|
| |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
| ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
БЕЛАРУСКАЯ КУЛЬТУРНАЯ ТРАДЫЦЫЯ | МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ
Ігар ВУГЛІК. |
МІФАЛОГІЯ БЕЛАРУСАЎ Лекцыя 2 ТОПАСЫ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ [ЭПОХА РЭЧЫ ПАСПАЛІТАЙ] |
План: 1. Беларуская касмагонія 2. Структура космасу
1. Беларуская касмагонія Касмагонія з'яўляецца асноўнай сістэмаўтваральнай дамінантай міфалогіі, тым падмуркам, на якім грунтуецца таксанамічная іерархія космасу, у каардынатах якой дзейнічаюць міфалагічныя персанажы. Касмагонія дае ўяўленне і аб тэалагічных асновах пэўнай міфалагічнай структуры, выводзіць на глыбінныя механізмы прычынна-паслядовай сувязі падзей і з'яў міфалагічнага космасу. У гэтым сэнсе касмагонія і структура беларускага космасу вырозьніваюцца эклектычнасцю, суіснаваннем розных па марфалогіі касмаганічных сістэм. Плюралістычная касмагонія — нярэдкая з'ява ў сусветнай міфалогіі. Так, касмагонія Старажытнай Індыі налічвае некалькі касмаганічных варыянтаў: ад космаўтварэння Пурушы — да паходжання космасу ад Адзінага. У нашым выпадку мы маем справу з суіснаваннем язычніцкай і хрысціянскіх касмагоніяў, а таксама з язычніцкай мадыфікацыяй хрысціянскай касмагоніі. Такім чынам, беларуская касмагонія ўтрымлівае як агульнаіндаеўрапейскую космаўтваральнаю сістэму, так і сваю арыгінальную паганскую касмагонію, а таксама спецыфічныя перапрацоўкі біблейскай і хрысціянскай касмаганічнай сістэмы. Дзве апошнія ўяўляюць сабой арыгінальныя, этнаспецыфічныя набыткі нашай традыцыйнай духоўнай культуры. Як ужо адзначалася, утварэнне космасу ў беларускай міфалогіі ўпісваецца ў метакультурную касмаганічную сістэму, якая існуе ў межах апазіцыі хаос (нішто) — космас (сістэма, парадак). “Калісь яшчэ свет толькі зачынаўся, дык нічога нідзе не было,” — сцвярджаецца ў беларускім касмаганічным міфе. “Усё на свеце мае свой парадак”, — сведчыць іншы міф, сцвярджаючы эпістэму парадку ў якасці галоўнай у космаўтварэнні. Так ці інакш гэта міфалагема прысутнічае ў розных па паходжанні касмагоніях, якія мы зараз разгледзім. Пачнём з найбольш распаўсюджанай у сусветнай міфалогіі касмаганічнай сістэмы. Яна распавядае, што космас утварыўся ад злучэння зямлі — носьбіта жаночага пачатку, і неба — мужчынскага. У выніку гэтага ўзніклі разнастайныя міфалагічныя істоты. Касмагонія ў межах бінарнай апазіцыі мужчынскае/жаночае прысутнічае ў розных міфалагічных сістэмах — напрыклад, у грэчаскай, дзе касмагонія пачынаецца са злучэння Геі і Ўрана (з дапамогай Эрасу). У беларускім варыянце гэты міф мае сваю спецыфіку: тут злучыліся Сонца і Маці-Зямля, ад якіх і пайшло ўсё зямное жыццё. Трэба адзначыць, што ў найбольш старажытных міфалагічных сістэмах досыць часта Сонца мела жаночую прыроду, зыходзячы з чаго можна меркаваць пра адносна позні характар беларускай касмагоніі (запісанай на пачатку 20 ст.) У дадзеным выпадку звяртае ўвагу, што сонца фактычна атаясамліваецца з небам. Гэта адпавядае беларускай традыцыі, дзе салярным багам надаецца першаснае значэнне. У Сонца і Зямлі з'явіліся дзеці — г.зн. другое пакаленне багоў, — Ярыла і Жытняя Баба, асноўная функцыя якіх — назіранне за збожжавым уродам. Звяртае ўвагу арыентацыя гэтых багоў менавіта на плоднасць, яе ахову і стымуляцыю. Неўзабаве ў Жытняй Бабы і Ярылы нараджаецца трэцяе пакаленне багоў — Жыцень, Спарыш, Рай, Багач. Зноў-такі іх асноўная функцыя — дагляд за ўраджаем: ад урадлівасці нівы — да хлеба-караваю на сталах. Такім чынам, мы бачым паступовую змену трох пакаленняў багоў, што ідуць ад галоўных бостваў — Сонца і Маці-Зямлі. З'яўленне новых пакаленняў багоў — не адмысловая рэч у міфалогіі: яна пайшла са старажытнай касмагоніі шумераў і трывала прадстаўлена ў індаеўрапейцаў — дастаткова нагадаць трохпакаленную міфалагічную змену панаванняў багоў Старажытнай Грэцыі, якая скончылася эпохай багоў-алімпійцаў. Аднак, у адрозненні ад змены пакаленняў іншых міфалагічных сістэм, у беларускай міфалогіі адметнай рысай з'яўляецца адсутнасць супрацьборства, ваяўнічага характару іх узаемаадносінаў. Новыя і старыя пакаленні багоў існуюць у суладдзі, ім няма чаго дзяліць, у іх амаль аднолькавыя функцыі. Ніхто не пасягае на вышэйшую ўладу прапродкаў, не імкнецца заняць месца бацькі, што часта сустракаецца ў іншых міфалогіях. Гэта стасуецца з агульным характарам беларускай міфалогіі аб якім ішла гаворка вышэй — яе функцыянальнай скіраванасцю на рэпрадукцыю плоднасці. У мірных стасунках з бацькамі можна бачыць праекцыю вялікай патрыярхальнай сям'і, што працяглы час існавала на Беларусі. Звяртае ўвагу таксама адсутнасць палавога дымарфізму ў багоў трэцяга пакалення: яны прадстаўленыя ці то мужчынскімі, ці то андрагіннымі (Спарыш) персанажамі. Гэтая канчатковая самадастатковасць трэцяга пакалення сведчыць аб вычарпанасці акту космаўтварэння дадзенай боскай генерацыі. Заўважым, што ў беларускай, як і ў тыпалагічна падобных космаўтваральных сістэмах, адсутнічае антропагенетычны аспект — галоўная ўвага надаецца багам. Няма ў беларускім варыянце і расповедаў пра ўтварэнне персаніфікацый зла, якія ў сваёй абсалютнай большасці генетычна звязаныя з хрысціянізаванай канцэпцыяй міфалогіі. Наступная касмаганічная канцэпцыя ўяўляе сабой найбольш цікавую, этнаспецыфічную інтэрпрэтацыю паходжання свету і жывых істот. Згадаем яе асноўныя пазіцыі. Спачатку, як заўсёды, нічога не было: навокал стаяла толькі мёртвая вада, а пасярод яе тырчаў “нібы камень, нібы што”. І вось аднойчы Пярун пачаў біць стрэламі у гэты камень, ад чаго выскачылі тры іскаркі: белая, жоўтая і чырвоная. Гэтыя іскаркі ўпалі ў ваду, якая памуцілася, як і ўвесь навакольны свет. Пазней “як усё высветлілася, дык і адзначылася — дзе вада, дзе зямля”. Праз некаторы час завялося ўсялякае жыццё — у вадзе і на зямлі: лясы, зверы, рыбы, а пасля чалавек невядома адкуль — ці адсюль, ці прыйшоў аднекуль. Гэта вельмі каштоўны з пункту гледжання беларускай культуралогіі міф можа разглядацца як кантамінацыя архетыпічных вобразаў нашай культуры, прапушчаных скрозь прызму метакультурных архетыпаў. Першасны вобраз міфа — мёртвая вада — адсылае нас да шырокавядомай апазіцыі жывая вада (жывое)\мёртвая вада (мёртвае), якая ляжыць у падмурку адной з асноўных міфолага-казачных апазіцый: свет жывых\свет нябожчыкаў. У дадзеным выпадку прысутнічае толькі адна частка апазіцыі, што сведчыць аб адсутнасці структураванага космасу, а значыць — панаванні хаосу ці, паводле сучаснай тэрміналогіі — высокай ступені энтрапіі. Энтрапійны стан прыроды пачынае і завяршае касмаганічныя працэсы, і не толькі ў міфалогіі, але і на ўзроўні грамадства, зямлі, космасу — ён мае агульнапрыродны характар. Наступны вобраз міфу — камень пасярод вады, — скіроўвае нас да міфалагемы гары, узвышша. Вобраз гары (кургана, піраміды) належыць да адной з асноўных медыятыўных міфалагемаў, — месцаў, дзе ажыццяўляецца кантакт паміж зямным і нябесным. У дадзеным выпадку камень над вадой, у які патрапляе Пярун — класічны медыятар паміж вадой (жаночым пачаткам) і агнём (мужчынскім). Гэтаксама ён злучае верх і ніз, — хаця ў нашым выпадку гэты падзел яшчэ досыць невыразны. Яшчэ адна функцыя каменя, што адзінока ўзвышаецца над прасторай — быць цэнтрам свету, месцам, вакол якога стане гуртавацца нейкая касмічная, рэлігійная ці грамадская сістэма. Пра гэта нам нагадваюць камяні на паганскіх капішчах — старадаўні звычай шукаць прыродны цэнтр (узвышша над роўнай паверхняй, перш чым засноўваць паселішча альбо культавую гуртоўню. Міфалагема гары (камню) як пачатак космасу сустракаецца не толькі ў беларусаў. У касмаганічным міфе Старажытнага Егіпта першапачаткова над сусветным акіянам узвышалася гара, над якой узышло сонца Ра. Такім чынам, мы маем класічную міфалагічную схему: мужчынскі пачатак (пярун), жаночы (вада) і медыятар — камень. Эманацыя агню (іскры) сутыкнуліся непасрэдна з вадой — у дадзеным выпадку паміж імі нічога няма, — і статычная касмічная сістэма набыла дынаміку. Варыянтаў у такім выпадку можа быць няшмат: калі без медыятара сустракаюцца дзве бінарныя апазіцыі, дык адна з іх павінна быць вынішчана. Калі б Пярун натрапіў у ваду, так бы і адбылося — вада патушыла б агонь ці ён выпаліў бы ваду і ў свеце ізноў бы запанавала энтрапія — дамінаванне адной субстанцыі. Але ў ваду патрапіла эманацыя агню (іскры) і таму замест барацьбы пачаўся новы сінтэз, новае космаўтварэнне. Вельмі паказальная заўвага аб тым, што вада памуцілася і свет скаламуціўся (захмарыўся). Гэта сведчанне складанага працэсу рэакцыі двух супрацьлеглых пачаткаў, у выніку чаго, як гэта бывае ў прыродзе, пачалося выдзяленне пары. У міфалагічным кантэксце гэты змрок — спроба ўсталявання новай “хмарнай” энтрапіі, якая б сваім дымным хаосам засціла свет. Але працэс у “першабытным булёне” аказаўся мацнейшым: хутка ўсё рассеялася і адзначыліся вада ды зямля — першыя кампаненты космасу. Што тычыцца іскраў, дык іх колькасць адпавядае сістэме бінарнай апазіцыі і медыятара. Колеры — чырвоны і белы па краях, — належаць да традыцыйнай беларускай каларыстыкі, дзе могуць сімвалізаваць жыццё і смерць, мужчынскае і жаночае (своеасаблівыя аналагі кітайскіх Янь і Інь). Пытанне выклікае наяўнасць прамежкавага жоўтага колеру, які не з'яўляецца рэферэнтным для традыцыйнай беларускай каларыстыкі. У беларускай арнаментыцы жоўты колер сустракаецца ў выявах агню на купальскіх вянках, а як вядома, Купалле — свята, у цэнтры якога знаходзяцца культ агню і вады. І апошняе — пачатак жыцця ў беларускім міфе звязваецца з вадой, што адпавядае сучасным уяўленням. Больш таго, каталізатарам гэтага працэсу, у поўнай адпаведнасці з тэорыяй узнікнення жыцця ў першабытным булёне, стаецца сутыкненне воднай субстанцыі з электрычнымі разрадамі. Само паняцце мёртвай вады мае таксама актуальны навуковы кантэкст: так называецца даволі рэдкая высакагорная вада, якую ўжываюць ёгі і якая кансервуе арганічныя працэсы ў чалавечым целе. Як бачым, арыгінальны беларускі міф цалкам знаходзіцца ў кантэксце дасягненняў сучаснай навукі. Наступны блок касмаганічных уяўленняў звязаны з інтэрпрэтацыяй біблейскіх сюжэтаў космаўтварэння, прычым, у шэрагу выпадкаў, гэтая інтэрпрэтацыя мае досыць умоўны характар: яна ці вельмі далёка адыходзіць ад першакрыніцы, ці, як можна меркаваць, з'яўляецца самастойным міфалагічным сюжэтам. Галоўнай асаблівасцю гэтай касмаганічнай сістэмы ёсць канстатацыя таго, што свет быў створаны Богам — г.зн. у выніку яго мэтанакіраванага валявога дзеяння. Гэтая канцэпцыя істотна адрозніваецца ад усіх старажытных касмагоній індаеўрапейскіх і не індаеўрапейскіх народаў, дзе стварэнне свету — вынік дзеяння некалькіх суб'ектаў — неба, зямлі, сонца, мужчынскай і жаночай іпастасі, інш. Праўда, да біблейскай канцэпцыі набліжаецца старажытнаіндыйская касмагонія — стварэнне свету з Адзінага ці з Пурушы, які сам сябе прынёс у ахвяру. Але ў гэтых выпадках мы маем справу з эскалацыяй уласнай прыроды, якую творца трансплатуе ў сусвет. А ў біблейскай касмагоніі Бог знаходзіцца з сусветам у стасунках суб'екта і аб'екта, якія працягваюць сваё раз'яднанае існаванне і пасля акту тварэння… З гэтай касмаганічнай канцэпцыяй у беларусаў тэкстуальна звязаныя разнастайныя, часта паганскія па змесце міфалагічныя распавяданні, якія, зыходзячы з тэкставай еднасці, будуць разглядацца ў адным кантэксце. У традыцыйнай свядомасці біблейскія рэаліі космаўтварэння набылі канкрэтную форму: “Перш-наперш была адна толькі вада; па ёй кой-калі хадзіў Бог”. Яшчэ адзін варыянт біблейскай версіі: “Калісь Гасподзь хадзіў па воздуху”. Як бачым, гэтыя традыцыйныя ўяўленні знаходзяцца ў межах біблейскай канцэпцыі тварэння, дзе прысутнічаюць Бог і хаос — вада, паветра. Біблейскі матыў святла таксама знайшоў у беларускай міфалогіі досыць адмысловую інтэрпрэтацыю: “Спачатку нічога не было: ні зямлі, ні неба, ні яснага сонейка, а так сабе было пуста і цёмна, што хоць ты вока выкаль. Толькі напрыкрала Богу жыць у пацёмках, от ён і стварыў свет і ўсё, што на ём.” Адзначым, што для беларускай міфалогіі характэрныя канкрэтна-рэальныя вобразы і ўяўленні, гэтак сама, як і матывы касмаганічных учынкаў. Трыеднасць хрысціянскага Бога знайшла адлюстраванне і ў атаясамліванні Бога і Хрыста: “Ішоў Спас па сіняму мору.” Характэрная з'ява беларускай інтэрпрэтацыі біблейскай касмагоніі — удзел у касмаўтварэнні нячысцікаў (д'ябла, чорта). Звычайна яны ствараюць “нячыстыя” месцы. Так, балоты з'явіліся ад той зямлі, што вырыгаў чорт, горы і балоты — гэта зямля, што кіпцюрамі драў і кідаў чорт (іншая версія, усе гэтыя месцы павыходзілі з носу д'ябла, які быў тады ў вобразе лебедзя). Падобная інтэрпрэтацыя біблейскай тэматыкі набліжаецца да тыпалагічна блізкіх індыйскіх расповедаў — напрыклад, аб забітым драконе Врытры, з цела якога ўзніклі Месяц, а з крыві — пеўні. Бог і д'ябла ў беларусаў могуць нават займацца космаўтварэннем талакой: “Дз'явал здабыў пяску са дна мора, а гасподзь з етага пяску прасцёр зямлю роўна-шыроко, як кляновы ліст”. Тут чорт выступае ў ролі трыкстэра, што ў карнавальнай форме парадзіруе боскае тварэнне, здзекуецца над міфалагічна-сакральнымі актамі. Побач з гэтымі персанажамі зямны ландшафт сваралі і веліканы, асілкі, якія паперакопвалі рэкі, насыпалі горы, раскідвалі па свету велізарныя камяні. Разам з утварэннем зямлі адбывалася стварэнне Богам астральных аб'ектаў: сонца, месяца, зорак. Сонца — гэта агонь, які грэе неба, каб там было цёпла — распавядаецца ў адным з міфаў; сонца — гэта Божае вогнішча — сцвярджаецца ў іншым. Гэткія погляды адпавядаюць паганскаму светаўспрыманню сонца як нябеснага агню, які існуе побач з агнём зямным (культавым ці хатнім, падземным), Богам якога з'яўляецца Жыжаль. Яшчэ адна семантэма сонца — кола, адзін з асноўных архетыпічных міфалагічных вобразаў. Часта сонца антрапамарфуецца — яно купаецца, адпачывае, узыходзіць і сыходзіць. Плямы на ім тлумачацца крывёю Каіна. Характэрны беларускі расповед пра тое, “Як Бог пусціў слонка ў хату”. У ім апавядаецца як людзі паставілі “якусці хату”, куды насілі сонейка рэшатам і мяшком, пакуль Бог не паўрэзваў ім вокны. Гэты міф яскрава дэманструе наяўнасць шэрагу класічных медыятараў: людзей — паміж сонцам і цемрай, рэшата (запоўненае/парожняе), а таксама дыхатамічнасць мужчынскага (сонца) і жаночага (цемра, хата) пачаткаў. У беларусаў ёсць досыць арыгінальны аповед пра паходжанне месяца і зорак. Бог крышыць састарэлы месяц на зоркі, а адзін кавалачак кладзе ў дзяжу на закваску. Калі зоркі ападаюць туды, цеста падыходзіць і пераліваецца праз край, даючы нараджэнне месяцу. Як і ў большасці астральных сусветных міфаў, у беларусаў плямы на месяцы маюць антрапаморфны характар: брат стаіць над братам. Кожная зорка — гэта народжаны чалавек, а яе падзенне — нечая смерць. Сузор'е Арыёну — зоркі каралёў, што прыходзілі кланяцца Хрысту. Млечны шлях — дарога, па якой птушкі ляцяць у вырай. Культавыя міфалагічныя рэчы — агонь і вада — таксама створаныя Богам на патрэбу людзям. Праметэеўскі матыў адсутнічае ў беларускай традыцыі. Паганская міфема генезісу агню прасочваецца ў расповедзе пра паходжанні агню ад Пяруна, у чым бачна еднасць агню зямнога і нябеснага. Вада міфалагічнага часу не простая: яна мёртвая і жывая, — апошняя знаходзіцца на ўскрайку свету. Сярод беларускіх інтэрпрэтацый д'ябла, адзначым з'яўленне гэтай істоты з пузыра, што вісіць у паветры ці плыве па вадзе. У міфалогіі пузыр з жывой істотай семантычна звязаны з імітацыяй матчынага чэрава і стаіць у адным шэрагу з вадой, скрыняй, дуплом дрэва і г.д. Дадзеная міфалагема атаясамляецца з самастойным, аўтаномным нараджэннем нячысціка з улоння прыроды. Гэтая аўтаномнасць ураўноўвае яго з Богам, робіць самадастатковым. Пузыр з людзьмі як пачатак новага жыцця мы сустракаем у І.Босха. Характэрна, што ў беларускай міфалогіі існуюць дваістыя ўяўленні пра генезіс нячысціка. У адным варыянце ён адразу выходзіць па загаду Бога з пузыра як чорт, што сведчыць аб паралельным існаванні добрага і злога пачатку і аб магчымасці стварэння чорта Богам. У іншым міфе — “Адкуль пайшлі горы да балоты” — распавядаецца, што калі Бог ствараў зямлю, “чорт ужо быў”. Гэтая канцэпцыя істотна адыходзіць як ад біблейскай, дзе сатана — былы анёл, так і ад індаеўрапейскай — старажытнаіндыйскай, дзе асуры былі старэйшымі братамі багоў. Прамежкавае месца ў суадносінах дабра і зла займае міф, дзе з пузыра выйшаў чалавек, які сцвярджаў, што ён таксама Бог, але ніжэйшага чыну, і які потым пачаў выконваць тое, што належыць рабіць нячысцікам. Тут досыць цікавым уяўляецца антрапамарфізацыя гэтай істоты, наданне ёй звыклай для беларускай дэманалогіі чалавечага аблічча. Ёсць яшчэ адзін, ужо біблейскі па змесце, варыянт паходжання сатаны (прадстаўлены таксама ў арыгінальнай версіі). Нячысцік з'яўляецца з аграмаднага вадзянога слупа ў выглядзе жывога волата, які сам не можа падняцца. Спас падымае яго і выкідвае на бераг. Волат быў вельмі прыгожым і таму Спас паставіў яго кіраўніком над усімі анёламі. Хутка яго пратэжэ пачаў замаўляць анёлам непаслушэнства Богу, аргументуючы гэта тым, што яны таксама могуць стварыць чалавека. Але Спас дазнаўся пра гэта, разгневаўся і ператварыў іх у нячысцікаў — замуціўшы ваду, пайшлі яны жыць у балоты. У гэтым рымейку прыцягвае ўвагу вадзяны слуп — сімвал матчынага ўлоння (адсюль пастава волата — пастава зародыша), а таксама мужчынскага пачатку (адсюль волат). Ізноў такі варты ўвагі антрапалагічны аспект сюжэту — будучы сатана з'яўляецца ў выглядзе чалавека, а яшчэ прычына паўстання супраць Бога, дзе анёлы на чале з волатам дэманструюць сваю нямогласць у параўнанні з Богам. Міфалагічная антрапагонія таксама мае ў беларускай міфалогіі пераважна біблейскі характар: “Думаець гасподзь: што ж сатварыў неба і зямлю, — нужна сатварыць людзей”. Варыяцыі на гэтую тэму належаць да спецыфічных рысаў беларускай міфалогіі. “Бог першага чалавека зляпіў з гліны накшталт свайго аблічча, а потым хукнуў на яго”, — тут мы маем справу з біблейскай цытатай, дзе прах зямны заменены больш знаёмай глінай. Паганская версія стварэння чалавека цьмяная: у касмаганічным міфе пра камень пасярод вады і Пяруна — чалавек ці вырас тутака, ці прыйшоў аднекуль. Цікавая інтэрпрэтацыя знешняга аблічча першых людзей: скура ў іх была нібыта ў нас пазнагоцці, ад чаго ім не было халодна, але пасля таго, як яны саграшылі, яна адвалілася. Матыў цвёрдай чалавечай скуры — медыятара паміж чалавекам і навакольным светам — сведчыць аб “жывёльнасці” першых людзей, адсутнасці выразнай апазіцыі культура/прырода, што складае аснову міфалагічнай антрапалогіі. Традыцыйна першага чалавека звалі Адам. У беларускім міфе “Сатварэнне чалавека” пасля антрапагенетычнага акту Бог адлучыўся, паколькі “была недастаўка матэрыялу (для далейшага тварэння)”. Гэтая досыць цікавая акалічнасць дэманструе традыцыйнае ўяўленне аб тварэнні з нечага, матэрыялізуе акт тварэння, чаго мы не бачым у Бібліі, дзе, па адной з версій, стварэнне свету — акт валявога імкнення. А тут бачная паганская матэрыялізацыя касмагоніі, яе дуалістычнасць, калі паасобку прысутнічаюць творца і матэрыя. Баючыся, што д‘ябал апаганіць чалавека, Бог прыставіл да яго “абаку”. Але нячысцік напусціў на сабаку холад і той, каб атрымаць скуру, дапусціў нячысціка да чалавека, якога нячысцік “ахаркаў, апляваў, агадзіў”. У гэтай інтэрпрэтацыі самым цікавым, акрамя тлумачэння з'яўлення назвы сабака (абака са скурай) і таго, чаму яго не пускаюць у царкву, з'яўляецца канстатацыя сапсаванасці Адама, а не Евы. Больш таго, у міфе распавядаецца, што менавіта Адам укусіў у раі “тое ліхое яблыка”, пасля чаго ў яго з'явіўся кадык. У дадзеным выпадку Ева ўвогуле не ўзгадваецца. Такім чынам, у беларускай інтэрпрэтацыі біблейскага сюжэта аб узнікненні чалавечай сапсаванасці яўна праглядаецца адсутнасць фемінафобіі, віны Евы — матыва, што атрымаў шырокае распаўсюджванне ў хрысціянстве з часоў сярэднявечча. Гэты канцэпт упісваецца ў агульнае паважлівае стаўленне да жанчыны, кадыфікаванае прызнанне яе правоў, што здаўна характарызавала беларускую культуру. Канешне, у беларускай традыцыі маецца і алюзія традыцыйнай біблейскай версіі, калі Адам і Ева добра жылі ў раі, пакуль Сатана не падказаў ім з'есці найлепшага вінаграду, ад чаго ў іх у горле і засталіся костачкі. У дадзенай інтэрптэрацыі не ідзе гаворка пра дрэва пазнання дабра і зла і бессмяротнасці, а таксама аб першаграхоўнасці — усё інтэрпрэтуецца досыць прагматычна: Бог утаіў лепшы вінаград. Дарэчы, наяўнасць вінаграда ў якасці райскага плоду больш адпавядае тагачаснай біблейскай рэчаіснасці, чым французскі па паходжанні яблык. Увогуле, трагічны матыў першага грэха праяўляецца ў беларускіх біблейскіх рымэйках досыць слаба, можна сказаць, што тут этычная парадыгма замяняецца гнасеалагічна-практычнай. Адна з самых цікавых біблейскіх інтэрпрэтацый беларусаў — утварэнне Евы. У адным з варыянтаў распавядаецца пра тое, што Бог першапачаткова стварыў Адама з хвастом. Але потым вырашыў, што кепска, калі і жывёлы, і людзі будуць з хвастамі, і наслаў на Адама сон, пасля чаго адрэзаў непатрэбеую частку. Зрабіўшы гэтую аперацыю, Бог паклаў хвост каля Адама. З гэтай часткі адамавага цела і ўтварылася Ева, таму ўсе “кабеты паходзяць з мужчынскага хваста”. Замена біблейскага рабра на хвост кардынальна мяняе карціну генезіса людзей. У класічным біблейскім сюжэце, дзе Ева ўтвараецца з рабра Адама, апошні выступае ў якасці андрагіна, цела якога (а рабро — яго нейтральная, ні мужчынская, ні жаночая частка) дае пачатак двум палам чалавечага рода. У беларускай версіі сітуацыя змянаецца. Згодна фрэйдызму, хвост — адзін з асноўных мужчынскіх, фалічных сімвалаў. Такім чынам, Ева ўтвараецца не ад нейтральнай часткі Адама, а ад падкрэслена мускуліннай. Адсюль паўстае пытанне аб вытоках жаночага ў Евы. Улічваючы, што акрамя Бога, першых людзей і Сатаны на свеце нікога не было, а апошні персанаж у дадзеным выпадку не ўзгадваецца, можна меркаваць, што жаночую прыроду Ева набыла ад Бога, які, такім чынам, з'яўляецца андрагінам. Андрагіннасць Творцы не супярэчыць біблейскай версіі, дзе Бог утварыў мужчыну і жанчыну па вобразу і падабенству свайму. У беларускім варыянце стварэння Евы мы бачым наяўнасць у жанчыны, карыстаючыся тэрміналогіяй К.Юнга, моцнага анімуса — мужчынскага пачатку. Гэтая акалічнасць упісваеца і ў фальклорны, і ў гістарычны вобраз беларускай жынчыны, якая там не выступае носьбітам выключна жаночага і дыскрымінаванага. Метаміфалагічныя, у тым ліку і біблейскія паралелі мае вобраз першых людзей — волатаў, асілкаў, вялікалюдаў, веліканаў. У адрозненне ад іншых міфалагічных сістэмаў, тэма волатаў займае ў беларускай міфалогіі вялікае месца (дастаткова згадаць крывіцкія курганы — валатоўкі). Асілкі ў беларускай міфалогіі мелі славутае чортава рэбра, якое давала ім вялікую моц. Такімі ж былі і іхнія жонкі, якія нараджалі за раз два-тры дзіцяці. Як і іншыя веліканы, яны не вялі ніякай гаспадаркі, нічога не сеялі, лавілі звяроў да рыбу, хадзілі ў звярыных скурах, што ўказвае на сувязь гэтых персанажаў з традыцыйнай памяццю аб першабытным ладзе жыцця. Падцверджаннем гэтага служыць частае ўзгадванне камянёў, якімі асілкі біліся, палявалі, што можна разглядаць як алюзіі каменнага веку. Толькі ў адным з паданняў згадваецца пра тое, што асілкі пачалі будаваць гарадзішча. Вынішчэнне асілкаў мае паралелі з Бібліяй — сюжэтамі пра вавілонскую вежу і патоп. Праўда, у беларускай міфалогіі па адной версіі Бог пераўтварыў волатаў у звычайных людзей за тое, што яны кідалі ў неба камяні. А па другой — ён зрабіў іх бязглуздымі (паколькі волаты яму пагражалі), ад чаго яны пачалі ілбамі разбіваць каменныя горы і пазабіваліся. Асноўная прычына вынішчэння асілкаў — іх выклік Богу, а яшчэ — вынішчэнне жывёлаў і раслінаў. Разам з тым, не заўсёды першы “жыхар” быў волатам-дзікуном. У адным з міфаў чалавек досыць хутка збудаваў сваю сялібу, завёў многа жонак, дзяцей. Яго звалі Бай. Пасля смерці ён падзяліў сваю маёмасць паміж сынамі, запамятаўшы аднаго — Белаполя, які ў гэты час быў на паляванні з сабакамі Стаўры і Гаўры (адсюль стаўраўскія дзяды). Ад гэтага Белаполя і яго “розных жонак” і пачаліся беларусы. Тут мы бачым традыцыйны казачна-міфалагічны матыў пакрыўджанага сына, які, тым не менш, дабіваецца поспеху. 2. Стуктура космасу Як ужо адзначалася, структура беларускага космасу ў сваіх асноўных рысах упісваецца ў метакультурную сістэму міфалагічнай прасторы. Яна мае вертыкальную і гарызантальную сістэму каардынатаў, культурную, прыродную і міфалагічную прасторы, якія суадносяцца па прынцыпу: далёка-блізка, высока-нізка. Пачнем з вертыкальнай сістэмы каардынатаў. Яна адпавядае адпавядае традыцыйнай індаеўрапейскай і складаецца з трох частак: неба, зямлі і падземнага свету. Верхні свет (неба) складаецца з сямі “паверхаў”. Па аднаму з паданняў, ваду туды цягне з зямлі вясёлка. Падобная сяміпавярховая пабудова неба была і ў старажытнаіндыйскім космасе, а найбольш старажытны яе варыянт паходзіць з Міжрэчча (ад шумераў). Семіпавярховая нябесная сістэма мае, у сваю чаргу, трохчастную структуру. Бог жыве на сёмым небе, а мы бачым толькі першае, закрытае ад нас вадою. Бачнае намі неба — гэта небе з сонцам, месяцам і зоркамі, што над нашымі галовамі. На бачным небе можа знаходзіцца рай — каля сонейка, на поўдні, куды птушкі ляцяць у вырай. Як можна меркаваць паводле міфа, нават анёлы не бачаць тое, што за першым небам, апрача тых выпадкаў, калі Бог раскрывае завесу і паказвае ім і святым людзям, што там вышэй. Найбольш загадковая частка неба — сярэдняя. У аднам з міфаў распавядаецца, што Бог схаваўся за сямью нябеснымі брамамі. Па іншай версіі, Бог жыве проста на небе ў вялізным палацы, а само неба — вялізны купал, зроблены з нечага, што падобнае на шкло. Яшчэ адно ўяўленне пра неба — гэта матэрыяльная абалонка, па якой ездзіць Ілля-прарок. Увогуле, па беларускіх уяўленнях неба — субстанцыя, паднятая над зямлёй, куды раней можна было патрапіць чалавеку, а зараз нельга. Недзе на небе размешчана краіна нябожчыкаў, адкуль яны прыходзяць да нас на Дзяды і ўначы на могілкі. Адзначым, што неба ў беларускай традыцыі не звязана з існаваннем Сатаны — нават на пачатку свету ён жыў “на доле пад небам”, дзе холадна і цёмна. Наступная частка вертыкальнай структуры — зямля — мае разнастайныя характарыстыкі. Па адной з версій яна — скура, што пакрывая вялізны слой вады. Па іншай — яна круглая, як жвір, галька. З традыцыямі старажытнай індаеўрапейскай міфалогіі звязана ўяўленне, што зямля трымаецца трыма кітамі. Сустракаецца і цікавае дыялектычнае ўяўленне: “Зямля стаіць на вадзе, а вада на зямлі”. У поглядзе на месца зямлі ў свеца пераважае геацэнтрызм: вакол яе ходзяць сонца і месяц. Апошняя частка вертыкальнай каардынаты космасу — падземны свет. Ён надзелены падкрэслена адмоўнымі рысамі: там жыве чорт, знаходзіцца пекла з агнём (нават у вадзе, што под зямлёй), там цёмна і халодна, гэта “той свет”. Туды правальваюцца гарады, замкі, храмы; адтуль зеўраюць “чортавы вокны”. З зямных распадзін можна чуць чалавечыя стогны і енкі. Тое, што размешчана пад зямлёй, вылучаецца дыхатаміяй: па адной версіі там гарыць падземны агонь — яго Бог — Жыжаль, па іншай — там шмат вады. Разам з тым, у беларусаў былі свае ўяўленні аб падземным жыцці — у адным з міфаў распавядаецца ад малых і нядужых людзях, якія там жывуць, што дае падставы для меркавання аб наяўнасці сваеасаблівага падземнага свету жывых істотаў, як гэта ёсць ў кельтскай міфалогіі. Падаецца, што падкрэслена адмоўная міфалагема падземнага свету, звязаная з пеклам, мае больш позні, хрысціянскі характар. Менш выразна прадстаўленая ў беларускай міфалогіі гарызантальная сістэма каардынатаў. У паданнях згадваецца край свету, дзе знаходзіцца, напрыклад, жывая вада, вялізны дуб. На краю света месціцца пекла ў выглядзе вялізнай гары, унутры якой сядзіць Люцыпар. Рай прадстаўлены традыцыйным садам, у якім шмат усяго. Беларуская інтэпрэтацыя рая — гэта вырай, размешчаны далёка на поўдні ўгары, дзе пасля выгнання людзей пасяліліся птушкі і куды яны ляцяць кожны год, каб спяваць анёлам і праведнікам. Такім чынам, структура беларускага космасу ў сваіх асноўных рысах упісваецца ў класічную трансміфалагічную сістэму вертыкальных і гарызантальных каардынатаў. Літаратура 1. В.Б. Иорданский. Хаос и гармония. М., 1988. 2. БНТ. Легенды і паданні. Мн., 1983. 3. Стаіць зямля пасярод свету... Беларускія народныя прыкметы і павер'і. Кн.1. Укладальнік У.Васілевіч. Мн., 1996. 4. М.С.Кацар. Беларускі арнамент. Мн., 1996. 5. Ігар Вуглік. Адам і Ева па-беларуску // Беларускі час, № 93, 6 снежня 2002 г.
|
ГАЛОЎНАЯ | НАВУЧАЛЬНЫЯ ПРАГРАМЫ | ЛЕКЦЫІ | СТУДЭНЦКІЯ ПРАЕКТЫ | КНІГІ | АНАЛІТЫКА | КАНТАКТ |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
© Беларускі Калегіюм,
2004—2007 |
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||