваў і саміх прадпрыемстваў фактычна яны не выконваліся.
У 1980 г. у лёгкай прамысловасці сярод ткачоў жанчыны складалі 99%, швейнікаў — 96%. На мінскім трактарным, аўтмабільным, маторным заводах, Гродзенскім заводзе аўтаагрэгатаў, Брэсцкім заводзе “Сельмаш”, Светлагорскім заводзе “Корммаш” і інш. жанчыны працавалі ў танелях ліцейных цахоў, на падвеске гарачага ліцця. У сярэдзіне 80-х гг. на прадпрыемствах міністэрстваў будматэрыялаў, дрэвапапяровой прамысловасці, а таксама сельскай гаспадарцы больш за 200 жанчын працавалі ў неспрыяльных умовах.
У народнай гаспадарцы канчаткова замацавалася месца жанчыны на самых цяжкіх і малакваліфікаваных ручных работах: яна ўкладвала асфальт, рэмантавала чыгуначныя рэйкі, працавала на будоўлях, выконвала пагруза-разгрузачная работы. У лік жаночых работ, адначасова і малааплочваемых, і самых непрэстыжных, адносіліся прыбіранне тэрыторый і памяшканняў. Каля 90% дворнікаў у краіне былі жанчыны, звычайна немаладога ўзросту.
З аднаго боку, жанчыны аб’яўляліся “слабым полам”, а з другога — на іх ускладалася намнога болей абавязкаў, чым на мужчын. У ідэале ад жанчыны патрабавалася быць адказнай работніцай, выконваць усе абавязкі па дому, адказваць за выхаванне дзяцей і пры гэтым заставацца прыгожай. У абсалютнай большасці беларускіх сем’яў мужчыны былі практычна вызвалены ад выканання сямейных абавязкаў па вядзенні хатняй гаспадаркі. Так, па выніках даследавання бюджэта часу сем’яў рабочых, служачых і калгаснікаў у 1985 г., жанчыны ў працоўныя дні трацілі ў тры разы больш часу, чым мужчыны, на хатнюю работу. Больш 40% гэтага часу ў жанчын займалі абавязкі па забеспячэнні сем’яў прадуктамі харчавання і іх прыгатаванні з-за пастаянных дэфіцытаў, чэргаў у крамах, нястачы ў гандлі паўфабрыкатаў і слабой забяспечанасці сем’яў бытавой тэхнікай. Адпаведна, вольнага часу ў жанчын было ў два разы менш: калі мужчыны ў сем’ях рабочых валодалі 175, у сем’ях калгаснікаў — 152 хвілінамі ў працоўны дзень, то жанчыны — адпаведна 90 і 60 хвілінамі.
Ёсць усе высновы сцвярджаць, што дабрабыт чалавецтва ў значнай ступені пабудаваны на бясплатнай працы жанчын. Іх неаплочваемая праца складае, па падліках ААН, 11 трлн. долараў ЗША у год, альбо 1/3 ад вырабляемага ў свеце кошту ў агульным. З улікам працы па абслугоўванні сям’і ўклад жанчыны ў сусветнае багацце складае 55%, іншымі словамі больш уклада мужчын. Гэта адбываецца з-за падвайной загружанасці жанчын. Па дадзеных сацыялагічнага апытання 2003 г., у буднія дні беларускія жанчыны працуюць амаль на 2, а ў выхадныя на 3 гадзіны болей за мужчын. Так што на адпачынак нават у выхадныя дні застаецца ў жанчын каля 1 гадзіны, у той час як у мужчын на 2 гадзіны болей.
Аднак гэта не прыводзіць да павышэння сацыяльнага статуса жанчын, паколькі дзяржава і грамадства не прызнаюць хатнюю працу жанчын у якасці працы, за якую належыць матэрыяльная ўзнагарода. Праца па абслугоўванні сям’і застаецца нябачнай для грамадства. Мужчыны ж за меншую па працягласці працу атрымоўваюць узнагароду, якая матэрыялізуе вынікі іх працы, робіць яе значнай, павышае сацыяльны статус мужчын. Заклікі паменшыць нагрузку на жанчын за лік перамяшчэння іх толькі ў сферу хатняй працы не вытрымлівае ніякай крытыкі. Па-першае,гэта яшчэ больш знізіць іх сацыяльны статус і павялічыць залежнасць ад мужа. Па-другое, структура сучаснай заработнай платы такая, что мае на ўвазе двух працоўных у сям’і дзеля таго, каб сям’я магла нармальна развівацца. Так што жанчына вымушана працаваць па-за домам, але гэтая праца разглядаецца як працяг яе “натуральных” хатніх абавязкаў.
3. Гендэрныя аспекты адукацыі
Узровень пісьменнасці беларускіх гараджанак быў даволі высокім для свайго часу. У 1897 г. сярод жанчын пісьменныя складалі прыкладна 40%, (у мужчын — 60%). У тым ліку сярод пісьменных мелі вышэйшую адукацыю менш аднаго працэнту, сярэднюю — 12%. Цікава, што працэнт жанчын з вышэйшай і сярэдняй адукацыяй сярод пісьменных фактычна раўняўся аналагічным паказчыкам у мужчын. Беларускі горад пашыраў і фактычна ўраўноўваў магчымасці атрымання адукацыі жанчын з мужчынамі.
Савецкая ўлада праводзіла сваю асобную, не меўшую аналагаў у гісторыі гендэрную палітыку. У сярэдзіне 20-х гг. знішчэнне непісьменнасці было абвешчана стратэгічнай мэтай: бо ў сельскай мясцовасці Беларусі на тысячу чалавек пісьменных мужчын было 215, а жанчын — 70. Аднак змяненні праходзілі не так хутка, як чакалася. Паўсюдна сталі арганізоўвацца школы для дарослых, пункты па знішчэнні непісьменнасці, і сельскіх жанчын асабліва імкнуліся ўцягнуць у навучанне.
Пасля рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, у перыяд індустрыялізацыі, супаўшага па часе з масавымі рэпрэсіямі, а таксама пасля вайны ў краіне востра не хапала спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Таму работа такіх спецыялістаў аплочвалася дастаткова добра і вышэйшая адукацыя была прэстыжнай. Большасць спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй складалі мужчыны, і хаця якія-небудзь фармальныя абмежаванні адсутнічалі, амаль да пачатку 1960-х гг. мужчыны пераважалі сярод студэнтаў ВНУ. У пачатку 1960-х гг. урад Н.С.Хрушчова “бярэ курс” на падвышэнне сацыяльнай аднастайнасці савецкага грамадства. Самы важны накірунак гэтага курса — “сціранне мяжы” паміж фізічнай і разумовай працамі, якое дасягаецца за кошт увядзення абавязковага ўсеагульнага сярэдняга (8-гадовага) навучання, хуткага пашырэння сістэмы вышэйшай адукацыі, а таксама выраўноўвання ўзроўню даходаў праз павышэнне заробку рабочых і служачых-неспецыялістаў. Некалькі гадоў пасля, калі аплата працы рабочых не толькі дагнала, але і значна пераўзышла аплату працы спецыялістаў, шырокае распаўсюджанне атрымала ідэалагічная версія, згодна з якой нізкі заробак спецыялістаў павінен кампенсаваць дзяржаве выдаткі на іх адукацыю. Эканамічна неапраўданае пашырэнне сістэмы вышэйшай адукацыі, у сваю чаргу, прывяло як мінімум да двух негатыўных наступстваў.
Па-першае, упала якасць адукацыі з-за зніжэння патрабаванняў да абітурыентаў, павелічэння нагрузкі выкладчыкаў, хуткага павелічэння выкладчыцкага корпусу, часта за кошт людзей недастаткова высокай кваліфікацыі. Па-другое, у выніку правядзення палітыкі ўсеагульнай занятасці, калі ўсе маладыя спецыялісты павінны былі быць працаўладкаваны, была створана вялікая колькасць лішніх працоўных месцаў, якія патрабавалі наўнасці дыплома аб вышэйшай адукацыі. Наваяўленыя спецыялісты з нізкай зарплатай часта не мелі вызначаных абавязкаў і маглі на рабочым месцы займацца пабочнымі справамі. Гэтыя працэсы прывялі да хуткага падзення прэстыжу вышэйшай адукацыі і пачатку масавага “выхаду” мужчын са сферы інтэлектуальнай працы. Але агульнае зніжэнне ўзроўню вышэйшай адукацыі і патрабаванняў да спецыялістаў, магчымасць займацца асабістымі справамі прывялі ў ВНУ значную колькасць жанчын даволі традыцыйных поглядаў, якія раней нават не задумваліся аб вышэйшай адукацыі. Магчымасць мець няхай і нізкааплочваемую, але “чыстую” і няцяжкую “жаночую” працу выклікала сярод жанчын ажыятажны попыт на вышэйшую адукацыю. Напрыклад, у 1985 г. у вышэйшых навучальных установах рэспублікі ў агульнай колькасці студэнтаў было 58% дзяўчын, а ў складзе навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў — 62%. У цэлым, тэмпы росту адукацыйнага узроўню жанчын былі значна вышэйшымі, чым у мужчын. З 1000 жанчын, занятых у народнай гаспадарцы Беларусі ў 1985 г., 779 мелі вышэйшую адукацыю і сярэдняе спецыяльнае ў параўнанні са 142 у 1939 г. У мужчын гэтыя лічбы адпаведна 748 і 78.
Афіцыйная прапаганда ставіла гэта ў заслугу сацыялізму. Але фемінізацыя адукацыі і навукі сведчыла хутчэй аб вельмі глыбокіх крызісных працэсах у нашым грамадстве, чым аб поспехах фемінізму. Дзяўчынам цяжка было і ўвогуле немагчыма паступіць вучыцца ў ВНУ па асобных спецыяльнасцях. Дыскрымінацыя працягвалася на этапе размеркавання па рабочых месцах пасля сканчэння ВНУ, перавагу традыцыйна мелі мужчыны. Вызначаныя тэндэнцыі назіраюцца і сёння.
У апошнія дзесяцігоддзі лад жыцця, які здаваўся непарушным, падвяргаецца сумненню і крытыцы. Нават на аснове вельмі сціслай інфармацыі, прыведзенай вышэй, становіцца зразумелай прычына незадаволення большасці жанчын, якія апынуліся перад цяжкавырашальнай праблемай. Каб цалкам рэалізаваць сябе як асобу, яны атрымоўваюць роўна з мужчынамі адукацыю, працуюць, робяць кар’еру ў самых разнастайных сферах — і фармальна не сустракаюць ніякіх перашкод. Але пры гэтым неабходнасць весці хатнюю гаспадарку павялічвае нагрузку на жанчыну, і па меры ўсё большай прафесійнай паспяховасці занятасць на працы таксама павялічваецца. Таму не дзіўна, што ў рэальнасці ўсё большая колькасць жанчын стаіць перад выбарам: альбо сям’я, альбо праца. Прымушаць людзей рабіць такі выбар жорстка, калі не сказаць — амаральна. Неабходна падкрэсліць, што для мужчыны сям’я не з’яўляецца перашкодай у працы. Хутчэй наадварот, яго поспех падтрымліваецца і забяспечваецца нябачнай жанчынай за спінай. За працэсам драматычнага выбару жанчыны паміж сям’ёй і кар’ерай насцярожана назірае ўсё грамадства: вырашаецца пытанне аб тым, якім ён будзе і ці будзе ўвогуле. Скарачэнне аднаўлення насельніцтва пагроза не меншая, чым стомленасць і знясіленасць парадзіх, якую яны ўнаследавалі ад сваіх маці.
У свеце, па статыстыцы ААН, 70% людзей, якія жывуць ва ўмовах абсалютнага жабрацтва, складаюць жанчыны. На іх прыходзіцца непрапарцыянальна малая доля крэдытаў, выдаваемых банкаўскімі ўстановамі, заробак жанчыны — усюды ў свеце — складае тры чвэрці заробку мужчын, жанчыны складаюць большасць беспрацоўных і займаюць толькі 10% месцаў у парламенце і 6% пасад у кабінетах міністраў. Прыведзеная статыстыка сведчыць, што сацыяльная няроўнасць паводле полавай прыналежнасці існуе. Толькі карэнным чынам змяніўшы размеркаванне роляў і арганізацыю грамадства, змяніўшы сям’ю, культуру, ідэалогію і палітыку, можна спадзявацца, што свет, у якім будуць жыць нашыя дзеці, стане больш справядлівым як у адносінах да жанчын, так і мужчын.
Літаратура
1. Айвазова С.Г. Свобода и равенство советских женщин // Айвазова С.Г. Русские женщины в лабиринте равноправия (Очерки политической теории и истории. Документальные материалы). —М.: РИК Русанова, 1998. —С.66—99.
2. Дулов А.Н. Вовлечение женщин Советской Беларуси в общественно-политическую жизнь в 1920-х гг. // Славянский мир и славянские культуры в Европе и мире: место и значимость в развитии цивилизаций и культур (история, уроки, опыт, современность): Материалы международ. науч.-теорет. конф., Витебск, 31 окт.—1 нояб. 2002 г.: В 2 ч. / М-во образования Респ. Беларусь. Учреждение образования “Витеб. гос. ун-т им. П.М.Машерова”; Редкол.: В.А.Космач (гл. ред.) и др. —Витебск, 2002. —Ч. 2. —С.77—81.
3. Дулов А.Н. Женщины в органах власти БССР 1920-х гг. // Актуальные проблемы из исторического прошлого и современности в общественно-гуманитарных и социо-религиоведческих науках Беларуси, ближнего и дальнего зарубежья / Материалы международной научно-теоретической конференции, 19—20 апреля 2007 г.: В 2 ч. / М-во образования Респ. Беларусь. УО “Витеб. гос. ун-т имени П.М.Машерова”; Редкол.: В.А.Космач (гл. ред.) и др. —Витебск, 2007. —Ч. 2. —С.313—316.
4. Женщины и мужчины Республики Беларусь. Статистический сборник / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. Минск, 1999.
5. Женщины и мужчины Республики Беларусь. Статистический сборник / Министерство статистики и анализа Республики Беларусь. Минск, 2006.
6. Курков Илья. “Безработица является поводом для проституции” (Из документов женотдела ЦК КП(б)Б ) 1920-х гг. // Женщины на краю Европы. Мн., ЕГУ: 2003. —С.130—144.
7. Пол/Гендер: справочное пособие для государственных служащих. Мн., 2005.
8. Пол/Гендер: справочное пособие для юристов. Мн., б.г.
9. Шыбека З. Гарадская цывілізацыя: Беларусь і свет. Вільня, 2009.
10. Шыбека З. Мінск стогадоў таму. Мн., 2007.
11. Яковлева Галина, Дулов Анатолий. Из истории женского движения в первые годы советской власти на материале Витебской губернии // http://envila.iatp.by/g_centre/another2/article29.html
12. Ященко О. Гомель у другой палове XIX—XX ст.: гісторыка-этнаграфічны нарыс. Гомель, 1997.
|
|