ПошукGoogle


WWW На сайце




logo



ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ

 

БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | ЛЕКЦЫЯ 14

 

ГЕОРГ ГАЛЕНЧАНКА. ЛІТАРАТУРНАЕ МЕЦЭНАЦТВА

 

Лекцыя 1

Лекцыя 2

Лекцыя 3

Лекцыя 4

Лекцыя 5

Лекцыя 6

Лекцыя 7

Лекцыя 8

Лекцыя 9

Лекцыя 10

Лекцыя 11

Лекцыя 12

Лекцыя 13

Лекцыя 14

Лекцыя 15

Лекцыя 16

Лекцыя 17

План:

1. Уводзіны. Вызначэнне паняцця

2. Мецэнацтва як новая сацыякультурная з'ява. Асноўныя тыпы мецэнацтва

3. Эвалюцыя традыцыі: мецэнацтва князёў Слуцкіх

 

1. Уводзіны. Вызначэнне паняцця

Гістарычна тэрмін “мецэнацтва” звязаны з дзейнасцю рымскага багацея Гая Мецэната (Maecenatis. 1 ст. да н.э.), які за часамі імператара Аўгуста падтрымліваў паэтаў і мастакоў старажытнага Рыму. Гісторыя беларускага мецэнацтва ў мінулым фактычна не даследавалася — з прычын палітыка-ідэалагічнага характару. А паняцці “мецэнацтва”, “мецэнат” адсутнічаюць у вядомым слоўніку запазычаных лексічных форм, складзеным беларускім мовазнаўцам А.М.Булыкам. Маецца блізкі па сэнсе тэрмін — “пратэктар” (лац. protector) — “асоба, якая аказвае каму-небудзь падтрымку”: да прыкладу, пратэктары, апекуны і абаронцы манастыра.

Але адукаванаму паспольству ВКЛ тэрмін “мецэнат” быў добра вядомы. Ужо ў канцы ХV ст. мясцовыя кніжныя зборы ўпрыгожваюцца інкунабуламі з паэмамі любімых “кліентаў” Гая Мецэната — Публія Вергілія, Квінта Гарацыя Флака, аўтара знакамітай оды да Мэцэната. У панегірыках ХVI—ХVII стст. тэрмін “мецэнат” сустракаецца ў дачыненні да знатных асоб Беларусі і Літвы. Публічны панегірык акадэмічнай моладзі з нагоды атрымання ў 1623 г. Львом Сапегам пасады віленскага ваяводы адрасаваны “даўняму нашаму мецэнату” — “veteri Mecaenati suo”, “Te Moecenatem nostras Academia discat”.

Нясвіскі ксёндз Ян Аланд у сваім панегірыку “Памятка слаўнай памяці яго міласці пану Мікалаю Крыштафу Радзівілу” (Вільня, 1617) так апісаў ягоныя мецэнацкія дабрачыннасці: “Ніколі не забудзе Нясвіж свайго дабрадзея, за ўладараннем якога ён атрымаў свае залатыя вольнасці, гарадскія правы, стаў знакамітым і ў Польшчы і ў замежных краінах. Студэнты з вялікай пашанай будуць спамінаць Патрона і Мецэната сваіх навук, ухваляць у сваіх вершах і апавяць яго дзеля наступных стагоддзяў. Манахі і плебаны, для якіх ён збудаваў прыгожыя калегіі, кляштары, плебаніі, не забудуць памінаць свайго фундатара, пры абетах залецаць Пану Богу”.

У сучаснай гістарыяграфіі існуюць розныя трактоўкі мецэнацтва, гэтай незвычайнай з'явы. Нярэдка яно разглядаецца як агульная форма апякунства, падтрымкі творчых колаў, прадстаўнікоў гэтак званых вольных навук, артыстычнага рамяства, мастацтва, будаўніцтва і іншых сфер культурнай дзейнасці, незалежна ад інтарэсаў і патрэб саміх мецэнатаў. Такая трактоўка мецэнацтва здаецца нам спрошчанай і занадта шырокай. Нельга лічыць мецэнацтвам выкананне заказаў, прызначаных непасрэдна для задавалення патрэб паноў і магнатаў, дзяржаўных ці царкоўных органаў залежным ад іх людам, або матэрыяльнае забеспячэнне пэўных паўсядзённых справаў прадстаўнікамі вольных навук, рамеснікамі, мастакамі. Мецэнацтва, на наш погляд, — гэта форма падтрымкі культурнай дзейнасці і творчых суб'ектаў, непасрэдна не абумоўленая меркантыльнымі разлікамі і памкненнем захавання ўсталяванага ў грамадстве ці жаданага сацыяльнага статусу.

Палацы, што мелі магнаты Беларусі і Літвы ў розных землях ВКЛ, у сталічных гарадах — Вільні, Кракаве, Варшаве, у спадчынных і набытых маёнтках, колькі б іх ні было і якой бы раскошай яны ні здзіўлялі замежных падарожнікаў, наўрад ці праўдзіва адносіць да матэрыяльных знакаў магнацкага мецэнацтва. Тое ж можна сказаць і пра замкі ці храмы, якімі стала карысталіся фундатары. Толькі ў тым выпадку, калі дабрачыннасць выключна ці пераважна паслугавала інтарэсам іншых сацыяльных слаёў і груп (мясцовых мяшчан, сялян, шляхты, духавенства), дзяржавы ці грамадскіх арганізацый, магчыма гаварыць пра больш-менш чыстыя формы мецэнацтва.

2. Мецэнацтва як новая сацыякультурная з'ява. Асноўныя тыпы мецэнацтва

Падтрымка дзеячоў культуры асобнымі прадстаўнікамі паноўных і заможных колаў здаўна вядома ва ўсіх краінах. Мецэнатамі выступалі зазвычай вельмі заможныя людзі — некаторыя князі, царкоўныя ярархі, зрэдку — багатыя гараджане. Мецэнацтва як новая маштабная з'ява ўзнікла ў краіне ў другой палове ХVI ст. пад уплывам розных духоўных, гаспадарчых, палітычных і іншых фактараў. Развіццю мецэнацтва спрыялі культурныя, службовыя, матрыманіяльныя, канфесійныя сувязі паміж феадальнай знаццю Беларусі і Польшчы, рэнесансавая культура, Рэфармацыя ды Контррэфармацыя. Мецэнацтва ўплывала на характар літаратурнай творчасці і ў пэўнай ступені на ейную эвалюцыю.

З сваёй прыроды мецэнацтва як форма значных непрадуктыўных выдаткаў магло развівацца пераважна за конт багатых землеўласнікаў, паноў, магнатаў, што спаборнічалі з вялікімі князямі ў праяве розных амбіцый. Феадальная арыстакратыя, паны і магнаты мелі найлепшыя фінансавыя магчымасці для рэалізацыі мецэнацкіх намераў, вылучаліся адносна высокім узроўнем адукацыі, шмат падарожнічалі, а таму і выяўлялі жывое зацікаўленне пэўнымі з'явамі культуры.

У сучаснай гістарыяграфіі традыцыйна вылучаецца некалькі тыпаў мецэнацтва: 1. мецэнацтва манархаў (каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх ХVI—ХVII стст.); 2. царкоўнае мецэнацтва (царкоўная ярархія, мітрапаліты, кардыналы, біскупы і інш.); 3. свецкае мецэнацтва (князі, шляхта, мяшчане). Паперадзе паўстае, вядома ж, мецэнацтва манархаў — Жыгімонта I, Жыгімонта-Аўгуста, Стэфана Батуры, Жыгімонта III, Уладзіслава IV. Яны апекаваліся храністамі, музыкамі, мастакамі, іншаземнымі рамеснікамі, тэатральнымі артыстамі, афіцыйна выступалі абаронцамі ўсіх хрысціянскіх цэркваў ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Вялікакняжыя палацы былі асяродкамі рэнесансавай культуры, еўрапейскіх форм вялікасвецкага этыкету, побыту, прыдворнай службы, істотна вызначалі паноўныя моўныя і канфесійныя тэндэнцыі. Палацы мелі карцінныя галерэі, калекцыі рыцарскай і турнірнай зброі, зборы рукапісаў, карт, старадрукаў. Бібліятэка апошнягя Ягелона ў Вільні была адной з лепшых у Еўропе.

Асноўныя формы свецкага літаратурнага мецэнацтва ў Беларусі гістарычна былі звязаны з трыма групамі магнатэрыі: з багатай тытулаванай знацьцю дынастычнага паходжання; з прадстаўнікамі некаторых адгалінаванняў магнацкіх родаў, са службоўцамі, што зрабілі паспяховую кар'еру, дзякуючы вялікакняжай канцылярскай або вайсковай службе: Багавіцінавічы, Копці, Тышкевічы, Хадкевічы і інш. Па-за межамі гэтых груп паўстаюць пэўныя прадстаўнікі паспалітай — сярэдняй і дробнай шляхты, якія падтрымвалі канфесійную, выдавецкую ці грамадска-палітычную дзейнасць. Літаратурна-выдавецкае мецэнацтва гэтых людзей найлепш увасобілася ў кнігадрукаванні, якім займаліся братцтвы. (Мяшчанскае мецэнацтва патрабуе асобнага асвятлення.)

На развіццё ўсіх форм мецэнацтва значны уплыў аказвалі саслоўныя, родавыя, этнаканфесійныя традыцыі; індывідуальны, фамільны, саслоўны і дзяржаўны статусы, а таксама асабовыя якасці мецэнатаў (выхаванне, адукацыя, матрыманіяльныя стасункі, светагляд, палітычная і культурная заангажаванасць і інш.). Характэрныя і своеасаблівыя формы літаратурнага мецэнацтва ў Беларусі другой паловы ХVI — сярэдзіны ХVII стст., мабыць, найбольш яскрава праглядаюцца ў мецэнацкай дзейнасці знакамітых і найбагатшых родаў: Алелькавічаў (князёў Слуцкіх), Радзівілаў, Сапегаў.

3. Эвалюцыя традыцыі: мецэнацтва князёў Слуцкіх

У грамадска-палітычным і культурным жыцці Беларусі ХVI ст. значную ролю адыгрываў княжацкі род Слуцкіх (Алелькавічаў), якія належалі да вышэйшай тытулаванай арыстакратыі. Слуцкія былі нашчадкамі Альгерда Гедымінавіча. З першай чвэрці ХV ст. да 70-х гадоў ХVI ст. усе мужчыны роду былі праваслаўнымі і падтрымвалі цэрквы, што знаходзілся ў межах іх уладанняў.

Пры княжым двары ў Слуцку і ў слуцкіх манастырах здаўна існавалі кнігапісныя скрыпторыі. Найбольш раннія слуцкія рукапісы дайшлі да нас у спісах канца ХV ст. Большую частку прадукцыі скрыпторыяў складалі літургічныя, багаслоўскія і іншыя царкоўна-рэлігійныя кодэксы. Верагодна, невыпадкова яны пераважаюць у найбольш буйным зборы слуцкіх рукапісаў, захаваным да нашых часоў (Цэнтральная БАН Літвы).

Вопіс Слуцкага Траецкага манастыра 1494 г. дае ўяўленне пра буйныя на тыя часы зборы кніг, шмат якія былі, відавочна, напісаны або ўкладзены ў манастыр яшчэ за князямі Сямёнам і Міхалам Аляксандравічамі (памерлі ў 1470 і 1481 гг.), Васілём Сямёнавічам (1495 г.) і Сямёнам Міхайлавічам (1505 г.). У адным з рукапісаў віленскага Збору захаваны ўласны запіс вядомага ўдзельніка бітвы 1503 г. з крымскімі татарамі каля р.Уша — князя Сямёна Аляксандравіча.

У канцы ХV ст. у скрыпторыі Траецкага манастыра працаваў “Антон Семенов сын Челюстикина смолнянина”. У 1487 г. з даручэння настаяцеля манастыра Іосіф а Балгарынавіча (пазней — кіеўскага мітрапаліта) ён напісаў кнігу “Фёдар Студыт”. Пры двары князя Юр'я Сямёнавіча Слуцкага (памёр у 1542 г.) пражываў іншы выдатны кнігапісец дзяк Усцін Яцкавіч Чачэранін, які па-майстэрску аздобіў Вучыцельнае евангелле і Абраныя павучэнні.

Слуцкія князі і духавенства Траецкага манастыра далучалі да спраў і кнігапісцаў з іншых манастыроў, у т.л. Лаўрышаўскага і Марацкага. Невядомы гісторыкам кнігапісец інак Лаўрышаўскага манастыра Антоні пакінуў па сабе памяць у калафоне да Тэтра-Евангелля 501 г. Кодэкс напісаны паўустаўной граматай і ўпрыгожаны сямю рознакаляровымі застаўкамі геаметрычнага арнаменту.

Самы шыкоўны кодэкс, створаны на сродкі Юр'я Сямёнавіча Слуцкага “християном православным на прочитание”, быў завершаны ў 1539 г. Васілём Капыльскім у манастыры Міколы-цудатворца на Марачы. Вялізнае Евангелле (памер аркушаў — 354х250) было заказана Алелькавічам дзеля ўкладу ў храм Успення Багародзіцы ў слуцкім замку. Рукапісны Пралог ХVI ст., які таксама належаў замкавай царкве ў Слуцку, мае у сваім складзе апакрыфічнае “сказанне” па-беларуску — пра жыццё Багародзіцы. Як мяркуе Я.Л.Неміроўскі, на сродкі Алелькавічаў была складзена Мінея 1539 г. у “граде” Слуцку, але гэты факт дакладна не прасочваецца. З удзелам Алелькавічаў, пэўна, складаўся і кніжны збор заснаванага імі на пачатку ХVI ст. у прыгарадзе Слуцку Мікольскага Грозаўскага манастыра.

Алелькавічы ўкладалі кнігі і ва ўкраінскія манастыры, найперш — у Кіева-Пячорскую Лаўру, дзе былі пахаваны некалькі пакаленняў князёў Слуцкіх. Князь Юры Сямёнавіч у 1500 г. (верагодна, разам з сваёй маці — княгіняй Настассяй Мсціслаўскай) перадаў Тэтра-Евангелле з прадмовамі Феафілакта Балгарскага Кіева-Межыгорскаму манастыру св.Мікалая. Каштоўны кодэкс пазней папсавалі мышы, а таму ігумен Андрыян “казав есми переписать с того Евангелия”. Сродкі на рукапісныя кнігі ахвяравалі і прадстаўніцы княжага роду “па кудзелі”. Адна з рукапісных кніг Дарагабускага манастыра Ўспення Св.Багародзіцы была “свершена” ў 1581 г. накладам князя Васіля Канстанцінавіча Астроскага і Пелагеі Маціеўскай князёўны Слуцкай.

Некаторыя з князёў прымалі непасрэдны ўдзел у кнігапісанні. Напрыклад, адзін з кодэксаў пачынаецца з незвычайнай прадмовы: “Не чудисе, благоразсудительное читателю, сее светое Евангелие, которое сам светое памети Юрий Юриевич Олелько княжа благочестивое Слуцкое року божого 1582 сам своею рукою власною переписав, что починает золотом, а далие простим чернилом, и Минею, бо тое оучинилосе не от скупости, але от ревности великой ко благочестию светому; дабы такое переписмо скоро до скутку своего пришло...”. Безумоўна, рэлігійныя перакананні вызначальна ўплывалі на намеры князя прыняць удзел у кнігапісанні. Магчыма, аднак, што ён папросту пачаў “перапісмо”, асноўную ж працу выканаў люд паспаліты. Дарэчы, іншых кніг, напісаных Алелькавічамі, невядома.

Кірылічнае кнігапісанне пры дварах Алелькавічаў і падначаленага ім духавенства — мяркуючы са зместу рукапісаў і знешняга выгляду, — да сярэдзіны ХVI ст. развівалася пераважна ў традыцыях сярэдневечнай беларускай пісьменнасці. Больш выразна эвалюцыя выяўляецца перадусім у царкоўна-славянскім тэксце кніг, у які зрэдку патраплялі і элементы жывой беларускай мовы.

Падтрымкай князёў Слуцкіх у другой палове ХVI ст. карысталіся некалькі дзеячоў, што актыўна ўдзельнічалі ў духоўным і канфесійным жыцці, у т.л. вядомы рускі “ератык” старац Арцемій. Пасланні Арцемія да беларускай, літоўскай, украінскай знаці, магнатаў і ўплывовай шляхты сведчаць, што ў ВКЛ ягоныя “ератычныя” ідэі не займелі асаблівага развіцця.

На думку А.І.Клібанава, старац Арцемій не мог падзяляць скрайнасцяў радыкальнага вучэння збеглага халопа Феадосія Касога, і ў сацыяльных, царкоўна-рэлігійных поглядах заняў адносна кансерватыўныя пазіцыі. Дзейнасць Арцемія і ягоных паплечнікаў у Слуцку (пераклады, перапісванне рэдкіх помнікаў славянскай пісьменнасці, палемічныя і вучыцельныя пасланні) ува ўмовах паланізацыі шляхты, актыўных яшчэ рэфармацыйных рухаў і паступовага ўзмацнення каталіцкай царквы была накіравана на асцярожнае абнаўленне багаслоўскай традыцыі і захаванне праваслаўна-царкоўнай і моўна-культурнай супольнасці “рускага” насельніцтва ВКЛ. Магчыма, актыўныя выступленні Арцемія супраць мясцовых пратэстанцкіх выданняў, вядомыя з ягоных пасланняў да Буднага, дадаткова да іншых прычын, пераканалі нясвіскіх кнігавыдаўцоў у бесперспектыўнасці далейшага выпуску кірылічных рэфармацыйных друкаў у сярэдзіне 60-х гадоў.

Адрозна ад Арцемія, іншы рускі “выхадзец”, наўгародскі тысячнік Марк Сарыхозін, здаецца, больш займаўся практычым кнігапісаннем пры двары князёў Слуцкіх, чым міжканфесійнымі праблемамі. Яго настойліва запрашаў у Ковель князь Андрэй Курбскі, які спадзяваўся з ягонай дапамогой ажыццявіць пераклад асабліва патрэбных твораў з грэцкай і лацінскай моваў: “яви любовь ко единоплемянной Росии, ко всему словенскому языку! Не обленись до нас приехати на колько месяцей, даючи помощь нашему грубству и неискуству, бо не обвыкли есмы, яко аз, тако князь Михайло (Абаленскі — Г.Г.) словенску языку в конец, и того ради боимся пуститися едины, без помощи, на так великое и достохвальное дело”.

Разгалінаваныя сувязі князёў Слуцкіх з князямі Андрэем Курбскім, Канстанцінам Астроскім, вялікім гетманам літоўскім Грыгорыем Хадкевічам, скарбным ВКЛ Іванам Зарэцкім і іншымі грамадскімі дзеячамі, якія прымалі ўдзел у арганізацыі беларускага і ўкраінскага кнігадрукавання ў Заблудаве, Вільні, Астрогу, далі даследчыкам падставы меркаваць пра існаванне своеасаблівай культурна-асветнай супольнасці.

Літаратурнаму мецэнацтву Алелькавічаў характэрна працяглая дачыннасць да летапісання. Некаторыя летапісцы, храністы гасцявалі пры княжых дварах Алелькавічаў з канца ХV ст. Князям Слуцкім належаў Слуцкі (Увараўскі) спіс першага беларуска-літоўскага летапісу. Гэта была адна з крыніц Хронікі Быхаўца, ранняя рэдакцыя якой узнікла ў праваслаўным асяродку, верагодна, у сярэдзіне ХVI ст. На думку М.Улашчыка, толькі храніст, знаёмы з паўсядзённымі справамі князёў Слуцкіх, мог так дакладна апісаць аблогу гораду крымчакамі ў 1502 г., навакольную мясцовасць, рэаліі хатняга побыту Алелькавічаў. Хроніка адлюстроўвала погляды ўпраўных колаў ВКЛ, сябраў Рады-паноў, знанай арыстакратыі, якія ў палітыцы трымаліся дзяржаўна-патрыятычных пазіцый і баранілі ўласныя інтарэсы.

Князі Слуцкія ў ХVI ст. не займалі высокіх дзяржаўных пасад у ВКЛ, пры тым, што мелі вялікія фінансавымі сродкі і неаднойчы крэдытавалі ў гаспадарскі скарб значныя сумы. Прычынай такога становішча была змена грамадска-палітычна й сітуацыі пасля Люблінскай уніі 1569 г., паніжэнне прэстыжу арыстакратыі.

Асабліва закранала Слуцкіх, што іх не ўвялі ў сенат Рэчы Паспалітай (раней нашчадкаў паноўнай дынастыі ВКЛ персанальна ўлучалі ў Раду-паноў) і не запрашалі на вальныя соймы. З адмысловай замовы Алелькавічаў паслы ВКЛ на вальных соймах Рэчы Паспалітай неаднаразова выступалі з прапановамі прыняць адпаведнае рашэнне. Тэксты “Оповеданий о местце их милости княжат Слуцких в раде его королевское милости” былі афіцыйна ўнесены ў кнігі Метрыкі ВКЛ. Палітычныя ўплывы ў сенаце, блізкасць да ўпраўных вярхоў Рэчы Паспалітай шмат у чым вызначалі рэальныя правы і магчымасці. Таму з разумелы інтарэс Слуцкіх да гістарычных твораў, якія падкрэслівалі старажытнасць і значнасць іхняга роду.

Памылкова было б звязваць новы этап летапісання пры двары Слуцкіх у 70-х гадах ХVI ст. выключна з прагматычнымі патрэбамі. Але той факт, што Мацей Стрыйкоўскі асталяваўся ў Слуцку і Капылі менавіта ў азначаны перыяд, пацвярджае верагоднасць такой версіі. Слуцкі перыяд самага знакамітага і ўплывовага храніста ВКЛ аказаўся плённым і доўжыўся з 1576 г. да смерці князя Юр'я Юр'евіча ў канцы 1578 г. Тут быў завершаны нядаўна адшуканы даследчыкамі ягоны твор “Аб пачатках, вывадах, дзельнасцях, рыцарскіх і дамовых справах слаўнага народа літоўскага, жемайцкага і рускага...”. У прысвяце “да свайго міласцівага пана” Стрыйкоўскі падкрэсліваў важную ролю айчыннай гісторыі ў вырашэнні складаных палітычных праблем Рэчы Паспалітай, выхаванні моладзі, засваенні вопыту пакаленняў. “Таму адзін гістарычны прыклад — пісаў ён — у справах дамовых ці ваенных значыць больш, чым тысяча тэзісаў найлепшых філосафаў”. “Перш за ўсё гісторыя вучыць сенатараў, як трэба правіць у Рэчы Паспалітай, улічваць старажытныя правы і ўставы продкаў, іх звычаі, учынкі і парады...”.

Стрыйкоўскі рэальна ацэньваў складанасць працы, азначыўшы, што дагэтуль нічога падобнага не было створана. З ягоных словаў, на напісанне кнігі пайшло сем гадоў. Змест рукапісу “Аб пачатках...” шмат у чым супадае з тэкстам пазнейшай “Хронікі польскай, літоўскай, жемайцкай і усёй Русі...”, надрукаванай у 1582 г. у кёнігсберскай друкарні Ю.Астбергера. Гэта была вяршыня летапісання ВКЛ, завяршальны этап гераізацыі ягонай самастойнай гісторыі. У “Хроніцы“ і іншых творах Стрыйкоўскага відочна адбіліся ўплывы рэнесансавай культуры і новыя, больш крытычныя і шырокія, падыходы да гістарычных крыніц і паданняў. У выданне былі ўлучаны рэкамендацыйныя вершы — Еўстафія Тышкевіча, Мацея Стжэлецкага, Васіля Яцыніча і іншых сяброў аўтара, складзеныя ў характэрным стылі панегірычнай паэзіі эпохі позняга Адраджэння з ейнымі антычнымі рэмінісцэнцыямі і параўнаннямі. Стрыйкоўскі супастаўляецца з выдатнымі гісторыкамі антычных часоў — Лівіем, Тацытам, Юліем, бо “залатым пяром апісаў гістарычную мінуўшчыну Літвы” (ВКЛ) і доўгую барацьбу сарматаў за “вольнасць і Айчызну”.

Хроніка Стрыйкоўскага, у якой выкарыстаны многія польскія, беларускія, літоўскія, украінскія і іншыя летапісныя і дакументальныя крыніцы, была надзвычай папулярнай у Літве, Беларусі, на Ўкраіне і зрабілася падставай для шэрагу пазнейшых гістарычных кампіляцый.

У сферы літаратурных інтарэсаў Алелькавічаў аказваліся і іншыя гістарычныя працы. У 1580 г. для князя Аляксандра Юр'евіча быў напісаны гісторыка-этнаграфічны твор знанага дзеяча рэфармацыйнага руху ў Беларусі і Літве Яна Ласіцкага “Аб багах жэмайцкіх, сармацкіх і фальшывых хрысціянах. Таксама аб армянскім веравызнанні і пачатку панавання Стэфана Баторыя”. Рукапіс праляжаў у архіве базельскага друкара больш за 30 гадоў (разам з творам Міхалона Літвіна “Аб звычаях татар, літвінаў і маскавітаў”), перш чым у 1615 г. быў апублікаваны ў Базелі Янам Грасерам.

Пасля Люблінскай уніі старажытны княжы род, так моцна і доўга павязаны з “рускай” культурай і традыцыямі, стаў хутка паланізавацца. Прыняццё каталіцызму апошнімі прадстаўнікамі роду “па мячу” было адным з паказнікаў гэтага працэсу. Сваю духоўную місію ажыццявілі езуіты, якія даўно прыглядаліся да нашчадкаў знакамітага, фенаменальна багатага і, між тым, саслаблага роду. Алелькавічы шмат падарожнічалі на Захадзе, а Ян Сімяон Юр'евіч пастаянна, да заканчэння зямнога шляху, жыў у Любліне, дзе ў 1592 г. і быў пахаваны езуітамі.

Маюцца не зусім доказныя звесткі вядомага езуіцкага дыпламата, папскага пасланніка і пісьменніка Антоніа Пасевіна пра тое, што ў 1581 г. князь Слуцкі, як і князь Астроскі, карыстаўся ўласнай друкарняй. На думку Я.Л.Неміроўскага, князь Слуцкі мог мець нейкія адносіны з Іванам Фёдаравым, украінская друкарня якога была заснавана з дапамогай параднёнага з Алелькавічамі князя Канстанціна Канстанцінавіча Астроскага. Адносна нядаўна ў рукі польскіх даследчыкаў патрапілі цікавыя матэрыялы, што сведчаць пра c устрэчу Юр'я Алелькавіча (памёр у 1560) з Будным у канцы 50-х гадоў у Слуцку дзеля наладжвння “рускага” кнігадрукавання. Якраз у тыя гады ў Слуцку асталяваліся старац Арцемій і іншыя рускія эмігранты, якіх наўрад ці здавальнялі рэфармацыйныя погляды Буднага. Магчыма, розгалас пра выдавецкія планы князя дайшоў да Пасевіна і быў ім зафіксаваны.

Калі ўдзел князёў Слуцкіх у арганізацыі кірылічнага беларускага кнігадрукавання (не вылучаючы і Заблудава) выглядае здалёк досыць цьмяна. Адзіная на той час на землях Беларусі Берасцейская друкарня сваёй рэфармацыйнай арыентацыяй не здавальняла князёў Слуцкіх. Яны даручылі паэту і вялікакняжаму бібліятэкару Станіславу Кашуцкаму падрыхтаваць пераклад твору Рэйнгарда Ларыхіўса “Кнігі аб выхаванні і адукацыі кожнага прысвечанага”. Пераклад быў закончаны да лета 1555 г. Кніга ўбачыла свет пад рэдакцыяй педагога князёў Слуцкіх — Эразма Глічнера ў 1558 г. у кракаўскай друкарні спадчыннікаў Марка Шарфенбергера. У тым жа годзе ў кракаўскай друкарні Матфея Себенейхера была апублікавана іншая праца Глічнера — “Кніжка аб выхаванні дзяцей”, першы папулярны твор для шляхты і гараджан па педагогіцы, прысвечаны Юр'ю і Сімяону Слуцкім. Жыва напісаная кніга настаўляе бацькоў-пачаткоўцаў, як дасягаць паслушэнства, шанавання з боку сваіх распешчаных парасткаў, а таксама падказвае мажлівасць скарыстання дубца, “каб выбіць з іх дурную натуру”. Значная роля ў пасобніку аддаецца маральным прыкладам. З трох гадоў можна даваць дзецям крыху алкагольных напояў, з чатырох — прылучаць да вучобы. Адзенне не павінна быць багатым і экзатычным, лепей — непрыкметным і традыцыйным. З меркавання Глічнера, некаторыя бацькі апранаюць сваіх дзетак, як малых Ісусікаў або дзятлаў. Замежныя падарожнікі дзівяцца, бо не могуць адрозніць іх ад влохаў, немцаў, турак, татар і венграў.

У наступныя дзесяцігоддзі (да смерці апошняга князя ў 1592 г.) Слуцкім былі прысвечаны сама меней сем заходнееўрапейскіх друкаў — у Базелі, Браціславе, Данцыгу, Інгальштаце, Страсбургу. Чатыры з іх, з прысвячэннямі Аляксандру Юр'евічу, князю слуцкаму і капыльскаму, былі напісаны з удзелам знакамітых прафесараў універсітэтаў у Інгальштаце і Страсбургу — Грыгорыя з Валенсіі і заснавальніка вядомай на ўсю Еўропу гуманістычнай гімназіі новага тыпу Яна Стурма. Несумнеўна, што згаданыя выданні сталіся вынікам замежных падарожжаў князёў Слуцкіх на пачатку 80-х гадоў. Згасанне роду, якое фактычна супала з драматычнай саслабласцю ягоных грамадска-палітычных пазіцый, выклікала некалькі новых мясцовых друкаў. Смерць Яна Сімяона Слуцкага была азначана рытарычным панегірыкам езуіцкага каплана С.Высоцкага, надрукаваным на сродкі ўдавы князя Соф'і з Мельца віленскай акадэмічнай друкарняй у 1593 г.

У тым жа годзе з друкарскага варштату Мамонічаў выходзіць невялікі твор Станіслава Калакоўскага “Катамерінон княства Слуцкага, або Жалобны плач з-за ранняй смерці наследнікаў князёў Слуцкіх — Юр'я, Яна Сімяона і Аляксандра”.

Літаратура

1. Булыка А.М. Даўнія запазычанні беларускай мовы. Мн., 1972. С. 268.

2. Feigelmanas N. Lietuvos incunabulai. Vilnius. 1975.

3. Applausus Academiae Soc. Iesu in solenni Ill-i D-no Leonis Sapieha palatini Vilnensis. Vilnae, 1623. A1v, A3v.). (Чепене с. 33)

4. Aland Jan. Pamiatka jasnie o swieconemu slawnej pamieci Panu Je[go] M.P.Mikolaiowi Chrysztofovi Radziwilowi, xiaze ciu na Оlyce y Nieswiezu, hrabi na Szydlowcu i Miru, woiewodzie wilenskiemu, kawalerowi Bozego grobu ic.ic. Czynione przy Exequiach rocznych w Nieswiezu, dnia 28 Lutego. Roku 1617. Przez x. Jana Alanda Societatis Iesu, (Вільна , друк. Леона Мамоніча). Сігн. E2v.

5. Гл. напрыклад: Olkiewicz J. Polskie medyceusze. Warszawa, 1985.

6. Гл.: Tazbir J. Bracia polscy w sluzbie Radziwillуw w XVII wieku // Miscellanea historico-archivistica. T.3: Radziwillowie XVI—XVIII wieku w kregu polinyki i kultury. Warszawa, Lуdz, 1989. S. 154.

7. Topolska M.B. Czytelnik i ksiazka w Wielkim Ksiestwie Litewskim w dobie Renesansu i Baroku. Wroc l aw, 1984. S.184—188.

8. Грицкевич А.П. Слуцк. Историко-экономический очерк. Мн., 1970; Krajcar J. The last princes of Sluck and the West // JBS. V. , N3. P. 269—287.

9. Немировский Е.Л. Иван Фёдоров в Белоруссии. М., 1979. С. 62; Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882; Нікалаеў М. “Палата” кнігапісная. Мн., 1993. С. 203, 208.

10. Петров Н.И. Описание рукописных собраний, находящихся в Киеве, вып.3. Рукописи Киево-Софийского собора // ЧОИДР. 1904. Вып.4, № 28.

11. Клибанов А.И. Народная социльная утопия в России. М., 1977. С. 60, 66.

12. РИБ. Т. 31. С. 418.

13. Немировский Е.Л. Иван Фёдоров... С. 61—63.

14. Хроника Быховца. М., 1966. С. 28.

15. РДАСА, ф. 389, воп.1, кн. 277, арк.143; кн. 282, арк. 116—117.

16. “O poczatkach, wywodach, dzielnosciach, sprawach rycerskich i domowych slawnego narodu litewskiego, z emojdzkiego i ruskiego, przedtym nigdy od zadnego ani kuszone ani opisane, z natchnienia Bozego a uprzejmie pilnego doswiadczenia / opr. J.Radziszewska. Warszawa, 1979.

17. Ptaszycki S. Wiadomosc bibliograficzna o rekopisie nieswieskim kroniki Macieja Stryjkowskiego // Pamietnik literacki 1903. R.2, zesz.2. S.222.

18. “De diis Samagitarum caeterarumque Sarmtarum et falsorum christianorum. Item de religione Armenorum et de initio regiminis Stephani Batorii”. Basel, 1615.

19. Немировский Е. Л. Иван Фёдоров... С. 66.

20. Szczucki L. Szymona Budnego relacja o poczatkach i rozwoju anabaptyzmu w zborze mniejszym // Odrodzenie i Reformacja. 1986.

 

 

Лекцыя 14

ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ


каталёг TUT.BY каталёг+пошукавая сыстэма Rating All.BY