|
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | ЛЕКЦЫЯ 8
СЯРГЕЙ САНЬКО. УСПАМІНЫ ПРА СТРАЧАНЫ ВЫРАЙ |
|
Лекцыя 8 |
Плян: 1. Касмаганічны кантэкст Каляднай і Велікоднай абрадавасьці 2. Астранамічны кантэкст Калядных і Велікодных сьвят Тое, што працяглыя Калядныя сьвяткаваньні так ці іначай прымеркаваны да моманту зімовага сонцавароту, добра вядома й, зрэшты, відочна. У розныя часы гэта давала падставы для ўзнаўленьня міталягічных сюжэтаў пра адраджэньне нейкага вярхоўнага боства ў сонечнай іпастасі й ягонае будучае пераможнае змаганьне з пэрсанажам, які ўвасабляў зіму, сьцюжу, цемру або іншыя адмоўныя ці папросту неспрыяльныя для жыцьця рэчы. Меркавалася, што адным з цэнтральных пэрсанажаў Каляднага цыклю зьяўляецца Каляда — у жаночым ці мужчынскім абліччы. Аднак гэтак жа даўно выказваюцца сумневы ў слушнасьці такіх рэканструкцый, а самі яны разглядаюцца як рамантычныя “кабінэтныя міталёгіі”. Не ведучы дыскусіі з прыхільнікамі першага ці другога падыходаў, мне хацелася б тут хаця каротка абмеркаваць зусім іншы комплекс міталягічных уяўленьняў, праяўна, а часам, і ня вельмі зьвязаных з Калядным сьвяточным цыклем. Я чыста ўмоўна падзялю іх на дзьве групы: касмалягічныя (г.зн. уяўленьні пра паходжаньне й збудову Сусьвету) і астранамічныя (уяўленьні, зьвязаныя з тымі ці іншымі канфігурацыямі найбольш яркіх нябесных сьвяціл і сузор'яў). І пачну зь першай групы касмалягічных уяўленьняў. 1. Касмаганічны кантэкст Каляднай і Велікоднай абрадавасьці Згодна з найбольш старажытнымі касмалягічнымі поглядамі, наш Сусьвет уяўляе вялікую дынамічна зарганізаваную Цэласьць, якая жыве сваім адмысловым жыцьцём: нараджаецца, разьвіваецца, састарвае (нібы вычэрпваючы нададзены яму напачатку жыцьцёвы імпульс) і памірае. Аднак паміраньне Сусьвету зусім не азначае поўнага яго пераходу ў Нябыт. Сусьвет нібы распускаецца ў нейкай першаснай субстанцыі, якой, паводле беларускіх касмаганічных мітаў, як і паводле амаль усіх міталёгій сьвету, зьяўляецца вада або пракаветны Акіян. І потым усё пачынаецца спачатку: зноўку зь першаматэрыі “заснуецца” новы Сусьвет, каб, прайшоўшы ўсе свае жыцьцёвыя фазы, каторы раз распусьціцца ў пракаветным першарэчыве. Менавіта на гэтай падставе сьцьвярджаецца, што ў традыцыйных (або, як іх яшчэ называюць, касмалягічных) культурах панавальнай ідэяй зьяўляецца ідэя цыклічнага часу — часу, ня выпрастанага ў бясконцую лінію, як пераважна ўяўляецца чалавеку сучаснай цывілізацыі. Адгэтуль надзвычайная роля календара й каляндарных абрадаў у традыцыйных грамадзтвах. Зразумела, што гэткай цыклічнасьці падпарадкавана й усё існае ў Сусьвеце, асабліва жывыя істоты. Адно жыцьцёвы цыкаль самога Сусьвету неверагодна вялікі, ні з чым на зямлі не параўнальны. Тым ня менш, менавіта гэты галоўны касмалягічны цыкаль прадвызначае працяканьне ўсіх працэсаў у сьвеце.Толькі яныаказваюцца спраектаванымі на меншыя каляндарныя цыклі — напрыклад, суткі. Але ж асабліва — на каляндарны год. З гэтай прычыны ў календары найвялікшае значэньне набываюць пэрыяды, якія папярэднічаюць распачынаньню новага каляндарнага году. І ў такія моманты абрадава зноў перажываецца ўсё тое, што сутнасна перажываў некалі сам Сусьвет і што ён некалі перажыве зноў. У нашай традыцыі — гэта працяглы каляндарны пэрыяд, які пачынаецца ад зімовага сонцавароту й заканчваецца, зразумела, веснавым раўнадзеньнем. Гэта час, калі старое ўжо канчаткова зьнікае, а новае яшчэ толькі мае зьявіцца. Само адраджэньне Сусьвету прыпадабняецца да веснавога абуджэньня прыроды: менавіта з гэтае прычыны ўласна Новы год сьвяткаваўся ў нас колісь увесну (паводле бальшыні зьвестак, 1 сакавіка, як і ў старажытных рымлян). Цяперашні зімовы Новы год — гэта вынік каляндарных рэформ, якія пасьлядоўна адрывалі каляндар ад уяўленьняў традыцыйных аграрных грамадзтваў усьлед за перасоўваньнем галоўных асяродкаў жыцьця й дзейнасьці зь сялянскіх сядзіб і маёнткаў фэадалаў у гарады й фармаваньня цывілізацыі зусім іншага тыпу. Пры гэтым, калядны сьвяточны цыкаль, безумоўна, меў дачыненьне й да Новага году: тое ж быў ягоны Вялікі Пярэдадзень. А Пярэдадзень, калі яшчэ нічога не гарантавана, як не гарантавана нават самое адраджэньне Сусьвету, увесь прасякнуты клопатам пра будучынь. Да гэтай бліжэйшай будучыні пераважна й зьвернуты шматлікія калядныя абрадавыя дзеяньні й разнастайныя варожбы, і значнасьць надаецца рознага кшалту прыкметам, асабліва тым, якія можна назіраць на зорным небе. Так, паводле розных прыкмет, зорнае неба на Каляды прадказвае добрае раеньне пчол, прыбытак на збажыну, стаччыну й дзяцей, пагоднае надвор'е ў касавіцу, багацьце грыбоў і ягад улетку й нават мір на бліжні год. У зьвязку з апошняй прыкметай істотна азначыць, што адной зь вядучых тэм і Каляднага й Велікоднага сьвяточных цыкляў аказваецца тэма ідэальных прасторы й часу, увасабленьнем чаго, паводле традыцыйных беларускіх уяўленьняў, быў так званы “вырай”. Гэта наўрад ці можа зьдзіўляць, бо той сьвет, што мусіць быць адроджаны напачатку чарговага касмаганічнага цыклю, заўсёды мае на сабе азнакі максымальнай сакральнасьці, боскасьці. Ён зьяўляецца выраем увесь без вынятку. І толькі ўпоравень з “стварэньнем” Космасу й усё большай інтэрвэнцыі ў ягоныя структуры неўпарадкаванага й разбуральнага Хаосу вырай аддаляецца — як у часе (існаваньне яго праектуецца ў тую пракаветную пару, калі яшчэ сам бог хадзіў па зямлі, калі сонца роўна сьвяціла ўсім круглыя суткі, калі ні ў чым не было нястачы й г.д., г.зн. — у так званы “залаты век”), так і ў прасторы (ён усё яшчэ працягвае існаваць, але недзе далёка: ці на небе, ці на краі сьвету, і дасягнуць яго ў целавай абалонцы ўжо немагчыма, хіба толькі — некаторым абраньнікам лёсу). Таму з пэўнасьцю магчыма выснаваць, што Калядны пэрыяд — гэта і смутак па страчаным некалі выраі, і жаданьне й чаканьне вяртаньня яго. Выдае на заканамернасьць, што менавіта ў калядных і валачобных песьнях тэма ідэальных прасторы й часу раскрываецца з выкарыстаньнем максымуму вобразна-сымбалічных сродкаў. І пры гэтым таксама заканамерна, як мне падаецца, што акцэнты ў адной і ў другой групах песень расстаўляюцца крыху па-рознаму. У калядных песьнях пераважна паказваецца тэма “Нябеснай сям'і” як ідэальнага ўвасабленьня родавага дабрабыту. Гэта песьні наступнага зьместу: Ішла каліда ўпярод ражаства, Коліда, коліда!* Падайшла коліда пад Віцюткіна вакно: — Ці спіш, ляжыш, Віцютка-пан? Калі спіш, ляжыш, дык і спі здароў, А ня спіш, не ляжыш — падыйдзі пад акно. А што ж на тваім двары дзеіцца, Што дзеіцца, што паводзіцца! Стаіць цярём вышы ўсіх харом. А ў тым цераме да чатыры ўглы, Чатыры ўглы да чатыры акны. Вярэічкі тачоныя, А закрутачкі пазлачоныя. У адным акне — ясён месяц, У другім акне — ясна заря, А ў трэцім акне — дробныя звёзды, А ў чацвёртым акне — цёмная ночка. Ясён месяц — Віцютка-пан, Ясна заря — яго жана, Дробныя звёзды — яго дзеткі, Цёмная ночка — ўся яго сям'я. У песьнях такога кшталту найперш выкарыстоўваецца астральная або астранамічная сымболіка. Азначаная прывязка Калядных сьвяткаваньняў да тэмы выраю й пачатковага стану сьвету выяўляецца й у іншых тэкстах. Так, калядоўшчыкі падчас абыходу двароў з казой сьпявалі: Поўна нашай козанькі Хадзіць па панах, Пойдзем мы, козка, На сіне мора. Мы к табе, Ляксандра, Не самі прышлі, Нас гасподзь паслаў, Як сам свет настаў… Вядомыя й песьні гэтага каляндарнага пэрыяду з прыпевамі-рэфрэнамі накшталт: “Раю! Раю, мой раю, / Радуйся зямля / Век да веку!” або “Раю раіўся, / Хрыстос нарадзіўся / На вашам дварэ!” У валачобных песьнях карціна крыху іншая. У іх ідэальны парадак апісваецца праз элемэнты, гэтак бы мовіць, паўсталага ўжо “гэтага сьвету”, зь вельмі актыўным выкарыстаньнем ляндшафтавай сымболікі. Пры тым падаецца амаль поўны набор сэміятычных (знакавых) прыкмет гэтага “зямнога выраю”. Параўнаньне іх з аналягічнымі апісаньнямі ў іншых індаэўрапейскіх традыцыях (старажытнагрэцкай, рымскай, германскай, але асабліва інда-іранскай) паказвае надзвычайную ступеню падабенства й нават тоеснасьці, што, паміж іншага, пацьвярджае выключную старажытнасьць традыцыйных беларускіх уяўленьняў пра “вырай”. Я тут адно тэзысна нагадаю асноўныя з гэтых элемэнтаў, бо гаворка пра іх ужо вялася ў адной з папярэдніх лекцый. Па-першае, гэта матыў цяжкай дасягальнасьці ідэальнага месца. Ад астатняй, яшчэ не ўпарадкаванай дарэшты, хаатычнай прасторы ён адасоблены цяжка адольнай воднай перашкодай (да прыкладу, “рэчкай быстрай, беражыстай”). Патрапіць туды без дапамогі, бяз “санкцыі” самаго бога папросту немагчыма. Абкружанасьць новаўзьніклага “зямнога выраю” вадой якраз і сымбалізуе зьяўленьне Касьмічнага Парадку ў самым асяродку пракаветных вод, пракаветнага “бязэднага Акіяну”. Але адрозна ад іншых індаэўрапейскіх традыцый, якія разьмяшчаюць “зямны вырай” недзе далёка на Поўначы (згадаю хаця б славутую Гіпэрбарэю грэкаў), у беларускіх песьнях гэты “вырай” адтуляецца літаральна ў кожным падворку, куды завітваюць валачобнікі, каб рытуальнымі дзеяньнямі нібы расчыніць новае вымярэньне быцьця. Па-другое, гэта вобраз “залатой гары”, на якой стаіць ідэальны падворак або якая сама стаіць як “сусьветная гара”, што ўяўляе зь сябе вось Сусьвету й задае вертыкальную структуру новага Космасу. У роднасных культурах ёй адпавядаюць індыйская “залатая Мэру” — месца знаходжаньня багоў, іранская Хара Бэрэзайці (“Высокая Хара”) або Рыпэйскія горы ў грэкаў. Цікава, што назвы накшталт Залатая Гара або Залатая Горка захаваны й у нашай тапаніміцы (Менск; навакольле в.Халопенічы Барысаўскага р-ну; параўн. яшчэ в. Залатаміно на Гомельшчыне, верагодна, з гэткай жа сэмантыкай). Але што ня менш цікава, ёсьць у нас і свае Райскія Горы — узгор'е між Невелем і Себежам, якое ёсьць водападзелам Дзьвіны й Вялікай. Найбольш вядомая — Багатыр-Гара паблізу мястэчка Расоны, якую народнае паданьне зьвязвае з жанчынай-асілкам — зь некалішніх, згодна з павер'ем, першанасельнікаў нашага краю. Па-трэцяе, зважма на вобраз абгароджанага тынам райскага саду. У песьнях пра яго пяецца гэтак: “Слаўны наш пан, чым ён славён, / Ці сваім дабром, ці сваім уборам? / На яго двары вялікая ўцеха, / А якая ўцеха? — Залатая гара, / Сад-вінаград, райскія птахі...” (ВП № 34). Нагадаю ў зьвязку з гэтым, што азначэньні выраю ў эўрапейскіх мовах (парадыз) паходзяць ад іранскага слова пайрыдаэза, што літаральна — “з усіх бакоў абгароджанае месца” й, адпаведна, “райскі сад”. Цэнтар гэтага саду — дрэва “з залатой карой, з сарэбраным лісьцем” або “з залатымі росамі”. Акурат гэткае ж дрэва з залатой карой — парыджата — расьце й пасярод сваргі — выраю бога Грымотніка Індры — на вяршыні залатой гары Мэру, паводле індыйскіх уяўленьняў. Таму на цалкам натуральную выдае прысутнасьць на гэтым “сусьветным дрэве” “райскіх птушак”, як у пададзеным вышэй урыўку з нашай песьні. Па-чацьвёртае, гэта вобраз “сьвятой ракі”, якая сьцякае на вяршыню “залатой гары” наўпрост зь неба. У нашых песьнях яна сымбалічна ўзьнікае з упалай сьлязы самога бога. Уяўленьні пра “нябесную раку” мы таксама знаходзім у міталёгіях індыйцаў, іранцаў і грэкаў. Зрэшты, гэткае ідэальнае месца ў нашых песьнях параўноўваецца й непасрэдна з выраем: “У тваім садку, як у райку...” Прыгадаю мімаходзь, што славянскае слова рай, відаць, мае інда-іранскае паходжаньне, параўнайма: інд. і іран. rai, што азначае “багацьце, дастатак, дабрабыт”. Сам матыў “багацьця” немінуча абавязковы ў апісаньнях выраю ва ўсіх індаэўрапейскіх традыцыях. Нашыя мітычныя аповеды пра даўнія часы, прыкметныя прысутнасьцю бога на зямлі, наўпрост зьвязваюць з гэтымі часамі тэму несканчонага багацьця (так, збожжа давала неверагодныя ўраджаі, якія бог скараціў удзесяцікроць пасьля таго, як чорт навучыў людзей гнаць зь яго гарэлку). Тэма багацьця актуалізуецца й у нашай жніўнай абрадавасьці, памкнёнай нібы рытуальна ўзнавіць той старавечны вырай на зямлі. Таму адзін з цэнтральных пэрсанажаў гэтых абрадаў — Рай-Спарыш — сам зьяўляецца ўвасабленьнем райскага дастатку ва ўсім. Да гэтага ж зьвернуты й шматлікія калядныя варожбы. Але галоўны матыў у апісаньнях зямнога выраю — што ідэальная прастора зьяўляецца месцам тэафаніі (богазьяўленьня) і, больш за тое, месцам неадменнай прысутнасьці бога, які разьмяркоўвае парадак працяканьня сакральнага часу (вызначае чарговасьць сьвят і зьвязаных зь імі дзеяў): У тваім дварку, як у райку, Сады цвітуць, пчолкі зьвіняць. У том у садочку рэчка цячэць, Каля рэчкі цэрква стаіць, А ў царкве прастол стаіць, За прастолам сам бог сядзіць, Каля яго служкі яго Шахуюцца, рахуюцца, Катораму перша святца, Перша святца і чым заняцца… Падрабязны разгляд тэмы выраю ў песьнях новагодніх цыкляў запатрабаваў бы багата часу. Азначу яшчэ раз адрознасьць рэалізацыі гэтай тэмы ў калядных і валачобных песьнях. У першых актуалізуецца тэма нябеснага выраю, максымальна аддаленага ад зямлі й з максымальна саслаблымі сувязямі зь ёю, што цалкам натуральна для моманту заканчэньня старога касмалягічнага цыклю. Наадварот, веснавая абрадавасьць і валачобныя песьні актуалізуюць тэму выраю, які зноў максымальна да зямлі наблізіўся й можа адтуліцца літаральна ў кожным двары, дзе будуць выкананы пэўныя абрадавыя дзеі (запрашэньне й адорваньне валачобнікаў і г.д.) — з натуральнымі, вядома, шчасьлівымі наступствамі ў прышлым годзе. Заканамерна паўстае пытаньне: а хто ж уладары гэтага пракаветнага выраю? Адказаць ня так лёгка. Мы ведаем імёны першанароджаных багоў новага Космасу ў індыйцаў (Праджапаці, “Бацька стварэньняў”), у іранцаў (Мітра — “мір, згода, дамова”), у грэкаў (Фанэс — “Зіхацісты, Блішчасты”), у рымлян (Янус і Сатурн, якія падзялілі ўладу ў зямным выраі). Але нам цяжка пакуль з пэўнасьцю назваць адпаведнае імя беларускага пэрсанажа, бо ж традыцыйны каляндар быў за сваім часам перакрыты календаром хрысьціянскім. Тым ня менш, і нашыя матэрыялы тут зусім не безнадзейныя. Яны зьвязваюць надыход Каляд з вобразам Юр'я. Так, на Палесьсі кажуць: “Коляда приеде. Кажут, еде таки якись Юрий на кони...”. Наагул вобраз Каляды на белым ці сівым кані звыклы ў калядных песьнях. І я схільны лічыць, што колісь менавіта на Каляды прыпадалі галоўныя ўрачыстасьці на гонар бога, якога потым “перакрыў” Сьвяты Юр'я. Пры гэтым заўважу таксама, што й у іншых індаэўрапейцаў сьвяткаваньні на гонар багоў пракаветнага выраю патраплялі прыкладна на гэты ж каляндарны пэрыяд. Так, у першых стагодзьдзях новай эры Раство Хрыстова было прымеркавана акурат да дня народзін іранскага Мітры, сьвята на гонар Сатурну — сатурналіі — ладзілася 21 сьнежня, а на гонар Януса — агоніі — 9 студзеня, што амаль адпавядае па часе нашай першай і трэйцяй Куцьцям. Цікава тут прасачыць, што падчас сатурналіяў Сатурну ахвяравалі парсюка, як гэта мае месца ў нас на Каляды й дагэтуль. Але ня менш цікава й тое, што ў смаленскіх беларусаў рытуальная калядная страва, гатаваная з галавы парсюка, мела адмысловую назву — Аўсень. Гэты факт як бы перакідае масток паміж каляднымі песьнямі й корпусам так званых “аўсеневых” песень, уласьцівых рускім калядкам на тэрыторыі, якая з усходу прымыкае да беларускіх этнічных абсягаў. Слова Аўсень відочна балцкага паходжаньня й перакласьці яго можна як “Блішчасты, Сьветлы, Зіхоткі”. Захавалася яно на пэрыфэрыі былога арэалу расьсяленьня так званых дняпроўскіх балтаў. Прыгадайма грэцкага “першанароджанага” бога Фанэса, імя якога значыла тое самае. Думаю, што менавіта Аўсеня зьмяніў пазьней Сьв.Юр'я. Стасункі ж Аўсеня зь Ярылам патрабуюць дадатковага дасьледаваньня. Магчыма, гэта былі розныя пэрсанажы… 2. Астранамічны кантэкст Каляднай абрадавасьці. Спроба астранамічнай інтэрпрэтацыі некаторых фальклёрных матываў і касмаганічнай інтэрпрэтацыі адпаведных ім беларускіх астронімаў У папярэднім разьдзеле лекцыі, разглядаючы найважныя тэмы Калядна-Велікоднага каляндарнага пэрыяду, я асноўную ўвагу надаў касмаганічнаму аспэкту зьвязаных з гэтым пэрыядам абрадаў і абрадавых тэкстаў. Але ў гэтых тэкстах, асабліва калядных, выразна прысутнічае яшчэ адзін аспэкт — астранамічны. Можа, ні ў якія іншыя сьвяты зорнае неба гэтак не прыцягвала позіркаў тутэйшага беларуса, як гэтым часам. Яно было ці не галоўнай крыніцай спадзеваў на блізкую будучынь, яно ж магло й перасьцерагчы ад няўдаліц налета. Таму сярод, па праўдзе, небагатых, матэрыялаў па беларускай народнай астраноміі значная частка так ці іначай датычыць выгляду зімовага зорнага неба. Свой кароткі аповед пра астранамічную сымболіку Каляд я пачну з аднаго вельмі цікавага звычаю. Так, яшчэ ў першай палове ХХ ст. на Беларусі існавала завядзёнка перад вялікімі гадавымі сьвятамі, а менавіта — перад Калядамі й Вялікаднем вырабляць адмысловае ўпрыгожаньне з саломы, папяровых кветак, зерня бабовых расьлін і некаторых іншых рэчаў. Называлася гэткая кампазыцыя павуком. Найчасьцей яго вытваралі менавіта з саломы, надаючы шарападобную, рамбічную або зорчатую (у выглядзе шасьціпялёсткавай разэткі) форму. Павука падвешвалі над сталом, г.зн. над адным з найбольш сакральных месц сялянскай хаты. Бо ж казалі ў нас даўней: “стол — гэта прастол бога”. Лічылася, што гэткі павук прыносіць дому шчасьце й спор ува ўсім. Зрэшты, гэткія ўяўленьні зьвязваліся й з сапраўдным, жывым павуком. Так, паводле беларускіх міталягічных разуменьняў, павук — істота, якая знаходзіцца ў адметных стасунках зь небам і з богам, бо з усіх прыземленых стварэньняў ён адзіны можа з падмогай сваёй павуцінкі дабірацца аж да вышэйшага (сёмага) неба й распавядаць богу пра грахі людзей. Асабліва пільна павук сачыў за тым, каб людзі не чынілі збытку з хлеба — каб не падала аніводная крышынка. За гэта бог караў няўродам. Але міталягічная значнасьць павука найперш у тым, што ён сымбалізуе сабой менавіта той адпачатны ідэальны стан Сусьвету (не крануты яшчэ распадам і хаосам вырай), калі ўсе рэчы й усе істоты былі злучаны міжсобку й з богам-творцам нябачнымі нітамі-павуцінкамі, які пазьней быў людзьмі страчаны. Нездарма ў старажытных касмагоніях Бог — Стваральнік Сусьвету — параўноўваўся менавіта з ткачом-павуком, а сам працэс стварэньня Сусьвету прыпадабняўся да працэсу зьяўленьня тканіны, у якім аснова (у іншых адменах — уток) сымбалізавалася пачатковымі водамі. Прыгадайма з гэтай нагоды беларускі выраз: “У панядзелак сьвет снаваўся…”, таму, маўляў, і ўсялякую справу добра распачынаць з панядзелка. Не забудзьма й тое, што акурат да веснавога пэрыяду (а на яго прыпадаў раней пачатак Новага году) прымяркоўваліся падрыхтоўка красён да працы й сам пачатак працы. Як пяецца ў веснавой песьні: Да й ужэ весна красна, Да чужыя жоначкі ткуць кросна. Адна мая жонка гультайка, Што хадзіла к людзям у пастаянкі… Да Каляд жа трэба было ўсё спрасьці, падрыхтаваць усё да будучай працы й далёка схаваць верацёны. Праглядаецца, што рытміка сэзонных прац цягам каляндарнага году супадала з рытмам буйных касмалягічных цыкляў. На вельмі верагодную сувязь павука з тэмай выраю паказвае й літоўская назва гэткай жа, як наш павук, аздобы — sodas, што літаральна азначае “сад”. Пры тым, што — я ўжо казаў раней — сад якраз сымбалізуе “вырай” у архаічных калядных і валачобных песьнях. Астранамічныя аналёгіі павука-казуркі й павука — саламянага ўпрыгожаньня выяўляюцца, крыху нечакана, праз іншыя мэтафарычныя й сымбалічныя шэрагі. Так, у шматлікіх беларускіх загадках пра павука й павуціньне апошняе звычайна хаваецца за словам сіта. Напрыклад: “Вісіць сіта, не рукамі віта, хто адгадае, той многа знае” або “Вісіць сіта круглавіта” й да іх падобныя. Прыпадабненьне павуціньня да сіта выглядае цалкам натуральным зь відочнага падабенства іхных структур і форм. Аднак блізкая мэтафара выкарыстоўваецца ў паўночна-заходніх беларускіх гаворках для называньня некаторых сузор'яў або зоркавых згуртаваньняў, добра назіраных менавіта на зімовым небе. Так, Сіта, Сітка, Сітца, Сіцечка — гэта, па-першае, зоркавае згуртаваньне Пляяды ў сузор'і Быка (Цяльца), і ім адпавядае літоўскае sietas, па-другое, гэта добра ўсім вядомае сузор'е Воз або Вялікі Воз (Аліяшова Павозачка, навуковая назва — Вялікая Мядзьведзіца), або, па-трэйцяе, нейкі гурт з 5, 7 ці 12 зорак. Усе гэтыя аб'екты асацыююцца нібы зь дзірачкамі на зорным небе, чым і абгрунтавана іхная назва. У першым выпадку — зь Пляядамі — істотна найперш тое, што ў зімовы пэрыяд, у час, вельмі блізкі да калядных сьвят, яны даволі высока ўздымаюцца над небакраем. А нашыя продкі, якія, падобна на тое, былі ня кепскімі астраномамі-назіральнікамі, якраз і азначалі або моманты першых яўленьняў нейкіх сьвяціл над небакраем перад самым узыходам Сонца, або моманты самага высокага ўзыходжаньня гэтых сьвяціл. А таму Пляяды можна ўпэўнена лічыць адным з калядных “сузор'еў”, характар бачнасьці якога й прадказваў некаторыя акалічнасьці блізкай будучыні, асабліва датычна ўраджаю. Для асацыяваньня Пляяд з тэмай урадлівасьці меліся й іншыя падставы, пра якія гаворка пойдзе далей. Між іншага, складаецца яно зь “незлічонага” мноства зорачак, але людзям відны толькі 7 найярчэйшых. На Беларусі існавала й іншае павер'е, якое непасрэдна зьвязвала сузор'е Сіта-Пляяды з тэмай далёкага выраю. Паводле яго, Сітка — “гэта тыя сьвечкі, якія гараць на небе там, куды зьбіраюцца праведныя душы людзей. Тут анёлы атсяваюць праведныя душы ад грэшных”. І, зразумела, першыя безварункава трапляюць у вырай. На называньне Сітам сузор'я Воз або Вялікі Воз, магчыма, паўплывала тое, што касьцяк яго складаюць таксама 7 зорачак. Але, адрозна ад Сіта-Пляяд — своеасаблівага “парогу” выраю, — Сіта-Воз зьвязваецца ў беларускіх павер'ях з канцом уладкаванага сьвету і зь пярэдаднем пераўтварэньня яго ў Хаос. Так, лічыцца, што ў гэты воз запрэжаны мядзьведзі, і на ім перад канцом сьвету будзе езьдзіць антыхрыст і “зводзіць праўдзівых людзей, каб яны забылі Бога”. Аднак гэтулькі ж зорачак і ў касьцяку іншага сузор'я — Малы Воз або Малая Мядзьведзіца. На маю думку, менавіта яго маглі даўней найперш называць Сітам. Бо яно ўзапраўду магло нагадваць саламянага “павука”, падважанага на ніціне-павуцінцы да неба на “калочку”, якім была б знакамітая Паўночная зорка, што задае накірунак восі сьвету. Ведама ж: толькі ў выраі гэтая зорка бывае заўсёды дакладна над галавой. Дарэчы сказаць, у абшарным эўразійскім арэале гэтая зорка часта так і называецца — Кол, параўн. рус. Кол, Небесный Кол, Прикол, Прикол-звезда, Сокол, цюркск. Жалезны або Залаты Кол, эст. Паўночны Цьвік і г.д. Нажаль, у беларускай народнай астраніміцы падобнай назвы пакуль ня выяўлена, але гэта можа тлумачыцца наагул слабой распрацоўкай усёй разгляданай тэматыкі й адно спарадычнай фіксацыяй астронімаў у адпаведных дыялектных слоўніках. Цікава да таго азначыць, што менавіта на зімовым небе гэтае сузор'е перакулена “коўшыкам” долу, нібы й насамрэч падважана ў паветры. На Беларусі пабытуе выслоўе “Сіта на калочку”. Гэтак кажуць у новай сям'і на маладую нявестку. Зусім ня выключана, што пачатковыя касмаганічныя асацыяцыі гэтага вобразу захавалі й у побытавай сфэры значэньне “навіны”, “абнаўленьня сямейства”. Вядомы й больш разгорнутыя адмены гэтага выслоўя: “Сіта на кручочку навісіцца й на падлавіччу наваляецца”. Гэтак кажуць пра маладую нявестку, маючы тут на ўвеце, што яна можа быць як у міласьці, так і ня ў міласьці ў сьвекрыві. І зноў жа тут можна браць да ўвагі нейкі пачатковы касмаганічны падтэкст, памятаючы, што Космас цыклічна праходзіць фазы свайго найвышэйшага росквіту й фазы амаль поўнага заняпаду. Яшчэ адно вызначэньне Сіта ў беларускіх гаворках — “гэта купка з 5 зорак” або “купка зорак у выглядзе хаткі”. І такое сузор'е мы знойдзем на калядным небе. Гэта сузор'е, навуковая назва якога Возьнік (рус. Возничий). Але зь ім і з раней разгледжанымі Пляядамі зьвязаны зусім іншы комплекс міталягічных уяўленьняў, таксама прымеркаваных да калядных сьвят. Згадайма: найярчэйшая зорка сузор'я Возьніка мае навуковую назву Капэля, што ў перакладзе з лаціны азначае “козачка”. Паводле старагрэцкага міту, гэта тая самая козачка Амальтэя, што ўзгадавала сваім малаком схаванае ад грознага бацькі немаўлятка Дзэўса — будучага магутнага ўладара Алімпу. Падобнае ўяўленьне было зафіксавана й у нас на Палесьсі. Назву каляднай стравы — Куцьця сьвятога Козьліка — тлумачылі гэтак: калі немаўляткам Хрыстос быў схаваны ад цара Ірада ў ясьлі, то козьлік, які апынуўся паблізу, пачаў цягаць саломку й прыгортваць яго, за што пазьней быў Хрыстом блаславёны. Няма ніякіх падставаў сумнявацца, што гэтая нябесная Козачка мае самае непасрэднае дачыненьне да “казы” або “казла” — цэнтральнага й найбольш вядомага пэрсанажа нашых Каляд. Зважу на тое, што зорка Капэля на Каляды — самая высокая й вельмі яркая ў небе. І гэты момант яўна адлюстраваны ў калядных песьнях, падобных да той, што была запісана, да прыкладу, у Пастаўскім раёне: Ў чыстым полі лаза стаіць, каляда. На тэй лазе каза сядзіць. Прышоў да яе серанькі ваўчок. — Да злезь, каза, патанцуім. — Не палезу, цябе баюся. Ў цябе, ваўчыго, хвост, як памяло. — Я ў пана быў, пакоі мёў. — Ў цябе, ваўчыго, вочы вялікі. — Я ў пана быў, грошы лічыў. — Ў цябе, ваўчыго, язык шырокі. Я ў пана быў, талеркі лізаў. Для беларускага фальклёру вобраз нейкага пэрсанажа на дрэве звыклы й адпавядае моманту кульмінацыі руху адпаведнага гэтаму пэрсанажу нябеснага сьвяціла. Параўнайма, напрыклад, праводзіны Юр'я на дрэва ў момант, калі кульмінуе зорка Арктур у сузор'і Валапаса (гэта, між іншага, самая яркая зорка веснавога зорнага неба). Гэткая сытуацыя можа задавацца й вобразам гары, вяршыня якой, як і вершаліна дрэва, сымбалізуе неба. Як у наступнай каляднай песьні: На гарэ каза З казлянятамі, А ў даліне воўк З ваўчанятамі. Выскачыў ваўчок, Казу — за бачок. А ваўчанята — За казянята. Воўк у тэкстах такога кшталту заўсёды знаходзіцца ўнізе. Простым спраўджваньнем па зорнай мапе пераконваемся, што менавіта ў гэты момант адбываецца ўзыходжаньне ўжо згаданай зоркі Арктур, якая, вельмі верагодна, адпавядае Сьв.Юр'ю. З другога боку, ваўкі, як вядома, зьяўляюцца ягонымі сакральнымі жывёлінамі, якім ён можа прызначаць на ахвяру хатніх жывёл. Такім чынам, сытуацыя, сымбалічна апісаная ў калядных песьнях, аказваецца трывала счэпленай з падзеямі, адбыванымі на зорным небе. Але ў гэтай тэмы ёсьць яшчэ й іншы паварот. Таксама да калядных сьвят дапасоўваецца добра ўсім зь дзяцінства вядомы казачны сюжэт пра казу й сямёра казьлянят. Яшчэ ў 60-я гады рускі астраном Сьвяцкі заўважыў: калі ў воўку бачыць Месяц, у казе — зорку Капэлю, а ў сямі казьлянятах — Пляяды, то зьмест гэтай дзіцячай казкі паўстае адпаведным нябеснай драме, якая пэрыядычна чыніцца на калядным зорным небе. Бо Месяц, рухаючыся па высокай траекторыі ў зімовы пэрыяд, мала адхіляецца ад экліптыкі — бачнага гадавога перасоўваньня Сонца па нябеснай сфэрыі,паміж іншага, вельмі блізка праходзіць ад зоркавага згуртаваньня Пляяд, таму Месяц пэрыядычна, асабліва ў поўні, можа іх цалкам сабой затуляць. У казцы гэтаму адпавядае пажыраньне ваўком-Месяцам (а гэткае сымбалічнае атаесамленьне добра вядома) казьлянят-Пляяды. Але празь дзён колькі воўк-Месяц ужо значна аддаляецца ад гэтай кропкі нябеснай сфэры й, калі ад поўні “перасоўваецца” на сходы, адразу танчэе, нібы выпусьціўшы казьлянят-Пляяды са свайго чэрава. І тут таксама можна бачыць пэўны касмаганічны падтэкст — тэму новага нараджэньня (адраджэньня), сымбалічна выказаную праз пэрсанажы (Казы й ейных дзетак), якія традыцыйна ў нас асацыююцца з тэмай плоднасьці, багацьця, дастатку — зноў жа з тымі самымі азнакамі выраю. Аўсень жа (Ярыла, Сьв.Юр'я), сымбалічна суадносны з ваўком і Месяцам, натуральна аказваецца зьвязаны як з канцом старога Сусьвету, так і з пачаткам Новага. І, нарэшце, яшчэ слоў колькі пра ня менш цікавы аб'ект зімовага зорнага неба, які мае непасрэднае дачыненьне да сьвяточнага Каляднага цыклю. Гэта вядомае на Беларусі сузор'е Тры Каралі, якое адпавядае ў навуковай намэнклятуры так званаму Поясу Арыёна, што ўтвараецца трыма ня надта яркімі зорачкамі. Гэткую назву мае на Беларусі й пярэдадзень Вадохрышча — завяршэньня ўсіх калядных сьвяткаваньняў. Тлумачыцца гэтая назва зазвычай повязна з эвангелічным сюжэтам пакланеньня валхвоў народжанаму Збаўцу. Але ёсьць у гэтай тэмы й спэцыфічна беларускі працяг. Так, у нас вядомы песьні прыкладна наступнага зьместу: “Было ў бацькі тры сыны, Тры сыны, усе Васілі. Першы сынок — то рольнічак, Другі сынок — то пастушок, Трэці сынок — крэўчычак (або дударык?)”. Імёны трох сыноў, безумоўна, пераклікаюцца з назвай Тры Каралі, бо імя Васіль паходзіць ад грэцкага слова базылеўс, што азначае “цар”. Але цікавае тут і адмысловае разьмеркаваньне характару іхных заняткаў. Калі супаставіць гэта зь беларускімі ўяўленьнямі, што першая Куцьця прысьвячаецца ўраджаю збажыны, другая — прыплоду стаччыны, а трэйцяя — здароўю ўсёй сям'і, то можна зрабіць выснову, што гэтыя тры Васілі й адпаведныя ім Тры Каралі (сьвята й сузор'е) сымбалізуюць цэласьць усяго Каляднага сьвяточнага цыклю. Нездарма Тры Каралі й вянчаюць двохтыднёвыя Калядныя сьвяты. На заканчэньне хацеў бы пажадаць усім нам не забывацца за абыдзённымі жыцьцёвымі клопатамі раз-пораз уздымаць вочы да зорнага неба, як у адказныя моманты жыцьця рабілі нашыя продкі. І, хто ведае, можа й засьвеціць нам шчасьлівая зорка — зорка выраю, які зноў мае вярнуцца. Літаратура 1. Беларускі фальклор у сучасных запісах: Традыцыйныя жанры: Мінская вобласць. Мн., 1995. 2. Валачобныя песні. Мн., 1980. 3. Віцьбіч Юрка. Плыве з-пад Сьвятое Гары Нёман. Рэпрынтнае выданьне. Мн., 1995. 4. Зімовыя песні. Мн., 1975. 5. Карпенко Ю.А. Названия звездного неба. М., 1981. С. 67. 6. Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер'я. Мн., 1981. 7. Панина Л.А. Небо в русских сказках (Сопроводительный текст к диапозитивам.). М., 1985. С. 31. 8. Святский Д.О. Очерк истории астрономии в Древней Руси // Историко-астрономические исследования. Вып. 7—9. М., 1961—1966. 9. Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1998. 10. Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча: У 5-ці т. Т. 4. П-С. Мн., 1984. С. 431—432. 11. Толстая С.М. Полесский народный календарь. Материалы к этнодиалектному словарю: К-П // Славянский и балканский фольклор. 1986. Духовная культура Полесья на общеславянском фоне. М.: Наука, 1986. 12. Топоров В.Н. Авсень и “Авсеневы” тексты в свете реконструкции // Этнолингвистика текста: Семиотика малых форм фольклора.I. Тезисы и предварительные материалы к симпозиуму. М., 1988. С. 16—21. 13. Шпилевский П.М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992. С. 152, 170.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм,
2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||