ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

ЛЕКЦЫІ | НАЙНОЎШАЯ ГІСТОРЫЯ

Ірына КАШТАЛЯН. СТРАТЭГІІ ШТОДЗЁННАГА ЖЫЦЦЯ Ў

БССР 1944
1953 гг.

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 1

План:

1. Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне

2. Хадайніцтвы, скаргі, даносы

3. Сыход

4. Актыўны супраціў

5. Высновы

Гісторыя штодзённасці ўсё больш прываблівае ўвагу даследчыкаў. Хаця ў сусветнай гістарыяграфіі гэта даволі добра распрацаваная тэма, у нас яна дагэтуль застаецца маладаследаванай.

Гісторыкі даволі шмат дыскутавалі пра тое, як пісаць гісторыю штодзённасці,— ці то як гісторыю прыватнага, ці то як гісторыю працоўнага жыцця. Я аддаю перавагу канцэпцыі, якая вызначае штодзённасць як паўсядзённыя ўзаемадзеянні. Пры гэтым асноўны акцэнт робіцца на палітыку савецка-беларускай дзяржавы, бо яна ад самага пачатку рэгулявала фактычна ўсе бакі жыцця беларускага грамадства.

Храналагічныя рамкі (1944—1953 гг.) абраныя невыпадкова. Яны адзначаны такімі найважнейшымі падзеямі, як канчатковае вызваленне беларускіх тэрыторый ад нямецкіх войскаў. Спецыфікай перыяду было пераадоленне наступстваў вайны, што адбілася на штодзённым жыцці беларускага насельніцтва, якое было вымушана выбіраць розныя стратэгіі жыцця. Аналіз штодзённага і надзвычайнага з выкарыстаннем комплекснага падыходу дае магчымасць вызначыць характэрныя рысы гістарычнай карціны таго часу.

Сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя і культурныя трансфармацыі, якія мелі месца ў Беларусі пасля Другой сусветнай вайны, былі часткай тых агульных зменаў, што адбыліся ў Савецкім Саюзе. Актыўна развіваліся прамысловасць і транспарт, стваралася энергетычная база, адбудоўвалася жыллё. У той жа час у БССР як памежным рэгіёне, які знаходзіўся пад акупацыяй, паўстала шмат праблем — дэмаграфічны крызіс, павелічэнне колькасці злачынстваў, стварэнне новых “сацыяльна чужых” груп з тых, хто добраахвотна ці прымусова быў прыцягнуты да супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі. Гэтыя праблемы былі толькі часткай складанай карціны штодзённага жыцця беларускага грамадства.

Пасляваенны перыяд — гэта таксама час, калі старая палітычная сістэма функцыянавала, захоўваючы тыя змены, якія былі прынесены вайной, у тым ліку і жорсткім ваенным заканадаўствам. Чаканні значнай часткі насельніцтва не апраўдаліся, жыць пасля вайны стала не лягчэй, а савецкія ўлады не пайшлі па шляху лібералізацыі. Як і раней, праводзілася актыўная рэпрэсіўная палітыка, узмацняўся ідэалагічны кантроль, асабліва ў адносінах да тых, хто жыў на акупаванай тэрыторыі, супраціўляўся са зброяй у руках, не хацеў калектывізацыі, быў рэпатрыянтам ці ваеннапалонным.

Праца на прадпрыемствах і ва ўстановах, з аднаго боку, стымулявалася, а з іншага — жорстка рэгулявалася. Масавае дэзерцірства было сведчаннем незадаволенасці людзей захаваннем строгай адказнасці па законах ваеннага часу. Дзве скрайнія пазіцыі ў стаўленні кіраўніцтва ўстаноў і прадпрыемстваў паказвалі, што тыя фактычна не ведалі, які найбольш аптымальны шлях пераадолення пасляваенных цяжкасцяў. Адны імкнуліся пазбегнуць адказнасці, фармальна выконваючы законы, прыцягваючы да адказнасці невінаватых паводле жорсткіх нормаў таго часу. Другія не імкнуліся пераследваць і тармазілі асуджэнне г.зв. дэзерціраў, адказных за выпуск недабраякаснай прадукцыі, а таксама і іншых “шкоднікаў”, дзейнасць якіх была абвешчана крымінальнай вышэйшым кіраўніцтвам краіны.

Напрыканцы разгляданага перыяду падатковая палітыка, што ажыццяўлялася метадамі прымусу, ужо не давала чаканых вынікаў: моц вёскі была падарвана. Калгаснікі былі пераведзены дзяржавай у стан фактычна бяспраўнай працоўнай сілы.

“Касмапалітызм” стаў асноўнай зброяй прапаганды ў палітычных кампаніях па ўзмацненні кантролю над інтэлігенцыяй. Цэнзура істотна абмяжоўвала і перашкаджала прафесійнай дзейнасці творчых асоб. Ахвярамі станавіліся і лаяльныя да ўлад людзі, якія шчыра верылі партыйным ідэалагічным устаноўкам. Пры гэтым нават знаходжанне ў партыі не было гарантыяй недатыкальнасці. Цэнзура і ідэалагічныя кампаніі ў БССР прывялі да заняпаду духоўнага і інтэлектуальнага жыцця.

1. Актыўнае і пасіўнае прыстасаванне

Як я ўжо адзначала вышэй, страх быў на той час галоўным псіхалагічным фактарам, які ўплываў на паводзіны чалавека ў самых розных жыццёвых сітуацыях. А.Тулееў і Ю.Сыравецкі вызначылі чатыры асноўныя формы залежнасці чалавека ад дзяржавы, звязаныя з адчуваннем страху:

— сілавую залежнасць — страх перад фізічным і адміністратыўна-прававым прымусам;

— матэрыяльную — страх перад магчымасцю пазбаўлення ці неатрымання тых ці іншых матэрыяльных умоў жыцця, сродкаў існавання;

— інфармацыйную — страх перад невядомасцю і немагчымасцю атрымаць неабходную інфармацыю;

— афектыўную (эмацыйна-адчувальную) — страх перад верагоднасцю пазбавіцца ці не атрымаць станоўчыя эмоцыі і перажыванні.

Гэтыя віды залежнасці акурат і характарызавалі спосабы уздзеяння ўлады на людзей ды ўплывалі на выбар імі жыццёвых стратэгій у той час.

Значная колькасць людзей, вядома, выбірала актыўнае прыстасаванне, што асабліва характэрна для Усходняй Беларусі, якая ўжо працяглы час знаходзілася ў СССР. Рэпрэсіі 1930-х гг. прадэманстравалі яе жыхарам, што паказальная актыўнасць дапамагае выжыць, а супраціўленне жорстка караецца. Страх рэпрэсій ды афцыйная прапаганда паступова фармавалі скажонае ўспрыманне рэчаіснасці ў большасьці насельніцтва, якое пачынала ідэалізаваць савецкую ўладу, а рэпрэсіўную палітыку ўспрымала як адназначна правільную.

Факты супраціўлення замоўчваліся ці падаваліся ў змененай ідэалогіяй форме.

Вывучаючы паводзіны сялян, Ш.Фіцпатрык вылучала тры тыпы актыўных прыстасавальнікаў да існуючай улады: “традыцыяналістаў” (якія хацелі, каб усё засталося па-старому і ім далі магчымасьць працягваць працаваць ды, хоць і паводле савецкага мінімуму, але забяспечваць сябе і сваю сям’ю), “прадпрымальнікаў” (якія хацелі не толькі забяспечваць сябе, але і атрымліваць прыбытак) і “дзяржаўных утрыманцаў” (якія хацелі, каб дзяржава давала ім усе магчымыя ільготы). Такі падзел існаваў і адносна іншых груп, прычым пры правядзенні савецкай унутранай палітыкі захоўвалася хутчэй тэндэнцыя ўмацавання статусу дзвюх апошніх.

Асноўным шляхам актыўнага прыстасавання было імкненне займаць кіруючыя пасады ў партыі і адміністрацыі, быць актывістам. Гэта давала эканамічныя і ўладныя перавагі. Чалавек, які абіраў такі тып паводзін, мусіў, праўда, улічваць і некаторыя негатыўныя моманты, напрыклад, пагрозу для жыцця. Бо асабліва ў першыя пасляваенныя гады ў БССР, пераважна ў заходніх абласцях, былі распаўсюджаны тэракты супраць савецкіх службовых асоб; існавала рызыка прыцягнення да адказнасці за невыкананне планавых паказчыкаў. Дзейнасць прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, у сваю чаргу, знаходзілася пад моцным ўплывам настрояў і чаканняў насельніцтва. Яны не маглі не ўлічваць указанні вышэйшых структур і ў той жа час павінны былі шукаць падтрымку мясцовага насельніцтва, каб стабілізаваць сітуацыю ды ўмацаваць уладу ў спецыфічных умовах заходняй БССР.

Найбольш шырокім было, канечне, пасіўнае прыстасаванне. Людзі абіралі гэты шлях нават тады, калі не пагаджаліся з савецкім ладам. Асноўнымі прычынамі такога падпарадкавання былі асабісты інтарэс, абыякавасць, да таго, што адбываецца наўкола, але ў першую чаргу страх перад магчымымі рэпресіямі і пакараннем. Асаблівасць пасіўнага прыстасавання заключалася ў тым, што сяляне, напрыклад, на афіцыйных сходах маглі станоўча выказвацца пра калгасны лад, але на справе ў прыватных размовах лаялі калгасы.

Найбольш моцны ўплыў страх аказваў на жанчын, якія баяліся за лёс сваіх дзяцей. У той жа час жанчыны, каб аберагчы сваіх мужоў, маглі вальней (з таго, што ім нібыта даравальна) выказваць свае погляды ды нязгоду з вырашэннем тых ці іншых побытавых праблем. Напрыклад, пры арганізацыі перасялення з памежнай 800-метровай паласы ў некаторых вёсках арганізаваныя групы жанчын зрывалі сходы. У в.Орля Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. 16 мая 1947 г. быў скліканы агульны сход жыхароў, на які прыйшлі адны жанчыны. Выслухаўшы прадстаўніка райвыканкама, яны ўзнялі шум, і сход быў сарваны. Калі на другі дзень у гэтую вёску прыбыла камісія, яна была сустрэта натоўпам жанчын, якія, укленчыўшы, прасілі іх не перасяляць.

Характэрнай стратэгіяй прыстасавання робіцца адмаўленне ад мінулага, хаванне розных сумнеўных з гледзішча ўлады біяграфічных звестак, бо за іх выключалі з ВНУ, звальнялі з працы, маглі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, а тых кіраўнікоў, якія падтрымлівалі такіх асоб, чакалі рэпрэсіі. Тыя, хто баяўся быць выкрытым, уцякалі на працу ў іншыя мясцовасці, у горад, дзе пасля рабілі новыя дакументы. Даносы сталі эфектыўнай формай барацьбы ўлад з гэтай з’явай. Пры гэтым, хаця і заахвочвалася адмаўленне ад мінулага ды публічнае пакаянне, напрыклад, святароў, гэта не перашкаджала ўладам адмаўляць ім у прыёме на працу. Такім чынам, кляймо кепскага палітычнага мінулага сфармавала вялікую катэгорыю людзей, якіх пазбаўлялі самых розных правоў.

А падставаў стаць ворагам было мноства (дастаткова было быць яўрэем, заможным селянінам, знаходзіцца падчас вайны на акупаванай тэрыторыі і г.д.). Пастаянная падазронасць да сваіх грамадзянаў з боку розных органаў мела на мэце выявіць іх нелаяльнасць. І калі партыйная арганізацыя ці адпаведныя органы абвяшчалі нейкага чалавека палітычна ненадзейным, то ён, як правіла, заставаўся па-за грамадствам, без працы і сродкаў для існавання; астатнія трымаліся ад яго на адлегласці. Такім чынам, рэпрэсіўныя фактары ўнутранай палітыкі СССР навязвалі як стыль паводзін канфармізм, фактычна “жыццё ў масцы”, уцёкі ад рэчаіснасці ды цалкам ірацыянальную веру ў камуністычныя ідэалы і т.зв. светлую будучыню.

2. Хадайніцтвы, скаргі, даносы

Распаўсюджаным у той час было напісанне даносаў, хадайніцтваў, скаргаў на крыўдзіцеляў. Больш за тое, даносы на грамадзян заахвочваліся, а тыя, хто іх рабіў, даволі часта лічылі сябе патрыётамі. Улады, як правіла, рэагавалі на ўсе “сігналы”. Але пераважная большасьць такіх сігналаў была насамрэч звычайнымі даносамі, якія рабіліся з карыслівых ці кар’ерных меркаванняў. Напрыклад, справа В.М.Стрэчань, якую арыштавалі 29 снежня 1944 г. па абвінавачанні ў тым, што яна ў сакавіку 1944 г. нібыта аддала нямецкім карным органам двух партызанак. Аднак пасля высветлілася, што ўсе сведчанні грунтаваліся на словах іншай жанчыны, П.Мароз, якая мела асабістую непрыязнасць да В.М.Стрэчань. Таму справа была спынена.

Даносчыкі маглі быць у любой установе і арганізацыі. Пры напісанні даносаў часта карысталіся тыповымі вызначэннямі вобраза ворага, каб паказаць вінаватасць чалавека. Маглі нават фальсіфікаваць узрост абвінавачаных, калі справа датычыла непаўнагадовых. Напрыклад, Н.І.Шышко быў непаўнагадовым падчас вайны, але яго крыўдзіцелі адмыслова паказалі на тое, што ён нібыта быў старэйшы, каб абвінаваціць яго ў тым, што ён быў паліцэйскім. Малады чалавек праседзеў у турме 3 гады (з 23 снежня 1944 г. да 20 сакавіка 1947 г.).

Дзяржава заахвочвала даносы, бо выкарыстоўвала іх для збору кампраметавальнай інфармацыі, кантролю за грамадзянамі, службовымі асобамі, а грамадзяне імкнуліся такім чынам скарыстаць дзяржаву для сваіх мэтаў. Пакрыўджаныя, у сваю чаргу, часта помсцілі. І ўсё разам гэта стварала надзвычай змрочную атмасферу страху і ўсеагульнай падазронасці.

Скаргі і хадайніцтвы мелі дзве формы — лістоў і хаджэнняў на асабісты прыём да службовых асоб. Насельніцтва часта не давярала мясцовым уладам, таму лісты правадырам сталі важнай формай “пошуку праўды”. Як правіла, просьбы былі невялікія — вырашыць жыллёвыя, сямейныя ці іншыя праблемы. Вышэйшыя інстанцыі, да якіх звярталіся грамадзяне, каб “праверыць інфармацыю” накіроўвалі заявы назад у рэспубліканскія, абласныя, раённыя арганізацыі. І вырашэнне пытання заяўніка магло патрапіць (і часта трапляла) у рукі таго, супраць каго ён змагаўся. У выніку заяўніка маглі пераследаваць, выкарыстоўваючы самыя розныя ўскосныя сродкі і метады.

У ліку найбольш характэрных — скаргі на тое, што ў сялян адбіраюць зямлю ці адразаюць зямельныя ўчасткі, на павелічэнне паставак дзяржаве, нявыдачу прадуктаў па картках. Распаўсюджанымі былі скаргі па судова-следчых пытаннях, просьбы аб памілаванні і зняцці судзімасці. Напрыклад, на аснове скаргі 13-гадовага піянера В.Гуто была праверана справа па абвінавачанні ў антысавецкай дзейнасці яго бацькі І.С.Гуто. І было прызнана, што ён быў асуджаны памылкова. Але пераважна скаргі вырашаліся нездавальняюча — іх разгляд зацягваўся, не заўсёды яны разглядаліся тымі, каму накіроўваліся, кантроль за разглядам і праходжаннем скаргаў адсутнічаў. Тым, хто падаваў скаргі, не заўсёды паведамлялі пра прынятыя меры.

Стратэгіямі пасіўнага супраціўлення былі таксама апатычная праца, пазбяганне партыйных актывістаў, уцёкі з сельскай мясцовасці і інш... Супраціўленне было звязана ў тым ліку з рэлігіяй. Прызнанне сябе вернікам пры агульнай атэістычнай прапагандзе стала формай пратэсту, які пераследаваўся. У той самы час рэлігійнасць бацькоў часта рабілася перашкодай пры паступленні ў ВНУ, была прычынай выгнання з навучальнай установы.

3. Сыход

Сыход (эскейпізм — уцёкі), міграцыя насельніцтва з’яўляліся важнай жыццёвай стратэгіяй у БССР. Матывы пераезду былі рознымі, часам змешанымі — пошук лепшай долі, адукацыі, заробку, уцёкі ад пагрозы рэпрэсій. У асноўным уцякала сельскае насельніцтва ў гарады. Рабілася гэта праз адыходы на промыслы, працяг адукацыі, мабілізацыю ў Чырвоную Армію. Большасць пакідала вёску назаўсёды, а тыя, хто заставаўся, як правіла, былі маральна зламанымі людзьмі.

Але і ў горадзе было не нашмат лягчэй. Той, хто збягаў, сутыкаўся з цяжкімі ўмовамі працы, інтэнсіўнай стамляючай працай на мяжы немагчымага, з крымінальнай адказнасцю за спазненні, прагулы, бытавой незабяспечанасцю. Звальненне было праблематычным, бо гэта пагражала тым, што чалавек мог патрапіць у катэгорыю г.зв. “летуноў”, якіх маглі выслаць у адміністратыўным парадку ў аддаленыя мясцовасці. У Заходняй Беларусі была яшчэ адна магчымасць сыходу — праз абмен насельніцтвам з Польшчай, у часе якога прыехала ў БССР 27.806 і выехала 241.152 чалавек. Вялікая колькасць тых, хто з’ехаў і жадаў гэтага, нават не з’яўляючыся палякам, паказала, што такім чынам людзі выказвалі сваю нязгоду з рэжымам — галасавалі супраць “нагамі”.

Некаторыя беглі нават праз межы іншых рэспублік, як, напрыклад, настаўнікі з Маладзечна М.А.Аверчанка і К.А.Казлоўская, якія ў ноч з 14 на 15 студзеня 1950 г. перайшлі іранскую мяжу. Затрыманныя на іранскім баку, яны заявілі, што баяліся пераследу МДБ. У дакументах перапіскі савецкіх і іранскіх службоўцаў адзначалася, што яны стаялі на ўліку як па-антысавецку настроеныя асобы. Адпаведныя карныя органы сабралі ўсю магчымую інфармацыю, каб скампраметаваць іх ды абвясціць уцекачоў здраднікамі, якія пазбеглі кары (закладнікамі апынуліся сваякі ўцекачоў; некаторыя былі асуджаны як антысаветчыкі).

Дзесяткі тысяч беларускіх жыхароў, што былі добраахвотна ці прымусова вывезены на тэрыторыю Германіі ў часе вайны, знайшлі прытулак на Захадзе, не жадаючы вяртацца ў СССР. Сярод тых, хто застаўся ў эміграцыі, найбольш было сялянаў і жыхароў мястэчак Заходняй Беларусі.

Самазабойствы былі яшчэ адной жахлівай стратэгіяй сыходу. Самазабойствы, як правіла, старанна расследавалі. Але найчасцей трактавалі іх як доказ віны чалавека.

4. Актыўны супраціў

Актыўны супраціў улучае ў сябе антысавецкія дзеянні, шматлікія праявы пратэсту, якія адбываліся як у мірных, так і ў гвалтоўных формах: ад чутак, выказванняў да тэрактаў супраць партактыву і сельскай адміністрацыі. У большасці выпадкаў такія дзеянні разглядаліся як контррэвалюцыйныя і караліся паводле арт. 63—76 Крымінальнага кодэкса БССР. Гэтыя артыкулы давалі магчымасць асудзіць усіх нязгодных з існуючым ладам.

4.1. Чуткі

Чаканне ліберальных змен (паслабленняў) пасля вайны стала асновай распаўсюджвання чутак, большасць з якіх былі палітычнымі. Чым менш было афіцыйнай інфармацыі адносна нейкай падзеі, тым больш яна абрастала рознымі чуткамі, часам самымі неверагоднымі. Сялян раздражняла пастаяннае выпампоўванне фінансавых сродкаў ды сельскагаспадарчай прадукцыі. У заходніх абласцях існавала ваеннае становішча, якое суправаджалася правядзеннем чэкісцка-вайсковых аперацый, скіраваных супраць антысавецкага падполля. Найбольш распаўсюджанымі ў СССР былі ў той час чуткі пра роспуск калгасаў і пачатак амерыканска-савецкай вайны, а таксама чаканне канца свету. Частка насельніцтва ўспрымала магчымую вайну не як катастрофу, а як выратаванне.

Пры гэтым улады актыўна цікавіліся настроямі людзей. Асаблівая ўвага надавалася незадаволенасці моладзі. І таму некаторыя чуткі ствараліся і распаўсюджваліся самімі ўладамі з мэтай справакаваць ды прааналізаваць рэакцыю насельніцтва. Збор інфармацыі рабіўся рознымі шляхамі: агітатары фіксавалі рэакцыю насельніцтва адносна розных дзяржаўных мерапрыемстваў; рыхтаваліся справаздачы на падставе вытрымак з перлюстраванай спецыяльным аддзелам МДБ карэспандэнцыі (правяралі да 80% лістоў грамадзян).

Людзі, у сваю чаргу, ведалі пра пакаранне за адкрытыя антысавецкія выказванні, таму паводзілі сябе стрымана. Напрыклад, у размовах з агітатарамі насельніцтва ў Мінску задавала такія асцярожныя пытанні: чаму права быць выбраным даецца толькі грамадзянам, якія дасягнулі 23 гадоў? Чаму ў дакладзе Молатава ў канстытуцыі гаворыцца, што праявы антысемітызму караюцца законам, а на практыцы гэтага няма? Ці можна залічыць яўрэяў да славянаў? Ці хутка будзе адменена карткавая сістэма? Ці будуць асвятляцца вуліцы і г.д.

Органы дзяржбяспекі збіралі розныя звесткі і цікавіліся меркаваннямі людзей і праз сваіх агентаў і інфарматараў у арганізацыях. Такім спосабам, напрыклад, былі сабраныя наступныя звесткі, якія кваліфікаваліся як праявы антысаветызму:

23 студзеня 1947 г. жыхар сяла Юнсечы Высакоўскага р-на Брэсцкай вобл. Н.С.Давядзюк сказаў аднавяскоўцам: “Калі будуць выбары, кінуць бы гранату і ўзарваць пакой, дзе галасуюць”.

Рабочы крухмальнага завода Казлоўшчынскага р-на А.І.Юргель заявіў: “Як мне плацяць за работу, так я буду галасаваць”.

Старшына 85 ОБС 55-гадовы С.Д.Іванчанка ў размове пра выбары ў Вярхоўны Савет БССР заявіў: “У нас выбары праходзяць не на дэмакратычных пачатках. Высоўваюць кандыдата, упісваюць яго ў бюлетэнь, а я павінен за яго галасаваць. Пры галасаванні я не маю права дапісваць і выкрэсліваць кандыдатаў, а гавораць, што гэта дэмакратычныя выбары. Вось у капіталістычных краінах, як, напрыклад, у Англіі, там кожны мае права галасаваць так, як ён захоча”.

Намеснік камандзіра па забеспячэнні капітан Л.В.Сакалоў у адказ на скаргі дэмабілізаваных з Узброеных сіл пра кепскае забеспячэнне рэчамі, сказаў: “Чаго вы крыўдзіцеся на мяне, крыўдуйце на таварыша Сталіна і савецкі ўрад” (за што быў выключаны з партыі і арыштаваны).

4.2. Антысавецкае падполле

Самай радыкальнай формай пратэсту насельніцтва стала ўзброеная індывідуальная ці групавая барацьба. Адзінкавыя выступы былі рэдкімі і звычайна замоўчваліся. Сярод прыкладаў — г.зв. “тэрарыстычны выпад” М.П.Федзія, камандзіра ўзвода 10 танкавай дывізіі, які ў сакавіку 1951 г. прымацаваў замест мішэні для прыстрэлкі партрэт І.В.Сталіна.

Спробы актыўнага антысавецкага супраціву былі, акрамя ўсяго іншага, звязаныя і з чаканнем вайны СССР з саюзнікамі ў час Другой сусветнай вайны. Гэтыя спадзяванні падтрымліваліся чуткамі і антысавецкім падполлем на працягу ўсяго разгляданага перыяду. Далёка не ўсе, нават арганізаваныя, дзеянні можна было звязаць з нацыянальным супрацівам, у першую чаргу гэта былі пратэсты супраць парушэння інтарэсаў і правоў беларускага насельніцтва. Напрыклад, 15 мая 1947 г. камісія Высакоўскага райвыканкама на чале са старшынём райвыканкама Расляковым у в.Вялічкавічы склікала сход жыхароў у сувязі з пытаннем адсялення, на які прыйшлі адны жанчыны. Спадарыня А.Шаўчук, дачка рэпрэсаванага, заявіла, што было б лепш, каб іх расстралялі ці забілі, але пераязджаць яны нікуды не будуць. Жанчыны падтрымалі яе, і сход быў сарваны. На наступны сход прыйшлі ўсе гаспадары дамоў, якія пагадзіліся перасяляцца. Але потым усе жыхары сышлі з вёскі (частка з іх схавалася ў лесе). 17 мая 1947 г. прыбыў атрад на чале з Расляковым (30 чалавек), каб дапамагчы перасяленню, але жанчыны з палкамі (больш за 100 чалавек) не пусцілі іх у вёску. І толькі пасля таго, як былі арыштаваныя тры самыя актыўныя жанчыны, працэс перасялення быў распачаты.

Надзея на змены да лепшага ці, у некаторых драматычных выпадках, безвыходнасць былі асноўнымі псіхалагічнымі фактарамі, якія штурхалі людзей да розных формаў актыўнага супраціву. Напрыклад, ведаючы пра тое, што яны будуць арыштаваныя, некаторыя былыя сябры калабаранцкіх арганізацый змагаліся ў пасляваенны перыяд супраць Саветаў. І не ўсе тыя, хто быў змушаны абставінамі знаходзіцца на нелегальным становішчы, далучаліся да атрадаў супраціўлення. Многія хаваліся каля сваіх вёсак або нават у іншых вёсках і гарадах. У той жа час на тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічалі атрады, якія змагаліся супраць камунізму ці то з ідэйных меркаванняў, ці то на знак супраціву рэпрэсіўнай палітыцы савецкай улады. Дзейнічалі і нацыянальныя падпольныя фармаванні, як беларускія, так і польскія і ўкраінскія. Былі атрады, якія змагаліся з савецкімі ўладамі, перамяшчаючыся з тэрыторыі суседніх савецкіх рэспублік.

Супрацьстаянне антысавецкага падполля і ўладаў прыводзіла да таго, што многія мясцовыя жыхары рабіліся нявольнымі закладнікамі сітуацыі, бо знаходзіліся пад пагрозай фізічнай расправы як з боку органаў бяспекі, так і антысавецкага падполля. Напрыклад, перад святам Перамогі ўвечары 8 мая 1947 г. узброены атрад выразаў 250 м. тэлефонных дратоў паміж Алтушскім сельскім саветам і Маларытай, а паміж Збуражскім сельскім саветам і райцэнтрам — 170 м. У калгасе “Перамога”, спалілі жывёлу разам з пуняй, не дазваляючы яго патушыць. Ні калгаснікі, ні сяляне не насмеліліся данесці пра здарэнне ў раённы аддзел МДБ—МУС ў той самы дзень.

Не спыняючыся падрабязна на тэме нацыянальна арыентаванага антысавецкага падполля, якое асвятляецца ў іншых лекцыях, варта адзначыць адно (выключэнне складае дзейнасць моладзевых арганізацый) характэрныя для іх этапы:

1. У другой палове 1944—1946 г. выявілася актыўнасць беларускага падполля ў правядзенні адкрытых акцый супраць савецкай улады. Пры гэтым сярод значнай колькасці насельніцтва панавалі спадзяванні на тое, што дзяржаўны лад будзе зменены. У выніку шырокамаштабных чэкісцка-вайсковых аперацый адкрыты супраціў быў задушаны.

2. У 1947—1952 гг. ва ўмовах строгай канспірацыі існавалі раздробленыя структуры антысавецкага падполля, але савецкія карныя органы іх метадычна знішчалі.

5. Высновы

Дзяржава вызначала шляхі існавання грамадства, накінуўшы на сваіх грамадзянаў вялікую колькасць інструкцый, правіл і законаў. Пэўная частка насельніцтва шчыра верыла партыі і савецкаму кіраўніцтву і выконвала іх патрабаванні. У той жа час пераважная колькасць людзей абрала стратэгію прыстасавання. Характэрнымі, праўда, былі і такія паводзіны, калі чалавек толькі рабіў выгляд, што выконвае ўказанні цэнтральных і мясцовых органаў улады, але імкнуўся дзейнічаць, зыходзячы з пазіцыі ўласных патрэб і магчымасцяў. Стратэгіі супрацьдзеяння, якія выбіралі жыхары БССР, вар’яваліся ад пасіўнай, негвалтоўнай, да актыўнай, тэрарыстычнай формы. Пераважала пасіўная форма.

Распаўсюджаным відам стасункаў чалавека і дзяржавы было напісанне хадайніцтваў, скаргаў, даносаў. Прыкладамі пасіўнага супраціву былі апатычная праца, пазбяганне партыйных актывістаў, уцёкі з сельскай мясцовасці і інш.

Да катэгорыі актыўнага супраціву можна аднесці пратэсты, якія выяўляліся ў мірных і гвалтоўных формах — ад чутак, выказванняў да тэрактаў супраць партактыву і сельскай адміністрацыі. Самай радыкальнай формай стала ўзброеная індывідуальная ці групавая барацьба, асабліва характэрная для тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе антысавецкі рух быў выкліканы новым усталяваннем савецкай улады (“Другія Саветы”). Разнароднае па сваім складзе антысавецкае падполле з’явілася крайняй формай пратэсту насельніцтва супраць Саветаў. Яго існаванне падтрымлівалі неабгрунтаваныя рэпрэсіі савецкай улады. У выніку шырокамаштабных чэкісцка-вайсковых аперацый гэты супраціў быў задушаны. Узброеная барацьба ў пачатку 1950-х гг. здавалася большасці ўжо бессэнсоўнай, таму асноўнай стратэгіяй жыцця зрабілася прыстасаванне.

Літаратура

1. Зубкова Е.Ю. Послевоенное советское общество: политика и повседневность. 1945—1953. —М.: РОССПЭН, 1999. —229 с.

2. Сыровецкий Ю., Тулеев А. Власть в руках человека и… человек в руках власти. —Новосибирск, 1993. —320 с.

3. Фицпатрик Ш. Повседневный сталинизм. Социальная история Советской России в 30-е годы: город. —М.: РОССПЭН, 2001. —336 с.

4. Фицпатрик Ш. Сталинские крестьяне. Социальная история Советской России в 30-е годы: деревня. —М.: РОССПЭН, 2001. —422 с.

 

 

 
Лекцыя 1

 


ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY